Читать книгу Чалавек з брыльянтавым сэрцам - Леанід Дайнека - Страница 4

Вялікі жах прыходзіць толькі ўначы
III

Оглавление

На верталётнай стаянцы, якая знаходзілася на даху Дома Пераўтварэнняў, Гай Дубровіч, вельмі здзівіўшыся, убачыў свайго пятнаццацігадовага сына Клёна. Адразу нават падумаў, што памыліўся. Ці нямала такіх падлеткаў, даўгалыгіх, з нагала пастрыжанымі галовамі? Яркімі фарбамі малююць яны там, дзе ў іхніх прапрадзедаў матляліся чубы і грывы, кветкі, зоркі, астранамічныя знакі. Гэты таксама размаляваны. Дубровіч, слізгануўшы па яму позіркам, падаўся да свайго верталёта. Ззаду пачулася: —Тата, вазьмі мяне з сабой.

– Што ты тут робіш, Клён? – рэзка азірнуўся, выдыхнуў з раздражненнем Гай.

– Чакаю цябе, каб разам ляцець на Чорны Хутар.

Сын падышоў да бацькі, пацёрся яму галавой аб грудзі. Сантыметры на тры, калі не болей, быў ён ужо вышэй за Гая. Дзіўна было глядзець на гэтае стравусянё, тонкае, худое, вузкаплечае, ключыцы выпіраюцца, нібы кіёчкі. Дзіўна было не ў люстэрку і не ў спакойнай рачной вадзе бачыць свой твар, толькі зусім юны, неагрубелы і нейкі, хоць была на ім самаўпэўненая бравада, бездапаможны. Гай адчуў, што вельмі любіць свайго адзінага сына, любіць да паколвання ў грудзях, і, калі б узнікла суровая неабходнасць, не вагаючыся, аддаў бы за яго жыццё. Але ён строга спытаў:

– Як ты тут апынуўся? Чаму ты не дома?

– Мяне на сваім верталёце прывёз Навум Масейкін, – адказаў Клён.

– Масейкін? – Гай Дубровіч іранічна ўсміхнуўся. – Гэты ўсявед можа… Схапіць дзіця, пасадзіць у верталёт, прывалакчы дзіця ў Дом Пераўтварэнняў. Слухай, Клён, я абяцаў узяць цябе з сабой на Астэроід. Памятаеш?

Сын кіўнуў галавой.

– Дык я не вазьму цябе. Зразумеў? Хіба ты не ведаў і твой Масейкін хіба не ведаў, што да шаснаццаці год ніхто не мае права і нагой ступіць на парог Дома Пераўтварэнняў? У першым пункце вердыкта доктара Метэора сказана аб гэтым.

Сын пакутліва пачырванеў.

– Вядома, я чытаў вердыкт доктара Метэора, – сказаў ён. – Але ж я высокі, тата, і мне ўсе ўжо даюць з выгляду шаснаццаць гадоў. Не думай, я ўсё разумею… Мне яшчэ зарана пераўтварацца. У мяне яшчэ не акрэпла воля.

Ён пазіраў проста ў вочы бацьку, пазіраў з адчайнай рашучасцю, і была ў сынавым паглядзе нечаканая ўпартасць («Як ён узмужнеў!» – міжволі падумаў Гай), прасветленасць і мудрасць, быццам пражыў ён уга колькі гадоў, быццам ён на той бок Сонца лётаў. Але ў размовах з дзецьмі, як заўсёды лічыў Гай Дубровіч, неабходна праяўляць разумную цвёрдасць і нават суровасць, вядома, таксама разумную.

– Навошта ты прыляцеў? – рэзка спытаў ён.

– Мне маці ўсё расказала. Хачу дапамагчы табе, калі прыйдзе Вялікі Жах. У мяне моцнае біяполе, падобнае на тваё. Разам мы пераможам на Чорным Хутары.

Што можна было адказаць на такія словы? Гай паляпаў сына па плечуку, і яны селі ў верталёт. Зноў заквітнела, пабегла ўнізе ранішняя бадзёрая зямля.

– Як ты адносішся да Напалеона? – пацікавіўся Клён.

Нічога нечаканага ў сынавым пытанні не было. Сын рыхтаваўся стаць гісторыкам, хацеў пайсці па бацькавых слядах. Вялікая Эра Плюралізму, як гэта ні падасца нечаканым, раз'яднала людзей (у тым ліку і людскія пакаленні) больш знешне: у словах, паводзінах, жэстах, вобліку. Духоўна ж людзі згуртаваліся, усвядоміўшы хуткацечнасць і непаўторнасць жыцця.

– Нармальна адношуся, – адказаў Гай, пазіраючы праз шкляную лабаціну кабіны на зялёныя чародкі бяроз. – Імператар-рамантык. Гэта някепска гучыць. А ў гербе ягоным былі пчолы.

– Ён любіў мёд? – засмяяўся сын.

– Ён паважаў руплівых людзей, даваў ім магчымасць поўнасцю раскрыцца. Я, дарэчы, апошнім часам таксама думаю пра Напалеона – бачыш, нам з табой адно і тое ж стукаецца ў галаву.

Пры гэтых словах Клён паклаў сваю далонь на бацькаву.

– І мяне здзівіла, – працягваў Гай, – падабенства жыццёвага лёсу Напалеона на лёсы – ведаеш каго? – Гітлера і Сталіна.

– Дыктатары, – упэўнена сказаў сын.

– Я б не спяшаўся гаварыць такое. Прынамсі, Гітлера з яго партыяй абраў народ, абраў у час дэмакратычных выбараў. А падабенства між імі надзвычайнае, можна сказаць, ашаламляльнае. Усе трое – сыны невялікіх (маецца на ўвазе колькасць) народаў, народаў – як мякчэй сказаць? – гістарычна непрэстыжных у тыя часы. Карсіканец, аўстрыец, грузін. Усе трое прыйшлі да сваёй неабмежаванай улады, у свае метраполіі-імперыі з поўдня. І ўсе зрабіліся вялікадзяржаўцамі, шавіністамі, пачалі з пенаю на губах услаўляць Францыю, Германію, Расею, адразу забыўшы пра тое гняздо, з якога вылецелі. Што гэта? Псіхоз улады? Перараджэнне генаў? Выпадак? Заканамернасць?

Гай Дубровіч, упэўнена ведучы верталёт, услых разважаў пра няпростыя, дужа сур'ёзныя рэчы і ведаў, што сын выдатна разумее кожнае слова, кожную ўспышку ягонай думкі. Вялікая Эра Плюралізму, няспынна шліфуючы людскі інтэлект, абуджала мозг да напружанай творчай працы ў вельмі юным узросце.

Прыляцелі на Чорны Хутар. Кожны грамадзянін Індаэўрапейскай Канфедэрацыі меў уласны ўчастак зямлі, быў абавязаны мець яго. Шырока адзначаўся Дзень Антэя, калі юнакі і дзяўчаты, якім споўнілася шаснаццаць год, у прысутнасці сваіх родзічаў і сяброў станавіліся на калені і цалавалі зямлю, а потым, запаліўшы вечаровыя вогнішчы, танцавалі наўкруг іх. У адпаведнасці з гістарычнай традыцыяй такія зямельныя надзелы ў розных мясцінах называліся па-рознаму: віла, ферма, ранча… Беларусы называлі іх, вядома ж, хутарамі. Хутаранскае цяпельца, над якім кпліва насміхаліся ганарыстыя дасціпнікі мінулых стагоддзяў, шчасліва дажыло да Вялікай Эры Плюралізму.

У першую чаргу Гай з Клёнам пайшлі да Магіл Продкаў. На ўзгорку, абсаджаным ліпамі і дубкамі, стаялі тры высокія каменныя крыжы. І на кожным былі выбіты тры словы: «Помні пра нас». Каменныя сціплыя надгробкі бялеліся паміж зялёнай шаўкавістай травы. Пырхаў чырвона-чорны матылёк. Звонка шчабятала птушка.

– І нас з табой пахаваюць тут? – ціха спытаў сын.

– Тут, – ціха адказаў бацька.

Сын пільна, вельмі пільна паглядзеў на бацьку, шкадаванне і роспач мільганулі на імгненне ў чыстых сініх вачах, страх перад халодным небыццём, але ён быў мужчынам, рыхтаваўся стаць грамадзянінам Індаэўрапейскай Канфедэрацыі і ён цвёрда, як і патрэбна ў такіх выпадках, сказаў, пакланіўшыся надгробкам:

– Спіце спакойна.

