Читать книгу Карона на дне віра (зборнік) - Людміла Рублеўская - Страница 3
Вяселле ведзьмака, альбо Чарнакорань пурпуровы
ОглавлениеТы пытаешся, чаму, калі ўсе расліны – прыгожыя і добрыя, сярод іх ёсць атрутныя?
Нават у атрутнай расліне няма ні дабра, ні зла – дабро ці зло з яе дапамогай робіць чалавек. Нават самая моцная атрута можа быць добрым лякарствам – трэба толькі правільна ёю карыстацца. Ну а злы чалавек – той сапраўды з дапамогай зёлак шмат пакуты можа прынесці…
Жыў некалі ў гэтай пушчы такі злыдзень. Звалі яго Нічыпор, і з усяе акругі хадзілі да яго лячыцца. Але куцы часцей, чым лячыцца, бегалі да Нічыпора па іншых патрэбах – кагосьці прысушыць да сябе, прываражыць, або, наадварот, пазбавіцца непатрэбнага кахання, зрабіць так, каб суседская ніва не ўрадзіла, а суседскія куркі несціся перасталі… Ды якіх толькі гадасцяў людзі адзін аднаму не зажадаюць! Нават гаварыць пра гэта брыдка.
I шмат каму дапамог спраўдзіць злыя пажаданні Нічыпор. Вось толькі людзі рэдка ўсведамляюць, што злыя пажаданні ніколі не прыносяць шчасця. Зло заўсёды вяртаецца туды, дзе было спароджанае.
Але ўсё роўна знаходзіўся нехта, хто, зваблены хцівасцю або крыўдаю, ішоў па змрочнай дарозе між сівых ялінаў да хаты ведзьмака, якая амаль хавалася ў зарасцях калючага глогу. I бедны, і бататы, і цёмны, і вучоны не ўберажоныя ад спакусы папрасіць дапамогі ў чорнай сілы. Не толькі пешкі прыходзілі да Нічыпора – прыязджалі да яго і ў карэтах.
Аднойчы такая багатая карэта спынілася перад Нічыпоравым домам. Пан, гаспадар карэты, не шкадаваў залатых талераў, бо не золата было прычынай яго пакутаў, а каханне.
Ды каб сох пан па якой радавітай паненцы – не так крыўдна было б. Але закахаўся ён у дачку вясковага каваля, вясёлую прыгажуню Агатку. Што праўда, нават у каралеўскіх палацах не бачылі такога хараства, як у Агаткі. Але дарэмна распісваў пан дзяўчыне, як пекна стане выглядаць яна ў панскіх строях, як паплыве лебедзем па бліскучым паркеце бальнай залі. Толькі смяялася дзёрзкая Агатка – не пасуюць лясной галубіцы павіныя пёры, не нажыцца дачцы каваля ў княскім палацы.
I, вядома, нават самыя вялікія багацці не разгладзяць зморшчаны, як печаны яблык, твар яе вяльможнага кавалера.
I пан толькі зубамі скрыгатаў ад таго, што Агатка – не ягоная халопка, і прамінулі тыя часы, калі панаў дзед мог паслаць пахолкаў па любую дзяўчыну ў наваколлі, і ўвобмірг тыя кінулі б сплаканую красуню гаспадару пад ногі.
Цяпер жа заставалася пану спадзявацца толькі на дапамогу чорных сілаў. Бо і не патрэбная была яму сплаканая прыгажуня – хацеў ён убачыць у падобных на дзве цёмныя зоркі вачах любасць, пачуць хоць адно ласкавае слоўца…Ды каб спрах той ляснік Янка, які насіў пекнай Агатцы скуркі гарнастаяў і срэбных лісіц, і не аднаму багатыру лоб разбіў толькі за тое, што той прыпыніўся з мройным выразам твару насупраць кавальскае хаты.
