Читать книгу Тэатр шчасьлівых дзяцей - Ольгерд Бахаревич - Страница 3
Разьдзел другі
Оглавление«Ён што, праз фортку ўцёк?» – недаверліва сказала Юля.
Агаломшаныя, мы стаялі і азіраліся па баках.
«Я адразу падумаў, што ён няпросты дзядзечка», – сказаў Анцік.
«Просты, няпросты, але нельга ж так, – абурыўся я. – Дарослы чалавек, а паводзіцца, як дзіця. Дзе ён падзеўся?»
«Адзін Божанька ведае», – сказала Юля і чхнула, а потым выцерла пальцы аб покрыва на ложку. Думала, ніхто ня бачыць. Але мае вочы пачыналі ўжо паціху звыкацца зь цемрай, дый няяркае сьвятло ноўтбука дазваляла сёе-тое разглядзець. Напрыклад, раскладушку, якую бацькі паставілі каля сьцяны, а на ёй – бялізну і гару падушак. Пэўне, для Кабінетыча, калі той напрацуецца.
У бацькоўскай спальні я апошнім часам бываў рэдка, мне нельга было заходзіць сюды без дазволу. А цяпер, у цемры, гэты пакой наогул падаваўся мне нейкім незнаёмым. Я глядзеў на камоду ў куце і ня мог зразумець: яна тут заўсёды стаяла ці яны яе купілі, калі я ўжо вырас. Купілі і нічога мне не сказалі?
«Ну загадка!» – гучна сказаў Анцік, махнуўшы рукой, і ягоная сьвечка імгненна згасла. У пакоі адразу зрабілася яшчэ цямней – і мы неўпрыкмет прысунуліся бліжэй адно да аднога.
«Малайчына, – сказала Юля. – Хто ж дыхае на сьвечку ў такой цемнаце? Мог бы і памаўчаць, калі ня можаш сказаць штосьці разумнае».
Анцік гучна засоп, ён заўсёды так рабіў, калі пачуваўся пакрыўджаным і думаў, што б такога сказаць у адказ. Але цяпер нам было не да Анціка.
«Кабіне-етаві-іч!» – ціхенька паклікала Юля, узіраючыся ў цямрэчу калідора, і мы павярнуліся ўсьлед за ёй туды, але ніхто не адгукнуўся.
«Так ён цябе і пачуў», – помсьліва прамовіў Анцік.
І тут зусім блізка ад нас раптам нешта рыпнула. Нібы хтосьці хаваўся проста за адчыненымі дзьвярыма і толькі й чакаў, што мы яго паклічам. Мы скалануліся ад жаху. Нехта ззаду зьнянацку дакрануўся да маёй шыі – лёгка, халоднымі пальцамі… Я адчуў, як маё сэрца падскочыла, як мяч.
Фух. Фіранка. Вецер з адчыненай форткі ўзьняў яе край і кінуў у мой бок. Фіранка павольна апусьцілася, яе край зноў схаваўся за сталом, і я з палёгкай выдыхнуў.
«Там жа нікога няма, праўда? – сказаў Анцік, які стаяў побач са мной з заплюшчанымі вачыма. – Лявон, скажы, што мы адны ў кватэры!»
«Адны», – пачулі мы Юлін голас, і я вырашыў, што ня буду баяцца, што б ні здарылася. Усё ж я быў тут гаспадар. Хоць у хаце маёй было цяпер цёмна, як у труне.
«Зараз Кабінетавіч прыйдзе, і ўсё зробіцца добра. Падумаеш, у прыбіральню чалавек выйшаў на хвілінку», – сказала Юля, а сама ўзяла мяне за руку, каб не баяцца, і рука ў яе была ледзяная.
«Можа, ён выйшаў, калі мы пробкі правяраць хадзілі? – здагадаўся я. – Пайшоў нас шукаць. Зараз вернецца і…»
Мы ўсе разам павярнуліся да дзьвярэй, але ў кватэры цяпер была мёртвая цішыня. Нават супэрсучасная супэрбясшумная і супэрэканамічная лядоўня, якую нядаўна купілі бацькі, маўчала – хоць раней я чуў яе нават празь дзьве сьцяны. Зразумела чаму. Электрычнасьць жа вырубілася.
«А можа, ён затаіўся недзе і чакае? Гэты Кабінетавіч? Мы выйдзем, а ён як накінецца ў цемнаце?» – прашаптаў Анцік.
«Навошта гэта яму на нас кідацца?» – недаверліва спытала Юля.
«Ну, каб пажартаваць».
«Не, Кабінетавіч не такі чалавек, – сказаў я. – Ён жа раман піша. Адкуль яму ведаць, што такое жарты».
«Раман? – перапытаў Анцік. – А што гэта?»
