Читать книгу Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) - Артур Конан Дойл, Исмаил Шихлы - Страница 4

Жоўты твар

Оглавление

Публікуючы гэтыя нарысы, заснаваныя на шматлікіх выпадках, калі выбітны талент майго таварыша зрабіў нас гледачамі, а часам нават акторамі нейкай дзіўнай п’есы, натуральна, я апавядаю хутчэй пра яго поспехі, чым пра няўдачы. І гэта не столькі дзеля падтрымання яго рэпутацыі – бо, наадварот, калі ён заходзіў у тупік, энергія і рознабаковасць ягонай асобы ўражвалі найбольш, – але таму, што калі ён цярпеў паразу, зазвычай ніхто іншы таксама не спраўляўся, і гісторыя заставалася без фіналу. Аднак бывала, што нават калі ён памыляўся, праўда ўсё адно выходзіла на паверхню. Я занатаваў недзе з паўтузіна такіх гісторый. Найцікавейшыя з іх – «Рытуал Масгрэйваў» і тая, што я апавяду зараз.

Шэрлак Холмс рэдка займаўся практыкаваннямі дзеля практыкаванняў. Але мала хто быў здольны на большыя фізічныя высілкі, і, бясспрэчна, ён быў адным з найлепшых баксёраў сваёй вагавай катэгорыі – прынамсі, сярод тых, каго я бачыў. Але нагрузкі без мэты ён разглядаў як марнаванне энергіі, і разварушыць яго магла толькі нейкая новая справа. Тады ён быў абсалютна нястомным і няўрымслівым. Пры гэтым, як ні дзіўна, ён заўсёды трымаў сябе ў форме, дый харчаваўся вельмі ўмерана, а ў побыце быў амаль аскетам. Калі не лічыць ужывання раз-пораз какаіну, у яго не было заганаў, а да наркотыку ён звяртаўся толькі на знак пратэсту супраць аднастайнасці быцця, калі справы былі мізэрнымі, а газеты – нецікавымі.

Аднойчы ранняй вясной ён да таго разбэсціўся, што пайшоў са мной на шпацыр у Гайд-Парк, дзе на вязах прабіваліся першыя кволыя парасткі зеляніны, а на каштанах толькі-толькі пачыналі покацца ліпкія коп’і-пупышкі, ператвараючыся ў пяціканцовыя лісткі. Мы гулялі дзве гадзіны, у асноўным моўчкі, як гэта бывае з людзьмі, што добра ведаюць адно аднаго. Калі мы вярнуліся на Бэйкер-стрыт, было каля пятай вечара.

– Прашу прабачэння, сэр, – сказаў хлопчык-служка, як толькі мы адчынілі дзверы. – Прыходзіў нейкі джэнтльмен і пытаўся пра вас, сэр.

Холмс зірнуў на мяне з дакорам:

– Вось табе і пагулялі ў абед! – сказаў ён. – Гэты джэнтльмен ужо сышоў?

– Так, сэр.

– Ты запрасіў яго зайсці?

– Запрасіў, сэр. Ён зайшоў.

– І колькі чакаў?

– Паўгадзіны, сэр. Надта неспакойны джэнтльмен, сэр, хадзіў увесь час туды-сюды, шчэ й нагамі прытупваў. Я стаяў за дзвярыма, сэр, і ўсё чуў. А потым наогул выйшаў у вітальню і як гаркне: «Дык прыйдзе ён ці не?» Так і сказаў, сэр. А я яму кажу: «Пачакайце, калі ласка, яшчэ крыху». А ён такі: «Тады я пачакаю на вуліцы, бо тут я задыхаюся. Хутка вярнуся». З гэтымі словамі ён узяў і пайшоў, я і так, і гэтак, але не здолеў яго затрымаць.

– Ладна, ладна, ты зрабіў што мог, – сказаў Холмс, увайшоўшы ў пакой. – Усё ж такі вельмі прыкра, Ўотсан. Мне вельмі патрэбная справа, а раз мужчына быў так занепакоены, то, здаецца, гэта нешта важнае. О! Гэта ж не вашая люлька на стале. Відаць, ён забыўся. Добрая старая брыяравая люлька* з доўгім цыбуком, гандляры тытунём называюць такія бурштынавымі. Цікава, колькі муштукоў з сапраўднага бурштыну ёсць у Лондане? Некаторыя лічаць, што ў сапраўдным бурштыне ўсярэдзіне заўжды ёсць якая-небудзь мушка. Што ж, відаць, ён сапраўды вельмі ўзрушаны, калі забыў тут люльку, якую відавочна вельмі беражэ.

– Адкуль вы ведаеце, што ён яе вельмі беражэ? – спытаў я.

