Читать книгу Гульня ўяўлення - Мікола Адам - Страница 1

Гульня ўяўлення

Оглавление

Гэта здарылася са мной, а можа, і не са мной, не памятаю, у горадзе… зрэшты, у ніякім горадзе ніякай краіны ў ніякім годзе.

Уся справа ў тым, што я заўсёды баяўся памерці ад раку. Перад вачыма ўвесь час стаяў вобраз аднакурсніцы, памерлай ад раку маткі ў 24-гадовым узросце. «Як я хачу жыць, Мікола, – сказала яна перад смерцю, – ты не ўяўляеш, які гэта цуд – жыццё!»

Не менш жывы, але крыху пабляклы, як старая фотакартка, мільгаў вобраз аднакласніцы, памерлай ад раку страўніка. Перад смерцю яна страшэнна высахла, усе костачкі можна было пералічыць. «Ты яшчэ будзеш жыць, – сказала яна, – кахаць і быць каханым, а я ўжо не». Я запэўніваў аднакласніцу ў адваротным, але дзяўчына лепш за мяне ведала моц хваробы, і ў той дзень, калі я адыходзіў у войска, яна адыходзіла ў іншы свет.

Боязь раку перарасла з часам у нейкую манію. Рак уяўляўся мне гэтакім двухметровым маньякам з кулямётам на плячы, рыхтык тэрмінатар-Шварцэнегер, і збегчы ад яго я нікуды не мог. Паўсюль ён знаходзіў мяне, настаўляў сваю страшэнную зброю мне ў твар, але стрэліць чамусьці марудзіў. У апошнюю секунду ў пакой забягала медсястра са шпрыцам у прыгожых танклявых пальцах. Не ведаю чаму, але мой крыўдзіцель адразу знікаў. Мабыць, ён баяўся іголкі, якая зіхцела на сонцы, а затым з вялікім садысцкім захапленнем упівалася, як камар, мне ў правую (заўсёды!) палавінку азадка.

Я прасіў, каб медсястра не пакідала мяне, хаця б пакуль я не засну.

Яна згаджалася і сядала побач, на зэдлік, гладзячы мае валасы.

Я называў яе Ніхто, дзяўчынай Ніхто, бо з твару медсястра вельмі нагадвала гераіню Вайдаўскай кінанавелы, да таго ж імя мела Ніко. Яна не крыўдзілася і згаджалася быць нікім, толькі каб я не хваляваўся.

Супакоены, я засынаў. Спаў я добра, бо ў снах заўсёды займаўся каханнем з дзяўчынай Ніхто. Яна здымала белы халацік і белую шапачку, валасы колеру дзьмухаўцоў воблакам расплываліся па спіне і ахоплівалі абцугамі асіны стан дзяўчыны. Аднойчы мне дазволілі выйсці пагуляць за вароты лячэбні пад наглядам дзяўчыны Ніхто. Адразу за дарогай раскінулася самотнае кукурузнае поле, схавацца ў якім было вельмі проста.

Дзяўчына запаліла цыгарэту і аб нечым задумалася, а я, улучыўшы момант, вырашыў яе напалохаць, – не больш, і шуснуў у кукурузу. Пра тое, што медсястра можа падняць трывогу, вярнуўшыся ў лячэбню, я не думаў. Бо быў упэўнены, што яна не зробіць гэтага таму, што я падабаўся ёй. Акрамя таго, дзяўчына не надта верыла ў мой статус душэўнахворага. Ніко вучылася на псіхолага і бачыла, што я цалкам здаровы. Яна не разумела, чаму мяне дагэтуль трымаюць у лячэбні.

