Читать книгу Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героi - Алег Грушэцкі - Страница 3
Непрыемныя змены ў каралеўстве
ОглавлениеКрок наперад, спуск долу праз патаемным ход, прасвет… Яны так хутка павыскоквалі з дрэва, што змяя ледзь паспела адпаўзці ўбок і ўзлезці на валун, які ляжаў непадалёк ад магутнага разгалістага дуба.
Нават не верыцца – яны ізноў на той самай дзівоснай паляне, на тым месцы, дзе ў мінулы раз пачаліся іх вялікія прыгоды. Чароўная краіна залюстрэчча – каралеўства Сварга!
Усё амаль так, быццам нічога і не змянілася. Нават вужык на тым жа камяні, калі яны першы раз сустрэліся.
– Дзень добры, пане Вуж! – павіталася першай Мілана.
– Дзень добры, шаноўныя!
Павітаўся і Янка, але затым дзеці падазрона ўтаропіліся на змяю. Яны быццам і пазнавалі свайго старога сябра, але нешта было не так. Вуж быццам памаладзеў, нават голас яго гучаў не так.
– Бачу ў вашых вачах пэўную разгубленасць, – пачаў вужык, заўважыўшы збянтэжанасць юнакоў.
Яны насцярожана маўчалі.
– Так, я насамрэч не той, каго вы чакалі ўбачыць. Я зараз усё растлумачу. Справа ў тым, што я сын таго Вужа, якога вы ведалі.
– Пана Вужа? – нарэшце прамовіў Янка.
– Так.
– Ха! А мы глядзім і не можам зразумець. Быццам бы прад намі наш стары знаёмы, а быццам бы і не. Але ж як вы падобныя!
– Дзякуй. Я вельмі ганаруся ім. Прызнацца, і я напачатку сумняваўся, ці то вы. Але ж цяпер, – акінуў ён іх позіркам з ног да галавы, – я дакладна бачу, што вы – героі, якіх мне апісваў бацька.
Янка з Міланай пераглянуліся, і вочы іх у захапленні загарэліся. Яны ізноў былі тымі самымі – статным рыцарам у бліскучых даспехах і прыгожай юнай каралеўнай з пераліўнай на сонцы шыкоўнай дыядэмай.
– Але ж, – пацікавіўся Янка, – дзе ён, ваш бацька? Чаму ён сам не з’явіўся? Мы былі б усцешаныя яго бачыць.
– Ён… – адразу ж змяніўся той у твары, – Баюся, вы не зможаце з ім пабачыцца.
– Як?
Вуж цяжка ўздыхнуў:
– Ён загінуў, як сапраўдны герой, у бітве за наша каралеўства.
– Прабачце, мы не ведалі, – засмуціліся Янка з Міланай. – Як шкада…. Мы шчыра спачуваем.
– Дзякуй, – з сумам у голасе прамовіў няшчасны.
– У нас пра яго былі толькі найлепшыя думкі і ўспаміны. Мы разам з ім шмат праз што прайшлі. Ён быў побач з намі ўвесь той час, што мы правялі ў каралеўстве. Ад пачатку і да канца…
– Так, я ведаю. Ён таксама мне апавядаў пра вас толькі добрае заўжды. Нават у апошнія хвіліны, калі быў смяротна паранены падчас той бітвы.
– Якой бітвы? – не зразумелі юнакі.
Наколькі яны памяталі, падчас ніводнай з бітваў, у якіх яны разам змагаліся, іх сябра не быў паранены. А тым больш смяротна.
– Ах, вы ж не ведаеце. З таго часу, як вы былі тут апошні раз, шмат чаго адбылося. І ў тым ліку не самага лепшага.
– Што такога страшнага магло адбыцца за той невялікі прамежак, які мы адсутнічалі?
– Невялікі? Вас не было амаль сем гадоў!
– Сем гадоў? – Мілана не дала веры сваім вушам.
Яна нават падумала, што Вуж нешта блытае ці не тое хацеў сказаць. Але брат тут жа тузануў яе за сукенку:
– Тут жа час па іншаму ідзе, чым у нас. Памятаеш?
– А, так. Амаль сем гадоў… – сцяміла што да чаго Мілана і не стала спрачацца. – Як жа час хутка бяжыць.
– Прабачце, а што за бітва адбылася? – ізноў пацікавіўся Янка.
– Пасля вялікай перамогі, здабытай пад вашым кіраўніцтвам, мы нарэшце адчулі, што такое воля! Мы зноў былі свабодныя. Людзі абралі сабе новага караля, добрага і мудрага, які клапаціўся пра нас.
– Але каго?
