Читать книгу Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская - Страница 5
Раздзел трэці. Як Пранціш Вырвіч у сутарэнні Менску спускаўся
ОглавлениеДарога да маёнтка была ўся ўсыпаная сасновымі шышкамі.
Старажытныя грэкі лічылі шышку сімвалам Сусвету.
Такі вось Сусвет, складзены з мноства лушпінак і схаваных паміж імі зярнятак – зародкаў будучых дрэў.
А што дзіўнага? Для кагосьці ўся светаістасць – гэта двор ягонага магната, для кагосьці – утульная канапа… А хтосьці лічыць вянцом усяго поўны куфаль піва, і гатовы жыць у пеннай дабрадатнасці ажно да анёльскіх сурмаў…
Праўда, працягваючы алегорыю з шышкай, надта няпэўны лёс у такога калючага Сусвету – зваліцца з галінкі, і дзе апынецца? Раптам вось так, як гэтая шышка, трапіць у лоб маладому драгуну і пакоціцца пад капыты ягонага каня?
Пранціш ціха вылаяўся і пацёр выцяты лоб рукавом. Маёнтак, дзе яны мусілі заначаваць, падабаўся яму ўсё меней. Калісьці кёльты высаджвалі сосны ўздоўж дарог, каб гэтыя светлыя дрэвы ў цемры пазначалі шлях…
А тут нават сосны здаваліся цёмнымі і змрочнымі.
Не надта здзівіла назва гэтага месца – Чорныя Сосны.
Хаця сам будынак быў светлы, і калоны на паўкруглым ганку спрабавалі гуляць у Калізей, як павятовыя паненкі ў прыдворных дам.
Раптам аднекуль данёсся жаночы крык.
Жанчына еньчыла, то прасіла паратунку, то лаялася…
– Не звяртайце ўвагі, вашыя мосці, – абыякава прамовіў немалады слуга, па выглядзе якога можа было падумаць, што ён ні разу ў жыцці не каштаваў нічога мацней вады і не еў нічога больш тлустага за моркву.
Што ж, у чужы кляштар сваё распяцце не нясуць. Крыкі паўтараліся праз пэўны прамежак часу, быццам іх спараджалі спружыны заведзенага механізму.
Шрэдэра асцярожна вынеслі з карэты, але ў дом ён зайшоў сам, абапіраючыся на спадарожных. Усё рабілася моўчкі, хутка, акуратна…
За сталом, доўгім, як сармацкія хаўтуры, Пранціш нарэшце змог пабачыць гаспадара Чорных Соснаў. Ён нагадваў змрочнага князя Гераніма Радзівіла: гэткае жоўтае, у зморшчынах аблічча, лысая галава, чорныя густыя бровы, злосныя цёмныя вочы… Хіба што пан Лапушынскі не заікаўся, не зрываўся ўвесь час на крык, толькі пагардліва крывіў вусны. Вячэра была поснай, як сіроцкае шчасце, заставалася толькі ўспамінаць, што кухар пры шляхецкім двары мусіў умець прыгатаваць дванаццаць страваў з кілбасы, а пры магнацкім – дваццаць чатыры. Паколькі ніякіх роспытаў за сталом не ўзнікала, дый увогуле гаворка сканала, не нарадзіўшыся, ясна было – пан пасвечаны, хто госці і куды едуць. У адрозненне ад Лёдніка з Пранцішам.
Зноў пачуўся жаночы енк. Лёднік знарочыста гучна кінуў лыжку на стол, а калі на яго скіраваліся вочы прысутных, падкрэслена ветліва звярнуўся да гаспадара:
– Магчыма, вашамосць, у маёнтку патрэбныя мае паслугі як лекара? Здаецца, тут маецца нехта хворы…
Пан Лапушынскі пакрывіў вусны.
– А, васпан пра гэтае выццё? Гэта жонка майго арандатара Майсея. Грошы пазычыў, а не аддае. Плачацца – прыбытку не мае, ніхто ў карчму не ходзіць, мужыкі збяднелі… А жонка ў атласе ды перлінах красуецца! – Лапушынскі злосна фыркнуў. – Вось я і загадаў яе пасадзіць у хлеў у яе перлінах. Няхай сядзіць, пакуль Майсей грошы не верне.
