Читать книгу Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героi - Алег Грушэцкі - Страница 5
Гісторыя караля Мацея. Янка з Міланай – героі на вякі
ОглавлениеУжо пачынала вечарэць. Вандроўнікі цэлы дзень правялі на нагах і пасля доўгай дарогі вельмі стаміліся. Але, як толькі перад вачыма паўстала жыллё Пугача, настрой адразу ж узняўся, стомленасць бы рукой зняло, і яны дадалі хады. Цёплыя пачуцці і яркія ўспаміны атачылі іх, і юнакі заспяшаліся да запаветнага дрэва, бы іх вецер падхапіў.
Яны пабеглі так бадзёра і гучна, што радасны гоман было чуваць па паляне. Відаць, гаспадар Пугач, які чакаў гасцей, пачуў тыя воклічы і высунуў галаву з дупла. А, пазнаўшы сваіх старых знаёмых, ён усцешана выбраўся на тоўстую галіну, што расла пад дуплом, і павітаў кампанію, ветліва махаючы крылом.
– Спадар Пугач! Спадар Пугач! – шчасліва закрычалі яны. – Дзень добры!
– Хо-хо-хо! – засмяяўся ён. – Добры! Насамрэч добры! Няўжо ж гэта вы, мае даражэнькія?! Як жа я рады вас ізноў бачыць, вы нават не ўяўляеце. Ну, давайце заходзьце. Зараз, зараз… – усё паўтараў ветлівы гаспадар.
Пугач нырнуў зваротна ў сваё жыллё. Праз некалькі імгненняў пранёсся працяглы трэск, да якога было цяжка прызвычаіцца. Падавалася, дуб вось-вось напалову патрэскаецца. Дрэва задрыжала, і ўпоперак яго пачала з’яўляцца расколіна, вышэйшая за дарослага чалавека. Яна шырэла, пакуль не зрабілася дастатковай для таго, каб праз яе можна было прайсці.
Юнакі разам з вужыкам, апынуўшыся ўнутры, асцярожна пакрочылі па цёмным вузкім калідоры, ад якога цягнула волкай старой драўнінай. Але яны не звярталі на гэта ўвагі, бо ведалі, наколькі ўтульна і прасторна долу, папросту казачна.
Хутка пабачыўся прасвет, а там і пакой. У гасціную залу яны ўвайшлі разам з Пугачом, які адначасова з імі спусціўся з гары па стромкіх сходах. Ён распасцёр свае шырокія крылы і, не хаваючы эмоцый і шчырых пачуццяў, накіраваўся да іх.
– Мае сябры, дайце ж я вас абдыму! – паклікаў ён усіх пад свае крылы. – Які ж я шчаслівы, што вы прыйшлі! Мае прывітанні!
– Дзень добры! – прытуліліся юнакі да яго. – Мы таксама рады вас бачыць, мы вельмі сумавалі.
– Хо-хо-хо! Як жа мяне цешаць вашы словы! Вужу! – звярнуўся ён да змяі. – Які ж ты малойца, што адшукаў іх! Цяжка было?
– Не без гэтага, задача была няпростая, – усміхнуўся той. – Па праўдзе, больш пужала, што трэба было адправіцца туды, куды нават і сам не ведаў.
– Невядомасць многіх пужае, гэта нармальна.
– Так, але ж як у тую невядомасць было трапіць?.. Ледзь адшукаў ход. Давялося ўспамінаць усё, што казаў бацька, астатняе дамысліваць.
– Я ніколі ў табе не сумняваўся, ты заўжды быў цямлівым. Такі ж разумны, як бацька. Ён бы табой ганарыўся.
– Дзякуй, спадзяюся.
– Тое дакладна, павер мне. Ну, а вы як маецеся, мае юныя сябры? – звярнуўся ён да Янкі з Міланай. – Пакажыцеся.
Усміхаючыся, яны адышлі на некалькі крокаў назад.