А Гай раптам успомніў далёкі-далёкі восеньскі дзень, россып дажджу ў змрочным глухім лесе. Тады яны з Клёнам, яшчэ шасцігадовым, пайшлі ў грыбы і заблудзіліся. Не было з сабой ні компаса, ні наручнага бранзалета з радыёмаяком, ні запальнічкі, ліў, шумеў у дрэвах дождж, раззыбаныя ветрам хмары сцюдзёна шклянелі над лесам. Клён спалохаўся, заплакаў. І тады Гай пасадзіў яго сабе на плечы, пайшоў наўздагад па лесе. Дзіцячыя тонкія, такія безабаронныя ножкі білі яму па грудзях, калі часам ён спатыкаўся на нябачных у цемры каранях. Ён мацней трымаў, прыціскаў сына і штохвілінна казаў яму: «Твар беражы, вочы. Нахіліся да мяне, каб галіны не ўдарылі па вачах». Даволі хутка знайшлі яны сцежку, выйшлі на дарогу, але тое лясное змушанае вандраванне назаўсёды засталося ў памяці, аб'яднала іх духоўна. Яны, дарослы і хлапчук, уласнай скураю адчулі дыханне далёкіх стагоддзяў і тысячагоддзяў, калі чалавек быў вельмі залежны ад прыроды, быў яе беднай часцінкай, быў кропляю ліўня і сняжыякай завірухі, калі вецер бязлітасна шкуматаў яму валасы, сек вочы, раздзіраў сцятыя вусны. «Зямлёй Славяніяй» назваў Клён той няўтульны лес і тыя няпростыя адчуванні. Назва, трэба прызнацца, была вельмі трапная. Як гісторыкі (сын – будучы гісторык) яны найбольш цікавіліся першаславянамі, таямшчым, магутным і, на жаль, безгалосым акіянам-лесам, які шумеў калісьці ад Адрыятыкі і Пелапанеса да Белага мора і Ўрала. Праславянскае жыццё, як восеньскі лес, амаль не пакінула пасля сябе яркіх фарбаў, жывой лістоты. А яно ж было! Дубровіч-старэйшы праславіўся тым, што стаў адным з членаў ініцыятыўнай групы, якая выпрацавала і рэалізавала ідэю Вялікай Кампенсацыі. Яны дамагліся, каб славянам (дакладней, толькі ўсходнім славянам) былі выплачаны трыста мільярдаў кантрыбуцыі ў індаэўрапейскіх доларах. За што? За тое, што ў свой час найбольш актыўныя і рухомыя з індаэўрапейскіх плямёнаў, напрыклад, галы, франкі, выцеснілі продкаў славян на самы край гістарычнай Айкумены, адрэзаўшы іх такім чынам ад культуры, ад святла Рымскай імперыі. Вечны Рым, як багаты стол, вабіў да сябе ўсіх варвараў, але славянам не пашанцавала сесці за той стол, іх проста не пусцілі больш удачлівыя народы. А багацце ж, і духоўнае, і матэрыяльнае, было агульнае, бо сам Рым, калыску розуму і прагрэсу, змайстравалі індаэўрапейцы, сярод якіх былі і продкі славян.

Успомніўшы, падумаўшы пра ўсё гэта, Гай Дубровіч паглядзеў на сына, шырока ўсміхнуўся і сказаў: – Вітаем цябе, Зямля Славянія.

І пакланіўся ў пояс ліпам, дубам, двухпавярховаму каменна-драўлянаму будынку, усяму Чорнаму Хутару.

Іх сустрэў робат-вартаўнік па імені Дулеб. Радуючыся гаспадарам, ён узняў у прывітанні доўгую жалезную руку, сціснутую ў кулак. З кулака вылецела зялёная ракета.

– Усё спакойна, Дулеб? – спытаў Клён. Робат зірнуў на падлетка, зірнуў, падалося, з вясёлай хітрынкаю, але ў першую чаргу робат-вартаўнік абавязаны размаўляць з дарослымі, паўнапраўнымі грамадзянамі Індаэўрапейскай Канфедэрацыі. І таму ён сказаў, павярнуўшыся да Гая:

– У электроннай сетцы два разы падала напружанне. На другім паверсе, у кабінеце, у тры гадзіны ночы рыпеў паркет.

– Ці не хочаш ты сказаць, Дулеб, што там хадзіў прывід? – іранічна перапыніў яго Клён.

Робат строга паглядзеў на падлетка, потым павярнуўся да старэйшага па ўзросце, размерана прамовіў:

– Паркет рыпеў. Тады ж, роўна ў тры гадзіны ночы і дзве хвіліны, насупраць акна, якое маецца ў кабінеце, мной заўважаны з боку двара празрыста-белы шар дыяметрам у тры метры дваццаць сантыметраў. Ён бясшумна падплываў да акна. Ярка свяціў месяц, і часам шар як бы знікаў з поля зроку, пэўна, раствараючыся ў месячных промнях.

– Ты і нагаворыш, Дулеб. Кінь палохаць, – зноў умяшаўся Клён, але голас ужо быў трохі цішэйшы, не такі звонкі.

– Гэта быў КЛА,[1] – цвёрда сказаў Дулеб. – У Школе Робатаў я вывучаў іх. Маецца пяць класаў, адзінаццаць падкласаў, светлая і цёмная афарбоўка, трыццаць тры віды канфігурацыі. Бурдзугалараф, які прылятаў на Зямлю ў 1999 годзе, быў камандзірам самага прымітыўнага КЛА. Ён…

– Хопіць-хопіць, – перапыніў робата Гай. – Усе мы ведаем, што ты самы разумны, самы інфармаваны.

Ад такіх слоў гаспадара шчокі ў Дулеба – два адпаліраваныя да бляску пукатыя металічныя кружочкі – ярка запунсавеліся. Робаты вельмі любяць, калі іх хваляць.

– Глядзі, не пусці слязу, – пстрыкнуў робату пальцамі ў самы лоб Клён.

Дулеб іранічна і горда зірнуў на яго, нічога не сказаў. І было ў позірку, у павароце галавы нешта дужа падобнае на позірк аравійскага вярблюда.

Не крыўдуй! – крыкнуў яму, узбягаючы на веранду дома, Дубровіч-малодшы і зноў не стрымаўся: – Усе кажуць, што ты самы мудры робат. Адкажы, што азначае тваё імя?

– Дулебы, саюз усходнеславянскіх плямёнаў на тэрыторыі Заходняй Валыні. У VII стагоддзі апынуліся пад уладай авараў, або обраў. З X стагоддзя ў складзе Кіеўскай Русі пад імем бужан і валынян, – бадзёра адрапартаваў робат.

– Ну, ты й даеш, – захоплена прысвіснуў Клён.

Бацька і сын спачатку распрануліся і паплавалі ў басейне, сценкі якога былі абкладзены рознакаляровымі керамічнымі пліткамі. Вада пахла бярозавым лісцем, навальнічным дажджом. Скура ў Дубровічаў была асляпляльна белая, бо мода на загар, прынамсі, у Індаэўрапейскай Канфедэрацыі, даўно прайшла – людзі пазбягалі пякучых сонечных прамянёў. Абцёрліся калянымі рушнікамі і ў прасторных ільняных кашулях і ў такіх жа штанах пайшлі распальваць камін. Ён быў зроблены ў выглядзе магутнага чырвона-цаглянага зубра, што, падкурчыўшы ногі і раскрыўшы пашчу, ляжаў каля глухой сцяны вялікай залы. Неўзабаве ў гэтай пашчы радасна заскакала полымя. Клён кідаў туды сухія паленцы, кавалачкі антрацыту. Потым сын і бацька, глянуўшы адзін на аднаго, адначасова кінулі ў агонь жоўтыя шарыкі пахучай смалы. Пачуўся лёгкі трэск.

– Мой шарык спадабаўся прашчуру, і ён узяў яго, – радасна сказаў Клён, убачыўшы, як некалькі кропель бліскучай смалы ўпалі на чорны, круглай формы камень, умураваны ў под каміна. Такі рытуал дайшоў да іх, людзей ХХІІІ стагоддзя, з сівой даўніны. Некалі чалавек, назаўсёды адыходзячы ў далёкі чужы край, браў з сабою камень з роднага ачага і клаў яго ў новы ачаг. Камень гэткі называўся прашчурам.

– Аб чым ты зараз падумаў? – ціха спытаў у бацькі сын, бо ў такія імгненні, калі вочы пазіралі на агонь, на камень – прашчур, а ў агні згарала смала, задумвалася патаемнае жаданне.

