Читать книгу Надбярэзінцы - Фларыян Чарнышэвіч - Страница 14
Частка першая
XII. Клопаты і мары смалерчукоў
ОглавлениеДвор Балашэвічаў быў на іншым канцы мястэчка. Купілі яны два дамы, але занялі пакуль што адзін – крайні. З вуліцы быў пакой з грубкай і рускай ляжанкаю, пасярэдзіне, ад ганка, – невялічкія сенцы, ззаду – кухня з вялікай печчу і сталовы пакой, які часткова служыў спальняй.
Цяпер іх дом быў самы населены ў Смалярні і, нягледзячы на зусім нядаўні пераезд, больш за ўсіх пульсаваў радасцю. Усе хадзілі і размаўлялі нібыта ахопленыя гарачкаю. Малодшых братоў Стаха, што палалі аж залішнім энтузіязмам, бацька пару разоў мусіў нават рэменем суцішаць: хлопчыкі вельмі радаваліся вялікай колькасці дзвярэй і, бегаючы туды-сюды, стваралі проста невыносны шум.
Пасля вячэры дзядулька, дзядзькі і цёткі пайшлі да суседа, Амбражэя Ладана, на «ўсяночную». Праз гадзіну Стах, нагаварыўшыся з маці й братамі і налюбаваўшыся малой сястрычкай, разам з бацькам таксама рушыў туды.
У хаце Ладана было поўна людзей – спявалі жалобныя песні па Езусе. На ганку стаяла купка падлеткаў.
Калі Балашэвічы праходзілі міма іх, адзін з падлеткаў схапіў Стаха за рукаў і, пачакаўшы, пакуль Ян зойдзе ў дзверы, спытаў:
– Гэта твой бацька?
– Ага, мой.
– Як цябе зваць?
– Стась Балашэвіч. І мне ўжо дванаццаць гадоў. Гэта каб вы не думалі, што я смаркач нейкі.
– Дванаццаць? – усклікнуў суразмоўца. – Вы паглядзіце на яго! Дык мы аднагодкі. То я над табою старшыняваць буду, згодзен? – дадаў ён праз імгненне. – Я Адась Сцяпура.
– Старшыняваць – гэта як?
– А ты яшчэ не ведаеш? У нас у Смалярні «закон» такі ёсць, што малодшыя старэйшых слухаюцца. А калі равеснікі, то старшынюе мацнейшы, так што калі не хочаш добраахвотна падпарадкоўвацца, будзеш са мной біцца.
– Я нічыйго старшынства не прызнаю, і вашага «закону» – таксама. Пусці мяне, пайду спяваць.
– Не, братка, спачатку ты з намі паспяваеш. Пайшлі біцца, бо калі адмовішся, мы цябе тхаром абняславім, і ніводзін хлопец сяброўства з табою мець не захоча.
– Думаеш, баюся? Ну і хадзем, калі табе так хочацца.
Яны адышлі да сярэдзіны дзядзінца на роўнае месца, зацягнулі рамяні, паплявалі ў далоні і ўзяліся загрудкі. Адразу нахіліліся ўперад, каб не даць паваліць сябе на спіну. Грамада, абступіўшы іх, падахвочвала крыкамі. Хлопцы мелі прыкладна аднолькавую сілу, таму барукаліся аж чвэрць гадзіны: гнулі адзін аднаго, пхалі ззаду, падымалі за пояс у паветра, круцілі ва ўсе бакі, напіналі цягліцы, хітравалі па-рознаму – усё марна. Урэшце Адась неяк схітрыўся моцна Стаха пхнуць, рэзка таргануў да сябе, падставіў нагу і заваліў на бок. Потым перавярнуў на лапаткі і спытаў:
– Здаешся ці яшчэ хочаш?
– Не паддавайся! Яшчэ раз давай! Тры разы трэба, Бог тройцу любіць! – закрычалі хлопцы.
– Болей не хачу, камандуй, – абвясціў Стах.
– О, давай пяць! – усцешыўся Адась, узяў Стаха за руку, дапамог падняцца і абтрэсці смецце. – Але ж ты і моцны, няслабы такі, – хваліў ён былога саперніка, каб у вачах таварышаў падняць каштоўнасць сваёй перамогі. – Косці ў цябе трывалыя і спрыту шмат.