– Ну, новая такая люлька каштуе сем з паловай шылінгаў. Цяпер глядзіце: яна двойчы рамантавалася – раз драўляная частка, раз муштук. Абодва разы, як бачыце, яна была змацаваная срэбным колцам – а гэта даражэй, чым проста купіць новую люльку. Гаспадар вельмі яе шануе, калі аддае ў рамонт, замест таго каб купіць новую за тыя ж грошы.

– Што-небудзь яшчэ? – спытаў я, бо Холмс круціў у руках люльку, задуменна яе разглядаючы, як заўсёды ў такіх выпадках.

Ён падняў люльку і пастукаў па ёй доўгім указальным пальцам, як прафесар, калі чытае лекцыю пра косткі.

– Люлькі – рэч надзвычай цікавая, – сказаў ён. – Нішто не мае ў сабе столькі індывідуальнасці, магчыма, апрача гадзіннікаў і матузкоў. Аднак тут прыкметы не вельмі выразныя і не вельмі значныя. Уладальнік – відавочна мускулісты чалавек, ляўшун, з выдатнымі зубамі, бесклапотны ў сваіх звычках і не мае патрэбы ашчаджаць грошы.

Мой сябар кінуў гэтую інфармацыю быццам ненаўмысна, але я заўважыў, што ён падняў на мяне вочы праверыць, ці сачу я за яго разважаннямі.

– Вы думаеце, што ў чалавека справы ідуць добра, калі ён курыць сямішылінгавую люльку, – сказаў я.

– Гэта гросвенарская сумесь* па восем пенсаў за унцыю, – адказаў Холмс, пастукаўшы па люльцы, каб высыпаць крыху тытуню сабе на далонь. – А ён мог купіць выдатнае курыва за паўцаны, значыць, яму не трэба эканоміць.

– А іншыя пункты?

– У яго ёсць звычка прыкурваць люльку ад лямпаў і газавых гарэлак. Можна ўбачыць, што яна абвугленая знізу з аднаго боку. Вядома, запалка такога зрабіць не магла. Навошта трымаць запалку збоку ад люлькі? Але немагчыма запаліць люльку ад лямпы, не абвугліўшы галоўкі. І ўсё гэта з правага боку люлькі. Адсюль я раблю выснову, што яе ўладальнік – ляўшун. Паднясіце люльку да лямпы, і вы ўбачыце, як натуральна вы, праўшун, трымаеце яе з левага боку ад полымя. Вы можаце запаліць аднойчы іншым бокам, але ніяк не пастаянна. Тут жа заўсёды запальвалі адным чынам. Далей: ён пракусіў бурштынавы муштук. Гэта можа зрабіць моцны, энергічны мужчына з добрымі зубамі. Але калі не памыляюся, я чую яго на лесвіцы, так што зараз у нас будзе нешта цікавейшае для аналізу, чым ягоная люлька.

Праз імгненне дзверы адчыніліся, і ў пакой зайшоў высокі малады чалавек. Ён быў у добрым, але някідкім цёмна-шэрым касцюме і трымаў у руцэ карычневы фетравы капялюш з шырокімі брылямі. Я даў бы яму каля трыццаці гадоў, хаця, відаць, насамрэч ён быў крыху старэйшы.

– Я прашу прабачэння, – ён нібы трохі саромеўся, – відаць, я мусіў пастукаць. Вядома, я мусіў пастукаць. Проста я крыху не ў гуморы, і вы, мабыць, асудзіце мяне, – ён правёў рукой па ілбе, як ледзь прытомны чалавек, і хутчэй упаў, чым сеў на крэсла.

– Бачу, вы не спалі ноч ці нават дзве, – сказаў Холмс у сваёй простай і геніяльнай манеры. – Гэта забірае больш нерваў, чым праца, і яшчэ больш, чым забавы. Дазвольце спытаць, чым я магу вам дапамагчы.

– Я хацеў папрасіць вашай парады, сэр. Я не ведаю, што рабіць, і здаецца, усё маё жыццё развальваецца на кавалкі.

– Вы хочаце наняць мяне як дэтэктыва-кансультанта?

– Не толькі. Я хачу пачуць вашае меркаванне як разважлівага чалавека, як чалавека, які ведае свет і людзей. Я хачу ведаць, што мне рабіць далей. Спадзяюся, вы зможаце мне нешта параіць.

Ён гаварыў кароткімі, вострымі, адрывістымі фразамівыбухамі, і было адчуванне, што ад кожнага слова яму балюча і ён толькі праз сілу прымушае сябе гаварыць.

– Гэта вельмі далікатная справа, – сказаў ён. – Цяжка расказваць пра сямейнае жыццё чужым людзям. Жудасна абмяркоўваць паводзіны жонкі з людзьмі, якіх дагэтуль ніколі не бачыў. І гэта жахліва, што даводзіцца такое рабіць. Але я ўжо дайшоў да мяжы, і мне вельмі патрэбная парада.

