Читать книгу Ордэн Белай Мышы (зборнік) - Уладзімір Арлоў - Страница 5

Полацкія апавяданні
Малекула

Оглавление

Магчыма, вы таксама памятаеце навелу Сомерсэта Маэма пра рудога жабрака з выпаленых сонцам вулачак і пляцаў Веракруса. Сюжэты маюць уласцівасць паўтарацца, але ў маёй гісторыі не будзе ні цяжкіх чорных грыфаў, ні тугога партманета, ні ветлівай кастыльскай формулы адмаўлення «Dіsреnsе Ustеd роr Dіоs»* (Бог падасць (гішп.), а Маэм узгадаецца толькі таму, што працягнутая рука жабрачкі з полацкага Спасаўскага манастыра будзе дакладнай копіяй намаляванай ангельскім калегам кіпцястай птушынай лапы, у якую ператварылася рука няздзейсненага пісьменніка.

Бываючы ў Полацку, я звычайна наведваюся сюды, каб пераканаць сябе, што хоць нешта ў гэтым свеце мяняецца на лепшае, бо цяпер у манастырскім Крыжа-ўзвіжанскім саборы пахне ладанам, а ў часы майго дзяцінства навакольныя жыхары, парабіўшы перабойкі, трымалі ў занядбаным храме свінняў. Праўда, аргумент гэты не бездакорны, таму што тады на ўтравелых прыступках не дзяжурылі дзесяткі два жабракоў з пакладзенымі ля ног падранымі шапкамі ці расплюшчанымі скрынкамі з-пад абутку.

Кіпцястая лапа належала жабрачцы гадоў на шэсцьдзесят, апранутай, нягледзячы на ліпеньскую спякоту, у страшэнна брудны восеньскі палітон, які даўно ўжо забыўся, што такое гузікі. У яе былі нямытыя, напэўна, ужо колькі месяцаў валасы загадкавага колеру і гэткага ж колеру вочы, якія таксама хацелася назваць нямытымі.

Мне цяжка падаваць жабракам каля храмаў. У падземных пераходах зусім іншае: можа, з тае прычыны, што вулічныя жабракі спадзяюцца адно на тваю шчодрасць, не шантажуючы цябе абавязкам перад Усявышнім. З такімі не надта дабрачыннымі думкамі я падняўся па ўсходах у пустэльную свежасць сабора, але каля шапіка са свечкамі нешта змусіла мяне азірнуцца на жабракоў.

Калісьці я ўжо бачыў дзве такія малінавыя плямы на шыі…

Калісьці я ведаў, да чаго яны падобныя… Падлога гайданулася ў мяне пад нагамі. Калісьці я… цалаваў іх…

Некалькі імгненняў памяць дзейнічала, як відэамагнітафон, што перакручвае назад патрэбную касету, а потым я ўбачыў Дзвіну, у якую разам з Сафійкай глядзелася яшчэ незруйнаванае барока сабора святога Стэфана.

У тыя гады Дзвіну нельга было ўявіць без задзвінскай вар’яткі Юлькі, што ўлетку, «каб наша рэчачка не высахла», вёдрамі цягала на бераг ваду з калонкі. Знямогшыся, яна сядала на траву і, баязліва паглядаючы на рыбакоў, зацягвала сваю ўлюбёную песню пра Лілю.

На бірагу сідзела Ліля,

А радам с нею капітан… —


выводзіла Юлька тонкім дзяціным галаском, які, відаць, толькі і мог існаваць у яе выпетраным целе. Далей песня рабілася журботнай:

Уж год прашол, марак ні едзіт,

А Ліля к берагу ўсё йдзёт…


Ніхто з нас тады не ведаў, што Юлька звар’яцела яшчэ перад вайною – пасля допытаў у колішнім кляштары бернардзінаў, дзе, не вытрываўшы, падпісала штосьці страшнае пра каханага хлопца, якога «варанок» павёз у невараць у тую самую ноч, калі Юльку адпусцілі дадому. У нашым дзяцінстве дарослыя былі не надта ахвочыя да такіх успамінаў, хоць Юльку шкадавалі і не давалі ёй памерці з голаду.

Фінал у песні быў трагічны:

Красотка Ліля утанула,

Яе уж большэ ні відно.


Юльцы выпаў лёс яе гераіні. Аднойчы вудалі налілі спявачцы чарку гарэлкі, і яна, канчаткова ўвасобіўшыся ў вобраз сваёй Лілі, кінулася каля чыгуначнага моста ў Дзвіну.

