Читать книгу Таямніцы полацкай гісторыі - Уладзімір Арлоў - Страница 2
Прызнанне ў любові
ОглавлениеЛюбоў да горада нагадвае каханне да жанчыны.
Гэта вялікае шчасце, калі недзе ёсць горад, які чакае цябе, каб затуліць крылом спакою і зрабіць мацнейшым. Горад, чыё імя ты часта паўтараеш у думках, як імя блізкага чалавека, шукаючы і заўсёды знаходзячы нейкі патаемны сэнс з усё новымі і новымі адценнямі: чуеш у ім то ціхамірнае цурчанне Палаты з яе расчасанымі плынню зялёнымі «русалчынымі косамі», то ваяўнічы поступ полацкіх палкоў, то вусцішны гуд полымя над абложанымі ворагам замкамі…
Любоў да горада – вялікая таямніца, у якой нялёгка прызнацца.
І ўсё ж я адважваюся зрабіць гэта. Маім прызнаннем будзе кніга, якую вы трымаеце ў руках.
Пра мой горад выйдзе яшчэ мноства кніг, але думаю, што напісаць адну з іх маю права і я. Бо радзільня, дзе з’явіўся на свет, месцілася на Верхнім замку, за нейкую сотню крокаў ад Сафійскага сабора, куды, як казала мама, выходзілі вокны палаты (значыцца, званіцы і крыжы святое Сафіі – маё, няхай сабе і неўсвядомленае, але першае ўражанне аб навакольным свеце). Бо нашай улюбёнаю дзіцячай гульнёй былі пошукі лёхаў, што ў сярэднявеччы выводзілі з полацкіх сабораў на другі бок Дзвіны. Бо, пачынаючы гадоў з сямі, мы з сябрамі натхнёна займаліся на дзвінскіх берагах археалагічнымі даследзінамі, і шчодрая рака пасля кожнае паводкі дарыла нам то старадаўнюю манету, то проста ржавыя жалязякі, якія здаваліся наканечнікамі дзідаў. Бо Дзвіна навучыла мяне плаваць і берагла, калі я, схаваўшы адзенне на беразе пад перакуленым чоўнам, упершыню пераплываў яе, не ведаючы, што тут, насупраць Сафійкі, – самая вірыстая мясціна. Бо на нашых дзіцячых вачах узрывалі Мікалаеўскі сабор, і мы ўжо разумелі, што чыніцца злачынства. Бо тут, у Полацку, я першы раз закахаўся, адсюль паехаў вучыцца на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, тут упершыню скакаў праз купальскае вогнішча і напісаў свае першыя вершы і апавяданні. Бо і цяпер у маёй мінскай кватэры мне часта здаецца ўранні: вось падыду да вакна, а за ім – зялёныя берагі і поўная, як вока, вясновая Дзвіна.
Бо Полацк – радзіма маёй душы.
Мне хочацца, каб чытаючы гэтую кнігу, вы пачулі і непараўнальны пах выцвілых пергаменаў, і гаману полацкага веча, і артылерыйскую кананаду часоў Напалеона… Каб, прачытаўшы яе, ніхто не моршчыў лоб, пакутліва ўспамінаючы, што яму вядома пра дойліда Іаана, ювеліра Лазара Богшу або князя Усяслава Чарадзея. Буду ўсцешаны, калі нехта з маіх чытачоў паспрабуе намаляваць сваё радаводнае дрэва, нехта захоча падняцца ў келлю святой Еўфрасінні, а нехта ўсамотніцца ў бібліятэцы ці ў архіве, збіраючыся раскрыць пакінутыя полацкай гісторыяй шматлікія таямніцы.
Гэта не падручнік і не навуковае даследаванне. У сваім аповедзе я буду забягаць наперад, у сучаснасць, і зноў вяртацца ў далёкія стагоддзі. Буду выказваць небясспрэчныя гіпотэзы і меркаванні.
Я не абяцаю, што скажу пра Полацк усё – на гэта не хопіць і сотні тамоў. Але я абяцаю вам сказаць шмат новага, знаёмага дагэтуль толькі вузкаму колу гісторыкаў. Абяцаю распавесці пра таямніцу крыжа Еўфрасінні і пра загадкавы лёс бібліятэкі Сафійскага сабора, пра Полацкі кадэцкі корпус і пра той час, калі Полацк быў сталіцай ордэна езуітаў…
У нашым мінулым праўдзівыя летапісы вельмі часта перапісвалі або падмянялі хлуслівымі хронікамі, складзенымі на загад тых, хто быў пры ўладзе. Таму не дайшоў да нас Полацкі леmanic. Таму асветнікі знаходзіліся ў чорных спісах цемрашалаў, а маскоўскія цары-тыраны абвяшчаліся нашымі вызваліцелямі. Праўдзівая гісторыя вяртаецца да нас толькі цяпер – уваскрашаючы наш гонар, даючы веру ў будучыню, зноў робячы беларусаў еўрапейскім народам.
У гарадоў, як і ў людзей, ёсць душы.
Нягледзячы на нягоды і ліхалецці, Полацк захаваў у сваёй душы чысціню і высакароднасць. Ён здольны вылечыць ад жыццёвай мітусні і прымусіць падумаць пра вечнае, успомніць, хто мы, адкуль і куды ідзём.
Калі хтосьці, загарнуўшы апошнюю старонку, палюбіць мой горад трошкі мацней, а хтосьці проста захоча прыехаць, каб упершыню пахадзіць па яго вуліцах, – буду ведаць, што дні, у якія я пісаў гэтую кнігу, пражытыя недарэмна.
Пачынаючы яе, яшчэ раз гляджу на старажытны полацкі герб над маім сталом. Пад чыстым блакітным небам плыве праз стагоддзі па дзвінскіх хвалях карабель з разгорнутымі ветразямі…
Аўтар выказвае шчырую падзяку
Кацярыне Вініцкай
Вітаўту Кіпелю
Сяргею Краўчуку
Жоржу і Лёлі Лапіцкім
Сяргею Рудакевічу
Алене і Міколу Сенькам
Тамары Стагановіч