Читать книгу Дагератып - Людміла Рублеўская - Страница 3
Кніга ўнутранага кола
Раздзел першы. Пан Ніхель і нахабныя студэнты
ОглавлениеБагуслава не любіла фатаграфаваць мёртвых дзяцей.
Праца ёсць праца. Асабліва калі за гэтыя post mortems адсыпаюць грошай, як вандроўнаму менестрэлю пад канец панскага вяселля.
Але ўвекавечванне нябожчыкаў было дурной модай, якая прыйшла ў забытае Госпадам мястэчка, добра пабадзяўшыся па Еўропе…
Уласна кажучы, усё, што сюды дабрыдала ў якасці новага-прагрэсіўнага-моднага, і было такім валацужным фацэтам з падпудранымі зморшчынамі… Тут даношвалі капялюшыкі фасону, якія ў Парыжы даўно пусцілі на зручныя фетравыя падэшвы для хатніх пантофляў, ахвотна куплялі патэнтаваныя эліксіры ад аблысення і грудной жабы, за якія ў Жэневе кагось даўно пасадзілі ў каталажку, бо ў тых цуд-мікстурах утрымлівалася конская доза свінцовай атруты… Насілі гарсэты з кітовым вусам і апраналі нанач шаўковыя сетачкі для валасоў, пілі какаву з размаляваных ружовымі кветачкамі парцалянавых кубкаў, манерна адставіўшы мезенцы, выпісвалі літаратурны дадатак да “Нового времени”, але чыталі толькі Надсана, і толькі таму, каб было што працытаваць у гасцях… Прыходзілі ў модную кніжную краму братоў Масевічаў, але куплялі толькі паштоўкі “Любі мяне, як я цябе” і стараліся нават не падыходзіць да паліцаў з падазронай літаратурай кшталту нямецкіх філосафаў, і ўжо, вядома, перабягалі на другі бок вуліцы, калі ў краме ў чарговы раз быў ператрус, і з яе дзвярэй выкідвалі проста на зямлю шкодныя выданні. І нават не думалі, што можна жыць неяк іначай, не сцінаючыся міжволі пры выпадковай сустрэчы з панам у форменнай белай фуражцы, а ў галаве пры гэтым мітусяцца непатрэбныя ўспаміны пра найменшыя праявы ўласнай нелаяльнасці… А раптам данеслі, напаклёпнічалі, і будзе пастарунак, суд, катарга, зацемка ў местачковай газетцы “пригрели змею на груди”, “заклеймим позором”, “выжжем каленым железом”… Дый нават няхай проста вытураць са службы і перастануць заўважаць на вуліцах…
Тутэйшым цяжка ўявіць, што хтосьці жыве, не ведаючы гэтага ліпучага, агіднага пачуцця, якое халодзіць і раз’ядае душу знутры і завецца Страхам. Ён жа карысны, гэты страх, для існавання Імперыі – некаторыя лічаць, што ён увогуле неабходны, як клейстар, які змацоўвае дэталі казачнага горада Кіцежграда з пап’е-машэ ў вітрыне крамы дзіцячых тавараў. Так, на гэтай зямлі, якую яшчэ нядаўна адно за адным скаланалі няўдалыя паўстанні, кожны павінен усведамляць сваю недасканаласць, грахоўнасць, што падлягае пакаранню, і ад гэтага імкнуцца засведчыць сваю лаяльнасць – а найлепей гэта зрабіць, выкрыўшы яшчэ большага грэшніка, чым сам… Бунтаўніка, інсургента, рэвалюцыянера, бамбіста, бязбожніка, іншаверцу, масона альбо сепаратыста, які лічыць, што акрамя вялікага рускага народу тут маюць права жыць і мець сваю культуру нейкія іншыя “народнасці”…
Усё новае ў гэтым свеце здавалася падазроным.
Таму навіной, трохі небяспечнай і амаль неверагоднай, сталася ў мястэчку N фотаатэлье пана Вараксы Ніхеля і ягонай дачкі Багуславы.
Як усё, што змяняе жыццё, гэтыя асобы з’явіліся проста і нечакана.
Прыехаў, валюхаючыся, заляпаны гразёй экіпаж, нагружаны абцерханымі куфрамі. На мокрую брукаванку ступіў спадар у светла-шэрым касцюме-тройцы, капелюшы і круглых акулярах у тонкай жалезнай аправе. Падкруціў акуратныя пасівелыя вусы, ацаніў краявіды Наўя і тэатральна развёў рукамі:
– Натуральнасць і шчырасць! Я проста прагну адлюстраваць гэтыя рамантычныя лужыны і платы, хлявы і хлебадайныя лаўкі з дапамогай свайго апарату! Сусветная гісторыя не даруе, калі я гэтага не зраблю, таму мы застаемся, дарагая мая Багута!
Ягоная спадарожніца, паненка з паставай, якая бывае толькі ў ангельскіх гувернантак і асоб, што пазбягаюць выпадковых знаёмстваў, пакрывіла фанабэрыстыя вусны, нафарбаваныя цёмнай памадай, так што здавалася, быццам паненка толькі што насмакталася крыві:
– Не сумняюся, што райскія краявіды і арыстакратычныя фізіяноміі тутэйшага бамонду ўзнімуць ваш фатаграфічны геній, дарагі тата, на парнаскія вышыні… Як, дарэчы, гэтае бласлаўлёнае места называецца, забылася?
Пан Ніхель нечакана спрытна схапіў за плячук аднаго з цікаўных непаўналетніх месцічаў, мурзатага і кірпаносага:
– Малады чалавек, улучыце беднаму вандроўніку трохі ўвагі… Будзьце ласкавыя, нагадайце назву гэтага населенага пункта!