Пустая, зарослая вышэй вокнаў крапівою і здзічэлымі парэчкамі Юльчына хаціна палохала вока на пачатку той вуліцы, дзе жыла Аня Шадурка, найпрыгажэйшая дзяўчына майго класа.

Вядома, Аня адно здавалася мне такой, бо калі я гляджу на выпускное фота нашага 8 га «А», дык знаходжу тварыкі значна прыгажэйшыя. Напрыклад – выдатніцы Светкі Цімафеевай, той самай Светкі, якую праз гадоў дваццаць я сустрэў каля менскага гатэля «Планета» і ўзрадавана прапанаваў дзе-небудзь пасядзець, на што аднакласніца адказала, што можа са мной і пасядзець, і паляжаць, але гэта будзе каштаваць са скідкаю трыццаць баксаў.

Рэч у тым, што Аня першая ператварылася ў жанчыну – з налітымі грудкамі-яблыкамі, з тонкай таліяй, стройнымі і заўсёды загарэлымі нагамі і вачыма зялёнага колеру, у глыбіні якіх плавала нешта такое, што зноў і зноў прыводзіла іх уладарку ў мае сны.

Аня была гімнастка, кандыдатка ў майстры спорту, і ўвесь час прападала то на спартовых зборах, то на спаборніцтвах, пасля якіх на школьных лінейках яе называлі нашым гонарам, а настаўнікі спраўна выстаўлялі ёй за чвэрць тройкі, бо часу на падручнікі Ані не хапала. Неяк яна, не паспеўшы з’ехаць на чарговае першынство, трапіла на кантрольную па гісторыі і спісала з разгорнутага на каЛёнях падручніка ў свой сшытак, што значэнне паўстання на браняносцы «Пацёмкін» у тым, што маракі здаліся румынскім уладам.

У восьмым класе пяцёркі Аня мела выключна за фізкультуру і маляванне. Чаму – за маляванне, мы даведаліся, калі ўбачылі, як яна сядае за школай на матацыкл нашага настаўніка. Аднак неўзабаве мастацкія здольнасці пакінулі Аню, ператварыўшы пяцёркі ў звыклыя траякі. У студэнта кааператыўнага тэхнікума Мішкі Яжэвіча з майго двара не было матацыкла «Ява», затое былі магнітафон з добрымі запісамі «бітлоў» і «ролінгаў» і дубальтовы польскі намёт памаранчавага колеру, што, як звысаку казаў нам гаспадар гэтага багацця, адразу здымаў праблему хаты.

Пасля тых летніх вакацыяў я вярнуўся ў школу, ужо маючы першы мужчынскі досвед. Пазбягаючы лішніх дэталяў, скажу, што маёй настаўніцай была сяброўка стрыечнай сястры, кірпатая жыхарка горада Ленінграда Зінка, якую штогод прывозілі ў бабуліну вёску і з якой мы з маленства разам мыліся ў цётчынай лазні, пакуль аднаго разу не заўважылі, што мыцца такім манерам далей нам нешта замінае. Дарэчы, Зінчыны ўрокі распачаліся на сухім, з прыліплым бярозавым лісцікам палку ў той самай лазні і паўтараліся штодня, пакуль цётка ледзьве не заспела нас на гарачым, сабраўшыся гнаць у лазні самагонку.

Цяпер я глядзеў на Аню ўжо зусім іншымі вачыма. Начамі мне сніліся пакутлівыя сны, як я кранаю яе грудзі і праводжу рукой па залацістых валасках загарэлых ног, як мы ўзасос цалуемся, а потым, задыхаючыся, любімся то на лазенным палку, то ў замацаваным за нашым класам кабінеце біялогіі, дзе з шафаў за намі ўважліва назіраюць два шкілеты. Мяне (не ў сне, а наяве) заўсёды займала праблема: штучныя гэта шкілеты ці яны калісьці належалі жывым людзям, якія вось гэтымі косткамі елі, пілі і абдымаліся ў ложку. Яшчэ, як памятаю, мы спрабавалі высветліць, ці адрозніваецца чым-небудзь істотным жаночы шкілет ад мужчынскага.