– З гэтым народам толькі так і трэба! – ухвальна азваўся Грос. – Да апошняга будуць скардзіцца, што бедныя, сенніка няма падсцяліць, а пад падлогай золата хаваюць!
Жанчына зноў заблагала.
– І ўсё-ткі, васпан, я б хацеў агледзець гэтую кабету, – цвёрда прамовіў Бутрым. – Не думаю, што пан Лапушынскі зацікаўлены, каб няшчасная памерла ў ягоным хляве.
Грос раздражнёна зірнуў на доктара.
– Знайшлі, каго шкадаваць, ваша вучоная мосць! Яны, гэтыя, жывучыя… Нічога з ёю не станецца.
Лёднік апусціў вочы, і Вырвіч нават ціхенька штурхануў былога слугу пад сталом, бо бачыў, што той угневаны так, што можа сарвацца. Аднак голас доктара гучаў роўна.
– Адзін габрэй, полацкі аптэкар Лейба, дапамог мне знайсці шлях у жыцці, і не чакаў для сябе карысці, калі падтрымліваў і навучаў мяне, малога. Дабрэй і мудрэй чалавека я не ведаў. Нягоднікі і прыстойныя людзі ёсць ва ўсіх народаў, вашамосці. І ўсім аднолькава баліць, і аднолькава не хочацца паміраць. Думаю, панства нічога не згубіць, калі дазволіць мне выканаць прысягу Гіпакрату.
Баўтрамей падняў вочы і сустрэўся позіркам з Якубам Шрэдэрам, які дагэтуль не прамовіў ні слова.
– Няхай ідзе… – ціха прамовіў стары, і Грос з Лапушынскім пакорліва нахілілі галовы. Гаспадар нават падняўся з-за стала:
– Пойдземце, доктар, я вас правяду.
Зняволеная жанчына, аднак, зусім не нагадвала скрадзеную прынцэсу. Яна была тоўстай, як дзяжа, з пукатымі вачыма і губастым ротам, і шарахнулася ад Лёдніка, які памкнуўся агледзець яе, як бы доктар быў нячыстай сілай. Праклёны і прыніжаныя просьбы чаргаваліся ў спадарыні зусім нелагічна. Наколькі можна было зразумець з яе няспыннай гутаркі, у якой перамешваліся словы некалькіх моў, карчмарка прасіла адпусціць яе да дзетачак і ўлюбёнага мужа, наракала, што грошай няма аддаць пазыку, тут жа кляла мужа, які тыя грошы не змог зарабіць, і даўно выраслых дзетачак, якія лынды б’юць, замест таго, как дапамагаць татусю і мамусі ў высакароднай карчмарскай справе, а таксама горача завярала, што вось-вось памрэ ад пакутаў… Праўда, Лёднік змушаны быў прызнаць, што жыццю палонніцы пакуль нічога не пагражала – голадам не марылі, ночы цёплыя, але папярэдзіў, што ў кабеты раматуз і нестрававанне.
Піць лекі, прапанаваныя худым дзюбаносым прыхаднем, карчмарка адмовілася з такімі крыкамі, быццам яе сабраліся труціць. Пан Лапушынскі з’едліва пасміхнуўся:
– Ну што, пан доктар, задаволілі сваю цікавасць? І варта было сюды цягнуцца з-за стала? На маім баку праўда, вашыя мосці. Майсей палову пазыкі прынёс, значыць, і другую знойдзе. Пасядзіць баба. Не разваліцца.
Пранцысь Вырвіч глядзеў на кабету, якая ў аксамітнай сукенцы колеру спелага каштану і каптуры з бялюткімі карункамі сядзела на сене, яму і шкада яе было, і раздражнялі крыкі.
– І колькі карчмар вам яшчэ вінен? – папытаўся Лёднік гаспадара.
– Пяцьдзесят дукатаў, – адказаў Лапушынскі. – І ні шэлега не саступлю. Не таму, што грошай шкада – а каб правучыць паскудніка Майсея. Каб другі раз махлярыць пабаяўся.
Пад прыніжаныя запэўніванні Майсеіхі наконт таго, што такіх грошай яны з мужам у руках ніколі не трымалі, панства вярнулася ў дом. Чорныя сосны паныла спявалі шаргатлівую калыханку, пад якую не тое што засынаць – паміраць не хочацца.