Тубылец змаргнуў рудымі вейкамі:
– Ч-чаго?
Ветлівы пан паправіў мезенцам акуляры і перапытаў, у мяккім тоне голасу пазвоньвала сталь:
– Мястэчка як называецца?
Хлапчук шмаргануў кірпатым носам і адказаў з недаверам, як бы не мог паверыць, што хтось на белым свеце можа быць такім недасведчаным.
– N, ясная рэч.
І вылупіўся на паненку, як на вылаўленую ва ўласнай студні русалку.
Лупіцца было чаго. Паненка была стрыжаная – цёмныя валасы звісалі з-пад строгага капялюшыка двума бліскучымі крыламі, ледзь дасягаючы падбароддзя. На госці быў модны кардыган у чорна-чырвоныя краткі, зашпілены на ўсе тузіны дробных гузікаў. Твар бледны, з вытанчанымі, але нібыта застылымі рысамі, а вочы колеру веснавога лёду такія светлыя, што зрэнкі і абадок вакол радужкі здаюцца асабліва цёмнымі, як і рэзка зламаныя бровы.
– Няхай будзе N, і нават з каптуром! – пакорліва згадзіўся пан у акулярах. – Думаю, што тут удасца зняць недарагое памяшканне для студыі.
Так у мястэчка на берагах звілістай рачулкі Наўкі, якая ніколі не гайдала на сваіх кволых хвалях ні ганарыстую купецкую ладдзю, ні баявы карабель з каляровым ветразем, прыйшоў Вялікі Прагрэс у выглядзе фатаграфічнага мастацтва.
Не тое каб месцічы не бачылі ніколі фотакартак – але былі яны справай дарагой, загадкавай, мала каму дасяжнай. У сем’ях мясцовай арыстакратыі побач з фамільным посудам захоўваліся даўнейшыя дагератыпы – срэбныя пласцінкі з цьмянымі выявамі бацькоў і дзядуляў. А фотакарткі на шчыльным кардоне, з віньеткамі і абрэзанымі зубчыкамі краямі мелі толькі тыя, хто выязджаў у Вільню, Варшаву, Менск ці Санкт-Пецярбург.
Ці трэба казаць, што напачатку пазычаць сваё аблічча таемнаму дэману з чорнай скрынкі пана Ніхеля баяліся нават прагрэсіўныя насельнікі горада N. У кожнага ў памяці сядзелі аповеды пра скрадзены след і праткнуты спіцай адбітак у лужыне.
Але паступова ў двухпавярховы зялёны будынак насупраць пажарнай часткі, у дзверы пад шыльдай “Фотаатэлье. Пан Ніхель і К*” завітвала ўсё больш месцічаў. Найчасцей замаўлялі сямейныя партрэты – з іх напружана пазіралі чапурыстыя матроны ў капотах і каптурах, мужчыны ў пінжаках і кашулях з накрухмаленымі каўнярамі, дзеці ў гімназічнай форме. Ну і, вядома, маладажоны, гордыя той светлай прышласцю, якой яшчэ не займелі і наўрад будуць мець – круглатварыя нявесты ў карункавых капелюшах, жаніхі з вялікімі далонямі ў цесных пальчатках, цяжкімі сківіцамі і глыбока пасаджанымі вачыма, здрадліва блакітнымі, як тутэйшае неба.
Пасля таго, як пана Ніхеля запрасілі ўвекавечыць гарадскую раду на чале з бурмістрам на фоне грандыёзнай будоўлі заводу па апрацоўцы драўніны па нямецкай тэхналогіі – адкрыццё таго заводу ў хуткім часе мусіла праславіць мястэчка N на ўсю імперыю, – паставіць на сервант фотаздымак з уласным абліччам стала не менш ганарова, чым выпісваць газету.
Сям’я Ніхеляў заняла ў горадзе прыблізна такое месца, як у афрыканскім племені ведзьмакі. Ніхто не спрабаваў іх закідаць камянямі, але запрасіць на гарбату ці папрасіць адрас краўца, які так зграбна пашыў касцюм пана Вараксы Ніхеля, нікому б у галаву не прыйшло. Ну хіба суседу-краўцу Навуму Гурэвічу, у якога шылі касцюмы і паліто нават бургамістр і паліцмайстар. Але ж гэта пан Гурэвіч, які нават пані бурмістрыху можа змусіць чакаць у чарзе, пакуль здымае мерку з булачніцы Манькі, бо вакол булачніцы, як вядома, за хвілю не абыдзеш.
Некаторыя асабліва нервовыя паненкі ўскрыквалі і страчвалі прытомнасць ад выбуху магнэзіі, якім суправаджаўся кожны здымак. Праўда, гэтак жа яны рэагавалі на магнетычныя сеансы італьянскага гастралёра, прыхільніка вучэння Месмера, спірытычныя сеансы таўсманнай егіпецкай жрыцы праездам з Мелітопаля, а таксама на навальніцы, гарматныя стрэлы ў дзень тэзаімяніцтва ягонай імператарскай вялікасці і ўсмешку маладога чарнавусага і буйначубага пана Адальфа Мянчынскага.
