Читать книгу Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - Антось Уласенка - Страница 6
Дай нам божа жыць доўга і ўсім памерці
Баляда пра Кэрнуна й Фойкэ
ОглавлениеКалі я працаваў у Фінляндыі, калегі расказалі мне пра Пеньці Лінкалу – тамтэйшага мысьляра, мізантропа й біяцэнтрыстага, якога нярэдка называюць экафашыстым. Я знайшоў зборнік ягоных артыкулаў і зь цікаўнасьцю прачытаў. Ідэі Лінкалы падаліся мне слушнымі, пасьлядоўнымі й своечасовымі, прыпаў да густу ягоны радыкалізм. Але жыць у сьвеце ягонае мары я б не захацеў – аж надта ён нагадвае канцлягер. З гіпэрбалізаваных ідэяў Лінкалы ды ўласных разважаньняў пра месца чалавека ў прыродзе й нарадзіўся наступны тэкст.
Вось як мы зноўку сталі людзьмі.
На Гвінвідзе ў Ноч разьятраных зораў Фойкэ выляцела з Брэкільенскага лесу й скіравалася да Ўсясьветнага дрэва, пад якім сядзеў рагаты бог. Аса-блястафага, яна магла сваімі фасетачнымі вачыма глядзець на сто восемдзесят градусаў і бачыла над галавою туманнасьць Кілю, якая нагадвала слуп рознакаляровага пылу. Аматыдыі ейных вачэй фарбавалі іянізаваны кісларод зорнае скупнасьці ў сінечу, вадарод – у зяленіва, а серу – у чырвань. На тле гэтае мазаікі купал неба раз-пораз прарысоўвалі зьнічкі, якія, ведала Фойкэ, зьнічкамі не былі. Чаго ейныя вочы не маглі, дык гэта ліць сьлёзаў. Яна толькі бясьсільна траскатала жаваламі.
Кэрнун сядзеў зь перакрыжаванымі нагамі на траве пад Усясьветным дрэвам і таксама глядзеў на неба. Між ягоных разгалістых рагоў віліся гадзюкі, з даўгога валосься вытыкаліся насы палёвак, на каленях зганяла сон аляня. Ён выглядаў маладым і бязьвінным, хоць такім і ня быў.
Вялізны чорны ганчак, які ляжаў праваруч ад бога, падхапіўся й падскочыў да Фойкэ, калі тая склала паблізу дзьве пары сваіх крылцаў. Ён абнюхаў асіныя вусікі, укрытыя пылком смакоўніцы, і разачхаўся. Папырхаўшы, працягнуў дагляд: трохкутная галава з шырачэзным ілбом, грудзі, пярэднія, сярэднія й заднія ногі, распухлае чэраўца.
Ганчак зарыкаў, напужаўшы аляня, і зьвярнуўся да бога:
– Яна там штосьці мае.
Фойкэ спужана выгнулася й затуліла чэраўца ўсімі шасьцю канцавінамі.
– Вядома, мае. Пусьці яе, Мадыган. Неўзабаве адкладзе яйкі. Бачу, засталіся лічаныя дні, ці ня так?
Фойкэ моўчкі кіўнула й наблізілася да Кэрнуна. Той гэстам прапанаваў сядаць да яго на калені.
– Што прывяло цябе сюды, дачка мая блястафага?
– Я хацела задаць пытаньне.
– Мае дзеці заўжды могуць разьлічваць на мудры адказ свайго бога.
Фойкэ памулялася.
– За што?
Кэрнун глыбака ўздыхнуў і зь пяшчотаю пагладзіў асіныя крылцы.
– Яны ўзялі на душу грэх антрапацэнтрызму, – бог паглядзеў на гарызонт, дзе ўсё падалі й падалі зьнічкі. У ягоным голасе чулася непадробнае шкадаваньне. – Мне не пакінулі выбару.
– Кажаны, мурашы, дэльфіны, каты на Ануне, сьветлякі й перапёлкі на арбітальных станцыях і ў хабітатах… Гэта тэрыяцыд.