Прачынаючыся пасля тых сноў, я даваў сабе слова, што не пазней за сёння прапаную Ані ўвечары схадзіць у парк на новы атракцыён «Пятля Несцерава», але па дарозе ў школу падступна выплывала якая-небудзь нявыпраўленая тройка па алгебры або чацвёрка па гісторыі, і дата пачатку рашучых дзеянняў зноў пераносілася.

Аня была па-жаночаму назіральнай, і ўсё скончылася тым, што аднойчы на перапынку яна сама папрасіла мяне затрымацца пасля заняткаў у кабінеце. На апошнім уроку геаграфіі я ўжо амаль не чуў настаўніка, а думаў, як запрашу яе ў парк, спытаюся, ці чытала яна Эміля Заля, і паведамлю, што яе радзімыя плямкі падобныя да Новай Зеландыі.

Калі ў кабінеце біялогіі апрача нас засталіся толькі шкілеты, мой сцэнарый быў безнадзейна перакрэслены. Аня – у кароткай жоўтай сукеначцы з тонкім зялёным паяском – узяла мяне за руку і сказала, што я свой хлопец, а таму заўтра павінен прыйсці да яе дадому, дзе маці не будзе, бо яна з’ехала ў Стаўрапаль, а бацька ніколі не хадзіў на бацькоўскія сходы і мяне не ведае, а таму паверыць, калі я скажу, што мой старэйшы брат ідзе ў войска і што ў суботу мы запрашаем яе, Аню, на праводзіны, і мая мама прасіла перадаць, што пакідае яе пад сваю адказнасць начаваць у нас, бо мы жывём ажно ў ФРГ (з нашага тагачаснага слэнгу ФРГ перакладалася як Фэдэратыўная Рэспубліка Грамы і азначала самую далёкую полацкую ўскраіну).

У мяне ніколі не было ні старэйшых, ні малодшых братоў, але назаўтра я падыходзіў да Анінага дома дакладна ў прызначаны час, бо нарэшце пачалася дыфузія сноў і рэальнасці: на вуснах у мяне гарэў яе ўчарашні, пакінуты пад наглядам шкілетаў і неверагодна смачны ад памады пацалунак з прыкусам, а каламутнае адчуванне таго, што мяне выкарыстоўвалі як хлопчыка на пабягушках, не здольнае было перамагчы грахоўна-салодкага пачуцця дарослай мужчынскай разбэшчанасці, народжанага Аніным абяцаннем разлічыцца са мною адразу пасля выхадных. Я жадаў яе, і пляваць мне было на гэтыя міфічныя праводзіны ў войска і на міфічнага брата, якога звалі Мішкам Яжэвічам, і на вульгарнасць яе абяцанкі, і на папярэджанне, што на двары ў іх злы сабака, які аказаўся ўкормленым ваўкарэзам, ад якога я ледзьве ўратаваўся, кінуўшыся назад у весніцы.

Анін бацька быў макароннік. Тады італьянцы трапляліся ў нас так рэдка, што макароннікамі называлі выключна прапаршчыкаў савецкай арміі. Па-змоўніцку міргаючы мне, Аня ўтаймавала ваўкарэза і паклікала бацьку. У вялізным калідоры пахла мышамі і нечым ядомым. Пры сцяне стаяў штабель скрынак, на адной з якіх было сапраўды напісана: макароны. Тамсама, у калідоры, прапаршчык Шадурка, з-за плячэй якога Аня ўсяляк дапамагала мне вачыма, і выслухаў маю старанна адрэпетаваную хлусню, пасля чаго моўчкі пасунуўся ў глыб дома. Зачыніўшы дзверы, Аня захіхікала і прыціснулася да мяне. Я пацягнуўся да яе вуснаў, але ў доме пачуліся крокі, жаласнае мяўканне, і прапаршчык са словамі: «Лаві мышэй, блядушка», выкінуў у калідор котную рыску.

Разлік адбыўся ў панядзелак у кватэры Анінай сяброўкі з гімнастычнай секцыі.

Аня сустрэла мяне ў прывезенай з замежных спаборніцтваў смараідавай сукенцы з залацістымі маланкамі на рукавах і кішэнях. Магнітафон заядаў і рваў стужку. Ціха вылаяўшыся, Аня апошні раз пстрыкнула пераключальнікам і павярнулася да мяне. «Ты хоць умееш?» – запыталася яна, страсянуўшы светлымі валасамі стрыжанай русалкі. «Што?» – бязглузда адказаў я. «Джыгі-джыгі», – засмяялася яна, сцягваючы цераз галаву сукенку.

