Читать книгу Жанчына і леапард (зборнік) - Таццяна Барысік - Страница 4

Шлях з літаратуры

Оглавление

Без чытачоў

– Люблю я Амара Хаяма, яго рубаі! «Уж лучше голодать, чем что попало есть…» – натхнёна прамаўляў хрыпаты голас пасярод вясковай вуліцы.

На хвіліну мне падалося, нібы я знаходжуся на пасяджэнні літаб’яднання ці на лекцыі па замежнай літаратуры. Але п’янкі пах бэзу ды павалены плот насупраць імгненна вярнулі да рэчаіснасці. Не, гэта не ўніверсітэт і не карпаратыў у рэдакцыі. Мы сёння на нашых сотках талакой бульбу садзілі. Потым, як належыць, пілі магарыч. Папаліць і адпачыць пасля міні-банкету выйшлі на свежае паветра. І вершы чытаў прыхільнік Амара Хаяма не спіты выкладчык-філолаг, не пазаштатны аўтар раёнкі, а адзін з нашых добраахвотных памочнікаў Міша – ці то бульдазерыст, ці то трактарыст па спецыяльнасці, майстар з залатымі рукамі і гэткай жа душой.

У маладосці падчас вайсковай службы, або мо на цаліну з’ехаўшы, ён апынуўся ў Казахстане. Пасля вярнуўся на бацькаўшчыну. Цяпер сям’і сваёй не мае, жыве на цётчыным лецішчы без сталай працы, з казахскім грамадзянствам і дыягназам сухоты. П’е, паліць і чыфірыць. З горада да яго яшчэ дзядзька прыязджае – чырванатвары здаравец з наборам гэткіх жа шкодных звычак, але зусім адрозным характарам. Міша працавіты і чулы, дзядзька гультаяваты і нахабны аматар дармаўшчыны. Цётка звычайна перадае сала ці масла. Але ўвесь харч імгненна прадаецца і прапіваецца. Да таго ж хітры дзядзька мае звычку цягацца за пляменнікам па заробках як бясплатны дадатак. Крыху глынуўшы для настрою, Міша ідзе працаваць. Дзядзька ж спасылаецца на кепскае самаадчуванне, імкнецца прылегчы і праз якую хвіліну храпе побач як пшанічку прадаўшы!

Не, вы ж хаця не падумайце! Нашыя мясціны славутыя не толькі Мішам і ягоным сваяком. У вёскі багатая падзеямі мінуўшчына, спрадвечныя традыцыі, вось толькі людзей амаль няма. Усяго восем-шаснаццаць чалавек у залежнасці ад сезону. Сярод іх ёсць, канечне, былыя настаўнікі, заатэхнікі, ударнікі працы, але ўсім ім пад восемдзесят ці за восемдзесят. Міша ж тут не толькі самы малады (няма й пяцідзесяці), але й самы адметны.

Ну, скажыце, хто ж яшчэ здатны дзябнуць конаўку брагі, з запаленай папяроскай у зубах залезці на тэлеграфны слуп, падрамантаваць ліхтар і гэткім жа чынам спусціцца долу, не выкінуўшы з зубоў папяроскі? Хто можа ў чыстым полі восенню разам з суседам усю ноч вартаваць выкапаную ў кааператыве бульбу, каторую сусед не патрапіў завезці дахаты?

Але мяне захаплялі найперш не гэтыя неардынарныя ў разуменні сярэднестатыстычнай асобы ўчынкі. А Мішава прыхільнасць да Амара Хаяма і ягоны падарунак сябру, былому настаўніку: кніга Уладзіміра Высоцкага. Выбранае, пільная ўвага да ўніверсітэцкага паэтычнага зборніка. Што ўжо казаць пра Міхасёвы размовы на бяседах! Людская гамана даўно ператварылася ў перадачу малацікавай інфармацыі пра асаблівасці ўласнага побыту.

– Буракоў дробных наварыла, пад’ела. От, смачна!..

– Мой унук паступіў на завочнае, на платнае, другі курс ужо, на сесію паехаў. Дык я ўжо сяджу, думаю, хаця ж бы ён здаў экзамены тыя…

– Я такая чысцёха! Люблю парадак у хаце. Як маладзейшая была, усё паўмываю, паўчышчаю, фіранкі накрухмалю, мост пашкрабу, пыл з фікуса анучкай выцеру…

Вось так, бывае, сядзіш, слухаеш і маўчыш. Бо смак буракоў не змяняецца год ад году, а бабулін унук абавязкова яшчэ папап’е людское крыві. Бо калі, пражыўшы жыццё, табе няма чаго распавесці нашчадкам, апроч прыбірання ў хаце, дык, пэўна, не хваліцца, а галасіць варта.