– Хм, – задуменна прамовіў Пугач. – Прызнацца, я чакаў вас убачыць большымі. Хаця… – нешта ці ўспомніў, ці падумаў ён і махнуў крылом. – Мне б так захоўваць знешні выгляд, – засмяяўся ён і правёў па сваім старым пер’і.
– Ну што вы! Вы вельмі добра выглядаеце.
– Дзякуй за добрыя словы! Пацешылі старога. Распавядзіце ж, чым займаліся ўвесь гэты час? Дзе былі, што бачылі?
– Ды асабліва нідзе. Дома ў дзядулі з бабцяй. Сябры, рыбалка, забавы. Нічога новага. Што ў нас магло здарыцца за такі кароткі час?.. – прамовіў гэта і адразу ж сумеўся Янка, успомніўшы, што час дома і ў іншасвеце – зусім розныя рэчы.
– А ў нас тут, мае даражэнькія, столькі ўсяго здарылася, што вам нават і не перадаць.
– Нам пан Вуж распавёў. Вельмі вам спачуваем.
– Так, добрага мала.
– Скажыце, калі ласка, а што ж адбылося з вашым каралём?
– Вы пра рыцара Мацея, якога мы абралі каралём пасля перамогі над Волхам?
– Так, менавіта. Слаўны ваяр. Ён жывы?
– Жывы. Але ж…
– Што?
– Ды ў вязніцы ён, у Семаргала.
– Ну, галоўнае, што жывы.
– Ды яно так. Але самі можаце здагадацца: звычайнаму чалавеку яшчэ невядома што лепей – у вязніцы Семаргала альбо…
– Дык і рыцар Мацей – чалавек загартаваны, такіх мужных яшчэ пашукаць. Мы добра памятаем, як ён біўся ў бітвах.
– Так, адчайны ваяр, мужнасці яму не займаць. Але не ведаю, хто здольны вытрымаць здзекі семаргалаўскіх катаў.
– А ў вязніцы ён у той жа, што і пры Волху пакутвалі рыцары?
– Так, у той самай, што Цмок ахоўваў.
– Трэба было, каб Цмок яе ўшчэнт зруйнаваў!
– Можа быць, але ж тое не выйсце. Няволілі б тады ў сутарэннях замка. І ахоўвалі б ужо найадданыя паслугачы Семаргала. А гэта яшчэ горш, бо там самыя бязлітасныя і бяздушныя сабраліся.
– Таксама верна. Але што нам цяпер рабіць? Трэба ж яго вызваліць, бо там і да смерці закатаваць могуць.
– Гэта ці наўрад.
– Чаму?
– Мяркуючы па тым, колькі наш Мацей там знаходзіцца, ён дакладна патрэбны каралю. Каб усе ведалі, што моц і кантроль знаходзяцца ў яго руках. Семаргал можа паказаць народу, які Мацей слабы і знясілены, няздольны даць рады новаму каралю. А калі б ён загінуў, то адразу б зрабіўся пакутнікам-героем, яго смерць магла б выклікаць бунт у жыхароў.
– Мудра.
– Так, Семаргала дурнем не назавеш.
– Дык як яго ўратаваць? Сябры сяброў не пакідаюць.
Пугач толькі сумна прамовіў:
– Гэта ўсё так, мы таго жадаем вельмі моцна. Але што мы можам зрабіць? Ці можам зараз проціпаставіць свае паслабленыя вайной з Волхам сілы магутным войскам Семаргала?
– Прабачце, але я ўпэўнены, што рыцар Мацей бы так не разважаў. Ён бы жыцця свайго не пашкадаваў, калі б хто-небудзь з нас патрапіў у бяду.
– Тут вы маеце рацыю. Гэта, бадай, самы высакародны рыцар, якога я ведаў за сваё жыццё.
– Тады можа пачнём нашыя дзеі з малога – з выратавання аднаго?!
Пугач цяжка ўздыхнуў:
– Гэта будзе вельмі цяжкая місія, папярэджваю вас.
