Читать книгу Полацк – горад памежны - - Страница 4
На германска-расійскай дэмаркацыйнай лініі
ОглавлениеПасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, 22 (9 па ст. ст.) снежня 1917 г. у Брэсце, дзе знаходіўся штаб галоўнакамандуючага германскім Усходнім фронтам, Савецкая Расія і краіны Чацвярнога саюзу пачалі мірныя перамовы, але 10 лютага (29 студзеня) 1918 г. кіраўнік савецкай дэлегацыі Л.Д.Троцкі выступіў з заявай аб заканчэнні вайны і поўнай дэмабілізацыі арміі па ўсяму фронту. Пасля гэтага савецкая дэлегацыя пакінула Брэст.
18 лютага 1918 г. Германія аб'явіла аб заканчэнні часовага перамір'я і нямецкія войскі пачалі наступ па ўсяму фронту. Нават не наступ, а імклівае перамяшчэнне мабільнымі атрадамі па дарогам і чыгункам. Ужо 19 лютага немцы занялі Дрысу і Дзвінск, а 21 – Полацк…
Полацк на дарэвалюцыйнай паштоўцы
Толькі пасля захопу Пскова, Юр'ева (Тарту) і Рэвеля (Талліна) немцы пагадзіліся на працяг перамоў і дэлегацыя Савецкай Расіі выехала ў Брэст, дзе 3 сакавіка 1918 г. подпісала мірную дамову, прычым на больш цяжкіх умовах, чым прапаноўвалася ёй раней.
Пасля заключэння Брэст-Літоўскай дамовы пачалося афармленне дэмаркацыйнай лініі, якую спачатку планавалася ахоўваць часткамі Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі, якія потым паступова, па меры іх стварэння, павінны былі замяняцца фарміраваннямі памежнай аховы. Аднак па умовам Брэст-Літоўскай дамовы Савецкая Расія абавязвалася дэмабілізаваць сваю армію, таму для аховы дэмаркацыйнай лініі было вырашана стварыць спецыяльную форму вайсковай арганізацыі – Заслону. З гэтай мэтай савецкі ўрад прыняў пастанову аб аб'яднанні ўсіх знаходзіўшыхся паблізу дэмаркацыйнай лініі вайсковых фарміраванняў, атрадаў Чырвонай Гвардыі і партызанскіх атрадаў ва ўчасткі атрадаў заслоны (УАЗ).
3 сакавіка 1918 г. была прынята пастанова Камітэту рэвалюцыйнай абароны Петраграду №38, згода якой атрады, знаходзіўшыяся паміж лініяй Полацк – Веліж – Белы і р. Прыпяццю былі падпарадкаваны начальніку Заходняй групы атрадаў, штаб якога павінен быць выдзелены са штабу Заходняга фронту.
Дырэктывай Вышэйшага ваеннага савету РСФСР ад 5 сакавіка 1918 г. №72 фарміраванне Заходняга УАЗ (ЗУАЗ) была даручана начальніку штабу Заходняга фронту, быўшаму Генеральнага штабу генерал-лейтэнанту У.М.Ягор’еву (1869—1948), а 26 сакавіка 1918 г. ён быў прызначаны ваенным кіраўніком (ваенруком) ЗУАЗ.
Дырэктывамі Вышэйшага ваеннага савету рэспублікі ад 9 красавіка 1918 г. №666 і ад 21 красавіка 1918 г. №989 ваеннаму савету ЗУАЗ была постаўлена задача рэарганізаваць атрады участка па штатам палявой дывізіі – г. зн. стварыць з разрозненых і разнастайных вайсковых форміраванняў рэгулярныя пяхотныя дывізіі, здольныя выконваць баявыя задачы, у тым ліку – весці баявыя дзеянні супраць германскіх войскаў і антысавецкіх фарміраванняў у выпадку іх нападу на савецкую тэрыторыю.