«Ну, – сказаў я важна, хоць сам цьмяна сабе ўяўляў, што гэта такое. – Ну… Гэта такая вялікая кніга для дарослых. Вельмі тоўстая і сур’ёзная. Дзе апісваюцца розныя героі. І што яны думаюць».
«А пра што яны думаюць?» – не адчапляўся Анцік.
«Пра што захочуць, пра тое і думаюць, – раззлаваўся я. – Якая розьніца. Вырасьцеш, даведаешся».
«Ці спытаеш у Кабінетыча, – падтрымала мяне Юля. – Калі ён знойдзецца. Толькі наўрад ці ён захоча з табой размаўляць. Ты ж наймалодшы з нас, забыўся?»
Анцік зноў засоп. Мне раптам зрабілася яго шкада.
«Слухайце, – сказаў я. – Мне гэта не падабаецца. Мы так пасварымся хутка. І без усялякай прычыны. Такі дзень быў файны. І вось табе маеш. Вы заўважылі, як у нас настрой зьмяніўся? Усе нейкія злосныя зрабіліся…»
«Гэта таму што цёмна, – сказаў Анцік. – І есьці ўжо хочацца. Ты казаў, там на кухні семкі? Юля, ты такая сьмелая, можа, сходзіш хуценька?.. Туды і назад? А?»
«Давайце я бацькам патэлефаную, – вырашыў я. – Пацерпіш».
Мы выйшлі зь цёмнай спальні, я навобмацак знайшоў сярод падушак на канапе свой мабільны і набраў тату, але ён не адказваў. Тады я набраў маму, але і яна не падняла трубку. Напэўна, і праўда таньчаць там, на лецішчы. Уключылі музыку на ўсю катушку – вось і ня чуюць. Бацькі, называецца. Забаўляюцца сабе недзе за горадам, а пра сына і забыліся. Мой тэлефон, між іншым, амаль разрадзіўся, а электрычнасьці не было. Вось захочуць мне пазваніць, праверыць, як я тут маюся, ці жывы, ці дыхаю яшчэ, а ня змогуць. Можа, я тут у лужыне крыві даўно валяюся. Ці алергія пачалася. Хай тады свайму Кабінетавічу тэлефануюць. Таму самаму Кабінетавічу, які загадкава зьнік і ніхто ня ведае, дзе яго шукаць. Кінуў нас адных. А яшчэ дарослы чалавек. Раманіст. Ну окей. Хай тады бацькі кусаюць локці. Самі яго паклікалі. Я б і безь яго спакойна пераначаваў. Не маленькі.
Анцік і Юля, ледзь бачныя ў цемры, моўчкі сачылі за маімі спробамі дазваніцца. Я чуў, як яны напружана дыхаюць.
«Вам, мабыць, дахаты пара, – спахапіўся я, зірнуўшы на гадзіньнік свайго мабільнага. – Юль, твае бацькі, відаць, ужо хвалююцца. І твае, Анцік. Вас жа толькі да дзевяці адпусьцілі, а ўжо дзясятая гадзіна».
І зноў мой голас задрыжаў. Бо, шчыра кажучы, сёньня мне зусім не хацелася заставацца на ноч аднаму ў пустой і цёмнай кватэры. І нават калі б сьвятло ўключылі – хто захоча начаваць у адзіноце пасьля такіх дзіўных здарэньняў.
«Слухай, Лявон, – сказала Юля, нібы прачытаўшы мае думкі. – Я лічу, цябе нельга пакідаць тут аднаго. Зараз я сваім бацькам пазваню і скажу, што застануся ў цябе да раніцы».
Я з сумневам паглядзеў у той бок, дзе яна сядзела. Яе твару не было відаць, але я бачыў, як бялеюць у цемры зубы. Яна што, усьміхалася?
«Але бацькі цябе не адпусьцяць, я іх ведаю», – сказаў я і ўздыхнуў.
Рэч у тым, што Юліны бацькі верылі ў Бога. Божанька ўсё бачыць, расказала нам неяк Юля, і няясна было, яна сама так думае ці ёй трэба так думаць, каб бацькі на яе не сердавалі. Як гэта ўсё ж складана: жыць, верачы ў Бога. Калі ня можаш нікуды схавацца, нават на хвілінку. Вось мае бацькі, напрыклад, лічылі, што ў дзіцяці павінен быць свой пакой. А ў Юлі свайго пакоя не было. То бок ён быў, канечне, але які ж гэта свой пакой, калі з табой увесь час жыве Бог. Нібы старэйшы брат ці сястра. А яшчэ Бог чамусьці не любіў, калі Юля начавала ня дома. І хоць яна ніколі гэтага не рабіла, Бог усё роўна быў супраць.
