Читать книгу Час Вогненнага Птушкалова - Кацярына Захарэвіч - Страница 2
Нядобры дзень
ОглавлениеУсё няправільна.
Гэткае відовішча мусіла адбывацца ў цэнтры горада, ля ратушы і княскага палаца. На яго маглі б прадаваць квіткі за шалёныя грошы ў першыя шэрагі і за яшчэ больш шалёныя – на галіны бліжэйшых дрэў, якія бясплатна і нахабна аблюбоўвае дзятва і бедната. Рамеснікі някепска нажыліся б на продажы малюнкаў з падзеі, скруткаў з апісаннем таго, што было і чаго не было, лялечных герояў, якіх пачалі б рыхтаваць за некалькі месяцаў. Гандляры ў такі гарачы і багаты на ўражанні дзень распрадалі б усе запасы веераў, нюхальных збораў і халодных напояў. Ды што там, і вада ўчарашняга дажджу, што застаялася ў ямінах, чагосьці каштавала б – на першыя рады падобных забавак зазвычай рвуцца тыя, каго трэба потым выносіць непрытомнымі.
Гэтым разам смяротнае пакаранне праходзіла інакш.
Вялікая зала ў сутарэннях пад палацам не памятае, ці бачыла калі-небудзь столькі святла, ці бывала тут так горача ад паходняў і людзей. Кожная дробязь рэзала вочы сваёй дакладнасцю. Кожны металічны інструмент на стале ў цэнтры адбіваў святло. Частка малаткоў, лёзаў, зубцоў, цвікоў заплямленая чырвоным. Акуратныя мазкі ці неахайныя кроплі ззялі, блікавалі, пакідалі радасныя водбліскі на змрочных сценах і тварах ганаровых гасцей, што размясціліся ў фатэлях уздоўж сцен. На самым пачэсным месцы сядзеў Яго Светласць князь – сухі дзядок з нервовым і амаль нерухомым тварам, нямогла-сінім на фоне багатай чырвані вопратак. Паходні, нягледзячы на капялюш з шырокімі палямі, бязлітасна вылучалі кожную княскую зморшчынку, таму паплечнікі, дарадчыкі і міністры старанна пазбягалі глядзець на яго твар. Рука ўладара адбівала няясны рытм, і сэрцы прыбліжаных тахкалі ў гэтым рытме.
Адзінай з яснавяльможных асоб, хто пачуваўся ў вязніцы па-будзённаму вольна, быў гетман княскага войска Аляксандр. Нечакана пругкія для бывалага воя рухі выглядалі як танец у чырвоных бліках жывога агню і нежывой крыві. Зрэшты, наўрад ці гетман мог бы тут танцаваць. Вось неяснавяльможная асоба – кат – павольна і натхнёна рухалася па зале, быццам па садзе, кранаючы кончыкамі пальцаў лёзы і голкі, як найчароўнейшыя кветкі. Твар ката ахоўвала шчыльная маска, а жыццё – праца, якая выклікае і павагу, і страх, і агіду.
У распластаных па падлозе анучах складана было заўважыць чалавека: натуральна-ружовая калісьці скура пабялела да сіняга, абвастрыліся выступы костак. Зрэшты, чалавекам падсуднага Якуба не лічылі. Дзіўна, што кроў у яго такая ж самая, чырвоная і гарачая, і пахне таксама – металам, які доўга трымалі ў руках.
Яснавяльможныя асобы стаміліся. Ад прыемнага нервовага казытання, з якім яны назіралі за першымі, лёгкімі ўколамі, парэзамі і сцісканнямі, засталася агіда. Кроў, грымасы, крык, які адбіваўся ад каменных сцен, узмацняўся шматкроць і расцягваўся. Гетман Аляксандр насцярожана пазіраў на шаноўных гасцей: ці вытрымаюць яны галоўную частку відовішча, дзеля якой сабраліся? Зрэшты, справу ўсё адно трэба скончыць.
Якуб заварушыўся. Рэдкі чалавек дажывае да другога паўтузіна катавальных прылад, а гэтае стварэнне вытрымала ўсе. Яшчэ адзін доказ таго, што да людзей агідная істота не мае ніякага дачынення.