– Антрапацыд. Вымушаная мера. Яны больш ня могуць звацца запраўднымі жывёламі. Каляністыя на Ануне без майго нагляду пачалі мадыфікаваць целы, набліжаючы іх да чалавечых, а нашыя суплянэтнікі распрацоўваюць на арбіце забароненыя генэтычныя тэхналёгіі.
– Але ж мы ўсе калісьці былі людзьмі.
Кэрнун паклаў руку на шчаку Фойкэ й павярнуў ейную галаву, каб паглядзець у фасетачныя вочы.
– Няўжо Зялёны чалавек дабраўся й да Брэкільенскага лесу?
Ейныя вусікі заторгаліся.
– Кажуць, глыбака ўнутры мы дагэтуль засталіся людзьмі. Маўляў, людзі не павінныя адкладваць яйкі, гадавацца ў коканах, паядаць прадстаўнікоў свайго віду. Мы заслугоўваем на лепшае.
– А што ты хацела пачуць ад чалавека? Ён шавіністы – лічыць прыроду за нішто, як і любы антрапацэнтрысты.
– Тады патлумач: за што мне гэта? Чаму большую частку жыцьця я праводжу ўнутры смокваў і ня бачу белага сьвету? Чаму не пасьпела я ператварыцца зь лялечкі ў імага, як мяне апладнілі мае ж браты? Чаму потым мяне неаднойчы апладнялі ўласныя дзеці? Хіба гэта ня грэх? Чаму кожнага разу, шукаючы новую смокву на смакоўніцы, каб адкласьці яйкі, я мушу спадзявацца, што патраплю ў мужчынскае суплодзьдзе, бо жаночае ператравіць мяне дарэшты?
Ад хваляваньня дыхальцы па ўсім целе Фойкэ з шумам ганялі паветра.
– Бедная мая блястафага, – Кэрнун выглядаў пасумнелым, але не раззлаваным. – Ты наслухалася атрутных словаў і самая не разумееш свайго шчасьця. Раней, за часамі панаваньня чалавека, восы-блястафагі былі памерам з мой пазногаць, ня мелі розуму й жылі ня больш за пару дзён. Іхныя саміцы паміралі па першым жа прыплодзе. Дзякуючы майму клопату, вы жывяце сваім сёньняшнім жыцьцём. Ты пытаешся чаму? Бо так наканавана самою прыродаю. Ты – нібы той вінар, які абкопвае і ўгнойвае няплодную смакоўніцу ў вінаградні – апыляеш смоквы й даеш сьвету вялізныя вінныя ягады. Што тычыцца крэўнага скрыжаваньня, ніякае рызыкі яно не нясе: рэкамбінацыяў генаў у вас болей чым дастаткова. Тое, што для Зялёнага чалавека грэх, для дзяцей Кэрнуна такім не зьяўляецца.
Фойкэ не выглядала перакананай.
– Завошта ты так абышоўся з чалавецтвам? Цалком зьмяніў яго, але не пазбавіў розуму. Перакруціў форму, але пакінуў істу. Гэта нагадвае вытанчанае катаваньне. Зялёны чалавек кажа, першыя гібрыды жывёлы й чалавека ствараліся як сэкс-лялькі для вычварэнцаў. Навошта было заводзіць усё так далёка: ствараць цэлую плянэту лялек для сябе аднаго?
– Зялёны чалавек як заўжды кажа паўпраўду. Тое, што пачалося як вычварэньне, паслужыла добрай мэце. Усё, што я рабіў, павер, я рабіў у імя біяцэнтрызму. Чалавецтва загразла было ў невырашальных супярэчнасьцях і пагражала існаваньню ўсяго жывога. Я ня мог ня дзеяць. Каб парваць з індустрыяльным грамадзтвам і ягонымі жудаснымі параджэньнямі, духоўнае трансфармацыі аказалася недастаткова – спатрэбілася й фізычная. Адную плянэту людзі на той момант зьнішчылі, Гвінвідам я рызыкаваць ня мог.