– Хачу, каб мы ўсе былі шчаслівыя: наша мама, ты і я, – пранікнёна сказаў Гай Дубровіч.

Вялікая Эра Плюралізму навучыла зямлян мудрай і, як усё мудрае, простай ісціне: шчасце грамадства пачынаецца са шчасця кожнага, узятага паасобку, чалавека. І яшчэ: не можа быць шчаслівай і вялікай краіна, у якой жыве ў няшчасці маленькі чалавек.

– А ты аб чым падумаў? – у сваю чаргу, спытаў бацька ў сына.

– Я вельмі хачу, каб да цябе не прыйшоў Вялікі Жах, – адказаў Клён, і вочы ўспыхнулі.

– Вось ты пра што, – узняўся з крэсла Гай. – А я нават забыўся пра візіт гэтага спадара. Хаця не, не забыўся, памятаў, але не першай памяццю. Не хвалюйся, сынок. Гэтакае бывае ў кожнага мужчыны. І ў цябе некалі будзе. А хіба разумна баяцца непазбежнага? Хваляванне, вядома, ёсць. Прыкладна так людзі даўнейшых стагоддзяў хваляваліся, заходзячы ў кабінет да стаматолага. Былі ўрачы такой спецыяльнасці, якія лячылі людзям зубы і нават вырывалі іх спецыяльнымі абцугамі. Зараз, дзякуй Богу і навуцы, мы не ведаем, што такое зубны боль. А раней – ого-го!

Ён зморшчыўся, надзьмуў шчаку, схапіўся за яе рукою, застагнаў, і Клён не вытрымаў, засмяяўся. Не верылася, што такая дробязь, як зуб, мог калісьці прыносіць чалавецтву столькі пакутаў.

Камін патух. Толькі на прашчуры ярка бліскаў маленькі вугольчык. Святло не запальвалі, і ў цемры, што пакрысе наплывала з усіх бакоў, гэты зіхоткі вугольчык здаваўся мудрым пранізлівым вокам, якое праз вечнасць пільна пазірае на іх, бацьку і сына. Хацелася размаўляць шэптам, і яны так і рабілі.

Потым паглядзелі вячэрні выпуск тэленавінаў. Вярнулася шматгадовая касмічная экспедыцыя з ваколіц зоркі Праксіма Кентаўра, што з усіх зорак сама бліжэй размешчана да Сонца. Касмадэсантнікі, і паміж іх тры жанчыны, усе ў белым, выходзілі з карабля, махалі рукамі, смяяліся і, сышоўшы па трапу, станавіліся на калені, цалавалі зямлю… У Біскайскім заліве бушаваў жорсткі шторм. Вадзяныя касматыя горы атакавалі маленькую рыбалоўную шхуну. Адтуль неслася «SОS»… Выступаў кіраўнік Міжнароднага Ўпраўлення па барацьбе з мухай цэ-цэ, дзябёлы шыракалобы мужчына. Трэба было нешта гаварыць, а думак і слоў малавата, і ён цягнуў штохвілінна: «Э-э-э…», толькі каб не маўчаць.

– Кожнае слова ватай абкладвае, – сказаў, зморшчыўшыся, Гай сыну. – Выключы. А ў Бібліі ж напісана: «Словы мудрых – як іголкі і як увабітыя цвікі».

– Зараз не будзе ні іголак, ні цвікоў, – весела прамовіў Клён і выключыў тэлевізар.

Насоўвалася ноч. Было чутно, як на двары, вакол дома, трывожна бегае вецер. Бацька з сынам сцішыліся. Яны думалі, кожны, вядома, па-свойму, аб адным. Яны думалі аб Вялікім Жаху.

Няма і не было чалавека, які б не ведаў, што такое страх. Самы найхрабрэйшы з герояў мог кідацца на коп'і, амбразуры з кулямётамі, са святою песняй узыходзіць на вогнішча, смеючыся ісці па канаце, нацягнутым між высачэзнымі небаскробамі, і ўздрыгваць, нібы заяц, ад слабага гуку, які ў глухім лесе раптоўна раздаваўся за ягонай спіной. Летучы з дрэва, ударалася аб зямлю яловая спелая шышка, а ў чалавека ад неспадзеўкі падкошваліся ногі і цямнела ўваччу. Колькі на планеце людзей, столькі й страхаў. Ды, несумненна, значна больш. Самы галоўны для ўсіх жывых – страх смерці, магілы. А ёсць жа страх болю і хваробы, страх цемры і вышыні, страх беднасці і здрады… Адзін баіцца патаўсцець, палысець, кашлянуць пад час сімфанічнага канцэрта, калі натхнёна і светла саліруе скрыпка. Другі баіцца глянуць у вочы начальству. Кожнага, як кажуць, свая піла пілуе. За тысячагоддзі зямной гісторыі столькі набралася страхаў, дэпрэсій і стрэсаў, столькі енкаў і крыкаў, што ўсё гэта, у рэшце рэшт, не магло не аб'яднацца, не зліцца ў адну субстанцыю, імя якой – Вялікі Жах. Людзі Вялікай Эры Плюралізму ўпершыню, твар у твар, сутыкнуліся з ім гадоў сто назад, калі ён пачаў атакаваць Зямлю з Дальняга Космасу. Размовы аб д'яблах, аб начных прывідах і злых духах, аб палтэргейсце, у час якога самі сабою лёталі цяжкія хатнія рэчы, выстрэльваліся, як кулі, са сваіх гнёздаў электрычныя пробкі і пагрозліва крычалі сцены, зрабіліся, на жаль, суровай рэальнасцю. Калі ўдумацца, унікнуць глыбей, то нічога асабліва ненатуральнага ва ўсім гэтым няма. Ёсць усеагульны закон захавання матэрыі і руху, закон захавання энергіі. Нішто не знікае, у тым ліку і жыццё. Што робіцца з фізічнай сілай, з духам тых людзей, якія паміраюць? Яны адлятаюць да верхніх рубяжоў Дальняга Космасу, там канцэнтрыруюцца, перагрупоўваюцца, каб у выглядзе розных відаў энергіі (маланак, сонечнага ветру) зноў вярнуцца на Зямлю. Адсюль, з гэтага вызваленага палёту, пачынаюцца ўсе рэлігіі, вера ва ўзнясенне пасля смерці на нябёсы. І таксама адсюль «труба», якую бачаць, праз якую са страшэннай імклівасцю імчацца тыя, хто пераступае парог клінічнай смерці. Ведаючы пра закон захавання энергіі, няцяжка перакінуць масток да закону захавання эмоцый, як станоўчых, так і адмоўных. Яны не знікаюць, а зноў жа назапашваюцца каля верхніх рубяжоў Дальняга Космасу, прычым адмоўныя трымаюцца ў раёне чорных дзірак. Нездарма чалавецтва яшчэ ў дагамераўскія часы было ўпэўнена ў існаванні Светлых і Цёмных Сіл, якія кіруюць лёсам людзей. Грэчаскія, а за імі нямецкія філосафы спачатку асцярожна, а потым усё настойлівей пачалі падмяняць паняцце Бог паняццем Абсалютнага Розуму. Але толькі навуковая думка Вялікай Эры Плюралізму прыйшла да цвёрдай высновы, што ўвесь бачны і нябачны Сусвет ёсць не што іншае, як… Адзіны Мозг. Наша Галактыка, у якой дробненькім зярняткам згубілася планета Зямля, клетка гэтага Мозгу і знаходзіцца ў ягоным левым паўшар'і. Чалавечы мозг – зменшаная копія Адзінага Мозгу. Плямы і ўспышкі на Сонцы, каметы і метэарытныя дажджы, паўночныя ззянні і нечуваныя ўраганы – усё гэта паверхневыя праяўленні эмацыянальнай дзейнасці Адзінага Мозгу. У глыбіню, у самы патаемны асяродак гэтай дзейнасці чалавецтва не пранікла і, бадай, ніколі не пранікне, бо мозг не можа зразумець самога сябе, няма люстэрка, у якім бы ён убачыў сябе збоку.

