Читать книгу Жанчына і леапард (зборнік) - Таццяна Барысік - Страница 2
Па наезджанай каляіне
ОглавлениеЯ, настаўніца пачатковых класаў паводле адукацыі, сведчу: школьныя падручнікі беларускай літаратуры нахабна хлусяць. Пісьменнікаў з бедных сялянскіх сем’яў не бывае і, мабыць, не было ніколі. Я пра гэта яшчэ з дзяцінства здагадвалася, а цяпер пераканалася канчаткова. Паспрыялі такой выснове не столькі газетныя артыкулы 90-х гадоў і лекцыі прагрэсіўных выкладчыкаў у педкаледжы, колькі жыццёвыя назіранні і, на жаль, уласны досвед. Мажліва, мая гісторыя падасца вам тыповай і нецікавай, усё ж мушу яе распавесці. Бо ў нядзелю падчас рэлігійнай перадачы па тэлевізары святар сказаў, што закопванне талентаў у зямлю – вялікі грэх. Я ж у царкву не хаджу, таму хаця б і не перад Богам, дык перад людзьмі апраўдаюся. Мо лягчэй зробіцца.
Завуць мяне Вольга Іванаўна. Мне 28 год. Вясковая настаўніца. Замужам, двое дзетак. Нарадзілася ў беднай сялянскай сям’і, у палескай вёсцы за дваццаць кіламетраў ад райцэнтра. Бацьку свайго не памятаю. Нас у маці пяцёра – усе ад розных бацькоў, я самая старэйшая. Маці працавала свінаркаю, не скажу, каб яна дужа піла ці была гультайкаю, але мела схільнасць да неразважлівых учынкаў і бязладнага жыцця. Магла звалачыся ў якія госці ці на бяседу, пакінуць неспарадкаваную гаспадарку і малых дзяцей, лазіць недзе па чужых дварах, пакуль па яе не прыходзілі.
Пасля з патроенай сілай за працу бралася, і рабіла – ледзь ад стомы не падала. Або, атрымаўшы заробак, ехала ў горад і амаль усе грошы распускала на цюль для вокнаў, новую куртку чарговаму айчыму ці іншую дарагую непатрэбшчыну. Твары айчымаў змяняліся, бы шкельцы ў калейдаскопе, але карысці і дапамогі мы ад іх не мелі ніякай.
Усім на дзіва вучылася я добра. Нават у прадметных алімпіядах удзельнічала. Асабліва падабалася пісаць зацемкі ў насценгазету і сачыненні. Хаця сачыненні мае неаднойчы на раённыя конкурсы настаўнікі дасылалі, аднак ні аб якім прыгожым пісьменстве я й марыць не марыла. Бо астатнія дзеці з бедных сялянскіх сем’яў, гэткіх жа, як і ў мяне, недагледжаныя, напаўгалодныя, у чужых абносках, таксама не йшлі ў пісьменнікі і артысты. Яны ўвогуле нікуды не йшлі. Хлопцы туляліся па вёсцы, пакуль іх не забіралі каго ў войска, каго ў турму, тут ужо як каму пашанцуе. Дзеўкі заставаліся дома, яшчэ ў школьныя гады нараджалі дзіця, гадавалі як давядзецца, прапіваючы мізэрную грашовую дапамогу разам з сужыцелем. Або знікалі ў невядомым кірунку, а праз колькі гадоў аб’яўляліся на бацькаўшчыне змучаныя, задрыпаныя, з плоймай мурзатых дзяцей.
Я ж такой долі не хацела. І ўсё роўна чула ў спіну:
– Гэта пакуль яна яшчэ малая, дык вучыцца добра і такая харошая ды правільная, а пабачыце: падрасце – будзе ўся ў маці.
А я спадзявалася… Спадзявалася ў будучым стаць нармальнай. Такой, як дочкі агранома, як суседчыны гарадскія ўнукі. Пасля дзявятага класа паступіла ў педкаледж. Чым сталіся для мяне чатыры гады вучобы ў горадзе, успамінаць не хачу. Дзякуй мамінаму брату дзядзьку Паўлу – дапамагаў трохі ежай і грашыма, інакш уцякла б адтуль і не атрымалася б з мяне настаўніцы. На танцы і гулянкі не хадзіла, сяброў не займела. Каму патрэбна кепска апранутая, затурканая дзяўчына?
