Читать книгу Таямніцы полацкай гісторыі - Уладзімір Арлоў - Страница 4

Ад Рагвалода да Брачыслава

Оглавление

Калі вы знайшлі вольны дзень на падарожжа ў полацкую гісторыю, пераадолейце спакусу і пачніце яго не ад велічнай Сафіі, што, кажучы словамі Уладзіміра Караткевіча, «плыве над Дзвіною, нібы карабель». Прыйдзіце спачатку на зялёны бераг Палаты, туды, дзе недалёка ад Чырвонага моста стаіць сціплая стэла з надпісам: «Гарадзішча. Помнік археалогіі IX стагоддзя».

Вось тут, за кіламетр ад галоўнага рачнога шляху – Дзвіны, і вырас першы, яшчэ цалкам драўляны Полацк, упершыню ўспомнены ў «Аповесці мінулых гадоў» у сувязі з дзяльбою гарадоў ноўгарадскім князем Рурыкам. Праз тры гады пасля гэтага, у 865-м, сюды прыйшло кіеўскае войска князёў Аскольда і Дзіра, што, як паведамляе Ніканаўскі летапіс, «ваявалі палачан і шмат зла ўчынілі».

Ва ўсіх народаў дзяржава пачынаецца з горада. Тагачасны Полацк – гэта абнесены драўлянымі сценамі, абведзены валам ды ровам град-дзядзінец, а таксама неўмацаваны вакольны горад – пасад, дзе жылі рамеснікі. Яны сяліліся і каля княжага дзядзінца, і трохі далей, дзе цяпер гарадскі стадыён. Полацк меў тысяч пяць жыхароў – крыху меней за Кіеў і Ноўгарад і болей за любы іншы ўсходнеславянскі горад.

У 907, 911 і 944 гадах полацкія дружыны, даручыўшы лёс Перуну, выпраўляліся адсюль у паходы на далёкі Царгорад-Канстанцінопаль, сталіцу Візантыйскай імперыі. Паганскі бог вайны спрыяў продкам. Полацк мы знаходзім у пераліку гарадоў якім Царгорад плаціў даніну. Сілу галоўнай крывіцкай цвярдыні ведалі і паўночныя суседзі. У скандынаўскіх сагах ён згадваецца дзесяткі разоў пад назваю Палцеск’я – ад старажытных усходнеславянскіх найменняў Полацеск, Полцеск, Полацьск. Аўтару адной сагі нават прымроіліся вакол горада каменныя сцены.


Кожны з нас сустракаўся з тым, што Полацк называюць «древнерусским городом», адным з цэнтраў старажытнарускай дзяржавы, або Кіеўскай Русі. Але, па-першае, такой назвы – Кіеўская Русь – вы не знойдзеце ні ў адным летапісе. Па-другое, «дзяржава» гэтая была шматковая – нетрывалая, аб’яднаная сілаю зброі, а Полацк трапляў у яе зусім ненадоўга, супроць сваёй волі і заўсёды імкнуўся як найхутчэй вызваліцца. А па-трэцяе, «адзіная старажытнаруская народнасць» (гэтаксама, як і «адзіная старажытнаруская мова»), ад якой нібыта паходзяць тры ўсходнеславянскія народы, – міф, створаны дзеля абгрунтавання адвечных прэтэнзій маскоўскіх князёў і цароў на беларускія ды ўкраінскія землі. Логіка тут вельмі простая: паколькі мы, маўляў з аднаго кораня, значыцца, жыць павінны ў адной дзяржаве – зразумела, у расійскай.

Дзіўная рэч: усе славянскія народы вядуць адлік свайго жыцця з VI–VIII стагоддзяў а беларусы і ўкраінцы, калі верыць афіцыйным расійскім ды савецкім «герадотам», чамусьці выходзяць на гістарычную сцэну толькі стагоддзі ў ХIV, быццам раней не мелі анічога адметнага. Аднак і летапісы, і старажытныя нашы храмы, і археалагічныя знаходкі абвяргаюць гэтыя выдумкі, сцвярджаючы, што мы – палачане, беларусы – вядзём сваю (не агульную з некім, а менавіта нашу ўласную, беларускую) пісаную гісторыю з таго самага гарадзішча на беразе Палаты.


