Читать книгу Тэатр шчасьлівых дзяцей - Ольгерд Бахаревич - Страница 4
Разьдзел трэці
ОглавлениеУ гэтым аўтобусе мы былі адзіныя пасажыры, таму маглі сесьці, дзе нам захочацца. Пасьля ўсяго, што мы перажылі падчас уцёкаў, мне любое сядзеньне падавалася зручным. Цемра, таямніцы, званок, голас на пляцоўцы, шафа, дым, пажар… Я вельмі спадзяваўся, што ў кватэры спрацуе апавяшчальнік і пажарнікі прыедуць хутчэй, чым наш дом ператворыцца ў кучу попелу.
Ці мог я ўявіць, калі мама цалавала мяне ў лоб на парозе нашай кватэры, што гэты восеньскі вечар будзе поўны такіх прыгодаў?
Аўтобус выехаў на шырокую вуліцу, тут наш раён канчаўся. Я адчуў стому, таму ўладкаваўся каля акна, выцягнуў ногі і прыплюшчыў вочы. Юля села сьпераду каля мяне, а вось Анцік усё бегаў па салёне, як ненармальны, і ніяк ня мог супакоіцца. Ён прысаджваўся то тут, то там, і зноў ускокваў, нібы ўпершыню ехаў у грамадзкім транспарце.
Назіраючы за ім, я падумаў, які ж ён яшчэ малы. На цэлы год за мяне малодшы! Я ўжо і ня памятаў, як мы зь ім пасябравалі. Цікава ўсё-ткі, разважаў я, адкуль у нас бяруцца сябры. І каго можна лічыць сапраўдным сябрам, а каго не. Напэўна, толькі ўначы ў пустой кватэры без электрычнасьці і без дарослых чалавеку робіцца ясна, з кім ён сябруе напраўду, а з кім проста выпадкова апынуўся побач.
«Спаць хочацца, – сказала Юля. – Але нельга. Ты сочыш, калі нам выходзіць?»
«Так, – сказаў я. – Яшчэ пару прыпынкаў. А мне вось хочацца ня спаць, а есьці. Анцік, дзе твой пакет з цукеркамі?»
«Якімі цукеркамі?» – спытаў Анцік, прабягаючы міма.
«Маімі цукеркамі, – сказаў я. – Тымі, якія ты знайшоў у мамінай сакрэтнай шафе».
«А, гэтымі, – сказаў Анцік. – Я думаў, гэта цукеркі тваёй мамы».
Мне зрабілася няёмка. Бо Анцік захапіў з сабой пакет, які ня толькі яму, а нават і мне насамрэч не належаў. Я ніколі б ня стаў залазіць у бацькоўскую шафу, каб скрасьці адтуль цукеркі. Дый проста так ня стаў бы залазіць. А што ў выніку? Мы іх усё-ткі скралі!
«Ну і што, што маміны? – сказала Юля Анціку. – Ты ж разумееш, што ўзяў чужое?»
«Гэта быў гэты… як яго… форс-мажор! – сказаў Анцік. – Калі б Лявонава мама ведала, што адбылося, яна сама б аддала іх нам. На месцы тваіх бацькоў я б засыпаў нас усімі цукеркамі сьвету, толькі б мы засталіся жывыя!»
Мне зрабілася непрыемна. Так бывала кожны раз, калі іншыя людзі пачыналі абмяркоўваць маіх бацькоў. Мне падабалася быць разам з Анцікам і Юляй, я быў ім удзячны, што яны са мной – але сябры гэта сябры, а бацькі – гэта нешта такое тваё… Самае тваё на сьвеце. Такое, пра што ня вельмі хочацца размаўляць зь іншымі. Бацькі – яны як твая таямніца. А Анцік і Юля гаварылі пра іх так, быццам самі былі іхнымі дзецьмі.
«Ды вось, трымай свае цукеркі, на здароўе, – сказаў Анцік, кінуўшы позірк на мой засмучаны твар. – Я вам зь Юляй пакінуў парачку».
«Парачку? – я раскрыў пакет і засунуў туды руку. – Іх і праўда ўсяго дзьве. І ніводнай чакаляднай!»
«Можа, толькі дзякуючы такой дозе кафэіну я дагэтуль трымаюся на нагах…» – задуменна сказаў Анцік.
«Якога яшчэ кафэіну?»