Бацька і сын Дубровічы, прыслухоўваючыся да шуму начнога ветру, гаварылі напаўголас аб усім гэтым і чакалі прыходу Вялікага Жаху. Такое магло здарыцца сёння, заўтра, у любую хвіліну. Вялікі Жах, калі б можна было ў дачыненні да яго карыстацца чалавечымі ацэнкамі, быў даволі выхаваным і тактоўным. Свайго чарговага праціўніка (не будзем казаць – ахвяру) ён загадзя папярэджваў (успомнім крылаты выраз князя Святаслава: «Іду на Вы»). Некалькі папярэджванняў атрымаў і Гай Дубровіч – трывожныя сны блізкіх людзей і добрых знаёмых, падзенне балкона, чорны павук на твары… Такімі, здавалася б, малазначнымі штрышкамі, імгненнымі фехтавальнымі выпадамі Жах, мяркуючы па ўсім, хацеў яшчэ да свайго прыходу падавіць чалавечую волю. Прырода Вялікага Жаху і дагэтуль вельмі слаба вывучана. Можна меркаваць, што ён наведваў людзей ужо ў каменным веку, бо праводзячы таемныя ініцыяцыі, у час якіх дзеці станавіліся паўналетнімі, маленькіх хлопчыкаў запіралі на ноч у цёмных пячорах, секлі дубцамі, выбівалі ім зубы. Дзіцячую душу такім жорсткім чынам рыхтавалі да спаткання ў далейшым жыцці з нейкай бязлітаснай грознай сілай. Што ж такое Вялікі Жах і дзеля чаго ён зноў пачаў атакаваць планету? Адказаць няпроста. На Зямлі ўжо былі перыяды актыўнага накаплення адмоўна зараджанай жывой энергіі – інквізіцыя, фашызм, сталінізм. Рашуча адмовіўшыся ад іх, пракляўшы іх, чалавецтва ўступіла ў Вялікую Эру Плюралізму. Нейкую разгадку, хоць далёка няпоўную, дае выслоўе святара і мысліцеля Аўгусціна Вялікага: «Зло існуе для таго, каб падкрэсліць сілу дабра». У падтрымку святара можна прывесці думку, што дабро заўсёды мае сэнс, а зло часта існуе бессэнсоўна.

Прайшла ноч. Раніцой у акно кабінета, дзе пісаў Гай Дубровіч, рэзка стукнуўся лясны голуб і разбіўся насмерць. Клён збег уніз, пашукаў яго ў гародчыку, у густой траве ўздоўж сцежкі, толькі ўсё дарэмна. Можна было нават падумаць, што ніякай птушкі не было, але ж на шыбіне выразна бачыліся яркія плямы крыві і шэрае тонкае пёрка, якое прыклеілася адным сваім канцом да шкла і ліхаманкава трапятала пад парывамі ветру.

– Бацька, ты возьмеш мяне на Астэроід? – спытаў Клён.

– Падумаю, – адказаў Гай, але ўбачыўшы, што вочы ў сына адразу зрабіліся сумнымі, дадаў: – Абавязкова паляціш са мной.

– А колькі ён кіламетраў у папярочніку? – не адставаў, чапіўся Клён.

– У дыяметры, – паправіў Гай, але раптам зразумеў, што сын гаворыць абы толькі гаварыць, абы не маўчаць.

– Ты што? – схапіў ён сына за плечы.

– Баюся, – шчыра прызнаўся Клён. – Давай сядзем у верталёт і паляцім з Чорнага Хутара дадому. Там – мама. Давай паляцім, бо хутка зноў надыдзе ноч.

– Напрасіўся мяне ад страху ратаваць, а сам баішся? – засмяяўся Гай. – З намі ж самы бясстрашны робат па імені Дулеб. У нас дзве аўчаркі, нямецкая і шатландская, цэлы арсенал зброі, пачынаючы ад кухоннага нажа і канчаючы газавым пісталетам. Ды мы з табой, сын…

– Выпрабаванне будзе вельмі суровае. Дзевятай катэгорыі, – прагучаў раптам ціхі, але надта выразны, як бы металічны голас.

Бацька з сынам анямела паглядзелі адзін на аднаго.

– …Мы з табой, сын, тут стогадовую асаду-аблогу можам вытрымаць, – усёткі скончыў сваю фразу разгублены Гай і спытаў у сына: – Хто гэта сказаў? Можа, Дулеб жартуе?

Але сам жа з вышыні другога паверха ўбачыў, як робат, не спяшаючыся, нязграбна падцягваючы левую нагу, ідзе па садовай дарожцы. «Трэба шарніры праверыць на левым калене», – міжволі падумаў Гай. Робат раптам звярнуў з дарожкі на лужок, па якім яму хадзіць было катэгарычна забаронена, пайшоў, жалезнымі нагамі збіваючы кветкі. Гэта вельмі ўразіла Гая. Дулеб заўсёды быў дысцыплінаваным, Упраўленне Хатніх Робатаў нават аднойчы ўзнагародзіла яго прэстыжным касмабілетам на Астэроід.

– Што гэта? – пабялеўшы, запытальна зірнуў на бацьку Клён.

– Голас, – адказаў Гай.

– Але чый голас?

– Давай прысядзем, – прапанаваў Гай. Яны селі на тахту, прычым сын доўгімі нагамі ціснуўся да бацькавых каленяў – баяўся.

– Прагучаў голас, і мы абодва пачулі яго, – гледзячы ў вочы сыну, стараючыся надаць яму бадзёрасці, загаварыў Гай Дубровіч. – Калектыўныя галюцынацыі здараюцца дужа рэдка, і, значыць, гэта была не галюцынацыя. Карацей кажучы, нас папярэдзіў Вялікі Жах. Тыя, хто з ім сустракаўся, расказвалі, што ён майстар на такія штучкі.

– Але што яму трэба? – не сунімаўся Клён. – І наогул што гэта ўсё такое?

– Ты мяне пытаеш, як быццам я, самае меншае, стрыечны брат гэтаму Жаху. Ды пастараюся што-кольвечы растлумачыць. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў назад вучоныя-уфолагі (ты ведаеш, так называюцца спецыялісты па ўсіх гэтых «талерках» па КЛА) правялі цэлую серыю фатаграфаванняў у нябачнай частцы светлавога спектру. Фатаграфіі (а іх былі сотні) пацвердзілі існаванне тонкай небялковай формы разумнага жыцця, якая, мяркуючы па ўсім, намнога старэй за нашу цывілізацыю. КЛА ёсць не што іншае, як засцерагальныя ўмяшчальні элементаў гэтага «разумнага эфіру». Яны ствараюцца на нейкі час, а потым знікаюць, і нечым падобныя на звычайныя мыльныя бурбалкі.

– Я пра ўсё гэта чытаў, – нецярпліва і не вельмі тактоўна перарваў бацьку сын. – Я ведаю, што жыццё на нашай планеце стварылі бялкі і нуклеінавыя кіслоты. І што прынцыпы генетычнага кадавання, біясінтэзу бялкоў і нуклеінавых кіслот адзіныя для ўсяго жывога. Значыць, калі гэты Вялікі Жах нешта жывое, ён створаны не на бялковай, а на нейкай іншай аснове?

– Атрымліваецца, што так, – адказаў бацька. – Прырода – найвялікшы камбінатар. І наогул мы ведаем пра свет, у якім жывём мільёны гадоў, нейкую нікчэмную долю таго, што неабходна ведаць. Возьмем той жа Вялікі Жах. Яўна агрэсіўная грубая сіла, якая ўжо не першы год тэрарызуе чалавецтва. Ён атакуе не грамадства ў цэлым, а паасобку кожны індывідуум, лагічна мяркуючы, што так лягчэй запалохаць, паставіць на калені, ці што там яшчэ яму трэба ад людзей. Ён як быццам помсціць за нешта, або не хоча некуды, у нейкія запаветныя дзверы ўпусціць. Ды ці існуе ён наогул? Вось у чым загвоздка. У рэшце рэшт, не выключана, што на базе чалавечага мозгу можа існаваць некалькі асобін, якія звязаны паміж сабой толькі целам. Адна з асобін можа жадаць смерці целу.

Увесь гэты час Клён напружана глядзеў на бацьку, нібы прымерваўся да яго. Потым сказаў, і словы прагучалі, як загад:

– Пазвані сваім сябрам. Хто ў цябе ёсць з сяброў? Пазвані на Індаэўрапейскае тэлебачанне Навуму Масейкіну. Дай «SОS». Так і так – хутчэй імчыся на Чорны Хутар, хутчэй ратуй, інакш можа адбыцца поўная і абсалютная дэматэрыялізацыя, магу разам з любімым сынам аддаць канцы.

Гай і раней заўважаў у паводзінах і ў словах сына нейкую знарачыстую грубаватасць, нейкае панібрацтва, быццам размаўляў той не з бацькам, а са сваім жа галалобым нафарбаваным равеснікам, «шарыкам з адной лузачкі», як яны любяць казаць. Адкуль такі тон? Ад ранняга сталення і цэлага акіяну інфармацыі, што захліствае гэтых маладых пеўнікаў з ног да галавы? А можа, ад таго, што дужа рана робяцца яны спелымі мужчынамі з ярасным бушаваннем палавых гармонаў у крыві?