Летапісы называюць Полацк сярод гарадоў, дзе сядзелі князі, якія прызнавалі старэйшым кіеўскага Алега. Разам з тым улада далёкага Кіева ніколі не была тут трывалай. Горад нашых продкаў імкнуўся жыць незалежна і будаваць сваю дзяржаву. Добрыя ўмовы гэтаму стварала выгаднае геаграфічнае становішча на шляхах, што звязвалі Арабскі халіфат і Хазарыю са Скандынавіяй і славянскім светам. Аб’яднанню прыдзвінскіх земляў спрыялі агульнасць прыродных умоў (а значыцца, і ладу жыцця) і, вядома, этнічныя асаблівасці тутэйшых жыхароў у чыіх жылах змяшалася балцкая і славянская кроў.

Каб усталяваць у новых землях сваю ўладу, славяне павінны былі стварыць болып высокую сацыяльную арганізацыю – дзяржаву. Ад самага пачатку сваёй гісторыі Полацкае княства было не племянным, а тэрытарыяльным дзяржаўным утварэннем, дзе побач з крывічамі жылі дрыгавічы, а таксама рэшткі даўнейшага балцкага і, магчыма, фіна-угорскага насельніцтва. М. Ермаловіч слушна называе палачан «першай па часе мадэллю беларусаў».

У другой палове X стагоддзя ў Полацку кіраваў незалежны ні ад Кіева, ні ад Ноўгарада князь Рагвалод. (Магчыма, ён быў сынам полацкай княгіні Прадславы, згаданай у дамове, якую ў 945 годзе падпісалі Візантыя і кіеўскі князь Ігар.) Іначай кажучы, якраз у тыя часы і пачала існаванне першая беларуская дзяржава – Полацкае княства.

На хаўрус з ёю мог разлічваць той, хто возьме за жонку Рагвалодаву дачку Рагнеду. Магла віраваць над Палатою вясельная бяседа з хмельным мёдам і заморскім віном, з песнямі гусляроў і прысягамі на вечную ўзаемную вернасць. Гісторыя ж вырашыла па-свойму: не рамейскае віно лілося на Рагнедзіным вяселлі, а кроў…

Спачатку Полацк прымаў сватоў ад кіеўскага князя Яраполка. Рагвалоду найвыгадней было, каб Кіеў ды Ноўгарад варагавалі, а крывіцкая дзяржава тым часам пашырала межы ды выходзіла на волакі, што злучалі Дзвіну з Дняпром і Ловаццю, дазваляючы трымаць у руках важную частку гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі». Але ў такім разе Полацк апынаўся паміж двух агнёў Князь мусіў выбіраць і аддаў сваю прыхільнасць мацнейшаму, на яго думку, Кіеву. Па бацькавай волі дванаццацігадовая Рагнеда (у такім вяку дзяўчынка ўжо лічылася тады нявестаю) дала Яраполкавым сватам згоду і ўзялася рыхтавацца да замужжа. I тут неспадзеўкі заявіліся сваты з Ноўгарада, ад Уладзіміра Святаславіча. Другі Рагнедзін жаніх пакіне ў полацкай гісторыі глыбокі і страшны след, а таму пра яго асобу варта сказаць падрабязней.

Уладзімір даводзіўся ўнукам князю Ігару, з якім крывічы два разы хадзілі на Візантыю. Разам з вайсковым талентам лёс надзяліў Ігара страшэннаю сквапнасцю, якая яго ўрэшце і загубіла. Аднойчы ён пайшоў другі раз за год збіраць з племені драўлянаў даніну, выклікаў гэтым паўстанне і быў забіты.

Княгіня Вольга помсціла за мужаву смерць з нечалавечай вынаходлівасцю. Калі паслы ад драўлянаў прыехалі да яе з прапановаю ісці замуж за свайго князя Мала, яна загадала жыўцом закапаць іх у яме з гарачым вуголлем. Пасольства драўлянскіх баяраў адправіла мыцца ў лазню, дзе іх усіх спалілі. Пайшлі дымам драўлянскія гарады, ляцелі галовы знаных мужоў Пяць тысяч мужчын забілі кіеўскія дружыннікі на трызне па Ігары. Злітавалася Вольга адно з дачкі ды сына драўлянскага князя – з малых Дабрыні ды Малушы. Дзяўчынку княгіня зрабіла сваёй рабыняй-ключніцай, тая спадабалася Вользінаму сыну Святаславу і нарадзіла яму Уладзіміра, які і захоча пазней парадніцца з Полацкам.

Уладзіміраў бацька ў жорсткасці не саступаў бабулі. Перамогшы ў адным з паходаў балгар, Святаслаў загадаў укрыжаваць або пасадзіць на палі (тонкія завостраныя бярвёны) дваццаць тысяч палонных. Далейшыя падзеі паказалі, што ў такіх справах Рагнедзін жаніх быў годным наступнікам сваіх продкаў.


