Читать книгу Дагератып - Людміла Рублеўская - Страница 4
Кніга ўнутранага кола
Раздзел другі. Спадкаемца маёнтка Жухавічы
ОглавлениеЖалезныя вароты, упрыгожаныя іржавымі ваўчынымі галовамі, рыпелі, як быццам упрошвалі не пускаць падазроных гасцей. Прыслужнік, смуглявы змрочны тып з перабітым носам, у белай кашулі і скураной камізэльцы, са звязанымі на патыліцы ў неахайны хвост валасамі, сам падобны да ваўка, прыслухвацца да скаргаў старога металу не збіраўся. Ён няспешна адчыніў па чарзе абедзве паловы варотаў і абыякава кіўнуў прыбылым, маўляў, праязджайце. І нават галавы ім услед не павярнуў.
Вядома, на што тут глядзець… Брычка, так заляпаная гразёю, быццам яе дасталі з балота, і гэтак жа ўгвэзаныя пасажыры – двое маладзёнаў, адзін у студэнцкім шынялі, другі ў кажушку і вышыванцы, і светлавокая паненка ў габардзінавым паліто і ваўнянай дарожнай спадніцы, на падоле якой можна ўжо было штосьці сеяць. Хіба што сівавалосы пан з акуратна падкручанымі вусамі, у акулярах і капелюшы з вялікімі брыламі выглядаў фацэтна, нягледзячы на тое, што па пояс таксама быў у гразі.
Што ж, усе калюгі пералічылі, усім вожыкам пра свой кепскі настрой смачнай лаянкай давялі, нягледзячы на прысутнасць дамы. Якая, папраўдзе, выказвалася ціха, скрозь зубы, але найбольш выразна. Восеньскія тутэйшыя дарогі нездарма лічыліся самымі горшымі гэтак жа, як лясы – самымі гонкімі. У мясцовых лясах спаконвеку займаліся “шмальцаваннем” – вырабам попелу. Лепшыя сосны ішлі на мачты, і лёс ім быў горда ўзвышацца над хвалямі далёкіх мораў. Нягеглыя ж дрэўцы мусілі стацца чорным бязважкім рэчывам, попелам, не для таго, каб антычныя прарочыцы пасыпалі ім галовы, а каб быць запакаваным у звычайныя бочкі і сплаўленым на віцінах на далёкія паўднёвыя рынкі, а потым угнаіць чужую глебу, на якой ніколі не вырасце карабельная сасна. Многія жыхары невялікага, але гордага горада N былі нашчадкамі тых шмальцароў, з перапэцканымі па-мурынску тварамі, з вялікімі шурпатымі далонямі, у якія назаўсёды ўелася смала, што не паспела стаць бурштынам.
Не бракавала тут калісь і паляўнічых… Вадзіліся магутныя туры і лемпарды… Але ўжо ў XVI стагоддзі ўладальнік гэтых мясцін Крыштаф Радзівіл пісаў да Канстанціна Астрожскага, упрошваючы здабыць яму ў ягоных падапечных, маладых князёў Сапегаў, лемпарда дзеля звярынца. Бо ільва Крыштаф знайшоў, прывезлі з-за мора, а лемпардаў тутэйшых усіх выбілі.
Не дзіва – што можа лепей упрыгожыць драгуна ці крылатага гусара, чым зухавата перакінутая цераз плячо залацістая скура ў чорныя плямы!
Каго толькі не выбілі ў тутэйшых нетрах. Феніксаў, адзінарогаў, паўстанцаў… Даўно сцежкі гэтага лесу не тапталі ні туры, ні лемпарды. Дый мядзведзя, звыклага ліцвінскага тулягу, было сустрэць няпроста. Што з важным выглядам і паведаміў Багуславе археолаг-магістрант Міхал Калоцкі – ясна, з падтэкстам, каб супакоіць паненку наконт нападу звяроў. Багуслава тут жа халодна выказала шкадаванне, што не будзе ёй на кім практыкавацца ў кіданні стылету… Ну і крутанула ў пальцах маланкава выхапленае з рукава лязо, каб кола срэбнае ў паветры ўтварылася. Дзіцячы такі выпад… Надта ж захацелася нагадаць правільнаму юнаку, з кім звязаўся, а то ён нібы вызначыцца не можа, ці драпежная пачвара, ці эксцэнтрычная, але прывабная дама з імі едзе.
Калі шчыра, дык Багута зусім не так вольна пачувалася ў лесе – было ўладанне лесуноў для яе стыхіяй варожай і незнаёмай. Як пакінула пансіён – так усё па гарадах ды мястэчках і бадзялася з Ніхелем. Мінулае ўяўлялася шэрагам пракураных пакояў у прыдарожных гатэлях ды здымнымі кватэрамі з паркалёвымі шпалерамі і забытай кімсьці на трумо сетачкай для набрыяліненых валасоў. А сібірская тайга з успамінаў дзяцінства – гэта кшталту заснежанага пекла, дзе знікаюць збеглыя ссыльныя, толькі аб’едзеныя ваўкамі іхнія косткі знаходзяць па вясне.