Я меў намер напалохаць Ніко, але не на жарт спалохаўся сам. Ззаду пачуліся цяжкія крокі ботаў і гук зламаных сцяблін кукурузы. Дзяўчына ні ў якім разе не магла ствараць такі шум. З жахам я здагадаўся, што гэта тэрмінатар-Шварцэнегер. Упэўненасці мне дадаў лязгат кулямёта. Што было сілы, я кінуўся наўцёкі, спрытна працуючы рукамі, адкідваючы з дарогі кукурузу. На імгненне мне падалося, што на яве можа паўтарыцца сюжэт кінастужкі «Дзеці кукурузы».

Праз некаторы час я пачуў сваё імя. Напэўна, Ніко гукала мяне. Як ні баяўся я адгукнуцца, у фантазіях малюючы, як мой крыўдзіцель ператвараецца ў дзяўчыну, асмеліўся ўсё-ткі падаць голас і выкрыць месца свайго знаходжання.

У адначассе з двух бакоў заварушылася кукуруза. Я не ведаў, што рабіць. Заставацца на месцы ці бегчы на злом галавы, бо дакладна ведаў, што з аднаго боку з’явіцца не сімпатычны тварык медсястры, а страшэнная морда маньяка-раку, які даўно палюе на мяне.

Нібы рак, павольна пераводзячы свой позірк то ў адзін бок, то ў другі, на кукурузу, што калыхалася і падгіналася пад нагамі Ніко і тэрмінатара, я спінай намацваў дарогу і адступаў.

Першай з’явілася Ніко. Яна хацела нешта сказаць, але я без лішніх слоў схапіў яе за руку, і мы пабеглі.

– Ты можаш мне растлумачыць, у рэшце рэшт, што адбываецца? – пачуў я ззаду дзявочы голас. – І ад каго мы ўцякаем?

Я спыніўся. Нам абодвум неабходна было аддыхацца.

– Слухай!.. – прамовіў я, прагна хапаючы ротам паветра, ледзь не пхаючы яго пальцамі, як кавалак торту.

Спачатку было ціха. Пасля пачуліся хуткія цяжкія крокі, трэск зламанай кукурузы, бразгат амуніцыі і зброі.

– Цяпер ты верыш мне? – спытаўся я ў дзяўчыны, калі яна на ўласныя вушы пачула гукі, што ствараў не прывід, народжаны маёй хворай фантазіяй, а хтосьці сапраўдны. – Трэба спяшацца.

Я зноў схапіў дзяўчыну за руку, і мы зноў пабеглі. Яна раз-пораз азіралася, яшчэ не верачы пачутаму. Сумнявацца ўжо не выпадала. Назад я ўжо не змагу вярнуцца, бо там Ён. І навошта я шуснуў у гэтую кукурузу? Ён жа толькі і чакаў гэтага. Яшчэ і дзяўчыну ўцягнуў…

Поле скончылася. Мы апынуліся на беразе даволі шырокай ракі і пабачылі на пясочку перакуленую лодку, нібы знарок некім падрыхтаваную для нас.

Ніко дапамагла мне спусціць лодку, села ў яе. Я таксама ўскочыў і адштурхнуўся ад берага.

Я сядзеў спінай да кукурузнага поля і глядзеў на Ніко, тварык якой усё больш рабіўся падобны на маску мерцвяка. Азірнуўшыся, я зразумеў, чаму. Ён спыніўся ля вады і пагрозліва трос кулаком у наш бок. На плячы яго ляжаў вялізны кулямёт, які здалёк нагадваў сабаку.

– Ён дагоніць нас? – спалохана спыталася Ніко, але істэрыкі ў ейным голасе я не заўважыў.

– Не зараз, – на адным дыханні кінуў я.

Некаторы час мы не размаўлялі. Нават, калі б вельмі захацелі – нічога не атрымалася б. Нібы цяжкая каменная сцяна ўтварылася між намі, вакол нас павісла цішыня. Калі вельмі захацець – можна пачуць дыханне вады.

Лодка ціха плыла сама па сабе, як бы ведаючы канчатковы прыпынак маршруту.