Вернемся да прыезду ноўгарадскіх сватоў Вось што апавядае Лаўрэнцьеўскі летапіс: «Калі Рагвалод трымаў уладу і княжыў у Полацку, Уладзімір быў яшчэ паганінам і жыў у Ноўгарадзе. I меў ён дзядзьку Дабрыню, храбрага ваяводу… I паслаў той да Рагвалода людзей, і прасіў яго аддаць дачку за Уладзіміра. Запытаўся ў дачкі Рагвалод: «Ці хочаш за Уладзіміра?» Яна ж адказала: «Не хачу разуці рабыніча, а Яраполка хачу».

«Не хачу разуці» – тагачасная форма адмаўлення сватам. Існаваў звычай, што маладая жонка перад першай шлюбнаю ноччу здымала з мужавых ног абутак. Аднак тут не проста адмова, але і знявага, бо полацкая князёўна гучна абвясціла: жаніх – сын рабыні, а такі бязродны ёй не трэба.

Далей летапісы кажуць пра гнеў Уладзіміра і яго дзядзькі, што набралі з ноўгарадцаў пскавічоў чудзі, весі і меры, а таксама са смаленскіх ды ізборскіх крывічоў вялізнае войска і рушылі на Полацк, дзе ўжо збіраліся выпраўляць Рагнеду ў Кіеў 3 Уладзімірам ішла дружына варагаў. Князь паабяцаў ім усіх жанчын і грыўню срэбра з кожнага захопленага двара.

Трэба зазначыць, што летапісцы часта па-свойму падавалі гістарычныя падзеі – рабілі іх больш рамантычнымі, набліжаючы свой аповед да літаратурнага твора. Напраўду галоўная прычына нападу на Полацк – не адмова сватам, а паход палачанаў на ноўгарадскія воласці з мэтаю забраць волакі.

Недзе на падыходзе да горада варожую раць сустрэла Рагвалодава дружына. Уладзімір напаў раптоўна, і полацкі валадар не паспеў сабраць усе свае сілы. Нашы продкі былі разбітыя, князь вярнуўся ў Полацк, ды не здолеў ні ўратавацца і сам, ні выратаваць сям’ю. «I паланілі Рагвалода, – піша летапісец, – і жонку яго, і дачку. I зневажаў Дабрыня яго, і прыгадаў Рагнедзе, як назвала князя рабынічам, і загадаў Уладзіміру быць з ёю перад бацькам і мацерай. Пасля ж Уладзімір забіў бацьку яе, а самѵю ўзяў за жонку. I назвалі Рагнеду Гарыславаю». Іншыя летапісы дадаюць, што на вачах у князёўны правадыр чужынцаў пазбавіў жыцця двух яе братоў і маці, вынішчыў увесь род.

Усё жыццё не магла Рагнеда забыць тое «вяселле»: папялішча на месцы крывіцкае сталіцы, целы бязлітасна выразаных мужчын і плач паланянак, якіх чакалі нявольніцкія рынкі. Можа, якраз у тыя чорныя дні нехта з багатых палачанаў ці давераны чалавек самога князя Рагвалода закапаў у зямлю скарб, што ў 1972 годзе знойдуць на свежаўзараным полі хлапчукі з полацкай вёскі Каз’янкі, – 7650 срэбных арабскіх манет (куфіцкіх дырхемаў) агульнай вагою дваццаць кілаграмаў Напэўна, з тых далёкіх часоў Беларусь, а на беларускай зямлі – Полаччына, і пачала па колькасці знойдзеных скарбаў трымаць ці не першае месца ў Еўропе. Самалюбства наша праз гэтае лідэрства, вядома, цешыцца, аднак прычына ў яго сумная: хаваць набытак змушалі бясконцыя войны, што тры наступныя стагоддзі вогненнымі віхурамі праносіліся па Полацкай зямлі праз кожныя шэсць-сем гадоў.

Вядомыя яшчэ некалькі полацкіх скарбаў X–XI стагоддзяў Адзін, які складаўся з куфіцкіх дырхемаў заходнееўрапейскіх дэнарыяў, зліткаў і рэзанага срэбра, быў адкрыты ў 1910 годзе на Верхнім замку. Другі – 50 срэбных манет, бітых у часы Рагвалода ўладарамі Саманідскай дынастыі ў Самаркандзе і іншых сярэднеазіяцкіх гарадах, – знайшлі ў 1888-м у прыгарадным маёнтку Струня, што належаў памешчыку Філіпчанку. Скарб адправілі на даследаванне ў імператарскую Археалагічную камісію, якая выбрала 10 манет для калекцыі Эрмітажа.

