Читать книгу Упырхлікі - Андрусь Макатоўша - Страница 5

Частка першая: Андрусь
3

Оглавление

Заўтра вецер пераменіцца.

М. Попінс

Унівэрсытэт знаходзіўся там жа, што і сталіца маладой Рэспублікі Беларусь, то бок у Менску, і я паступіў у яго зь першага ж разу як сірата і вясковец, дзякуючы нейкім гуманітарным квотам. Не пасьпеў я ў той Менск прыехаць, як адразу ж зьдзівіўся: ён быў яўна большы за Вільню, але ж пры гэтым упрыгожаны выявай таго самага канякі, што я бачыў і ў Вільні, толькі сьцягі па-над ім луналі крыху іншыя – такія, якія дзядзька па п’яні маляваў на платах. Доўга я ня мог у горадзе акліматывавацца, бо ўсе ў ім гаварылі іначай, чым у нас на вёсцы, не раўнаючы ў той Вільні, толькі зусім па-іншаму. Праўда, мне ў першы ж год пашчасьціла сутыкнуцца на нейкім канцэрце з гурбай нармальнай моладзі, што гаварыла па-людзку, і я тут жа да іх падруліў, як да землякоў: зь якой вёскі, маўляў? Моладзь аказалася, аднак, не зусім нармальнай: па-першае, ніводнага вяскоўца сярод іх не было (праз гэта, бадай, мяне й прынялі ў іхнае кола «на ўра», хоць я, прашу заўважыць, быў вяскоўцам толькі па пашпарце, а ў душы – грамадзянінам сьвету і местачкоўцам), па-другое, самі яны называлі сябе нефармаламі, а астатнія лічылі іх проста псіхамі. Усе яны былі мастакамі, паэтамі, пісьменьнікамі, музыкамі й паходзілі з такіх жа, як яны самі, сем’яў – ніхто зь іх у жыцьці не працаваў у калгасе, нават самога слова «калектывізацыя» не трываў. Ну, я на іх не крыўдаваў – галоўнае, што сярод іх была пара-тройка прыгожых дзевак. Праз гэтых дзевак я, канец канцоў, і ўлез у палітыку.

Недзе на самым пачатку другога курсу да мяне ў інтэрнат прыбег мой сябар Вітаўт (якога насамрэч звалі Гена), пабудзіў мяне й пачаў клікаць на плошчу ў сьведкі нейкага жахлівага генацыду – маўляў, усе «нашыя» ўжо там. Каб я ведаў, што такое генацыд, то не хадзіў бы. Аказалася, паводле вынікаў нейкага ці то ахвярэндуму, ці то лесьбісцыту з фасаду будынку ўраду (а мо й парлямэнту, я ж ня менскі) скінулі віленскага каняку, а ў дадатак яшчэ нейкі невядомы мне мастак-пэрформэр залез на страху й пачаў усім падпісвацца на стужках, бы на выпускным, толькі стужкі былі зь беларускага дзяржаўнага сьцягу.[3] Міліцыя, як заўжды, ні ў што не мяшалася, нягледзячы на выяву такога ж канякі на фуражках. Гэта мяне абурыла: «Мужык,» крычу, «ты шо робіш? Апупеў? Карлсанам задзелаўся? Ты ж без страхоўкі! Яшчэ грымнесься ўніз – турыст, маць яго, знайшоўся…» Я спадзяваўся, што маю актыўную пазыцыю ў гэтым пытаньні заўважаць перадусім дзяўчаты – але яе заўважылі перадусім мянты. Гэтак я ў першы раз у сваім студэнцкім жыцьці трапіў на суткі. Пасьля гэтага ўжо і дзяўчаты мяне заўважылі: на спатканьні да мяне ў прыёмнік пачаргова хадзілі ўсе тры прыгажуні. Тыдзень праляцеў, як вада з цукрам – умовы ў прыёмніку ў параўнаньні з нашым сіроцкім дзіцячым садком былі ня самыя горшыя.

Выйшаў я з сутак закарэлым і закаранелым ворагам дзейнага ладу. Да канца другога курсу я на знак салідарнасьці з апазыцыяй не выходзіў з запою – за гэты час у мяне настолькі адрасьлі валасы, што дзед з бабай і дзядзькам не пазналі мяне, калі я прыехаў на вёску на вакацыі. Бабця абвясьціла мяне «анціхрыстам», а дзядуля ганяўся за мною па двары з нажом і намерам адрэзаць мой конскі хвост. І толькі дзядзька нешта бубнеў пад вусы ў сэнсе «Усе мы былі маладыя й дурныя» (хаця хадзіць са мною ў грамадзкую лазьню пасьля й пасаромеўся). Свой конскі гонар мне ўдалося-такі ад дзеда ўбараніць. Калі, вярнуўшыся з вакацый, я трапіў на першы ў новым сэмэстры апазыцыйны мітынг, мяне адразу ж прыкмеціла купка маладых людзей падобнай да мяне зьнешнасьці, і самы цьвярозы зь іх тут жа падышоў да мяне і спытаўся: «Гэй, хлопча, ты часам не анархіст?» Згадаўшы бабціну абзывалку, я ўзрадаваўся: бабуля зноў мела рацыю! Гэтак я пазнаёміўся зь яшчэ адной катэгорыяй прасунутай моладзі, якая неўзабаве навучыла мяне курыць (бо піць я ўжо ўмеў дагэтуль, дзякуючы сваім сябрам-псэўдавяскоўцам).

