Читать книгу Праклятыя госці сталіцы - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 25
Частка другая
Жыціе сьвятога К
24
ОглавлениеПасьля Новага году кінатэатр на камісіі прызналі стратным і пастанавілі да траўня ліквідаваць установу. “Нядоўга музыка іграла, нядоўга фраер танцаваў”, – прашаптала зласьліва Маі Леанідаўне на вуха дырэктар “Шчасьця”, нядаўна адрамантаванай аграмадзіны ў цэнтры гораду, з “долбі-сыстэм” і більярдам, сынэматографа, што таксама спэцыялізаваўся на выхаваньні моладзі ў патрыятычным духу, толькі ў трошкі іншым. Мая Леанідаўна паспрабавала пратэставаць.
– Ну што вы, – паморшчыўся кіраўнік Кінавідэапракату Гагулевіч. – Вы ж разумны чалавек прагрэсіўных поглядаў. Ну падумайце самі: каму ў новым стагодзьдзі трэба кінатэатр імя Жданава?
Назву кінатэатра Гагулевіч узяў голасам у шматзначны й пагардлівы курсіў.
– Да таго ж маецца заключэньне экспэртаў з санэпідэмстанцыі: памяшканьні вашыя не адпавядаюць нормам… Цесната… І навогул – няправільна гэта: кінатэатр на першым паверсе жылога дому… Вы бы самі змаглі там жыць, у такім доме, а, Мая Леанідаўна? У тым і справа, што не-е-е… Ды вось яшчэ… Грамадзкасьць піша…
Ён пакруціў у руках скаргу таварыша Грышука, паказаў збляднелай Маі Леанідаўне здалёк і тут жа схаваў назад у папку.
– Марнуеце вы там плошчу. Забыліся, што ў вас кіно… а ня што другое. Да траўня памяшканьні здаць. І ніякіх пытаньняў.