У горадзе і ў радыусе 25 кіламетраў вакол яго ўжо знойдзеныя каля 30 старажытных скарбаў і можна адно здагадвацца, колькі яшчэ тоіцца ў зямлі. Палачанка Марыя Краснова ў 1984 годзе падняла проста з-пад ног камяк зямлі, а ў ім аказаліся пяць залатых бранзалетаў і кавалак залатой грыўні.


Мужчынская лінія полацкіх князёў была высечаная Уладзімірам пад корань. Рагвалод прайграў, але назаўсёды застанецца ў кнізе нашага мінулага не толькі як першы полацкі князь, імя якога вядома з летапісаў. Можна спрачацца, прыйшоў полацкі валадар з-за мора, як сцвярджаюць летапісцы, або быў крывічом. Можна спрачацца, славянскія ці скандынаўскія імёны мелі князь і яго дачка. Важней тое, што, гаворачы словамі гісторыка Міколы Ермаловіча, Рагвалод «першы ўбачыў і па-сапраўднаму ацаніў вялікія магчымасці Полацкай зямлі як асобнай дзяржавы са сваімі мэтамі і інтарэсамі, супрацьлеглымі мэтам і інтарэсам самога Кіева».

Драма на берагах Палаты адбылася каля 980 года, а праз колькі месяцаў Уладзімір Святаславіч ужо забіў Яраполка і зрабіўся князем кіеўскім. Знаную палачанку ён пасяліў водбліз сталіцы ў вёсачцы, якую пазней назавуць нібыта па імені Рагнедзінай дачкі Прадславіна.

Князь быў паганінам, а гэтая рэлігія дазваляла мнагажонства. Апрача полацкай князёўны, ён меў яшчэ сем ці шэсць жонак і трымаў восемсот наложніц. За неспатольную пажадлівасць Уладзімір заслужыў імя другога Саламона «в женолюбии»: біблійны герой, як вядома, выславіўся і розумам, і нястомнасцю ў плоцкіх уцехах.

Рагнеда нарадзіла сына Ізяслава. Князь бываў у Кіеве наездамі, у Прадславіна заяўляўся зусім рэдка. Бавячыся з малым, Рагвалодаўна бясконца вярталася думкамі на паняволеную радзіму.

Уладзімір, безумоўна, мае заслугі перад Руссю, аднак для палачан ён назаўсёды застанецца захопнікам і забойцам. Як жа павінна была ставіцца да яго Рагнеда, якую ён ударамі скрываўленага мяча пакінуў адну-аднюткую на свеце, а потым зневажаў як жонку, месяцамі не наведваючы яе і дзяцей? У княгінінай душы спялілася прага помсты.

Дадзім слова летапісцу: «Аднаго разу, калі Уладзімір прыйшоў да яе і заснуў яна наважылася зарэзаць яго. I надарылася яму ў тую хвілю прачнуцца, і схапіў ён яе за руку I сказала яна з жалем: «Ты бацьку майго забіў і зямлю яго паланіў дзеля мяне, а цяпер не любіш мяне з гэтым дзіцем». I загадаў ёй князь прыбрацца па-царску, як перад шлюбам, і сесці ў хораме на белым ложы, а ён прыйдзе і заб’е яе. Яна па словах мужавых і зрабіла. I дала ў рукі сыну свайму Ізяславу аголены меч і навушшша: «Як зойдзе твой бацька, скажы яму: не думай, што ты адзін тут». I ўчыніў так Ізяслаў Уладзімір жа прамовіў: «А хто ведаў што ты тут». I апусціў ён меч і, склікаўшы баяр, расказаў ім усё. Яны ж парадзілі: «Не забівай яе дзеля гэтага дзіцяці, а аднаві яе бацькаўшчыну і дай ёй з сынам сваім». I пабудаваў Уладзімір горад, аддаў яго ім і назваў горад гэты Ізяслаўлем. I з таго часу ўзнімаюць меч Рагвалодавы ўнукі супраць унукаў Яраслававых».

