Читать книгу Падарунак для Адэлі (зборнік) - Севярын Квяткоўскі - Страница 4
Патаемнае жаданьне
ОглавлениеI. Калядная Паштоўка
Бывае сон – усё роўна як фонавае мармытаньне тэлевізара, прачнуўся – выключыў і забыўся на той сон. А бывае, суткамі ня можаш вынырнуць з убачагана сну. Углядаесься ў навакольную рэчаіснасьць, нібы рыбка праз шыбіны акварыюма.
А яшчэ бывае: раптам спасярод дня прамільгне згадка пра нейкі з тваіх колішніх сноў, жахлівых ці салодкіх. Прамільгне і зьнікне. Ты сілісься ўзгадаць – і ня можаш. І яшчэ бываюць сны, на якія не забудзесься ніколі.
Мая гісторыя пачалася за тыдзень да Калядаў. Сякія-такія справы прывялі мяне ў адно мястэчка. Дакладней, у гарадзкі пасёлак. Там спазьніўся на вечаровы цягнік, а наступны меўся быць толькі раніцой. У роспачы я пайшоў бадзяцца па засьнежаных вуліцах. Была нетыповая для канца сьнежня ноч. Спакойная, крыху марозная, але галоўнае – ясная.
Я блукаў сярод крываватых драўляных дамкоў, сярод нягеглых двух-пяціпавярховікаў. Я мог пайсьці ў адзіную ў г.п. рэстарацыю, у адзіны гатэль альбо затуліцца на вакзале. Такім жа нягеглым, як дамкі і будынак ДК, дзе ў тамтэйшай рэстарацыі віравала пераднавагодняе жыцьцё пасялкоўцаў. Але я паволі йшоў па вулках, паліў і прыдумляў тэкст для новай песьні. Магчыма, вы ведаеце наш рок-гурт, які зьявіўся на сцэне ў самым канцы тысячагодзьдзя. Калі вы любіце цяжкую альтэрнатыву, дык чулі нас і бачылі на айчынным TV дакладна. Нашыя афішы рэгулярна зьяўляюцца ў многіх гарадах краіны і нават замежжа. І вось тым разам я прыяжджаў у г.п., каб дамовіцца зь мясцовымі лабухамі на невялікую суму арэнды апарату.
Калі йдзеш па пустэльнай засьнежанай вулцы, залітай месяцовым сьвятлом, рэдка думаеш пра жыцьцёвую мітусьню. Прынамсі я не думаю. Я ўшчэнт забыўся на нядаўні торг з лабухамі і пра патрэбу знайсьці грошы на запіс дэма-вэрсіі, я тварыў.
Неспадзеўкі адчуў, што ня цямлю, дзе апынуўся. Хоць г.п. не такі ўжо вялікі, каб губляць арыенціры. Да мяне таксама дайшло, што не заўважыў, як на месяц накаціла хмара і наўкола зрабілася цёмна. Ліхтароў на вуліцы няма, а ў дамах не сьвяцілася аніводнага вакенца. Як рана тут людзі кладуцца спаць! Я зірнуў на гадзіньнік: зрэшты, для г.п. ня так і рана – амаль поўнач.
Я стаяў у разгубленасьці, але раптам пачуў гук флейты. Прынамсі, цяпер мне падаецца, што я яго дакладна пачуў. Я пайшоў вузкай сьцяжынкай між дваровых платоў. Па ёй відавочна рэдка хадзілі – сьнегу па калена. У момант, калі я надумаў паварочваць назад, выйшаў месяц і асьвяціў…
Мне падалося, што я бачыў гэты дом, калі прыехаў ранкам і шукаў патрэбны адрас. Так, дакладна! Я зьвярнуў увагу на незвычайнасьць дому. У адрозьненьне ад суседніх драўляных, дом быў з цэглы. Старой чырвона-брунатнай цэглы. Аднапавярховы, “нізкай пасадкі”. Мяне ўразілі вокны дому – чорныя і глыбокія.
“Тут была катавальня”, – патлумачыла бабулька, што кульгала міма, калі я стаяў і разглядваў дом. Я паціснуў плячыма і пайшоў далей. І вось я ізноў тут. Толькі гляджу ня з вуліцы, а з падворку.
Дом акаляў невялікі сад. Побач з адным дрэвам – ці ня самым старым – мелася студня. Расчыніліся дзьверы, і на падворак скокнула дзяўчына. Высокая, ладная, з пустым вядром у руках. На дзяўчыне была адно кароткая кашулька, якая ледзь прыкрывала клубы. Басаногая, сьпяваючы нейкую песеньку, дзяўчына пабегла да студні. Набрала вады, вярнулася на ганак, павярнула голаў у мой бок і памахала рукой. Я быў перакананы, што мяне не відно, бо я стаяў у ценю суседзкай павеці.
Весьнічкі былі незамкнутыя, ды я нясьпешна падышоў да ганку і асьцярожна націснуў на ручку дзьвярэй, якія адразу ж адчыніліся.
– Заходзьце, – усьміхнулася дзяўчына, – я вас чакала.
– Вы мяне ведаеце? Вы ведаеце мой гурт…
Дзяўчына прыклала да маіх вуснаў палец і паказала на ложак, побач зь якім стаяў маленькі столік. Я прысеў і глядзеў на дзяўчыну, якая рухалася па пакоі танцуючы. Яна не саромелася сваіх аголеных ног і кароткай празрыстай кашулі. Дзяўчына запаліла сьвечку на стале і паказала на дзьверы ў суседні пакой:
– Я туды ніколі не заходжу. Там жывуць эльфы і гномы, апоўначы яны пачынаюць граць на флейце. Паслухайце іх, а я зьбяру сьвяточную вячэру.
Праз колькі хвілінаў мне падалося, што я сапраўды чую музыку. З вуліцы дом выглядаў такім вялікім. Але пакой, дзе апынуўся я, быў маленькі. Я агледзеўся: старая шафа, палічка з кніжкамі, колькі плюшавых цацак…
Хвіліны цягнуліся, а гаспадыні ўсё не было. Цікаўнасьць перамагла, і я наважыўся адчыніць дзьверы ў суседні пакой. Ён быў вялікі і абсалютна пусты. Калі не лічыць вялікай грубкі, абкладзенай старой-старой кафляй. На грубцы стаяла калядная паштоўка – “Анёл ляціць над гмахамі старых камяніц”. Я не стрымаўся, разгарнуў паштоўку і ўбачыў імя адрасату – сваё імя.
Едучы раніцай дадому, я спрабаваў узгадаць, што было пасьля таго, як я выйшаў з пустога пакою. Але здолеў прыгадаць толькі, як прачнуўся ў ложку, як пабачыў запіску са словам “Дзякуй!”, як выйшаў, зачыніў дзьверы і амаль адразу знайшоў дарогу да вакзалу. Ува мне засталося пачуццё асалоды. А таксама зьявіліся трывога і разгубленасьць. Бо здавалася, што гісторыя адбылася не са мною. Нібы я стаўся ўдзельнікам чужой гісторыі.