– Шаноўны містэр Грант Манро… – пачаў Холмс. Наш госць падскочыў з крэсла.

– Як? – ускрыкнуў ён. – Вы ведаеце маё імя?

– Калі вы хочаце заставацца інкогніта, – сказаў Холмс з усмешкай, – я б вам параіў не пісаць сваё імя на падкладцы капелюша або прынамсі трымаць яго верхам да суразмоўцы. Я збіраўся сказаць, што мой сябар і я чулі процьму дзіўных сакрэтаў у гэтым пакоі, і нам пашчасціла прыносіць спакой у многія ўстурбаваныя душы. Я думаю, мы здолеем дапамагчы і вам. Магу я вас папрасіць неадкладна пазнаёміць мяне з фактамі справы? Бо час можа гуляць супраць нас.

Наш госць ізноў правёў рукой па ілбе, нібыта яму здавалася, што яго чакае нешта надта складанае. Па яго жэстах і міміцы я мог зразумець, што ён быў стрыманым, негаваркім чалавекам, з пачуццём гонару – такі хутчэй будзе хаваць уласныя раны, чым выстаўляць іх напаказ. Затым ён раптоўна зрабіў энергічны жэст рукой, нібы адмёўшы стрыманасць, і пачаў:

– Справа такая, містэр Холмс, – сказаў ён. – Я жанаты, ужо тры гады. Увесь гэты час мы з жонкай моцна кахалі адно аднаго і жылі шчасліва, як ніхто іншы. Мы не разыходзіліся ў думках і ўчынках. Але раптам, з мінулага панядзелка, паміж намі нібы вырасла сцяна, і я думаю, у яе жыцці з’явілася нешта, што цяпер я ведаю пра яе так мала, нібыта яна – просты мінак на вуліцы. Мы аддаліліся, і я хачу ведаць, чаму.

Я хачу падкрэсліць адно, містэр Холмс, пакуль не пачаў далей: Эфі кахае мяне. У гэтым не можа быць сумневу. Яна кахае мяне ўсім сэрцам і душой і ніколі не кахала больш, чым цяпер. Я ведаю гэта. Я адчуваю гэта. Я не хачу спрачацца пра гэта. Мужчына заўжды ведае дакладна, ці кахае яго жанчына. Але паміж намі ёсць таямніца, і ўсё не можа быць як раней, пакуль я не даведаюся, што за яна.

– Містэр Манро, калі ласка, факты, толькі факты, – крыху нецярпліва сказаў Холмс.

– Я раскажу вам, што я ведаю пра гісторыю Эфі. Калі я сустрэў яе, яна была ўдавой, хоць і вельмі маладой… усяго дваццаць пяць. Яе звалі місіс Хэбран. Дзяўчынай яна з’ехала ў Амерыку і жыла там у Атланце, дзе і выйшла за гэтага Хэбрана, які быў паспяховым юрыстам. У іх нарадзілася дзіця, але ў тых мясцінах успыхнула эпідэмія жоўтай ліхаманкі, і яе муж і дзіця памерлі. Я бачыў яго пасведчанне аб смерці. Гэта адвярнула яе ад Амерыкі, і яна вярнулася ў Мідлсэкс, каб жыць са сваёй незамужняй цёткай у горадзе Пінэры. Я мушу згадаць, што муж пакінуў яе даволі забяспечанай, у яе быў капітал каля чатырох з паловай тысяч фунтаў, які ён уклаў так добра, што яна атрымлівала каля сямі працэнтаў. Калі мы пазнаёміліся, яна правяла ў Пінэры ўсяго паўгоду. Мы закахаліся і праз некалькі тыдняў ажаніліся.

Я гандлюю хмелем і атрымліваю сем-восем тысяч даходу – здаецца, мы жывем няблага і здымаем прыгожую вілу ў Норберы за восемдзесят фунтаў на год. У нас там усё як у вёсцы, хоць гэта і блізка ад горада. Недалёка ёсць гатэль, і два дамы, і асобны катэдж з іншага боку поля, што перад нашым домам, – і апрача гэтага, больш ніякіх дамоў да палавіны дарогі на станцыю. Цягам году мне даводзіцца часта ездзіць па справах у мястэчка, але ўлетку працы менш, і ў нашым доме мы з жонкай жылі так шчасліва, як можна толькі марыць. Паверце, ніколі нічога не азмрочвала нашых стасункаў, пакуль не пачалася гэтая праклятая гісторыя.

Перш чым працягнуць, я мушу сказаць адну рэч. Калі мы пажаніліся, Эфі перапісала ўсю сваю маёмасць на мяне… хутчэй супраць маёй волі, бо я разумею, як няёмка было б, калі б мае справы пагоршыліся. Аднак яна настойвала, і так і сталася.