Цікава, падумаў я: калі Бог і праўда існуе, ці бачыць ён у цемры? Што ён бачыць, калі ў кватэры выключаецца электрычнасьць? Ці бачыць ён нас? Я ўпотай пакалупаўся пальцам у носе, але Бог пакуль што прамаўчаў. Можа, не заўважыў проста. А можа, убачыў і запомніў. І паставіў птушку насупраць майго імя. Калі Юліных бацькоў паслухаць, неяк так ён і дзейнічае. Запамінае, хто чаго нарабіў – а потым бабах. У самы неспрыяльны момант.
«Я таксама пазваню і адпрашуся! – заявіў Анцік. – Тут такая таямніца, а я што, спаць мушу ісьці? Знайшлі дурнічку!»
«Ну, цябе ўжо дакладна не адпусьцяць, – сказаў я. – Цябе нават у лес з намі тады не адпусьцілі, памятаеш? Калі я руку зламаў».
«А, гэта калі Юлю міліцыя да ночы з сабакамі шукала? – сказаў Анцік. – Дык гэта яшчэ ў дзяцінстве было. Знайшоў што ўспомніць».
«Эх, цудоўны быў час, – сказала Юля. – Добра. Зараз я сваім пазваню. Штосьці прыдумаем».
Дзіва дзіўнае. Я б і не паверыў, калі б не сядзеў поруч. Юліны бацькі дазволілі ёй застацца ў мяне да раніцы! Юля і сама зьдзівілася, як лёгка яны пагадзіліся. «Такое адчуваньне было, што яны ўжо даўно сьпяць, – уздыхнула яна. – Нейкі сонны голас у таты… Нібы і не ягоны. А потым гэтыя людзі будуць казаць, што за мяне хвалююцца. Ага, як жа ж».
Вядома, яна ні слова не сказала сваім бацькам пра тое, што ў нашым доме няма сьвятла. Але хіба яна схлусіла? Не, пераконваў я сябе. Яна проста не сказала. А гэта зусім іншая рэч, чым схлусіць. Схлусіць – значыць сказаць няпраўду. А не сказаць няпраўду – значыць сказаць праўду. То бок Юля сказала ім праўду, што хоча застацца ў мяне пераначаваць, і не сказала ім няпраўду, што мяне пакінулі дома ў самоце, бо якая ж гэта самота, калі мяне пакінулі з Кабінетам Кабінетавічам. Натхнёны лягічнай хадой сваіх думак, я пакрысе супакоіўся і вырашыў узяць стырно ў свае рукі.
«Толькі не хлусі», – строга сказаў я Анціку перад тым, як ён сеў званіць.
«І не сапі ў трубку, – сказала Юля. – А то яны падумаюць, мы табе тут нож да горла прыставілі».
І вось мы селі бліжэй да Анціка і напружана сачылі, як ён набірае нумар.
«Усё добра, мам, – прасоп Анцік, прыціскаючы тэлефон да вуха. – Нармальна, ага. Паелі. Ага. Мам? А гэта праўда ты?»
Мы зьдзіўлена зірнулі на Анціка. Як можна пра такое пытацца ва ўласнай маці?
«А можна… – лісьліва сказаў Анцік. – Мам, а можна мне застацца ў Лявона? Да раніцы? Ура! Дабранач!»
Ён кінуў тэлефон на падушку.
«Гэтага проста ня можа быць», – сказаў я.
«Чаму?» – спытаў Анцік.
«Таму што я ведаю вашых бацькоў. Яны б ніколі не дазволілі вам начаваць у мяне. Нават калі б яны не былі супраць, сказалі б: паклічце спачатку да тэлефона кагосьці з дарослых».
«Але бачыш, Лявон, усё скончылася добра, – сказала Юля. – Мы з табой. Сьвятла няма, затое ёсьць загадка. Куды падзеўся Кабінет Кабінетавіч? Прапаную вярнуцца ў яго кабінет і ўсім разам добра падумаць!»
Па чарзе, стараючыся не азірацца, мы зноў прайшлі па цёмнай кватэры ў спальню маіх бацькоў. Ноўтбук на стале ўсё гэтак жа сьвяціўся ў змроку, а за акном гарэў ліхтар, але ён быў на іншым баку вуліцы, далёка ад нас. Далёка, як поўня, падумаў я. Хоць якая поўня ў такое надвор’е.
«Давайце адчынім акно, – сказаў я. – Гэта адзіны шлях, якім ён мог уцячы. Паглядзім, ці не засталося сьлядоў».
І хоць насамрэч сьмешна было ўяўляць Кабінетавіча, які лезе праз фортку, прасоўваючы ў такую вузкую адтуліну сваё даўгое цела, я ўзяўся за справу грунтоўна. Стаў на крэсла, дацягнуўся да верхняга шпінгалета, вольнай рукой адчыніў акно і вызірнуў вонкі, у дождж.