Ад новых сяброў-анціхрыстаў я даведаўся жахлівыя рэчы: ня толькі тое, што мы ўсе ад нараджэньня жывем у злачыннай рэпрэсіўнай сыстэме, але й што раскіданыя кавалкі зубровага цела цяпер зноў спрабуюць сшыць разам нанова, каб зрабіць зь яго гэткага зьвярынага вітгенштайна, страшнага бязьлітаснага монстра, у параўнаньні зь якім колішні жывы зубр быў проста ўвасабленьнем рахманасьці й чалавекалюбства. Пры ўсёй маёй любові да скаціны гэты намер здаваўся мне негуманным. Карацей кажучы, анархісты напалохалі мяне да ўсёру. Ад іх жа я ўпершыню пачуў слова «эміграцыя» і пачаў сур’ёзна над ім задумвацца – перадусім над тым, што яно ўласна азначае.

Між тым ува ўнівэрстэце маё становішча пагаршалася: каб заняць чымсьці хлапцоў майго веку, для іх стварылі вайсковую катэдру. На першай жа шыхтоўцы палкоўнік Кастамалоцкі, зьмераўшы поглядам даўжыню маіх валасоў, сказаў, што ў мяне невайсковае мысьленьне, таму такім як я дарога адразу ў войска. (У гэтай фразе ён, як той яшчэ підагог, тут жа й падаў наглядны прыклад вайсковага мысьленьня.) Маўляў, навошта я хачу быць афіцэрам? Я такі – ну, хачу памерці за Радзіму. (Не, ну праўда, раз нашая Радзіма цяпер – Беларусь.) А ён: Радзіме патрэбныя шарагоўцы! Тады я, абы толькі ня быць шарагоўцам, якім у нашым войску яшчэ да пачатку баёў пагражае верная сьмерць, папрасіўся адразу ў камікадзэ – на што палкоўнік Кастамалоцкі параіў мне сьпярша пастрыгчыся, а тады, маўляў, і пагаворым. Больш мяне на вайсковай катэдры ня бачылі: мой анархісцкі гонар не дазволіў мне разьвітацца з маім хаерам.

Замест вайсковай катэдры я запісаўся ў танцавальны ўнівэрсытэцкі ансамбаль «Дзедканданс». Народныя касьцюмы, якія выдавалі ў ансамблі, былі нашмат прыгажэйшыя за вайсковую форму. Апрача таго, у ансамблі ня трэба было стрыгчы валасы, а толькі пазногці на нагах, каб тыя ўлязалі ў боты, ну і да ўсяго ансамбаль меў права, у адрозьненьне ад вайсковай катэдры, выяжджаць раз на год за мяжу на міжнародныя агледзіны, а гэта акурат супадала з маімі плянамі. А пляны мае былі такія: яшчэ да таго, як мяне канчаткова вытураць з унівэру, пасьпець пабачыць сьвет і навучыцца як сьлед прынамсі аднаму народнаму танцу. Што я ў душы народны танцор, я зразумеў пасьля таго, як мяне затрымалі на менскім вакзале, дзе я ў падпітым стане (ну сябра праводзіў, што тут такога) дэманстраваў напалоханым людзям нейкія старажытныя антраша. Гэта палічылі нацыяналістычнай агітацыяй і зноў упаялі мне суткі. Тут я ўжо ня вытрымаў і пасьля адсідкі пайшоў проста ў Хельсінскі камітэт: прадставіўся чальцом групоўкі «Чорны Недадзел»[4] і заявіў, што мяне перасьледуюць паводле нацыянальнай прыкметы (а менавіта народнага танцавальнага касьцюму, у якім я палюбіў хадзіць і па-за рэпэтыцыямі, у тым ліку на заняткі, як сапраўдны народнік). У камітэце мне выдалі Пасьведчаньне рэпрэсаванага з подпісам Зянона Пазьняка («Падацяля сяго прыгрэць, накарміць, прытуліць. Зянон.»), але на ўсякі выпадак яшчэ параілі дадаткова зьвярнуцца ў Навінкі. Навінкі – гэта была тады такая распаўсюджаная маладзёвая й малатыражная газэта, што выдавалі мае сябры-анціхрысты зь «Недадзелу». Ну, то я ў яе зьвярнуўся і паведаміў сябрам па сакрэце, што нашая танцавальная трупа якраз зьбіраецца ў замежную гастроль, і што з гэтай нагоды мне не зашкодзіла б мець з сабою апроч пашпарту яшчэ й чорную кніжку анархіста. Гэтая кніжка й аказалася ў выніку маёй пуцёўкай у жыцьцё.

3

Пэрформэрам быў тагачасны кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі І. Ціцянкоў.

4

Магчыма, Андрусь намякае тут на адзіную ў свой час у Менску анархісцкую групоўку «Чырвоны Жонд», да якой мы зь ім абодва належалі.

Упырхлікі

Подняться наверх