– Спадар Пугач, у мінулы раз мы вызвалілі атрад рыцараў. Ды няўжо ў гэты раз не атрымаецца выратаваць аднаго?
– Добра, каб усё так лёгка было. Мацея ахоўваюць лепей, чым усіх рыцараў разам узятых.
– Але ж тады сам Цмок вартаваў, а зараз хто? Горстка ваяроў?
– Ды не, далёка не горстка. Да таго ж добра падрыхтаваных і загартаваных у баях.
– Значыцца, трэба адцягнуць іх увагу. Альбо нават вымусіць пакінуць замак. Мы ж нешта падобнае ўжо выкідвалі, і гэта мела поспех.
– Вох, так! – успомніў з задавальненнем былое Пугач. – Толькі цяпер іншая сітуацыя. Хаця… – аб нечым прызадумаўся птах. – Падаецца, ёсць у мяне адна ідэйка.
– Падзяліцеся!
– На днях у каралеўскім замку павінен адбыцца турнір.
– Сапраўдны рыцарскі турнір?
– Амаль. Нашыя ж высакародныя рыцары ў ім удзелу прыняць не змогуць. Але галоўнае, што на турнір, апрача ўдзельнікаў, прыбудзе і шмат гледачоў. Каб падтрымаць парадак, трэба, адпаведна, сцягнуць і ваяроў для нагляду. Значыцца, частка іх ад вязніцы будзе адцягнутая.
– Падаецца, мы разумеем, да чаго вы ведзяце, – хутка сцяміла здагадлівая Мілана. – Жадаеце выкарыстаць гэты шанец?
– Упэўнены ў ім. Але ж, мае шаноўныя, прабачце мяне старога, – раптам спахапіўся Пугач. – Я ж за гэтымі размовамі зусім забыўся пра галоўнае! Вы ж з дарогі, стаміліся ж, відаць, то не будзеце супраць, каб падмацавацца?
– Шчыра кажучы, ёсць такое. Шлях, і сапраўды, быў вельмі доўгім і цяжкім. За гэты час усё так пазарастала і змянілася…
– Маеце рацыю, змянілася шмат чаго, – задуменна працягнуў Пугач і тут жа страпянуўся: – Але ж, як кажуць, вайна вайной, а абед… учасна!
– Так, – усміхнуўся Янка. – Прыйшлі вестачкі, што хочацца естачкі.
– Давайце, госцейкі даражэнькія, праходзьце, рассаджвайцеся, я хутка. У мяне ўжо амаль усё гатова, гэтым разам я падрыхтаваўся загадзя.
Яны распрануліся, памылі рукі перад ежай і ўтульна паселі. А гаспадар замітусіўся і пачаў хутка накрываць на стол, на якім ужо прадбачліва штосьці было. Хутка пачалі з’яўляцца смажаная бульба з грыбочкамі, ды не простымі, а маладымі лісічкамі. А да яе і верашчака – гэта мясныя свіныя рабрынкі, абсмажаныя з дробна нарэзанай цыбуляй, а потым стушаныя ў хлебным квасе ў чыгунку. Да гэтага птах падаў свежую зеляніну і агародніну, яшчэ гарачы закісны чорны хлеб, выпечаны ў печы. Нават ад аднаго паху, каб і зусім не хацеў есці, прачнуўся б апетыт.
Пугач заўважыў бляск у іх вачах і моўчкі заўсміхаўся.
– Частуйцеся, – запрасіў ён. – Спадзяюся, вам спадабаецца.
Ад такога багацця страў вочы разбягаліся, ды яшчэ і на галодны страўнік.
– Жартуеце?! Каб такое і не было даспадобы?
І яны накінуліся на ежу.
– М-м-м, – смакуючы, працягла прамовіў Янка. – Якая ж смаката! Пальчыкі абліжаш.
– Дзякуй, мяне вельмі цешыць, што вам дагадзіў.