«Нават малыя дзеці ведаюць, што ў чакалядзе ёсьць кафэін, – горда сказаў Анцік. – Гэта такое рэчыва, ад яго чалавек робіцца бадзёры і можа скакаць з другога паверху. І не баіцца супэрхуткасьці. Слухайце, а нам пашанцавала з кіроўцам! Заўважылі, як ён гоніць?! Як ракета!»
Сапраўды, аўтобус гнаў наперад штомоцы. Было адчуваньне, што ён ня едзе, а ляціць нізка над зямлёю, як вялікая птушка. Мне нават падалося, што ён пару разоў праехаў на чырвонае сьвятло, але ў цемнаце навокал сьвяціла столькі розных агнёў, я мог і памыліцца. Мы зь Юляй зірнулі ў бок кабіны кіроўцы, нам было відаць ягоную патыліцу, руку, якая ўпэўнена ляжала на стырне, і цень ягонага твару ў люстэрку наверсе. Здаецца, усё было ў парадку, але…
«Не разумею, – сказаў я. – Здаецца, мы праехалі наш прыпынак».
Праехалі – гэта было слаба сказана. Мы праляцелі яго, нібы страла, і цяпер несьліся па праспэкце наперад так, быццам за намі гналася міліцыя.
«Ён што, звар’яцеў? – сказаў я з трывогай. – Мы так урэжамся зараз у кагосьці, ці пешахода саб’ем».
Рэдкія мінакі пад парасонамі, якія мірна пераходзілі вуліцу, у жаху кідаліся ў бакі, калі перад імі раптам вырастаў наш аўтобус. Узьнімаючы з абодвух бакоў вялізныя хвалі вады і заліваючы ходнік і легкавікі, што апыналіся зь ім па суседзтве, ён рухаўся па горадзе, як ракета.
«Чорт!» – крыкнуў Анцік.
«Не кажы так, Божанька ўсё чуе!» – пакруціла галавой Юля.
«Мы зараз узьляцім!» – махнуў рукой Анцік, бо матор роў усё больш аглушальна. І я быў зь ім згодны: аўтобус так падкідвала, што мы і праўда маглі ў любы момант паляцець да аблокаў.
Недзе ў нас пад нагамі пачуўся раптам рэзкі скрыгат. Юля ўчапілася ў поручань, я таксама схапіўся за яго і ўціснуўся ў сядзеньне, а Анцік паваліўся нам пад ногі, бо аўтобус на поўным хаду зрабіў паварот, рыкнуў і рвануўся на ўсёй хуткасьці на зусім іншую вуліцу. Я ўжо даўно не разумеў, дзе мы, аўтобус ехаў па зусім незнаёмым маршруце і не зьбіраўся спыняцца.
«Ну, цяпер нам дакладна трэба выходзіць, – сказаў я, у роспачы гледзячы ў бок кабіны. – Давайце станем усе разам каля дзьвярэй, можа, ён думае, што мы едзем да канцавой».
Але кіроўца і не падумаў спыняцца, ні на наступным прыпынку, ні на іншым. З ровам і скрыгатам на поўнай хуткасьці ён прамінуў апошнюю станцыю мэтро – я толькі і пасьпеў што прачытаць яе назву. А потым, зларадна міргануўшы фарамі, пагнаў некуды ў цемень, туды, дзе не было ліхтароў. І вось за вокнамі ўжо віднеліся толькі палі і цёмныя абрысы катэджаў. Горад застаўся за нашымі сьпінамі, і мы зусім ня ведалі, што нам рабіць.
«Што адбываецца? – крыкнуў я. – Кіроўца! Ён там што, заснуў?»
«Думаю, што ўсё значна горш!» – крыкнула ў адказ Юля. Чапляючыся за поручні, яна кінулася да кабіны кіроўцы. Я пайшоў за ёй, разумеючы, што нашы прыгоды яшчэ зусім ня скончыліся.
У кабіне было цёмна. Трапіць мы ў яе ніяк не маглі, бо ў аўтобусах, што езьдзяць у нашым горадзе, кіроўца сядзіць за празрыстай перагародкай. Але ў перагародцы было акенца, у якое пасажыры перадаюць манэткі, каб купіць білеты. Ды што я вам расказваю, што вы, у аўтобусах ня езьдзілі? Хоць наўрад ці вам некалі даводзілася езьдзіць у такіх аўтобусах, якія гоняць, нібы з ланцуга сарваўшыся, зусім не туды, куды мусяць.