Ну і недзе паўтара месяца таму яна прыйшла да мяне.

«Джэк, – гаворыць, – калі ты ўзяў мае грошы, ты сказаў, што як толькі яны мне спатрэбяцца, я павінная толькі сказаць». – «Вядома, – адказваю я, – гэта ўсё тваё». – «Тады, – кажа яна, – мне трэба сто фунтаў». Відаць, гэта падаецца дзіўным, але тады я падумаў, што гэта ўсяго толькі новая сукенка ці нешта такое. «А навошта табе?» – спытаў я. «О, – сказала яна ў сваёй гуллівай манеры, – ты ж сказаў, што ты проста мой банкір, а банкіры ніколі не задаюць пытанняў, ты ж ведаеш». – Калі табе сапраўды трэба, то канечне, бяры грошы», – адказаў я. «Так, мне сапраўды трэба». – «І ты не хочаш мне сказаць, навошта?» – «Аднойчы, магчыма, я скажу, але не цяпер».

Я мусіў гэтым задаволіцца, хаця яна ўпершыню нешта ад мяне схавала. Я выпісаў чэк і больш пра гэта не думаў. Гэта была дробязь у параўнанні з тым, што здарылася пазней, але я думаю, яе варта было згадаць.

Я толькі што казаў, што недалёка ад нашага дома стаіць катэдж. Нас раздзяляе поле, але каб трапіць туды, трэба прайсці ўздоўж дарогі, а пасля звярнуць на сцяжыну. Адразу за ім – прыемны сасоннік, і я вельмі любіў хадзіць туды на шпацыр, сярод дрэваў заўжды добра.

Апошнія восем месяцаў дом стаяў пусты – на жаль, бо гэта прыгожы двухпавярховы будынак, са старасвецкім ганкам і кустамі бружмелю побач. Шмат разоў я стаяў там і думаў, якая мілая сядзіба магла б атрымацца.

Дык вось, у мінулы панядзелак, увечары, я гуляў па гэтай дарозе, як раптам сустрэў пусты фургон, які зварочваў на тую сцяжыну, і ўбачыў вязанку дываноў і іншыя рэчы, што ляжалі на газоне перад ганкам. Я прайшоў міма, бо мне было цікава, што за людзі будуць нашымі суседзямі. І як толькі зірнуў, то зразумеў, што нейкі твар глядзіць на мяне з аднаго з верхніх вокнаў.

Не ведаю, што не так было з гэтым тварам, містэр Холмс, але ў мяне ад яго прабег мароз па скуры. Я стаяў далекавата і не мог разгледзець рысаў, але было ў ім нешта ненатуральнае і нечалавечае. Такое ў мяне было ўражанне, таму я тут жа падышоў бліжэй, каб лепей разгледзець чалавека, які пазіраў на мяне. Але як толькі я гэта зрабіў, твар раптоўна знік – так раптоўна, нібыта нехта зацягнуў яго ў цемру пакоя. Я прастаяў хвілін пяць, разважаючы і спрабуючы прааналізаваць свае ўражанні. Я не мог сказаць, жанчына гэта ці мужчына, надта далёка ён быў. Але больш за ўсё мяне ўразіў ягоны колер. Твар быў быццам васковы і нейкі бяскроўны, нерухомы, жахліва ненатуральны. Я так усхваляваўся, што вырашыў даведацца болей пра новых жыхароў. Падышоў і пагрукаў у дзверы. Іх тут жа адчыніла высокая хударлявая жанчына з суворым непрыемным позіркам.

«Чаго вам нада?» – спытала яна з паўночным акцэнтам. «Я ваш сусед, жыву вунь там, – адказаў я і паказаў на свой дом. – Бачу, вы толькі засяліліся, таму я падумаў, што, магчыма, вам патрэбная дапамога з…» – «Як патрэбная будзе – пазавем», – сказала яна і бразнула дзвярыма ў мяне перад носам.

Засмучаны гэтай грубай і катэгарычнай адмовай, я вярнуўся дадому. Увесь вечар, хоць я і намагаўся забыць, мае думкі круціліся вакол таго прывіду ў акне і грубай жанчыны. Я вырашыў нічога не гаварыць жонцы пра здарэнне, бо яна і так вельмі нервовая і ўзрушаная жанчына, і ў мяне зусім не было жадання, каб яна перажывала разам са мной. Аднак перад тым як заснуць, я мімаходзь згадаў, што ў доме нехта пасяліўся, але яна на гэта нічога не адказала.