Па незаўважным знаку гетмана на сярэдзіну залы выкацілі дзіўную машыну. У святле паходняў і зацікаўленых вачэй ззяла трохкутнае лязо, замацаванае высока над чалавечымі галовамі на двух драўляных слупах. Наспех габляваныя калодкі з круглай выемкай для шыі стаялі на драўляным услончыку.
– Дасканалы сродак забойства, які выключае выпадковасці, умяшанні Лёсу, памылкі і іншыя акалічнасці, – з гонарам абвясціў гетман Аляксандр. – Механізм наверсе трымае цяжкое вострае лязо, але варта захацець – і яно ляціць з дасканалай хуткасцю ў патрэбным напрамку і падае менавіта туды, куды мусіць упасці.
Кат паклікаў двух вояў-вартаўнікоў. Тыя, знайшоўшы ў істоты на падлозе рукі, схапілі за іх, усцягнулі чалавекападобнае цела на ўслон і замацавалі шыю паміж калодкамі. Даўгія чорныя валасы, мокрыя ад поту і крыві, звісалі і наліпалі на твар, нішчылі апошняе падабенства з чалавекам. Кат павольнай да грэблівасці хадой наблізіўся да прылады. Вось і пачалося: нейкая машына абясцэньвае само мастацтва забіваць. Кат і госці дрыжэлі – ад крыўды і хвалявання. Падатлівы механізм зрушыўся, лязо абрынулася на белую шыю ўнізе. Свіст рассечанага паветра змяшаўся з уздыхамі ўдзельнікаў і гледачоў. Калі ўсе адплюшчылі вочы, лязо павольна пагойдвалася, тарчма стоячы ў верхняй калодцы. З-пад чорных зваляных валасоў гучаў чысты залівісты смех.
* * *
«Ствары цэлы свет!
З унікальным наборам “Ідэальны свет” ты пабудуеш сапраўдную цывілізацыю – і яна будзе існаваць па тваіх правілах. Плануй вуліцы, гарады і цэлыя краіны, пражыві мноства гісторый – і выберы сваю.
120 непаўторных лялек з рознымі характарамі – 120 магчымых жыццяў, і ўсе яны ў тваіх руках!»
На экране заўсёды ўключанага тэлевізара хутчэй, чым можна было разгледзець, мільгалі постаці – выкшталцонатанклявыя жаночыя, шыракаплечыя і даўганогія мужчынскія, з пералівамі сілы пад пластыкавай скурай, у прыгожым адзенні з лёгкіх тканін высакародных колераў, што падкрэслівалі іх статнасць. Так выглядаюць дарослыя ў іншым – шчаслівым, цікавым, радасным жыцці. Стракатанне колераў прыцягнула ўвагу рудога ката Персіка. Ён падскочыў да экрана і некалькі разоў ударыў па ім лапай. Бела-блакітны хвалісты папугайчык Бяляшык сеў Персіку на шыю і некалькі разоў дзюбнуў яго па макаўцы.
Дзесяцігадовая Леся ў абсалютна звычайным, сумным свеце з жалем паглядзела на свае пухлаватыя рукі, на ногі, што ўпарта трымалі форму слупоў, вярнулася позіркам да тэлеэкрана. Камера наблізілася і паказвала твары – тонкія, крыху выцягнутыя, прыгожа-светлыя з лёгкай ружовінкай на шчоках, сонечна-смуглявыя, колеру найпрыгажэйшага ў свеце загару, які дорыць толькі заморскае сонца; з вялікімі яркімі вачыма – сінімі, зялёнымі ў сіні, у шэры, у кары, з шэрымі ў блакітны, з карымі ў руды, у дзёгцевы, у чорны… Леся не думала, што можа быць столькі розных колераў вачэй. Але што вочы – валасы! Даўгія, як у жанчын, так і ў мужчын, простыя, у кудзеркі ці ў буйныя хвалі. Дзяўчынка – вечны дзьмухавец ледзь не заплакала – так хацелася мець падобныя валасы. Белыя, як снег, які яшчэ не растапталі, белыя настолькі, што аж блакітныя, срэбрана-шэрыя, вогненна-рудыя, медныя, колеру чайнай ружы, чорныя ў сіні, у чырвоны, у мноства адценняў адразу… Россып каштоўных камянёў, свята колераў, прыгажосці і дасканаласці.