Выслухаў Нічыпор панскія скаргі са сваёй заўсёднай змрочнай усмешкай, нават не зірнуў на жменю золата, што сыпануў госць на стол. Папрасіў якую-небудзь рэч дзяўчыны – і пан дастаў з-за пазухі пунсовую хустку. Нічыпор падвёў пана да вялікага люстэрка, кінуў хустку у чару з вадою, сыпануў нейкіх зёлак, зашаптаў таемныя словы… Зашумеў за вокнамі лес, затрашчалі кусты каля хаты, нібыта нехта прабіраўся скрозь іх. Паверхня люстэрка пабегла хвалямі, як паверхня ракі, і скрозь пералівісты туман паказаўся дзявочы мілы тварык… Здавалася, Агатка знаходзіцца тут, у хаце ведзьмака, але чамусьці нікога не заўважае, нешта задуменна напявае, пераплятае густую цёмную касу, часам усміхаецца патаемным думкам…
– Гэта твая каханая? – прыглушаным голасам спытаў Нічыпор.
– Так, яна! – з гонарам адказаў госць. – Ну што, прызнайся, стары, бачыў хоць калісьці падобную прыгажосць?
– Не, ніколі не бачыў я такой красуні, – павольна адказаў Нічыпор. – А я шмат бачыў прыгажунь на сваім вяку – і не толькі з гэтага свету. I яшчэ скажу. Не для цябе яна, пане.
– Што ты вярзеш?!! – абурыўся наведнік. – Я сюды прыйшоў не за тваімі павучаннямі! Не для мяне такая краля, бачыце… А для каго? Для гэтага лайдака Янкі?
– Ні для цябе, ні для яго, – пагрозна прагаварыў Нічыпор. – А для мяне. Так што забудзься і на кавалёву дачку, і на дарогу да майго дому.
Чым настрашыў Нічыпор госця – невядома. Але ехаў пан з нашага лесу так хутка, што ледзь з карэты не вываліўся. I адразу за мяжу з'ехаў. А ў наступную нядзелю адбылося дзіва – у вёсцы з'явіўся Нічыпор, якога там не бачылі, мусіць, гадоў трыццаць.
Але ж як і не было тых трыццацці гадоў! Выглядаў Нічыпор маладзец малайцом, гадоў – не болын саракоўкі. Плячысты, дужы, на чорных кудзерах – атласная шапка, падбітая собалем, світка панская, боты – дык не ў кожнага пана такія. I нібыта сам увесь змяніўся. Усміхаецца, вітаецца, у карчму пайшоў, частуе ўсіх, усялякае цікавае расказвае – пра дзівосы, што на свеце дзеюцца. Памяць у людзей кароткая – хутка Нічыпор быў ужо лепшы сябрам у грамадзе. А як увечары выйшлі на вуліцу дзяўчаты, заспявалі песні, апынуўся чараўнік перад хатай Агаткі. А вось і сама дзяўчына – як месячны праменьчык, стройная, гнуткая, беласкурая… Наблізіўся да Агаткі Нічыпор, сказаў нешта вясёлае, ласкавае, кветку дзівоснай прыгожосці падарыў – ды і пайшоў сабе. А Агатка тую кветку да твару паднесла, водар нетутэйшы ўдыхнула…
Тут і скончылася шчасце лясніка Янкі, ды і Агаткі таксама. Бо перастала дзяўчына спяваць вясёлыя песні, толькі сумавала ўсё. Глядзіць перад сабою – і нібыта нічога не заўважае. Нават вернага Янку. Толькі і вяртаецца да яе весялосць, як убачыць ведзьмака Нічыпора. А той ужо – часты госць у хаце. Падарункі носіць – уся вёска збягаецца паглядзець на такое багацце. Кажуць, ужо і зямлі Нічыпор прыкупіў на ўзлессі. I новы дом будаваць збіраецца дзеля маладой жонкі… Бо справа, няйначай, да вяселля. I дарэмна маркоціцца Янка, дарэмна пераймае сваю прыгажуню ля веснічак – не глядзіць яна, не гаворыць, як зачараваная…
