Читать книгу Мімікрыя - Аляксандар І. Бацкель - Страница 2

Прэлюдыя

Оглавление

Ад самага нараджэньня мы ўсе былі па-вар’яцку зачэпленыя за кнігі, мы іх елі, пілі, чыталі, гарталі, мы пра іх гутарылі, вывучалі біяграфіі пісьменьнікаў, палілі й ганьбілі графаманскія опусы, мастурбіравалі пад пахабныя сцэны, дзівіліся тэгам, шрыфтам і абзацам, бачылі сьненьні, дзе пісалі грандыёзныя раманы, як Джойс, Кафка, Бэроўз і Букоўскі, Элінэк і Мілер, Набокаў і Гамсун… Мы расьлі недзе на ўзбочыне, і пакуль нашыя аднаклясьнікі й аднагрупнікі шалёна мянялі адны мадэлі мабільных тэлефонаў на іншыя, сачылі за выхадам чарговых Кіндлаў, мы зьбіралі па сваіх запыленых кватэрах кнігі, пакутуючы на алергію, пахмельле й пякотку. Мы былі й ёсьць сапраўднымі кніганошамі, змарнелыя, сапрэлыя, схуднелыя, высмаглыя, вытанчаныя, звар’яцелыя, шалёныя, брудныя, шчасьлівыя, напітыя, накураныя, укураныя, напампаваныя кнігамі, сшыткамі, запісамі, энцыкляпедыямі, слоўнікамі, нататнікамі, натхняльнікамі, мы ёсьць крыніцамі, мы ёсьць рэкамі, мы ёсьць ператварэньнямі, мэтамарфозамі, аўтацытатамі сваіх дзеяньняў, мы – кнігаморфныя стварэньні, стыхіяморфныя істоты, антрапаморфныя Вялесы, шалёныя на пошук адказаў, шалёныя на колькасьць пытаньняў. Сьляпыя рамантыкі, якім здаецца, што літаратура й мастацтва выратуе сьвет. Летуценьнікі, гатовыя аддаць свае сэрцы, занадта блізкія адно аднаму, каб мець сапраўднае каханьне, каб жыць разам; звышсям’я, якая больш не выносіць уласных дачыненьняў.

Людзі навокал, абвыклыя карыстацца ісьцінамі з кніг, звыклыя жыць паводле ўжо напісанага, ня здольныя былі разглядзець нас, тых, хто сам сабе прыдумляў жыцьцё, хто сам сабе пісаў сваю кнігу, свае ўласныя правілы. Мы былі схаваныя, нябачныя, і такімі засталіся, але мы жывыя, і гэта робіць нас шчасьлівымі, бо жывыя мы па-сапраўднаму, як яшчэ ніхто ў гэтым сьвеце.

Мімікрыя

Подняться наверх