Читать книгу Песьні тралейбусных рагуляў (зборнік) - Уладзь Гарбацкі - Страница 2

Прадмова

Оглавление

З раньняга дзяцінства ўспаміны засталіся нейкія цьмяныя – бяз формаў і колераў, як быццам і не было ў жыцьці значнага кавалка. Затое багатыя ўспаміны на гукі. Асабліва адзін безупынку круціцца і асацыюецца з пачаткам майго шляху. Гэты гук – ледзь чутны строкат, які паступова перакідваецца песьняй тралейбусных рагуляў. Дзіўная, патаемная сувязь завязалася ў мяне зь віцебскім тралейбусам, які сымбалічна да ўсяго стаўся маім раўналеткам. Не кажу, што дрэннае дзяцінства было ў мяне, наадварот, цёплае і бэзавае, але ж чамусьці з пацалункамі маці на ноч сумная калыханка, нашаргатаная рагулямі нябачных тралейбусаў, заўсёды дамешвалася да ўспамінаў, вобразаў утульнага дзяцінства.

Штовечар, атрымаўшы традыцыйную порцыю матчыных пацалункаў, я апынаўся ў чорным пакойчыку. Зразумела, сон не заўжды кідаўся на мяне адразу, часьцяком ён хаваўся ў цемры і вычэкваў гадзіны. Ды я, здаецца, яго дужа й не чакаў – было чым заняцца. Амаль заўсёды спадзяваўся пачуць набліжэньне тралейбуса, ягоны чульлівы строкат рагуляў. А калі-нікалі нават удавалася ўбачыць успышку адразу ж памерлых іскарак, нарадзілых з-пад залезных рагуляў. Тады скрозь цемру ўспыхвала сэкунднае сьвятло і я ўсьміхаўся нечаканаму падарунку ад майго патаемнага сябрука-раўналеткі.

Гук, адарваны ад вобраза, бо я быў нагэтулькі малы, што ня мог шчэ дацягнуцца да падваконьня, а таму ня бачыў, хто ж ці што ж выдае такі спэцыфічны клёкат. Мне малявалася нейкая дзівосная птушка, якая клёкала, бы журавель ці бацян. Часам я так стараўся дацягнуцца да вакна, каб усё ж такі ўгледзець яе, тую птушку, але не даваў рады. І таямніца цьвяліла мяне ўсё больш і больш.

Засынаў я неяк непрыкметна для розуму. Прачынаўся зноў жа ад клёкату халодных залезных рагуляў, якія няхотна паўзьлі па вільготнаму і ахалоджанаму Дзьвіной дроце. Потым я чуў асьцярожныя сягі матулі ці таты, якія адцягвалі ўвагу ад майго сябрука. Я канчаткова ўваходзіў у рэчаіснасьць, выкараскваючыся з цэлафану фантасмагорыі.

Узгадаваю яшчэ маю першую жывую сустрэчу з тралейбусам, які спыніўся неяк акурат перада мною з маці. Добра памятаю, як аднойчы па дарозе ў садок, мяне надзвычай уразілі сумныя вочы-фары тралейбуса, амаль сьлёзны ягоны твар. У садку я ў той дзень не жадаў гуляць ані з кім – гэтак трымаў мяне самотні вобраз віцебскага тралейбуса. Гэта зусім ня птушка, а хутчэй сьмешны самотні слон. І назваў я яго на сваёй дзіцячай мове – «кельбусам». Ці ня першы мой словатвор, які так цешыў бацькоў. Слоўка, якое ахапіла таго, хто клекатаў для мяне і дапаўняў матчыны калыханкі, а яшчэ пабуджаў мяне і зачароўваў, і навяваў сумнявыя мэлёдыі.

Сяньня ўзгадваючы дзяцінства, я часам сумняюся, ці было яно наяве ці толькі ў салодкіх прыблізных марах? Сумныя твары тралейбусаў і цяпер, хоць і памяняліся здаўна мадэлі саміх машынаў, штодня пераконваюць мяне ў ягоным існаваньні, а даўгія чорныя і сталёвыя адцягнутыя назад рагулі, якія робяць тралейбус падобным да вялізнай цыкады, працягваюць зьдзіўляць і маё дарослае жыцьцё чаканымі зь дзяцінства іскоркамі-падарункамі.

Праўда, вось клёкат рагуляў стаўся значна цяжэйшым і сумнейшым, што часам нагадвае мне тужныя дзьвінскія песьні і расповяды маёй бабулі. На дзіва, кожная песьня памерам у велічны кавалак чалавечага жыцьця, чалавечых хваляваньняў, значнага эпізоду з майго развою і толькі зрэдчас слабых усьмешак…

Песьні тралейбусных рагуляў (зборнік)

Подняться наверх