Читать книгу Падарунак для Адэлі (зборнік) - Севярын Квяткоўскі - Страница 3
Вiльня ў канцы тунэлю
ОглавлениеМіленіюм я сустрэў задніцай. Для кагосьці Новы год прыходзіць са звонам курантаў, для кагосьці – пад цюканьне жалезных кубкаў, для кагосьці – з ранішняга паведамленьня па тэлевізіі, маўляў, наступіў-такі. Я сустрэў апошні год другога тысячагодзьдзя на віленскім Катэдральным пляцы. Выбух салюту ляснуў мне ў сьпіну. Калі я ня вытрымаў чаканьня ды рушыў, адкуль прыйшоў – у бок вакзалу, побач зь якім ва ўтульнай кватэры мяне чакаў сьвяточны стол.
Як сустрэнеш Новы год, так яго і пражывеш, а ў момант міленіюму я быў поўны рашучасьці. Хіба я ня памятаю рашучасьці на якую справу, бо ледзь трымаўся на нагах ад алькагольнага перадозу.
Вільня ў мяне асацыюецца з алькаголем. І зь зімой.
Вільня ня можа быць Горадам сонца, гэта Горад пад начным зорным небам. А яшчэ Вільня – Горад прывідаў, якія могуць цябе зьнесьці. У тваёй галаве шпацыруюць, працуюць, ядуць, танчаць і выпіваюць скарыны, ластоўскія, луцкевічы, міцкевічы, луцэвічы, гарэцкія, тарашкевічы… Дзядзькі антосі, казікі, юзікі… З кожным кілямэтрам, з кожным кілішкам яны робяцца рэальнейшыя.
Па прыезьдзе ў Вільню мясцовыя літоўцы выглядаюць, усё роўна як выяўленыя на няякасным галяграфічным малюнку: абрысы няпэўныя, трохмернасьць празрыстая, ці то ёсьць яны – ці то няма іх. Прывіды, адным словам.
Ёсьць яшчэ прывіды – мясцовыя нелітоўцы, якіх я і мае сябры клічам проста – славішы, але гэтыя – прывіды ў квадраце. У экзальтаванага адраджэнца-цьвярозьніка ўся гэтая хеўра можа выклікаць прыступ дэпрэсіі. Але ў пітушчага жыцьцялюба-рамантыка прывіды-тубыльцы саступяць месца прывідам-нацыянальным пэрсанажам. У тых, хто едзе ў Вільню першы раз.
Я выйшаў зь цягніка Менск-Вільня за сорак хвілінаў да Міленіюма ці не ў пяцідзясяты раз за жыцьцё. Дакладней, вываліўся, нібы набіткаваны мех, і хістка, але ўпэўнена нырцануў у нетры Места: далей і глыбей – да водарасьцяў, да камянёў, да ракушак, русалак, вадзянікоў… Праз карчы, завалы, міма балотнага глею да вядомых аднаму мне пясочных затокаў.
* * *
Вы калі-небудзь кулялі сьвяточны стол? Я кульнуў. Праўда, гэта было ўвечары 1 студзеня, і на стале заставаліся адно парэшткі сьвяточных страваў. Я зрабіў акт пратэсту супраць зьдзекаў з маіх пачуцьцяў. Я паставіў кропку. Пакінуў іх цалавацца і пайшоў.
Калі вы зьведалі хаця б крыху віленскіх вулак, дворыкаў, касьцёлаў, галерэяў ды музэяў, калі вы трохі набрынялі крывіцкім духам і літоўскім півам, вы заўважаеце, што Вільня – жыве. Я вось адзначыў, што чым бліжэй да вечара і да вакзала, тым менш чуваць літоўскай мовы. “Palauk (пачакай), имеешь сигарету?” Хлопец дзякуе за пачастунак і крычыць у сьпіну прыяцелю: “Marek, zaczekaj”. Марэк – на выгляд мой аднагодка, але вышэйшы і здаравейшы. На ім дзедмарозаўская шапка. Ён энэргічна, але далікатна чапляецца да дзяўчат. Марэк з прыяцелем зьнікаюць у кірунку вакзала, а я рушу па Завальнай у супрацьлеглы бок – паўз рынак у кірунку цэнтру.
У кішэнях ані цэнта. Я пазіраю то сабе пад ногі, то на ўлюбёныя віленскія зоркі. Да сустрэчнай сямейнай пары зьвяртаюся па-беларуску: “Прабачце, каторая гадзіна?” – “Дванаццатая”. – “Дня ці ночы?” – “?!” …
“?!” … – дакладна такая рэакцыя ў дзяжурных паліцэйскага пастарунку, які месьціцца тут жа побач, на Завальнай.
