Читать книгу Ордэн Белай Мышы (зборнік) - Уладзімір Арлоў - Страница 6
Полацкія апавяданні
Я марыў стаць шпіёнам
ОглавлениеСёння не будзем гаварыць ні пра паэта, якога амаль год трымаюць у турме за легкадумны вершык, ні пра чыесьці спаленыя партрэты, ні пра новыя арышты.
Давай уявім, што там, за вакном, звычайная для Эўропы прыпозненая вясна, і я раскажу табе якую-небудзь займальную гісторыю, штосьці такое, аб чым мужчына і жанчына, якія адчулі прыхільнасць адно да аднаго і ўжо не першы год адчуваюць яе да добрага чырвонага віна, могуць гутарыць зараз за столікам кавярні недзе там, дзе разлічваюцца кронамі альбо крэдытнымі карткамі.
Напрыклад?.. Напрыклад, калі пачынаць ab avo* (– Літаральна «ад яйка»; з самага пачатку (лац.), паслухай, кім я марыў стаць у дзяцінстве.
Зрэшты, я выказаўся не зусім дакладна. Мары вырастаюць на падмурку хоць нейкага жыццёвага досведу, а я збіраюся казаць пра свае першыя гады, калі толькі пачынаў адасабляць сябе ад навакольнага свету, калі дарослыя ўжо бралі мяне з сабою ў кіно (тэлевізараў на нашай вуліцы ды, пэўна, і ва ўсім горадзе тады не было), але кніга яшчэ доўга заставалася таямніцаю за сямю пячаткамі. Тут, згадзіся, трэба весці гаворку непра асэнсаваныя мары, а пра своеасаблівыя сны наяве…
Калі ласка, бутэлечку ламбрускі. Што яшчэ? Два келіхі і попелку.
Так, менавіта пра сны наяве, тлумачыць якія мы павінны, зыходзячы не з іх літаральнага сэнсу, а паводле той самай методыкі, што і сны звычайныя, у якіх злоўленая рыба абяцае не рыбалку, а цяжарнасць, а пажар – грошы.
Калі ў такім узросце ў дзіцяці пытаюцца, кім яно хоча стаць, то вядуць дыялог з падсвядомасцю, а таму трохі дзіўна, што дзіцячым адказам на гэтае сакраментальнае пытанне не надавалі належнае ўвагі адэпты псіхааналізу.
Афіцыянт не спяшаецца, і з твайго дазволу я пачну з таго, што выдатна памятаю не толькі тое, кім хацеў быць, але і тое, кім ні ў якім разе не хацеў. Прычым гэты антывыбар, у адрозненне ад выбару са знакам плюс, нярэдка, як гэта здараецца і ў свеце дарослых, быў абгрунтаваны значна лепей. Вытлумачыць, чым той ці іншы чалавек табе не даспадобы, заўсёды, на мой погляд, прасцей, чым знайсці прычыны сваёй прыхільнасці.
Дык вось, гадоў з двух з паловай я быў перакананы, што ніякая сіла не змусіць мяне, як вырасту, зрабіцца следчым.
Следчым працаваў дзядзька Чаглей, які жыў у нашым драўляным доме праз сценку.
Дзядзька Чаглей прыехаў у Полацак з Сібіры, але ў той дзень, калі ён падхапіў мяне сваімі дужымі валасатымі рукамі пад пашкі і падкінуў над галавой, а я з гэтае верхатуры абсікаў яму бліскучы плех, у той дзень пра паходжанне нашага суседа, як і пра існаванне ягонай далёкае радзімы, я і не здагадваўся, а мой пругкі і трапны струменьчык нарадзіўся не ад нейкага перададзенага па генах асаблівага пачуцця да сібіракоў або да міліцэйскіх следчых, а ўсяго толькі ад лішку радасных пачуццяў, што перапаўнялі маю юную істоту.