Адначасова з перафарміраваннем атрады ЗУАЗ прадаўжалі выконваць задачы па ахове дэмаркацыйнай лініі і мытнай службе, бо праз дэмаркацыйную лінію ў той час, час голада і жорсткага таварнага дэфіцыту, шырокім патоком ішла кантрабанда. Таскама фарміраванні ЗУАЗ ажыццяўлялі кантрольную службу па пропуску грамадзян праз дэмакрацыйную лінію, перашкаджаючы пачаўшымся масавым уцёкам насельніцтва паўночных і цэнтральных губерняў, першым ацаніўшага ўсё хараство дыктатуры пралетарыята.
На працягу ўсяго часу існавання ЗУАЗ, амаль на ўсім яго участку дэмаркацыйнай лініі, ледзь не кожны дзень адбываліся баявыя сутычкі, а то і баявыя дзеянні, вынікамі якіх былі людзкія ахвяры і бясконцыя прэтэнзіі і скаргі з абодвух бакоў. Прычым, колькасць іх была амаль аднолькавая. Так, напрыклад, на 14 чэрвеня 1918 г. было зарэгістравана 13 савецкіх і 11 германскіх скаргаў і прэтэнзіяў, прычым у двух з іх гаварылася аб скрадзеных каровах мясцовага пана Васілеўскага.
Акрамя парушэнняў дэмаркацыйнай лініі, немцы ўчынялі на акупіраванай імі тэрыторыі Беларусі масавыя рэпрэсіі. Так, зімой 1918 г. у Леплі нямецкія салдаты выразалі ўсю сямью, якую западозрылі ў сувязях з партызанамі; 5 красавіка 1918 г. кайзераўскія жаўнеры акружылі і падпалілі памежную вёску Навасёлкі, а яе жыхароў, ратаваўшыхся ад агню, расстралялі з кулямётаў.
Падобныя дзеянні германскіх войскаў, якія былі не толькі грубым парушэннем умоў Брэст-Літоўскай дамовы, прывялі да таго, што жыхары памежных мясцовасцяў, бежанцы з акупіраваных тэрыторыяў, знаходзіўшыяся на савецкім баку, сяляне, жыўшыя ля дэмаркацыйнай лініі і ў нейтральнай зоне, стваралі партызанскія групы і атрады, якія знішчалі акупантаў і дэмаркацыйныя знакі. У сувязі з гэтым ужо 26 мая 1918 г. галоўнакамандуючы германскай арміяй прад'явіў бальшавіцкаму баку ўльтыматум, патрабуючы разбраення насельніцтва дэмаркацыйнай лініі і нейтральнай зоны. Каб пазбегнуць узброеннагя канфлікта з германскай арміяй мясцовыя органы Савецкай улады і кіраўніцтва ЗУАЗ былі вымушаны правесці сумесную з немцамі аперацыю па разбраенню насельніцтва.
Для прадухілення падобных ультыматумаў, а таксама для кантролю за пунктуальным выкананнем умоў мірнай дамовы, у тым ліку і аб недатыкальнасці нейтральнай зоны, ваенруком Рэвваенсавету рэспублікі М.Д.Бонч-Бруевічам ў маі 1918 г. было прапанавана стварыць змешанныя пастаянныя мясцовыя камісі, адна з якіх павінна была знаходзіцца на чыгуначнай станцыі Палата (№5 – участак ад возера Асвея да чыгункі Полацк – Невель), другая – на чыгуначная станцыі Лаўша (№6 – участак ад чыгункі Полацк – Невель да умоўнай лініі Сянно – Чарэя).