– Мама! – паклікала дзяўчынка. Голас дрыжэў, зрываўся ад хвалявання, словы не змяшчаліся ў горле, лопаліся, як бурбалкі. – Вось што я хачу ў падарунак.
– Уяві, колькі гэта каштуе. Навошта табе 120 лялек?
Адной хопіць.
– Але дзень народзінаў… Мне ж дзесяць гадоў!
– Табе чаравікі трэба ды кашуля ў школу. Вось і будзе падарунак.
* * *
Боўтанка пачалася такая, што хоць на вузел вакол чоўна завяжыся, усё адно не ўтрымаешся. Цяжкія хвалі адна за адной падалі на плечы, збівалі, апякалі холадам. І чаго яе панесла на Хітрую раку? Нельга й мезенец у ёй памачыць, каб не выклікаць буру.
– Уставай! Прачынайся!
Павекі не слухаліся. І калашмаціна працягвалася – мама трэсла за плечы і навязліва шаптала:
– Бася! Уставай! Прыйшлі!
Шчаку апякло рэзкім дотыкам мамінай рукі, сухім і зусім не пяшчотным. Вочы расплюшчыліся. Яшчэ адзін удар – проста ў зрэнкі – Бася атрымала ад балючага жоўта-белага святла, што плыло па вуліцы і пералівалася праз акно ў хату.
– Зноў жаўнеры топчуцца. Ведаюць, дзе шукаць. Хутка тут будуць! – маці штуршкамі накіроўвала Басю да падмосця.
Тупат цяжкіх чужых ног злаваў і пужаў. Вось бы вылезці, узяць якую качаргу ды надаваць хадакам кухталёў, каб дарогу сюды забыліся. Але Бася будзе сядзець ды злавацца. Не толькі на іх, але і на сябе – за нясмеласць і бяссілле. А яны ходзяць туды-сюды, ды роўна над галавой, звар’яцець можна ад гэтага тупату. Горш за крокі – толькі маміна галашэнне: «Хто вы такія? Што вам трэба? А каб вас Птушкалоў пабраў! Толькі і робіце, што п’яце нашу кровачку!» – дурным сарваным, зусім не сваім голасам крычала мама. «Пераігрывае», – думала Бася.
Крокі аддаліліся. Бразнула клямка на дзвярах, зарыпелі веснічкі. А Басі здавалася, яна чуе, як туп-туп-тупаюць цяжкія ногі па зямлі.
Зверху палілося святло.
– Выходзь, – прашаптала нарэшце па-роднаму мама, быццам баючыся, што нябачны жаўнер ці шпег падслухоўвае іх. Бася нягегла выкараскалася. Што карысці ад худзізны ды лёгкасці, калі зграбнасцю Лёс не надзяліў? Спачатку цюкнулася каркам аб столь, потым саданулася плячом аб рабро вечка і на апошніх прыступках ледзь не зляцела з лесвіцы ўніз на шматлікія збанкі ды шклянкі. Тут і жаўнераў ніякіх не трэба, сама калі не заб’ецца, то пакалечыцца як след.
Ранішняе сонца схавалі за шчыльнымі фіранкамі, яму заставалася толькі напаўняць пакой барвовым паўзмрокам. Бася збіралася прасядзець тут колькі неабходна, ловячы ўнутры і разбіраючы на драбніцы хваляванне перад магчымай небяспекай. Але хутка скончылася паветра, стала горача, суха і сумна. Пакой, на які ніколі не звяртала ўвагі, уявіўся турмой: звыклыя рэчы на звыклых месцах раздражнялі, заміналі, адбіралі прастору і паветра. Некалькі разоў напорвалася на зэдлік, камоду, ножку ложка і іншыя рэчы, якія цяжка не заўважыць. Мэбля, быццам адчуўшы Басін стан, вырашыла адпомсціць за ўсе гады непаважлівага карыстальніцкага стаўлення.
Мама час ад часу заходзіла, прыносіла ежу і навіны: па ўсім горадзе толькі і гутарак, што пра росшукі. Ад людзей чакалі радасці: як бяльмо на воку ім адметныя – перашкаджаюць жыць спакойна, адным сваім выглядам абражаюць. Ды звычайныя гараджане ставіліся па-рознаму. Хтосьці, вядома, злараднічаў: даўно варта гэтых нелюдзяў пахапаць. Было, праўда, і тое, што людзі заступаліся за няшчасных. Абаронцаў хапалі ў вязніцу. Большасць жа хоць і ведалі, што ім небяспека не пагражае (прынамсі, не павінна), а княскім жаўнерам усё адно не давяралі і маўкліва назіралі з-за кута: абы іх не схапілі.
