Читать книгу Мімікрыя - Аляксандар І. Бацкель - Страница 4

Кніжныя паліцы

Оглавление

Вітаўт жыў у раёне, які быў адным з самых старых у горадзе і адным з самых шалёных на бойкі сярод мясцовых.

Усе дамы вакол былі пяціпавярховымі і ня мелі ліфтаў, як ня мелі й пад’язных дарожак для інвалідаў і парковачных месцаў для машын. А ўладальнікі кватэраў славіліся адсутнасьцю адукацыі. Гэты раён ад самага пачатку, ад першай пакладзенай цагліны быў ахвяраваны тым грамадзянам, якім была “прапісаная” хімія ў савецкія часы. Цяпер ужо іх дзеці праходзілі хімію й прапівалі свае арганізмы. Аднак кватэры тут каштавалі танна, што й тлумачыла Вітаўтаў выбар.

Пазаўчора ў суседнім доме п’яны госьць нанёс свайму сябру трыццаць нажавых раненьняў, дапіў гарэлку й заснуў, а прачнуўся, калі перад ім стаяла міліцыя й заплаканая сьвежасьпечаная ўдава, якая вярнулася з начной зьмены.

Разгублены сабутэльнік так і ня здолеў аднавіць у памяці храналёгію падзеяў мінулага вечара.

Сёньня сьнег ля пад’ездаў быў прыбраны ў высокія гурбы, і дзеці з казыркоў ныралі ў ягосьнег, ім было весела – да дарослых турботаў яшчэ далёка. Вітаўт зьняў кватэру амаль тыдзень таму, на вуліцы імя нейкага камунякі, невядомага нікому з новага пакаленьня. Якраз пайшлі ўгору справы з мастацкімі замовамі, і ён зьбіраў сяброў, каб адсьвяткаваць навасельле й успомніць добрую кніжную традыцыю.

Першаю прыйшла Інэса, яна пакінула дзяцей на нянечку, якая зьнешне выглядала так, быццам бы ёй самой патрэбны быў дагляд, але дзеці яе слухаліся й любілі.

Другім на парозе зьявіўся Гэня, увесь спатнелы, вочы чырвоныя, ён першаю справаю скінуў зь сябе кажух і пачаў здымаць праз галаву швэдар, пад якім быў яшчэ адзін… Змакрэлы, спужаны, ён толькі скасабочана пасьміхаўся, трымаючы ў руках пакет з суседняй крамы, у якім месьціліся бутэлька каньяку, дзьве бутэлькі віна й тры невялічкія шклянкі “Глікадзіну” з аптэчнага кіёску. Гэня заставаўся самім сабою пры любых абстваінах: зімою, стужаю, летам, сьпякотаю, у гасьцях, дома, за працаю…

За Гэнем амаль адразу пазваніў у дзьверы Ян, які прывёў з сабою паўнаватую дзяўчыну зь імем Нэля, якая гучна жавала жуйку, крыху прыадкрываючы намазаныя барвоваю памадаю вусны. Ян адразу перадаў заплечнік Вітаўту, каб той дастаў зь яго тры плястыкавыя пляшкі разьліўнога піва й адну бутэльку ўіскі і паклаў усё ў лядоўню – якаснае піва варта піць халодным, але зь цёплымі рукамі, так быццам бы любяць казаць у цяперашнім сьвеце.

Здавалася, Вітаўт больш нікога не чакаў, але празь дзесяць хвілін, калі ўсе сябры, разьмясьціўшыся на кухні, разьлівалі піва й палілі, у дзьверы пагрукалі, Вітаўт адчыніў і ўбачыў Вераніку, дзяўчыну, зь якой ён разышоўся колькі год таму.

– Ну прывіт, мой смачны мужчына! Хаваесься ад мяне? – Вераніка, прымружыўшы вочы, абхапіла Вітаўта за шыю і падаравала яму доўгі пацалунак.

Вітаўт зь сілаю адарваў ад сябе дзяўчо.