Пакуль праект разглядаўся, на дэмаркацыйнай лініі працягваліся ўзброеныя канфлікты, а ў канцы ліпеня 1918 г. германскія войскі сталі захопліваць населеныя пункты на нейтральнай зоне, усталёўваць тут агароджы з калючага дроту і агітаваць насельніцтва савецкай памежнай паласы да пераходу на акупіраваную немцамі тэрыторыю. Гэта ўсё прадаўжалася і пасля стварэння 31 жніўня 1918 г. спецыяльных памежных змешанных камісій…
Загадамі ваенрука ЗУАЗ ад 15 ліпеня 1918 г. №101 і №102 усе атрады ЗУАЗ былі перайменаваны ў дывізіі. Напрыклад, ахоўваўшы полацкі ўчастак дэмаркацыйнай лініі Віцебскі атрад ЗУАЗ – у 1-ю Смаленскую пяхотную дывізію. Усяго ж да 1 жніўня 1918 г. з атрадаў ЗУАЗ было сфарміравана сем пяхотных дывізій Чырвонай Арміі, якія, калі стала відавочна, што германскія войскі не збіраюцца прадпрымаць наступ на Маскву, дырэктывай Вышэйшага ваеннага савету ад 11 жніўня 1918 г. №4313 было загадана зняць з дэмаркацыйнай лініі і адправіць на франты грамадзянскай вайны, дзе складвалася крытычнае сновішча. Выконваючы гэты загад, ужо з раніцы 12 жніўня 1918 г. пяхотныя дывізіі ЗУАЗ пачалі здымацца з дэмаркацыйнай лініі, пакідаючы толькі невялікія чырвонаармейскія кардоны, якія неслі памежную службу да выхаду на ахову дэмаркацыйнай лініі 2-й Заходняй (Віцебскай) акругі памежнай аховы, фарміраванне якой пачалось яшчэ 1 чэрвеня 1918 г.
28 мая 1918 г. Старшынёй Савета Народных Камісараў (СНК) РСФСР У. І. Леніным быў падпісаны Дэкрэт аб стварэнні памежнай аховы, стаўшы асновай многіх іншых дакументаў, рэгламентуючых памежную службу (праз 40 год Пастановай Савета Міністраў СССР от 15 мая 1958 г. дзень падпісання Дэкрэта СНК РСФСР быў аб’яўлены Днём памежніка).
Пасля падпісання Дэкрэта, 31 мая 1918 г. Галоўнае упраўлення памежнай аховы (ГУПА) паведаміла ў Галоўнае ўпраўленне Генеральнага штабу, што на ўчастку дэмаркацыйнай лініі с Германіяй ад г. Гдова да стыку з дэмаркацыйнай лініяй з Украінай па лініі Нарва – Орша – Суджа праніруецца сфарміраваць 2-ю акругу памежнай аховы «ваеннага, вольнанаёмнага характару» ў складзе 1-га Гдоўскага, 2-га Порхаўскага, 3-га Віцебскага, 4-га Аршанскага, 5-га Чэрыкаўскага і 6-га Суражскага раёнаў, «прычым кожны раён будзе ўяўляць сабой пяхотны полк 3-батальённага складу і 2 эскадроны».
Начальнікам 2-й акругі загадам Ваенна-рэвалюцыйнага камітэту (ВРК) ад 15 мая 1918 г. быў прызначаны быўшы палкоўнік Асобнага корпусу памежнай варты (АКПВ) Адам-Казімір Сігізмундавіч Гласко, уражэнец Полацкага павету Віцебскай губерні. Гэтым жа загадам начальнікам штаба 2-й акругі быў прызначаны быўшы палкоўнік АКПВ Ксаверый Восіпавіч Ждановіч, таксама ўражэнец Беларусі. Ваенным камісарам акругі Усерасійскім бюро ваенных камісараў быў прызначаны сакратар фракціі бальшавікоў Маскоўскага савету Яўсей Барысавіч Браўдэ.
Першапачаткова месцам знаходжання ўпраўлення 2-й акругі быў прызначаны Віцебск. У далейшым, з пачаткам адыходу германскіх войск на лінію дзяржаўнай мяжы, устаноўленную Брэст-Літоўскай дамовай, планавалася раёны акругі прасоўваць за імі на новыя ўчасткі дэмаркацыйнай лініі, а пры выхадзе на савецка-германскую мяжу – прыняць пад ахову яе участак ад берагу Рыжскай затокі па лініі Рыга – Дзвінск – Друя – Дрысвяты – Міхалішкі – Дзевялішкі – Дакудава – р. Нёман – р. Зэльвянка – Пружаны – Відамля. Пасля вызвалення германскімі войскамі Мінску, упраўленне акругі павінна было размясціцца тут.