Менавіта з-за такога стаўлення, якое рабіла прыхадняў з фотакамерай адначасова і выбранцамі, і ізгоямі, ніхто асабліва не абураўся недзявочымі паводзінамі панны Багуславы, якая дапамагала бацьку ў ягонай таямнічай справе звыкла і спрытна, а часам бацька перадавяраў ёй увесь працэс. А як Ніхелі ў пакоі без вокнаў з дапамогай смярдзючых рэактываў, хімікаліяў ды варажбы пераносілі адбіткі са шкляных бромжэлацінавых пласцінаў на паперу, добрапрыстойныя месцічы нават ведаць не хацелі. Хіба што непаўналетнія насельнікі горада N распавядалі адзін аднаму страшныя гісторыі пра свае вылазкі ў пракляты дом – у гісторыях абавязкова прысутнічалі безгаловыя прывіды і зачараваныя скарбы, ды бедная ўдава Параска, якая зарабляла сабе на жыццё прыслугоўваннем ды самую крышку шаптаннем на ваду, распавядала пра пякельны смурод, што даносіўся з сутарэнняў фатаграфічнага дому. Да таго ж часцяком у тонкіх пальцах панны Багуславы бачылі і такі д’ябальскі прадмет, як тонкія доўгія цыгарэткі – дагэтуль у горадзе толькі старая пані судзейская курыла, праўда, не цыгарэты, а люльку з чорнага дрэва, што засталася ў спадчыну ад нябожчыка-мужа.
Усё мужчынскае насельніцтва горада N пагаджалася, што фатаграфічная паненка прыгожая. Але й пасля трох куфляў добрага піва з Ёселевай карчмы ніхто, нават пан Адальф Мянчынскі, не наважыўся б падысці да панны Ніхель з куртуазнымі намерамі.
Асабліва калі яна прагульвалася па мясцовых могілках.
А рабіла яна гэта так часта, як іншыя паненкі начышчалі абцасамі адзіны ў мястэчку брукаваны кавалак вуліцы паміж французскай кавярняй і домам бурмістра.
Ходзіць сабе такая фанабэрыстая танклявая гадаўка, захутаная ў шаль, паміж магіл, і толькі перахрысціцца застаецца ды скіравацца падалей, да царквы з нядаўна прыбудаванымі пазалочанымі “цыбулінамі”.
Так, нават цэрквы ў гэтым мястэчку былі нядобранадзейнымі – бо раней іх будынкі належалі альбо ўніятам, альбо каталікам. І няхай храмы перабудоўвалі і залацілі ім галовы, іхнія сцены, магутныя, разлічаныя на стрэл гарматы, памяталі занадта шмат… Кроў, крыкі, страх і нянавісць усмоктваюцца ў камяні і цэглу гэтак жа, як таемныя спадзяванні – у сны. Каб зноў і зноў вяртацца – ценем, адчуваннем, трывогай.
Падазроны край, падазронае мястэчка… Акрамя дзвюх цэркваў, у ім былі касцёл і дзве сінагогі, і нават лютэранская кірха, бо тут атрымалі дазвол пасяліцца немцы-лютэране. Некаторыя з іх мусілі спрыяць адкрыццю прагрэсіўнага дрэваапрацоўчага заводу, надзеі мясцовых уладаў на працвітанне.
Тое, што менавіта іншаверцы найчасцей наведвалі атэлье Ніхеляў, толькі пацверджвала вядзьмацкі статус фатографаў.
Дык вось, апошнім часам пан Варакса і панна Багуслава ўсё часцей выязджалі да нябожчыкаў. Бо калі паміраў хтось, не адлюстраваны на фотаздымках, асабліва дзіця, родзічы лічылі гэта вялікай ганьбай. Калі партрэт не паспелі зрабіць пры жыцці, нябожчыка фатаграфавалі, як жывога. Часта разам з сямейнікамі. Дзеля чаго апраналі труп у самае лепшае і надавалі патрэбную позу. Укладвалі ў рукі кабеце вязанне, мужчыне – кнігу, дзяўчынцы – ляльку. Хлопчыка маглі пасадзіць на драўлянага коніка. Асабліва жудасна атрымлівалася, калі нябожчык пачынаў калець, у яго не закрываліся вочы, і на фатаграфіі адбіваўся гэты каламутны, нетутэйшы позірк. Багуслава ўспамінала сярэднявечныя скокі смерці, у якіх жывыя павінны былі ўяўляць, што танчаць з мерцвякамі.
З жывымі дарослымі было лягчэй, а вось дзеці на памерлых братоў і сясцёр касавурыліся з жахам, асабліва калі іх прымушалі да мерцвякоў датыкацца, кідаліся ў плач, адштурхоўвалі тое чужароднае, схаладнелае, з інстынктыўнай агідай. Угаворы, крыкі, пагрозы дарослых… Вяночкі, карункі, васковыя кветкі… Пудра, памада… Дрыготка агіды жывых і пачарнелыя пазногці мёртвых… Заплаканая кабета са схаладнелым немаўлём на каленях расцягвае вусны ва ўсмешцы, не менш нежывой…
Чаму ў Багуславы ўсё яшчэ відовішча смерці адгукаецца болем? Каму-каму, а ёй павінна быць абыякава. Прынамсі, пан Варакса толькі хмыкае скептычна, калі дачка мімаволі адводзіць вочы ад асабліва выразных пост-мортэ і нервова зглытвае…
Сапраўды, зусім недарэчная сентыментальнасць. Смешна.
Сарданічны смех, Risus sardonicus – тая ўсмешка, падобная да выскалу, што застывае на тварах памерлых ад слупняку. Куты роту рэзка апушчаныя, бровы прыўзнятыя, сківіцы моцна сціснутыя…
Цікава, ці можна сфатаграфаваць самую смерць? Яе Жняцоў? Адыход душы, якая яшчэ не ўсведамляе, што пакінула свой зямны футарал? Адзін з піянераў фатаграфічнага мастацтва Іпаліт Байяр быў у такім адчаі, што французская Акадэмія вырашыла падтрымаць даследванні не ягоныя, а ягонага суперніка Дагера, які зрабіў свой фотаздымак у выглядзе тапельца. Апушчаная галава, скрыжаваныя рукі, аголены торс, на сцяне вялізны саламяны капялюш, на знак пакінутай жыццёвай мітусні з яе атрыбутамі… А прысутнасці смерці няма.