Уночы Вырвіч чуў, як Лёдніка клікалі да пана Шрэдэра, якому зноў сталася кепска – і куды валакуць такога скалечанага? Дый крыкі зняволенай карчмарыхі некалькі разоў будзілі. Баба мела сапраўды жалезнае горла, бо нават не ахрыпла ад гэткай напругі. А нараніцу, шэрую, як выцвілая на прыдарожным крыжы ануча, перш, чым сесці ў пададзеную проста да ганку карэту, у якую ўжо ўсадзілі таямнічага калеку, Лёднік працягнуў гаспадару цяжкі мяшэчак:
– Пяцьдзесят дукатаў, ваша мосць. Я забяру кабету.
Пранціш прытрымаў ягоную руку:
– Я ў долі… Напалам.
Доктар трохі падумаў і кіўнуў галавой.
Пан Лапушынскі вырачыў на гасцей заспаныя вочы:
– Запэўніваю вашых мосцяў, што ад ейнага мужа вы прыбытку не атрымаеце. Майсей скнарышча, якіх пашукаць. На пару з жонкай колькі з п’яных лішняга здзерлі…
Лёднік не адвёў вачэй.
– Бог усім суддзя. Прашу васпана адпусціць зняволеную.
Лапушынскі паціснуў плячыма і ўзяў мяшэчак.
– Толькі таму, што не хочацца крыўдзіць вашу мосць. Не мог і ўявіць, што Майсеіха можа займець рыцараў-заступнікаў. Але чаго на свеце не бывае… Пане Каханку вунь любіць таўсманых, каб за стан не абхапіць. А другі мой знаёмы мурынку ў Багінскіх выкупіў, якая ўмела на клавікордах граць, і так ужо закахаўся…
Былы алхімік на пацвельванні не адказаў, прамаўчаў і драгун… Майсеіха выбегла з хлява, смешна валюхаючыся, і нат не зірнула на сваіх выратаваўцаў—магчыма, пералякаўшыся ды накрычаўшыся, проста не цяміла, што і чаму адбываецца. Калі карчмарыха прабегла паміж мармуровымі Артэмідай і Мінервай, дваровы хлапчук залівіста свіснуў услед, і кабета прыпусціла яшчэ хутчэй, падабраўшы падол аксамітнай сукенкі, да якой прыліпла сена.
Пан Лапушынскі толькі крыва пасміхнуўся ўслед сваім гасцям: ён відавочна палічыў драгуна і доктара нейкімі дурнямі. Абыдзецца цыганскае вяселле без марцыпанаў. Калі ад’ехаліся ад Чорных соснаў, абагнаўшы карчмарыху, якая, каб прапусціць карэту як падалей, ламанулася ў прыдарожныя хмызы, Грос высунуўся з вакенца, абмерыў вачыма чорную постаць Лёдніка:
– Лепей бы васпан аддаў тыя грошы жабракам ля царквы. Гэтая баба нават дзякуй вам не сказала.
Доктар нат галавы не павярнуў, седзячы на кані.
– Такія справы робяцца не дзеля падзякі. У мяне была магчымасць сплаціць мой уласны доўг – і я гэта зрабіў. А рахункаваць будуць не тут…
Грос хмыкнуў і схаваўся ў карэце. Пранціш, які не адчуваў радасці ад змяншэння вагі свайго кашалька, таксама не вытрымаў, каб не выказацца:
– І ўсё-ткі, Бутрым, не разумею цябе. Кабета ж не памірала. Не ў яе з мужам пазычылі і не аддавалі – а яны вінаватыя! А баба якая паскудная… Чаму мы павінны былі выплочваць доўг карчмара?
Туман сцяліўся ў лагчынах, як быццам цэлая зграя зайцоў узялася варыць піва. Лёднік сумна глядзеў удалеч.