Ніко моўчкі сядзела насупраць мяне, аб нечым, відаць, задумаўшыся, пазіраючы ў празрыстую зеленаватую плынь ракі.

Меч маланкі бліснуў на сонцы, але дажджу не было. Магчыма, патокам цяжкага мокрага штофу ён абрынецца пазней.

– Ніколі не думала, – прамовіла Ніко, гледзячы ў неба, – што побач з лячэбняй існуе такое чыстае возера: колеру сапраўднага «Тархуна».

– І правільна рабіла, што не думала, – сказаў я.

– Чаму?

– Не існуе гэтага возера ці ракі на свеце, і ні на воднай мапе ты яго не знойдзеш. Вельмі сумняваюся, што і кукурузнае поле сапраўднае.

– Але ж я іх адчуваю: і поле, і раку, і лодку, і…

– Гэта проста гульня ўяўлення, – перапыніў я дзяўчыну.

– Якая гульня? – абурылася Ніко. – Як ты можаш так гаварыць?…

– Я магу так гаварыць і кажу. Спрачацца не будзем, таму што любая спрэчка пустая, як гладыш, калі з яго выпіць малако.

– Ты хочаш сказаць, што і мы не існуем?

– У некаторай ступені.

Яна хацела нешта дадаць, але, відаць, перадумала, да таго ж, лодка ткнулася носам у прыбярэжны пясок, за якім пачынаўся глухі цёмны лес.

– Куды ён вядзе? – спыталася дзяўчына Ніхто.

– У нікуды, – прамовіў я, бо і сам не ведаў, што нас чакае ў гушчары.

– Я не хачу заходзіць у гэты лес! – заявіла дзяўчына.

Пачаўся дождж.

Мы імгненна прамоклі да ніткі.

А да берага набліжалася байдарка з Ім.

Хочаш не хочаш, нешта абмяркоўваць не было часу. Я схапіў Ніко за руку, і мы пабеглі ў лес, які схаваў нас ад ледзянога дажджу, але і не прапускаў да нас сонца.

Лес быў змрочны і таямнічы. Ніводзін гук не даносіўся звонку, толькі хруст сухіх галін, на якія мы наступалі. Ні птушак, ні звяроў, ніякіх казюрак не было ў гэтым лесе, нават павуціння і таго не бачна.

Лес ціснуў на мазгі сваёй зацятай маўклівасцю і невядомасцю. Складвалася ўражанне, што з яго няма ніякага выйсця, што мы апынуліся ў лабірынце, у абмежаванай прасторы. Як бы не пачалася клаустрафобія… Я ўжо задыхаўся, Ніко цягнула на ваніты.

Раптам…

Перад намі адкрылася паляна, светлая і амаль казачна прыгожая, з хаткай на курынай лапцы, за якой ў поўнай цішыні круціліся каруселі. На розных коціках, сабачках, страусах, коніках, пеўніках мясціліся фотаздымкі загінуўшых у маладым узросце спевакоў, сярод якіх я пазнаў твары Джона Ленана, Джыма Морысана, Аляксандра Башлачова, Віктара Цоя, Ігара Талькова, Фрэдзі Мэркуры, Курта Кабэйна…

Каруселі круціліся з аднолькавай хуткасцю – ні хутка, ні марудна, разам з імі круцілася, бы ваўчок, і хатка, але яна набірала абароты і, у выніку, лапка заблыталася сама ў сабе. Хатка бразнулася аб зямлю, пасыпалася шкло з вокнаў – і ўсё гэта без аніводнага гуку.

У хатцы – нікога. Відвць, Баба-яга яшчэ не вярнулася з палявання.

Як малое дзіця, што вучыцца хадзіць, хатка паднялася на лапку і зноў пачала круціцца.

– Сюжэт для постмадэрніста, – прыкмеціла дзяўчына Ніхто. Я пагадзіўся.