Вось на тым дагератыпе, што Багуслава зрэдку дастае са свайго куфэрка, смерць ёсць. Хаця малады чалавек на дагератыпе, у чамарцы і канфедэратцы, з задзірыстымі шляхецкімі вусамі, вясёлы і дзёрзкі, ягоныя светлыя вочы пазіраюць з-пад прамых густых броваў адважна і трохі іранічна, рука ляжыць на дзяржальні шаблі…
Але Багуслава бачыць тут смерць так выразна, як ваўкалак мечаную кулю.
Часам смерць бачная і ў адсутнасці трупа. На фотаздымку Франсуа Обера 1867 году – усяго толькі кашуля. Кашуля расстралянага імператара Максіміліяна. На белай тканіне з элегантнымі дэкаратыўнымі зашчыпамі – дзіркі ад куль з запеклай крывёй. І гэта страшна больш, чым відовішча трупа.
…Апошнія шкляныя пласцінкі з выявамі былі размешчаныя ў спецыяльныя ячэйкі драўлянай скрынкі, з рук змытыя рэактывы, якія пакідаюць на скуры жоўтыя плямы… За вокнамі загарлалі аптымістычныя пеўні горада N, перакідваючы адзін аднаму навіну пра тое, што жыццё працягваецца, быццам гульцы – падпалены скрутак, а той, хто ўпусціць, прайграе.
Званочак ля дзвярэй фотаатэлье пана Вараксы закалаціўся, быццам таксама хацеў далучыцца да хору сонечных вестуноў.
Наведнікаў было двое. Абодва маладыя, з такімі насцярожанымі позіркамі, нібы прыйшлі не ў фотаатэлье, а ў намёт да татарскага хана, ад якога ці ярлык на княжэнне, ці сякір-башка. Адзін, вышэйшы і плячысты, лабасты, з цёмнымі пышнымі кудзерамі і маленькай нігілістычнай бародкай, якая дзіўна спалучалася з па-дзіцячы пульхнымі вуснамі, быў у танным, але чыстым і адпрасаваным паліто, з-пад каўнера якога вызірала не звычайная кашуля, а вышыванка. Ягоны таварыш, больш шчуплы і рудавалосы, з рэдкімі вусікамі і трохі штучнай усмешкай, сіратліва хаваў рукі ў кішэнях патрапанага студэнцкага шыняля, а падбароддзе – у наматаным на шыю белым вязаным шаліку.
Студэнты ў зношаных шынялях – заказчыкі не самавітыя… Але пан Ніхель пакланіўся гэтак жа гжэчна, як бы да яго завітаў сам бурмістр.
– Чым магу дапамагчы панам? Партрэт? Групавы здымак?
Багуслава абыякава прыхілілася да сцяны, скрыжаваўшы рукі. Як ёй гэта надакучыла… Гэтая ветлівасць, гэтыя танцы на дроце…
Барадаты ў вышыванцы слізнуў вачыма па сценах, завешаных узорамі фатаграфічнага майстэрства: кацяняты ў кошыках, усмешлівыя дзеткі з ружамі і сабачкамі, паненкі ў капелюхах-клумбах з мройнымі вачыма…
Узоры падманвалі, як ім і належала. Праўда толькі ў тым, чаго нельга паўтарыць, пераняць. Самым адметным, бадай, быў партрэт Багуславы, зняты Ніхелем у багемнай манеры. Тонкі профіль, рука ў пальчатцы падносіць да ярка нафарбаваных вуснаў тонкую цыгарэтку ў доўгім муштуку… Барадаты зацікаўлена скасавурыўся на дзёрзкі партрэт, потым на Багуславу, і зноў утаропіўся ў гаспадара.
– У нас ёсць заказ. Выязны. Папрацаваць у маёнтку Жухавічы, на паховінах. Заўтра трэба там быць.
Голас госця гучаў з незразумелым выклікам.
– Жухавічы? – Пан Ніхель здзіўлена прыўзняў бровы. – Калі не памыляюся, за трыццаць вёрст, у самай Волатавай пушчы, а калі ўлічыць, што нядаўна была залева, дарогі паплылі… Не думаю, маладыя людзі, што магу пагадзіцца на такую замову – не ў тым я ўзросце, а дачцы тым болей не пасуе мясіць восеньскую гразь і блукаць па лясах.
– І ўсё-ткі мы спадзяемся вас угаварыць! – дзёрзка заявіў шчуплейшы юнак. – Справа надта важная. Высакародная. Ды вы ганарыцца будзеце, што паўдзельнічаеце!
Аж чырвоныя плямы ад узрушэння на запалых шчоках загарэліся. Пан Ніхель зычліва ківаў галавой, як добры дзядзька перад малечай, якое прапануе яму пакаштаваць булку, злепленую з пяску.
– Вы чулі пра графаў Каганецкіх, Радаслава ды ягонага сына Антонія? Знакамітых калекцыянераў, у якіх унікальныя зборы старажытнасцяў? – спытаўся вышэйшы. – Колькі курганоў раскапалі, старых капішчаў… Колькі па вёсках папаездзілі, збіраючы так званыя вядзьмарскія кнігі! Пан Антоній рэшткі маёмасці спусціў, якія бацька ягоны, пачынальнік калекцыі, не паспеў у карты прайграць, затое з усяго свету нацягаў рэліквіяў, ад афрыканскіх бажкоў да егіпецкіх мумій. Кажуць, рарытэты неверагодныя!
Цёмныя вочы юнака загарэліся, як у шчанючка, перад носам якога прабегла смарагдавая яшчарка, такая яму спакусная, бо на зуб яшчэ не каштаваў. Другі госць тужліва падтрымаў:
– І нікога з навукоўцаў да сваёй калекцыі за ўсё жыццё ні бацька, ні сын не дапусцілі. Толькі са слоў рэдкіх сведкаў пра яе вядома. Доктар Боўнар, сваяк Каганецкіх, называе Жухавічы дасканалым музеем шатана.