Словы ахутвалі Басю, падхопліваючы сваёй музыкай, заварожваючы рухамі мамінага твару. Дачка і маці зусім непадобныя. Мама – невялікага росту, прыемна круглая: мяккія недаўгія рукі, колеру пазалеташняй травы валасы, маленькі круглы твар, на якім вылучаецца нос, што хавае пад сабой тонкія светлыя вусны. Такія твары называюць птушынымі, і праўда, мама падобная да верабейчыка. Яе дагэтуль лічаць прыгажуняй – жаніхі час ад часу ходзяць, нягледзячы на выродлівую адметную дачку. Дзяўчына кінула позірк у люстэрка, хоць за пятнаццаць гадоў жыцця вывучыла кожны міліметр свайго твару, кожную хібу сваёй постаці – задаўгой і худой, як жардзіна – заўсёды няма куды дзець ногі і рукі, на целе ганебна вылучаюцца часткі, якіх у нармальных дзяўчат быць не можа. Больш за іх Бася не любіла толькі свае валасы – даўгія чорныя кудзеры, якія хоць стрыжы, хоць рві, а нікуды не дзенуцца. Зрэшты, іх хаця б можна схаваць, у адрозненне ад ярка-сініх вачэй на палову твару (другую палову займалі пульхныя ружовыя вусны, а дзесьці паміж імі ледзь-ледзь утачыўся невялікі тонкі нос). На такія дробязі, як ружовыя шчокі, што няведама адкуль узяліся на тонкім твары, можна нават не звяртаць увагі. Зноў захацелася кінуць штосьці ў люстэрка, разбіць не проста да павуціння стрэшчынак, а да аскепкаў. І каб чароўным чынам не толькі адбітак знік, але і сама Бася стала іншай, звычайнай, як мама. Бываюць жа чароўныя люстэркі, чаму б і гэтаму не быць такім? Праўда, правяраць не наважвалася: мама засмуціцца.
* * *
Бася заўважыла, што з ёй нешта не так, гады ў чатыры. Свет існаваў у межах плота, які агароджваў хату і двор, і жылі тут толькі Бася і мама. Не тое каб маміна кампанія ёй надакучыла, але хацелася бачыць побач кагосьці яшчэ. Чуваць жа мноства галасоў звонку, у іншых дварах і хатах, ды і да мамы час ад часу людзі наведваліся. Але Басю яна на гэты час адсылала ў далёкі пакой. Дзяўчынка, можа, і сядзела б так яшчэ доўга, не рвучыся далей за плот, калі б не зручны выпадак.
Мама выбегла да суседкі. Звонку не заскрыгатала засаўка. Некалькі імгненняў было дастаткова, каб паддацца на спакусу.
Дзяўчынка хацела прайсціся толькі да канца вуліцы, але з імі ў горадзе не ўсё так проста: адна чаплялася за другую, другая выводзіла на трэцюю, што збочвала на чацвёртую… На кожнай было нешта цікавае: рознакаляровыя шкельцы ў вокнах, што пускаюць сонечныя зайчыкі, бліскучы каменьчык з крапінкамі – каштоўнасць, якую варта мець, чорная котка з белым хвастом, белая котка з чорным хвастом, рудая котка. І ўсё гэта ззяла святлом яснага дня, іскрылася радасцю і свабодай пазнавання новага. Бася не заўважыла, як скончыліся вядомыя ёй лічбы, разбегліся коткі, а яна забылася, у якім баку хата.
– Скажыце, калі ласка… – Бася была ветлівай дзяўчынкай і ведала, як звярнуцца да незнаёмых дарослых, хоць ніколі не бачыла іх так блізка.
– Адметны вырадак! – завіскатаў вялікі круглы мужчына з прыплюснутым носам-лычом і бела-шэрай праплешынай. На крык сабраліся мінакі. Калі мама знайшла дачку, вакол яе стаяла цэлая зграя драпежных віскуноў, абыякавых лайдакоў і цікаўных разепаў – галёкалі, махалі рукамі, толькі што палкамі ў дзяўчо не тыкалі. Ледзь вывела.