І тут мая сьвечка таксама згасла. Я палез па запалкі, але ў кішэні іх не было. Пэўне, згубіў на канапе, выпалі, ці што. Калі б не ноўтбук на стале, які асьвятляў твары Анціка і Юлі, і ня сьвечка ў Юліных руках, я б наогул ня бачыў, што адбываецца за маёй сьпінай, у маёй роднай кватэры. Дый перада мной была непраглядная ноч. Толькі самотны ліхтар у смузе – і ноч.
«Ну што там?» – хорам запыталіся Анцік і Юля.
«Нічога, – сказаў я. – Цемра».
На другім баку нашай вуліцы быў прыпынак, на якім спыняўся толькі адзін аўтобус, дый той хадзіў рэдка. Мала хто ім езьдзіў, бо маршрут у яго быў нейкі дзіўны. Тата шмат разоў казаў, што пара ўжо скасаваць такі непапулярны маршрут. На прыпынку цяпер не было нікога, і ходнік таксама быў пусты. Здавалася, з гораду ўсе сышлі кудысьці, а нас не папярэдзілі. Сышлі і распусьціліся ў тумане. Дарослыя, дзеці, жывёлы. Усе. Засталіся толькі мы трое, зачыненыя ў цёмнай кватэры, і гэты цьмяны ліхтар на вуліцы сярод дажджу.
Я зірнуў уніз, але не пабачыў нічога. Мы жылі на другім паверсе – і, стоячы на падваконьні, я ведаў, што там, у цёмнай прорве пада мной, чорная мокрая трава, засохлы кветнік і поўныя дажджавой вады місачкі для катоў, якіх карміла суседка зьнізу, ведаў, што там ляжаць недапалкі і сьмецьце, і што калі ісьці па вуліцы ўлева, дык прыйдзеш да крамы, а калі ўправа, дык да школы.
Але цяпер там была толькі цемра. Тая самая цемра, якой некалі баяліся першабытныя людзі – і таму прыдумалі агонь.
«Высакавата, – сказаў я. – Нават для Кабінетыча. Я б дакладна не рызыкнуў».
«Ня ведаю, як вы… – сказала Юля і села за стол. Цяпер сьвечка гарэла толькі ў яе, і яна пачувалася галоўнай. – А я ду-ужа хачу пачытаць, што ён там пісаў. Што там за раман такі».
«Ты што? – сказаў я, саскокваючы на падлогу. – Хіба можна чытаць чужое?»
«Можа, у ім разгадка? – сказала Юля. – Можа, Кабінетавіч там напісаў пра свае пляны. Куды ён падзеўся і дзе яго шукаць. І наогул, калі ён піша гэты свой раман, значыць, хоча, каб яго прачыталі. Інакш навошта яму наогул яго пісаць?»
Яна паставіла сьвечку на стол і зручней уладкавалася ў крэсьле. Мы з Анцікам сталі абапал яе і ўперыліся вачыма ў экран. Файл з раманам Кабінетыча доўга шукаць не давялося, ён там быў толькі адзін, проста на працоўным стале. І назва ў файла была такая, што не пераблытаеш:
раман. docx
Юля адчыніла файл, і мы не паверылі сваім вачам.
На экране было ўсяго толькі тры словы!
Усяго тры.
«Ну нічога сабе», – расчаравана сказала Юля.
«Вялі-ікая, то-оўстая кніга… – перадражніў мяне Анцік. – Ён што, цэлы вечар тут сядзеў, каб напісаць тры словы?»
«Адкуль мне ведаць, – сказаў я. – Можа, у яго не ішло. Ты і столькі не напішаш, калі цябе пасадзіць раман пісаць».
«Напішу! – сказаў Анцік. – Я табе такі раман за сэкунду напішу, нават большы, чым у Кабінетыча!»
«Мне вось што цікава… – сказаў я, бо і праўда ня мог дапяць, што адбываецца. – Усе прачыталі, што тут напісана?»
«Гэта не па-нашаму», – сказаў Анцік.
«І гэта не па-ангельску, – сказала Юля. – Нейкія незразумелыя літары».
«Вось! – сказаў я. – Гэта шыфр. Наш Кабінетыч пісаў шыфрам. А гэта значыць…»
«Гэта значыць, ён пісаў тут зусім не раман», – хутка прамовіла Юля. – Ён усіх падмануў.
«Не раман? А што тады?»
І тут у дзьверы пазванілі – рэзка і настойліва!
Я нават падумаць ня мог, што наш добры дзьвярны званок можа так жудасна гучаць. Нібы піла.
Юля ажно падскочыла ў крэсьле, а мы з Анцікам кінуліся ў розныя бакі.