– Але ж аматар эзатэрыкі пан Антоній даўно памёр, наколькі я чуў, – ветліва, але з належнай доляй сухасці прамовіў пан Ніхель. – А нядаўна памерла і ягоная ўдава пані Антаніна Каганецкая, згодна запавету мужа седзячы на той калекцыі, як сабака на сене! – барадаты кліент у нецярпенні ступіў наперад. – І ў бліжэйшыя два дні ў нас – адзіная магчымасць занатаваць для нашчадкаў хоць нешта! Прабачце, мы не прадставіліся. Я – Міхал Калоцкі, археолаг, магістрант Санкт-Пецярбургскай акадэміі…
– Давыд Масевіч, студэнт, будучы этнограф, – да вашых паслугаў! – пакланіўся шчуплы.
– Я працую над дысертацыяй па гісторыі Беларусі, – з выклікам заявіў Міхал. – Спрабую вярнуць гэтаму краю ўсё, што ў яго аднялі. Кожная рэч, якая дапаўняе нашу гісторыю, каштоўная!
Юнакі ўтаропіліся ў гаспадара, відавочна падрыхтаваўшыся абараняць свае ідэі.
– Што ж, я быў калісьці знаёмы з панам Аляксандрам Рыпінскім, маім калегам, які пасля няўдалага бунту быў змушаны жыць за мяжой і адкрыў у ваколіцах Лондана фотаатэлье па метадзе Дагера, – дабразычліва прамовіў Ніхель. – Апошнія свае гады ён жыў дзесьці пад Ліёзна, хадзіў па мужыцкіх вяселлях ды хрэсьбінах і запісваў старажытныя народныя песні. Кажуць, нават збіраў хрэстаматыю беларускай літаратуры. Але хто ж яе надрукуе…
Калоцкі, так і не вычуўшы належнай дозы іроніі, працягнуў:
– А тут такая катастрофа… – археолаг махнуў рукой, сціснутай у кулак, нібыта ўдарыў нябачнага ворага. – Спадчыннік Каганецкіх, чалавек, які ўсё жыццё цягаецца па нейкіх суматрах ды явах, прыехаў, каб пахаваць мачыху – і знішчыць бацькавы калекцыі! З блаславення, вядома, мясцовых святароў. Бязбожныя рэчы, ідалы…
– Цемрашалы! – з нянавісцю выгукнуў Давыд. – Мала ім таго, што столькі бясцэнных кніг з уніяцкіх кляштароў, абразоў мясцовай работы, прызнаных недастаткова праваслаўнымі, тут спалена!
Нешта надта госці шчырыя, гэтак лёгка раскрываюць свае нявернападданіцкае, сепаратысцкае нутро, – ляніва адзначыла Багута. Наіўныя? Ці ўладальнікі гэтага фотаатэлье чымсьці выклікалі іх давер? А вось гэта ўжо лішняе… Гэта ўжо нядобра…
– Пакуль спісаліся з тым спадчыннікам, графам Шымонам Каганецкім, пакуль атрымалі адказ – дазвол прыехаць і сфатаграфаваць экспанаты, тыдзень прамінуў! – горача працягваў Міхал Калоцкі.– Цяпер вы разумееце, чаму нельга марудзіць?
Пан Ніхель ні на каліва не страціў спакою.
– Думаю, на пахаванне вы ўсё адно безнадзейна спазніліся, і пані Каганецкая ўжо спачыла ў радавым склепе. Помніцца, я чытаў, што гетмана Радзівіла Рыбаньку хавалі цэлы год – забальзамавалі цела ды ладзілі хаўтуры на ўсё княства. Але не думаю, што паны з Волатавай пушчы замахваюцца на гэткія фараонавы звычаі. Што тычыцца дарагіх вашаму сэрцу экспанатаў… – пан Варакса нібыта ў роздуме падкруціў вусы. – Паважаю людзей, якія захопленыя сваёй справай. Але грандыёзныя ідэі дорага абыходзяцца, маладыя людзі. За звычайны выезд на пахаванне ці вяселле дзеля тузіну фотаздымкаў мы бяром не менш за трыццаць рублёў. А тут – справа для цэлай экспедыцыі, рахунак на сотні… Ведаю, што ў суседнім мястэчку адзін настаўнік мае апарат, калі вы прапануеце яму хаця б трыста рублёў…
– У нас ёсць трыццаць, – цвёрда гледзячы ў вочы пану Вараксу, прамовіў барадаты студэнт. – І больш дастаць няма дзе – мы спрабавалі, паверце. Нас з Давыдам у гэтым мястэчку ўважаюць за небяспечных дзівакоў. Нават Давыдавы сваякі, людзі заможныя, адмовіліся яму пазычыць! Забаранялі з Каганецкімі звязвацца… Каб быў час…
Фатограф камічна развёў рукамі: самі, маўляў, разумееце, панства, тады і размовы не варта весці. Сфатаграфаваныя красуні, выпускніцы мясцовай жаночай духоўнай вучэльні, пагардліва паглядалі з-пад ажурных брылаў капелюшоў на нахабных студэнтаў.
– І ўсё-ткі, я думаю, вы пагодзіцеся ехаць з намі, – прамовіў Калоцкі павольна, як ступаюць на тонкі лёд. – Вы не адмовіце нам, інакш… – Уздыхнуў, перазірнуўся с сябрам, наважваючыся, і сказаў, як з адхону скокнуў: – Інакш, прабачце, але паліцыя даведаецца, што вырабляецца ў лабараторыі гэтага атэлье і якія насамрэч выконваюць заказы вядомыя тэрарысты Ян Ранарыч і Багуслава Кленчыц.