– Яшчэ і як! – пацвердзіла Мілана. – Нашы бацькі, асабліва бабуля, таксама добра гатуюць, але такіх страў каштаваць, прызнаюся, мне яшчэ не даводзілася. Трэба абавязкова папрасіць у вас рэцэпт.
– Юная пані яшчэ і гатуе?! – прыемна здзівіўся Пугач.
– Не так шыкоўна, – сціпла прамовіла дзяўчына. – Але ж дапамагаць маці пры гатаванні люблю.
– Гэта вельмі пахвальна. Дапамагаць бацькам – добрая справа. А рэцэптамі, вядома ж, падзялюся. Гэта кухня нашага народа, яму трэба падзякаваць. Я толькі прыгатаваў, – відавочна сціпла паводзіў сябе Пугач, як і належыць выхаванай асобе.
– Затое як пышна! – ізноў пахвалілі яго юнакі. – Так выдатна ды смачна прыгатаваць таксама трэба ўмець, не кожны здолее.
– Дзякуй, мае добрыя. Імкнуўся як найлепей, з душой.
Але найбольшай падзякай для гаспадара было бачыць, з якім задавальненнем і апетытам госці ўміналі ўсе стравы. І было зразумелым, што яны і насамрэч прыйшліся да густу. Аднак адолець усё былі не ў сілах, бо наеліся аж ад пуза.
– Пф, насыціўся, дзякуй! – цяжка прамовіў Янка, адкідваючыся на спінку крэсла.
– Так! – далучылася Мілана. – І ўсё так смачна, не перадаць. Аж бракуе слоў…
– Каралеўская вячэра! – прамовіў брат за яе.
– У кропку, менавіта.
– Дзякуй, мае даражэнькія, пацешылі старога, – заўсміхаўся Пугач. – Да гэтага і імкнуўся – пачаставаць нашых збавіцеляў па-каралеўску.
– Вой, ну што вы, – засаромеліся яны, – навошта так гучна? А вось тое, што вашага сапраўднага караля зараз побач няма, насамрэч шкада.
– Так, маеце рацыю. Але, спадзяюся, як вы цяпер тут, то хутка і ён будзе з намі. Дзеля гэтага мы вас і паклікалі.
– Ваш кароль быў вельмі мужным і адважным рыцарам. Аб ім толькі найлепшыя ўспаміны. Калі што будзе па нашых сілах, мы, безумоўна, усё зробім, – цвёрда і рашуча выказаўся Янка.
– Спадар Пугач, – звярнулася Мілана, – а вы нам можаце што-небудзь распавесці пра караля Мацея? Пра тыя часы, калі ён быў яшчэ рыцарам.
– Анягож! Ён удзельнічаў ва ўсіх бітвах каралеўства, дзе прадставаў мужным ваяром і высакародным рыцарам. Але ж адно, напэўна, засланяе ўсе яго перамогі і пераўзыходзіць колькасць зрынутых ім ворагаў.
І Янка з Міланай уважліва засяродзіліся, прыкаваўшы ўвагу да аповеду мудрага Пугача. А той з цікавасцю працягваў:
– Тое была вялікая бітва. З аднаго далёкага каралеўства незлічоныя войскі, якія знішчалі ўсё на сваім шляху і пад крывавым націскам якога ўжо пала некалькі суседніх каралеўстваў, чорнай навалай уварваліся ў нашы землі. Яны моцным ударам адкінулі частку нашых воінаў ад памежжа. І вось павінна ўжо была адбыцца рашучая бітва каля муроў нашага замка. Адвесці войскі за сцены і схавацца было немагчыма, замак не мог змясціць у сябе ўсіх жыхароў і ваяроў. Да таго ж гэта азначала б вырак на галодную смерць, бо мінулыя гады былі вельмі неўрадлівыя. Таму ўнутры былі толькі мірныя насельнікі.