Празь перагародку мы зь Юляй бачылі, як кіроўца ўзіраецца ў цемру перад сабой. Цемру, якую разразалі надвое жоўтыя палосы сьвятла аўтобусных фараў. Кіроўца не зьвяртаў на нас ніякай увагі. Здавалася, ён наогул не варушыўся.
«Гэй! – закрычалі мы і загрукалі ў плястыкавую перагародку. – Спыніцеся! Прачніцеся! Гэй!»
Кіроўца нават не павярнуў галаву ў наш бок. Нібы ён выконваў нейкае заданьне і не зьбіраўся парушаць загад. Ён выглядаў так вусьцішна ў сваёй нерухомай паставе, што мне падалося, за стырном нашага аўтобуса сядзіць мярцьвяк.
Што, калі гэта быў зусім не аўтобус? А «лятучы галяндзец», пра які я чытаў? Сучасны карабель мёртвых?
І тады Юля прасунула руку ў акенца і ўхапілася за рукаў кіроўцы.
Вось жа адважная! Я б лепш засунуў руку ў пашчу тыгра, чым у гэтае акенца, ды яшчэ ў такі момант!
«Гэй! – крыкнула Юля, торгаючы кіроўцу за рукаў. – Ты што, звар’яцеў? Выпусьці нас адсюль!»
Яна пацягнула рукаў на сябе – і здарылася нешта жудаснае! Кіроўца паваліўся ў наш бок, так лёгка, як быццам ён быў проста лялькай, апранутай ва ўніформу!
Юля зараз жа схавала руку і завішчала.
«У яго мяккая рука! Мяккая рука!»
Здранцьвелыя, мы глядзелі, як кіроўца валіцца са свайго сядзеньня ўніз, на падлогу кабіны.
Цяпер за стырном не было нікога.
Аўтобус ляцеў наперад – і ім ніхто не кіраваў!
І тады я таксама закрычаў. А за мной і Анцік, які стаяў за нашымі сьпінамі.
«Гэта ўсё ты, Лявон! Ты пасадзіў нас у гэты чортаў аўтобус!» – румзаючы, лямантаваў Анцік.
І тады Юля замоўкла.
«Што ты сказаў?» – спытала яна.
«А што, няпраўда? Хто нам сказаў садзіцца ў аўтобус? Лявон! – заявіў Анцік, выціраючы сьлёзы. – Мы паедзем да маёй бабу-улі, яна прыду-умае…»
Перадражніваючы мяне, ён крыўляўся, а сьлёзы не пераставалі цячы зь ягоных зусім дзіцячых вачэй.
«Што, ня так?»
«Ты зноў успомніў чорта! – строга сказала Юля. – Так нельга. Чорт і так ужо даўно з намі! Вось ён, відаць, радуецца, калі мы яго клічам!»
«Тады пакліч свайго божаньку! – крыкнуў ёй Анцік. – Хай ён нам дапаможа! Што маўчыш?»
«Трэба нешта рабіць, а не крычаць і румзаць», – сказала Юля.
«Давайце станем каля вокнаў і будзем махаць рукамі, – прапанаваў я. – Можа, нас заўважаць і зразумеюць, што мы трапілі ў бяду! І прыдумаюць, як спыніць гэты вар’яцкі аўтобус!»
Мы кінуліся да вокнаў і пачалі грукаць у іх і крычаць, хто як мог. Бо аўтобус якраз пралятаў па вуліцы нейкай ці то вёскі, ці то маленькага гарадка. Абапал вуліцы стаялі невялікія дамы, абнесеныя платамі, дзе-нідзе ў дамах гарэла сьвятло, а на ўзбочынах нават стаялі ліхтары, асьвятляючы самотных людзей, што сьпяшаліся дахаты ў насунутых на галовы капюшонах.
На сэкунду мне падалося, што ў акне аднаго з дамоў была відаць вялікая кампанія дарослых, якія сядзелі каля каміна з келіхамі ў руках, і ў адной жанчыны на каленях ляжаў сабака. А яшчэ мне падалося, усяго толькі на нейкае імгненьне, што сярод тых дарослых у ярка асьветленым акне я разгледзеў сваіх маму і тату. І ў мамы на плячах быў пухнаты плед, а ў таты на каленях талерка, поўная гарачых закусак.
Але той дом зь ярка асьветленым акном мільгануў і зьнік. Аўтобус праляцеў праз гарадок, нібы мэтэор, і зноў выскачыў на цёмную шашу. Мы бачылі толькі дарожныя знакі, што сьвяціліся ў змроку, цёмны край блізкага лесу і бясконцыя чорныя прасьцірадлы начных палёў.