Рагвалодаў унук Ізяслаў меў тады ад нараджэння гадоў сем, Рагнедзе было трохі болей за дваццаць. Яраслававы ўнукі (нашчадкі князя Яраслава Мудрага) падымаць меч на полацкіх сваякоў яшчэ не маглі, бо не нарадзіліся. Праўда, ад гэтага двум парасткам спляжанага роду было не лягчэй. Рагнеду з сынам чакала невядомае, небяспечнае ад мужавай няміласці жыццё на крывіцка-дрыгавіцкім памежжы, дзе стаяла сярод лясоў маленькае драўлянае Заслаўе – летапісны Ізяслаўль.

Уладзімір неўзабаве абвянчаўся з грэцкаю прынцэсаю Ганнай, пасек над Дняпром паганскія стоды і ўзяўся прыводзіць да веры ў Хрыста падуладныя землі. (Між іншым, гісторык Сяргей Гаранін надрукаваў у часопісе «Беларуская мінуўшчына» артыкул «Пілігрымы», дзе сцвярджае, што накіраваную ў час выбару веры адмысловую місію з Кіева ў Волжскую Булгарыю, Рым і Канстанцінопаль Уладзімір Краснае Сонейка даручыў узначаліць палачаніну Іаану. Такім чынам, магло стацца, што меркаванне адукаванага полацкага мужа, які служыў у кіеўскага князя прыдворным лекарам і рытарам, адыграла вельмі істотную ролю ў вызначэнні гістарычнага лёсу падуладных Кіеву земляў).

Перад вянчаннем князь зазнаў багата клопату, бо, зрабіўшыся хрысціянінам, мусіў неяк пазбыцца ранейшых законных жонак, не кажучы ўжо пра сотні наложніц. Дзякуючы новай веры насельніцы велікакняжацкіх гарэмаў павярталіся дахаты, а жонак аддалі замуж за знатнейшых дружыннікаў 3 Рагнедаю было болып складана, бо яна, у адрозненне ад іншых, паходзіла з княжацкага роду. Летапісы паведамляюць, быццам Уладзімір прапанаваў ёй выйсці за аднаго са сваіх баяраў ды ганарлівая княгіня вырашыла лепей прысвяціць сябе Хрысту і стала першаю на ўсходнеславянскіх землях манашкаю, прыняўшы імя Анастасія. Магло быць і іначай, як рабілася ў такіх выпадках у Візантыі: Рагнеду пастрыглі ў манастыр, не пытаючы яе згоды, а малога Ізяслава павезлі з Заслаўя ў Полацк.

Лёс адмераў чарніцы Анастасіі яшчэ дванаццаць гадоў жыцця. Яны прамінуць у келлі бясконцаю чарадою аднолькавых дзён – без дзяцей, без улюбёнага сына-заступніка, у растанні з роднай зямлёй. Недзе там, у Заслаўі, яе і пахавалі. Будзеце ехаць праз старажытны Ізяслаўль-Заслаўе (чыгуначная станцыя там называецца Беларусь), паглядзіце ў вакно, успомніце, што тут знайшла апошні спачын выратавальніца полацкай княжацкай дынастыі. Праз гарадок плывуць у Свіслач дзве рачулкі з адметнымі гістарычнымі імёнамі – Княгінька і Чарніца. На пачатку мінулага стагоддзя заслаўцы яшчэ называлі ўзвышша па-над Чарніцаю Чорнай гарою і апавядалі, што на ёй і жыла Рагнеда.

Ізяслаў перажыў маці адно на колькі месяцаў Такое супадзенне дае падставы лічыць, што Уладзімір мог атруціць іх, каб не дазволіць Полацку ўзмацніцца, а старэйшаму сыну – прэтэндаваць калі-небудзь на кіеўскі княжы пасад.

Некаторыя гісторыкі наогул ставяць пад сумнеў тое, што Уладзімір даводзіўся Ізяславу бацькам і лічаць, што крывавае вяселле ў Полацку адбывалася, калі Рагнеда пасля прыезду Яраполка са сватамі ўжо чакала ад кіеўскага князя дзіця. Даволі сумнеўнымі выглядаюць і летапісныя звесткі аб тым, што дзецьмі Рагнеды былі Яраслаў (Мудры), Мсціслаў (які пазней стаў князем чарнігаўскім), Усевалад і Прадслава з Праміславай. Калі былі, дык чаму тады ў Заслаўе непакорлівую палачанку выслалі з адным толькі Ізяславам?..