Званок яшчэ раз разьдзёр цемру кватэры, а потым зрабілася ціха.
«Юля! Анцік!» – паклікаў я шэптам, седзячы за ложкам.
«Я тут», – азваўся Анцік аднекуль з-за камоды.
«А я тут», – ціха сказала Юля. Я падняў галаву і пабачыў, што яна ўсё гэтак жа сядзіць за сталом. Можна было падумаць, што ёй зусім ня страшна, але я бачыў, як яна ўчапілася ў падлакотнікі – быццам яе спрабавала выцягнуць адтуль нейкая невядомая сіла.
«Спужаліся? – шапнула Юля. – Я таксама».
«Дзіўна, – сказаў я. – Электрычнасьці няма, а званок працуе…»
«Як такое можа быць?» – усхліпнуў Анцік.
«Ты што, плачаш?»
«Я? Я ніколі ня плачу! Гэта проста соплі», – шмыгнуў носам Анцік, высунуўшыся з-за камоды.
«Можа, там на пляцоўцы Кабінет Кабінетавіч? – сказаў я. – Можа, ён ключы забыўся?»
«Давайце адчынім!» – узрадаваўся Анцік.
«Не, – сказала Юля. – Трэба спачатку схадзіць на разьведку. Толькі ціха!»
Яна спусьцілася на падлогу і стала на кукішкі. Я нехаця зрабіў тое самае, а потым і Анцік вылез са свайго ўкрыцьця. І мы папаўзьлі ў калідор, а адтуль да дзьвярэй.
«А чаму мы паўзем? – спытаў Анцік. – Маглі б проста…»
«А раптам нехта глядзіць у вокны? – сказала Юля. – Толькі і чакае, што мы сябе выдадзім».
«Хто?» – прашаптаў з жахам Анцік.
«Ты што, кніжак не чытаеш? – спыніўся я, павярнуўшы да яго галаву. – Можа, яны думаюць, што нікога няма дома. Ці што тут дарослыя. А калі даведаюцца, што тут дзеці…»
«Хто даведаецца? – ледзь не расплакаўся Анцік. – Хто? Лявон, скажы, хто?»
«Гэтага мы ня ведаем. Усё, маўчы».
Мы дапаўзьлі да дзьвярэй і прыслухаліся. Спачатку нічога не было чуваць, але калі маё сэрца трохі суцішылася, я зразумеў, што радавацца рана. Там, на пляцоўцы, нехта быў, нехта чакаў і дыхаў, стоячы проста перад дзьвярыма – і таксама прыслухоўваўся, спрабуючы нас пачуць.
«Можа, усё ж адчыніць? – прашаптаў Анцік. – Можа, гэта мае бацькі? Або Юліны?»
«Не, яны б пазванілі спачатку, – адказаў я таксама шэптам. – Давайце пачакаем, ён пастаіць і сыдзе».
Але той, хто стаяў за дзьвярыма, не сыходзіў. Замест гэтага ён яшчэ раз пазваніў – доўгім, пранізьлівым званком, ад якога ў мяне зноў закалацілася сэрца.
«Хто там?» – раптам сказаў Анцік сваім гучным голасам, якім ён славіўся на ўсю школу. Юля схапілася за галаву, але прамахнулася і трапіла мне ў нос. Я ўскрыкнуў ад болю – і, вядома, адразу выдаў сябе.
«Гэта ваша суседка, – радасна, нібы толькі і чакаў, прамовіў з пляцоўкі нечы тонкі голас. – У вас таксама сьвятла няма?»
«Няма», – сказаў я.
«Вось жа паскуднікі, – залапатаў тонкі голас. – Надакучылі ўжо сваімі аварыямі! За што мы толькі грошы плацім! А вы ня ведаеце, гэта ва ўсім раёне няма, ці толькі ў нашым доме?»
«Гэта падстанцыя», – сказаў я няўпэўнена. Я ня ведаў, што значыць «падстанцыя», але так казаў тата, калі ў доме здараліся гэткія адключэньні.
«Пакліч некага з дарослых, – сказаў голас. – Я б пазычыла ў вас сьвечку і запалкі, бо ў мяне яны скончыліся, а з маім зрокам хадзіць па цёмнай кватэры проста небясьпечна».
Усё гэта гучала, здаецца, цалкам пераканаўча, і я ўжо пацягнуўся да замка, каб павярнуць у ім ключ. Але ў апошні момант перадумаў. Бо ў гэтым тонкім голасе была нейкая незразумелая, злая радасьць і нецярплівасьць. Нібы тая, што была на пляцоўцы, сама і адключыла электрычнасьць.