Гай пазваніў Навуму Масейкіну. Таго доўга шукалі, нарэшце знайшлі.

– Жывуць Сонца і Кісларод! – весела выгукнуў здалёку Масейкін.

Гай лаканічна, як толькі мог, абмаляваў сітуацыю, папрасіў, пры магчымасці, зазірнуць на Чорны Хутар.

– Мой малы баіцца, – ціха сказаў у слухаўку, косячы вокам, каб, крый божа, не пачуў Клён.

– Якую катэгорыю паабяцаў табе той пракляты голас? – перапытаў Масейкін.

– Дзевятую.

– Дзевятую? Ну, стары, трымайся. Я ў яго, як памятаю, па пятай катэгорыі праходзіў. Белым прамянём так хвастануў, ажно я прысеў. А назаўтра жонка гаворыць: «Кракадзільчык (гэта яна мяне, калі ў добрым настроі, так называе), адкуль у цябе шрам на левым плячы? А ў мяне ніколі ніякага шрама зроду не было. Адным словам, не вешай нос – імчуся да цябе. І не забудзь пра Ўзмацняльнік Волі.

Змяркалася. Дубровічы трымаліся разам. Гай, ужо не кажучы пра Клёна, у глыбіні душы раскайваўся, што кінуў-рынуў горад і прыляцеў на Чорны Хутар. Паклікалі да сябе робата Дулеба. Ён звычайна лёгка ўзыходзіў па лесвіцы на другі паверх, але сёння адказаў вінаватым голасам:

– Не магу, спадар Гай. Левая нага не слухаецца. Буду званіць ва Ўпраўленне Хатніх Робатаў, каб прыслалі рамонтніка.

Дулеб пачаў званіць у горад. «Нешта тут не так, – падумалася Гаю. – Дулеб жа робат звышновай серыі. Такія, сама меней, тры гады працуюць без аніякага збою».

Раптоўна захацеў спаць Клён і пайшоў у свой пакой. Вяла цмокнуў бацьку ў шчаку, зачыніў за сабою дзверы. «Дзіўна, – зноў падумалася Гаю, – ледзь не трымцеў ад страху, а тут – нуль увагі на бацьку і ўжо дае храпака. Дзіўна».

Ён ляжаў на ложку, ляжаў на спіне, пазіраючы ў столь, і думаў. Старая цывілізацыя ўсё ярасней атакуе маладую. Пэўна ж, з-за таго, што па нейкіх прычынах давялося адступіць на другі план, саступіць у цень, у змрок. Колькі разоў зямное супольніцтва спрабавала выйсці з ёю на кантакт, дамовіцца, прымірыцца, падзяліць, нарэшце, сферы ўплыву, нават аддаць цэлы мацярык, Антарктыду. Пакуль што нічога не атрымліваецца, адказу няма. Тысячы людзей ужо сустракаліся з ёю твар у твар, некаторых яна цяжка пакалечыла, але ніхто (ніхто!) не можа намаляваць яе партрэт. Пакрысе вучоныя пачынаюць сыходзіцца на той думцы, што смерць, біялагічная смерць чалавека, не што іншае, як помста Старой Цывілізацыі. Чалавек жа, у прынцыпе, несмяротны, асабліва калі ўлічваць, што сперматазоід, ад якога зачаўся сын, прыйшоў з цела бацькі, а яшчэ раней – з цела дзеда, прадзеда, прапрадзеда… з цела Адама. Восемдзесят пяць гадоў жыцця, адпушчаных у сярэднім кожнаму земляніну, гэта, прыкладна, толькі пятая частка таго часу, які ён мог бы пражыць. Вучоныя называюць Старую цывілізацыю катакомбнай, або падпольнай. Нядаўна атрыманы звесткі аб тым, што яе калоніі, нябачныя няўзброенаму воку, выяўлены ў кратэрах дзеючых вулканаў. А што такое снежныя людзі, таямнічая Нэсі? А мерцвякі, ваўкалакі і невідзімкі? Гэта яе голас гучыць, адчайна і няўтольна, зімовай мяцельнай ноччу ў коміне і ў галінах старых дрэў, гэта яе след, як халодны звонкі ланцуг, кінуты ў сцюдзёнасць росных траў у туманным світальным лесе. Яе нідзе не відно, і яна – усюды. А шэсць гадоў назад яна ўпершыню паспрабавала захапіць цэлы горад, Чыкага. Гай, помніцца, чытаў аб гэтым рэпартаж у нядзельным выпуску газеты «Вясёлы касмапаліт». Рэпартаж называўся «Трамвайныя рэйкі замест макаронаў»…Жыў горад, працаваў, «рабіў грошы», задыхаўся ад смогу, хадзіў на сеансы стрыптызу і на канцэрты рок-музыкі, гуляў у гольф на аксамітна-зялёных лужках фешэнебельных асабнякоў. А ў гэты час унізе, пад горадам, у вечным чорным змроку каналізацыйных труб, у смуродзе і гніенні, самаарганізавалася Клаака, самаарганізаваліся нечыстоты. Кожны дзень рэкі бруднай адпрацаванай вады, горы смецця выкідваў са сваіх каменных цяснін горад. І ўсё накаплялася, збіралася ўнізе, у каналізацыйных трубах. І вось пры адпаведнай спрыяльнай тэмпературы з хімічных элементаў, якія раствораны ў нечыстотах (а там былі і цынк, і калій, і ртуць, і бром – адным словам, уся табліца Мендзялеева), арганізавалася нейкая жывая маса, арганізавалася Нешта. Яно дужэла, расло, павялічвалася ў аб'ёме, прагна харчавалася нечыстотамі, якія кожную гадзіну спраўна пастаўляў горад. Ужо зачаткі прымітыўных эмоцый пачалі выводзіць з раўнавагі Нешта. Калі баставалі рабочыя камунальных службаў і горад абрастаў гразёю, Нешта задаволена сыта прыцмоквала, мірна пакалыхвалася ў сваіх змрочных падзямеллях. У яго было шмат ежы. Калі ж вучоныя вынайшлі больш эфектыўныя ачышчальныя ўстаноўкі і ў каналізацыйныя трубы адпаведна пачало паступаць менш рознай хімічнай дрэні, Нешта дзіка гневалася, кіпела ад ярасці, ламала сталёвыя краты падзямелляў, зрывала, як бутэлечныя коркі, цяжкія металічныя накрыўкі каналізацыйных калодзежаў. Тады чыкагцы з недаўменнем і трывогай слухалі, як равуць, калоцяцца або па-вар'яцку рагочуць вадаправодныя трубы ў іхніх кватэрах. Асабліва невыносна гэта было ўначы.

І вось аднойчы Нешта адчула, што яму цесна ў падзямеллі. А наверсе грымеў, вуркатаў горад, заліты сонечнымі промнямі і людскімі ўсмешкамі. Горад быў рознакаляровы, вясёлы, а Нешта было пякельна-чорнае, сумнае, дэпрэсіўнае. І Нешта рынулася ў атаку на горад. Яно пачало наступленне па сістэме ўсіх гарадскіх труб.

У Нешта была страшная зброя – доўгія ўчэпістыя шчупальцы-прысоскі. Чалавек заходзіў у ванную, і там яго знянацку хапалі агідныя слізкія шчупальцы, у якіх праз колькі хвілін ён паміраў. Тое ж самае здаралася ў лазні, у туалеце. Гаспадыня мыла ў кухоннай ракавіне гародніну, а шчупальцы-прысоскі груба апляталі жаночыя рукі, душылі яе. У калысцы, весела шчабечучы, ляжала грудное дзіця, маці адвярнулася, каб узяць тэлефонную трубку і раптам – крык, хрып. Дзіця ссінела, яно ўжо мёртвае, а на падлозе, ад калонкі да ваннай, чырвоны кропельны след, нібы нейкі звярок прабег.