Аднак нам трэба было ісці. Я яшчэ не ведаў дакладна, але адчуваў, што дарога хутка скончыцца, прывядзе да лячэбні, і калі я дайду, мае жахі скончацца, і Ён назаўсёды знікне з майго жыцця.

Як шыкоўны дыван, перад намі паўстала дрыгвяністае балота. За балотам павінна быць шаша. Чамусьці я быў упэўнены ў гэтым. Толькі як яго перайсці? Здавалася, выпрабаванням не будзе канца, як у тым фільме пра чалавека, які бег. Што трэба зрабіць, каб мне адкрылася, куды ісці? Я выламаў сабе драўляную дзідку, каб абапірацца і правяраць глыбіню, але спадзявацца на яе…

Ніко ж прыспешвала, бо адчувала патыліцай Яго цяжкое дыханне.

– Добра, – прамовіў я, – трымайся за мяне і тэпай дакладна па маіх слядах.

Я ніколі не хадзіў па балоце, але нешта падсвядома падказвала, як трэба гэта рабіць.

Чарапахавай хадою мы пасунуліся наперад. Не ведаю, колькі поту з мяне сышло, але, калі б я быў анучай, то з мяне сцякло б вядро вады.

Мы амаль прайшлі небяспечнае месца, ужо відаць бабулі, якія развешваюць бялізну ўзбоч шашы, а па самой шашы праносяцца рознакаляровыя машыны.

Заставаўся нейкі метр да выратавання, як пачуўся спалоханы крык Ніко. Павярнуўшыся, я паспеў убачыць толькі руку дзяўчыны ды белую шапачку, але і яны хутка зніклі ў ненажэрнай пашчы багны. На месцы Ніко, узрадаваны, як Фрэдзі Кругер, з’явіўся Ён, гатовы націснуць на гашэтку кулямёта. Я павярнуўся да шашы. Адтуль не маглі не бачыць, што адбываецца ў багне. Я намагаўся крычаць, але крык застраваў у горле, нібы костка. Мабыць, я і крычаў, але не чуў свайго голасу, раптоўна страціўшы слых, як Бетховен. Але ж глухі Бетховен пісаў музыку. Аднак я не кампазітар…

Страх скаваў мяне кайданамі і зрабіў падсечку. Я паляцеў, гатовы ўжо адчуць брудны прысмак дрыгвы ў роце. Але чамусьці ніякага смаку не адчуваў. Расплюшчыўшы вочы, я ўбачыў, як Ён плюхаецца ў багне, спрабуючы выратаваць кулямёт, узняўшы яго над галавой. На твары Яго – нейкая разгубленасць і няўцямнасць. Відаць, монстр не мог зразумець, што адбываецца.

Нехта (ці не Бог?) шапнуў мне на вуха, каб я прыўзняў пазногцем край балота; гэта будзе лёгка зрабіць, бо нагой я ўжо адкінуў невялікі кавалак, з-за чаго Ён і праваліўся ў твань.

Я крануў пазногцем прыўзняты ўжо кавалак, ён скруціўся, што дыван. Маньяк пачаў захлынацца і праз імгненне знік. Балота зрабілася звычайным дываном, які я скруціў у рулон і пад пахай аднёс да бабуль, што развешвалі бялізну. Бабулямі яны здаваліся толькі здалёк. Насамрэч гэта былі студэнткі медінстытута. Відаць, і без таго дрэнны мой зрок яшчэ больш пагоршыўся. Студэнткі запрасілі мяне ў госці.

Я паабяцаў прыйсці і выйшаў на шашу лавіць машыну.

Ужо седзячы ў салоне «бумера», я заплакаў, бо дзяўчыну Ніхто любіў, як нікога. Але ніхто і знікае ў нішто. Магчыма, яе ніколі нідзе і не існавала, акрамя майго ўяўлення, як і кукурузнага поля з ракою і балотам, як не існавала і мяне, бо я таксама быў гульнёй нейчага ўяўлення.

Гульня ўяўлення

Подняться наверх