А праз хвіліну дадаў:
– Калі б ты сабе яшчэ крыві прыбавіў і жылы мацнейшымі зрабіў, то невядома, ці справіўся б я з табою.
– Што значыць «крыві прыбавіў»? – здзівіўся Стах.
– А ты думаеш, што сіла да цябе сама прыйдзе? Сілу трэба ўмець збіраць.
– Як жа яе збіраць?
– А гэта, браце, ужо сакрэт. У Смалярні такіх нас толькі двое – хто ведае.
– Раскажы і мне, Адаську, калі ласка! – узмаліўся Стах.
– Каб ты мяне потым паваліў? Ладна, як аднагодку раскажу, але не ўсё. Хадзем.
Ён узяў Стаха за плячо і адвёў ад хлопцаў у бок вуліцы.
– Толькі помні: нікому не кажы таго, што я табе расказаў. Слухай. Раніцаю трэба з’есці нашча дзве прыгаршчы сухога бобу. Пасля сняданку – ну, прыкладна калі сонца над пушчай з’явіцца – тры сырыя морквіны і дзве капусныя храпкі. Па абедзе – дванаццаць арэхаў, саміх ядраў, і кавалак скуркі ад сала, не меншы за карабок запалак. Вечарам, перад сном, – галоўку цыбулі з соллю, толькі без хлеба, дзве галоўкі часнаку і запіць усё бярозавым квасам. Тры месяцы так трэба рабіць, дзень за днём.
– І гэта дапаможа?
– Ну глядзі. Я ж спачатку нават слабейшы за цябе быў, а як пачаў усё гэта есці, бачыш які моцны зрабіўся! Калі не верыш, то вось што скажу: ад бобу чалавек хутчэй наядаецца, ад морквы кроў прыбывае, ад капусных храпак мяса цвярдзее і робіцца мускуламі, ад арэхаў мацнеюць косці, ад свіных скурак – жылы, а ад цыбулі, часнаку і бярозавага квасу ў чалавека з’яўляюцца тыгрыныя спрыт і злосць.
– І праўда ўсё падыходзіць, – прызнаў Стах.
– Слухай далей. Калі садзішся за стол есці, пачынай першы, а заканчвай апошні. Малака, масла, сыру, мёду, ягад і макароны ў рот не бяры, бо гэта бабская яда, ад яе мужчына слабее, цішэе і на нішто сыходзіць.
Далейшым інструкцыям па назапашванні сілы перашкодзіла з’яўленне ў варотах Васілеўскага з сынам: яны неслі свянціць кош ежы.
– Косцік, братка! – нягледзячы на цемру, пазнаў сябра Стах.
– Гэта ты, Сташку? – Косцік таксама пазнаў яго па голасе.
Ён пакінуў бацьку з кашом і падышоў.
– Як маешся? Даўно вярнуўся?
– Вось сёння. Ужо нават цёмна было.
– Толькі сёння? А чаго ж у хату спяваць не ідзеш?
– Ды я ішоў, але мяне Адась затрымаў на ганку – хацеў, каб я з ім біўся, а цяпер вось расказвае…
– Чаго са смаркачамі важдацца, хадзем у хату.
І яны пайшлі.
У вялікім пакоі было больш за сотню людзей рознага веку, і мужчыны, і кабеты. Месцы займалі па парадку: за трыма састаўленымі сталамі ўздоўж папярочнай сцяны сядзелі старцы, другія пасля старцаў па важнасці гаспадары і найлепшыя спевакі. На васьмі шырокіх зэдлях, пастаўленых у рад перадам да стала, – старыя матроны, бацькі, маткі, дарослыя панны і кавалеры. Маладзейшыя хлопцы табуном тоўпіліся ў дзвярах, а дзяўчаты абселі ложак і лавы.
Свяцілі дзве вялікія лямпы, каб кожны мог падглядаць у кніжку. Спявалі «О садзе аліўны».
Стах з Косцікам сталі пры ганку разам з іншымі хлопцамі.