Паліцэйскія ўлады, а потым і армейскія, кінулі супраць Нешта ўсіх сваіх людзей, узброеных напалмам, дынамітам, атрутнымі газамі. Яны заганялі Нешта ў падзямелле ў адным месцы, але яно вырывалася на паверхню, як грозны вулкан, у многіх іншых. Яно было мабільнае, хітрае, з імгненнай рэакцыяй, яно не шкадавала нікога. Гараджане кінулі свае кватэры, канторы, бальніцы, заводы, рэстараны і рынуліся з горада ў лясы і палі. Туды, дзе была голая зямля, якая не пахла бензінам, Нешта, з гулам і свістам, з дзікім рогатам, вырвалася з падзямелля, разломваючы асфальт, і расцяклося па вуліцах і плошчах. Яно было дужа галоднае, бо паліцэйскія і салдаты доўгія месяцы трымалі яго ў блакадзе, і адразу пачало прагна жэрці дрэвы, клумбы, трамвайныя рэйкі, мачты асвятляльных ліхтароў. Толькі праз трыццаць шэсць дзён Вялікі Жах (а гэта, вядома ж, быў ён!), пакінуўшы пасля сябе спаленыя, разбітыя гарадскія кварталы, зноў адступіў у падзямелле.

Знізу пачуўся голас Дулеба:

– Спадар Гай, да вас завіталі госці.

Аказваецца, на Чорны Хутар прыляцеў Навум Масейкін з Верай Хрысцінюк і тоўстым каротканогім інспектарам Салаўём з Бюро па барацьбе супраць неправераных чутак, хаосу і некампетэнтнасці.

Гай з Клёнам хуценька спусціліся ў камінную залу, дзе Дулеб, з вялікай годнасцю, з «арыстакратычнай мінай на твары», як любіў жартаваць Клён, ужо сервіраваў абедзенны стол на пяць персон. Інспектар Салавей дапамагаў яму праціраць відэльцы, талеркі і, не марнуючы ніводнай хвіліны, пачынаў першы допыт.

– Кажаш, бачыў шар? Якога колеру і якога памеру? Хто быў унутры: людзі, робаты або… – інспектар звонка шчоўкнуў пальцамі, – ну ты ведаеш, аб чым я думаю.

Вера Хрысцінюк, экстравагантная незамужняя жанчына гадоў трыццаці, з вечнай бесклапотнай усмешкай на белым прыгожым твары і пільнымі блакітнымі вачамі, якія, у адрозненне ад твару, амаль ніколі не смяяліся, цмокнула Клёна ў шчаку, сказаўшы: «Які цудоўны хлопчык», а на Гая кінула позірк, цёплы і пяшчотны.

– Колькі часу прайшло, як мы бачыліся ў апошні раз, – праспявала яна.

– Хіба час праходзіць? – весела грымнуў Навум Масейкін. – Час стаіць, а праходзіце вы. Так напісана ў Талмудзе.

Ён абняў Гая, абняў Клёна, стукнуў па плечуку Дулебу:

– А вось і мы? Прызнайцеся ж, хутаранскія манахі, што вы вельмі рады нашаму з'яўленню. Ці не так, Клён?

Клён раптам пякуча пачырванеў. Ён лічыў сябе прынцыповым, чэсным чалавекам, ён ад родных і сяброў патрабаваў такога ж. «Пакута – гаварыць не тое, што думаеш», – мільганула ў ягонай галаве. І ўсё ж ён сказаў:

– Я вельмі рады.

І зноў пачырванеў, бо патаемна ненавідзеў Веру Хрысцінюк, якая, калі верыць перашэптам знаёмых, «паклала вока» на бацьку, прасцей кажучы, набівалася Гаю Дубровічу ў палюбоўніцы. «Фінціфлюшка, – злосна падумаў пра яе Клён. – Прыляцела, як каршуніха. Не, для каршуніхі яна занадта прыгожая. Як зязюля». І яму ўспомніліся словы шлягера, пераможцы апошняга хіт-параду:

Не кружы, зязюля, над чужым гняздом.

Пабудуй, зязюля, свой уласны дом.

– Прашу да стала, – плаўна махнуўшы правай рукою, галантна пакланіўся гасцям Дулеб. Выпілі віна. Клён піў ліманад.

– Дык вы сцвярджаеце, спадар Гай, што вам нешта пагражае? – адразу, як кажуць, узяў быка за рогі інспектар Салавей. Ён, як і болыпасць ягоных калег, вызначаўся не тое каб безцырымоннасцю, а нейкай глухаватасцю да душэўных пакут іншых людзей. «Як можна быць няшчасным і напалоханым у нашым такім цудоўным свеце?» – чыталася ў бескампрамісным інспектаравым позірку.

– Нешта ёсць, – збянтэжыўшыся, пакорліва кіўнуў галавою Гай.

– А ці маюцца ў вас якія-небудзь рэчавыя доказы? – насядаў інспектар. – Скажам, лісты, магнітафонныя запісы, фатаграфіі…

– Ды вы што, інспектар, не з нашай галактыкі? – іранічна зірнула на Салаўя Вера Хрысцінюк. – Хіба не ведаеце, што такое Вялікі Жах і ўсе ягоныя замашкі?

– Не ведаю, – з годнасцю адказаў інспектар. – Не даводзілася сустракацца. І вось што, спадарыня, – не ўмешвайцеся ў справу, у якой вы, прабачце, некампетэнтныя. У мяне, – зноў павярнуўся ён да Гая Дубровіча, – быў нядаўна такі выпадак. Сігналізуе адзін паважаны прафесар, назавём яго прафесар Ікс. Так і так, мяне тэрарызуе Вялікі Жах. Высветлілі. І што ж? Прымітыўная белая гарачка. Быў, аказваецца, наш прафесар верным сябрам Бахуса. Вось так.

Ён пераможна паглядзеў на Веру Хрысцінюк.

– Вы, дарагі інспектар, у вашых развагах павярнулі, прабачце, трошкі не ў той бок, – перапыніў яго Навум Масейкін і перапыніў, трэба зазначыць, не дужа тактоўна. – Праблема, як я разумею, заключаецца ў тым, што на Чорным Хутары мы маем справу з магчымай агрэсіяй у дачыненні да нашага шаноўнага Гая Дубровіча. Прадстаўнікі якой цывілізацыі яму пагражаюць? Біялагічнай? Машыннай? Хто яны? Невідзімкі, зомбі, людзі, якіх атруцілі, закапалі ў магілы, а потым ажывілі, і яны нічога не памятаюць пра сваё чалавечае мінулае?

– Спадар Масейкін, не ўскладняйце сітуацыю, – зморшчыўся інспектар Салавей. – Магчыма, тут дзейнічае банда саржавелых робатаў. Нейкім чынам ім удалося пазбегнуць прэса, уцячы з базы металалому, вось яны і нахабнічаюць. Але няхай толькі сунуцца. З вялікім задавальненнем я нараблю дзірак у іхніх галовах-вёдрах.

Пры гэтых словах інспектара Дулеб выпусціў з рук блакітную талерку, і яна, вядома ж, разбілася. Салавей падазрона паглядзеў на яго, сярдзіта кашлянуў. Здавалася, вось-вось закрычыць: «Гэта іхні важак! Вяжыце рукі бандыту!»

– Мы пазбавілі Старую Цывілізацыю чыстай ежы і паветра, мы атруцілі яе. Яна і помсціць, – звонкім упэўненым голасам сказаў Клён. Вялікая Эра Плюралізму дазваляла яму на роўных удзельнічаць у дыспутах дарослых людзей, праўда, не так самаўпэўнена і катэгарычна, ды гэта ўжо іншая гаворка.

– Малайчына Клёнік, – пляснула белымі далонькамі Вера Хрысцінюк і памкнулася пацалаваць яго ў шчаку, але ён вывернуўся.

– Мне здаецца, што Клён недалёка ад ісціны, – загаварыў нарэшце і Гай Дубровіч. Яго пачынаў прыпякаць сорам. Ледзь запахла нейкай непрыемнасцю – і адразу разнюніўся, расхныкаўся. Навошта званіў Масейкіну? Навошта тут, на Чорным Хутары, гэты ідыёт інспектар? Навошта прыляцела Вера? Ён сімпатызуе ёй, і яна яму, але сёння ж якраз не той дзень, калі трэба было з ёй сустракацца. «Паплакацца ў камізэльку», як казалі інтэлігенты мінулых стагоддзяў, можна і нават часам неабходна, толькі не пры такім людным зборышчы.

– Я гутарыў з доктарам Метэорам, з нашымі вядомымі вучонымі-уфолагамі, – працягваў Гай, – і яны схіляюцца да думкі, што Старая Цывілізацыя задоўга да нашай выйшла на касмічныя формы свядомасці. КЛА – гэта не што іншае, як касмічныя караблі эфірнага Сусвету. Яны могуць здзяйсняць пераход з нашага чатырохмернага свету ў свет з большай колькасцю вымярэнняў. У іх зусім іншае ўспрыняцце прасторы і ходу часу. Як нам, нашай цывілізацыі, праламаць нават не сцяну, тонкую сценку, што аддзяляе нас ад іх?