– Што мне трэба зрабіць, каб вы затрымалі мяне на ноч?
Сьмяюцца.
– Ну, давайце, разаб’ю во гэны графін на стале.
– Не-е, гэты пацягне на пятнаццаць сутак.
* * *
Грошай няма, але ёсьць тэлефонная картка. Ад вакзала я не аддаліўся ані на мэтар, хіба зрабіў кола. Ад Завальнай да Шапэна – тры хвіліны хады. Менскі прыяцель гасьцюе на гэтай вуліцы, таму ў маёй кішэні ўжо сорак літаў. Празь сем гадзінаў на Менск стартуе віленскі цягнік. Піва і чабурэкі ў прывакзальным кругласуткавым павільёне. Што яшчэ трэба, каб камфортна сустрэць апошняе 2 студзеня тысячагодзьдзя?
Віленскія чабурэкі смачнейшыя за менскія. А дзяўчыну-прадавачку клічуць Соня. Я ў Менску прадавачак з такім імём на бэджы ня бачыў. А вось сядаюць два маладзёны – спазьніліся на цягнік Вільня-Клайпеда. Дзесьці там, у Прыбалтыцы, у жмудзкім мястэчку іх чакаюць бацькі са сьвяточнымі прысмакамі. А яны тут даганяюцца півам. Адзін зусім ніякі – студэнты… А вось і мясцовыя рэальныя пацаны: “Сонечка, пивка, пожалуйста”. Працытаваць я працытаваў, а вось паспрабаваць перадаць акцэнт віленскіх расейцаў я магу толькі ў жывой гутарцы. Адзін з маладзёнаў пачынае мармытаць штосьці пра “русішку” (расейскую мову), маўляў, кажыце па-літоўску. “Я не понял, пацан, я чего, тебя обидел!?” – рэальны пацан сьціскае рэальныя кулакі і дадае, маўляў, панаехала калхозьнікаў. Літовец пачынае адмазваць прыяцеля-студэнта, маўляў, даруйце п’янога падлетка. А я бяру сабе яшчэ піва.
* * *
Можна глядзець на зорнае неба. А можна ў яго скокнуць, калі глядзіш на адбітак на паверхні возера. А можна глядзець з вады дагары і зноў-такі скокнуць у неба. Як каму больш падабаецца. У кожным выпадку ніхто з прысутных у павільёнчыку не патрабаваў, каб я перайшоў на расейскую. Трэцяй пляшкай піва я цокнуўся з тым літоўцам, які ня спаў, і з Марэкам. Марэк зьявіўся без прыяцеля, але ўсё ў шапцы Дзеда Мароза. Марэк па-польску і па-расейску пераконваў Соню сустрэцца наступнага вечара. Соня з радасьцю пагадзілася. Ці атрымалася ў іх што – ня ў курсе. Затое з Марэкам я прапіў апошнія літы. Уся справа ў беларускай мове. Я ёю выказваў свае думкі. А думак у мяне заўжды хапае. Асабліва іх паболела, калі Марэк пачаў адказваць мне на досыць прыстойнай беларускай мове. Не! Ён ня быў старшынёй Ліпоўскай раённай рады БНФ. Марэк, як і большасьць жыхароў віленскага раёну Ліпоўка, пазыцыянаваў сябе як паляк. Але, як і большасьць тых палякаў, у сям’і карыстаўся сумесьсю польскай і “простай” моваў. Вось пра гэтую “прастату” мовы, пра “трасянку”, пра карані, пра памяць продкаў, пра Княства, пра Скарыну… я і пачаў распавядаць прысутным у павільёне.
Вы можаце высунуць справядлівае дапушчэнне, што я зрабіў мітынг у шапіку. Не. Я зрабіў штосьці сярэдняе між лекцыяй і казаньню.
Да майго цягніка заставалася пятнаццаць хвілін, а ў кішэні было грошай роўна на квіток, калі Марэк заявіў, што абавязаны пазнаёміць такога выключнага чалавека, як я, са сваёй сям’ёю. Мы прапілі мае апошнія сем літаў сорак цэнтаў і рушылі па ўжо ранішняй Вільні.