– Зараз пакажу табе самых важных людзей у Смалярні, – прашаптаў Косцік на вуха сябру. – Глядзі, там, пры стале. Вунь той стары з доўгай белай барадою пад абразамі – Казікаў дзед Караль Здановіч, найстарэйшы ў Смалярні чалавек. Толькі двое тут у нас такіх, хто руку яму не цалуе. Паміж Здановічам і тваім дзедам, вунь той, з кароткай барадой і ў акулярах, – гаспадар дому Амбражэй Ладан па мянушцы Кантычка. Яму не так шмат гадоў, але паважаюць яго нароўні з Каралем, бо вельмі пабожны і кіруе ў засценку духоўнымі ўсякімі рэчамі. Па другую руку ад твайго дзеда, гэты лысы з гузам на ілбе, – Раман Гушча, таксама вельмі стары чалавек. Кажуць, ён дваццаць гадоў служыў у расійскім войску і на турэцкай вайне быў. Іх сям’ю называюць Дударамі, бо ўсе граюць на кларнетах. Стары Дудар Кантычку часта задзірае – кпіць з яго праз вялікую пабожнасць. За Дударом – Сцяпура, вельмі паважаны гаспадар і іграч на скрыпцы, з усімі сваімі сынамі, Сакалоўскі, бацька маёй Былінкі, двое братоў Трызнаў і Вінярскі. А вунь той у канцы, які ўпоперак стала сядзіць, з вялізнымі вусамі, – гэта Мечык Пятроўскі, празваны Манюткам і Воўчабілетнікам.
– Гэтага я пазнаў, ён з людзьмі да нас у Рагі прыязджаў ад мужыкоў бараніць. А чаму Воўчабілетнік?
– А яго асудзілі і гэты самы воўчы білет выдалі.
– Яго судзілі?!
– Ды за глупства нейкае: кажуць, п’яны быў і на казённых людзей «па матушцы» лаяўся. Тата мой лепей ведае.
– Ён, відаць, вельмі злосны.
– Ды не, гэта толькі здаецца праз доўгія вусы і чорную бараду.
– Ну а дзе твой знакаміты Казік?
– Казік? А паглядзі на правы канец стала, трэці ад свайго дзеда – гэта ён.
– Вунь той? Нейкім слабым выглядае.
– Так, ён не вельмі моцны, але добры і разумны. Ля яго, бліжэй да нас, сядзіць Полька Вінярская, найлепшая сярод нашых дзяўчат спявачка, а за ёй, плячом у наш бок, – Ясь Ладан, сыновец Кантычкі, другі хлопец у Смалярні, які ў Вончы экзамент здаў. А Каруську маю ты ўжо бачыў?
– Дзе ж я мог яе бачыць?
– Вунь на ложку сядзіць, у цёмнай сукенцы з белым карункавым каўнерыкам. Бачыш?
– Ага… Ладны каўнерык.
– Яна і сама ладная, вось пачакай, бліжэй потым пабачыш.
Песня скончылася, і Кантычка абвясціў перапынак. Мужчыны набівалі люлькі, круцілі папяросы, курылі і размаўлялі. Моладзь перамаўлялася напаўголаса, каб не перашкаджаць старэйшым.
– Дык ты, сваце, кажаш, што поп дазвол затармазіў? – спытаў у Пятроўскага Кантычка.
– Кажу што ведаю. А мне апавялі людзі, што на ўласныя вушы чулі, як поп сказаў: пакуль я жывы і свяшчэннікам тут, палякі касцёла ў Вончы не паставяць.
– А чым жа гэтай кудлатай халеры наш касцёл замінае! – абурыўся Сакалоўскі.
– Калі б не замінаў, то дазволіў бы. Ён добра ведае, што калі мы касцёл пабудуем, шмат яго цёпленькіх парафіянаў навернецца ў польскую веру.
– Я чуў, што ўся сям’я Карчэўскіх навярнуцца хоча, – уставіў Здановіч.
– Ды не толькі Карчэўскія, яшчэ Серадзінскі, Пракаповічы і амаль усе Талеркі пра гэта думаюць.
– У многіх вёсках, – уступіў у размову Сцяпура, – ёсць праваслаўныя палякі, якія да сваіх усё яшчэ хіляцца і, калі б быў касцёл, вярнуліся б да польскае веры. Возьмем, напрыклад, суседняе з намі Убярэззе: ці ж Русецкія, Шпакоўскія, Герасімовічы не палякамі даўней былі? Ці ж яны да нас не хіляцца, на нашых фэстах не бываюць? Яны толькі часова праваслаўства трымаюцца, з неабходнасці. Бо калі хворы споведзі папросіць ці памазання, або дзіця няхрышчанае заняможа, або чалавек памрэ, або нават яйка тое на Вялікдзень пасвяціць, гэта колькі часу, клопату і мітрэнгі трэба, каб прывесці ксяндза ці хаця б да яго даехаць? А поп тут, пад бокам.