Тым не меней пасля гэтага бяскрыўднага здарэння дзядзька Чаглей да скону дзён знелюбіў мяне. Ён ніколі – дарма што сваіх дзяцей яны з цёткай Клавай, якую ўсе звалі Чаглеіхай, не дачакаліся – не пачаставаў мяне ні цукеркаю, ні марозівам, наогул нічым, апрача нязменна насупленага калючага позірку, якім апошні раз адарыў з труны пасля сваёй ранняе смерці ад хваробы са смешнаю назваю «рак».
Малюючы гэтую псіхалагічную сітуацыю, можна знайсці безліч іншых дэталяў, аднак галоўную ролю ў маім рашучым нежаданні рабіцца следчым адыгралі не Чаглеевы п’янкі і не абванітаваныя жоўтыя вяргіні пад нашымі вокнамі, а – грыбы лісічкі, якія мама смажыла з цыбуляй і якія наш сусед прынцыпова не еў, заяўляючы, што ў іх у Сібіры такую смакату ўважаюць за паганкі і ўвогуле збіраюць адны баравікі. Помсцячыся сібірскім дзікунам за лісічкі, я і паставіў на прафесіі следчага вечны крыж.
Наступнай непрымальнаю ні пры якіх умовах была прафесія цырульніка. Тут мая непахісная наважлівасць вынікала з бацькавых аповедаў пра франтавога сябра, які ў нейкім венгерскім гарадку, пакуль мой тата-лейтэнант пазіраваў перад фотаапаратам, зайшоў у цырульню пагаліцца і прапаў. Потым тата разам з «нашым» патрулём знайшоў мёртвага сябра ў спіжарні – над тазам крыві і з перарэзаным ад вуха да вуха горлам.
Да пятага класа я наадрэз адмаўляўся хадзіць у нашую цырульню «Ландыш», і бацькі мусілі купіць ручную машынку і карнаць мае шорсткія кудзеры каля кухоннае пліты. Напоўнены цёмнай крывёю таз, відаць, адклаўся ў самой геннай памяці, бо ў мяне ніколі не паўставала дылемы: насіць бараду альбо не, і ніводнага разу ў жыцці я так і не зведаў, што значыць пагаліцца ў цырульні.
Але найбольш зацята я не хацеў – не здзіўляйся – стаць кампазітарам. Я проста панічна баяўся гэтага, бо ў размовах бацькоў і іхніх знаёмых кампазітар быў нязменным пасмешышчам. На лавачцы каля дома ці ў нейкай застоліцы, паміж свежымі гарадскімі плёткамі і сакрэтамі марынавання гуркоў і памідораў, хтосьці абавязкова згадваў «нашага кампазітара», і хутка прысутныя клаліся ад рогату, зноў і зноў пераказваючы тую гісторыю і аздабляючы яе ўсё новымі маляўнічымі драбніцамі. Жанчыны паказвалі на дзяцей і трэслі на мужоў пальцамі, але засцярогі былі перастрахоўкаю: хоць малеча кшталту мяне і заходзілася ад смеху заадно з дарослымі, звязаць звесткі пра нейкую палюбоўніцу, пра пастаўленую ёй на адным месцы пячатку музычнай школы і пра мужаў пісталет, ад кулі якога кампазітар мог загінуць, аднак яму хапіла спрыту ўцячы і схавацца дзесьці ў Менску, звязаць усё гэта ў адзін ланцужок мы былі яшчэ не здольныя.
Ну вось нарэшце і віно. Такое? Тады – за тваё ўменне слухаць.
Развіццё тых падзеяў ва ўсім іх ужо міфалагізаваным трагікамізме я ўявіў класе ў восьмым, калі ў музычнай радыёперадачы назвалі прозвішча даволі вядомага і цяпер кампазітара і праз незачыненыя дзверы я міжволі падслухаў, як пракаментаваў паведамленне мой бацька, чалавек наогул суровы і не надта гаваркі, але з несумнеўным талентам апавядальніка.