«Так, – сказала Юля. – Я палезу ў кабіну і пастараюся зрабіць так, каб мы затармазілі! А вы трымайце мяне за ногі!»
«Ты што! Ты туды галаву не прасунеш!» – сказаў я.
Юля адмахнулася. Вось жа ўпартая. Яна стала на сядзеньне і пастаралася прасунуць галаву ў акенца кабіны. Спачатку ў яе нічога не выходзіла, але Юля напружылася – і, падраўшы сабе вуха, усё ж апынулася ў кабіне. Праўда, толькі галавой.
«Цяпер руку!» – пачулі мы яе голас.
«Трэба было спачатку руку, а потым галаву, дурніца!» – пакруціў пальцам каля скроні Анцік.
«Які ты разумны! – накінуўся я на яго. – Можа, лепш цябе туды засунем? Ты дакладна пралезеш!»
«Шкада, што нельга адшпіліць сабе руку, – пачулі мы прыдушаны Юлін голас. – Калі-небудзь вучоныя прыдумаюць, як можна разьбіраць сябе на часткі! Так, каб потым зноў сабраць!»
«Трэба проста разьбіць перагародку! – сказаў я. – Памятаеце, у кожным аўтобусе ёсьць надпіс: дастаць малаток, выціснуць шкло?»
«Тады цягніце мяне назад!» – сказала Юля.
Мы схапілі яе за ногі і пацягнулі.
«Хто так цягне? – зараўла Юля. – Хлопчыкі! Дзе ваша пяшчота!»
Але было ўжо занадта позна.
Бо ў гэты самы момант аўтобус завіхляў на горцы, выскачыў на мост, пад якім цямнела рака, і ўрэзаўся з усёй моцы ў агароджу.
Толькі што перад намі была прамая дарога ў промнях фараў, а цяпер іх сьвятло выхапіла зь цемры толькі кавалак неба, якое імкліва сыходзіла некуды ўверх.
Аўтобус зьнёс агароджу на поўным хаду, лёгка, нібы адной пстрычкай.
І паляцеў над прорвай, проста ў раку.
Калісьці я чытаў пра мужчыну, які быў чэмпіёнам у плаваньні і аднойчы ўратаваў цэлы тралейбус людзей, што выпадкова ўпаў з моста. Гэты мужчына пабачыў, што тралейбус тоне, кінуўся ў ваду і даставаў людзей аднаго за адным, пакуль не ўратаваў усіх. Была зіма, гэты чэмпіён захварэў на запаленьне лёгкіх і нырак, і потым памёр. Я часта бачыў у сьне тую страшную карціну, я сам уяўляў сябе ў тым тралейбусе, які ідзе на дно і я ніяк не магу зь яго выбрацца. Якім жа шчасьцем было прачынацца ў цёплым ложку, у сваім пакоі! Потым жахлівы сон перастаў мне сьніцца. А цяпер, у аўтобусе, які нібы завіс на сэкунду над безданьню, каб назаўсёды пайсьці пад ваду разам з намі, я зноў успомніў тую гісторыю – і карцінка тралейбуса, які тоне ў рацэ, зноў зьявілася перад вачыма.
Толькі вось наўрад ці ў такі час, далёка ад гораду, на беразе ракі знойдзецца чэмпіён у плаваньні, які нас уратуе.
На імгненьне зрабілася ціха…
А тады вакол нас пачуўся такі шум, ад якога закладвала вушы!
Гэта аўтобус, у які мы трапілі, нібы ў пастку, з усяго размаху пляснуўся ў раку!
Мы закрычалі ўсе трое, адначасова, ды так, быццам хацелі сваім крыкам выбіць шыбы ў вокнах, за якімі цяпер была цёмная, халодная вада.
Аўтобус паволі паплыў – і мы пачулі, як вада пачынае пранікаць у салён.
Мы схапіліся за рукі, усе трое.
«Я хачу дамоў! – крыкнуў Анцік. – Лявон, скажы, што мы сьпім!»
«Мы ня сьпім», – сказаў я вінавата. Бо гэта і праўда я, менавіта я і ніхто апрача мяне, быў тым чалавекам, які сказаў усім садзіцца ў гэты жудасны аўтобус.
«Спакойна, – сказала Юля. – Мы ўсе ўмеем плаваць, праўда?»
«Я ўмею», – сказаў я.
«І я», – сказала Юля.
«А я не!» – заплакаў Анцік.
