Читать книгу Час Вогненнага Птушкалова - Кацярына Захарэвіч - Страница 4
Дваццаць крокаў у гушчар
ОглавлениеБасі было горача, цесна, мулка. Пакой, вопратка, паселішча – усё з чужога пляча, не па памеры. Вікторыя сышла. Не сказаць, каб надта прыемна было побач з ёй, але застацца адной – яшчэ горш. Калі гаспадыня паселішча наблізілася да дзвярэй, дзяўчынка аклікнула трывожна, як апошняе ўратаванне:
– Вікця! – тая неахвотна азірнулася. Відаць, не падабаецца прозвішча, што далі суседзі кабеце без узросту і твару. – Чаму човен не давёз мяне? Ты казала, рака ведае, што рабіць.
Вікця паціснула плячыма, быццам вычарпала на сёння дазволеную колькасць слоў, – і выйшла.
І абрынуліся на Басю ўспаміны, словы, думкі, і закруцілі навокал хуткі бязлітасны карагод, і не пускалі нікуды з-за шчыльнай сцяны. Адно трымала за рукі, сціскала галаву вогненным абручам, глядзела проста ў вочы: мама ёй не родная. Спыняючы вар’яцкі танец, Бася ледзь выбралася на вуліцу. Прахалодны вецер вымеў з галавы прынамсі частку думак, дыхаць стала лягчэй, наваколле спыніла пляску.
Паселішча ў атачэнні высокай драўлянай сцяны, разбітае на палянцы пасярод гушчару, хоць і значна саступала сталічнай забудове па памерах і размаху, выглядала грунтоўным. Каля паўсотні хатак, невялікіх, напалову ўкапаных у зямлю, але моцных, размясціліся паабапал ладна пратаптанай дарогі, па якой мог бы праехаць воз. На светлых вокнах вісяць чыстыя фіранкі. Дарога вяла ад брамы, якую ахоўвалі два маладыя воі ў скураных даспешных куртках і шаломах, да будынка – аднапавярховага, але вышэйшага за жылыя хаты, складзенага са светлых, добра абгабляваных ясеневых бярвёнаў. Уверсе металічна паблісквалі на ашчадным лясным сонцы сімвалы Лёсу – пэндзаль і палітра, якімі той малюе жыцці людзей, каб Нябёсная Птушка аднесла іх потым на зямлю. Капліца ў гонар Лёсу. Лёсіца.