Кацяняты на здымках ледзь не пахаваліся за пасярэбраныя рамачкі, таму што мізансцэна змянілася так хутка, быццам павярнуўся чароўны ліхтар. Багуслава стаяла за спінай археолага, трымаючы пад ягоным падбародзем вострае лязо стылету, а на шчуплага этнографа пазірала руля пісталету, які нібыта сам па сабе ўзнік у руцэ пана Вараксы. Студэнты, вядома, збялелі і спацелі, але не зварухнуліся.
– Гэта вам не дапаможа, – з ледзь заўважнай дрыготкай у голасе прамовіў Калоцкі. – Вы ж павінны разумець – мы не прыйшлі б з такой заявай да вас, не паклапаціўшыся пра сваю бяспеку.
– Ай-яй-яй, – дакорліва прамовіў Ніхель, ветласць якога цяпер, у спалучэнні з пісталетам, магла настрашыць. – Студэнты, вучоныя, прагрэсіўныя людзі – і даносчыкі, працуюць на паліцыю. Што скажуць у вашым асяродку, калі даведаюцца, што вы выкрылі рэвалюцыянераў, барацьбітоў з самадзяржаўем?
Госці апусцілі вочы, прызнаючы слушнасць заўвагі: слава агента паліцыі – не тое, чым можна ганарыцца ў ліберальна-інтэлігенцкіх колах, дастанецца такому лаяльнаму гарохавы вянок.
– Ну дык і не варта даводзіць да скрайнасцяў! – загаварыў Калоцкі, якому было страшэнна нязручна стаяць, задраўшы падбароддзе, а да шыі датыкаецца сталёвае джала – рука Багуты ніколі ў такіх выпадках не дрыжэла. – Падумайце, пан Ніхель! Навошта ўсё ўскладняць? Тры гадзіны на дарогу туды, столькі ж назад, дзень пафатаграфаваць – і ў разліку! Мы з Давыдам дамо слова гонару, што нікому пра вас не раскажам. З’едзем у Піцер – і зоймемся кожны сваёй справай.
Багуце надакучыла камедыя:
– А хто нам перашкодзіць забіць вас па дарозе ў тыя Жухавічы і знікнуць?
Пульхныя вусны магістранта-археолага ўздрыгнулі.
– Не думаю, што для вас ёсць сэнс з’язджаць да Калядаў, да таго, як адкрыюць дрэваапрацоўчы завод!
Багуслава прыціснула лязо шчыльней да шыі нахабы.
– Гэта ты пра што, мярзотнік?
Адказаў этнограф, якому нішто не ціснула на шыю, але голас гучаў здушана:
– Ну як жа, усе ведаюць, што на адкрыццё заводу прыедзе хтось з царскай сям’і, збярэцца ўсе начальства, арыстакратыя… Мы вырашылі, што вы невыпадкова атабарыліся ў гэтым мястэчку. Так што – дапамажыце нам, папрацуйце на навуку, і не прыдзецца ламаць уласныя планы.
Масевіч па-дзіцячы хлюпнуў носам і тут жа ганарыста задраў падбароддзе, пакрытае светлым пушком, каб не выглядала, што ён баіцца.
– Вы не адказалі на галоўнае пытанне – адкуль вы пра нас даведаліся?
Голасам Ніхеля можна было расколваць лёд. Археолаг зглытнуў, мімаволі касавурачыся вачыма за спіну, на магчымую сваю светлавокую смерць, і прахрыпеў:
– Выпадак. Я быў сведкам замаху на генерал-губернатара на Сянной. Паліцыянты хапалі ўсіх, хто быў у той час на вуліцы. Разам са мной вычапілі старога па мянушцы Ваўчура…
Пан Варакса апусціў пісталет.
– Балбатлівы недаробак той Ваўчура… Можаш схаваць нож, Багута.
– Між іншым, паліцыі ён не сказаў ні слова, – змрочна прамовіў археолаг, паціраючы шыю, на якой засталася заўважная драпіна. – Але я ніколі не забудуся, як стаім мы, заклаўшы рукі за галаву, у калідоры пастарунку, насамі да шэрай аблезлай сцяны, быццам створанай для таго, каб на яе пляваць, і я, раззлаваны ўшчэнт, шапчу, што правільна ўчынілі тэракт, абавязкова знайду тых герояў і да іх далучуся. Ваўчуру перасмыкнула, а пасля, калі мы апынуліся ў адной камеры, ён распавёў тое-сёе пра маіх герояў. І я зразумеў, які я дурань… Быў.
Калоцкі з выклікам паглядзеў на Вараксу. Багута пакрывіла бледныя вусны.
– Значыць, вы паразумнелі, а мы з Янам засталіся дурнямі?
– Ваўчура не казаў – дурныя… Ён казаў – пачвары.
Давыд у жаху стукнуў сябрука локцем у бок. Але пан Ніхель толькі расцягнуў вусны ва ўсмешцы, быццам яму падалі філіжанку кавы з вяршкамі.
– Як толькі нас не называюць, маладыя людзі. Мне больш падабаецца – інквізітары рэвалюцыі.
Багута скрывілася: яна не любіла пафас ілжэ-бацькі. Калоцкі таксама ледзь стрымаў скептычную ўсмешку.
Паўзу, даволі такі напружаную, парушыў вясёлы званочак: у атэлье сунулася жонка пана пісара, трымаючы на руках шчакастае немаўля ў каптуры, шчодра прыкрашаным карункамі і блакітнымі стужкамі. Пан Варакса схіліўся ў паклоне.