– Вядома, лягчэй ратаваць людзей, нам прыемных. Удзячных, прыгожых… Каб нас іншыя за гэта пахвалілі, каб усё выглядала разумна. А каму прыемны быў я, мурзаты, дзікі, непрыгожы хлапчук, які звык, што калі нехта побач уздымае руку, дык каб ударыць, а не прылашчыць? Таму й намагаўся паспець зрабіць гадасць сам. Першае, што я ўчыніў, калі патрапіў у дом да дзядзькі Лейбы, куды мяне прывёў ягоны сябар і мой выхавацель Іван Рэніч – пастараўся непрыкметна перамяшаць усе д’ябальскія парашкі. Як жа, я знаходзіўся ў доме іншаверца, ворага! А дзядзька Лейба толькі пасмяяўся, шчыра так, па-добраму, сказаў, што з мяне неадменна атрымаецца добры алхімік. І паказаў некалькі… эфектных узаемадзеянняў між рэчывамі. З маленькімі выбухамі.
Лёднік трохі памаўчаў, апусціўшы галаву, з навіслых шэрых хмараў пасыпаліся халодныя кроплі восеньскага дажджу, дробныя, як інфузорыі.
– Мне даводзілася лячыць людзей, якія былі ўпэўненыя, што я ім шкоджу. І калі мне, добра папацеўшы, удавалася паставіць такога на ногі, ён усё роўна лічыў, што паправіўся насуперак мне. Але, павер, калі б я дзеля выратавання такога чалавека рабіў менш намаганняў, чым дзеля ўдзячнага, я нічога не варты быў бы, як доктар… І як чалавек таксама. Я бачыў, як падчас пошасці звар’яцелы ад жаху натоўп разрывае на кавалкі лекараў, якія рызыкуюць жыццём, каб пошасць спыніць… Я тады ацалеў – і лекаваў зноў. І цяпер – мы маглі дапамагчы, і дапамаглі. Аб гэтым ніколі не варта шкадаваць.
А потым здарылася тое, дзеля чаго, падобна, доктара з драгунам і наймалі… Карэту перапыніў раз’езд расейцаў. Жаўнераў дзесяць на чале з афіцэрам – не так шмат, каб усё выглядала безнадзейным, але замнога, каб спадзявацца на лёгкую перамогу. Афіцэр патлумачыў, што згодна дамове імператрыцы і польскага караля яны маюць права адшукваць і вяртаць у Расію збеглых прыгонных і жаўнераў.
– Ці няма тут расійскіх падданых?
Афіцэр пільна вывучаў абліччы падарожных, так і цэлячыся зазірнуць у карэту, і нагадваў адмысловага сабаку гетмана Браніцкага, навучанага шукаць чорныя труфлі ў тутэйшых пушчах. Пан Зыгмунд Грос выйшаў на дарогу. Проста ў гразь, пад дождж. Вырвіч глядзеў і не пазнаваў уладнага, засяроджанага пана. Невыразнае аблічча таго проста ззяла радасцю, як ад сустрэчы з дарагімі гасцямі, постаць змізарнела, прыгорбілася… І голас не пазнаць: такі мяккі, трохі няўпэўнены – у галаву не магло прыйсці, што такім можна маніць. Грос з нізкім паклонам падаў афіцэру падарожную:
– Няхай пан не сумняецца – мы шчыра любім нашага новага караля, няхай яму дасць Бог здароўя на доўгія гады, гэта жа, як і яе імператарскай вялікасці, імператрыцы, мудрае праўленне якой з’яўляецца ўзорам для нас…
Цяпер Пранцысь быў упэўнены, што іхні спадарожнік сапраўды езуіт, і высокага палёту – гэтак дасканала перакідвацца з ваўкалака ў авечку… А пан Зыгмунд, жаласна распавёўшы пра пакуты бяскрыўднага старога пасажыра карэты і патрэбу ў наведванні святых месцаў, тыцнуў пальцам у прафесара:
– Вось, суправаджае нас сам доктар Баўтрамей Лёднік з Вільні, ён праваслаўны, наш адзінаверац, і блізкі сябар графа Разанцава. Пан доктар наведвае прыход парушанай Віленскай Свята-Духавай царквы, утрымлівае шпіталь пры ёй… А гэта ягоны вучань, пан Вырвіч, таксама бароніць дзядоўскую веру і нашыя святыя цэрквы, абернутыя гвалтам у ганебнае ўніяцтва.