У лютай бітве сышлася вялізная колькасць рыцараў і ваяроў. Нашы мужныя войскі стаялі да смерці і біліся адважна, як ніколі. Яны абаранялі сваю родную зямлю. Але як бы адчайна яны не змагаліся, сілы былі няроўныя. Сапернік пераўзыходзіў нас у некалькі разоў. У нейкі момант ваярам, што стаялі каля самых муроў замка, нават падавалася, што наступае пераломны момант. Быццам вораг ужо гатовы разбуральнай хваляй прарвацца да ўзгорка, на якім велічна развіваўся сцяг нашага каралеўства. А завалодай ім вораг – і ўсё, нашыя войскі і каралеўства, лічы, былі б зрынутыя. І такі момант ледзьве не здарыўся – вораг моцным напорам прабіў нашы шыхты і рынуў да ўзвышша, на якім у атачэнні дужых і вопытных рыцараў стаяў каронны харунжы, які цвёрда трымаў сцяг каралеўства. Дасведчаныя рыцары грудзьмі сталі на абароне штандара і прыкладалі вялікія намаганні, каб не дапусціць ворага да яго. Аднак моцы былі звыш чым няроўныя. На вялікі жаль, амаль усе ваяры былі забітыя, а захопнікі змаглі прабіцца на ўзгорак. Харунжы быў сур’ёзна паранены. Страціўшы прытомнасць, абяссілены, ён выпусціў сцяг з рук. Яшчэ імгненне, і штандар ганебна зваліўся б на зямлю, што канчаткова вырашыла б ход бітвы. Балазе, тое супрацьстаянне заўважылі і некаторыя іншыя рыцары. Яны ў той жа час рынуліся на дапамогу сваім паплечнікам. І наперадзе ўсіх быў тады яшчэ зусім малады, але вельмі дужы і мужны рыцар Мацей. Адной рукой ён разрубіў мячом таго чужынца, які параніў харунжага, а другой амаль у самы апошні момант падхапіў сцяг, тым уратаваўшы гонар каралеўства ад паразы.
– Ух ты! Уратаваць гонар каралеўства – сапраўды, мужны ўчынак!
– Так.
– Цікава, а што было далей? – спытаў Янка з запаленымі вачыма.
– Той высакародны ўчынак узрушыў ваяроў і абудзіў у іх гонар за сваё каралеўства. Невядома адкуль, у іх, стомленых і знясіленых бітвай, з’явілася моц, каб даць адпор. Ворагі ў сполаху нават забыліся на сваю зброю і кінуліся наўцёкі. Гэта быў пераломны момант у той бітве. Гераічны ўчынак Мацея натхніў усё войска.
– Вось гэта да! Цікава, як адзін чалавек можа паўплываць на падзеі і на гісторыю!
– Сапраўды. Гераізм аднаго можа нават натхніць і ўзрушыць увесь народ!
– Моцна! Мы і раней яго паважалі, а зараз проста ў захапленні, – горача прамовіў Янка.
– Менавіта так, – падтрымала яго сястра.
– Тады ведайце, што і ён вамі захапляўся, – запэўніў іх Пугач.
– Ну што вы, – сціпла прамовіла Мілана. – Гэта была не столькі наша заслуга, колькі ўсяго народа, усіх жыхароў. Гэта яны, а не мы адстаялі незалежнасць свайго каралеўства і радзімы ад захопнікаў.
– І гэта так. Але ж вы здолелі аб’яднаць народ вакол сябе і павесці ў бой. І наш народ ізноў мае патрэбу ў вашай дапамозе, мы разлічваем на вас. Многія спадзяюцца, што вы з’явіцеся і выратуеце ўсіх, як і ў мінулы раз. Упэўнены, што і кароль Мацей, калі б толькі мог, то прасіў бы вас аб тым жа.
– Што ж, мы не ў праве не спраўдзіць спадзяванні жыхароў каралеўства. Шчыра кажучы, калі мы сёння выправіліся сюды, то падазравалі, што ў вас ізноў неспакойна. Нездарма ж Вуж так клікаў за сабой.
– О так, – заўсміхаўся вужык. – Я спадзяваўся, што вы пойдзеце за мной.