Звычайна я сплю вельмі добра. З мяне пастаянна жартавалі, што мне хоць у звон бі. Але чамусьці акурат той ноччу – не ведаю, таму, што я быў крыху ўсхваляваны сваёй невялікай прыгодай, ці не – але я спаў больш чуйна, чым звычайна. Дрэмлючы, я праз сон зразумеў, што ў пакоі нешта адбываецца, і паступова ўсвядоміў, што жонка адзелася і ўжо накідвае паліто і капялюш. Соннымі вуснамі я прамармытаў нешта са здзіўленнем і пратэстам супраць такіх няўчасных збораў, як раптам мае напаўрасплюшчаныя вочы заўважылі яе твар, асветлены полымем свечкі, і я анямеў ад здзіўлення. Такога выразу на яе твары я не бачыў ніколі ў жыцці – я нават не ўяўляў, што яна можа так выглядаць. Смяротна бледная, яна хутка дыхала, крадком пазіраючы на ложак, пакуль зашпільвала паліто, каб упэўніцца, што не пабудзіла мяне. Затым, думаючы, што я ўсё яшчэ сплю, яна бясшумна выслізнула з пакоя, і праз імгненне я пачуў рэзкі характэрны скрып – так рыпяць толькі петлі на ўваходных дзвярах. Я сеў на ложку і стукнуў касцяшкамі пальцаў па яго перакладзіне, каб упэўніцца, што сапраўды прачнуўся. Потым дастаў з-пад падушкі гадзіннік. Было тры гадзіны ночы. Якой трасцы рабіла мая жонка на вясковай дарозе а трэцяй ночы?

Хвілін дваццаць я прасядзеў, абдумваючы ўсё гэта і спрабуючы знайсці лагічнае абгрунтаванне. Але чым больш я думаў, тым больш дзіўнымі і невытлумачальнымі былі мае здагадкі. Я ўсё яшчэ быў у роздумах, калі пачуў, што дзверы зноў мякка адчыніліся, і яе крокі загучалі на лесвіцы.

«Эфі, дзе ты была?» – спытаў я, калі яна ўвайшла. Яна здрыганулася ад майго пытання і ўскрыкнула, цяжка дыхаючы, і гэты ўскрык і ўздрыгванне занепакоілі мяне больш, чым усё астатняе, бо акурат у гэтым адчувалася нейкая цьмяная віна. Мая жонка заўжды была шчырай, адкрытай жанчынай, і мяне прабраў холад, калі я ўбачыў, як яна крадком заходзіць у наш пакой, ускрыквае і ўздрыгвае, калі да яе звяртаецца ўласны муж.

«Джэк, ты прачнуўся! – выгукнула яна, нервова ўсміхнуўшыся. – Божа, я думала, цябе нічым не пабудзіш».

«Дзе ты была?» – паўтарыў я больш цвёрда.

«Я не пытаюся, чаму цябе гэта здзіўляе, – сказала яна, і я заўважыў, як дрыжаць яе пальцы, расшпільваючы паліто. – Божа, я не памятаю, каб раней са мной здаралася такое. Рэч у тым, што я адчула, што задыхаюся – і мне так захацелася падыхаць свежым паветрам. Я ўпэўненая, што страціла б прытомнасць, калі б не выйшла на двор. Я пастаяла ў дзвярах пару хвілін і цяпер зноў адчуваю сябе добра».

За ўвесь час, расказваючы мне гэта, яна ні разу не зірнула ў мой бок, і яе голас быў зусім не падобны да звычайнага. Было відавочна, што яна гаворыць няпраўду. Я нічога ёй не адказаў і з цяжкім сэрцам адвярнуўся да сцяны, а мае думкі былі поўныя ядавітых сумневаў і падазрэнняў. Што ж хавала ад мяне мая жонка? Дзе яна была падчас гэтай дзіўнай прагулянкі? Я адчуваў, што мне не будзе спакою, пакуль я не даведаюся адказу, і ўсё ж я пазбягаў зноў задаваць ёй пытанні, раз яна ўжо схлусіла. Рэшту ночы я круціўся і круціўся, выбудоўваючы тэорыю за тэорыяй – кожную горшую за папярэднюю.

На наступны дзень мне трэба было ў горад, але я быў такі ўсхваляваны, што проста не мог думаць пра справы. Жонка здавалася не менш засмучанай за мяне, і я мог бачыць па яе кароткіх запытальных позірках, якімі яна страляла ў мяне, што яна зразумела: я не паверыў ёй і цяпер яна не ведае, што рабіць. Мы перакінуліся толькі парай словаў за сняданкам, і я адразу пайшоў прагуляцца, каб усё абдумаць на свежым паветры.

Я дайшоў да Крыштальнага палаца, прабавіў гадзіну ў садзе і вярнуўся ў Норберы ў гадзіну дня. Здарылася так, што дарога павяла мяне міма катэджа, і на хвілю я спыніўся зірнуць у акно, каб убачыць, ці не пакажацца той дзіўны твар, які глядзеў на мяне наконадні. Я спыніўся, і – уявіце маё здзіўленне, містэр Холмс! – дзверы раптам адчыніліся, і з гэтага дома выйшла мая жонка.