Вера Хрысцінюк, якая закахана пазірала на Гая, умяшалася ў размову.

– Мы ў сваім інстытуце вывучаем усе формы чалавечага сну. Вы ўсе, пэўна ж, чулі, што існуе асобая яго фаза – парадаксальны сон, калі ў таго, хто спіць, вельмі хутка рухаюцца вочы. Дык вось мы прыйшлі да цвёрдай высновы, што стан парадаксальнага сну з'яўляецца другой формай свядомасці чалавека, якая характарызуецца павышанай яркасці вобразамі і спецыфічнай формай мыслення. Вельмі магчыма, што парадаксальны сон з'яўляецца пераходным этапам да касмічных формаў чалавечай свядомасці.

– Не глядзіце на майго бацьку так, – раптам амаль закрычаў Клён.

– Як – так? – страшэнна разгубілася, катастрафічна пачырванела Хрысцінюк.

– Быццам ён – верабей, а вы – пітон, – разануў малодшы Дубровіч.

Гай, у адрозненне ад Веры Хрысцінюк, пабялеў.

– Дулеб, – сказаў ён аслабелым голасам робату, – трэба запаліць камін. Схадзі разам з ім, – паказаў суровымі вачамі на сына, – прынясі дроў.

Будзе зроблена, спадар Гай, – весела адказаў Дулеб, жалезнай рукою ўзяў Клёна за локаць і вывеў з каміннай залы.

Павісла маўчанне, якое ў такіх выпадках і пры Вялікай Эры Плюралізму было няёмкае, цяжкае.

– Так, мы здорава насалілі Старой Цывілізацыі, – кінуўся затыкаць прабоіну ў разгайданым караблі размовы Масейкін. – Складзіравалі радыеактыўныя адыходы на акіянскім дне. Мне ў СБС, у Саюзе Балтыйскіх Славян, шмат што на гэты конт расказвалі. Запампоўвалі ў кожную дзірку зямной паверхні розны бруд. Палівалі зямлю бензінам і керасінам. А там жа, далей ад нашых вачэй і рук, жыла Старая Цывілізацыя, там было яе карэнне. Хто, як не прадстаўнікі Старой Цывілізацыі, усе гэтыя німфы, эльфы, дрыяды, гномы, кентаўры? Вясёлы бесклапотны народ, што яшчэ ў часы старадаўніх грэкаў сяліўся ў гаях, ручаях і скалах, сустракаўся людзям на кожным кроку. Мы аб'явілі іх міфам, легендай, а яны ж былі – разумееце? былі! – яны і сёння ёсць, толькі адступілі ў змрок, непадуладны нашаму воку.

– Ну й ну, – хмыкнуў інспектар Салавей.

Але Навум Масейкін прапусціў міма вушэй ягоную іронію, бо ўжо зацугляў свайго любімага канька – красамоўства.

– А беларускія вадзянікі і лесавікі-чашчавікі? Таксама яна, наша няўлоўная, наша недасяжная, наша таямнічая Старая Цывілізацыя. Дзесяткі тысячагоддзяў назад, у час ледавікоў і каменных сякер, яна прайграла рашучую бітву новай, болып моцнай, я б сказаў, больш грубай цывілізацыі, падобна таму, як Рым прайграў варварам.

– Усё! – смеючыся заткнула пальцамі вушы Вера Хрысцінюк. – Хопіць лекцый. Каля каміна трэба сядзець моўчкі і пазіраць на агонь, проста пазіраць на агонь.

Усе так і зрабілі, толькі інспектар Салавей строга паклікаў да сябе Дулеба, і яны пайшлі аглядаць вокны і дзверы Чорнага Хутара.

Адгарэў камін, разам з ім адгарэў вечар, і нарэшце Гай застаўся ў пакоі адзін. Побач варочаўся за сценкаю Клён. Здорава перапала яму ад бацькі за доўгі язык. Усе госці таксама ўлягліся спаць. Толькі было чутно, як Дулеб хадзіў унізе, у каміннай зале, чыгуннай рыдлёвачкай выграбаў попел, дзынкаў дужкай вядра, а потым нават ціхенька заспяваў куплет з «Танга робатаў»:

Там, дзе за горадам жаўцеюць горы металалому,

Дзе ў іржавым падшыпніку зацвіў сіні васілёк,

Я сустрэну цябе. І мы прагонім сум і стому.

І я навекі запомню твой крылата-спружынны крок.


«Добрая песня, – падумаў, ужо амаль засынаючы, Гай. – Простая даходлівая мелодыя, чыстае пачуццё. Кажуць, у кнігарнях з'явіўся двухтомнік фальклору робатаў. Трэба купіць».

Раптам на цёмнай сцяне, на якую быў скіраваны яго позірк, рэзка ўспыхнулі чырвоныя пранізлівыя словы: «Увага. Чакайце. Будзем праз чатыры хвіліны».

Падушка вылецела ў Гая з-пад галавы. Сам жа ён уплішчыўся ў ложак. Ён адчуў такі выбуховы, такі востры, як брытва, страх, што аж пазелянела ўваччу, аж занылі пальцы рук і ног. Ён адчуў такі неймаверны страх, што падалося – ягоны мозг хоча выскачыць з чарапной каробкі і некуды ўцячы.

– Апёк за апёк, рана за рану. Так напісана ў Бібліі, – прагучаў проста ў яго над галавой глухі, нейкі каменны голас.

Гай, нібы кенгуру, доўгім скачком вылецеў з ложка і – яшчэ голыя пяты не дакрануліся да падлогі! – ударыў у цемры пальцам па ўключальніку, уключыў святло. Проста перад ім вісела на сцяне люстра, старое, звычайнае, з лёгкай трэшчынкай па левым краі. Ён убачыў у люстры свой твар, нейкі зялёна-белы, капусны, з уздутымі шчокамі і дрыготкімі, не чырвонымі, а шэрымі губамі. Сваіх вачэй – вось дзіва! – ён не ўбачыў, замест іх былі расплывістыя туманныя плямы. Ён кароткі, як узмах веек, міг пазіраў на сябе, і раптам люстра аглушальна лопнула, раскалолася на няроўныя рваныя кавалкі, бліскучыя зіхоткія крошкі. Адтуль, з глыбіні люстра, рэзка торкнуліся ягоныя рукі (ён нават драпінку на ўказальным пальцы левай рукі ўбачыў), сціснулі яму шыю, пачалі душыць. Ягонае адлюстраванне душыла яго з найвялікшай лютасцю, не даючы ні крутнуць галавой, ні ўдыхнуць у лёгкія хоць грам паветра. Здавалася, яшчэ міг-другі, і ў Гая разарвецца, не вытрымае сэрца. У вачах плыла жаўцізна, адключалася свядомасць. З апошніх сіл кулакамі ён ударыў па руках, што душылі яго, а сам плюхнуўся на падлогу. «Трэба закрычаць», – падумалася яму, ён і хацеў гэта зрабіць, але з вялікім здзіўленнем і жахам пераканаўся, зразумеў, што голас ягоны як бы адключаны нейкай жорсткай бязлітаснай сілай. «Няўжо Клён не пачуў звону разбітага люстра? Ён жа амаль побач, за сценкаю», – роспачна мільганула думка.

Раптам з пісьмовага стала ўзляцела цяжкая ваза, у якую раніцой Дулеб наліў вады і паставіў тры чырвоныя кветкі. «Тэлегінез… Перамяшчэнне прадметаў намаганнем волі… Але чыёй волі?» Ваза размашыста ўдарыла ў шыбіну, зноў густа пасыпалася шкло, і зноў ніхто ў доме, акрамя Гая, нічога не пачуў. Увесь гэты час, нібы вогненная пякучая смала, затапляў яго страх. Калісьці ў маленстве старэйшая сястра (яны ўлетку жылі на Чорным Хутары) палохала Гая: «Не ідзі ў лес – звер парве». Тады ён вельмі баяўся звера, хоць ні разу не пабачыў на свае вочы. Але сённяшні страх быў у шмат разоў мацнейшы, вастрэйшы, карэжыў душу.

У дзірку ў акне пачала ўлазіць знадворку чалавекападобная істота з гібкім целам. За ёю яшчэ некалькі – жывы ланцуг. З лысымі шышкаватымі галовамі, пільнымі нерухомымі вачамі. Рост каля 180 сантыметраў, целы ружовыя, як у нованароджаных дзяцей. Рукі ва ўсіх гэтых маўклівых нечаканых візіцёраў былі кароткія, тоўстыя, з шасцю пальцамі. Пярэдні мякка, нібы кот, скокнуў з падаконніка, зрабіў рэзкі рух рукой. З рукі зляцела полымя, і Гай адчуў удар у сэрца, адчуў, што пачынае траціць прытомнасць. А ў вялізным доме па-ранейшаму панавала начное маўчанне. Нават Дулеб заціх, замоўк, пэўна, самаадключыўся і знаходзіцца ў каморы побач з каміннай залай, хоць у такі час заўсёды бадзёра тупаў вакол дома.

Адзін з Людзей Вялікага Жаху (такі назоў даў прыхадням Гай) нахіліўся над ім, пранізліва зір'нуў зялёнымі вачамі, зрэнкі ў якіх мелі чырвона-залаты ашаламляльны колер. Потым заплюшчыў вочы, амаль прыпаў да Гаевых грудзей і, шумна ўцягваючы ў шырокія ноздры паветра, пачаў абнюхваць яго, як робяць гэта сабакі. Гай трымцеў ад агіды і жаху.

Тым часам акно адчынілася, быццам падзьмуў бясшумны, але дужа моцны вецер, і ў пакой, трывожна асвятляючы яго, пачаў залётваць празрыста-белы дрогкі шар. Акно для яго было вузкаватае, цеснае, і таму ён зморшчыўся па ўсёй сваёй паверхні, падабраўся, нібы старая камера ад валейбольнага мячыка, якая паціху спускае паветра. «Мяне хочуць забраць, пасадзіць у гэты шар», – імгненна здагадаўся Гай. Роспачна зірнуў ён вакол і ўбачыў на пісьмовым стале свой Узмацняльнік волі. «Клён паклаў… Малайчына», – апякла радасная ўдзячная думка. Напружыўшы ўсе сілы, Гай ірвануўся да стала, ударыўшыся ў аднаго з прыхадняў (цела ў таго было халоднае і дрогкае, як студзень), схапіў выратавальную маску.

– Дапамажыце! – закрычаў Гай. Узмацняльнік Волі вярнуў голас і вярнуў рашучасць.

– Што з табою, бацька? – усхапіўся за сцяною Клён.

– Я іду, спадар! – данёсся знізу грымучы голас Дулеба, і цвёрдыя рашучыя крокі пачуліся на лесвіцы.

Успалашыліся і Масейкін з Верай Хрысцінюк. Толькі інспектар Салавей, апусціўшы галаву на грудзі, соладка спаў, нават пасвістваў носам, седзячы на канапе ў каміннай зале.

Унутры ў шары нешта ціха зазвінела, потым шчоўкнула, і яркія прамяні разляцеліся ад яго ва ўсе бакі. Гэтыя прамяні-рукі прыціснулі да сцяны Клёна, які ўжо выбягаў са свайго пакою, каб глянуць, што робіцца з бацькам. Такім жа чынам былі спынены Масейкін і Вера. Толькі магутны Дулеб шырокімі жалезнымі грудзьмі ўдарыўся ў прамень, праламаў сабе дарогу. Але адразу ж пачулася пагрозлівае шыпенне і замест праменя з'явіўся зіхоткі іскрысты шарык, велічынёй з курынае яйка. Ён звонка стукнуўся Дулебу ў лоб, і робат, задраўшы ногі, грузна пакаціўся ўніз па лесвіцы. Гэты грукат разбудзіў нарэшце інспектара Салаўя. Інспектар, трэба аддаць яму належнае, быў не з палахлівых людзей. Дзве страсці валодалі ім: бездакорнае выконванне службовых абавязкаў і фанатычная любоў да старадаўняга сышчыка Шэрлака Холмса. Пра Холмса інспектар мог чытаць заўсёды і ўсюды, толькі, вядома, не на службе. Салавей выхапіў рэвальвер, стрэліў у столь і з крыкам: «Усім стаяць на сваіх месцах!» ірвануўся ўверх па лесвіцы, пераскочыўшы праз пасаромленага робата, які ляжаў на падлозе, як няўклюднае жалезнае бервяно. Але таямнічы шарык і яму звонка ўляпіў у лоб.

Гай, зразумеўшы, што дапамогі ні ад кога не дачакаешся, вырашыў ратавацца самастойна. Ён выкруціўся, вылузнуўся з кабінета, прабег па калідоры і зачыніўся ў фоталабараторыі. Тут не было вокнаў і можна было не баяцца, што пачвары ў іх палезуць. Заставаліся дзверы. Гай пачаў ліхаманкава ўмацоўваць іх, узводзіць нешта накшталт барыкады. Падпёр дзверы сталом, на стол паставіў два крэслы, увесь фатографскі рыштунак, сеў сам. Сэрца заходзілася ў грудзях.

Ва ўсім доме стаяла цішыня. Гай разумеў, што ніхто ўжо не спіць, што ўсе, каб маглі, даўно прыбеглі б сюды, яму на дапамогу, але людзей і робата не пускаюць прамяні з шарыкам і гэтыя жахлівыя стварэнні. Яны ж адабралі ва ўсіх мову.

У калідоры раптам пачулася лёгкае тупаценне, быццам козачка прабегла. Гай паглядзеў у вочка, прарэзанае ў дзвярах. Проста перад сабою, за некалькі сантыментраў ад сваіх вачэй, ён убачыў тую самую лысагаловую пачвару, што абнюхвала яго ў кабінеце. Зялёнае вока, чырвона-залатая зрэнка, пранізлівы, хітры і адначасна нейкі тупы позірк… Гаю зрабілася так сумна, так маркотна, быццам той, каго ён толькі што ўбачыў, уліў у душу халодную атруту. Захацелася заснуць, заснуць назаўсёды. Цьмяна разумеючы, што робіць, Гай закасаў на левай руцэ рукаў кашулі. Сіняватыя вены рэзка вылучаліся на белай скуры. «Вазьмі нажніцы – вунь яны ляжаць на падаконніку – і выпусці сіні ручай на волю», – быццам шаптаў на вуха нейчы лагодна-цёплы, ледзь не матчын голас. Гай, запавольна, нібы самнамбула, злез са стала, падышоў да падаконніка, узяў халодныя нажніцы, раскрыў іх, праверыў пальцам, ці вострае лязо. Заставалася чыркнуць па вене…

Раптам у дзверы моцна загрукалі.

– Бацька, адчыні, упусці мяне! – пачуўся ўсхваляваны сынаў голас. – Хутчэй адчыні!

Клён зноў забарабаніў кулакамі па дзвярах.

Нажніцы звонка ўпалі на падлогу, і гэты рэзкі ляскотны гук нібы разбудзіў Гая Дубровіча. Ён уздрыгнуў, хуценька памкнуўся да дзвярэй.

– Не адчыняйце, спадар Гай! – закрычаў з першага паверха Дулеб. – Толькі не адчыняйце! Я сазваніўся з горадам, і праз некалькі хвілін прыбудзе дапамога! Гэтыя пачвары падманваюць вас! Не адчы…

Пачуліся гукі барацьбы, валтузні, потым нешта глуха гоцнулася на падлогу, пэўна, Дулеб.

Гай прыляпіўся да вочка ў дзвярах, адначасова адчыняючы дзверы. Падалося, што сынаў голас прыдушаны, ненатуральны. Ён убачыў Клёна – перакошаны твар, спалоханыя нерухомыя вочы. На правай руцэ ўжо павісла агідная безвалосая пачвара.

Гай рэзка расчыніў дзверы. Не дай, неба, ніводнаму бацьку ўбачыць тое, што ён убачыў. На падлозе фоталабараторыі, па-блазенску прысядаючы і прытанцоўваючы, выціраючы насоўкай кроў з зялёных шасціпалых рук, стаяла высачэзная агідзіна з ружовай, як у нованароджанага дзіцяці, скурай. У яе быў Клёнаў твар, але перад тым як страціць прытомнасць, Гай Дубровіч зразумеў: гэтыя пачвары забілі сына, забілі Клёна, злупілі ў яго з галавы скуру і адзін з іх адзеў яе, як маску, на свой твар…

– Навошта? – толькі й сказаў Гай і страціў прытомнасць.

1

КЛА – Касмічны лятаючы аб'ект. Прыкладна да паловы XXI стагоддзя называўся НЛА – Неапазнаны лятаючы аб'ект.

Чалавек з брыльянтавым сэрцам

Подняться наверх