На працу накіравалі ў суседнюю школу, жытла не далі. Давялося ездзіць штодня на прыгарадным аўтобусе, а жыць у роднай хаце. Там усё было па-старому – пустая лядоўня, вечны вэрхал ды лямант. Заробленыя грошы разыходзіліся ўмомант, часта без майго на тое дазволу. Меншыя браты ды сястра без догляду, самі па сабе. Апошняе матчына каханне – дзядзя Віця, калі п’яны – безупынку галаву дурыць, цвярозы соваецца па двары ў расхрыстанай кашулі.
Аднойчы вярталася са школы дадому позна і не паспела на аўтобус. На шашы спыніўся, каб падвезці, шафёр мясцовай зверагадоўчай фермы. Пазнаёміліся, пачалі сустракацца, праз паўгода Дзяніс прапанаваў выйсці за яго замуж. Пагадзілася адразу, хоць галава ад кахання не кружылася. А хто яшчэ мяне тут узяў бы? Дома мне нічога не свяціла. А Дзяніс хлопец непітушчы, працавіты, адзіны сын у бацькоў. Сям’я прыстойная, не раўня маёй.
Кожнай хацелася б у такую ўбіцца. Маці бухгалтар на звераферме, дом на дзве палавіны пабудавалі, гаспадарка вялікая.
Згулялі вяселле. Праз год дачушка нарадзілася, пасля сын. Абжыліся. Свякруха абстаноўку дапамагла купіць. На падворку – свінчо, куры, качкі, дзесяць трусоў у клетках. Цяперака мясцовыя пляткаркі ўжо не прарочылі мне матчынай долі, а дзівіліся і зайздросцілі:
– Бач ты! Вывучылася, вылюднела.
Здавалася, ад мяне мінулай – смаркатай дзяўчынкі ў падраных калготках – не засталося й следу. Збылася дзіцячая мара. Вёска прызнала мяне нармальнай. Усё як у людзей. Па святах – бяседы ў Дзянісавай цёткі Лілі, праз тры хаты ад нашай. Гэта адзінае, што не выклікала захаплення. Але ж не бывае так, каб усё гладка. Не, шашлыкоў у яе, канечне, хапала – поўны тазік! А як жа інакш? Мужык заатэхнікам на звераферме рабіў. Сама ж Ліля да ўсіхніх штаноў гузік. Дае парады, выказвае свае думкі, нават калі й не цяміць зусім, пра што размова. А ўжо пра засолку агуркоў і мужаў гастрыт гадзінамі баяць можа. Рот не закрываецца. Як трохі падап’е, сыпле мацернымі показкамі, зацягвае нязменнае:
«Ой, мароз, мароз, не марозь міня…» Праўда, на сярэдзіне песні змаўкае, так і не патрапіла да канца яе вывучыць. «Во, ізноў Лілька раве», – пасміхаюцца суседзі. «Наша Ліля малайчына – што выпіць, што пагуляць!» – падхвальваюць сваякі. «Канечне, бо нашто такая жызня! – рагоча Лілька, піхаючы мяне ў бок: – А ты чаго такая неапшчыцельная?» Маўчу, каб радню не ўгнявіць. Мне ж яе «апшчыцельнасць» бы стрэмка ў пяце.
А ў астатнім усё няблага ішло. У дзевяноста восьмым пасля дэкрэтнага ў школу вярнулася. Працы па спецыяльнасці мне не знайшлося. Давялося ісці педагогам-арганізатарам і выхавацелем групы падоўжанага дня. Пасады тлумныя, малааплатныя. Спраўлялася, бо выйсця не было. Муж бурчэў: «У цябе то канцэрты, то вечары ў клубе. Хіба іншых настаўнікаў няма?»
