Читать книгу Упырхлікі - Андрусь Макатоўша - Страница 3

Частка першая: Андрусь
1

Оглавление

Каб любіць Беларусь нашу мілую,

трэба ў розных краёх пабываць.


Песьня савецкіх часоў

Не адзін вялікі пісьменьнік да мяне задаваўся пытаньнем, з чаго яму варта пачынаць свой галоўны і часта адзіны твор – задаюся ім і я, у астатнім чалавек зусім, трэба сказаць, не задавасты. Ну хіба сраку я за гады, што праўда, крыху ад’еў. Мая прыроджаная (ці адпрыродная? як бы напісаў вялікі пісьменьнік?) сьціпласьць змушае мяне патлумачыць вам, сваім чытачам (выбачайце, што пішу вам з маленькай літары, бо так, наколькі мне ведама, патрабуюць правілы – а таксама з адной маленькай вёскі, назвы якой ня маю ахвоты прыгадваць, надта ж яны абедзьве мне ненавісныя), адкуль уласна паходзяць вытокі гэтае самай сьціпласьці – то бок пачаць з моманту майго нараджэньня, але ж яго я акурат, як на бяду, і ня памятаю. Затое памятаю шэраг іншых ня менш важных рэчаў, якія адбыліся са мною неўзабаве пасьля яго. Першаю рэччу ў гэтым шэрагу быў той незабыўны дзень, калі я даведаўся, што я сірата. Паведаміў мне пра гэта ня хто іншы, як злыя дзеці ў дзіцячым садку пры дзіцячай калёніі, куды траплялі, як неўзабаве выявілася, такія ж як я малалетнія правапарушальнікі, што таксама пазабівалі сваіх мацярок пры родах. Пасьля гэтага паведамленьня я пачаў плакаць і плакаў тры дні і тры ночы, пакуль у маім жыцьці ўрэшце не зьявіўся дзядзька Базыль, тэрмінова выкліканы да мяне з выцьвярозьніку, каб забраць мяне ў так званае дзядзькаваньне. На той момант мне было тры гады.

Дзядзька Базыль і насамрэч быў маім дзядзькам, то бок братам майго нябожчыка-бацькі, які скончыў жыцьцё самагубствам тады, калі даведаўся пра цяжарнасьць маёй матулі. Дзядзька займаўся настаўніцтвам, па суседзтве – гэта значыць, збольшага хадзіў па суседзях і за пачастунак вучыў іх, як трэба жыць. Яшчэ ў той жа дзень дзядзька Базыль прадставіў мяне маім бабці зь дзедам – сваім і майго бацькі бацькам. Дзеля гэтага ён завёз мяне да іх на вёску і пакінуў мяне там азнаямляцца з жыцьцём простага народу да маіх дзевяці гадоў, калі мяне ўрэшце прызналі прыгодным да навучаньня ў школе й аддалі ў першую клясу. Да гэтага ўсё ішло як нельга лепей: у бабы зь дзедам мне было анігадкі, па вечарах мы гулялі зь імі ў даміно і карты, шляхам чаго я набіраўся розуму. Дзядзька Базыль рэгулярна нас наведваў: як толькі ў астатніх дзяцей (а такім чынам і ў яго як настаўніка) пачыналіся летнія вакацыі, ён тут жа зьяўляўся на парозе і пачынаў мною займацца на правах апекуна. Гэта значыць – забіраў мяне з сабою, як ён казаў, «цягацца па сьвеце».