– Слухай, як ты даведалася маю адрэсу?!

– Не скажу, даражэнькі, а то пасвару цябе зь сябрам! – Вераніка ўсьміхнулася й зьняла паліто, з-пад якога на сьвет выглянула вязаная кофта з глыбокім выразам, што адкрываў неверагодны від на пульхныя грудзі, паднятыя станікам.

– Ладна, ты гэта, заходзь, вядома, але сёньня ў нас вечар занядбана-вар’яцкага дзяцінства!

– Ой, ну ведаю я, я прачытала Граса, так што ня парся, я маю колькі пытаньняў і адказаў! – Вераніка накіравалася ў пакой, па дарозе раскідаўшы ў розныя бакі свой абутак, і не пасьпела яна як сьлед агледзецца, як раптам яе позірк спыніўся на сьценцы, і – Вераніка закрычала праз калідор у кухню, куды выправіўся Вітаўт: – Знатныя ў цябе паліцы, Вітаўт! Сам ці ня сам?!

– Сам-сам! Учора толькі скончыў! Гэта мой гонар, я палічыў, што нашмат эканомней будзе самому сканструяваць і павесіць кніжныя паліцы. Тут даўжыня – 250 сантымэтраў і вышыня 200, і вісіць цяпер недзе пад 500 кіляграмаў кніг, усе з маёй уласнай калекцыі… – Вітаўт пачаў з крыку, але скончыў звычайным гоманам, калі дайшоў з кухні да Веранікі, трымаючы ў руках шклянку нефільтраванага піва.

– Блін, вусьцішна неяк на гэта глядзець, але сапраўды ўражвае. Такія паліцы павесіць!

– Так, уражвае! – дадае Інэса, выходзячы з кухні й ладкуючы агульны стол у пакоі, каб нарэсьце пачаць тое, дзеля чаго яны й сабраліся.

З кухні вярнуліся й астатнія: Гэня і Ян са сваёй спадарожніцай Нэляй. Сёньняшні вечар быў не такі й просты, кожны па дамове мусіў прачытаць адну з кніг: Іен Бэнкс “Асіная Фабрыка”, Агота Крыстоф “Тоўсты сшытак”, Гюнтар Грас “Бляшаны барабан”, Энтані Бёрджэс “Завадны апеяльсін” і ўсе сябры рыхтаваліся гутарыць на тэму сапсаванага дзяцінства, вар’яцтва, вычварэньняў.

Яшчэ колькі хвілін перасоўваньняў і ўладкоўваньняў сваіхцелаўваколсталайпітва, – іможнапачынацьлітаратурны вечар, які далей будзе зафіксаваны па-канцылярску суха й амаль безэмацыйна, бо запісвалася ўсё ад самага пачатку, як і запаміналася – неайхайна, навобмацак, праз прызму алькаголю й невядома чаго яшчэ, што пакідала пасьля сябе толькі даўжэзныя, нікому непатрэбныя маналёгі, перапыненыя й разьбітыя кароткімі паўзамі, каб мець магчымасьць глынуць сьвежага паветра, хай сабе і разам з тытунёвым дымам:

