Читать книгу Песьні тралейбусных рагуляў (зборнік) - Уладзь Гарбацкі - Страница 4

Другая казка

Оглавление

З сумам і гонарам гляджу з сяньняшняга ў дзяцінства. Смачнае, мяккае, але не пухматае, рэальнае, з турботамі, посьпехамі і паразамі, сьмерцю таты дзяцінства. Заўсёды ў жуду наступала казка, увівалася нахабна і нечакана, жыцьцясьцьвярджальна. Летняя і першая казка з бабуляй, у бабулі ў вёсцы назаўжды надала мне сілы, пераканала ў сэнсе жыцьця, у вартасьці існаваньня і назаўжды адвярнула мяне ад ідэі, думкі пра самагубства.

Другая ж казка спаткала мяне неўзабаве пасьля зьдзяйсьненьня першай, пасьля апусканьня ў сьвет роднай мовы, якую хавалі ад мяне ў горадзе. Якую хавалі ці не ад усіх беларусаў у музэях, архівах, могілках і вёсках. Чужая краіна, у якой жылі беларусы – СССР – была, дадушы, чужой, гвалтоўнай. І ўсе беларусы разумелі, адчувалі гэта на сваіх скурах, на сваіх языках і вушах. А калі некаторыя не хацелі і ня хочуць прызнаваць гэтага, то гэта азначае хіба адно – яны хлусяць самі сабе. Мая першая казка пра чароўную бабулю і манструёзнае места якраз сьведчыць аб велізарнай супярэчнасьці чужога ўтварэньня – СССР – на беларускай зямлі.

Але вярнуся да другой, ня менш важнай казкі майго жыцьця – казкі пра тое, як і калі я адчуў сябе геям. Ня проста так зразумеў усё я пра сябе – казкава дайшоў я да сябе. Праз бабульку ў вёсцы я зразумеў, што я – беларус. Спазнаў сьвет па‐беларуску. На прыкладзе слова «валошка» я адчуў смак мовы і непаўторны валошкавы колер. Пасьля гэтага абліваха смачных словаў прыкула мяне да беларускай мовы. Колькі моваў ня зьведаў пазьней, адпаведнікі васілёк, bleuet, rugiagėlė так і засталіся цьмянымі копіямі валошкі. Пасьля гэтага я зразумеў, што ня толькі беларус я, а што я – гей. Так паволі, здалёку і так упарта, сьмела наведвалі мяне розныя думкі, зачэпкі, стрэмкі, адкрыцьці, прадчуваньні. І так няўпэўнена адразу і так усмак затым рэагавала маё цела, мае маладое, у стане сасьпяваньня і даросьленьня цела, на імпульсы, пасланьні звонку, але і спадыспаду. То нейкі позірк, то пэўная лінія дарослага ці юнацкага мужчынскага цела, то разрэз вуснаў, вачэй, то какетлівая пасмачка альбо грыўка, то сымпатычны, аб нечым казалы, да нечага запрашалы тэмбар, голас, слова, кінутае невядомымі мальцамі, то здымак у часопісе, то ўсьмешка артыста ці рэальнага хлопца, то простая ўвага з боку жывога мальца, усё разам няўмольна, бязупынку стварала мяне, маю непаўторную, аднойчы існую і ўміручую ў мёртвым сьвеце тоеснасьць, маю адрознасьць – маю гейнасьць.

Якім сьмелчаком я быў тады ў той казцы і рэальнай жудзе! Бо ніхто, нішто не дапамагала мне ў маім выбары, станаўленьні, я, толькі я сам ствараў сябе, выбіраў, шоў да маёй поўнай, адкрытай, прызнанай, усьвядомленай, аптымістычнай і, зрэшты, прынятай гейнасьці. Ніхто не дапамагаў мне, але, варта адзначыць, ніхто і ня шкодзіў, не забаранаяў мне, як гэта, напрыклад, адбываецца сяньня шмат дзе – у Расеі, Савудаўскай Арабіі ці Іране.