Пад сукенкай на ёй не было анічога, апрача двух трохкутнікаў: большага – сляпуча белай незагарэлае скуры і меншага – густых жарых кудзерак.

Думаю, што, нягледзячы на бесцырымонную Аніну падмогу, мяне напаткаў бы поўны правал, але, ужо згараючы ад сораму і нянавісці да свайго бездапаможна выцягнутага на канапе цела, я інтуітыўна заплюшчыўся і ўявіў сябе на лазенным палку з ленінградскай бессаромніцай Зінкай. Там, на палку, усё атрымалася аўтаматычна, і я нават адчуў пах бярозавых венікаў і мулкасць дошак пад каленямі. «Толькі не адразу, цярпі, цярпі…» – усцешана зашаптала Аня, калі я ўжо не баяўся расплюшчыць вочы, і выгнулася так, што радзімыя плямкі апынуліся якраз насупраць маіх вуснаў. Я з лёгкім страхам дакрануўся да іх і яшчэ паспеў здзівіцца, што плямкі халодныя, як ваконнае шкло.

Калі мы апрануліся, я па-мужчынску ўпэўнена правёў па іх пальцамі і нарэшце падзяліўся сваім геаграфічным адкрыццём: «Ты ведаеш, яны падобныя на Новую Зеландыю». «Ну насмяшыў, – адказала Аня і кіўнула на вывадак парцалянавых слонікаў, за якім на серванце стаяў будзільнік. – Зматваемся, а то Ленчына маманя можа раней прыцягнуцца». Выправоджваючы мяне з кватэры, мая другая жанчына папярэдзіла: «Мішка даведаецца – з-пад зямлі дастане».

У аўторак на заняткі я не пайшоў. Я хацеў, каб здарылася адно з двух: або няхай Аня кожны дзень сцягвае перада мной сукенку, альбо няхай яе назаўсёды забяруць куды-небудзь у гімнастычную зборную СССР у Маскву.

У сераду маці пагнала мяне ў школу, дзе высветлілася, што Шадурка і праўда паехала на нейкія спаборніцтвы і ў цэлым горадзе нашу таямніцу цяпер ведалі толькі два шкілеты, якія з гэтае прычыны выклікалі ў мяне ледзьве не замілаванне.

Вярнулася Аня за пару дзён да зімовых вакацыяў. Яе з’яўленне ў класе ўразіла нават ціхага дэбіла Дзіму Чыкіна, якога не адпраўлялі ў спецшколу дзеля таго, што ягоны бацька быў дырэктарам аўтарэмзавода. Аня, чаго раней з ёю ніколі не здаралася, па чарзе абыходзіла ўсе сталы і, цалкам ігнаруючы дзяўчынак, з кожным з хлопцаў віталася па імені. «Прывет, Вова, – прамовіла яна такім абыякава-бескалёрным голасам, што мне зрабілася ніякавата. – Прывет, Дзіма, я табе жвачку прывезла…» Гэтую дзіўную працэдуру перапыніў прыход нашага фізіка Юліяна Людзвігавіча, што меў мянушку Кулон.

Далей падзеі разгортваліся надзвычай імкліва. Не паспеў Кулон кагосьці выклікаць, як Шадурка падняла руку. «Што ты хочаш, Аня?» – запытаўся фізік, абсалютна, як і мы, упэўнены, што Аня можа хацець чаго заўгодна, але толькі не ісці да дошкі. «Юліян Людзвігавіч, я малекулы бачу», – усхвалявана абвясціла Аня. Па кабінеце прашамацеў смех, які змяніўся насцярожаным маўчаннем. «Сядай, Шадурка, гэта не смешна», – сказаў Кулон, і ягоная рука з асадкай папаўзла па журнальным спісе.

Аня села, але адразу зноў падняла руку, прычым, быццам першакласніца, якой карціць атрымаць пяцёрку за вывучаны вершык, цягнула яе ўсе вышэй і вышэй. Кулон падняў вочы. «Што яшчэ, Шадурка?» «Юліян Людзвігавіч, я ўжо атамы бачу, захлынаючыся ад радасці, загаварыла Аня. – Чэснае камсамольскае. Вось, вось, лётаюць…» Яна выбегла з-за стала ў праход і паказвала пальцам у паветра. «Нармалёва», – прысвіснуў нехта з «камчаткі». Кулон асцярожна ўзяў Аню пад руку і вывеў з класа.