Той, каго называлі кампазітарам, у гады майго маленства працаваў дырэктарам гарадской музычнай школы, пісаў песні на вершы мясцовых паэтаў і круціў раман з афіцэрскаю жонкай. Як я зразумеў, звычайным месцам іх спатканняў быў дырэктарскі кабінет, у якім дзеля такіх выпадкаў стаяла, як выказаўся мой бацька, дзяжурная канапа. Аднойчы на гэтай канапе кампазітар і паставіў сваёй пасіі там, дзе спіна пераходзіць у больш спакуслівую частку цела, казённую пячатку.
Цяжка сказаць, якая логіка штурхнула яго на гэты неардынарны крок: ці то раптам разгуляліся ўласніцкія інстынкты, ці то пячатка, як тая знакамітая чэхаўская стрэльба, мусіла «стрэліць» ужо з прычыны адной сваёй прысутнасці на месцы дзеяння. Але што б там ні было, на тым самым адмысловым месцы ў кампазітаравай абранніцы з’явіўся фіялетавы адбітак з надпісам: «Полацкая дзіцячая музычная школа». Надпіс, бясспрэчна, атрымаўся добра чытэльны, іначай муж-афіцэр не схапіў бы ўначы пісталет, і праштампаванай прыгажуні не трэба было б па тэлефоне папярэджваць каханка аб небяспецы, а таму – ратавацца ўцёкамі, каб урэшце пераехаць у Менск, скончыць кансерваторыю, сапраўды зрабіцца кампазітарам і доўгі час не выступаць перад публікаю, пабойваючыся, што ў зале можа апынуцца афіцэр з пісталетам.
Карацей, кампазітарам у маленстве я не згадзіўся б стаць ні за якія грошы, нават за тыя, што бацькам ніколі не хапала, каб купіць мне ровар, на якім я, на свой сорам, так і не навучыўся ездзіць.
Затое мяне не трэба было ўгаворваць на вадалаза.
Згодны, давай вып’ем за маю першую мару.
Вадалазаў я ўпершыню ўбачыў, калі ў Дзвіне ўтапілася дзяўчына з суседняй вуліцы.
Яны прыязджалі ўранні на машыне «казле» і марудліва, як на запаволеных кінакадрах, выгружалі на бераг сваё мудрагелістае прычындалле. Найбольшае захапленне ў маёй душы выклікалі боты з таўшчэзнымі алавянымі падэшвамі, якія мы не маглі нават зрушыць з месца, і круглы шалом з вялізнымі вачыма-ілюмінатарамі.
На трэці дзень дзяўчыну выцягнулі з дна і, закруціўшы ў брызент, некуды павезлі.
Вартаўнік лодачнай станцыі дзядзька Мойша сцвярджаў, што за кожнага знойдзенага тапельца даюць вялікую прэмію. Прашамацела чутка, што дзеля гэтага вадалазы самі топяць людзей, чапляюць ім да ног камяні, а потым «знаходзяць» у прыкмечаным месцы.
Я не верыў. Я быў пэўны, што тапельцаў у Дзвіне не будзе бракаваць і без гэтага, і ўяўляў, як вырасту і буду гэтаксама абуваць цяжэзныя боты і шалом з ілюмінатарамі, да якіх пад вадой будуць падплываць і – вочы ў вочы – глядзець на мяне дзвінскія шчупакі. Я буду добра шукаць тапельцаў і часта атрымліваць прэміі, а пасля – самавіта рассцілаць на траве газеціну, няспешна кроіць на ёй сала, не моршчачыся піць з пляшкі з малінавай галоўкаю гарэлку і мачаць зялёны цыбульны хвост у горбачку солі. Кульнуўшы апошнюю чарку і са смакам дажаваўшы цыбуліну, я буду закурваць і, як старэйшы вадалаз дзядзя Коля, напяваць загадкавую фразу: «Парапабабам, парапабабам…»
Апрача тапельцаў, я павінен быў знайсці на дне ракі яшчэ і жалезную скрынку грошай. Цікава, што тапельцы мне ўпарта не сніліся, а вось скрынку я бачыў у сне шмат разоў і дакладна ведаў, як яна будзе выглядаць: аброслая перлавіцамі і спавітая багавіннем, з пудовым іржавым замком і белым чэрапам са скрыжаванымі косткамі, акурат такім, які быў на трансфарматарных будках і які ў нас чамусьці называлі іванам іванавічам.