– Як ты зразумела, дзе я? – запыталася Бася.
– Прайшла ля хаты з каляровымі шкельцамі, пабачыла каменьчыкі з крапінкамі, а недалёка – трох прыгожых котак. А потым пачула крыкі, – на апошніх словах мама стала сур’ёзнай.
Нейкі час яна стрымлівала Басю ў межах плота, але гады надавалі дзяўчыне настойлівасці і разважлівасці, якія дапамагалі выпрасіць (а то і адваяваць) дазвол выйсці на вуліцу. Зрэшты, пасля пары асцярожных самотных шпацыраў не далей за першы паварот, пасля пары тыканняў брудных пальцаў неабыякавых гараджан імпэт згас.
* * *
Пад акном у рытме чыіхсьці крокаў зашаргацела трава. Зарыпелі веснічкі, бразнула клямка на дзвярах (казала ж маме зачыніцца знутры!). Бася стрымала жаданне залезці пад ложак – заціснулася ў кут паміж шафай і сцяной.
– Суседачка! – пачуўся ў калідоры рыпучы голас старой Вікці.
«Цьху, варона! – падумала Бася, – ужо нешта вышуквае».
Вікцю не любілі. Ніхто не ведаў, калі і адкуль яна з’явілася тут. Кепскага, здаецца, не рабіла, але і добрага ад яе не чакалі.
– Дабрыдзень, – спакойна сказала маці. – Што здарылася?
– Нічога сабе дабрыдзень! Колькі людзей пахапалі!
А Баська твая дзе?
– Збегла.
– Яно канешне, хай перасядзіць, а то ўсіх хутка перахапаюць.
– А вам што трэба?
– Ды я ўжо і забылася. Загаварыла ты мяне. Пайду. Бразнула клямка, рыпнулі веснічкі, зашаргацела трава.
Счакаўшы, Бася асцярожна вызірнула з-за фіранкі і вочы ў вочы сутыкнулася з Вікцяй. Пад прымружанымі павекамі суседкі бліснула па хітрынцы.
Дзяўчына адскочыла і захінула фіранку. Ды позна.
* * *
Увесь дзень Бася правяла ў чаканні. Старая Вікця скарыстаецца яе таямніцай. Вось толькі як?
Ці не ўпершыню дзяўчына зазірнула ёй наўпрост у твар. Раней, пабачыўшы праз акно згорбленую паставу, імкліва адыходзіла, адварочвалася ці хаця б апускала долу вочы – баялася, што вывернецца назнальніцу, як толькі сутыкнецца позіркам. Ды і што там разглядаць? Хустка, насунутая на самы лоб, насупленыя бровы, падціснутыя вусны ды зморшчаны ў вечнай агідзе нос – чалавек, пакамечаны жыццём і ўзнагароджаны гадамі.
Ноччу не спалася, таму шоргату травы пад вакном Бася ўзрадавалася. Здаровы сэнс стрымліваў памкненне ўстаць і паглядзець, але хтослухае здаровы сэнс сярод ночы, чуючы падазроныя гукі там, дзе іх быць не павінна? Калі ў шыбу каротка пастукалі, сумневы зніклі.
Бася ірванула фіранку. За акном стаяла Вікця. У разлітым святле месяца твар яе белы і зусім гладкі без штучных зморшчын вакол светлых-светлых вачэй і сціснутых у нітку вуснаў. Нават маленькі шнарык над левым брывом – не загана, а дэталь, без якой вобраз быў бы няпоўным, як і без высокіх вострых скул – у Басі такія не атрымаюцца, нават калі шчокі ўцягнуць. Рудыя кудзерыстыя валасы блішчаць, вызваленыя з-пад хустак. Распраўленая пастава тонкая, ганарлівая, быццам у гэтай танклявасці ёсць прыгажосць.
«Вікця – якое недарэчнае імя для такога погляду і паставы! – сама хаваецца ад пераследу», – здагадалася Бася. Знакамі начная госця паклікала дзяўчыну на вуліцу.
Выгляд яе быў хітрым, але не злавесным. Бася выйшла. Няёмкае маўчанне нацягнулася паміж імі. Суседка, відаць, чакала пытанняў, а Бася – адказаў.