Тут раптам высветлілася – здольнасці мае літаратурныя нідзе не падзеліся, а якраз тут і спатрэбіліся. Сцэнарыі святаў ствараліся на адным дыху. І падбіла ж мяне ліха напісаць тое першае сваё апавяданне, шчэ ў газету даслаць яго! А пачалося ўсё з перадачы абласнога радыё на тэму каляднай абраднасці. Я ўзяла ды ўзгадала, як на маёй памяці каляды святкавалі. Пра бясконцыя чароды калядоўшчыкаў, каторыя па двойчы ў адну хату ідуць, пра казу, якая ўпала, каб далі сала, але колькі ні давалі сала, падняцца так і не здолела. Спірту перабрала, на руках з хаты вынеслі. Ведама, нашыя п’яніцы – два разы тупнуць, а ты нясі ім і выпіўку, і закуску! Шмат хто ў шчодры вечар вокны чорным занавешвае, каб святла відаць не было, каб не перліся калядоўшчыкі. Даслала апавяданне «Калядны вечар» у раёнку. Надрукавалі, рэдактар патэлефанаваў у школу, пахваліў, запрасіў да супрацоўніцтва, да ўдзелу ў літаратурных вечарынах. І павыступала я ў сваёй школе, у суседніх вёсках, у раённым ДК, нават на радыё мясцовым. На працы мною ганарыліся: «Трэба ж так пісаць, слова не выкінеш!» А вось радні маёй было не ў нос. Асабліва шчыравала цётка Ліля, нават падбухторвала свякроўку звазіць мяне да бабкі пашаптаць, маўляў, здурнела дзеўка, сурочылі яе. Ды я ў галаву не брала, для цёткі Лілі ўсё за межамі мужавага гастрыту і салення агуркоў – вар’яцтва. Астатнія маўчалі, пакуль што. Прычыны наракаць не было. Заробак маю, у хаце спарадкавана. Так цягнулася ажно да запрашэння на двухдзённую сустрэчу для маладых літаратараў нашай вобласці. Я вагалася: ехаць ці не, але рэдактар угаварыў, а дырэктарка школы нават дарогу ў абодва бакі аплаціла, папрасіла кніжак для школы прывезці. І я рызыкнула – за гаспадаркаю пагадзілася прыгледзець свякруха.
Імпрэзу зладзілі будзь здароў! Абласное тэлебачанне здымала! Прысутнічалі і знаныя літаратары, багата творчай моладзі. У асноўным усе з універсітэта – цікавыя разняволеныя людзі. Я напачатку пачувала сябе скавана. Але як пачала свае творы чытаць, куды тая сцішанасць падзелася! Два апавяданні ўзяў для друку адзін дужа паважаны часопіс. Параілі не спыняцца, пісаць далей.
Выканаўшы даручэнне дырэктаркі, з гарадскімі гасцінцамі для дзяцей у адваротны шлях ляцела бы на крылах. Непадалёк ад аўтобуснага прыпынку пераняла мяне вучаніца і выгукнула: «Вольга Іванаўна! А я вас учора па тэлевізары бачыла». Родная хата сустрэла мяне напружаным маўчаннем. Дзяніс, не вітаючыся, патэпаў у сенцы пры маім з’яўленні. Зацішша перад бурай. Ад дачушкі ўдалося дазнацца, што ж такога непапраўнага здарылася за два дні: здохла двое трусянятак, бабу паклікалі на працу, дык тата мусіў двойчы сам сабе гатаваць вячэру і сняданак. І тут Дзяніса нібы прарвала:
– Мне тваё пісанне да ср… Мне трэба, каб дзеці ды гаспадарка дагледжаныя былі! Для гэтага жонка ў хаце. А не для таго, каб у горад ездзіць, хвастом круціць ды купляць кніжкі вазамі! Карысці з іх! Цётка Ліля праўду казала…
Святочны настрой знік імгненна.
– Трусы для цябе, канечне, галаўней. А мае жаданні ў разлік не ідуць, – толькі і прамовіла я ў адказ. Даводзіць сваю невінаватасць у трусінай смерці не мела сэнсу. Блізкія людзі? Пэўна, каб загуляла на два дні на якой бяседзе, гэта было б ім лягчэй зразумець і перанесці.