Убачыўшы яе, я анямеў ад здзіўлення, але мае эмоцыі нічога не значылі ў параўнанні з тымі, што паказаліся на яе твары, калі нашы вочы сустрэліся. На імгненне здалося, нібыта яна хоча прашмыгнуць назад у дом, але затым, убачыўшы, наколькі бессэнсоўна было б хавацца, яна выйшла да мяне – бледная з твару, са спалоханымі вачыма, што надта супярэчыла ўсмешцы на вуснах.

«О Джэк, – сказала яна. – Я толькі зайшла спытаць, ці магу я чым дапамагчы нашым новым суседзям. Чаму ты так глядзіш на мяне, Джэк? Ты ж на мяне не злуешся?»

«Значыць, – сказаў я, – гэта сюды ты хадзіла ўначы?»

«Што ты гаворыш?!» – ускрыкнула яна.

«Ты прыходзіла сюды. Я ўпэўнены ў гэтым. Хто гэтыя людзі, што ты ходзіш да іх у такі час?»

«Я не хадзіла сюды».

«Як ты можаш казаць мне такое, ты ж ведаеш, што гэта хлусня! – крыкнуў я. – Твой голас змяняецца, калі ты гаворыш пра гэта. Ці былі калі-небудзь у мяне сакрэты ад цябе? Я зараз увайду ў гэты дом і высветлю, у чым тут справа».

«Не, не, Джэк, Богам прашу!» – задыхалася яна, не ў стане стрымліваць эмоцый.

А калі я пайшоў да дзвярэй, яна ўхапіла мяне за рукаво і сутаргава пацягнула назад.

«Джэк, я малю цябе не рабіць гэтага! – ускрыкнула яна. – Клянуся, я ўсё раскажу табе аднойчы, але калі ты ўвойдзеш сюды зараз – здарыцца няшчасце».

Я паспрабаваў выбавіцца ад яе, але яна ўчапілася ў мяне з шалёнай мальбой.

«Вер мне, Джэк! – крыкнула яна. – Павер мне хаця б гэтым разам. Ты ніколі аб гэтым не пашкадуеш. Ты ведаеш, што я нізашто не стала б ад цябе нічога хаваць – толькі дзеля цябе самога. Ад гэтага залежыць усё нашае жыццё. Калі ты разам са мной пойдзеш зараз дадому, усё будзе добра. Але калі ты настаіш на сваім і зойдзеш у катэдж, паміж намі ўсё скончыцца».

Столькі было шчырасці, столькі адчаю ў голасе, што яе словы скарылі мяне, і я нерашуча спыніўся перад дзвярыма.

«Я паверу табе толькі з адной умовай, – сказаў я ўрэшце. – Калі з гэтага моманту больш ніякіх таямніц. Ты вольная захоўваць свой сакрэт, але паабяцай мне, што больш ніякіх начных візітаў, больш нічога ты не будзеш хаваць ад мяне. Я гатовы забыць тое, што было, калі ты паклянешся мне, што больш такога не будзе».

«Я ведала, што ты мне паверыш, – прамовіла яна з палёгкай. – Усё будзе так, як ты хочаш. Хадзем, калі ласка, хадзем дадому».

Усё яшчэ цягнучы мяне за рукаво, яна вывела мяне з катэджа. Ужо на дарозе я азірнуўся назад і ўбачыў той васковы твар, які назіраў за намі з верхняга акна. Што магло звязваць маю жонку з гэтай істотай? Або як магла грубая, вульгарная жанчына, якую я бачыў надоечы, мець нешта агульнае з Эфі? Гэта дзіўная загадка, і мне не будзе спакою, пакуль я яе не развяжу.

Два дні пасля гэтага я заставаўся дома, і жонка, здаецца, была вернай нашай дамове, бо, наколькі я ведаю, не выходзіла з дома. На трэці дзень, аднак, я атрымаў праўдзівы доказ, што ўрачыстага абяцання было недастаткова, каб яна пазбавілася ад таямнічага ўплыву, які адцягваў яе ад мужа і ад свайго абавязку.

У той дзень мне патрэбна было ў горад, аднак я вярнуўся цягніком на 14:40 замест 15:36, на якім прыязджаў звычайна. Калі я ўвайшоў у дом, нашая служанка, пераляканая, выбегла ў вітальню.

«Дзе гаспадыня?» – спытаў я. «Здаецца, яна пайшла прагуляцца», – адказала тая.