Ян. Трэба сказаць, што я якраз люблю такіой дыямэтральны дуалізм. Калі адныя абліваюцца сьлязьмі шчасьця й замілаваньня, а ў цябе кніга выкліквае зьдзіўленьне й раздражненьне, і ты знаходзіш сабе іншых, тых, хто кажа, што гэтая кніга проста сьмецьце. Здаецца, “Асіная Фабрыка” мае ўсе падставы для існаваньня… Месцамі жудасная, месцамі непрыемная, і, нягледзячы на агульную маруднасьць апавяданьня, адарвацца ад рамана складана, хочацца ведаць, што ж далей. У мяне раней было як, Шатляндыя – гэта краіна пустэльных выспаў з чэзлаю расьліннасьцю, якую раз-пораз ядуць дурныя авечкі, але тут усё інакш, вядома, тут ёсьць усё гэта – расьліннасьць, авечкі… але тут яшчэ ёсьць міні-выспа й дом, дзе склеп забіты мяхамі з порахам і жыве дзіўная сямейка: бацька, які захоўвае Вялікую таямніцу ў сваім габінэце й спрабуе падарваць грамадзскасьць сваімі сакрамэнтальнымі адкрыцьцямі, напрыклад, манаграфіяй пра тое, што Зямля ня круглая, а ўяўляе сабою стужку Мёбіюса, або як па пердзежу даведацца, што чалавек еў і які ў яго настрой, характар; Фрэнк, які ня можа вырасьці зь дзяцінства, будуе запруды, плаціны, ладзіць вайнушкі з плястмасавымі салдацікамі, але ня толькі зь імі, часьцяком у расход ідзе й жывы матэрыял, яшчэ ў Фрэнка ёсьць Асіная Фабрыка, Ахвярныя Слупы, Бункер і шмат іншых зразумелых і цікавых толькі яму мястэчак, і Фрэнк захоўвае тры самыя жудасныя таямніцы свайго шаснаццацігадовага жыцьця: яго старэйшы брат Эрык зьехаў з глузду падчас працы ў бальніцы па даглядзе за слабавумнымі дзецьмі й цяпер падпальвае сабак і есьць дажджавых чарвякоў, маці… яна кінула іх, потым праз тры гады прыехала на дзявятым месяцы цяжарнасьці на байку, па-хуткаму нарадзіла й праз два дні пасьля родаў зьехала ў невядомым кірунку, сам Фрэнк ужо тройчы пасьпеў забіць, прычым ягоны падыход да забойстваў уражвае. І, напэўна, самае галоўнае ў кнізе, што пралівае цьмянае сьвятло на ўсё гэта дзікунства й шалёнае дзяцінства – яму сабака, яшчэ калі ён быў малым, адгрыз пісюн зь яйцамі, так, што ён ня толькі ня здольны мець нейкія полавыя зносіны, але й ссыць, як баба… Па-мойму – выдатна! Аўтар рэжа па жывому без наркоза, ломіць сваю праўду, гвалціць мозг.

Гэня. Дзякуй, Ян, за кароткі зьмест, але я вось што скажу. Кніга мяне не спалохала і не зьдзівіла. Усё, што тут апісана, – гэта, вядома, брыдка, агідна, але ня вусьцішна, таму што хваравіта, таму што па-дурному, таму што самі героі не разумеюць, хто яны такія ёсьць на самой справе.

Тут няма гэтага погляду назад, у мінулае, няма раскаяньня! Калі б было раскаяньне, тады было б вусьцішна ад усьведамленьня таго, што нарабіў. Але аповед вядзецца пра ненармальныя рэчы цалкам нармальнай мовай, быццам бы так і трэба. А галоўны герой не ўсьведамляе сваю… ненармальнасьць… Ён лічыць сябе ў параўнаньні са сваім братам, Эрыкам, цалкам нармальным. І ён жахаецца таго, што Эрык падпальвае сабак, але ён сам ня так даўно сапраўды гэтак жа падпальваў зайцаў ды наогул забіў трох дзяцей. Але гэта для яго цалкам нармальна, гэта як мае быць, і ён зусім не дакарае сябе, і нават у фінале, калі адчыняецца таямніца Фрэнка, ён знаходзіць “рацыянальнае тлумачэньне” сваім забойствам і нічога не адчувае да тых трох дзяцей, якіх ён забіў, хоць па ягоным жа “рацыянальным тлумачэньні” ўсё гэта было дарэмна. Ён проста перакладае віну за ўсё на свайго бацьку. Але сябе вінаватым не адчувае. Гэта вельмі проста – перакласьці ўсё на бацькоў, абвінаваціць іх…

Нэля. Ой ну мля, што-та ў вас тут неяк інтэлектуальненька… А вы будзеце ўвесь вечар так? Га? А то мне ўжо спаць хочацца.