А тут яшчэ шчуплы Давыд ускочыў на родны ўслончык ды пачаў расказваць сваё, этналагічнае. Маўляў, звяры ў лесе вакол Жухавіч зніклі таму, што тут, паводле пераканання мясцовых жыхароў, водзяцца ваўкалакі. Выдаў цэлы тузін баек пра пярэваратняў, запісаных ім асабіста ад гаваркіх бабулек ды дзядуляў. У жахалках фігуравалі зачараваныя пасы, што рассцілалі на шляху таго, каго задумалі гвалтам ператварыць у звера, і такія ж зачараваныя нажы, колькасцю ад пяці да дванаццаці, цераз якія ўжо самому ваўкалаку трэба перакульвацца, каб вярнуць чалавечае аблічча. Свісталі пазначаныя крыжам срэбныя кулі, разляталася на друз выбітае дужым звярыным целам вакно ў царкве – уздумалася ж камусь завалачы туды няшчаснага пярэваратня… Тут жа Давыд – ажно запалыя шчокі гарэлі румянкам – параўноўваў усё з замежнымі міфамі, напрыклад, што згодна сербскаму Намаканону па спісе1262 года «Влькодлаци лоуноу изедоше или слнце», што значыць, з’ядаюць месяц і сонца, а гэта дазваляе правесці паралель з салярным міфам і супаставіць ваўкалака як архетып з цмокам… У Старым Запавеце Іерэмія казаў пра “ваўка пустэльнага”, а Навухаданосар за грахі свае стаў напалову зверам. Адны з ікластых істотаў-двудушцаў мусілі заставацца ў скуры, пакуль не здымуць з іх праклён, іншыя пакрываліся поўсцю час ад часу. Было і мноства рэцэптаў, як пазнаць зачараванага. Зверам ён спрабуе падсмажыць мяса на вогнішчы, забытым пастухамі, возіць пысай па расістай траве – мыецца, тужліва вые на ўсход – моліцца, заўсёды самотны, а калі яго забіць і садраць скуру – пад ёй апынецца сатлелае чалавечае адзенне… Калі ж вяртаецца ў чалавечае аблічча, фізіяномія застаецца перакрыўленая, срэбра баіцца, пад поўню не выходзіць, і пах ад яго агідны… Яшчэ адна асаблівасць мясцовых ваўкалакаў – яны асабліва не любілі чужынцаў-нападнікаў. Прыйшлі шведы – ваўкалакі пагрызлі цэлы гарнізон. Татары лагер разбілі – таксама ноччу горлы ім параздзірала пачвара. Маскоўскае войска прыйшло да муроў мястэчка – маскоўцаў звер пагрыз. Французы заявіліся – таксама перапала ад ікластых… Давыд Масевіч тлумачыў тое архетыповай функцыяй татэму, абаронцы роду, якім у мясцовых неадменна з’яўляўся воўк, што пацверджваюць не толькі хронікі Герадота, але і некаторыя гербы мясцовай шляхты…
Карацей, як штурхнуў матавіла, дык да Вільні круціла.
Лес чорны, дарога гразкая, а там, дзе лес на нейкі час адступіў далей, і на змену гонкім соснам выкульгвалі скалечаныя, скурчаныя асіны, было яшчэ горш – балота. Шлях ператвараўся ў грэблю – па абодва бакі была дрыгва, над якой калісьці наслалі целы тых жа соснаў і прысыпалі зверху зямлёй. Па балатах Багуце ўвогуле ні разу не даводзілася вандраваць, за што яна была шчыра ўдзячная лёсу.
Дзякуй Богу, даехалі да Жухавіч засветла.
Таму што ў цемры было б яшчэ больш жудка… Глухі лес вакол, агароджа з ваўчынымі галовамі, якія шчэрацца з іржавых прэнтаў. У канцы прысадаў цямнее панскі дом з шэрага каменю, сіратліва свеціцца ўжо запалены самотны агеньчык ліхтара. Добра хоць, нехта з уладароў загадаў заміж соснаў пасадзіць уздоўж прысадаў ліпы – але гэтыя дрэвы, такія звычайна ветлыя, тут выглядалі, як згалелыя да рыззя старыя купчыхі. Яны ў адчаі цягнулі да неба рукі з лахманамі апошняй брунатнай восеньскай лістоты, якая ўжо і не памятае, што была залатой.
Калоцкі, які спраўляўся за фурмана, нацягнуў лейцы, утаропіўшыся з жахам і захапленнем на тое, што ўзвышалася злева паміж чорных целаў ліп. Багута недаўменна зірнула: на рудой траве ляжала некалькі вялізных камянёў, усцягнутых адзін на адзін, быццам волатава дзіця замест снежнай бабы ляпіла каменную. Збудаванне і сапраўды нагадвала жаночую фігуру: у верхнім камяні паўсляпыя страшныя выёміны-вочы, кірпаты нос, расселіна-рот, ніжэйшы камень раздвойваўся, як грудзі… Падобна, гэта быў старажытны стод, аб чым і перакідваліся вучонымі тэрмінамі студэнты.