Мая галава тут жа напоўнілася рознымі падазрэннямі. Я падняўся наверх, каб упэўніцца, што яе няма дома. Зрабіўшы гэта, я вызірнуў з аднаго з верхніх вокнаў і ўбачыў служанку, з якой толькі што размаўляў, – яна бегла праз поле ў кірунку катэджа. Тут, канечне, я зразумеў, што гэта ўсё значыла. Мая жонка пайшла туды і папрасіла служанку паклікаць яе, калі я вярнуся дадому. Дрыжучы ад злосці, я спусціўся ўніз і паспяшаў да таго дома, каб скончыць з гэтым раз і назаўсёды. Я ўбачыў жонку са служкай, якія беглі дадому, але не спыніўся паразмаўляць з імі. У гэтым катэджы хаваецца таямніца, якая азмрочвае ўсё маё жыццё. Я ўрачыста пакляўся: што б там ні было – трэба раскрыць таямніцу. Я нават не пагрукаў, калі наблізіўся да дзвярэй, а павярнуў ручку і зайшоў у вітальню.

На першым паверсе было ціха і спакойна. У кухні свістаў на агні чайнік, вялікі чорны кот ляжаў, скруціўшыся абаранкам, у кошыку, але нідзе не было ні знаку жанчыны, якую я бачыў надоечы. Я забег у іншы пакой, але ён таксама быў пусты. Тады я падняўся наверх, дзе знайшоў яшчэ два пустыя пакоі. У доме нікога не было. Мэбля і карціны былі даволі простыя і безгустоўныя, апрача адзінага пакоя, у акне якога я тады бачыў той дзіўны твар. Пакой быў утульны і вытанчаны, і мае падазрэнні выраслі ў яраснае полымя, калі я заўважыў, што на каміннай паліцы стаіць фотаздымак маёй жонкі ў поўны рост, які зрабілі ўсяго тры месяцы таму на маю просьбу.

Я прабыў там даволі доўга, каб упэўніцца, што ў доме нікога няма, і сышоў, адчуваючы такі цяжар на сэрцы, якога не меў ніколі раней. Жонка выйшла ў вітальню адразу пасля таго, як я вярнуўся, аднак я быў занадта пакрыўджаны і злосны, каб размаўляць, і, не зірнуўшы на яе, рушыў у кабінет. Аднак яна зайшла следам яшчэ да таго, як я паспеў зачыніць дзверы.

«Прабач, што я парушыла абяцанне, Джэк, – сказала яна, – але калі б ты ведаў усе акалічнасці, я ўпэўненая, ты б мне дараваў». – «Дык раскажы мне ўсё», – сказаў я.

«Я не магу, Джэк, не магу», – заплакала яна.

«Пакуль ты не раскажаш мне, хто жыве ў гэтым доме і каму ты падарыла фотаздымак, паміж намі не можа быць ніякага даверу», – сказаў я і, вырваўшыся ад яе, выйшаў з дома. Гэта было ўчора, містэр Холмс, і я не бачыў яе з таго часу і не ведаю больш нічога пра гэтую дзіўную справу. Гэта першае, што азмрочыла нашыя стасункі, і я так знерваваўся, што проста не ведаю, як мне быць. Раптам сёння раніцай я зразумеў, што вы можаце даць мне параду, таму адразу паспяшаўся да вас – і цяпер цалкам аддаюся ў вашы рукі. Калі вам нешта засталося няясным – прашу вас, задавайце пытанні. Але перш за ўсё скажыце мне хутчэй, што рабіць, бо я ўжо не магу цярпець гэтай пакуты.

Мы з Холмсам зацікаўлена слухалі гэты незвычайны перарывісты аповед усхваляванага чалавека. Мой кампаньён нейкі час сядзеў моўчкі, падпіраючы рукой падбароддзе, занураны ў свае думкі.

– Скажыце, – прамовіў ён урэшце, – ці можаце вы паклясціся, што ў акне бачылі чалавечы твар?

– Кожны раз, калі я яго бачыў, ён быў даволі далёка ад мяне, таму тут немагчыма паклясціся.

– Аднак вы былі ім непрыемна ўражаныя.

– Мне здавалася, што ён нейкага ненатуральнага колеру, да таго ж нібыта здранцвелы. Калі я падыходзіў бліжэй, ён рэзка знікаў.

– Як даўно вашая жонка папрасіла сто фунтаў?

– Недзе з два месяцы таму.

– Вы бачылі фотаздымак яе першага мужа?

– Не, у Атланце, у хуткім часе пасля яго смерці, быў пажар, і ўсе яе паперы згарэлі.

– Але ў яе засталося пасведчанне аб смерці. Вы казалі, што бачылі яго.

– Так, пасля пажару яна атрымала дублікат.

– Вы ведаеце каго-небудзь, хто быў знаёмы з ёй у Амерыцы?

– Не.

– Ці гаварыла яна пра тое, каб зноў наведаць Амерыку?

– Не.