«Ну адчыняй жа», – сказаў голас і ручка дзьвярэй раптам заторгалася проста ў мяне перад носам. Юля і Анцік ускочылі – іхныя твары былі вельмі блізка, і я бачыў, што яны круцяць вачыма, каб я ні ў якім разе не адчыняў.
«Мы ўжо сьпім», – сказаў я, ня ведаючы, што рабіць.
«Як жа сьпіце, калі ў вас сьвечка ў спальні гарыць», – сказаў голас.
«А адкуль вы ведаеце?» – спытала Юля.
«Інтуіцыя, – прамармытаў голас. – О, я чую, што вас там трое. Трое дзяцей і ніводнага дарослага?»
«Мама і тата сьпяць, – сказаў я. – Я ня буду іх будзіць».
«Бедныя дзеці, адны ў цёмнай кватэры, – сказаў голас і мне падалося, гэта было сказана з усьмешкай. – Страшна, напэўна, сядзець там у цемры? Адчыніце, я пасяджу з вамі, пакуль вы адны. Мы запалім сьвечкі і прыгатуем штосьці смачнае, напрыклад, маркоўны пірог. Зварым глінтвэйн і будзем расказваць страшныя гісторыі. І я буду гладзіць вас па галовах. А потым вы засьняце, а калі прачняцеся, на вуліцы будзе ўжо сонечна, і вы забудзеце ўсё, што адбылося. І кожны з вас вырасьце разумным і сьмелым, багатым і пасьпяховым… А потым вы ажэніцеся і ў вас будуць дзеткі… Калі, вядома, вы адчыніце мне зараз дзьверы і пусьціце пасядзець з вамі, і перастанеце ўпарціцца! Хіба вас гэтаму вучылі: кідаць блізкіх сваіх у бядзе?»
«Мы не адны, – сказала Юля. – У нас Кабінет Кабінетавіч сядзіць у кабінэце і піша раман. Вось зараз паклічам яго, і ён вам пакажа, як пужаць дзяцей».
«Ох, дзетачка мая, – адказаў голас. – Думаеш, калі б у вас дома былі дарослыя, яны б дазволілі вам стаяць каля дзьвярэй і размаўляць з суседзямі? Гэта зусім не дзіцячая справа».
«А чаму б вам не пазваніць у суседнюю кватэру? – спытаў я. – Там вам адчыняць і пазычаць сьвечку. А нас пакіньце ў спакоі, калі ласка. Я зараз у міліцыю пазваню».
«А ты няветлівы хлопец, – цяпер ужо злавесна сказаў голас. – У міліцыю… Ну пазвані, пазвані. Калі пасьпееш!»
І тут ручка дзьвярэй нібы ашалела, яна заторгалася, нібы жывая, яна рвалася і ляскала, яна вішчала і білася ў замку, быццам хацела скінуць яго зь сябе, як шкарлупіньне.
Мы кінуліся ў мой пакой і забіліся за канапу.
«Званю ў міліцыю! – прашаптаў я. – Пакуль ня позна!»
Я намацаў на канапе тэлефон і пачаў набіраць лічбы, але з жахам пабачыў, што апарат ужо зусім разрадзіўся.
«Можна адаслаць бацькам паведамленьне па інтэрнэце! – прашаптала Юля. – Ой, што гэта? Чуеце?»
Мы вызірнулі з-пад канапы. Недзе паблізу і праўда чуўся дзіўны грукат. У кватэры адбывалася штосьці незразумелае.
«У вас моцныя дзьверы? – спытаў Анцік. – Скажы, што яны жалезныя!»
«Жалезныя, – сказаў я. – Сталёвыя! Тата з мамай аддалі за іх пяцьсот баксаў».
«А мой тата кажа, што гэта глупства, ставіць жалезныя дзьверы, калі ў цябе няма чаго красьці».
«Як жа, няма, – сказала Юля. – А мы? Што гэта за гук?»
«Глядзіце!» – ускрыкнуў Анцік і паказаў на акно.
З таго боку шыбы раптам зьявілася лесьвіца. Дзьве палкі, якія, трасучыся, шукалі апору. Так, гэта была драўляная лесьвіца, якая ўперлася канцом проста ў гзымс, і хоць выглядала яна тут проста неверагодна, факт заставаўся фактам. Нехта прыставіў лесьвіцу да сьцяны нашага дома і рыхтаваўся забрацца да нас у акно!
Мы ўскочылі і кінуліся ў спальню маіх бацькоў. А там, не згаворваючыся, залезьлі ў першую ж шафу і зачынілі за сабой дзьверы. І як толькі мы гэта зрабілі, усім стала ясна, што гэта не найлепшае рашэньне. Але што рабіць, ніхто з нас ня ведаў. Пакуль мы размаўлялі з голасам, ноўтбук на стале нарэшце згас – і цяпер у спальні была непраглядная цемра.