– Глядзі, там далей, злева, Хорс! Далібог, выява Хорса! – Давыд саскочыў з брычкі і, паперхваючы, пашкандыбаў да чарговага рарытэту, на гэты раз драўлянага – пачарнелы патрэсканы слуп з падабенствам конскай морды наверсе. Міхал Калоцкі, кусаючы ад нецярпення пульхныя вусны, падагнаў за сябруком гнядога каня, цярплівага і панылага, якім толькі і можа быць бяспраўны найміт, што бясконца мяняе часовых гаспадароў. Студэнты разглядалі злавесны слуп, быццам наведнікі Мулен Руж красуньку, якая танцуе канкан. Як жа нязручна мець справу з энтузіястамі!
За спінай апошні раз бразнулі вароты. Багута азірнулася: слуга, старанна зачыніўшы ўсе засаўкі, ішоў пругкай размашыстай хадой, трохі пакульгваючы, услед за гасцямі, а за спінай яго – далібог – тырчэла стрэльба… Дзяўчына абмянялася позіркам з Ніхелем: спрактыкаваны стары ваяр таксама заўважыў патэнцыйную небяспеку. Такое правіла: у любым месцы, самым сяброўскім, прыкмячай, хто можа табе стаць супернікам у бойцы.
Вецер кінуў у твары па прыгаршчы халодных кропляў, Ніхель прыспешыў Калоцкага, той прыспешыў каня, і дом з век непатрэбнымі рэвалюцыйнай справе скарбамі пачаў набліжацца. Багуце карцела выхапіць у медзведзяватага Калоцкага лейцы, развярнуць брычку ды намётам – назад, да брукаваных вулак, пякарняў ды свежых газетаў.
Зноў сыпануў дробны дожджык, ад якога хацелася адмахнуцца, як ад машкаты. Дом быў выкладзены так званай разынкавай кладкай: паміж шэрых камянёў у расчынні цямнелі дробныя каменьчыкі, як разынкі. Вузкія вокны з аблезлымі драўлянымі рамамі, калісьці фарбаванымі ў белы колер, зялёна-шэрая, як спіна пракаветнай чарапахі, чарапіца на даху і навесе над ганкам, які абапіраўся на дзве нязграбныя калоны. Над уваходам мацаваўся высечаны з мармуру герб: падзеленае на дзве часткі поле шчыта, у левай частцы – рука ў рыцарскай пальчатцы трымае меч, у правай – прадказальна – ашчэраная ваўчыная пыса са смешна высалапленым языком, быццам геральдычны звер падрыхтаваўся лізаць цукровага пеўніка на палачцы.
Змяшанае з апошнімі промнямі дня святло ліхтара, павешанага на жалезны крук злева ад дзвярэй, нагадвала, што вось-вось сцямнее. Другі такі ж ліхтар свяціўся на доўгай прыбудове злева ад дома – стайні былі разлічаныя на некалькі дзясяткаў коней. Але ў рудой траве і гразі малавата слядоў калёс і капытоў. Ніхто не спяшаўся і сустракаць прыезджых, якія разгублена тапталіся перад ганкам, дом здаваўся мёртвым, бы леташняя павута.
Між тым наблізіўся кульгавы слуга, які ўпускаў прыхадняў у маёнтак. Пры больш пільным паглядзе ён нагадваў не лёкая, а ляснічага: абветраны смуглявы твар, якому ўмяціна злева на пераноссі дадае ваяўнічасці, хада і пастава чалавека, што часта вандруе пешкі і звык да небяспекі.
– Коней можаце паставіць у стайню, там, дзе гарыць ліхтар, – уладна заявіў смуглявы, няўважна махнуўшы рукой. – Спадзяюся, паны справяцца з гэтым. Рэчы таксама давядзецца занесці ў дом самім, – цяпер у голасе гучала амаль непрыхаваная здзеклівасць. – Прыслугі, перапрашаю, няма.
Міхал Калоцкі, як правадыр фатаграфічна-этнаграфічай экспедыцыі, ступіў наперад:
– А ці ёсць пан Шымон Каганецкі? Ён сам запрасіў нас!
Незвычайна светлыя на смуглявым твары шэрыя вочы раздражнёна збліснулі:
– Запрашаў? Правільней сказаць, дазволіў прыехаць. І не магу прызнацца, што надта гэтаму рады.
Вось табе маеш чорта ў буслянцы. Пан Варакса Ніхель ветліва пакланіўся, перахапіўшы ролю правадыра кампаніі ў Калоцкага:
– Трэба разумець, маем гонар бачыць перад сабой графа Шымона Антонавіча Каганецкага?
Гаспадар не зварухнуўся.
– Не ведаю, у чым вы бачыце гонар, але так, я граф Шымон Каганецкі. Спадзяюся, наша знаёмства будзе максімальна неабцяжарваючым для абодвух бакоў і нядоўгім. Калі б вы, пан Калоцкі, – гаспадар беспамылкова кінуў востры позірк на археолага, – не спаслаліся на аўтарытэт вельмі паважанага мною прафесара Заменцкага, я б адмовіў адразу. Скажу шчыра – мне не да вас. І, спадзяюся, умову маю памятаеце: ніякіх кранальных размоваў пра мае намеры, святую навуку і цемрашальства. І нікуды не заходзіць без майго дазволу. Інакш выганю.