Сьвет дзядзькі Базыля, трэба сказаць, ня быў надта вялікім што да геаграфічных маштабаў, складаючыся пераважна з ваколіцаў ягонай роднай вёскі, якія мы зь ім абышлі ўжо ў нашую першую вандроўку. Дзядзька Базыль называў гэта «азнаямленьнем з гістарычнымі мясьцінамі» – праводзячы мяне па навакольлі, ён апавядаў пра кожную мясьціну якую-небудзь гісторыю з сваёй маладосьці: маўляў, вось тут я бухаў, тут пабіўся, вось з гэтаю жыў, з гэтым служыў і г. д. З кожным годам радыюс нашых вандровак усё пашыраўся, і неўзабаве нам давялося спыняць папутныя машыны, каб дабрацца дадому – а ўжо ў наступны год і каб дабрацца да месца прызначэньня. Як толькі мы такім чынам перасягнулі арбіту дзядзькавага роднага краю, ягоныя гісторыі раптоўна скончыліся – што змусіла яго пачаць прыдумляць дзеля мяне ўсякія показкі, прывязаныя да ніколі яшчэ ня бачаных ні мною, ні ім мясьцінаў. Балазе, фантазіі ў дзядзькі было нямерана. Крыху падпіўшы дзеля куражу, ён пачынаў вярзьці нейкую няўцямную для мяне мутню пра вялікае княства, белую вежу, чорную даму (па-нармальнаму – пікаў, а па-дзядзькаваму – вінаў), алькатабы і ўсё такое іншае. Дзеля падмацаваньня сваіх запаленых прамоваў ён пэрыядычна паказваў мне нейкія зачыненыя культавыя будынкі й разбураныя абарончыя збудаваньні, а я яму, як той дурань, і верыў.

Такім чынам, у сваім дзяцінстве я шмат дзе быў, але бадай нічога ня бачыў, апрача руінаў. Часам у мяне ўзьнікала адчуваньне, што хтосьці, здольны на адлегласьці чытаць дзядзькавы думкі, наўмысна абганяе нас на дзень-другі, каб пасьпець разваліць чарговы архітэктурны помнік акурат перад нашым прыездам. Дзядзька звычайна абяцаў паказаць мне які-небудзь казачны замак, які я ўяўляў сабе такім прыгожым, як у мульціках – а ў сапраўднасьці паказваў замест яго які-небудзь пагорак, у лепшым выпадку – гурбу цаглінаў. Ад расчараваньня я плакаў, як малы – зрэшты, я і быў малы. Аднойчы дзядзька па сакрэце прызнаўся мне, што ўсе гэтыя зруйнаваныя помнікі ў сукупнасьці ўтвараюць нашу Радзіму. Пасьля чаго яшчэ дадаў, што я насамрэч яму ніякі не пляменьнік, бо ягоны нябожчык-брат паводле бязьлітасных каляндарных законаў прыроды ніяк ня мог быць маім бацькам, праз што і скончыў самагубствам, але нягледзячы на гэта, маўляў, ён любіць мяне як роднага сына. Абодва гэтыя адкрыцьці мяне агаломшылі, нават ня ведаю, каторае болей.

Тым часам як ад дзядзькі я даведаўся пра існаваньне Радзімы, пра існаваньне іншых краінаў мяне паінфармавалі дзед з бабцяй – хоць, праўда, і ненаўмысна. Менавіта зь іхных размоваў я пачуў загадкавы выраз «за Польшчай» – як потым аказалася, гэтая Польшча калісьці займала ажно палову дзядзькавай, то бок нашай, Радзімы, і дзед з бабцяй у гэтай Польшчы ў маладосьці жылі. І хаця жыцьцё гэтае было, так бы мовіць, ня самым прасунутым, яны, маўляў, былі шчасьлівыя, бо былі маладыя. Гэтак я даведаўся, што шчасьліва можна жыць і ў іншых краінах, а ня толькі ў нас на Радзіме – дастаткова ўжо, каб гэтыя іншыя краіны крыху зьмясьціліся ў наш бок. Цяпер, праўда, казаў дзед, Польшча, бы той марскі прыліў, адышла ў заходнім кірунку – але я цішком верыў, што яна аднойчы абавязкова вернецца. А калі ня вернецца, то мы зь дзядзькам зьезьдзім на наступнае лета яе паглядзець. Аднак замест гэтага мяне налета аддалі ў школу.

Упырхлікі

Подняться наверх