Міхась жа ў гутарках не кранаў тэлесерыялаў, не ўзвялічваў сябе, пахваляючыся штодзённымі клопатамі. І тут справа, бадай, не ў адсутнасці тэлевізара ды наладжанага побыту, проста для гутарак знаходзілася нешта цікавейшае, больш важнае. Так, аднаго разу ён прызнаўся, што не толькі чытае чужыя вершы, але й піша свае:

– У мяне іх багата. Я іх пішу і пад койку кідаю! «Лебедзь, рак і шчупак» – у падробку Крылову, – абвясціў Міша назву ўласнага твора і пачаў чытаць. Твар ягоны адразу пасвятлеў, бы на імшы, а голас… Голас хрыпеў і зрываўся. Каб разабраць праз хрып і сіпенне тэкст, змоўклі ўсе, хто сядзеў побач. Тое, што ўдалося пачуць, мо і не з’яўлялася скарбам сусветнай літаратуры, але было куды самабытнейшым за скляпаныя наспех шэдэўры зорак раёнкі. Дый заканчэнне байкі атрымалася цалкам сучасным. Героі Крылова цягнулі воз у розныя бакі, персанажы Міхася ўвогуле адмовіліся брацца за працу.

На жаль, голас паэта я тады чула ў апошні раз. Нейкі час сустрэцца не выпадала. Казалі, нібы Міша быў бы не супраць надрукаваць свае творы хаця б на старонках мясцовай прэсы. Але ў хуткім часе яму стала не да вершаў. Урачы выявілі апроч сухотаў яшчэ й анкалогію. Некаторыя ў вёсцы імкнуліся не спатыкацца з Мішам, каб хвароба на іх не перайшла.

Ён завітаў да нас напярэдадні дзявятага траўня. Знакам папрасіў у мяне асадку з папераю. Павіншаваў старых са святам. Я ў адказ пажадала яму здароўя.

– Мне засталося год ці паўтара, – прачытала я на аркушы сшытка. Вось так і скончылася нашая гутарка-ліставанне.

Чакаеце трагічнага фіналу? А трасцу ў бок! Стары, які напярэдадні Дня Перамогі збаяўся паціснуць Мішу руку, нечакана памёр праз тыдзень з невядомай прычыны. Мішавага дзядзькі-здараўца не стала праз год, а яму зрабілі аперацыю і ён акрыяў, нават звычкі выпіваць не кінуў. Праўда, свой голас паэт страціў назаўжды. Далі інваліднасць. У вёсцы ён не з’яўляўся. Цётка прадала лецішча. Болей з Міхасём я не бачылася, у друку ягоныя вершы так і не з’явіліся, ды і наўрад ці ён працягвае іх пісаць. Навошта? Уголас іх чытаць няма як, а напісанае ад рукі хто ж цяперашнім светам разбіраць будзе? Некаторыя толькі друкаванымі літарамі чытаць умеюць.

«Ну, й такое бяды! Адным графаманам меней», – прабурчыць нехта. І будзе мець рацыю. Нашай краіне патрэбны графаманы іншага кшталту – маладыя, здаровыя, без шкодных звычак, каб скапыціліся не хутка, амбітныя, усюдыісныя, адукаваныя настолькі, што аж жах бярэ, і, галоўнае, з абсалютнай няздатнасцю шпурнуць чарговы твор пад ложак, цытаваць усходніх паэтаў без пільнай на тое патрэбы. Толькі ці ўслухоўваецца хтонебудзь у іхняе гучнае, бы мацюгальнік да вуха прыклалі, дэкламаванне, як услухоўваліся мы тады ў голас вясковага паэта Міхася, хворага на сухоты і анкалогію грамадзяніна Казахстана. І хаця ён ніколі не меў сваіх чытачоў, але ўсе ягоныя нешматлікія слухачы, што пакуль шчэ не адышлі ў лепшы свет, дасюль памятаюць і самога паэта, і назву яго самага вядомага твора: «Лебедзь, рак і шчупак». Падробку пад Крылова.

Жанчына і леапард (зборнік)

Подняться наверх