– Што праўда, то праўда, – згадзіўся Гушча. – Гэта нам пашчасціла свайго багамола мець, – падкалупнуў ён Кантычку. – А калі б не ён, уся Смалярня даўно б у мужыкоў ператварылася.
Кантычка абярнуўся і паглядзеў зласліва.
– Не блазнуй, Рамане, а то як дзіця. І сваркі не падымай, – абарваў Гушчу Здановіч, – лепей разваж, як нашу праблему агульную развязаць. Мне здаецца, суседзі, што хоць нам першы раз адмовілі, трэба зноў дабівацца. Усе сілы варта пакласці, каб дабіцца дазволу і касцёл пабудаваць.
– Будзем, будзем старацца.
– Чы ж у нас няма важных людзей, што за нас заступіліся б дзе патрэбна! – усклікнуў Кантычка і тонам казальніка з амбона дадаў: – Сапраўды вам кажу: хай поп хоць са скуры вылузнецца, а мы касцёл у Вончы паставім.
– І цябе там пробашчам зробім, – не стрымаўся Гушча.
– Калі снег сыдзе цалкам і падсохнуць дарогі, – працягваў Кантычка, – трэба сабрацца з усімі ванчанцамі, усю справу гэтую абгаварыць разам і падаць прашэнне наноў. Гэтым разам будзем магілёўскага дэкана Святаполка-Мірскага прасіць пра заступніцтва. Як бы ні было, ён усё-ткі князь – і да міністра дойдзе, і да цара.
– Царскі саветнік пан Несмяртэльны вышэйшы за дэкана, трэба яго прасіць, – запярэчыў Пятроўскі. – Дазвольце пахваліцца, што я добра з ім знаёмы.
– Абодвух прасіць будзем, – рассудзіў іх Здановіч. – Дэкан падасць на дазвол, а Несмяртэльны загадае таму, да каго трапіць справа, каб выдаў.
Яны затушылі люлькі, спынілі размовы і вярнуліся да песняў.
Дзякуючы хадайніцтву Казіка, які ўвесь перапынак размаўляў пры дзвярах са Стахам і Косцікам пра справункі ў ванчанскай школе, хлопцам дазволілі прайсці паміж зэдлямі і сцяной і стаць за плячыма ў Казіка з Полькай.
Пасля трох песняў Кантычка зноў зрабіў перапынак.
– Я крыху дзіўлюся, – пачаў стары Балашэвіч, вяртаючыся да ранейшай размовы, – што Несмяртэльны з царом знаёмства завязаў, так блізка побач з ім ходзіць, а не можа палякам нейкай вольніцы расстарацца.
– Праўду кажаш, сваце, – пагадзіўся Здановіч. – Хай бы там выбіў якой палёгкі, каб нам вучыцца па-польску. А то што ж такое: габрэі па-свойму могуць вучыцца, літоўцы могуць, латышы таксама, немцы, а ў нас князі і графы ў царскіх саветніках ходзяць – і нельга. Чаму Несмяртэльнаму да галавы такое не прыходзіць?
– У яго ў галаве трохі важнейшыя справы сядзяць, чым навучанне па-польску, – сказаў Пятроўскі.
– Ды нічога ў ягонай галаве няма, – запярэчыў Вінярскі. – П’е там сабе з князямі, гуляе і ўсё. Навошта яму нейкай вольніцы дабівацца, калі ў самога іх колькі душа захоча.
– Ну а чаго ж, і вып’е, бывае, але галавы не траціць і робіць што належыць.
– І што ж ён робіць?
– Я ведаю, што.
– Ну дык кажы, калі ведаеш!
– Зашмат тут людзей, каб я сказаў, бо гэта сакрэтная справа.
– Тут усе свае, гавары.
– Кажы, Мечык, кажы! – пачалі налягаць астатнія.
Пятроўскі з трывогай абярнуўся.
– Вы ведаеце, што Польшча на бунт збіраецца? – ціха спытаў ён.