– І калі жыхары маюць патрэбу ў нас, мы зробім усё магчымае, што ад нас залежыць, – запэўніў Янка.
– Так, абяцаем! – падтрымала Мілана.
Пугач хвілінку памаўчаў, ухваляльна ківаючы, бы згаджаючыся з гэтымі словамі, потым падышоў і паважна абняў, з усмешкай прамовіўшы:
– Вы ведаеце, я ў гэтым ні на хвіліну і не сумняваўся. Таму нават і стол такі прыгатаваў, бо добра ведаў, што зваротна Вужа варта чакаць не аднаго. Я нават болей скажу: заўтра мы яшчэ чакаем гасцей.
– Ого! І каго ж? – зацікавіліся яны.
– Як і ў мінулы раз, вайскаводцаў ды прадстаўнікоў паўстанцаў.
– Так хутка? – крыху здзівіліся юнакі.
– Безумоўна. Нельга марудзіць. Ад новага тырана народ пакутуе яшчэ болей, чым ад папярэдняга.
– Тады зразумела.
– Што ж, – прамовіў Пугач. – Да заўтра часу багата. Таму магу прапанаваць да вашых паслуг сваю бібліятэку.
– Вух! Гэта амаль тое самае, што падзяліцца скарбам! – усцешыліся з прапановы Янка з Міланай.
– Ха, ха, ха, – засмяяўся Пугач, якому такое параўнанне прыйшлося да густу. – Маеце рацыю, мае сябры. Кнігі – сапраўды, вялікае багацце, бо ў іх захоўваюцца веды цэлых пакаленняў. А гэта і ёсць найкаштоўнейшы дар. І трапляюць да яго далёка не ўсе. Ды што там – амаль ніхто. Але вам я нават рады іх паказваць, для мяне вы – адмысловыя госці.
– Дзякуем, такая пашана неацэнная.
Пугач усміхнуўся і праводзіў гасцей у таемную бібліятэку. Ён падышоў да шафы з кнігамі, пацягнуў за адну з іх, і сцяна цяжка рыпнула, у ёй з’явіліся абрысы праёму. Гаспадар падышоў бліжэй, пхнуў і памахаў крылом, пазваўшы такім чынам за сабой.
Птах увайшоў унутр, запаліў лямпу-каганец, і прастора напоўнілася змрочным святлом, у якім памяшканне падавалася яшчэ больш таямнічым. Пугач дадаў святла, і погляды гасцей прыцягнула вялікая кніга, разгорнутая на стале. Дзеці зацікаўлена накіраваліся паглядзець, што за яна.
– Гэта, гэта… – хацеў быццам папярэдзіць гаспадар, але тыя ўжо падышлі да яе.
Угледзеўшыся, дзеці былі ашаломленыя і не давалі веры сваім вачам.
– Ат, – махнуў Пугач крылом, – позна, усё адно ўбачылі. Не хацеў вам паказваць пакуль, забыўся закрыць… – нешта мармытаў ён, але Янка з Міланай ужо не чулі яго, бо цалкам утаропіліся ў кнігу.
Яны гарталі старонкі і з кожнай дзівіліся толькі болей. Там апавядалася гісторыя юных каралеўны і рыцара, якія біліся са злым чараўніком, змагаліся з ваўкалакамі, удзельнічалі ў бітве пад мурамі замка. І былі там і магутны Цмок, і дужы волат, і гарэзлівыя гарцукі.
– Гэта што? – здзіўлена спыталася Мілана, не даючы веры сваім вачам. – Кніга пра нас?
– Так, – адказаў Пугач, развёўшы крыламі.
Там была гісторыя з таго часу, як юнакі з’явіліся ў каралеўстве. Не было толькі аповеду пра тое, якім чынам яны тут апынуліся ды пра дзівоснае дрэва. А так усё – і іх вандроўка за яйкам Цмока праз Паганае Балота і Чорны Лес, і вызваленне мужных рыцараў з вязніцы, і ўсе бітвы. А якім жа прыгожым здавалася афармленне: каляровыя малюнкі аздаблялі старонкі, бы ўзятыя былі з лепшых сярэднявечных рыцарскіх раманаў. Ад гэтага літаральна дух захоплівала.