– Аднаго з тых рыцараў-вайскаводцаў, што змагаўся плячо ў плячо разам з вамі. Ён кіраваў мудра і справядліва пасля ненавіснага Волха. Ды толькі нядоўга доўжыліся шчасце, мір ды спакой. Волх, адчуваючы, што яго перамога можа апынуцца пад пагрозай, адправіў сваю жонку ў небяспечнае месца – у каралеўства да яе дзядзькі, караля Семаргала. У яе разам з атрадам аховы атрымалася пакінуць муры замка незаўважанымі праз патаемныя хады замкавых сутарэнняў.
– Ух ты! Ну і навіны… – дзівіліся Янка з Міланай.
– Так. А потым да іх яшчэ ацалелыя паслугачы ды ваяры Волха далучыліся. Ніхто такога і прадугледзіць не мог.
– А што гэта яшчэ за Семаргал? Хто ён?
– Яго каралеўства суседнічала з тым, адкуль прыйшоў на нашы землі Волх.
– Яшчэ адзін кароль?
– Так, дужа страшны. Волх быў каралём ваўкалакаў, іх гаспадаром. Хадзілі нават чуткі, што ён і сам быў пярэваратнем і ведзьмаком, але ж моцы яму надаваў збольшага яго чароўны кій. А Семаргал можа станавіцца ваўком з крыламі сокала. І здольны ён выклікаць не толькі вецер, але і спусташальны агонь. Там, дзе ён праскочыць на сваім златагрыўным кані, застаецца толькі выпалены след. Такі ён магутны!
– І хіба няма яму якой рады?
– А як жа, калі ён бессмяротны?
– Хіба ж такое бывае?
– Ну, можа, і не зусім бессмяротны, але, кажуць, калі ў яго нават галаву адсячэш – замест яе з’явіцца новая, бо ў яго іх сем!
– Ну і справы…
– Але і гэта яшчэ не ўсё. Памятаеце, як скончыў Волх?
– Ха, вядома ж! Па заслугах! У пашчы Цмока, якога ён доўгія гады трымаў у няволі.
– Гэта так. Але пра кій ягоны памятаеце?
І тут Янка з Міланай прызадумаліся. Падаецца, яны памяталі ўсё яскрава і дасканала, як Цмок адным рухам заглынуў Волха. А што далей было?..
– Што ж, дазвольце я вам нагадаю? Ён праглынуў таго ведзьмака, як закуску, а кій папросту выплюнуў, бы калыпок, што захрас у зубах.
– А, так, – нарэшце ўзгадалі яны тую карціну. – Кудысьці далёка-далёка, што і не было відаць.
– Пэўна, недастаткова далёка. Яго ваяры адшукалі кій. Так яны мелі хоць які шанс уласкавіць гнеў аўдавелай каралевы пасля таго, як не здолелі абараніць свайго ўладара. І дзякуючы гэтаму маглі разлічваць на літасць у Семаргала. Падацца ім больш не было куды. Семаргал сабраў магутнае войска і захапіў наша паслабленае ў бітве каралеўства. Для больш моцнага войска гэта амаль не склала цяжкасці. У нас не было ані шанцаў, ані сіл цягацца з імі.
– Падаецца, ізноў прыйдзецца клікаць Цмока на дапамогу, – разважліва падсумаваў Янка.
– А вось тут і самае непрыемнае. На вялікі жаль, няма больш Цмока. Семаргал добра падрыхтаваўся да нападу. Ён выдатна разумеў, ад каго можа сыходзіць найбольшая пагроза для яго – ад нашага высакароднага Цмока. А можа, гэта была і помста. За тое, што Цмок з’еў Волха, мужа яго пляменніцы.
Брат з сястрой на хвіліну змоўклі, ачомваючыся ад гэткіх навін.
– Але ж як яны здолелі забіць Цмока? – не хацела ўсім сэрцам верыць у гэта Мілана. – Ён жа быў непераможны.
– На кожнага знойдзецца свая бяда.
– Ахілесава пята, – выказаўся Янка.
– Прабачце, што? – не зразумеў Вуж.
– Гэта ў нас так пра слабое месца кажуць, праз якое можна нанесці нечаканую шкоду.
– Так, магчыма. Вось і ён знайшоў спосаб, якім можна перамагчы Цмока. І ўсё пры дапамозе таго вядзьмарскага кія. Семаргал, відаць, адшукаў у старажытных кнігах, як надаць кію моцы, каб знішчыць любога цмока. Высветліўшы, дзе Цмок хаваецца, ён вычакаў, калі той засне, пракраўся са сваімі ваярамі ды ўторкнуў загавораны кій у слабое месца Цмока, што пад самай пашчай на горле. Хацеў ужо і цмокава дзіцяці забіць…
– Дзіцяці? – перабіў яго Янка.
– Так, з таго самага яйка, якое вы і ўратавалі, вылупіўся маленькі цмок. На шчасце, у яго атрымалася пазбегнуць той жа сумнай долі.