Каганецкі сказаў гэта так, што не падлягала сумневу: як што ўпоперак – павыкідвае за браму з ваўчынымі пысамі адзін усіх, нават плячыстага Калоцкага. Праўда, пасміхнулася пра сябе Багута, гэты хамаваты графчык не падазрае, што гадзюкаў, такіх, як яна з Ніхелем, нельга чапаць нават за хвост. Пан Варакса зноў ветліва пакланіўся:
– Разумею вас як найлепей, літасцівы пан. Дазвольце прадставіцца: Варакса Ніхель, а гэта мая дачка Багуслава Ніхель. Мы – фатографы, нас нанялі гэтыя маладыя людзі за плату, ад якой мы не можам дазволіць сабе адмовіцца…
Багута ледзь чутна хмыкнула. Маніць, як шоўкам шые.
– Запэўніваю, мы зацікаўленыя зрабіць сваю справу як найхутчэй, і без усялякіх непрыемнасцяў… для абодвух бакоў, – Ніхель ліў словы алеем на аладкі.
Граф на гэты раз пакланіўся ў адказ, нібыта прызнаючы, што перад ім найменш вінаваты, гэткая нейтральная дзяржава:
– Што ж, заўтра ў вас будзе адзін дзень. Пасля вы павінны з’ехаць.
І рушыў у дом, кінуўшы цераз плячо:
– Пакоі займайце на першым паверсе ў левым крыле, якія хочаце. Прынамсі, там працеплена.
Калі граф ужо адчыняў дзверы, Давыд, ледзь стрымліваючы абурэнне, выгукнуў:
– Дык ці няможна запрасіць хоць якую прыслугу назаўтра! З намі ж паненка…
Шымон азірнуўся цераз плячо, ягоны профіль нагадваў бы, напэўна, італійцаў, каб не пашкоджаны нос, і паўтарыў на гэты раз проста стамлёна:
– Прыслугі няма. І не будзе. Пакуль я тут, у гэты маёнтак не прыйдзе ніхто з мясцовых.
– Вас так баяцца? – падала голас Багута.
– І баяцца, і ненавідзяць, – неяк дужа спакойна прамовіў граф. – Так што і вам не раю, пакуль гасцюеце ў мяне, выходзіць за агароджу маёнтка.
– Ого! – не вытрымаў Давыд, – Проста абложнае становішча… Чаму ж вы хоць сабакаў не прыхапілі?
– Не люблю сабак, – кінуў Каганецкі і зайшоў у радавы дом.
На дзвярах, за якімі схавалася ягоная пругкая ўпэўненая пастава, выразна бачыліся сляды ад куль. Светлая драўніна ў выбоінах яшчэ не паспела пацямнець і нават набракнуць вільгаццю.
Ужо ў ложку, такім вялізным, быццам у ім павінны былі займацца каханнем Брунгільда ды Зігфрыд, Багуслава ўспомніла, што падалося ёй у тоне кульгавага графа такім знаёмым: агіда. Агіда і нянавісць, скіраваныя да сябе. Але з чаго б гэтаму эксцэнтрычнаму багацею сабой пагарджаць? “Проста ва ўсім бачу цені ўласных хімераў”, – сумна вырашыла Багута і правалілася ў сон, цёмны і непрыемны, як сутарэнне са смаўжамі.
Абуджэнне было не менш дзіўным, чым усё навокал, і гэткім жа спалошным: нібыта проста над вухам ударыў звон, завібрыравала паветра, як паверхня вады, закалацілася сэрца…
Вось жа і адвучыла сябе баяцца – а сэрца ўсё роўна не слухаецца, калоціцца, тузаецца, як жабяня ў гарачай вадзе.
Металёвы звон яшчэ раз запоўніў сабой прастору… Што за выбрыкі? Багута, блытаючыся ў рукавах і гузіках, апранулася. Учора, ушчэнт змучаная, пры цьмяным святле адзінай вылучанай ёй свечкі, яна не паспела асабліва разгледзецца. Цяпер позірк спрактыкавана слізгаў, ацэньваючы абстаноўку: калі што, з вакна выскачыць будзе цяжка, рамы тоўстыя, зачыненыя наглуха, мусіць, ужо невядома колькі гадоў. Акрамя ложка на драўляных слупах-калонах у пакоі толькі шафа, грунтоўная, як у купцоў, з упрыгожванняў – парцьеры з букецікамі незабудак на ружовым фоне ды забытая парцалянавая пастушка з баранчыкам на стабурку. Та-ак, ні табе ваўчыных галоваў, ні паганскіх стодаў… Падобна, у гэтым крыле месціліся пакоі для прыслугі, вось якаясь пакаёўка альбо кухарка і стварала свой маленькі свет з кветачкамі ды авечачкамі пасярод панскага вар’яцтва.
Зноў ударыў звон, ці гонг? З суседняга пакою ўжо выходзіў Ніхель, фацэтны, як заўсёды, а ў канцы нецікава пустога калідору з абцягнутымі блякла-юлёвай тканінай сценамі чуліся санлівыя галасы студэнтаў – тыя быццам сунуліся на нелюбімую лекцыю.
Варакса шэптам нагадаў злоснай, як сагнаная з кветкі пчала, Багуце быць цярплівай “добрай дзяўчынкай”.
Добрыя дзяўчынкі ляжаць з перабітымі пазванкамі ў траве, і ў іх косах смела поўзаюць мурашкі.