– Так неспадзявана… – разгублена прамовіў збянтэжаны Ян. – Папраўдзе, я вельмі крануты.
– Мы рабілі тое, што падказвала нам сэрца, – падтрымала сястра. – І нават не разлічвалі на такую пашану.
– Але ж менавіта так і паводзяцца сапраўдныя героі – моўчкі робяць учынкі, вартыя павагі, пры тым нічога не чакаючы наўзамен. Робяць па сумленні і па клічы сэрца.
– Але ж пісаць пра тое цэлую кнігу… – не пераставаў дзівіцца хлопец.
– Вы дапамаглі нам выратаваць каралеўства і ўспомніць, хто мы ёсць! Вы абудзілі наш гонар і даравалі шанец на новае жыццё! Безумоўна, вы вартыя таго, каб на вякі быць упісанымі ў нашу гісторыю. Гісторыю, якую павінен ведаць кожны, каму дарагая яго зямля, дзе ён узрос, гісторыя яго радзімы. Бо без любові да гісторыі свайго краю няма ў цябе і радзімы. І той, хто не ведае і не шануе сваёй гісторыі, павінен асцерагацца за сваю будучыню, бо жыць і служыць тады яму, як валачашчаму сабаку, пад панаваннем і прыгнётам іншых. Бо хто ты ёсць без гісторыі? Ніхто! Сухая і нікому не патрэбная травінка пасярод голага поля.
– Сапраўды, спадар Пугач, гэта мудрыя словы! Як ёсць мудрыя! – натхнёныя такой прамовай, пагадзіліся Янка з Міланай.
І яны хоць зараз былі гатовыя рынуцца на новыя подзвігі, прайсці праз усе цяжкасці і перашкоды, што выпалі на іх лёс у мінулы раз, і зведаць новыя, ні на што не зважаючы.
– І вось што я вам скажу, мае даражэнькія, – звярнуўся да іх птах, падышоўшы бліжэй і паклаўшы свае крылы ім на плечы. – Я нават ні на хвіліну не сумняваюся, што і зараз вы спраўдзіце нашыя чаканні, учыніце яшчэ нямала новых вартых подзвігаў, каб і яны былі ўпісаныя ў гісторыю, каб пра іх пераказвалі адзін аднаму, а тыя, хто змагаўся і ваяваў разам з вамі плячо ў плячо, ганарыліся, што былі побач з вамі. Шчыра вам кажу, сябры мае, я веру ў вас. Больш за тое, народ верыць і чакае.
– Мы не падвядзём і паспрабуем апраўдаць іх надзеі.
– Няхай жа так і будзе. А пакуль, мае юныя і адважныя сябры, бібліятэка ў вашым распараджэнні. Спадзяюся, вы знойдзеце тут не менш цікавыя кнігі, чым гэтая, – прамовіў Пугач.
– Дзякуем! Хаця ўжо і немагчыма ўявіць, што яшчэ можа настолькі ўразіць, – пажартавала Мілана.
– О, разумею, – заўсміхаўся Пугач. – Але хто ведае, хто ведае… Добра, я пайду. Мне трэба яшчэ да прыёму заўтрашніх гасцей падрыхтавацца, а вы тут уладкоўвайцеся і выбірайце, што пажадаеце, на свой густ.
Пугач выйшаў, а яны паглыбіліся ў таямніцу ведаў. Ад разнастайнасці розных кніг, якія на паліцах стаялі шыхтамі, разбягаліся вочы. Прагныя да ведаў маглі задаволіць сваю патрэбу ў іх.