– На бунт?! – уражана прашапталі некаторыя.
– Ужо цэлы год збіраецца. Самой сабою быць хоча. Несмяртэльны, побач з царом і міністрамі ходзячы, ім вочы замыльвае байкамі пра вернасць палякаў Расіі, каб надта да польскіх гарадоў не прыглядаліся, вось так.
Гаспадары пачалі неспакойна пераглядацца, сцішанымі галасамі паўтараючы словы Пятроўскага і каментуючы іх. Некаторыя паставіліся да навіны недаверліва, бо Мечык часамі маною не грэбаваў.
– Я ў тое, што сват расказаў, не вельмі веру, – заўважыў Сцяпура. – Калі б гэта была праўда, тады б і простым людзям па засценках паведамілі, каб кожны мог загадзя якую каламажку набыць, пораху нарыхтаваць, шашку здабыць або хаця б штых выкуць. Ці яны бунт без нас, простых людзей, рабіць хочуць?
– Ты хочаш, каб усё па засценках расказалі. А ў паліцыі што, вушэй няма? Паны рыхтуюцца да бунту вельмі сакрэтна і асцярожна. Простым людзям паведамяць толькі тады, калі надыдзе час пачынаць. І зброю раздадуць – не якіясьці там пістоны, а сапраўдную, як належыць.
– Ты так гаворыш, нібы разам з панамі рыхтаваўся, – сказаў старэйшы Трызна. – Адкуль ты пра ўсё гэта ведаеш, дзе разнюхаў?
– Несмяртэльны пазамінулай зімою на ловы прыязджаў у тутэйшую пушчу і неабачліва прагаварыўся Лапату. А потым убачыў, што я ў яго за спінай стаю, і аж падскочыў. «Мечык, – кажа, – ты чуў, пра што мы тут гаварылі?» – «Хвала Богу, покуль яшчэ не аглух», – адказваю. – «Тады трымай язык за зубамі, іначай шмат людзей загубіш». Вось і трымаю, як загадалі. Вам першым сказаў, толькі нікому не перадавайце, вельмі прашу, маўчыце!
– Маўчы, сваце! Маўчыце, суседзі! Хлопцы, маўчыце! – неслася над сталамі.
– Каб ні гуку ні ад кога! – павярнуўся да хлопцаў Косцік.
Падчас наступнага перапынку Віктар, старэйшы Кантычкаў сын, Казік Здановіч і Ясь Ладан пайшлі на могілкі і чакалі там, пакуль не заняўся світанак, і тады ўдарылі ў звон.
У хаце тым часам усе ўсталі, стоўпіліся вакол стала і ўрачыста заспявалі:
– Свята светлага ўсе мы жадалі і нарэшце яго прычакалі, бо сягоння Хрыстос уваскрос, алілуя!
І сэрцы людскія затапіла радасць, дзякуй Богу за яе і хвала Яму. Галасы ўзрушана трымцелі, у вачах стаялі слёзы, а душы ляцелі ўслед за ўваскрэслым Езусам на неба, дзе сівенькі Найсвяцейшы Старац, убачыўшы адзінае Дзіця сваё, што да Яго вярталася, распраменіў твар свой і расправіў плечы, а атрады салодкіх анёлаў гралі на жалейках, лірах, арфах, кідалі Яму пад ногі кветкі дзівосныя, слалі пальмавыя галінкі, кадзілі ладанам і хорам спявалі алілуя. Алілуя! Да самога Божага трону імкнулі цяпер душы смалерчукоў, а яшчэ да сваіх блізкіх, якія ўжо на тым свеце былі, а потым вярталіся да радасцяў Вялікадня ў Смалярні, да яек свянцоных, варэнікаў, вэнджанай свініны, фаршыраваных парсюкоў, салодкіх сырнікаў і макароны на малацэ, да гульні ў біткі, да музыкі, танцаў і да суседскіх гавэндаў.
У хату ўсё заходзілі і заходзілі людзі, усе да аднаго смалерчукі, спяшаючыся на першую супольную пацеху. Са світаннем пачалі з’яўляцца і хутаране з ваколіцы. Яны пераважна прыязджалі на конях, бо ў такое разводдзе цяжка было дабрацца да Смалярні іначай.