Казка пра маю гейнасьць – гэта, канечне, яшчэ і гісторыя маёй генэрацыі, якая цудам пасьпела паўстаць тады, калі кнэблі ўлады, ідэалёгіі былі расьцятыя ў самым пачатку 90‐ых гадоў мінулага ўжо стагодзьдзя. Да і пасьля маладым ды наагул усім было і ёсьць значна цяжэй – яны жывуць, сталеюць ва ўмовах забабонаў, забаронаў, панікі і амальгамы, узмацьненьня патрыярхатных маразмаў. Мая ж казка часткова сталася магчымай якраз дзякуючы пэўнай вольніцы часу. Сяньня, думаю, для абсалютнай бальшыні геяў і лесьбіяк Беларусі, рэгіёну пагатоў, казка немагчымая, заказаная. Вусьцішна, але ў цяперашняй страшнай прозе жыцьця дзяржаўцы ня проста перашкаджаюць маладым сталець, разьвівацца і квітнець вольна і разнастайна, яны спрычыненыя праз сваю ігнарацыю і аднабаковасьць да шматлікіх сьмярцей, незьлічоных самагубстваў і перакрутаў лёсаў людзей, якім не дадзеная, не падараваная казка, ці, проста кажучы, выбар быць самім сабою. Я меў гэты выбар, я скарыстаўся ім. Мяркую, я належу да прывілегаваных, шчасьцьліўцаў. Ці не таму я цяпер і пішу, сьведчу?

Але, канечне, сумненьні, хістаньні, пэўныя страхі паўставалі і ў нашу маладосьць. І калі раптам я баяўся сваіх фантазмаў, на дапамогу часьцяком прыходзілі памагатыя звонку. Сьмешна, дзіўна, але так было: заходнія музыкі, фільмы так проста, адкрыта, хоць спачатку ў малой дозе, а потым з кожны годам усё ў большай дэманстравалі, адкрывалі вобразы геяў, лесьбіяк, вобразы адкрытых, публічных і шчасных параў геяў, напрыклад. Поп‐сьпявакі ды сьпявачкі калі‐нікалі ў кліпах малявалі чароўных прынцаў, а ня толькі прынцэсаў, якія дамінавалі ў нашых беларускіх казках і стэрэатыпах.

І, наадварот, калі бракавала вонкавых арыентыраў, зачэпак, прыкладаў, ідэалаў, мадэляў для маладога гея (а іх па‐просту не было і няма ў Віцебску, напрыклад), я знаходзіў іх нечакана ўнутры сябе. Цела маё ня спала, пачынала раптам размаўляць са мною жаданьнямі, імпульсамі, патрабаваць невядомага, спатолы. То думкі, разважаньні аб будучыні зьнячэўку малявалі непрызнаную пакуль у нас рэчаіснасьць: я йду, напрыклад, за руку зь нейкім невядомым мне пакуль вабнявікам. То зьнянацку, ужо насамрэч, на фота я заўважаў сымпатычны, нібы на мяне глядзелы твар майго таварыша, зь якім, бачна, я ня проста таварышаваў, але зь якім нас зьнітоўвала нейкая повязь. Тады як уся кляса разам з настаўніцай былі перакананыя ў тым, што я закаханы ў Волю, насамрэч, каханьне, калі так можна сказаць пра дзяцінскую любоў, бегла ў бок Руслана.

Зрэшты, аднаго разу, даклaдней, аднаго ранку, абуджанае маладое і непаслухмянае цнатлівае цела сасьпела да нечага, сасьпела да ажыцьцяўленьня фантазмаў. І перадусім нутраная патрэба штурхнула мяне выбраць гейнасьць. Без дакладнай веды, хутчэй па інтуіцыі, ведай унівэрсальнай я ведаў, што рабіць далей. Я зразумеў выразна, што хачу, магу, умею. Зразумеў, хто я і кім буду да скону. Зразумеў, што выбар канчаткова зроблены мною. Прыгадваю той казачны лёсавызначальны ранак, як адзін з цудаў жыцьця. Прыгадваю з піетэтам, гонарам і шчасьцем, з усьмешкаю. Падлеткам я зразумеў, што я беларус, што я заўсёды змагу схавацца ў сваёй казцы, ў бабулі, да ўсяго я зразумеў, што прыемна і важна мне ведаць ня толькі бабулькаву мову, але і ўласнае цела, цела іншага чалавека – мужчыны.

Казка яшчэ і таму, што ў адрозьненьне ад прозы ці нават жуды, у якой жывуць многія сучасныя геі‐суайчыньнікі, я першапачаткова ўсьвядоміў уласную гейнасьць выключна ў пазытыўным сьвятле. Усьвядоміў, выбраў і прыняў мадэль жыцьця, якая будзе будавацца вакол іншых, у ідэале – вакол іншага мужчыны.

Нейкі хлопец стане маёй казкай! Так марыў, думаў я. І прыгэтым, зазначу, кабета зусім не пасунулася далей ці ніжэй у гіерархіі каштоўнасьцяў і прыярытэтаў. Ніколі не апускаўся я ў жанчынанянавісьць, у якую ўвальваюцца многія мужчыны, геі ў тым ліку. Проста інтымнае жыцьцё я зьвязваў з мужчынамі, усё астатняе з усімі людзьмі без падзелу паводле расы, полу ці арыентацыі.

