Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік)
Реклама. ООО «ЛитРес», ИНН: 7719571260.
Отрывок из книги
Агульнавядома, што Шэрлак Холмс (каля 1854 – пасля 1923) свайму стваральніку надакучыў даволі хутка: напісаўшы два дзясяткі апавяданняў і дзве аповесці, Артур Конан Дойл вырашыў, што час заняцца сур’ёзнымі раманамі, зрабіцца другім Вальтэрам Скотам, а дрындушку, якая немаведама з чаго займела шалёную папулярнасць, прыгожа патапіць, напрыклад, у вадаспадзе на фоне швейцарскіх пейзажаў. Але было запозна: нешта не заладзілася ў Холмса з занадта чалавечай смяротнасцю, і ён выплыў, каб расследаваць яшчэ каля сарака справаў (гэта, безумоўна, толькі апісаных ягоным «асабістым Босуэлам»), сысці на спачынак гадаваць пчолаў, паставіць рэкорды па экранізацыях твораў пра сябе і ўвогуле зажыць спакойным і няспешным жыццём звычайнага міфа.
Можна, канечне, скінуць віну на ангельскую каралеву, якая, кажуць, за Холмса вельмі хвалявалася, намякала, што здагадваецца пра «хітры ход аўтара», і – хто ведае – можа, нават пагражала рыцарскім званнем. Але як бы там ні было, варта прасякнуцца ўдзячнасцю да будучага сэра Артура: тое, што місія па забойстве нахабы невыканальная і ніякай «апошняй справы Холмса» ўжо ніколі не будзе, ён зразумеў з першага разу.
.....
Відавочна, што гэты Годфры Нортан адыгрывае ў справе важную ролю. Ён юрыст, і гэта гучыць пагрозліва. Што іх звязвае і якая прычына яго частых візітаў? Яна яго кліентка, сяброўка ці каханка? Калі першае, то яна магла аддаць яму фотаздымак на захаванне. Калі апошняе, то наўрад ці. Ад вырашэння гэтага пытання залежала тое, прадоўжу я займацца Браяні-Лодж ці пераключуся на кватэру джэнтльмена ў Тэмпле. Пытанне вельмі далікатнае, а таму я пашырыў поле сваіх росшукаў. Баюся, я стамляю вас такімі падрабязнасцямі, але, каб увесці ў справу, я мушу расказаць пра яе дробныя складанасці.
– Я ўважліва сачу за аповедам, – адказаў я.
.....