Гэта сапраўды аказаўся гонг! Загарэлы па-плебейску граф са здзеклівай усмешкай, падганяючы прыпозненых на сняданак гасцей, наастачу ўдарыў у вялізны бронзавы дыск, упрыгожаны іерогліфамі, і той загайдаўся, завыў, падвешаны на спецыяльнай раме, як бы яго катавалі. Мусіць, з якога Тыбету прывезена.
Але нічога сабе сталоўня… Здавалася, яны апынуліся ў іншым доме. Хаця што тут дзіўнага: слугі жывуць сабе, паны сабе, не разумеючы, высмейваючы адно аднаго…
А гэтае памяшканне, нягледзячы на даўжэзны стол, здавалася, выраблены з аднаго гіганцкага бервяна, хутчэй нагадвае майстэрню дужа багемнага скульптара. Калісьці Багуслава з Ніхелем хаваліся з тыдзень у такой у Піцеры, калі шпегі выйшлі на іх след. Там таксама ўзвышаліся захутаныя ў мятыя палотны таямнічыя фігуры, проста на падлозе грувасціліся стосы кніг і кучы незразумелых артэфактаў.
Праўда, артэфакты тут нейкія недарэчныя. Вунь патрэсканы хамут, які, мусіць, цягала звычайная мужыцкая кабылка, а там – чалавечы чэрап, калісьці пераўтвораны ў кубак – і, відаць, досыць даўно. Срэбная аправа зусім счарнела, устаўленыя ў яе каменьчыкі пагубляліся, над пустымі месцамі тапырацца бездапаможна расціснутыя кіпцюры мацаванняў, быццам драпежная птушка ўпусціла здабычу. Бязвокае і бяззубае чучала маленькага кракадзіла, брунатнае ад узросту, падпаўзло пад плецены бок кошыка з батлеечнымі лялькамі – Багуслава не раз назірала прадстаўленні батлейкі на кірмашовым пляцы горада N, гэта было зусім не падобна на расейскіх балаганных Пятрушак. Цьмяна пабліскваюць шэрагі закаркаваных пыльных слоікаў і бутэлечак з каляровага шкла, у якіх плавае нешта цёмнае. Ці не дарэмна ірваліся сюды студэнты? Нешта не відаць вялікіх мастацкіх каштоўнасцяў.
– Харчаванне будзе паходнае, – адрывіста патлумачыў граф, які накінуў паўзверх кашулі і камізэлькі кароткую куртку са светлай замшы, што не дужа надало яму арыстакратычнасці. – Кіпень ёсць, гарбату і каву заварвайце на свой густ, вяндліну і хлеб нарэзаць не праблема…
Прынамсі, не заявіў, што раз кабета ёсць, дык і сняданак на яе сумленні. Праўда, вяндліну Багуслава сапраўды нарэзала сама – на амаль празрыстыя раўнюткія лустачкі, толькі нож мільгаў… Трэба ж было мець падставу шматзначна прамовіць: “Прынамсі, мяса я рэзаць умею”, каб паглядзець, як перасмыкне Калоцкага ды Масевіча, выдатна расчуўшых дваісты сэнс. Шчуплы этнограф – Багута падазравала, што ў хлапца канкрэтныя сухоты – запарыў гарбаты ў вялікіх кубках з дрэздэнскай парцалянавай фабрыкі, упрыгожаных кветкавымі арнаментамі. Калоцкі выявіў абыякавасць да гаспадарчых клопатаў, але памацаў шэрую каменную пліту, на якой свяціўся жоўтымі бакамі расейскі самавар, і заявіў, што на камені ўгледжвае рэшткі малюскаў даяцэнскага перыяду, так званыя “манеты фараонаў”, таму вельмі падобна, што камень прывезены з Егіпту. Граф пацвердзіў: дзед і бацька нацягалі ў дом дастаткова егіпецкіх рэчаў, мода была такая… Егіпецкая цывілізацыя ўяўлялася цэнтрам таемнай мудрасці, ключом да незямных сакрэтаў.
– Да сусветнага духу жадалі далучыцца? – з лёгкай насмешкай прамовіў Калоцкі, пасёрбваючы гарбату. Пан Шымон, які ўладкаваўся на зэдліку з лустай хлеба ды кубкам падалей ад кампаніі, спакойна адказаў:
– Калі юны Гегель пабачыў, як у ягоны родны горад заязджае Напалеон на белым кані, то быў упэўнены, што гэта і ёсць Сусветны дух. Калі павіяны бачаць усход сонца, яны ўздымаюць лапы і захоплена равуць. З’явы аднаго парадку.
Калоцкі раскалыхаўся, як брацкі звон:
– Вы хочаце сказаць, што ўсе высокія памкненні чалавечага духу…
– Усяго толькі жывёльны інстынкт, замаскаваны свядомаснымі канструкцыямі, бо чалавек ніколі не прызнае, што ён не разумнейшы і не маральнейшы ад жывёлы.