Аж да ўзыходу сонца і яшчэ далей спявалі велікодныя песні, а потым пачалі свянціць – пазносілі кашы ў вялікі пакой, паставілі радамі на лавы і адкрылі ўсе. Кантычка надзеў комжу, памаліўся на лаціне па кнізе, потым распусціў бутэлечку свянцонай вады ў місе і шчодра пакрапіў Божыя дары. Скончыўшы цырыманіял, павярнуўся да натоўпу і гучна прамовіў:
– Хрыстос уваскрос!
– Сапраўды ўваскрос! – хорам адказалі людзі.
І пачалі хрыстосавацца. Некаторыя цалаваліся згодна з рускім звычаем. Хлопцы кінуліся да дзяўчат, патрабуючы велікоднага пацалунку, але тыя збольшага пагарджалі гэтым звычаем і называлі яго мужыцкім.
Косцік і Стах падышлі да Карусі Сакалоўскай:
– Хрыстос уваскрос!
– Сапраўды ўваскрос! Толькі без пацалункаў гэтых, – салодкім галаском адказала стройнае дванаццацігадовае стварэнне з бледным тварам і цёмнымі бровамі.
– Без твайго дазволу не буду, – паабяцаў Косцік.
Яна падала яму руку і спытала, ківаючы на Стаха:
– А гэта чый хлопец?
– Гэта Балашэвічаў Стась, пра якога я табе расказваў, у Вончы разам вучымся.
– А, той самы! Можа, ужо танчыць?
– Не танчыць і вучыцца не будзе, – адказаў за Стаха Косцік, – бо думае на ксяндза ісці.
– На сапраўднага ксяндза?
– Так, на такога, які спавядае.
– А-а, ну, калі так… – яна пільна ўгледзелася ў Балашэвіча. – Тады, можа, і ў біткі нельга?
– У біткі можна, – адказаў Стах.
– Можна? Тады стукнемся з табою па абедзе.
– Ды я… стукнемся.
Вакол дзяўчат чуліся вітанні, патрабаванні пацалункаў, воклічы, цмоканне. Юрлівейшыя хлопцы хапалі дзяўчат за шыю і здабывалі пацалункі гвалтам. Юзік Аленскі так усіх дзяўчат пахапаў.
– Хлопцы, абараніце мяне ад яго, – папрасіла Каруся ў Стаха з Косцікам, заўважыўшы, што Юзік набліжаецца да яе.
– Не бойся, абаронім, – запэўніў Косцік, узяў за руку і засланіў сабою ад нахабы.
– Дарма яе хаваеш, не буду я яе цалаваць, не хачу, – паведаміў Юзік. – Нават калі сто рублёў заплаціць, не захачу.
– Брэшаш! – пакрыўдзілася абражаная Каруся. – Кажаш, што і за сто рублёў не хацеў бы, а сам да мяне заўжды смалою ліпнеш!
– Хто ліпне, я ліпну? Сасніла ты нешта, было б на што квапіцца. Што я, касцей не бачыў? Рэбры да самай пахвіны пералічыць можна. Жардзіна.
– Гэта хто жардзіна?! – зароў Косцік. – Мая Каруся жардзіна?!
– Ну не мая ж Зоська.
– А вось табе за такія словы!
Косцік заехаў Юзіку ў вуха, схапіў загрудкі і пасля чатырох хвілін барукання паваліў на падлогу і асядлаў. Абхапіўшы яго каленямі, левай рукой трымаў за грудзі, а правай біў па рэбрах.
– Вось табе, атрымай! За маю Карусю! Вось табе за жардзіну! Гэта я табе рэбры палічу!
Дзяўчаты паднялі крык.
– Святая Марыя! – пішчалі яны. – Б’юцца! На Вялікдзень б’юцца, у першы дзень! Грэшнікі жахлівыя!
Юзікавы прыяцелі не наважваліся ўступаць у бойку ў такі святы час і проста глядзелі. Асмеліўся толькі Віцька Гушча: выцягнуў качалку для бялізны з-пад куфра, адкуль яна канцом вытыркалася, і кінуўся на дапамогу таварышу. Але яго апярэдзіў стары Васілеўскі.
– Ах ты бязбожнік! – зароў ён. – То табе гэта не свята?! Чужой хаты не шануеш? Бацьку зняславіць хочаш?
Ён схапіў сына за шыю і выпхнуў за дзверы.