– Я шукаю тых, хто не трапіўся гетманавым людзям.
– Пры чым тут я?
– Чапаюць толькі адметных. Такіх, як ты ці я. Я ведаю, дзе можна ўратавацца.
– Я ўжо схавалася.
– Легенда пра ўцёкі задаволіла жаўнераў, але гетман працягне шукаць. Яны ведаюць кожнага, каго трэба схапіць. Бася маўчала. Адметным ніколі не жылося надта солад ка, але росшукі і ператрусы пачаліся нядаўна. Можа, хутка сцішацца?
Заўважыўшы, што дзяўчына вагаецца, Вікця насела:
– Колькі ты будзеш тут хавацца? Пакуль валасы не ссівеюць ды хрыбет не сагнецца? Думаеш, перасядзіш і забудуцца на цябе? Халера там. Вырашай, зараз ці ніколі.
Бася прагнала перад вачыма прамінулы дзень. Колер столі і сцен, чырванаватае паветра, што панавала ў пакоі. Пражыць так магчыма, але з думкай, што можаш інакш, – невыносна. Зрэшты, можна пражыць і дзень, і тыдзень, і год, калі ведаеш дакладна час свайго вызвалення. Халодны вецер нашэптваў рашэнне.
– Што ўзяць з сабой?
– Што хочаш. Панясеш сама. Збірайся, я пачакаю. Бася панура паплялася ў хату. Упершыню жыццё вымагала выбару і дзеянняў, да якіх яна зусім не прывыкла. Так хацелася залезці ў мяккі козытна-халодны ложак. Заснуць, а назаўтра ўсё будзе па-ранейшаму.
Сабраць рэчы і не разбудзіць маму – задача ў цемры немагчымая. Бася не надта асцярожнічала. Прыслухоўвалася да шоргату – можа, мама прачнецца, яны хаця б развітаюцца, ато і знойдуць такое рашэнне, якое не змусіць сыходзіць.
Не шумелася – рухі былі надзіва асцярожнымі. Зараз ці ніколі. Басі здавалася, што слова «ніколі» – самае страшнае. А тут – «зараз» – гэта як скочыць у халодную ваду – яшчэ наважыцца трэба.
Альбо не трэба.
Бася паглядала, ці чакае Вікця. Вікця чакала. Цярпліва: нікуды дурное дзяўчо без яе дапамогі не дзенецца.
– Зараз бяжы да Хітрай рэчкі, яна загавораная, каб адметных перапраўляць. Сядай у човен ды плыві. Ён ведае, куды несці. Потым – напрасткі праз гушчар. Лічы крокі: пяцьсот праміне – натрапіш на шырокую сцежку, яна і выведзе да паселішча.
– А ты?
– А мне яшчэ трэба незабраных выправіць. Сёння, не пазней.
– Я ніколі не была на тым беразе. Ніхто з горада не наважыцца пераплыць раку ды пайсці ў гушчар.
– Таму мы яго і выбралі.
Вікця сышла ціха – і куды толькі падзеўся шоргат крокаў у траве.
На хату Бася і не зірнула. Калі не развітвацца, то абавязкова вернешся – і ўсё будзе як раней. Спакойна і шчасліва.
* * *
Больш за ўсё Лесі хацелася ўцячы з дому. Трынаццаты дзень народзін не абяцаў нічога добрага. Выпадковая сустрэча са старэйшай сястрой па дарозе на кухню – і свята можна скамячыць і выкінуць у сметніцу.
– Прыбярэш сёння мой пакой, – ці то прапанавала, ці то загадала яна. Леся ведала, як трэба рэагаваць на такія выбрыкі. Таргавацца. Выбіваць для сябе найлепшыя ўмовы, найбольшую цану.
– А то што? – болей нахабства ў голас, быццам няма чаго баяцца.
– А то скажу маме пра тваю кантрольную па матэматыцы і пра вырваны з дзённіка ліст.
Халера, адкуль толькі даведалася? Ліст з тройкай па матэматыцы Леся выкінула на вуліцы, далёка ад дома. Сшытак заўсёды хавала на самым дне заплечніка пад спартыўнай формай і пакункам з абуткам. Хоць ты ператварыся ў каменную статую ці белы ліст – сястра ўсё адно знойдзе чым ушчыкнуць, як напаганіць. Леся маўчала.