Вось табе і спадчыннік Жухавіч… Дзікунскае аблічча і вучоныя прамовы. Хаця чаму “дзікунскае”? Шляхетныя продкі, якія большую частку жыцця – бо жылі тады нядоўга – праводзілі ў ваенных паходах, таксама не выглядалі спешчанымі, іх твары – гетманаў, князёў, магнатаў, таксама былі абветранымі, у шнарах, плечы шырокімі, каб трымаць цяжкія латы, а рукі дужымі, звыклымі да зброі.
– Пан мае на ўвазе так званае “быдла”? – нейтральна папытаўся Ніхель. – Мужыкоў, якіх вашыя продкі трактавалі як хатнюю жывёлу і з чыёй працы жылі і набывалі егіпецкія камяні?
Багута вырашыла, што Ніхель толькі што папоўніў спіс дэспатаў, вартых знішчэння, жухавіцкім гаспадаром. Але пан Шымон толькі стамлёна пакрывіўся:
– Ну навошта так спрашчаць? Я заолаг. Бачу сутнасць, прыроду, а не абалонку. Для мяне людзі не дзеляцца на арыстакратаў і плебс. Хіба што з Сакратам пагаджуся, які падзяляў усіх на залатое, срэбнае, жалезнае і глінянае саслоўе, але не па паходжанні, а па здольнасцях – у сям’і “срэбнага” чыноўніка можа нарадзіцца “гліняны” някемнік, здольны толькі араць зямлю, а ў шаўца – “срэбны” вайскаводца. Насамрэч людзі – усяго толькі адзін з жывёльных відаў, як ваўкі альбо пацукі. Сацыяльныя адрозненні – гэта загана цывілізацыі.
– Даволі… прагрэсіўныя пагляды для нашчадка графскага роду, – працягнуў Ніхель, цяпер ужо з цікаўнасцю ўглядаючыся ў Каганецкага. Граф піў гарбату з парцалянавага кубка, як на дыпламатычным прыёме. З манерамі і этыкетам у яго, напэўна, пры неабходнасці праблем не мелася.
– Той, хто добра ведае звяроў, не можа быць высокай думкі пра чалавека. Усё, чым чалавецтва ганарыцца, спаконвеку існуе і ў чатырохлапых, крылатых ды хвастатых. Мастацтва, каханне, здольнасць ахвяраваць сабой дзеля бліжніх, любоў да дзяцей, павага да старых…
– Вы перабольшваеце, пан Шымон! – запярэчыў Давыд Масевіч, ледзь не выраніўшы сваю канапку. – Вы прыніжаеце чалавечы розум і пачуццё прыгожага! Дзе вы бачылі ў звяроў мастацтва?
Каганецкі акуратна паставіў на егіпецкі камень, побач з самаварам, недапіты кубак, пара над ім таньчыла, як празрыста-срэбныя змейкі.
– А вы бачылі, якія мазаікі выкладвае для сваёй самкі птушка-буданчык? З рознакаляровых каменьчыкаў, ягад, кветак… Мастак не здольны на такую фантазію. Вам нагадаць пра птушыныя спевы, якія беспаспяхова пераймаюць на сцэнах оперных тэатраў? Запэўніваю вас, вайсковы строй павіянаў альбо мурашоў зладжаны па ўсіх правілах ваеннай навукі. Звычайная пчала, вяртаючыся ў вулей, выконвае перад супляменнікамі складаны танец, у якім распавядае, дзе і на якой адлегласці ёсць меданосныя кветкі. Адзін мой калега пралічыў, што ў пчол розных месцаў зямлі свае дыялекты, і адзін і той жа элемент танцу ў нямецкай пчалы азначае 75 метраў, у італьянскай – 25 метраў, а ў егіпецкай – пяць.
Калоцкі і Масевіч не вытрымалі і дружна фыркнулі, граф, на дзіва, таксама ўсміхнуўся.
– Так, вучоных-энтузіястаў часта “заносіць”, думаю, вам гэта вядома на ўласным прыкладзе. Вучань Дарвіна Джордж Раманес, я з ім быў аднойчы ў экспедыцыі, напісаў кнігу “Розум жывёлаў”, у якой так ухваліў інтэлектуальную дзейнасць малпаў, варонаў ды іншых жывых істотаў, што хоць зараз стварай для іх універсітэты. Але я і сам бачыў, як грыф кідае з вышыні камень на гняздо страуса, каб разбіць яйка, а галапагоскі дзятлавы ўюрок дастае жамяру з трэшчынаў з дапамогай кактусавай калючкі. Вось вам працоўныя інструменты… Творчасць? Падчас экспедыцыі па Танзаніі ў нас знікла пустая бляшаная бочачка з-пад вады. Назаўтра мы пачулі ў джунглях, дзе не мелася згодна карце ніякіх паселішчаў, барабанны бой. Рушылі асцярожна туды… І пабачылі, як малады шымпанзэ, страшэнна горды сабой, выбівае рытм на нашай бочачцы, а супляменнікі захоплена яго слухаюць, пакрыкваючы ды пляскаючы ў ладкі. Чым не канцэрт Ігнацыя Падэрэўскага?
– Выбачайце, але чалавек мае маральнасць! – абурана выгукнуў Масевіч, адарваўшыся ад хлеба з сырам. Граф счапіў тонкія пальцы, як на лекцыі, і насмешна прымружыў вочы.