– Ах, як шкада, мая дарагая пані, што вы не прыйшлі трохі раней. Мы з дачкой мусім неадкладна ехаць на пахаванне. Самі разумееце – святая справа, пакінуць памяць аб нябожчыку несуцешным сваякам…
Што ж, зноў Варакса ўсё вырашыў сам. Падобна, студэнты перамаглі. Назаўсёды з’язджаць з гораду, дзе столькі сілаў укладзена ў падрыхтоўку тэракту, падводзіць усю арганізацыю, сапраўды было глупствам – пакуль ёсць хоць найменшая магчымасць усё здзейсніць.
Брычка, загадзя нанятая гасцямі, мусіла пад’ехаць праз гадзіну. Багуслава стамлёна прысела на плеценае крэсла, у якім перафатаграфаваўся не адзін тузін павятовых прыгажунь. Як абыдзецца Ніхель з непажаданымі сведкамі? Наколькі ведала Багута свайго настаўніка, той нічога не прабачаў і не забываў. Дзяўчына ўявіла два целы ў глухой лагчавіне, заваленыя галлём, і тужліва зацягнулася цыгарэтай, устаўленай у касцяны муштук. Але хіба яна можа асуджаць? Дваццаць хвілінаў таму фатографка была на валасіну ад таго, каб чыркануць стылетам па горле нахабнага юнака трохі мацней… Так, каб перарэзаць артэрыю. Чалавека ўвогуле можна забіць вельмі лёгка… Багуслава гэта ведала лепей, чым іншыя.
Так, пачвара. Вядома, пачвара…
Пра гэта ёй крычалі яшчэ дзяўчынкі ў пансіёне, у садзе, напоўненым водарам язміну і бэзу, на перапынку паміж арыфметыкай і Законам Божым. Яны штурхалі яе, шчыпалі – дачка катаржніка, здрадніка, паляка-фармазона, худая і бясколерная, як паганка. Такая і магла нарадзіцца толькі на атрутнай глебе сібірскай катаргі, выцягнутая адтуль нечай міласэрнасцю – усё-ткі дваранская кроў. Але не мела гэтая істота права знаходзіцца побач з будучымі палкоўніцамі і маёршамі… Дзяўчынкі ж заўсёды мараць пра вайскоўцаў, дужых, вусатых і ганарыстых, праўда?
Багуслава марыла толькі пра тое, каб яе пакінулі ў спакоі. І каб не чапалі адзінае, што засталося на памяць ад бацькоў, якія ляжаць у сібірскай зямлі, – срэбную пласцінку, дагератып з выявай адважнага прыгажуна ў канфедэратцы…
Вядома, партрэт бунтаўніка пансіянеркі і пастараліся адняць. Напэўна, каб ізноў пакараць хоць выяву даўно мёртвага злачынцы, як прынята ў дзікуноў і выключна вернападданых асобаў.
Багута не можа ўспомніць, як усё адбывалася. Хаця падзеі таго травеньскага дня дасюль пракручваліся ў памяці вядзьмарскім калаўротам. Проста яе шчуплае, але жылістае цела, звыклае да холаду і ўдараў, само ведала, што рабіць – імклівыя рухі яшчаркі, кідкі гадзюкі.
Магчыма, звычайныя хатнія дзяўчаткі разбегліся б адразу, сутыкнуўшыся с такім шалёным супрацівам, але тут вучыліся на казённы кошт сіроты, закінутыя атожылкі дваранскіх родаў, звыклыя да законаў зграі. Старонняга назіральніка здзівіла б, як білася Багута – з недзіцячай жорсткай развагай: найперш трэба заваліць вось гэтую зубастую, кірпаносую завадатарку з пукатымі вачыма і тоўстай русявай касой, укладзенай бублікам, астатнія адступяць. І з недзіцячай упэўненасцю, што калі не адбароніцца – заб’юць.
Зубастая таўсманая дзеўка захрыпела і павалілася на зямлю, вочы яе закаціліся.
– Забілі!
Вакол адразу апусцела, пацішэла… Да звону ў вушах пацішэла… А можа, гэта дзумкаюць пчолы, збіраючы дзівосны мёд кветак? І няхай карэнні кустоў, на якіх тыя кветкі ўзгадаваныя, усмакталі рэкі крыві і нечыстотаў, мёд будзе духмяны і салодкі.
– Вы, безумоўна, Багуслава Кленчыц! – Да маленькай забойцы, якая застыла на фоне квецені язміну і бэзу лялькай са зламанай спружынай, прыціскаючы да запэцканага крывёй калісьці белага фартуха дагератып, падыходзіў спадар у акуратным касцюме-тройцы, з такой ветлай усмешкай, нібыта знаходзіўся на дабрачынным кірмашы. – Ты малайчына. За свой гонар і за гонар такога бацькі, як твой, варта біцца!
Ён яе хваліць? Багута маўчала, насцярожана пазіраючы на незнаёмца. Няўжо ён увесь гэты час назіраў за бойкай? Чаму не ўмяшаўся? Але думкі блыталіся, бо краем вока бачылася тое, страшнае, што ляжала на траве… Дзіўна, але спадар пераступіў праз цела таўсманай пансіянеркі нязмушана, быццам цераз калоду, схіліўся да Багуты і загаварыў па-змоўніцку, упэўнена і амаль весела:
– Мяне завуць Ян Ранарыч, я быў добрым сябрам твайго бацькі, адважнага Марцыяна Кленчыца. Доўга шукаў цябе. І мяркую, што варта неадкладна адсюль забраць. Як ты думаеш, Багуслава?
Усё бліжэй чуліся крыкі… Дзяўчынка, з цяжкасцю пераадолеўшы здранцвенне, змагла толькі кіўнуць галавой, сціскаючы дагератып, аж краі балюча ўразаліся ў даланю.