12 жніўня 1918 г. ўпраўленне ў складзе А. С. Гласко, К.В.Ждановіча, Я.Б.Браудэ, памочніка начальніка акругі – быўшага штабс-ротмістра АКПВ Ф.А.Любімава, помочніка военнага камісара Ройзмана і наборшчыка-друкара тыпаграфіі палітаддзелу Перагуба прыбыло ў Віцебск.
На гэты час ў складзе акругі было ўжо пяць раёнаў: 2-і Порхаўскі, 3-і Себежскі, 4-ы Віцебскі, 5-ы Аршанскі і 6-ы Чэрыкаўскі, бо 1-ы Гдоўскі быў перададзены ў склад 1-й Петраграцкай акругі. Па дакладу аператыўнага упраўлення Генеральнага штабу ў галоўнае упраўленне Генеральнага штабу ад 23 ліпеня 1918 г., па стану на 15 ліпеня ў гэтых пяці раёнах было 15 падраёнаў і 78 дыстанцыяў у якіх па штату павінна было быць 4679 памежнікаў.
Згодна з загадам ГУПА ад 30 верасня 1918 г. у гэтым складзе 2-я Віцебская акруга цалкам прыняла пад ахову ўчастак дэмаркацыйнай лініі ўжо ад станцыі Новаселле чыгункі Пскоў – Луга (пасля вызваленне Пскова ад войск інтэрвентаў – ад паўднёвага берагу Пскоўскага возера) да берагу ракі Іпуть, на паўднёвы захад ад г. Суража.
Амаль адначасова з фарміраваннем памежнай аховы дэмаркацыйнай лініі пачалі стварацца і памежныя надзвычайныя камісіі.
Пачатак іх стварэнню паклала I Усерасійская канферэнцыя работнікаў надзвычайных камісій па барацьбе з контррэвалюцыяй і спекуляцыей, больш вядомая як ЧК, якая праходзіла 11—14 чэрвеня 1918 г. у Маскве. Падчас разгляду чацвёртага пункту павесткі дня канферэнцыі «Барацьба з контррэвалюцыяй і спекуляцыяй, ачышчэнне савецкіх органаў ад прымазаўшыхся элементаў і барацьба з бандытызмам і контррэвалюцыйным друкам» дэлегатамі былі выкрыты не толькі недахопы ў арганізацыі і дзейнасці памежнай аховы і мытных устаноў, але і сур’ёзныя хібы ў дзейнасці мясцовых ЧК.
Адным з іх была адсутнасць надзейнай памежнай аховы і кантролю на мяжы, у выніку чаго «становішча на мяжы было вельмі трывожным». Выступоўцы адзначалі, што ў памежнай паласе квітнее спекуляцыя, узмацняецца шпіянаж, а прадажнасць старых кадраў памежнай варты спрыяе кантрабандзе і вывазу з рэспублікі ўсяго, што ўяўляе якую-небудзь каштоўнасць. У выніку дэлегаты канферэнцыі аднагалосна прынялі рашэнне: «Арганізаваць пры кожным абласным, губернскім Савдэпе, а таксама пры буйных павятовых Савдэпах, вузлавых чыгуначных цэнтрах, … у памежнай паласе стройную сетку надзвычайных камісій па барацьбе з контррэвалюцыяй і спекуляцыяй».
Гэта рашэнне было падтрымана Старшынёй Усерасійскай Надзвычайнай Камісіі (ВЧК) Ф.Э.Дзяржынскім і ужо ў ліпені-жніўні 1918 г. усе губернскія і павятовыя ЧК уздоўж дэмаркацыйнай лініі былі перафарміраваны ў акружныя, участковыя і пунктовыя ЧК, а пры ВЧК быў утвораны памежны пададдзел.
Такім чынам, са жніўня 1918 г. у паласе 2-й акругі памежнай варты пачалі дзейнічаць 13 памежных ЧК: Велікалуцкая (пазней – Смаленская) акружная і 12 участковых, у тым ліку – Полацкая. Таксама тут дзейнічалі некалькі пунктавых ЧК, размешчаных у вёсках памежнай паласы і 60 камісараў пунктаў пропуску.