– Вух, як здорава! Але ж як ён выратаваўся?
– Семаргал усё разлічыў, але не ведаў ён, што ў пячоры любіў бываць Вярнігара, які моцна прывязаўся да малога, няньчыўся з ім. І ў тую ноч таксама волат быў у пячоры, спаў побач. У цемры яго ніхто не заўважыў. Толькі, на жаль, абудзіўся ён запозна, калі працяты Цмок перадсмяротна пачаў выгінацца ў пакутах. Але шанец дапамагчы малому яшчэ быў. Вярнігара ўступіў з ворагамі ў няроўную бойку. Ён змог даць ім рады, аднак у Семаргала атрымалася ўцячы. А Вярнігара разам з маленькім цмокам вымушаны былі схавацца ў небяспечным месцы. Дзякуй, што горы і разгалінаваныя хады ў пячорах ён ведаў як свае пяць пальцаў.
– І што адбылося далей?
– Гэтага ніхто не ведае, бо не бачылі больш ні волата, ні цмока. Кажуць толькі, што волат атуліўся ў пячорах і ўзяў на сабе клопаты за маленькім Цмокам. Той жа яшчэ нават лятаць не ўмеў…
– Хочацца спадзявацца, што ўсё абышлося, – задумаўшыся, Янка працягнуў: – Ці не трэба ізноў ісці да мудрага Пугача? Баюся, без размовы з ім і яго парад няма сэнсу нават штосьці і думаць, не тое што пачынаць.
– Так, – падтрымала Мілана. – І гэтым разам усё значна цяжэй… Але ж чакайце, – узгадала нешта дзяўчына і дакранулася да кулончыка на шыі, які ўзяла з сабой у падарожжа па дзіўным каралеўстве. – Калі Цмок жывы, то… – прамовіла яна загадкава і пацерла ўпрыгожванне.
Чамусьці цяпер ёй не здавалася, што яна ляціць недзе высока па-над лесам, як гэта было мінулым разам. Не было тых краявідаў, ад якіх дух перахоплівала. Цемра, быццам перад табою каменныя муры, пачуццё непакою і бездапаможнасці. Нешта незразумелае. Яна змоўкла і стаяла цалкам разгубленая.
– Штосьці не так? – занепакоіўся брат.
– Нават не ведаю. Напэўна, стамілася. Усё так нечакана.
– Ну, тады адведаем нашага старога знаёмага. Вось ён здзівіцца! Заклад, ён, пэўна, і не чакаў такога!
– Шчыра кажучы, гэта ён мяне і ўгаварыў адшукаць вас. Бо цяпер вы – наша апошняя надзея, – шматзначна прыжмурыўшы вока, прамовіў Вуж.
– Дзіўна, але ж чаму ён сам да нас не завітаў?
– Гэта ўжо асобная гісторыя. Ну, сябры, шлях у нас доўгі. Рушым!
І яны крануліся ў дарогу да мудрага Пугача, а Вуж распавёў ім яшчэ адну гісторыю:
– Ці памятаеце вы, як сюды трапілі ўпершыню?
– Гэта нібы ўчора было. Тут амаль нічога не змянілася, усё так жа прыгожа.
– Бацька распавядаў пра тую сустрэчу. Ён казаў, што вельмі доўгі час цалкам не мог зразумець, адкуль вы ўзяліся ў такой глухмені. Пра паляну з выйсцем у іншы свет бадай ніхто не ведаў, таму ён і любіў там адпачываць. І ён не менш за вашага спалохаўся, калі вы з’явіліся ніадкуль.
– У пэўным сэнсе можна і так сказаць.
– Мудры Пугач добра разумеў, што чым меней хтосьці будзе ведаць пра тое, адкуль вы з’явіліся, тым у большай небяспецы будуць жыхары каралеўства. Ён адмовіўся дазнацца пра выйсце, як яму гэтага б ні хацелася і цікава ні было. Апроч майго бацькі, ніхто пра тое больш і не чуў. І толькі перад самай смерцю, калі ён ужо дакладна разумеў, што яго час палічаны, распавёў мне таямніцу. Бо нельга такое знесці з сабой, яшчэ можа надысці час, калі гэта яшчэ можа спатрэбіцца. І, на жаль, ён надышоў.
– Але чым мы можам дапамагчы?
– Як?! Вы – нашы героі! Тыя, у каго мы верым! А без веры нам і не выстаяць. Зараз яна нам патрэбная, як ніколі. З верай мы пераможам! Зараз выйсця няма – альбо перамога, альбо смерць.
– Лепш перамога, – прамовіў Янка.
– Дакладна, – падтрымала Мілана. – Будзьма разам!
– Дзякуй! – з палёгкай радасна выгукнуў Вуж.