«Ты ж хадзіў у гурток плаваньня! – зьдзівіўся я. – Ты ж выхваляўся нам, што ўмееш і брасам, і кролем!»
«Я кінуў, – усхліпнуў Анцік. – Раз схадзіў і кінуў».
«Дык ты хлусіў? – жахнулася Юля. – А мы табе зайздросьцілі!»
«Мы былі дурні», – сказаў я.
«Усё роўна, – сказала Юля. – Мы можам забрацца на дах аўтобуса, саскочыць у ваду і даплыць да берага. А Анціка пацягнуць за сабой. Ну, ці даць яму штосьці, што дапаможа трымацца на вадзе».
«Толькі хутчэй, – прамармытаў Анцік. – Бачыце, вады ўжо амаль па калена!»
«А як жа кіроўца?» – сказаў я.
«Ты яшчэ не зразумеў? – зьдзівілася Юля. – Гэта была лялька!»
Я ўскочыў на сядзеньне і пацягнуўся да люка над галавой, каб адчыніць яго і вылезьці на дах. Але ніяк ня мог дацягнуцца. Я быў самы высокі ў нашай кумпаніі, і ўсё ж мне не хапала росту. «Давай ты сядзеш мне на шыю!» – крыкнуў я Юлі і нахіліўся, каб яна магла на мяне залезьці.
«Хутчэй! – падганяў нас Анцік. – Вада ліецца з усіх дзірак!»
Я і сам адчуваў, што мы тонем.
І тут здарылася нешта неверагоднае.
Нібы нехта падставіў пад бруха нашага аўтобуса сваю шырокую, роўную сьпіну. Падставіў і прыўзьняў – так, што вады вакол нас адразу паменела.
«Можа, мы селі на мель? – з надзеяй спытаў я. – Можа, гэта зусім неглыбокая рэчка?»
«Але мы плывем, – сказала Юля. – Адчуваеце? Вада нясе нас наперад. Калі б мы селі на мель, мы б ня рухаліся!»
«Ура! – крыкнуў Анцік. – Ня ведаю, хто там пад намі, але я зь ім сябрую!»
Мы прыпалі да вокнаў. За імі быў толькі туман, туман, ноч і вада, у якую няспынна сыпаліся дажджавыя кроплі. Мы плылі па рацэ, нібы на караблі – і цяпер у гэтым было нават штосьці прыгожае.
«Цікава, куды вядзе гэтая рака? – спытаў Анцік. – Лявон, у цябе ж дзесяць па геаграфіі. Ты ж усе беларускія рэчкі на памяць знаеш!»
«Ну, ня ўсе… – сказаў я. – У Беларусі ведаеш колькі рэкаў?»
«Колькі?»
«Дваццаць тысяч! – адказаў я з гонарам. – І дзесяць тысяч азёраў!»
«Адкуль ты ведаеш?» – з павагай паглядзела на мяне Юля.
«Ведаю», – ухіліўся я ад адказу. Хоць тлумачылася ўсё проста. Нядаўна мне давялося рыхтаваць спавешчаньне ў школе, і я грунтоўна праштудыраваў артыкул у Вікіпэдыі.
«Дваццаць тысяч, – уздыхнуў уражаны Анцік. – Ня можа быць!»
«Можа», – сказаў я.
«Як жа нас знойдуць? А калі гэтая рэчка ўпадае ў іншую рэчку, а тая ў іншую, а тая ў Чорнае мора? Значыць, нас могуць знайсьці ў Міжземным?» – задумалася Юля.
«Не, нам трэба выбрацца адсюль і вярнуцца ў Менск», – цьвёрда сказаў я.
Вакол нас ціха плёскалася вада.
«Значыць, мы не патонем?» – спытаў Анцік.
«Пакуль што не… – сказаў я, з трывогай узіраючыся ў акно. – Нешта нясе нас наперад. Нібы на сьпіне. Можа, плынь ракі, а можа…»
«Што можа?»
«Столькі ўсяго адбылося, што ўжо і ня ведаеш, ці ёсьць ва ўсяго гэтага тлумачэньне…» – сказаў я і пазяхнуў.
«Спаць хочацца», – замахаў рукой у сябе перад носам Анцік, нібы адганяў нейкіх сонных мух.
«Нельга», – прамармытаў я. – «Скажы, Юля?»
Але Юля ўжо й сама задрамала пад ціхі плёскат вады і шум дажджу. Я хацеў яе пабудзіць, але паваліўся носам на яе плячо і таксама заплюшчыў вочы.