Вырвіч са здзіўленнем зразумеў, што Грос спрабуе выдаць сябе са Шрэдэрам за шчырых праваслаўных вернікаў, нават пацярпелых ад ганенняў… І яму гэта выдатна ўдаецца. А калі афіцэр усё-ткі зазірнуў у карэту, і Пранціш цікаваў з-за ягонага пляча, яшчэ раз здзівіўся: пан Шрэдэр сядзеў, закінуўшы нага на нагу, і ўсміхаўся трохі стамлёна, але таксама шчыра – акуратны капялюш, парык, шэры пералівісты камзол, твар напудраны, шчокі нарумяненыя: гэткі дзядуля, якому ля каміну сядзець і ўнукам казкі расказваць.
Між тым нехта з жаўнераў пазнаў віленскага доктара, і афіцер ветліва звярнуўся да таго:
– Пан Лёднік, рады пазнаёміцца з вамі асабіста. Мы шукаем не толькі збеглых мужыкоў, але і злачынцаў больш высокага рангу. Адзін з іх уцёк ажно са Шлісельбургскай вязьніцы, з дапамогай змоўшчыкаў. Ён гадоў шасцідзесяці, светлыя вочы, невысокі… А галоўная прыкмета – чырвоны шнар праз усю левую шчаку. За выкрыццё злачынцы прызначаная вялікая ўзагарода… Вы ж не сталі б хаваць ворага дзяржавы, доктар?
Афіцэр пільна глядзеў на Лёдніка. Той заставаўся спакойны.
– Вы самі назвалі мяне доктарам. Я не ўмешваюся ў палітычную барацьбу. Мая справа – лячыць.
– Што ж, гэта заслугоўвае павагі, – афіцэр, памарудзіўшы, пакланіўся і махнуў рукой жаўнерам. – Няхай святы Мікалай бароніць вас у дарозе.
Калі расейскі атрад знік за паваротам, Лёднік змусіў фурмана спыніць карэту і рашуча сеў у яе – з такім злосным абліччам, што пярэчыць было неразумна, гэта ўсведамляў нават Зыгмунт Грос. Пранцысь улез следам, зусім заціснуўшы Гроса у кут.
– Ну што, будзем тлумачыцца? – застрашліва ветліва прамовіў Лёднік. – Мяне нельга падмануць кроплямі дурнап’яну, хірургічным выдаленнем шнару і праваслаўным жагнаннем. За каго мы з панам Вырвічам маем сумніўны гонар рызыкаваць жыццём, а, шаноўныя адэпты Ордэна Ісуса? Я, ведаеце, дастаткова часта гуляў са смерцю, але кожны раз прынамсі ведаў, дзеля чаго.
– І ці не варта было сапраўды здаць дзяржаўнага злачынцу ўладам – маю падставы меркаваць, што атрыманая за яго ўзнагарода будзе не меншай, чым тая, што прапанаваў нам пан Юдыцкі, – пагрозна дадаў сваё Пранціш.
Пан Грос запытальна зірнуў на Шрэдэра, які ляжаў, адкінуўшыся на аксамітную падушку, так што ягоны твар амаль хаваўся ў ценю. Падобна, Грос прачытаў, што належала, у абліччы старога.
– Я разумею ваш непакой, панове, – прамовіў ён. – Вы ўжо ведаеце, што пану Шрэдэру, нягледзячы на паважаны ўзрост, давялося не так даўно прайсці шмат пакутаў. Запэўніваю вас, калі ён патрапіць зноў у рукі тых, ад каго мы пана з вялізнымі намаганнямі вызвалілі, яму давядзецца спазнаць пакуты яшчэ горшыя. Хаця злачынства – пан Езус мне сведка – ніякага не ўчыняў.
– У вязьніцу і на прэнт прыводзяць не толькі злачынствы, дарагі пан Лёднік, – ціха прамовіў Шрэдэр, звяртаючыся толькі да доктара, што Вырвіча трохі скрыўдзіла. – Губіць нас проста валоданне нейкімі ведамі, давераная нам таямніца. Ad notanda (Варта заўважыць – лац.), вам гэта добра вядома, пан доктар.
Лёднік апусціў вочы.
– Так, мне гэта добра вядома, пан Шрэдэр. І мушу сказаць, што не хачу больш мець ніякага дачынення да таямніцаў, за якія палітыкі гатовыя скасіць, як траву, тысячы бязвінных жыццяў.