– Можа, яна атрымлівала адтуль лісты?

– Не.

– Дзякую. Зараз я хацеў бы крыху абдумаць справу. Калі цяпер у катэджы пастаянна пуста, будуць пэўныя цяжкасці. З іншага боку – што я лічу больш імаверным, – калі жыхароў папярэдзілі аб вашым прыходзе і яны сышлі да таго, як вы ўвайшлі ўчора, то сёння яны ўжо маглі вярнуцца, і мы з лёгкасцю ўсё гэта высветлім. Дазвольце параіць вам, такім парадкам, вяртацца ў Норберы і зноў праверыць вокны катэджа. Калі ў вас будуць падставы думаць, што ў ім нехта жыве, не трэба зноў прыходзіць да мяне – проста дашліце нам тэлеграму. Мы з сябрам прыедзем да вас не пазней як праз гадзіну пасля яе атрымання, і тады вельмі хутка дабяромся да сутнасці ў гэтай справе.

– А калі там зноў пуста?

– У такім выпадку я прыеду да вас заўтра, і мы абмяркуем усё. Да пабачэння і, галоўнае, не хвалюйцеся, пакуль дакладна не даведаецеся, што ў вас ёсць на гэта прычына.

– Баюся, Ўотсан, справа кепская, – сказаў мой кампаньён, правёўшы містэра Гранта Манро да дзвярэй. – Што вы можаце сказаць?

– Гучыць нявесела, – адказаў я.

– Тут мае месца шантаж, або я моцна памыляюся.

– А хто шантажыст?

– Думаю, гэта істота, што жыве ў адзіным утульным пакоі ў тым доме, там, дзе на каміннай паліцы стаіць фотаздымак. Шчыра кажучы, Ўотсан, ёсць нешта вельмі прыцягальнае ў гэтым васковым твары ў акне, і я нізашто не хацеў бы ўпусціць гэты выпадак.

– У вас ёсць тэорыя?

– Так, толькі папярэдняя. Але я буду здзіўлены, калі яна выявіцца памылковай. У доме жыве першы муж гэтай жанчыны.

– Чаму вы так думаеце?

– Як яшчэ можна патлумачыць шалёны страх, што яе другі муж увойдзе ў дом? Факты, як я іх бачу, гавораць вось што. Гэтая жанчына была замужам у Амерыцы. Выявілася, што ў яе мужа жудасны характар, ці, напрыклад, ён захварэў на нешта агіднае – можа, праказу – або звар’яцеў. Урэшце яна сыходзіць ад яго, вяртаецца ў Англію, змяняе імя і пачынае новае жыццё, як ёй здаецца. Яна замужам тры гады і верыць, што яе становішча даволі бяспечнае, паказвае мужу пасведчанне аб смерці нейкага выдуманага чалавека, чыё імя яна займела, – як раптам пра яе месцазнаходжанне даведваецца першы муж, або, можна меркаваць, нейкая беспрынцыповая жанчына, якая вырашыла звязацца з хворым чалавекам. Яны пішуць жонцы ліст з пагрозай прыехаць і выкрыць яе. Яна просіць сотню фунтаў і спрабуе адкупіцца ад іх. Нягледзячы на гэта, яны прыязджаюць, і калі муж выпадкова згадвае пры жонцы, што ў катэджы пасяліліся новыя суседзі, яна разумее, што гэта яе пераследнікі. Яна чакае, пакуль муж засне, а затым ідзе паспрабаваць упэўніць іх пакінуць яе ў спакоі. Не дамогшыся поспеху, яна зноў ідзе туды нараніцу, і муж сустракае яе, як ён нам і сказаў, калі яна выходзіць. Яна абяцае яму больш туды не наведвацца, але праз два дні надзея пазбавіцца ад гэтых жудасных суседзяў стала такой моцнай, што жанчына зрабіла новую спробу, узяўшы з сабой фотаздымак, які першы муж, магчыма, патрабаваў ад яе. Пасярод размовы служанка бяжыць у дом, каб паведаміць, што гаспадар вярнуўся, і жонка, разумеючы, што ён тут жа пойдзе ў катэдж, выводзіць жыхароў праз заднія дзверы, магчыма, у сасновы лясок, пра які згадвалі, што ён побач. Такім чынам, мужчына знаходзіць дом пустым. Аднак я вельмі здзіўлюся, калі ён застанецца такім і сёння. Што вы думаеце наконт маёй тэорыі?

– Гэта ўсё толькі здагадкі.

– Але яны пакрываюць усе факты. Калі нам дадуць новыя факты, якія нельга будзе пакрыць, у нас будзе час перагледзець тэорыю. А пакуль мы не атрымаем паведамлення з Норберы ад нашага сябра, нічога новага ў нас не з’явіцца.

Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік)

Подняться наверх