Фойкэ не стрымалася: затраскатала жаваламі й заторгала вусікамі.
– Няпраўда! Ня дзеля біяцэнтрызму ты стараешся. Ты тэацэнтрысты. Самазакаханы бог. Тысячагодзьдзямі назіраеш, як створаныя табой цацкі жывуць і паміраюць, і цешышся з уласнае ўсёмагутнасьці.
Праваруч пагрозьліва зарыкаў Мадыган, зьверху засыкалі гадзюкі. Кэрнун суняў іх адным гэстам і спакойна пагладзіў Фойкэ па сьпіне.
– Ну-ну, усе вы – мае ўлюбёныя дзеці, я вас папросту даглядаю. А за цябе зараз гаворыць Зялёны чалавек, ягоныя злосьць і зайздрасьць. Гэта чалавечыя эмоцыі, жывёлам яны не да твару.
– У чым жа ён так няправы? Чаму людзі ня могуць падтрымваць біябалянс, жыць у гармоніі з прыродай?
– Могуць. Калі зьяўляюцца ейнаю часткаю. Калі перастаюць быць людзьмі. Бо пакуль імі застаюцца, паўсюль нясуць з сабою самаразбурэньне. Гэта Зялёны чалавек навучыў антрапацэнтрыстых забароненым тэхналёгіям. Адказнасьць за іх сьмерць ляжыць на ім. Паглядзі, усё ўжо скончваецца.
Калі б Фойкэ падняла свае фасетачныя вочы ўгару, яна б убачыла, што над гарызонтам узышоў Анун – спадарожнік Гвінвіду. Па ўсёй ягонай паверхні былі відаць зарнічныя выбліскі ракетных выбухаў. Падбітыя касьмічныя станцыі зьнічкамі падалі зь нябёсаў на тле туманнасьці Кілю. Зьнічак рабілася ўсё менш.
Але Фойкэ вачэй не падняла. Тых самых вачэй, якія маглі глядзець на сто восемдзесят градусаў. Імі яна адначасна бачыла Мадыгана, які неадрыўна сачыў за ёй, справа і голы жывот Кэрнуна, да якога прыціскалася чэраўцам, зьлева. Тыдзень таму на загад Зялёнага чалавека яна лятала на арбітальную станцыю да сьветлякоў, якія пасьпелі адгадаваць сабе пяціпальцавыя канцавіны й навытырыцца ў біяінжынэрыі. Там зь ейнага яйкакладу вынялі ўсе яйкі, замяніўшы іх фугаснымі бомбачкамі.
Рэзкім рухам Фойкэ выгнулася і ўсадзіла джала ў бок рагатаму богу. Ён застагнаў. У той жа момант Мадыган учапіўся ёй у грудзі, гадзюкі атакавалі галаву. Але было позна. Яна напружыла чэраўца й павыціскала бомбачкі ўнутар Кэрнуна. Фойкэ да апошняга ня верыла, што ў яе атрымаецца забіць бога, хоць Зялёны чалавек і запэўніваў, што той – просты сьмяротны.
Выбухнула.
У Ноч разьятраных зораў на Ануне й на арбіце загінула каля двух мільярдаў. Зялёны чалавек кажа, яны не былі людзьмі ў сучасным разуменьні, то й пераймацца дарма ня варта. Гэта гісторыя. Трэба жыць далей.
Тае начы пачалося нашае вяртаньне да людзкасьці. У каторых з нас дагэтуль засталіся хвасты й мацалы, але гэта рудымэнты, ня больш за тое. Нашыя смакоўніцы цяпер няплодныя – ды замест таго, каб пасьсякаць, мы абкопваем і ўгнойваем іх, спадзяваючыся на перамены. Каторыя кажуць, бяз восаў-блястафагаў нічога не атрымаецца. З такімі ў нас размова кароткая.
Граху біяцэнтрызму мы на душу ня возьмем.