Вераніка. Ты лепш пі, даражэнькая, і маўчы, усім вядома навошта Ян цябе прывёў… Ладна, да кнігі… Вінаваціць бацькоў – гэта клясыка, гэта самае лёгкае… Я лічу гэтую кнігу бяздушным стварэньем. Я не магу чытаць кнігі, дзе апісваецца зло дзеля самога зла, бруд дзеля бруду, дзе няма катарсісу, дзе няма адчаю аўтара, дзе няма нейкага тлумачэньня, філязофіі! У мяне паўстае пытаньне: “Навошта?” У нашым сьвеце і так шмат розных паганых і жудасных рэчаў. Навошта запаўняць гэты сьвет яшчэ большым дзярмом? Адна справа пісаць пра зло, каб паказаць, якім яно можа быць, і каб людзі ўбачылі, да чаго той ці іншы дрэнны ўчынак можа прывесьці, каб даць зразумець, што так нельга, ня варта, ня трэба! Але цалкам іншая справа – пісаць пра жахі проста таму, што гэта вусьцішна ці, лепей сказаць, эпатажна. Бэнкс на гэта й разьлічваў? Малайца! Правільна разьлічыў – ён прыўнёс з сабою супярэчлівае ўражаньне. Можна яму папляскаць! Гэтая кніга пабудаваная на чалавечай тупасьці, якая ніяк не ўсьведамляецца, якая проста замоўчваецца, на гэтым чортавым экспэрымэнтатары з хваравітым розумам. Я да канца не чытала, проста прагартала, дрэнь!

Вітаўт. Ой, Вераніка, што ты лезеш са сваімі “не спадабалася”… Тут проста гульня з таямніцаю, якая на працягу ўсяго раману трымае чытача. Мала цяпер такіх пісьменьнікаў, здольных трымаць сюжэт на адной падзеі, на адной галоўнай рэчы. А потым усё адразу раскрываецца, і ўсе шматлікія дзівацтвы й намёкі складаюцца ў адну карцінку, становяцца зразумелымі й маніякальнасьць апавядальніка, і шматлікае іншае. Мне падабаецца, што тут ёсьць тлумачэньне. Бацька Энгус не рэгіструе ўласнае дзіця, не пускае яго ў свой габінэт ні ў якім разе, кульгае ад таго, што ягоная жонака зь вельмі свабодалюбным характарам адразу пасьля родаў пакаціла на матацыкле ды зламала яму нагу. Ён, акрамя таго, пра што казаў Ян, склаў энцыкляпэдыю вымярэньняў уласнага дома, куды крапатліва занесена ўсё: ад даўжыні ножак стала й тэлефоннага дроту да ёмістасьці лыжкі, ён прымусіў сына вывучыць усё гэта на памяць, рэгулярна правярае. Гэта ж неверагодна сакавіта, гэта цудоўны раман… Мяне ўласна ў некаторых момантах ён узбудзіў! Усе мусяць даўно зразумець, мужчына без жанчыны ператвараецца ў лайно, у падабенства, у маньяка, у шалёнага маньяка! Усе мужчыны такім чынам губляюць чалавечае аблічча, а калі вам яшчэ адрэзаць хуй! Тут увогуле адбудзецца дзікае, шалёнае ператварэньне ў невядома каго ці што!