* * *
Ранішняя Вільня ў раёне двух вакзалаў – чыгуначнага і аўтобуснага – гэта вам ня ранішні Менск. У Менску ўсё чыста і акуратна. Там бомжы і п’янчугі адсякаюцца мянтамі на падыходах да вакзалу. Прастытуткі не вяртаюцца з начной зьмены, бо іх даўно разагналі, а п’яныя літоўскія журналісты не равуць пра тое, што літоўскія танкі пройдуць па менскіх вуліцах. У Менску законнасьць і парадак. А ў Вільні ўсё наадварот. Можна пабачыць пралетарскі мінэт, які робіцца ў кутку між шапікаў, і алкана, які ледзь ня гіне пад коламі аўтамабіля, а перапужаны кіроўца на вачох у людзей зьбівае небараку на горкі яблык. І беларускага журналіста, які жлукціць з рыльца гарэлку ў кумпаніі караіма і літоўца. Зь імі ён квасіў усю ноч, а цяпер п’е разьвітальную ды празь імгненьне будзе крычаць, лежачы ў лужыне, “лабусы підары!”, абяцаць танкі пад бел-чырвона-белым сьцягам, а забяруць у пастарунак журналюгу паліцыянты-расейцы… Я ж кажу: Вільня – вельмі жывы горад. Праўда, не па навагодніх сьвятах.
2 студзеня 2000 году Вільня была ціхая, спакойная і прыбраная сьвежым сьнегам. Прынамсі, гэтак было на Ліпоўцы, дзе мы селі ў машыну і паехалі за дзесяць км ад Вільні ў бок беларускай мяжы.
* * *
Я сяджу на пачэсным месцы – леваруч ад старэйшыны сямейнага кляну, 78-гадовага дзеда грэнадэрскай выпраўкі. Дзед адзіны, хто гаворыць са мной па-расейску. 2 студзеня – Народзіны дзядзькі Марэка, таму сям’я сьвяткуе. Пры стале дзед, дзядзька, ягоная жонка, іхняя дачка, два хлопчыкі-ўнукі, Марэк і я. Налягаю на вяндліны з кіўбасамі ды збольшага памоўкваю. Першыя пытаньні задавалі па-расейску, тады па-польску, але цяпер усе (апроч дзеда) гавораць па-беларуску (і як гавораць! у сэнсе мовы). Памоўкваць я памоўкваю, хіба ўжо пасьпеў распавесьці любімы віленскі анэкдот:
– Dzien dobry, Maryla, jak sie masz?
– Ганька, сёньня ж не нядзеля, можна па-просту.
А таксама ўсе ўжо выпілі за мой тост: “Жыве Беларусь!”
А п’ем мы ня піва, п’ем самаробную гарэлку. А таму я больш закусваю ды імкнуся як мага дыпляматычней адказваць на пытаньні пра жыцьцё ў Беларусі. А глядзяць у сям’і БТ і вельмі зайздросьцяць грамадзянам РБ. Сям’і жывецца цяжка: у іх прыватны бізнэс – два мікрааўтобусы і вялікі хутар з гаспадаркай. Я акуратна тлумачу, чым адрозьніваецца інфармацыя БТ ад рэальнага жыцьця.
– Ды ён жа нацыяналіст! – выгукае Марэк.
Справа ў тым, што мы з Марэкам ужо не такія сябры, якімі былі ў павільёнчыку. Пакрысе далейшыя размовы са мной прывялі Марэка да правільнай высновы, што я нацыяналіст. Выснова шакавала Марэка, а мяне шакавала тое, што Марэк шакаваны сваім адкрыцьцём.
Але тут, за сталом, я ў поўнай эўфарыі. Я па-за сьпёртым паветрам РБ, у вольнай краіне, за добрым сталом, сярод простых беларускамоўных людзей! Учорашнія блуканьні вакол вакзалу падаюцца дурнаватым сном. Праўда, дзед усё кіпяціцца: не хавае сумневу. І ўрэшце наўпрост пытаецца пра маё стаўленьне да Лукашэнкі. Я адказваю, за якую частку цела падвесіў бы… І ўмэнт вылятаю з-за стала! Дзед трымае мяне за каўнер і цягне да выхаду. Жанчыны войкаюць, шэптам выбачаюцца за дзеда і нясуць за мной вопратку. На двары Марэк прапануе пабіцца (але ў мяне баліць нага ды вабшчэ), і праз хвіліну я ў кумпаніі праважатых-дзетак тэпаю празь сьнежнае поле пад ясным студзеньскім сонцам у бок Менскай шашы.
Сьвята атрымалася.
* * *
P.S.: Празь некалькі дзён мне са Жмудзі ў Менск затэлефанаваў прыяцель Міндаўгас:
– Ведаеш, вечарам першага студзеня па тэвэ паказвалі наведнікаў паліцэйскага пастарунку, зьнятых схаванай камэрай. Дык адным зь першых быў нейкі вар’ят-беларус, які хацеў пераначаваць у паліцэйскім пастарунку. Во сьмяяліся!
А то! У Вільні і не такіх прывідаў пабачыць можна.