«Вось бы Божанька, калі ён існуе, уключыў зараз сьвятло ў доме. Хаця б для таго, каб паглядзець, як мы маемся, – падумаў я. – Хаця б для таго, каб нас пакараць. Проста ўключы электрычнасьць – і ўсё скончыцца. Ты ж Бог, табе ж не патрэбная падзарадка!»
«Лявон, ты што там, молішся?» – прашаптала Юля, прыціснутая да мяне маміным футрам.
«Не, ты што», – сказаў я, а сам пачырванеў так, што, здавалася, гэта было відаць нават у змроку.
«А гучыць так, быццам молішся», – прашаптала Юля, узіраючыся ў шчылінку між дзьверак. Але што яна магла там пабачыць…
У шафе пахла вельмі прыемна. Тут вісела ня толькі маміна футра, тут былі яшчэ і паліто, і татавы пінжакі, і нават ягоны вясельны касьцюм – я пазнаў яго па шурпатай тканіне. Тут віселі маміны зімовыя сукенкі, якія яна ўжо зусім хутка зьбіралася даставаць, бо восень рабілася ўсё халаднейшая. Уся гэтая вопратка нагадала мне пра тое, што ў мяне ёсьць бацькі – я чамусьці верыў, што ўжо адной сваёй прысутнасьцю тут яны б разагналі ўсю цемень і ўсіх злых духаў, што невядома зь якой прычыны накінуліся на нашу кватэру. Але рэчы былі маўклівыя і ўсім сваім выглядам паказвалі, што нічым ня могуць нам дапамагчы. Яны нібы спалі – і цяпер незадаволена шаргаталі пра тое, што ў шафе і так мала месца, што мы прымушаем іх пацясьніцца і нічога добрага з гэтага не атрымаецца.
«Ой, – сказаў Анцік. – Я ня ведаю, што гэта, але яно вісіць у мяне перад носам і так смачна пахне».
«Усе сукенкі смачна пахнуць», – сказала Юля.
«Яно пахне чакалядай», – сказаў Анцік.
«Бедны хлопчык, – прашаптала Юля. – Ты ўжо звар’яцеў ад страху».
«Можа й так, – сказаў Анцік. – Але тут ёсьць ад чаго звар’яцець. Цэлы пакет цукерак».
«Ты трызьніш», – сказаў я.
«Я жую, – сказаў Анцік. – Хоць чакаляды наемся перад сьмерцю».
Сьмерцю? Дагэтуль я яшчэ ніколі ня думаў пра сьмерць. Яна была проста словам, якое мы чулі ледзьве ня кожны дзень, і гэтае слова вымаўлялі ўсе, хто нас акружаў: героі фільмаў і кніг, дзядзечкі і цётачкі ў тэлевізары і ў інтэрнэце, пэрсанажы кампутарных гульняў і настаўнікі гісторыі і беларускай літаратуры, мама і тата, і бабуля, і Юліны бацькі, якія верылі ў Бога. Абдымаючы маміна футра, я думаў пра тое, што, напэўна, калі-небудзь зразумею, што такое сьмерць. І пра тое, што Анцік, вось гэты мой малы сябрук Анцік, толькі што выпадкова адшукаў мамін стратэгічны запас чакаляды з сакрэтнай шафы.
«Давайце праверым, што там робіцца, – прапанаваў я. – Толькі ціха…»
Мы зь Юляй асьцярожна прачынілі дзьверы шафы – і ў вочы нам ударыў дым.
«Сьвечка! – крыкнуў я. – Дзе твая сьвечка, Юля?»
«Ня ведаю, – Юля зноў зачыніла шафу і прыціснула да сябе дзьверы. – Я ня ведаю. Я яе згубіла, калі мы ўцякалі…»
«Там пажар! – сказаў я. – І мы задыхнемся, разумееш?»
Усе трое мы вываліліся з шафы на падлогу, як падушкі. І пачулі, як за сьцяной нехта ходзіць. Я рвануў на сябе дзьверы пакоя і замкнуў іх на ключ.
«Юля! Анцік! Уцякаем!»
«Куды?»
Гэта быў адзіны пакой у нашай кватэры, які замыкаўся. Я некалькі разоў пытаўся ў мамы з татам, чаму менавіта іх спальня мусіць мець замок з ключом, але так і не дабіўся ўцямнага адказу. Але цяпер замок мог даць нам час, каб нешта прыдумаць.
У пакоі так моцна засьмярдзела дымам, што ў мяне з вачэй паліліся сьлёзы.
«У акно! – крыкнула Юля, заплаканая, быццам толькі што ўшчэнт прайгралася ў уна. – Гэта адзіны шлях!»