Тапельцы прысніцца мне так і не паспелі, бо пасля таго, як дзядзьку Чаглея завезлі на могілкі, у нас з’явіўся новы сусед, а з ім і мая новая мроя.
Суседа, які пасяліўся на кватэры ў жонкі следчага Чаглея, звалі дзядзькам Жэнем, і ён працаваў паталагаанатамам. Вымавіць гэткае складанае слова, як і не менш складаную першую літару ягонага імя, я, вядома, не мог і таму казаў, што, калі вырасту вялікі, буду, як «дзядзя Зеня».
У дзядзьку Жэню мне не падабалася толькі адно: абсалютна неспасцігальнае нежаданне хоць раз узяць мяне з сабою на працу.
Усё астатняе страшэнна падабалася.
Падабалася, што ад суседа заўсёды струменіў пах адэкалону, які наводзіў на думку, што там, дзе дзядзька працуе, якраз адэкалон і робяць.
Падабалася ягоная жонка, цётка Таня, якая ўлетку кожны дзень купляла мне марозіва.
Падабаліся нават і не надта прыхільныя размовы, што круціліся вакол іхняе сям’і.
Дарослых немаведама чаму абыходзіла, што дзядзька Жэня і цётка Таня нейкія «нераспісаныя».
На маю думку, не было нічога кепскага і ў тым, што яны «нераспісаныя», і ў тым, што, каб ехаць на адпачынак у купэ ўдваіх, дзядзька Жэня купіў у купэйны вагон не два, а чатыры білеты.
Яшчэ падабалася, што, калі на святы цётка Таня клікала маіх бацькоў да сябе пасядзець, на стале ў нашых суседзяў стаяла не гарэлка, а віно.
Ты ведаеш, я не забыў, як яны паміж сабою чокаліся. Кожны раз тройчы: спачатку звычайна, потым вось так, яе келіх зверху, а потым – зверху ягоны.
Яны абое былі высокія, станістыя і чарнявыя. Дзядзька Жэня насіў прыгожыя чорныя вусы, у цёткі Тані над верхняй вуснінай таксама прабіваўся цёмны пушок, які па часе абяцаў ператварыцца ў акуратныя вусікі. Я думаў, што, можа, з гэтае прычыны Чаглеіха і казала пра кватарантаў за вочы – «мае жыды».
Аднаго разу бацькі, кудысьці з’ехаўшы, даручылі клопаты пра мяне дзядзіжэневай жонцы і, калі мы пайшлі палуднаваць у сталоўку гарадскога Дома афіцэраў і цётка Таня замовіла несусветна смачную, як мне здавалася, страву з экзатычнаю назваю «шніцэль», а потым сустрэла сяброў і тыя запыталіся, ці не ейны я сын, а яна адказала, што так, ейны, і пацікавілася, ці падобны я да яе, тады, памятаю, мне было ніякавата зусім не таму, што такім чынам я сам таксама трапляў у лік «жыдоў». Я чуў лёгкі сорам, што гатовы адмовіцца ад родных бацькоў, але зрабіць з сабою нічога не мог: калі ў паталагаанатамы бяруць толькі «жыдоў», я згодны быў запісацца ў «жыды».
Усё на свеце канчаецца, прычым у дзяцінстве гэта адбываецца хутчэй.
Ці то паўплывала празмерная сакрэтнасць прапахлай адэкалонам дзядзіжэневай прафесіі, ці то прарасло пасеянае фільмамі пра «нашых» разведчыкаў зерне савецкага патрыятызму, але аднойчы я прачнуўся з цвёрдым намерам пайсці ў шпіёны. П’ем за нашых шпіёнаў!
Мяне вабіла не столькі рамантыка, як канкрэтнасць гэтага занятку.
У адрозненне ад духмяна-таямнічых сфераў дзейнасці паталагаанатамаў, тут усё выглядала ясна і проста, як яблык-антонаўка з нашага саду.