Усе пакрысе пьюць ўіскі, разьліўное нефільтраванае піва, набытае ў суседняй міні-піўнуншцы на рагу дома… каньяк… хтосьці ўжо перайшоў на мянтолава-мятны Глікадзін… кураць цыгарэты, сігарылы, лёгкую траўку… закусваюць сырам, памідорамі, белым, чорным хлебам, цытрынаю, памэлаю, аліўкамі, ядуць вэнджанае мяса, рвуць зубамі вэнджаны сыр… запіваюць усё зялёнай халоднай гарбатай, кока-колай, фантай, цытрынавым сокам, ананасавым сокам, яблычным сокам, вадою з распушчаным парэчкавым варэньнем, пьюць каву, дзьмухаюць на гарачае, мружацца ад халоднага, патнеюць ад сьпякотнага…

Інэса. Яшчэ ў дзяцінстве я не магла спакойна назіраць за тым, як хлапчукі з маёй вёскі, зьбіраючыся на футбольным стадыёне, прэпаруюць безабаронных лялячак, жабак, кузурак, жукоў-насарогаў, як яны ловяць мышэй і галубоў і бьюць іх камянямі з рагатак… Ва ўсім гэтым было столькі першабытнага зьверства, глупства, непатрэбнасьці й неабгрунтаванай жорсткасьці, што я проста згубіла падлік аплакваньням няшчасных кузурак і ўласную няздольнасьць неяк паўплываць на малалетніх садыстаў. Я проста назірала, часам заплюшчвала вочы ад вычварэнстваў, але ніколі іх не спыняла, я таксама была часткаю гэтага… Калі нехта зь іх у больш сталым узросьце пераключыўся на кацянят, шчанюкоў, а потым і на бамжоў – я ўжо не зьдзіўлюся… Дзіўная кніга, так, але для мяне яна нішто. Дзіўная сямейка, дзіўныя людзі, дзіўныя падзеі, дзіўная Фабрыка. Шчыра кажучы, на пачатку ўсё здавалася мне такім неверагодным трызьненьнем. Усё апісана цынічна й холадна, што нехаця пранікаесься гэткім жа настроем, у такім выпадку пісьменьнік фантастычна з гэтым справіўся. Зь іншага боку, ніякага напружаньня й ніякага катарсісу… Напружаньне не нарастае на працягу ўсёй кнігі, а толькі ўзрастае хвалямі мэдычная зацікаўленасьць да таго, як менавіта герой дасьць рады таму ці іншаму чалавеку… Напэўна, я маньячка, але толькі так і зацікавіла.

Ян. Ладна, уласна кажучы, хопіць з гэтай кнігай…

Ян кідае на стол кнігу, за якую ён дамовіўся адказваць… Кніга была ў мяккім пераплёце, сэрыі покет-букаў, яна адразу разгарнулася недзе на пачатку рамана й так і засталася ляжаць самотніцаю сярод кілішкаў, кубкаў і талерак…

Інэса. Я заўважыла, што стала шмат кніг, дзе апавядаецца вайна вачыма дзяцей. Гэтая тэма балюча б’е нават тых, хто не занадта сэнтымэнтальны. Два хатнія хлопчыкіблізьнюкі прыяжджаюць да бабулі, якую раней ніколі ня бачылі, каб удалечыні ад вялікага горада перажыць вайну. Дакладней, іх прывозіць і пакідае маці. Нялёгка прыходзіцца дзецям ва ўмовах жорсткасьці і татальнай антыгігіены. Але пра што тут я?! Вайна, глыбінка… Хлопчыкі ня проста хлопчыкі, яны вельмі разумныя, таму трэніруюць цела й душу, каб навучыцца перажываць усе нягоды. Толькі вось да чаго прывядуць гэтыя практыкаваньні? Кніга сапраўды ад першых старонак зьдзіўляе сваёй шчырасьцю й праўдзівасьцю. Мова лёгкая, крыху нібыта дзіцячая, што дапамагае чытачу канчаткова паверыць у рэальнасьць існаваньня дзёньніка блізьнят. Спачатку ўсё даволі бяскрыўдна й нават на дзіва добра. Але паступова ўсё заблытваецца ў жахліва дарослым і дрэнным сьвеце, дзе даводзіцца выжываць гэтым дзецям, іх зусім не шкада, вусьцішна, што вайна робіць іх такімі. Мне толькі падалася некалькі залішняю наяўнасьць столькіх сэксуальных сцэн.