А мо і сапраўды зачараваная? Але як тады справіцца з праклятым ведзьмаком? Таму варта зірнуць – і чалавек быццам камянее. Нават Янка не змог абысціся з Нічыпорам, як з іншымі агаткінымі залётнікамі – пагляд у ведзьмака нібыта вастрыё дзіды, упрэцца табе ў грудзі, і далей – ні кроку не зробіш, нібы сэрца працінае…
Толькі старая зельніца Франя змагла парадзіць Янку. Вядома, тая Франя была маёй пра-пра-прабабуляй. Але я не маю і дзесятай долі ейных ведаў. Дык вось, прыйшоў Янка да Франі са сваім горам. Заварыла зельніца госцю духмянай гарбаты, такой жа, як я заварваю вам. I сказала, што Нічыпор, няйначай, завалодаў нейкай рэччу Агаткі, і цяпер чаруе бедную дзяўчыну, засціць ёй вочы. Рэч тую Нічыпор пэўна носіць заўсёды з сабою. I калі яе адабраць, то Агатка выйдзе з-пад ведзьмаковых чараў.
Задумаўся Янка, стаў назіраць за супернікам. I сапраўды – той увесь час нешта хавае на грудзях, за пазухай кашулі. Нейкі скрутачак нібыта.
Вось і запоіны ў кавалёвай хаце. Жаніх прыехаў на фурманцы, два кані вараныя – іскры з воч. Куфры с падарункамі, прысмакі да стала заморскія. Сядзіць Нічыпор – толькі вочы з-пад чорных брывоў бліскаюць, а побач Агатка – бледная, як веснавая кветачка, прыхвачаная марозам, глядзіць на Нічыпора, нібыта позірку адвесці не можа. Вось ужо віншуюць усе заручоных, падыходзяць з прыветнымі словамі…
Падыйшоў і Янка. Сціпла гэтак, нават з усмешкай – нібыта змірыўся, што не яму шчасце дастаецца. Пакланіўся нявесце, вачэй не ўзняўшы. Працягнуў руку жаніху… А другой рукой – як шмаргане з ягонае шыі матузок, а на тым – скрутачак…
Як ён наважыўся, як вытрываў супрацьсілы ведзьмаковай – адно каханне ягонае ведае. Во застаўся на далоні Янкі шнар – як ад распаленага жалеза. А са скрутачка дастаў Янка пурпуровую хустку – тую самую, што калісьці сам каханай сваёй падарыў, а пасля Агатка ці то згубіла, ці скраў нехта.
Ускрыкнула Агатка, нібыта лацугі з яе цяжкія спалі, кінулася да Янкі свайго, словы кахання прамаўляючы. I Нічыпор закрычаў. Страшна, як звер лясны. Ды ў хустку ўчапіўся – але позна: толькі маленькі пунсовы лапік застаўся ў ягоных скурчаных пальцах. На вачах ва ўсіх пачаў вядзьмак рабіцца старым, нямоглым, нібыта ўсыхаў, і ўрэшце ўпаў на падлогу чорным сухім карэньчыкам з пунсовым пялёсткам.
Узяў нехта з гасцей чорны корань ды выкінуў за плот, на сметнік.
А на наступную вясну, калі Агатка з Янкам былі ўжо шчаслівай сямейнай парай, на сметніку ля кавалёвае хаты вырасла высокая дзіўная кветка. Зусім непрыгожая, непаглядная, але валодала яна вялікай лекавай моцай. Асабліва яе карэньчыкі. Нібыта выкупляла зло, утворанае колісь Нічыпорам.
Але ля хат усё-такі не прыжылася кветка, паступова перабралася ў лес, у хмызнякі. Там і цяпер можна яе сустрэць.
I назвалі тую расліну – чарнакорань пурпуровы.