– Толькі добра вымый, ва ўсе куты залезь. А то атрымаеш замест падарунка маміных кухталёў, – і пайшла ледзь не ўпрыскок, вольная, лёгкая без хатніх абавязкаў.
За камодай, пад ложкам, пад сталом спачывалі камякі шматгадовага пылу. Каб толькі мама пабачыла! Выдала б тады старэйшай. «Калі вы не можаце прыбрацца ва ўласным пакоі, то не павінны яго мець», – так яна кажа. Вось бы яна выселіла сястру ў «залу», а яе пакой аддала б Лесі. А можа, не прыбіраць гэты пыл? Мама вернецца, пабачыць і… Зрэшты, вопыт і інтуіцыя падказвалі, што найбольш атрымае менавіта Леся – ад старэйшай, што «здала» яе. А потым і ад мамы – заўтоеную тройку. І добра, калі выплаты па заслугах абмяжуюцца сапсаваным днём народзін. Зрэшты, ці можа быць горш?
З пылу і пяску Леся вымела ляльку Барбі. Касматая, брудная, у анучах, што некалі гадоў таму былі, напэўна, прыгожай сукенкай. Карацей, страхоцкая. Дзяўчына, гідліва ўзяўшы цацку ў два пальцы за шэрыя валасы, у кудзеры якіх ублыталіся пасмы пылу, мелася яе выкінуць. Ляльчыны ногі віселі за некалькі сантыметраў ад незваротнай прорвы сметніцы, калі Леся зірнула ёй у вочы. Пранізліва, балюча, звонка-сінія, яны глядзелі з дакорам, просьбай і разуменнем адначасова. Так мусіла б глядзець мама на дзіця, але Лесіна ніколі так не глядзела. Стала сорамна нават за саму думку, што ляльку можна выкінуць. Калісьці Леся спаць не магла – марыла пра цэлы набор такіх. І не атрымаўшы, забараніла сабе нават глядзець у бок цацак у крамах. І вось гэтая няшчасная пластыкавая істота нагадала. У сметніцы, а тым больш на звалцы ёй будзе страшна, сумна і смуродна. Моцна абхапіўшы далонямі ляльчын стан, дзяўчына панесла сваю знаходку ў ванны пакой.
Спатнелая рука расціснулася над тазам. Ударыўся пластык аб пластык, і Леся ачомалася: яшчэ надумала, шкадаваць хлам. Толькі перапэцкалася дарма. Раздражнёна пусціла самы вялікі напор вады. Лёгкую цацачную дзяўчыну панесла па тазе буйным струменем, што пераходзіў у непаслухмяную драпежную плынь. Яе кідала ў сценкі, біла аб дно, пераварочвала на новых і новых хвалях. Леся дадала ў ваду шампунь. Аблокамі ўзбілася белая пералівістая пена.
* * *
Хітрая рака спакою не абяцала. Сталіца на правым яе беразе расла і на поўнач, і на ўсход, і на поўдзень, і толькі з захаду мяжа была непарушнай – па рацэ. Нерухомая ў самоце, вада падманлівай цішынёй і лагоднасцю вабіла новых жыхароў сталіцы, што не ведалі пра яе выбрыкі, і непаслухмяных дзяцей, што адмаўляліся ў іх верыць. Варта было спусціць на раку човен ці памачыць у ёй хоць палец, і вада шалела. Выбухала хвалямі, паглынала ўсё, што траплялася ў яе пеністую пашчу, і зрыгвала пырскамі. Не раз раку намагаліся ўціхамірыць – ладзілі масты, збіралі ў абцугі труб, але яна была мацнейшая за самыя трывалыя пабудовы.
У гэтую неўтаймаваную моц пад цёмным люстэркам Бася збіралася зрабіць крок. Не ўмеючы ні веславаць, ні плаваць.
Човен не хіснуўся, калі Бася (даволі няўклюдна) села ў яго. Не паплыў, не панёс туды, куды ёй трэба, як абяцала Вікця. Не адбылося нічога. Унутры пуста – веславаць няма чым. Праседзеўшы так колькі хвіляў, адчуўшы сябе дурной і бездапаможнай, Бася вырашыла грэбці рукамі, каб адстаць ад берага і хоць натрапіць на плынь. Вада выглядала лагоднай і мяккай. Можа, маняць пра яе бурны нораў?