Коні ў брычцы пана Яна былі хуткія і сытыя. Куды яны везлі? Якая розніца. Ад нечаканага апекуна пахла тытунем, дарагім адэкалонам і порахам.
Багута з маленства добра ведала пах пораху.
На начлег спыніліся толькі позна ўвечары, у прыдарожнай гасцёўні, прапахлай гарэлымі блінамі, кіслай капустай і гарэлкай. Першае, што сказаў пан Ранарыч дачцы свайго сябра, калі яны апынуліся сам-насам у пакоі, было:
– Ну вось, ты і пачала адлік сваёй помсты. З удалым пачаткам, панна Кленчыц!
І зноў усміхнуўся, добразычліва так, прыемна…
У яго такі талент – рабіць усё зразумелым, натуральным.
А Багуслава – каб магла тады крычаць, закрычала б, каб не адвучылі плакаць – плакала б… Але яна сапраўды была атручаным парасткам, пустазеллем, якое толькі выпадкова не выпалалі.
А яшчэ яна была прыроджаным забойцам.
Так сказаў пан Ян. Яму заставалася толькі адшліфаваць яе таленты і даць простыя і ясныя мэты. Высакародныя, а як жа. Што яшчэ можа ўтрымаць такіх, як яны, на мяжы вар’яцтва?
Інквізітары рэвалюцыі…
Няўжо і тым, сярэднявечным, інквізітарам у перапынках паміж прыступамі халоднай ятрасці ваяра і пякучага задавальнення, што зло пакаранае, было гэтак жа моташна ад саміх сябе? Гэтак жа расцякаўся ў грудзях халодны жах ад усведамлення – гэта назаўсёды, гэтая кроў на руках, як у Каіна, душа ў праказе смяротнага граху… Словы малітвы страшна вымавіць услых, бо вусны іх не вартыя… У царкве Багуслава дазваляла сабе стаць толькі ў прытворы. Яко мытар. Яко разбойнік. Душагубца. Хаця ў мэтах канспірацыі пан Ян патрабаваў, каб яны станавіліся наперадзе і выяўлялі іставую малітву. Выяўлялі, вядома, – не маліліся. Бо ў рэвалюцыянера адна вера – у змаганне. У тое, што ўсё, што яны робяць, урэшце прывядзе да чагосьці вялікага, светлага і справядлівага, нават калі ў тым светлым не будзе месца такім кроплям цемры, як яны.
Багуслава Ніхель. Багуслава Ніхто. Ці мог прыгожы юнак на дагератыпе апраўдаць яе?
Багуслава патушыла недапалак… У роце гарчыла, як ад палыновай настойкі. Фатографка часам шкадавала, што кінула ўжываць какаін, які на нейкі час даваў гарантаваную лёгкасць і ўпэўненасць. Але надта жахлівай падавалася пустэча, што непазбежна прыходзіла на месца лёгкасці. Надта не хацелася быць залежнай яшчэ ад чагосьці. Багута нагледзелася на людзей, у якіх трэсліся ад нецярплівасці рукі, калі яны даставалі з кішэні бляшаначкі з коксам. Экзальтаваныя паненкі, што нюхалі эфір – новая мода, якая, на шчасце, не дайшла да маленькіх мястэчак кшталту N – набывалі прыгожае сіняе адценне скуры і прыкметы старэчага маразму. Многія падсядалі на морфій… Асабліва пасля франка-прускай вайны – амаль усе жаўнеры вярнуліся з яе марфіністамі. Мала таго, што наркотык калолі параненым, і ўвогуле ад любой хваробы, але ўсе, ад навабранца да афіцэра, ужывалі атруту “для ўзняцця баявога духу”. Малады модны ўрач Зыгмунд Фройд настойліва раіў прапісваць морфій усім, бо сам зведаў ягонае “дабрадатнае” ўздзеянне, і быў уражаны, калі сусветны кансіліум калегаў вынес вердыкт аб шкоднасці “ўсемагутнага” рэчыва.
Што толькі не прыдумае чалавек, каб выйсці за межы сваёй вартай жалю, абрыдлай клеткі адчуванняў і асацыяцыяў, каб хоць трохі пабыць не сабой! Каб забыцца, што твой унутраны свет – усяго толькі пляцоўка вечнага змагання Бога і Звера.
Іх таварыш расказваў, як ягоны дзед неяк патрапіў на адну з тых “райскіх начэй”, якія ўчыняў у Вільні “кароль цынікаў”, былы палкоўнік канфедэратаў і расейскі шпіён Ігнацы Хацкевіч. Нараніцу прадзед пускаў сліну і плакаў, і яго давялося адправіць у маёнтак, дзе да канца жыцця яго карміла жонка з лыжачкі, а ён толькі енчыў, як хоча яшчэ хоць раз пабачыць дзівосы, што з’явіліся яму ў доме Хацкевіча ў дыме азіяцкіх зёлак.
Не, абыдзецца без дурману… Больш за ўсё Багута цаніла волю. Нават Ніхель гэта разумеў – і быў асцярожлівы, як з прыручаным леапардам.
А яшчэ чамусьці чапляла, што ў вачах гасцей, нахабных шантажыстаў і магчымых даносчыкаў, гэтых спешчаных юнакоў, бачылася пагарда, быццам на дне кубка з салодкім віном – мёртвы вусень, які не дажыў да крылаў.
Багута страсянула каротка стрыжанымі валасамі – яна фарбавала іх басмай у чорны, як крыло гругана, колер, і пайшла пакаваць сакваяж. Маёнтак у пушчанскіх нетрах – самае месца для крывавых таямніцаў. Трэба прыхапіць яшчэ адзін пісталет – той, з інкрустацыяй з зялёнага перламутру.