Нават ня ведаю, што лепш: каб гэта была толькі фантазія аўтара ці каб гэта была рэчаіснасьць. Вось чытаеш сучасную літаратуру – і ствараецца ўражаньне, што маньякі ўсюды і ў залішняй колькасьці! Так, стыль, манера пісьма – крыху адстароненая, безэмацыйная, але пранізьлівая дашчэнту… Непрывабны побыт і чалавечыя адносіны, якія цягнуць вас на дно, брыдка й прыгожа, часам усё выклікае нейкую гідлівасьць, а часам эратычнае ўзбуджэньне, часам пачуцьцё глыбокай тугі і, адначасова, для мяне гэтая кніга сталася новым узроўнем разуменьня свайго жыцьця!

Ян. Сапраўды, новае разуменьне… Я люблю менавіта такія кнігі, якія ствараюць новае для цябе асабіста, кнігі, празь якія вучысься ня толькі жыцьцю, але й пісьму! Калі я быў малым, недзе так чатырнаццацігадовым, я вельмі любіў гэтую кнігу, нават марыў нарадзіцца з такім жа братам-блізьнюком, і каб яго звалі Лукас, а мяне Клаўс, і мы былі б неверагодна бліскучымі садыстамі, мне моцна падабалася гэтая кніга, але, здаецца, на той час я яе ня надта добра разумеў, альбо наадварот, бачыў празь яе сьвет інакш… Не істотна! Мне ў кніжцы заўсёды падабаліся гэтыя пераходы – калі апошняя фраза папярэдняй часткі суадносіцца з першай фразай наступнай. Гэта ўсяго адна фраза, але кожны раз яна вельмі выразна дае зразумець, што цяпер будзе інакш – колькі будзе герояў, хто будзе галоўным, і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні, але акрамя таго, што гэтая кніга неверагодна прыгожая сваімі рэзкімі разваротамі сюжэту, мне яна заўсёды падабалася яшчэ й як проста тэкст, чысты, празрысты тэкст. Тое, як гэты небагаты сінтаксіс дае фантастычны эфэкт… м-м-м… Смаката! Гэта выдатна! Але самае цудоўнае, дык гэта тое, што як толькі ты пачынаеш верыць у тое, што распавёў аўтар, разумець, асуджаць, шкадаваць – раз, і пачынаецца новая частка кнігі, якая пераварочвае ўсё з ног на галаву. І так некалькі разоў, да тых часоў, пакуль ты не пачынаеш блытаць праўду з выдумкай. А пад канец, калі адрозьніць блізьнюкоў адзін ад аднаго практычна немагчыма, аўтар нарэшце спускаецца да чытача й расквітваецца зь ім, як забойца, як садыст, ён адразу пераразае ўсе ніткі апавяданьня, пакідаючы цябе паміраць…