Аню лекавалі ўсю зіму і вясну: спачатку ў былым бернардзінскім кляштары, дзе перад вайною выбівалі прызнанне ў Юлькі, а ў пяцідзесятыя гады адчынілі абласную вар’ятню, потым – дзесьці ў Падмаскоўі.

У дзесятым класе наша парачка шкілетаў зноў убачыла Аню. Яна ніколі ні з кім не загаворвала. Яе не выклікалі адказваць і вызвалілі ад выпускных экзаменаў. Яна не ездзіла на зборы і чэмпіянаты і прыкметна пакруглела. Паміж сабой мы са шкадобаю называлі яе Малекулай. Мы даўно ведалі, што на апошніх у Аніным жыцці спаборніцтвах пасля п’янкі яе згвалцілі трэнеры. Трох ці чатырох пасля гэтага пасадзілі.

Калі Аня па-ранейшаму бачыла малекулы і атамы, дык вырашыла пра гэта маўчаць. Адзіны чалавек, каму яна магла даверыць сваю таямніцу, быў Мішка Яжэвіч, бо ён, як ні дзіўна, не кінуў з ёю сустракацца і часам чакаў яе пасля ўрокаў на лавачцы каля школьнага саду. Іх разам з памаранчавым намётам бачылі то на дзвінскім беразе за Сафійскім саборам, то ў чыгуначнай лесапасадцы, дзе за год да гэтага знайшлі выкінуты з маскоўскага цягніка поліэтыленавы мех з трупам нетутэйшай жанчыны. Старэйшыя хлопцы з нашага двара з зайздрасцю казалі, што Мішка ўладкаваўся, як кароль: трахае дурніцу і галава ні пра што не баліць.

Прыехаўшы праз год з Менска дадому, я ўбачыў Мішку Яжэвіча з маладой жонкаю і дзіцячай каляскай. Малекулы ў горадзе не было. Яе бацьку-макаронніка хацелі пасадзіць за крадзяжы, і ён прадаў дом і з’ехаў у Стаўрапаль. Разам з ім паехала і Аня, якая перад тым працавала прыбіральшчыцай у цырульні «Ландыш», што насупраць цяперашняга помніка Францішку Скарыну.

Гадоў праз дзесяць пасля тых падзеяў Мішка Яжэвіч заснаваў кааператыў, што вырабляў жаночыя паясы, і збудаваў сабе на ціхай заможнай вуліцы двухпавярховы катэдж. Яшчэ гадоў праз дзесяць мне расказалі, што аднойчы Мішка не вярнуўся ўвечары дахаты і раніцою міліцыя павезла ягоную жонку ў лес пад Лепель. Апазнаць Мішку ў выцягнутым са спаленага «фольксвагена» абгарэлым трупе ўдалося па верхняй сківіцы з залатымі зубамі.

І без таго цяжкія хаўтуры былі азмрочаныя двума вусцішнымі здарэннямі. Па-першае, у фатографаў ніяк не атрымліваліся здымкі на жалобны партрэт: пасля павелічэння добрых, здавалася б, фатаграфіяў твар нязменна выходзіў чорны. Нехта падрадзіўся зрабіць партрэт са здымка ў замежным пашпарце, але атрымалася яшчэ горш: на месцы вачэй выступілі чорныя кругі, а на шыі – белы пасак накшталт вяроўкі. Другое здарэнне было яшчэ жудлівейшае: калі рыхтаваліся апускаць труну, у магілу спрабавала кінуцца нікому не вядомая п’яная жабрачка, што збірала на кладах пустыя пляшкі.

У фінале маёй гісторыі Маэм зноў будзе прадстаўлены толькі кіпцястай птушынаю лапай.

Я не спытаюся ў гэтай старэйшай ад мяне гадоў на дваццаць істоты, ці памятае яна Мішку. У мяне не знойдзецца буйной купюры, каб пакласці ў яе зашмальцаваную мужчынскую кепурку з абразком святой Еўфрасінні. А калі б смуглым ад бруду пальцам і заманулася скамечыць мой даляр у маленькі шарык, каб яго праглынула птушка, дык грыфы ўсё роўна засталіся ў Веракрусе, а тут скакалі па непадмеценых прыступках адно сытыя манастырскія вераб’і.

1995

Ордэн Белай Мышы (зборнік)

Подняться наверх