– Та-ак, ну, давайце зірнем на мараль… Дэльфіны падымаюць хворага таварыша да паверхні вады, каб даць удыхнуць паветра. А вы наведвалі калі-небудзь звычайную гарадскую багадзельню, дзе дажываюць свой век інваліды, гніючы зажыва? А хто з людзей можа пахваліцца такой любоўю да радзімы, як бусел, які пралятае тысячы вёрстаў, каб вярнуцца на нашыя балаты, такой вернасцю, як сабака, такім каханнем, як лебедзь? Звяры мудрэй за чалавека, бо толькі двухногія могуць гэтак бязлітасна знішчаць адно аднаго, быццам іх мэта – звесці ўласны род. Леў можа з аднаго кідка вырваць бок буйвалу. Але калі б’ецца з супольнікам за тэрыторыю альбо самку, ніколі не пусціць на поўную моц іклы і кіпцюры. У звяроў ёсць абмежаванне на сваю зброю, калі б’юцца з прадстаўніком уласнага віду. Толькі чалавек такога абмежавання не мае! Праўда, дадзеная яму ад прыроды зброя вартая жалю: пазногці крохкія, зубы тупыя… Але чалавек надзвычай вынаходлівы ў прыстасаваннях для больш зручнага забойства падобных да сябе.
– Вы не дужа любіце людзей? – спытала-сцвердзіла Багута, вывучаючы смуглявы твар, занадта нервовы для мізантропа. Граф перавёў на адзіную ў кампаніі кабету спакойны позірк шэрых вачэй.
– Той, хто кажа, што любіць дарагое наша чалавецтва цалкам, ці ілгун, ці сам сабе тлуміць галаву. Любіць можна таго, каго ведаеш, і ў абмежаванай колькасці асобінаў. Я сустракаў людзей, вартых любові і павагі. Няшмат, але мне досыць. І асабліва не люблю тых, хто спрабуе згаданае чалавецтва перавыхаваць, перарабіць на свой густ і, зразумела, ашчаслівіць. Як сведчыць гісторыя, агульнае шчасце такія дабрадзеі заліваюць чалавецтву ў глотку гвалтам, як расплаўлены свінец, і эпоху доўга ванітуе крывёй.
– Вы не верыце, што можна выправіць сацыяльную несправядлівасць? – Ніхель перастаў ветла ўсміхацца, шкельцы ў ягоных акулярах нібыта пацямнелі.
– Ну чаму ж, веру, нават чарнаскурых рабоў вызвалілі ад рабства, – прагаварыў Каганецкі. – Але любая высакародная справа прыцягвае зашмат паразітаў, якія высмакчуць урэшце яе сутнасць. Вось, адзін з экспанатаў сямейнага музею…
Граф падышоў да шафы з чорнага разнога дрэва, падобнай да труны, адчыніў шуфляду, якая жаласна зарыпела, і дастаў бясформны срэбны злітак памерам з два кулакі. Нават археолаг Калоцкі не змог вызначыць, што гэта было.
– Мой дзед вучыўся ў Віленскім шляхецкім інстытуце, – змрочна пачаў апавядаць граф. – Ён, як і многія студэнты, увайшоў у таемнае таварыства філарэтаў. У нармальным грамадстве мэты такога ўтварэння былі б толькі ўхваленыя: прысвяціць жыццё асветніцтву народа, збіраць ягоны фальклор, набываць веды. Весці цвярозы лад жыцця… Але тыраны заўсёды лічаць, што няхай лепей малады чалавек будзе блытацца па тлумных вечарынках з віном, паскуднымі песенькамі і дурнымі гульнямі ў фанты, чым стане развітай асобай, якой не загадаеш думаць так альбо іначай. Сяброў таварыства выкрылі, быў ганебны працэс з неадпаведна жорсткім следствам і прысудамі. Сенатар Навасільцаў раздзімаў справу, як мог, ператварыў падлеткаў у вачах царскага двара ў нейкіх усемагутных монстраў, чым зрабіў сабе кар’еру. Усе юнакі трымаліся годна, і падчас доўгіх катаванняў, і на судзе… А іхнія каты і даносчыкі, адпаведна, павагай не карысталіся.
Каганецкі правёў пальцам па пашкоджаным носе – Багута падумала, што ён, напэўна, увесь час памятае пра сваё калецтва, – і працягваў:
– Адным з самых непаважаных у Вільні стаў прафесар Аўгуст Бекю, выдатны фізіёлаг і гігіеніст, які першым пачаў рабіць на гэтых землях прывіўкі ад воспы, але вось – вырашыў, што ягоны абавязак змагацца з “адмарозкамі”, якія разгойдваюць сістэму. Ён дапамагаў Навасільцаву вынішчаць парасткі бунту… І ў хуткім часе пасля суда над філаматамі – катарга, высылка, здача ў салдаты – яго, па перакананнях віленчукоў, напаткаў Божы суд. Аўгуста Бекю забіла маланка проста ў ягонай спальні. А срэбныя манеты, якія ён нібыта атрымаў ад Навасільцава за сваю здраду і хаваў пад матрацам, сплавіліся вось у гэты злітак…
Калоцкі, які ў гэты момант трымаў у руках загадкавы прадмет, грэбліва кінуў яго на стол, ажно дзынькнулі лыжкі ў кубках.