Гэня. Годная кніга, здаецца лепшай па выкананьні за папярэднюю… Рэалістычная, жорсткая, гідкая, злосная, але ж неверагодна мяккая, спакойная й родная, танюткая й бязважкая… побач з гэтай кнігай не стаялі ані Голдынг, ані Сэлінджэр. Гэтыя дзеці чымсьці нагадваюць Оскара, чымсьці знакамітага Курдупеля Цахеса. Як на мяне, мова скупая, пазбаўленая мэтафар, параўнаньняў, мастацкіх апісаньняў, але ў наш час гэта часта лічыцца плюсам, прыкметай мадэрновасьці ці чагосьці такога кшталту, калі тэкст ёсьць інфармацыяй, ня болей. Які час, такая і мова. Кніга складаецца з трох твораў, кожны твор перакульвае зьмест папярэдняга, як бы перакрэслівае некаторыя падзеі, зьмяняе іх сэнс і зьмест. Жорсткі стыль, шмат гвалту, сэксу, злосьці чалавечай, вельмі мала любові, але менавіта чалавечнасьць у гэтай кнізе вымалявана найбольш яскрава, у кантэксьце вайны, таталітарызму, усеагульнай недаверлівасьці й зласьлівасьці. Дзеці выдумляюць сабе жыцьці, яны проста выжываюць, у адрозьненьне ад падобных герояў у таго ж Коба Абэ, Макса Фрыша альбо Ўільяма Голдынга… І яшчэ мне, хм, падабаецца, што тут не да канца зразумела, што да чаго з гэтымі блізьнятамі… а пэрсанажы якія ў рамане(!): бабуля, Заечая Губа, кюрэ, Лукас, Клаўс, Маціяс… Калі праглядзець зрэз апошніх раманаў пра “дзяцей”, можна ўбачыць, што героі становяцца больш гострымі, не такімі гладкімі, як каменьчыкі, якія кінуў – і яны запляскалі жабкамі па паверхні тэкста, весела, бесклапотна… Мы можам бачыць, што дзеці робяцца складанымі, злымі, шалёнымі, і нашая сучаснасьць да канца яшчэ не спарадзіла таго апошняга, галоўнага літаратурнага дзіцёнка, які, стаўшы правадыром усёй гэтай недарослай зграі жудасных стварэньняў, павядзе іх вайною на нашых будучых дзяцей і зьнішчыць іх. Як бы мы ні імкнуліся забараняць гэтыя кнігі, кляйміць іх “чорнымі сьпісамі”, для нас, як вядома: “Рукапісы не гараць!”, спадарства. Амэн.

Ян. Усе, хто чытаў кнігу, зразумеюць мяне, што напісаць альбо патлумачыць, выказаць нешта пасьля яе прачытаньня досыць складана. Ты як быццам апынаесься ў вакууме. Складана апісаць свае адчуваньні. Я зразумеў, што сьмерць у кнізе набывае зусім іншы кантэкст, яна пададзеная як выратаваньне, і мне гэта даспадобы… У кнізе няма месца слабасьцям. Канец кнігі сьцвярджае ісьціну пра тое, што калі ты застаесься адзін, то ты прайграў у гэтым жыцьці. Амэн. І так, пасьля гэтага раману я доўгі час баяўся пісаць сваю прозу, бо баяўся сутыкнуцца з тым недарослым пісьмом, з сорамам.

Вітаўт. Ня ведаю, мяне прасьцей было б прымусіць паесьці гаўна, чым дазволіць апынуцца ў гэтых жудасных вычварэнскіх падзеях між нейкімі дзецьмі. Я не дачытаў, але стараўся, вельмі, паверце! Гэтая жорсткасьць, ваенны цынізм, брудныя людзі і такія ж словы, гутаркі, падзеі, учынкі… Я скочваўся да шызафрэніі… Было адчуваньне, быццам бы з кожнай старонкаю мяне па патыліцы білі нейкім ваенным рэменем… Немагчыма было чытаць гісторыі, у якіх прысутнічала Заечая губа! Я прайшоў свайго кшталту літаратурную лябатамію…

Вераніка. Я не чытала гэтую кнігу, і мне гэта неяк фіялетава!

Вітаўт. А цябе ніхто не пытаў!

Вечар падыходзіў да свайго дзівоснага мэдыюму, ежа была ўжо не цікавая, гутаркі ліліся хутка, спрэчкі ня надта выходзілі, сёньня Гэня й Ян былі на дзіва лагодныя і спакойныя, і ўсе ведалі, што калі так, то ніхто асабліва спрачацца ня будзе. Усе ведалі, што калі ёсьць пэўная колькасьць вадкасьці, гэта выратуе сітуацыю, выратуе вечар, надасьць яму рахманасьці… але гэта мусіць быць сапраўды пэўная колькасьць, адмераная грамамі, міліграмамі, адмераная самім жыцьцём, страўнікам, крывацёкам, дбайным падыходам да справы, няўлоўнымі рухамі, вачыма ў цёмных вачніцах, дрыготкімі вуснамі, белымі павекамі.

Мімікрыя

Подняться наверх