Читать книгу Пошукі будучыні - Кузьма Чорны - Страница 3
Першая частка. Украдзенае маленства
II
ОглавлениеЗіма ў тысяча дзевяцьсот дваццатым годзе пачыналася вельмі рана. Ужо ў пачатку лістапада станавіўся сухі холад, а пад сярэдзіну таго ж месяца нападаў змёрзлы і сцёрты ветрам на муку снег. Сухія вятры дзьмулі да канца лістапада. Скрозь у полі снег пазганяла ў лагчыны і прыдарожныя рыштокі. Поле асталося голае, толькі дзе-нідзе прыснежанае, скрозь тырчэла пачарнелае ржышча і месцамі нават з крохкім зяленівам не з'едзенай жывёлай і высушанай марозам травы. Дзіўная пачыналася зіма ў гэтых месцах. Бярозавы гасцінец, што ішоў цераз Сумлічы з усходу на захад, ляжаў пад снегам, але на два крокі ў бок ад яго былі голыя палявыя прасторы з іржэўем і раллёй і жоўтыя з зеленаватым адценнем паплавы. Рэчкі цяклі пад чыстым лёдам, і праз яго свіцілася жвірыстае дно і багавінне з вечным сваім павольным рухам. Сонца свяціла цэлымі днямі, і водбліск яго на голым полі будзіў успаміны аб былым зіхаценні летніх дзён. Ад Сумліч на захад гасцінец праходзіў праз дробны горад Нясвіж. Паміж Сумлічамі і Нясвіжам па гасцінцы ёсць яшчэ некалькі мястэчак, і апошняе з іх к Нясвіжу – Цімкавічы. На сярэдзіне ж дарогі паміж гэтым мястэчкам і Нясвіжам стаяла тады старая карчма, як і належыць ёй, з стадолай і прасторнай хатай на падлозе і з бакоўкамі. Карчма стаяла пры самым гасцінцы на ўездзе ў сяло Кукавічы і называлася «Кукавіцкая карчма». У першыя месяцы пасля міру з Польшчай (зімою 1920 і 1921 гг.), пакуль не вызначана была і не адзначана цвёрдая лінія граніцы з Польшчай, гэтая карчма была тым пунктам, на які арыентаваўся кожны, хто хацеў цвёрда дазнацца, дзе Савецкая зямля, а дзе ўладанні Польскай дзяржавы. Калі па гасцінцы ты ступіш ад карчмы крок на захад, дык апынішся ў Польскай дзяржаве, а крок на ўсход – будзеш на Савецкай зямлі. Тады не было яшчэ ні пагранічнікаў, ні пагранічных заставаў і можа нават і цвёрда вызначанай дзяржаўнымі планамі засылкі шпіёнаў. Хто ведае з нас, простых людзей. Можа тады аб гэтым толькі пачыналі думаць у міністэрскіх кабінетах. А ўрэшце – за факты не паручуся, чаго не ведаю, таго не скажу. Такія словы як «шпіён», «дыверсант», «кантрабандыст» тады яшчэ ў гэтай мясцовасці не ўбіліся ў вушы народа. Што ж наогул да эўрапейскіх народаў, то гарадскія малатабойцы і сталявары, механікі і слесары, шаўцы і пекары, і сельскія земляробы ў той час або з радасцю варочаліся дадому, або яшчэ марылі аб гэтым. У нашы дні спрабавала забытаваць пропаведзь, што кожны народ любіць вайну. Горкая практыка паказала, што ваяўнічае геройства народа нараджаецца і выпрацоўваецца не ад замілаванасці да рэк крыві на полі вайны, а ад неабходнасці сцерці з твару зямлі такую погань, якая ў нашы дні ў вобразе Гітлера заявіла, што нармальны стан мужчыны вечна быць у вайне. Гэтая пропаведзь спазнілася на мільёны год. Што ж да скопішча тых валасатых нашых продкаў, якія яшчэ мелі пляскаты лоб і вечна ваявалі адзін з адным, каб адзін аднаго есці нават без перцу і солі, то нават далучыўшы да іх усё гітлераўскае войска, наўрад ці льга назваць усё гэтае зборышча народам. Гэтая развага мела б у тыя часы да Кукавіцкай карчмы тое дачыненне, што ў ёй тады часта падначоўвалі людзі, ваяўнічы дух якіх абмяжоўваўся радасцю аб тым, што скончылася вялікая вайна, якая займала паўсвету, паканчаліся меншыя войны, а ў гэтых вайна з Польшчай, а на адной шостай часціне зямлі прагучэла на ўвесь свет «Мір народам». Можа нарэшце хоць спакойна дыхаць льга стане! Хтосьці, начуючы ў Кукавіцкай карчме, напісаў у ёй на сцяне, як бы на ўспамін тутэйшым людзям, сваё прозвішча і слова радасці, што варочаецца ў родны кут да блізкіх і родных. З гэтага прыкладу пайшлі і больш тут пісаць на карчомных сценах. За шэсць год вайны і за дзве акупацыі на гэтай бітай дарозе перавярнулася бездань людзей. А кажуць жа, што кожны чалавек – гэта цэлы свет. Як толькі маглі ўмясціць на сабе гэтулькі надпісаў сцены гэтай старой будыніны! Апошнімі днямі лістапада месяца тысяча дзевяцьсот дваццатага года, калі сухі скавыш ламаў на гасцінцы бярозавае голле, змятаў з поля апошні снег і скавытаў у коміне Кукавіцкай карчмы, перад самым вечарам нейкі падарожны з такім змучаным тварам, што на ім ужо страцілася пячаць чалавечага вобліку, роўнай хадой ішоў гасцінцам з захаду на ўсход. У тыя хвіліны, калі сонца вісела над самым лесам, ужо гатовае спусціцца за яго, чалавек падышоў да самай карчмы і абышоў яе навокал. Уваход у карчму і ўезд у стадолу былі проста з гасцінца. За задняй карчомнай сцяной было выгараджана жэрдкамі месца, падобнае і на двор, і на агарод. Чалавек успёрся локцямі на гэтую агароджу і так стаяў у задуме. Рыжая карова траслася з холаду і тыцкалася пысай у мерзлыя грады, дзе яшчэ аставаліся рэшткі скарэжанага на марозе капусніку і бурачніку. Карова шукала яды. Чалавек доўга глядзеў на яе і ўсё стаяў. Магло здавацца, што яму вельмі соладка стаяць на холадзе. Яно і можа быць, бо кожны яго рух сведчыў, што ён быў такі змучаны, што яму соладка было стаяць у нерухомасці. Можа чалавек крыху адпачыў стоячы, бо праз нейкі час вочы яго як бы ажывіліся, і, як бы развясельваючы сам сябе, ён сказаў: