Читать книгу Чалавек з брыльянтавым сэрцам - Леанід Дайнека - Страница 5

Аб чым гаварылі шаравыя маланкі
IV

Оглавление

На цэнтральным пульце кіравання Галоўнага Індаэўрапейскага Стрэсографа, які знаходзіўся ў Татрах на гары Герлахаўскі-Шціт, дзяжурыла чарговая змена стрэсаператараў. На гэты раз за паказаннямі прыбораў сачылі Карл Гакенхольц і Радаслаў Буслейка. Яны сядзелі на крэслах-вяртушках у прасторнай ярка асветленай кабіне без вокнаў. Канструктары і будаўнікі Стрэсографа наўмысна не прарэзалі ў кабіне ніводнай шчылінкі, каб таго, хто заступаў на дзяжурства, не магла адарваць ад выканання службовага абавязку цудоўная навакольная прырода. А краявіды былі тут, у паднябессі, невераемна прыгожыя. Горы, лясы, воблакі, рухомыя цені ад воблакаў на іскрыстым срэбным снезе. Калі ж начное неба густа засявалі кропкі зорак і белыя вяршыні гор рабіліся рафінадна-сінімі, чалавечае сэрца поўнілася шчымлівай радасцю, бо толькі праз немітуслівую прыгажосць прыроды можна гутарыць з вечнасцю і хоць трошкі зразумець яе. Але ў стрэсаператары ішлі людзі несентыментальныя, цвёрдыя, з ясным адчуваннем сваёй задачы. Задача ж была які ўжо год адна – папярэдзіць насельніцтва аб магчымых глабальных атаках Старой Цывілізацыі. Стрэсограф, калі апусціць усе не самыя істотныя дэталі, быў заснаваны на тым жа прынцыпе, што і сейсмограф, прынцыпе фіксавання ўдарных хваль. Ламаў гранітнае нутро планеты землятрус, і на тысячы кіламетраў ад эпіцэнтра бегла ўдарная хваля, прадчуваючы якую, выпаўзалі з глыбокіх нораў змеі, бязладна мітусіліся каля мурашнікаў, як не вар'яцелі, мурашкі. Розніца была ў тым, што стрэсограф фіксаваў ударныя паветраныя хвалі. Адмоўна зараджаная эмацыянальная энергія, непамерна накопліваючыся ў адным месцы, не магла не зрушыць сваім цяжарам крохкія паветраныя слаі. Нездарма белетрысты мінулых часоў, асабліва майстры дэтэктыўнага жанру, любілі пісаць: «Ва ўсім наваколлі была разліта трывога». Вось гэту трывогу, гэты крык аб пагрозе і аб дапамозе чуйна лавілі антэны, экраны і камп'ютэры Галоўнага Індаэўрапейскага Стрэсографа. Дарэчы, на ўсім зямным шары і ў Бліжнім Космасе такіх стрэсографаў было недзе каля дваццаці.

Неабходна зазначыць, што Старая Цывілізацыя, загнаная ў кут, даўно рыхтавалася да свайго контрнаступлення. Летапісы расказваюць пра масавыя самазабойствы хрысціян напярэдадні 1000 году. Людзі баяліся Страшнага суда, канца свету, прышэсця Антыхрыста і знішчалі сябе і сваіх дзяцей. Але што гэта, як не магільнае дыханне Старой Цывілізацыі? Вельмі часта, асабліва ў XX стагоддзі, выкідваліся на акіянскія водмелі і паміралі сотні кітоў, самых буйных млекакормячых планеты. Чаго толькі не навыдумлялі на гэты конт вучоныя. І што ў кітоў парушаўся біялагічны компас, і што яны труціліся адыходамі прамысловай дзейнасці чалавека, і што іхняе надта вузкае горла замуроўвалі рачкі, малюскі і водарасці-паразіты. А гэта праводзіла эксперымент Старая Цывілізацыя, каб, набраўшыся вопыту, атакаваць, у рэшце рэшт, Чалавека.

Карл Гакенхольц і Радаслаў Буслейка, немец і беларус, былі вельмі не падобныя адзін на аднаго. Карл маленькі, чарнавалосы, з велымі смуглай скурай, Радаслаў буйнацелы, высокі, шавялюра саламяна-жоўтая. Здавалася б, і тэмпераменты ў іх павінны былі быць розныя, але абодва яны былі прыроднымі сангвінікамі, што падразумявае жвавасць, хуткую ўзбуджальнасць і лёгкую зменлівасць эмоцый. Сёння ў стрэсаператараў пераважаў разважліва-філасафічны настрой.

– Карл, ты чытаў «Кодэкс тыранаў» Арыстоцеля? – спытаў Буслейка.

– Чытаў, – кіўнуў галавой Карл.

– А можаш успомніць, што там насачыняў вялікі філосаф?

– Паспрабую, – ніколькі не здзівіўшыся нечаканай просьбе (што толькі не прыйдзе ў галаву пад час доўгага дзяжурства?), згадзіўся Карл.

– Давай.

– Першая запаведзь: «Не дазваляць вылучацца дастойным. Нават караць смерцю». Другая: «Забараніць сумесныя абеды». Гэта азначае, як я разумею, адмену свабоды сходаў. Трэцяя запаведзь: «Трымаць шпіёнаў». Чацвёртая: «Пастаянна абяцаць лепшае жыццё ў будучыні». Пятая: «Узводзіць грамадскія збудаванні, каб людзі былі заўсёды занятыя». І шостая, калі ў мяне яшчэ няма старэчага склерозу…

– «Весці войны або рыхтавацца да іх, бо народ гэткім чынам будзе мець патрэбу ў адзінаўладным кіраўніку», – хуценька кончыў за яго Радаслаў і засмяяўся. – Твой мозг, Карл, працуе яшчэ, як камп'ютэр.

– Дзякуй за камплімент, – усміхнуўся ў адказ Карл. – Але і ў цябе пакуль што мазгі – як гэта кажуць у вас, славян? Ага, успомніў – не заржавелі.

Стрэсаператары сябравалі, бо немагчыма цэлыя месяцы сядзець побач у кабіне і не паспрабаваць зазірнуць адзін аднаму ў душу, тым болей што псіхолагі падбіралі на такую работу людзей кампанейскіх, сумясцімых. Якім шматслойным ні было б чалавечае жыццё, ёсць амаль у кожнага пункты, кропкі судакранання са сваім суседам і з усім чалавецтвам.

Радаслава Буслейку і Карла Гакенхольца яднала неадольная цікавасць да гісторыі рэлігіі. І сапраўды – што прымусіла першабытнага чалавека, а магчыма і першачалавека глянуць з цёмнай пячоры ў начное неба і ўбачыць там не толькі срэбную хмарку, не толькі яркую зорку – убачыць Бога? Страх перад незразумеласцю жыцця, перад маланкай і громам, перад дзікім зверам і смерцю? А ці не закладзена ў самой прыродзе чалавецтва рэлігійнасць, так, як у кожную зямную рэч закладзены вага, шчыльнасць, колер? Ці не з'яўляецца рэлігійнасць відавай прыкметай, асаблівасцю чалавека, бо ў звяроў жа няма рэлігіі.

Радаслаў і Карл адчулі роднаснасць душ з той раніцы, калі немец, пільна сочачы за экранам стрэсографа, раптам прадэкламаваў:

– Ці ёсць у кветак бог? Ці моляцца яны?

– Як-як? – перапытаў Буслейка. Карл прадэкламаваў зноў.

– А ты ведаеш, і я ж пра гэта шмат разоў думаў, – горача загаварыў Радаслаў. – Ну не так, як ты, прыгожа, не вершамі, але думаў. І так заўсёды атрымліваецца, так здаецца, што стаім на самым парозе разгадкі, што лёгенька-лёгенька таўхані маленькія дзверцы, яны расчыняцца, і ўбачыш…

– Што ўбачыш? – нецярпліва спытаў Карл.

– Разгадку. Або самога Бога.

Узнесеныя над вяршынямі гор, аддзеленыя ад сяброў, ад каханых доўгімі тыднямі адзіноцтва, яны жылі, як бы зліўшыся з экранамі, антэнамі і камп'ютэрамі, рабілі сваю вельмі патрэбную ўсім справу, а неба глядзела на іх удзень і ўначы, таямніча шумеў вецер, грымелі, расколваючыся аб скалы, вадаспады, зіхацеў снег, чорнай сцяной стаялі далёка ўнізе лясы, каменьчык, сарваўшыся з-пад капыта горнага казла, імкліва ляцеў у цясніну, у пранізлівую пустэчу. Хіба можна было ў такіх умовах, у такім жыцці не думаць аб вечнасці, аб рэлігіі? Яны абодва, па традыцыі сваіх продкаў, былі хрысціянамі і, вядома, часта гаварылі пра гэту вялікую і супярэчлівую рэлігію, якая, нібы смала з жыдоўскіх смакоўніц, наліпла калісьці на рымскі меч у Юдэі, каб рассяліцца ў многіх землях і народах. На скрыжалях мільёнаў чалавечых сэрцаў назаўсёды выбіты словы: «Узлюбі бліжняга свайго, як самога сябе», «Не ўбій», «Не ўкрадзі». І ўсё-ткі пасля нялёгкага роздуму немец з беларусам прыйшлі да высновы, што ў свой час індаэўрапейскім народам, шукаючы сваю стрыжневую, каранёвую рэлігію, трэба было глядзець не ў бок Палесціны, а на Індыю, і, вядома ж, невыпадковая ў апошні час вялікая цікавасць эўрапейскай моладзі да будызму і крышнаіцтва. Радаслаў Буслейка не быў бы беларусам, каб не расказаў сябру-немцу пра беларускія, як заўсёды, не вырашаныя да канца праблемы. Беларускія вернікі доўгі час варагавалі між сабой, бо варункамі лёсу і амбіцыямі ўладаў былі падзелены на праваслаўных, уніятаў і католікаў. Адзін народ з трыма целамі і душамі. Хіба натуральная гэта з'ява? І вось апошнім часам пачаўся шырокі рух за вяртанне да народнай дахрысціянскай рэлігіі, дзе пакланяліся Агню, Сонцу, Зямлі і Грому. Гэта спроба вярнуцца не ў змрочнае язычніцтва, не ў паганства, а ў купальства (так называецца новая вера), да купальскіх вянкоў і песень, да чыстай зямлі і светлай ранішняй расы, да праматчынай душы.

– І ты таксама – як гэта правільней па-вашаму сказаць – купальнік? – пацікавіўся тады Карл Гакенхольц.

Буслейка засмяяўся.

– У купальніках прыгожыя жанчыны ходзяць. Я – хрысціянін, але я і купалец. А жонка мая, Ніначка, купалка.

– Купалка, – як рэха, паўтарыў за ім Карл, прыслухоўваючыся да новага слова. – Гучыць няблага.

З таго часу любіў ён гаварыць Радаславу: «Калі ты адлучаўся ў горы, твая купалка па тэлефоне званіла».

Буслейка, пільна сочачы за экранам, з пяшчотай успамінаў сваю маладую жонку, сваю Шначку. Ужо амаль тры месяцы, як яны не бачыліся. Ён неадрыўна сядзіць тут, на стрэсографе, а Ніначка, русавалосая, тоненькая (ён зваў яе «Нінка-трасцінка»), працуе заолагам у перасоўным летнім лагеры, які штогод стварае Ліга барацьбы супраць мутантаў. Нежаночая прафесія ў жонкі. Былі б яшчэ вавёрачкі, вожыкі, зайчыкі, а то даводзіцца лавіць у лясах і балотах дзікоў, ласёў, ваўкоў, нават зуброў і лячыць іх. Аднойчы параненая вярнулася з лагеру – уз'юшаны дзік варсануў ікламі па назе. Усё часцей нараджаюцца між звяроў мутанты, у якіх папсаваны генетычны код, – гіганцкія ваўкі, дзвюхгаловыя сабакі, бязвокія зайцы. Прырода, атручаная чалавекам, узбунтавалася, сышла, як цягнік-лакаматыў, з рэек, ляціць пад адхон і ўсё ломіць на сваёй дарозе. Раней мутантаў адстрэльвалі, усіх без разбору, але Ніначка і яе сябры дамагліся лячыць іх, вывучаць, каб узяць пакуль што некантралюемую сітуацыю пад кантроль. «Ніначка ў мяне настойлівая, – з патаемнай радасцю думаў Буслейка. – Надумае што зрабіць, абавязкова зробіць». Ён быў яшчэ на той стадыі ўзнёслага юначага кахання, калі юнак, мужчына, спелячы ў сабе рыцара, добраахвотна, з найвялікшай асалодай падпарадкоўваецца сваёй абранніцы (адзінай на Зямлі!), патурае ўсім яе слабасцям і капрызам і гатоў памерці па ківу яе пальчыка. На вялікую радасць для чалавецтва, такое салодкае ачмурэнне праз нейкі час праходзіць, іначай рэзка скарацілася б колькасць мужчын.

– Увага, Радаслаў. Бачу канцэнтрацыю, – раптам усхвалявана сказаў Карл Гакенхольц.

На вялікім экране, які амаль увесь займала карта Эўразіі і які ззяў спакойным блакітнаватым святлом, з'явілася чорная пульсуючая кропка. Яна нервова трапятала, то павялічвалася, то змяншалася і здавалася агіднай гнойнай болькай на чыстым здаровым целе.

– Дзе гэта? Давай удакладнім каардынаты, – наструніўся, адразу пастражэў Буслейка.

Камп'ютэр імгненна зрабіў неабходныя разлікі.

– Што мы маем? Пяцьдзесят тры градусы сорак чатыры хвіліны паўночнай шырыні, дваццаць сем градусаў пяцьдзесят восем хвілін усходняй даўгаты. Здаецца, гэта твае родныя мясціны.

Карл запытальна паглядзеў на Радаслава.

– Так, – адказаў той. – Гэта цэнтральная Беларусь, на ўсход ад Менска. Выключны па сіле прарыў адмоўнай жывой энергіі. Стрэлка стаіць на адзнацы «9». Вельмі высокая катэгорыя, а значыць, могуць быць чалавечыя ахвяры. Не шанцуе землякам.

Ён казаў усё гэта, казаў, здавалася, роўным бясстрасным голасам, а ў душы кіпела трывога. Але мозг, вочы і рукі рабілі, амаль аўтаматычна, патрэбную ў такіх выпадках справу. Была прыведзена ў баявую гатоўнасць кальцавая сістэма электрамагнітнай аховы ад Берасця да Крычава на ўсход і ад Полацка да ракі Прыпяць на поўдзень. Услед за гэтым неадкладна ўключылі па ўсяму перыметру кальцавой дарогі ахоўны электрамагнітны пояс горада Менска. Усе мегаполісы, усе гарады-«мільёншчыкі» мелі такія паясы, бо Вялікі Жах (і гэта паказаў прыклад Чыкага) з найвялікшай ярасцю і ўпартасцю атакуе менавіта там.

– Па Ўсходняй Эўропе б'е без перадыху, – сказаў Карл Гакенхольц. – Чатыры канцэнтрацыі за апошнія паўгода. Цікава: выпадковасць гэта або заканамернасць?

Ён дапытліва паглядзеў на Радаслава.

– Лічу, што заканамернасць, – адказаў Буслейка, не адводзячы позірку ад экрана, дзе ўсё бушавала, аж вугальна чарнела няроўная мігатлівая пляма. – Славяне, як і румыны, як і венгры, у палітычным і эканамічным плане пазней стабілізаваліся, чым, скажам, германскія народы. Вобразна кажучы, вулканічны працэс у нас зацягнуўся. Адпаведна рэзка павялічылася крытычная маса адмоўных эмоцый. Вось Вялікі Жах і выкарыстаў гэта. «Дзе тонка, там і рвецца», як кажа наша прымаўка.

У гэтыя імгненні яго востра непакоіла адно: толькі б Шначка не надумала раней часу вярнуцца ў Менск. Няхай бы трапіўся ёй які-небудзь звер-звярыла, дзікун з дзікуноў, мутант з мутантаў, і яна б важдалася з ім у сваім летнім лагеры, а праз дзень-два і Вялікі Жах загналі б, як джына, у бутэльку. Яму ўспамінаўся дакументальны фільм аб падзеях у Чыкага: скручаныя трамвайныя рэйкі, патоўчанае на драбнюткі мак аконнае шкло, згрызены (!) граніт на набярэжнай. Гэта было нялёгка бачыць: сляды ад велізарных зубоў на ружовым граніце…

Раптам загадна загучаў селектар унутранай сувязі:

– Увага! Праз хвіліну слухайце паведамленне асаблівай важнасці.

Памаўчаўшы, селектар паўтарыў, строга і трывожна:

– Праз хвіліну слухайце паведамленне асаблівай важнасці.

Стрэсаператары пераглянуліся.

– Дзед, напэўна, будзе гаварыць, – сказаў Буслейка.

«Дзедам» усе звалі дырэктара Галоўнага Індаэўрапейскага Стрэсографа Леха Патоцкага, сямідзесяцігадовага барадача, які з аднолькавым напорыстым імпэтам хадзіў па скалах Татраў у альпінісцкай звязцы і на вясёлых капусніках танцаваў мазурку.

– Панове, – пачуўся неўзабаве магутны бас Патоцкага, – як вы ўжо ведаеце, мае месца атака Старой Цывілізацыі ў раёнах усходняй і паўднёвей Менска. Сітуацыя кантралюецца, але з вялікім напружаннем. Загінула ў агні трое вучняў Вышэйшых курсаў лесаводства.

– Чаму ў агні? – неяк машынальна вымавіў Буслейка.

Дзед, нібы пачуў ягоныя словы, растлумачыў:

– Чарговая, двухсот сорак трэцяя атака Старой Цывілізацыі адрозніваецца ад папярэдніх незвычайнасцю формаў. Ёсць, вядома, і стэрэатыпныя формы: КЛА ў выглядзе шароў, ромбаў і талерак, псеўдалюдзі з лысымі шышкаватымі галовамі і ружовай дзіцячай скурай, але амаль дзевяноста працэнтаў адмоўнай жывой энергіі рэалізуецца ў выглядзе вогненнага вала, які нястрымна коціцца па зямлі. Нездарма СЦ абрала Беларусь – там маюцца яшчэ даволі лясістыя раёны, агню хапае ежы.

Дзед гучна кашлянуў.

– Сітуацыя, як я ўжо казаў, кантралюецца з вялікім напружаннем. Справа абцяжарваецца яшчэ і тым, што да СЦ далучылася каля пяці тысяч робатаў, якіх намерваліся здаць на пераплаўку. Іхняя падпольная тэрарыстычная арганізацыя «Механічная Рука» канцэнтравалася, як стала вядома, у Доме Пераўтварэнняў доктара Метэора. Сам доктар або забіты, або, па некаторых неправераных чутках, узяты робатамі ў якасці заложніка і знаходзіцца, зноў жа па некаторых неправераных чутках, у старой выпрацаванай калійнай шахце непадалёку ад горада Салігорска. Там у робатаў, аказваецца, былі склады зброі. Вось такое становішча, панове. Стрэсограф працуе вахтавым метадам, і вас усіх, ад стрэсаператараў да буфетчыц і вартаўнікоў, павінны былі замяніць роўна праз восем дзён.

Пэўна, у гэтым месцы свайго паведамлення дырэктар Патоцкі, каб удакладніць дату, глянуў на каляндар, бо наступіла паўза, пасля якой ён паўтарыў:

– Роўна праз восем дзён. Але сваёй уладай, так, так, панове, сваёй дырэктарскай уладай, я вымушаны затрымаць вас тут яшчэ дзён на пятнаццаць, не менш. Ніхто не можа гарантаваць, што змена, якая павінна вас замяніць, прыбудзе своечасова. Мы будзем адпускаць вас порцыямі.

– Як марожанае, – пажартаваў Карл Гакенхольц.

– Вось і ўсё, – скончыў Патоцкі. – Зараз вам нешта, спадзяюся вясёленькае, скажа наш культмасавік Алачка Зелянуха, а я прашу стрэсографа Радаслава Буслейку з дванаццатай кабіны зайсці да мяне ў кабінет. Жывуць Сонца і Кісларод!

Патоцкі змоўк, і адразу ж пачуўся вясёлы, бадзёры, нейкі аж іскрысты голас Алачкі Зелянухі:

– Таварышы!

О Вялікая Эра Плюралізму! Ты сапраўды вялікая. Ты дала магчымасць кожнаму чалавеку быць свабодным у думках, словах і дзеяннях. Звяртаючыся да грамады, можна ўжываць якія хочаш словы: «панове», «спадары», «джэнтльмены» і гэтак далей. Вось Алачцы Зелянусе падабаецца слова «таварышы». Калі ласка, Алачка. Дарэчы, самае-найсамае «рыначнае» слова. Што такое «таварышы»? Купцы, гандляры, якія маюць тавар. Што такое «таварыш»? Сябра па рынку, па гандлю.)

Чалавек з брыльянтавым сэрцам

Подняться наверх