Я ўзьляцеў на стол, як птушка, без разьбегу. Бачыў бы мяне наш настаўнік фізкультуры! Я разнасьцежыў акно і з асалодай удыхнуў халоднае паветра. Зірнуў уніз і адчуў здрадніцкае трымценьне недзе ў жываце і ў пятках.
Высока, занадта высока! А Юля ўжо зьбірала з ложка падушкі, сьцягвала з раскладушкі ўсё, што там ляжала.
«Што стаіце? Цягніце? Футра з шафы, матрас, усё!»
Мы з Анцікам стаялі, як здранцьвелыя, і глядзелі на тое, як спрытна яна рухаецца. Нібы ў яе было дзесяць рук і восем ног. Што ні кажы, а ў жанчын нейкі прыродны талент упраўляцца з такімі рэчамі.
«Кідайце ўсё ў акно! – скамандавала Юля. – Ну!»
Мы сталі дапамагаць ёй, натыкаючыся ў цемры адзін на аднаго.
«А зараз скачам проста ўніз! – сказала Юля. – Я першая, вы за мной!»
І яна глыбока ўдыхнула і скочыла проста ў дождж.
«Я баюся!» – закрычаў Анцік, не выпускаючы з рук пакет з цукеркамі.
«І я», – прашаптаў я, схапіў яго за плечы і падштурхнуў да краю падваконьня. Гэтаксама некалі ў школе штурхалі мяне, калі мы скакалі з вышкі ў басэйне.
«Давай, Анцік!»
Ён азірнуўся, пасьлізнуўся на мокрым падваконьні і ўпаў у цемнату.
«Усё ў парадку, я яго злавіла ў футра», – пачуў я Юлін голас.
Я азірнуўся на спальню маіх бацькоў. Дым насоўваўся на мяне, але я ўжо не задыхаўся. Вогкае восеньскае паветра напаўняла мае лёгкія, нібы ветразі. А дзьверы спальні ўжо дрыжалі ад удараў – я бачыў, як скаланаецца ключ у замку. Я павярнуўся тварам да вуліцы. Ліхтар сьвяціў гэтаксама, як раней, быццам за апошнія паўгадзіны нічога не адбылося – цьмяна, загадкава і па-свойму прыцягальна. Нібы клікаў мяне, нібы падміргваў. Нібы дражніўся: ты ня зможаш, ты ня зможаш. Хіба табе не цікава, хто палюе на цябе ў тваёй уласнай кватэры? Хіба ты ня хочаш паглядзець ім у вочы? Хіба ня хочаш даведацца, як выглядаюць ПАЧВАРЫ?
Юля і Анцік бегалі ўнізе і махалі рукамі.
Я заплюшчыў вочы.
І скочыў.
Мне здавалася, я буду ляцець уніз вечна.
Але не прайшло і сэкунды, як я бухнуўся на цэлую гару падушак і коўдраў. Праўда, у калене нешта шчоўкнула, але я адразу ж ускочыў на ногі.
«Бяжым!» – крыкнула Юля і кінулася праз пустую вуліцу. Мы за ёй.
«Асьцярожна, там аўтобус!» – залямантаваў я.
Ён і праўда паволі выехаў з-за павароту, утульна асьветлены знутры, нібы плывучы дом, што блукае ў тумане, шукаючы гаспадароў. Але гэта быў ня дом, гэта быў звычайны гарадзкі аўтобус – і мне на імгненьне здалося, што Юля трапіць проста яму пад колы. Аднак яна скочыла на прыпынак перад самай аўтобуснай пысай і пляснулася абедзьвюма нагамі ў лужыну.
Аўтобус спыніўся і адчыніў дзьверы.
«Едзем!» – крыкнуў я, заскокваючы ўсярэдзіну. Юля і Анцік заскочылі ўсьлед за мной. Дзьверы зачыніліся, і аўтобус паплыў наперад па нашай вуліцы, разганяючы фарамі туман і цемру.
«Я ведаю, як ён едзе, – сказаў я, задыхаючыся. – Мы выйдзем праз пару прыпынкаў і перасядзем на трамвай, які едзе да маёй бабулі. Бабуля прыдумае, што рабіць!»
«Але мы зь Юляй маглі б зараз проста пабегчы дамоў! – сказаў Анцік. – І ўсё б скончылася. І ў мяне зуб баліць».
«Ты, Анцік, можаш выйсьці на наступным прыпынку, – сказала Юля. – І пайсьці да мамачкі. Але я застануся зь Лявонам. Сяброў не кідаюць у пустым аўтобусе, бяз курткі і ў тапачках. Невядома, ці ходзяць яшчэ трамваі. Ужо позна! А грошай на таксі ў нас няма».
«Ды я проста так сказаў, – зьбянтэжыўся Анцік. – Вядома, я з вамі».
Аўтобус між тым разганяўся ўсё хутчэй.