А яшчэ ніяк нельга абмінуць уплыву літаратуры, зразумела, замежнай мастацкай на станоўчае ўспрыняцьце самаго сябе. Акрамя музыкі і кінэматографу з Захаду ці ня большы ўплыў узымела на мяне эўрапейская, заходняя наагул літаратура. Так, навэлі і раманы францускіх і бэльгійскіх ўпаднікаў (Рашыльда, Экгаўт, Лярэн), і пазьнейшых пісьменьнікаў (Жыд, Томас і асабліва Клаўс Ман, Калет, Ўульф, Юрсёнар, Бавуар, Лёд’юк, Жэне, Місіма, Трамбле, Артман, Рашфор, Пэйрэфіт і г.д.) канчаткова вынішчылі сумненьні і страхі, і яшчэ дужэй замацавалі веру ў сябе. На жаль, нашая літаратура хоць і багатая, хоць і прыгожая, але занадта слушная і маралізатарская, а таму малакарысная для геяў і лесьбіяк, яны шукаюць апірышча вонкі. Літаратура сталася для мяне сапраўднай заменай веры ў бога, у якога ніколі ня верыў, і ў якога раптам заверылі ўсе навокал. Думаю, літаратура і рэлігія у гэтым падобныя – яны тлумачаць сьвет, чалавека. Літаратура выратавала мяне і патлумачыла ўсё, канчаткова стаўшы маёй акадэміяй, маім сэртыфікатам ў дарослае жыцьцё.

Казка шчэ і таму, што не завяршылася яна ў дзяцінстве, не завяршылася і цяпер, цягнецца і дзеіцца яна дасюль, і канцоўка ў яе добрая, не зважаючы на нашу чалавечую крохкасьць, уміручасьць, не зважаючы на спробы беларускай улады скапіяваць турэмныя нормы Расеі ў дачыненьні да геяў.

Карціць падзяліцца сваёй казкай з іншымі, перадусім маладымі ў сумненьнях геямі, а, мажліва, і такімі ж гетэрасэксуаламі, і запэўніць іх (асабліва першых) у тым, што яны цалкам нармальныя, простыя і адпавядалыя грамадзтву. Як бы і дзе б ні шукалі кансэрватыўныя, цемрашальныя элемэнты грамадзтва на ўсіх роўнях карані гейнасьці ў прыродзе, у грамадзтве, яны толькі ў самім чалавецтве. Карані гейнасьці не патлумачыць ані генамі, ані паходжаньнем, ані спрыяльнымі‐неспрыяльнымі сацыяльнымі ўмовамі, ані прыродным збоем, яны тлумачацца самім фактам паўстаньня і разьвіцьця чалавека, істоты сацыяльнай, якая эвалюцыянавала далёка ад жывёльнасьці ў бок мінімальнай прыроднасьці, а значыць, у бок максымальнай выбарковасьці і разнастайнасьці паводзінаў, жаданьняў і сэксуальнасьці. Сэксуальнасьць даўно згубіла выключна прыроднае, жывёльнае прызначэньне: мы кантралюем цела, нараджальнасьць, нават стэрыльнасьць, мы займаемся сэксам ня толькі ўвесну ў марцовы пэрыяд, а круглы год і робім гэта перадусім і часьцей дзеля асалоды, а ўжо потым дзеля працягу чалавецтва. А таму гейнасьць чалавека, хоць калі‐нікалі мы канстатуем і ў вышэйшых жывёлаў падобную тэндэнцыю, зьяўляецца выбарам, здабыткам чалавечай, вышэйшай эвалюцыі. І чым далей мы адыходзім ад жывёльнасьці, тым прасьцей і ясьней робіцца выбар на карысьць гейнасьці.

Таму гэтая казка, якая ў шматлікіх мясьцінах плянэты абавязкова перакінулася б страшнай прозай, трагедыяй, застаецца ў нас усё ж‐такі пакуль казкай, бо мае добрую канцоўку: ўсе добрыя героі застаюцца пры жыцьці, а дрэнныя маюць сілу і ўплыў толькі там і тады, калі ім дазваляецца пранікнуць у страхі, слабасьці добрых герояў. Таму, не дазваляйце руйнаваць сваю казку, не запрашайце ў яе староньніх, не давайце ім весьці рэй. Быць шчасным ці няшчасным геям – усё залежыць цяпер толькі ад вас.

Песьні тралейбусных рагуляў (зборнік)

Подняться наверх