Цяжкім халодным покрывам легла на спіну першая хваля. Другая, збоку, накрыла з галавой, заліла вуха і нос. Мокрыя валасы закрылі вочы. Велізарныя далоні ракі адна за адной білі з усіх бакоў, ногі занямелі ў вадзе, што напаўняла човен. Невядома, дзе рака, а дзе неба, у чоўне яна ляжыць ці на дне. «Лёс, хутчэй бы патануць і скончыць усё». Плыні круцілі, пераварочвалі з ног на галаву і назад. Човен, разбіты на мноства шчэпак, віраваў навокал. Калі вада перастала апякаць холадам, Бася зразумела, што тоне.
Халодны вецер ператварыў кожную кроплю на целе ў крышталік лёду. Хацелася ўстаць, але крышталікі сабраліся ў ільдзяную кальчугу. Некалькі разоў Басі здавалася, што яна паднімаецца, збівае з сябе рэшткі звёнаў, рушыць ў лес і знаходзіць сцежку. Пробліскі свядомасці падказвалі, што яна ляжыць на халодным. Зрэшты, Бася не змагла б дакладна сказаць, дзе было прасвятленне, а дзе – забыццё. Толькі аднойчы яна выразна пачула голас: «Гэта яна. Забірайце» – і чыесьці рукі нязручна, балюча падхапілі яе пад пахі і пад калені. «Нясуць бы мех з сенам», – падумала Бася, але змаўчала і зноў страціла прытомнасць.
* * *
Штосьці навязліва цёплае ахутвала цела. Другім слоем лягла паніка. Бася ўскінулася, спрабуючы вызваліцца, стукнулася ілбом у нешта цвёрдае.
– Ай! – пачула яна па-птушынаму звонкае і адплюшчыла вочы. На краі яе ложка сядзела дзяўчына. Сонечнае святло праз акно з-за спіны незнаёмкі не дазваляла разглядзець твар, толькі падпраменьвала дзіўным ззяннем густыя светлыя валасы, заплеценыя ў касу. На макаўцы тырчалі некалькі непаслухмяных валасінак. Блакітнага колеру кашуля з шырокімі рукавамі здавалася ўбранствам незямной істоты. Напэўна, так выглядала б у ясны дзень Нябёсная Птушка, што прыносіць на зямлю намаляваныя Лёсам жыцці, калі б уздумалася ёй ператварыцца ў чалавека. Яна зліваецца з небам, каб людзі не заўважылі і не пажадалі раней часу даведацца, што ім наканавана. У пахмурныя дні ўбор яе паўсядзённы, хмарна-шэры. Ясным часам яна апранае святочныя блакітныя крылы, пранізаныя промнямі сонечнага святла. Кажуць яшчэ, што пёрамі сваімі яна адзначае, добрае жыццёчакае чалавека ці змрочнае і цяжкае, як набрынялыя дажджом хмары. Самыя кемлівыя здагадаліся, што ў пагодныя дні нараджаюцца людзі шчаслівыя, лёгкія, а ў дажджлівыя – няшчасныя, з цяжкай доляй наперадзе. Шкада толькі, што чалавек не памятае дзень, калі нарадзіўся.
– Ясная, – прашапаталі непаслухмяныя Басіны вусны. – Мая Птушка ясная.
– Я хацела паправіць коўдру, – ціха сказала птушка і пяшчотна ўсміхнулася. Бася міргнула. Такія простыя словы знялі нечаканае трызненне, пакінуўшы адно няўцямны паслясмак. Карцела разабрацца з месівам думак, але чым больш яна выхоплівала іх па адной, тым больш яны блыталіся. Светлавалосая працягвала.
– Ты ў паселішчы. Дзякуй Лёсу, жывая. Вікторыя, не дачакаўшыся, выправіла людзей на пошук. Яны знайшлі цябе на беразе Хітрулі. Човен чамусьці схібіў гэтым разам, не давёз – толькі трэскі вынесла, ды цябе. Лёс яго ведае, што там здарылася. А я Анэля, твая суседка. Вікторыя прасіла паклікаць яе, калі ты апрытомнееш. Гатовая?
Галава Басі хітнулася.