– І як жа гэта апынулася ў вашым доме?
– Дакладна не ведаю, – змрочна адказаў пан Шымон. – Мусіць, спадчыннікі Бекю не надта гарэлі жаданнем трымаць дома такі сумніўны рарытэт, і дзед гэты “злітак Юды” ці выкупіў, ці выпрасіў на памяць. Дзеду тады пашанцавала, ён абышоўся толькі выключэннем з інстытуту, давучваўся ў Санкт-Пецярбурзе. Разумееце, у любога жывёльнага віду заўсёды спрацоўвае інстынкт – ратаваць моладзь, падлеткаў, якія працягнуць, абароняць род. А чалавек імкнецца сваім птушанятам з дзяцінства перабіць крылы.
– Вы сапраўды верыце ў Божую кару? – ляніва запыталася Багута, дэманстратыўна запаліўшы тонкую цыгарэтку ў касцяным муштуку. Яна ведала, як шалеюць ад такога відовішча старасвецкія паны, і манерна выдыхнула ў бок гаспадара струмень дыму, быццам насылала сурокі. Граф нібыта не заўважыў абуральных паводзінаў госці.
– Вось чым адрозніваецца сапраўды чалавек ад жывёлы – дык тым, што акрамя звера, у ім жыве і Бог. Але мы даем волю зверу, і Бог пакідае нас.
Ад таго, як граф гэта сказаў, Багуце стала непамысна. Гэта прагучала, як быццам чалавек паведаміў, што ў яго апошняя стадыя раку.
– Ну тады я ўвогуле не разумею вашай філасофіі, – Ніхель адкінуўся на зэдліку. – Да ўсяго вы яшчэ і забабонны чалавек. Але ж вы не будзеце адмаўляць, што прырода – гэта ланцуг стрававання, дзе ўсе ядуць адзін аднаго без усялякіх сантыментаў?
Граф нахмурыўся.
– А вы ўжо вырашылі, што я гатовы садзіцца за стол з дзікімі мядзведзямі? Я не толькі вучоны, але і паляўнічы. І без сантыментаў падстрэльваю трапяткую кранальную казулю, калі трэба карміць экспедыцыю, і гордага тыгра, на якога напароўся ў джунглях. Мне было восем гадоў, калі маю маці за тры вярсты адсюль, на дарозе, задзерлі ваўкі.
Госці агаломшана замёрлі, Багута ледзь не ўпусціла цыгарэту.
– Тады бацька прызначыў узнагароду ў дваццаць рублёў за кожную галаву ваўка ці ваўчаняці. З таго часу ў гэтых лясах драпежнікаў няма. Акрамя людзей, вядома. А да іх мне, прабачце, ніякай справы.
Вось яно што, дзіцячая траўма… Таму й такі дзіўны характар. Багуслава ледзь не пасміхнулася.
– Я разумею вашую нелюбоў да гэтых мясцін. Але ваш продак, сябар таварыства філарэтаў, не быў такі абыякавы да лёсу краю, – з абвінавачваннем у голасе заявіў Калоцкі. – Няўжо вам абыходзіць, што цэлы народ жыве, пазбаўлены асветы, без права на друкаванае слова і адукацыю на роднай мове, проста на тое, каб заставацца самім сабой? Няўжо вас больш хвалююць праблемы шымпанзэ Танзаніі?
Аблічча Каганецкага пацямнела.
– Вось толькі не трэба ўпікаць мяне абыякавасцю да беднага гаротнага народу і роднага куточка. Сумленне маё ўздумалі абуджаць? Тое, што я жыву не тут, прыязджаючы раз на год, не мой выбар, і абумоўлена дастаткова важкімі прычынамі. На жыццё сабе зарабляю лекцыямі, публікацыямі і здабычай рэдкіх звяроў для звярынцаў. Мая нябожчыца-мачыха, якая кіравала гаспадаркай пасля смерці бацькі, упэўнены, не прыгнятала нашых нешматлікіх арандатараў. Яе брат, доктар, якога я пакінуў усім тут распараджацца, таксама чалавек адукаваны, спагадлівы. Даходы ад нашых уладанняў у Жухавічах і Пагневічах збольшага ідуць на ўтрыманне ягонай бальніцы. Я нікому тут нічога не павінны. І пасля смерці пані Антаніны нічога мяне тут не трымае. – Каганецкі ледзь чутна ўздыхнуў, відавочна адганяючы прыкрыя ўспаміны. – І дом перадам для патрэб бальніцы. А тое, што знаходзіцца ў ім – зло, не меншае, чым гэты злітак. Што тут выклікае ў вас замілаванне? Кнігі заклёнаў, па якіх сурочана не адна бязвінная маладзіца? Вось гэты хамут, які ў вёсцы выкарыстоўвалі для пакарання нецнатлівых дзевак? Ці гэты паганскі стод, у драўніну якога ўелася кроў ахвяр? Сведчанне людскога паскудства? Можа, і добра, што не даводзіцца мне жыць сярод народа з такім “духоўным багаццем”. Ды каб не бацькаў запавет, які загадваў мачысе захоўваць тут усё непарушным, я даўно б ужо калекцыі гэтыя знішчыў. Цьху… Сцярвятнікі вы ўсе…