Не размаўлялі два дні. Блізіўся мой дваццаць сёмы дзень нараджэння. І святкаваць яго не было ніякага жадання.
Раніцаю ў хату завітала свякруха з віншаваннямі ды вялізнай торбай:
– Паслухай мяне, Волечка, памірыцеся вы. Ды не лётай нікуды больш. Мужыка і дзяцей глядзі. Дзяніска во як усердзіўся! Ты ж ведаеш баб нашых – умомант мужыку галаву закруцяць. За яго любая пойдзе. Кіне сям’ю, а каму патрэбна ты і твае дзеці будуць? Нашто табе тое пісанне? Абы сляпіцца. Ты ж ужо матка дваіх дзяцей, а не школьніца якая. Лепш паляжы, адпачні, паглядзі тэлевізар…
Аднекуль са сховаў маёй памяці выплыў азызлы твар дзядзі Віці, гнілая матчына хата. Нібы на яве пачуліся галасы пляткарак:
– Я ж вам казала, толку не будзе! Матка семярых памяняла, і дачка з мужыком не ўжылася.
Мурзатае дзяўчо ў падраных калготках, аказваецца, нікуды не падзелася, да скону ўва мне будзе. Міжволі падумалася: «Насамрэч, дзе ж я падзенуся? У мяне ж нічога свайго няма і заробак малы». На хвіліну ўявіла, як мае дзеці ўсё дзяцінства і маладосць будуць выбівацца з галечы і апантана даказваць сваю «нармальнасць». На мары, здольнасці, свабоду выбару сілаў ужо не застанецца. Зачараванае кола. Не бывае пісьменнікаў з бедных сялянскіх сем’яў.
– У цябе ж дзень нараджэння сёння, дык я дару табе шапку норкавую, у кошт заробку ўзяла. А то ўсё ў вязанай, як дзіцё, бегаеш. Праздраўляю! – усміхнулася свякруха і паклала на край стала, ссунуўшы кубак, высокую, падобную на цэбар шапку. Кубак бразнуўся долу, разляцеўся на дробныя аскепкі. А разам з ім ляснулася ўся мая творчасць.
– На шчасце, на шчасце! – узрадавалася свякруха.
Аж млосна стала. Падзякаваўшы, я выбегла на двор. Трэба ж такому здарыцца: па вуліцы перлася цётка Ліля.
– Паглянь на яе! Пісацелька знайшлася, разумніца зас…ная! Дзяніска наш з сям’і харошай, а сціплы, не вытыркаецца нідзе. А яна, галадранка, адзелася, ад’елася, волю пачула! Казала яму: «Не бяры ты гэтай галытвы, вазьмі Ганьку Макараву». Не паслухаў цётку…
І тут я ўпершыню не стрывала звягі:
– Маўчы, авечка тарапатая! Мяне з пад плота не падняў, на сваім хлебе была! Даўбешка ты, дзве ізвіліны, а ўсюды язык свой паганы ўткнеш, глядзі, адкусяць.
Цётка ад нечаканасці аж збялела. Нешта буркнуўшы пад нос, пашыбавала дахаты.
З таго часу жыццё маё пайшло па наезджанай каляіне. Адзін дзень на другі падобны. З мужыком памірылася. Па першым часе на просьбы напісаць нешта адказвала рашучай адмовай. Пасля адчапіліся. Радня задаволеная. Нават Ліля больш не вяжацца, пасля таго, як я ёй адлуп дала, прызнала за сваю. Ды я яе і не пільнуюся. Вось з Нінай Адамаўнай, нашым заўклубам, пасябравала. Тая ўсё скардзіцца, што бацькі дзяцей у гурткі не пускаюць, кажуць, няхай лепш у градах. А я думаю, то яно і правільна, вышэй галавы не скокнеш…
Машыну новую купілі. Бычка на адкорм узялі. Дзеці здаровыя. Чаго Бога гнявіць – цяперашняе маё існаванне не такое ўжо і кепскае. Толькі вось ніяк не вызначуся, што яно мне больш нагадвае: нішчымны сталоўскі боршч ці вечарыну ў цёткі Лілі, дзе ўсе вакол рагочуць, а я – неапшчыцельная.