Першай з выбарам вызначылася Мілана. Ёй даспадобы былі пачастункі Пугача, таму з вялікім інтарэсам дзяўчынка прынялася вывучаць адшуканы зборнік лепшых рэцэптаў мясцовай кухні. Магчыма, не зусім было зразумела, чаму гэтая кніга знаходзілася менавіта ў таемнай бібліятэцы, але для гаспадыні яна насамрэч была каштоўнай, бо рэцэпты ў ёй былі адзін аднаго лепшы.
А вось Янку цікавілі кнігі пра гісторыю каралеўства. Балазе, на гэтую тэму іх было так багата, што хлопчык ледзь вызначыўся, яму хацелася спазнаць усё і адразу. Тут былі і хранаграфіі бітваў, і біяграфіі выдатных асоб, і апісанне розных істот, і нейкія скруткі з мапамі ды планамі. Карацей, яго дапытлівыя вочы папросту разбягаліся ў захапленні ад наяўнага. Урэшце, ён для пачатку спыніўся на кнігах пра вялікія бітвы каралеўства. Хлопец расклаў іх на стале і прагна пачаў вывучаць. Выявілася, што край мае вельмі багатую і насычаную гісторыю. Потым перайшоў да зборніка з апісаннямі істот. Гартаючы яго, адразу заўважыў, што яшчэ далёка не ўсіх з іх ён бачыў. Часам трапляліся такія пачвары, што ён і ўявіць сабе не мог. Хаця, як думаў хлопчык, яны, хутчэй за ўсё, даўно змерлі, як у свой час дыназаўры, альбо былі знішчаны. Хто ведае?
Юнак шмат чаго новага даведаўся пра таго ж багніка ды іншых, ужо яму вядомых стварэнняў. Напрыклад, ён вычытаў, што багнік мог праводзіць пад зямлёй ваду, кіруючы падземнымі крыніцамі. Мог пры жаданні пашыраць сваё балота, а таксама ўтвараць новыя. Спазнаў Янка шмат чаго новага і пра магчымасці многіх іншых насельнікаў гэтай казачнай зямлі.
Ён з такім запалам паглыбіўся ў вывучэнне, што папросту не мог адарвацца. Толькі праглядаў адну кнігу – як адразу ж ставіў яе на месца і прымаўся за іншую. Штосьці адкладаў, у нейкіх рабіў закладкі, некаторыя праглядаў паўторна.
Мілана ж праглядзела яшчэ некалькі кніг, ды, як час быў ужо позні, яе павяло да сну.
– Слухай, нешта я прытамілася, – звярнулася яна да брата. – Гэта ўсё вельмі цікава, але ж дзень такі насычаны выдаўся. Пайду я, мабыць, класціся ўжо.
– Так, бяжы. Я яшчэ, падобна, не хутка. Тут столькі ўсяго… Дабранач, – адказаў Янка, нават не падымаючы галавы.
– Дабранач. Паспрабуй доўга не заседжвацца.
Брат толькі моўчкі кіўнуў, згаджаючыся, але думкамі быў цалкам пагружаны ў чарговы фаліянт. І, безумоўна ж, засядзеўся дапазна. Хлопец цёр вочы, трос галавой, усяляк адганяючы ад сябе стому і не падпускаючы сон. Яшчэ ніколі ў жыцці ён не быў настолькі захоплены. Тут было столькі цікавых кніг, столькі ўсяго незвычайнага і новага…
Вочы станавіліся цяжэйшымі, сэнс прачытанага пачынаў губляцца і блытацца… І тут ён ужо і сам зразумеў: хопіць, трэба даць сабе перадых. Даведаўся Янка багата, нават пэўная мудрагелістая стратэгія ды нейкі план дзеянняў намаляваліся ў галаве. Хоць зараз у бой, а там з гэткімі ведамі і ўсё каралеўства да лепшай долі можна прывесці.
«Але гэта ўсё потым, заўтра, на свежую галаву. А цяпер спаць, пакуль не паснуў за сталом…» – падумаў Янка. Паўсонны, ён цяжка падняўся і, пазяхаючы, павольна накіраваўся да ложка.