Мяне і маю радыстку павінны былі скінуць з самалёта над Амерыкай, каб мы прабраліся ў галоўны амерыканскі штаб і ўкралі галоўны план атамнай бамбёжкі Савецкага Саюза. Ваганняў наконт кандыдатуры напарніцы не існавала: радысткай будзе маё першае мужчынскае захапленне – дачка дырэктара мамінай школы Людачка, з якой я ўпершыню сустрэўся чатыры гады таму на навагодняй ёлцы. Наша ўзаемная сімпатыя аказалася такой моцнаю, што мы дружна намачылі штонікі і потым цэлы год я вымагаў ад мамы завязваць мне хустачку і абвяшчаў, што хачу быць Людачкай. (Гэты момант варта адцеміць: перш чым зрабіцца вадалазам, я імкнуўся пабыць жанчынай.)
Апусціўшыся на парашутах, мы з Людачкай пасяляемся ў маленькім брудным пакоі халоднага і змрочнага амерыканскага хмарачоса. Мы, як дарослыя, абняўшыся, спім у адным ложку і дзеля маскіроўкі гаворым выключна па-амерыканску, а таксама не купляем ананасаў, каб амерыканцы не падумалі, што іх у нас няма. З дапамогаю аднаго галоднага беспрацоўнага мурына я пракрадаюся ў штаб і, перастраляўшы з кулямёта чалавек васемнаццаць амерыканскіх палкоўнікаў, выкрадаю план бамбёжкі Масквы і ўсёй нашай вялікай і магутнай Радзімы, пасля чаго вяртаюся ў халодны пакойчык хмарачоса. Мая радыстка Людачка ляжыць у ложку з незнаёмым мурынам; я не ведаю, навошта яны ўдзень накрыліся коўдраю, але адчуваю, што, хоць амерыканскія мурыны і за нас, тут нешта нячыстае, і таму з асалодаю ўсаджваю ў незнаёмага мурына кулямётную чаргу. З ложка ляцяць чырвоныя пырскі, але Людачка не плача, а перавязвае мне раны і складвае рацыю, бо пасланы па нас самалёт ужо знаходзіцца ў паветры.
Медалі і ордэны нам уручаў сам галоўны «наш» Хрушчоў, якога дарослыя фамільярна называлі Мікітам і лаялі за нейкую кукурузу і за тое, што ў крамах няма хлеба. Я ж, наадварот, быў удзячны Хрушчову, бо дастаткова было выйсці з весніц на вуліцу, як ад чаргі, што вілася вакол хлебнае крамы, умомант кідалася некалькі цётак, якія ўзахапы ўгаворвалі пастаяць у чарзе разам з імі. У выніку гэтага нескладанага манеўру крамніца давала цётцы лішні бохан хлеба, а я атрымліваў дзвесце грамаў злепленых у камяк ірысак альбо падушачак.
Ты, вядома, разумееш, што мне праглася быць шпіёнам выключна і безварыянтна савецкім.
Пэўныя сумневы на гэты конт варухнуцца ў душы толькі праз шмат гадоў у зацішным кутку берлінскага прадмесця, на мастку цераз ручай на мяжы ўсходняга і заходняга сектараў, дзе дзве сістэмы мянялі сваіх выкрытых агентаў.
Вось, бадай, і ўсё. Тое лета, калі я марыў стаць савецкім шпіёнам, было апошнім перад школаю, у якой нашы летуценныя цнатлівыя душы мусілі канчаткова заблытацца ў шырока раскінутым нераце ўжо зацверджаных без нас ідэяў і мараў. Але тут пачынаецца зусім іншая гісторыя. Ты кажаш, у цябе хлопчык. У такім разе можаш лічыць, што калі цяпер ён хоча быць вадалазам, паталагаанатамам альбо шпіёнам, у яго ёсць значныя шанцы зрабіцца беларускім пісьменнікам.
Урэшце, апошнім часам мне зноў заманулася падацца ў шпіёны. Як ты думаеш, да чаго б гэта?
1997