Читать книгу Карона на дне віра (зборнік) - Людміла Рублеўская - Страница 1
Оглавление© Людміла Рублеўская, 2015
© Літаратура і Мастацтва, 2008
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2015
Жыве бабуля Юстына на хутары, на самым ускрайку лесу. А гадоў ёй, напэўна, столькі ж, колькі самай старой сасне ў гэтым лесе. Бо памятае бабуля Юстына такія даўнія часіны, калі кветкі былі людзьмі, а людзі ўмелі размаўляць з дрэвамі і птушкамі.
Ці было ад гэта шчаслівей людзям, дрэвам і птушкам – невядома. I ў той час людзі крыўдзілі адзін аднаго, і, вядома, даставалася ад іх кветкам і звярам, рэкам і лясам… Нездарма каб знайсці патрэбную зёлку, бабулі Юстыне даводзіцца цяпер шукаць запаветныя мясціны, там, дзе не чуваць крыку пеўня. Бабуля – зельніца, і ведае, ад якой хваробы дапамагае якая трава.
Але сёння ёсць травы і кветкі, якіх нельга зрываць зусім – бо знікнуць, і збяднее Божы свет яшчэ на адну прыгажосць.
Ты скажаш, дружа, што не ўсе кветкі і травы прыгожыя?
А вось і памыляешся: як у душы кожнага чалавека схаваная дабрыня, так у кожнай жывой істоце схаваная прыгажосць і дзівосная гісторыя. Трэба толькі ўмець убачыць, умець пачуць.
А калі не ўмееш – распытай зельніцу Юстыну. Яна пасадзіць цябе за накрыты вышываным абрусам стол, паставіць перад табой кубак з духмянай гарбатай, настоенай на верасе і чаборы, і раскажа, адкуль узнікла якая кветка, якое чароўнае паданне за кожнай травой…