Захаванае летапісцамі паэтычнае паданне пра добраахвотны пострыг Рагнеды ў манашкі, каб унявесціцца Хрысту, кажа, што пры гэтым прысутнічаў яе сын Яраслаў Ён ад нараджэння не валодаў нагамі, але, горача ўхваліўшы матчын выбар, нібыта адразу ж падняўся і пайшоў Паданне часткова пацвердзілася пры вывучэнні парэшткаў Яраслава Мудрага ў сярэдзіне XX стагоддзя. Высветлілася, што пасля перанесенай у дзяцінстве хваробы ён сапраўды кульгаў Але з летапісаў вынікае, што Уладзімір выправіў Рагнеду ў Заслаўе яшчэ да свайго хрышчэння. (М. Карамзін, які карыстаўся ў напісанні «Истории государства Российского» летапіснымі тэкстамі, што загінулі пазней у Маскоўскім пажары 1812 года, драматычную сутычку Уладзіміра з Рагнедай і заснаванне Заслаўя аднёс да 985 года.) Прычым з княгіняю быў Ізяслаў, а не Яраслаў, што атрымаў пасля бацькавага хросту Растоўскае княства.

Колькасць дзяцей, якія летапісы прыпісваюць Рагнедзе, дрэнна стасуецца і з яе становішчам нялюбай жонкі, і з самой працягласцю замужжа. Супярэчнасці паміж рознымі спісамі Уладзіміравых сыноў наводзяць на думку пра неаднаразовае рэдагаванне гэтых тэкстаў.

Даследчык гісторыі старажытнага Заслаўя Юры Заяц мяркуе, што змены ў летапіс маглі быць унесеныя за часамі Уладзіміра Манамаха або яго сына Мсціслава, якія захапілі вярхоўную ўладу ў абход законных прэтэндэнтаў Прылічваючы свайго продка Яраслава Мудрага да сыноў Рагнеды, Манамах і яго сын імкнуліся абгрунтаваць «законнасць» уласных прэтэнзій на Полацкае княства.


Доля Рагнеды ў розныя часы натхняла пісьменнікаў кампазітараў, мастакоў Паэтычныя творы прысвяцілі ёй Тарас Шаўчэнка і Янка Купала (няскончаная паэма «Гарыслава»), У сваёй гістарычнай драме «Рагнеда» Кандрацій Рылееў пісаў што полацкая князёўна запальвала ў сэрцах «любовь к стране родной и к угнетателям презренье».

Ідэйна блізкая да Купалавай «Гарыславы» вершаваная драма «Рагнеда», напісаная ў 1923-м пісьменнікам і гісторыкам Пётрам Крэчэўскім. Праз пяць гадоў у БССР п’есу «Рагнеда» стварыў Міхась Зарэцкі, але яна так і не была надрукаваная, а пасля арышту аўтара рукапіс знік.

У наш час аб трагічным і шмат у чым загадкавым шляху Рагвалодавай дачкі расказаў у аповесці «Тры жыцці Рагнеды» Кастусь Тарасаў Свае драматычныя і паэтычныя творы прысвяцілі полацкай князёўне Іван Чыгрынаў Алесь Петрашкевіч, Таіса Бондар…

У Рускім музеі Санкт-Пецярбурга вы маглі бачыць створанае ў 1770 годзе палатно расійскага мастака Антона Ласенкі «Уладзімір перад Рагнедай».

На пачатку XX стагоддзя ў Расіі быў зняты мастацкі фільм «Рагнеда». 3 газет, якія пераказвалі яго кароткі змест, чытач даведваўся, што «ў першую ж ноч, калі Уладзімір і пераможцы балявалі ў княскім хораме, Рагнеда прабралася да палонных і вызваліла свайго каханага – варажскага віцязя Інгульфа, пакляўшыся яму жорстка адпомсціць забойцу свайго бацькі…»

Праз сем гадоў Інгульф пасля доўгіх блуканняў па свеце вяртаецца да Рагнеды і па дарозе ратуе Уладзіміра, які на паляванні трапіў у смяротныя абдымкі мядзведзя. Не пазнаўшы ворага, князь бярэ яго ў сваю дружыну, Рагнеда ж пад уплывам сустрэчы з каханым вырашае ў тую самую ноч выканаць старую клятву. Аднак замах не ўдаецца, і Рагнеда, просячы ў мужа літасці, вінаваціць Інгульфа. Той спрабуе ратавацца ўцёкамі, але, паранены стралой, гіне ў Дняпры.

Як бачым, сюжэт цяжка назваць блізкім да рэальных падзей X стагоддзя. Пры жаданні можна абвінаваціць аўтараў і ў імкненні да «дэгераізацыі» полацкай князёўны. Тым не меней фільм быў створаны, а пра новы, сучасны, нам застаецца толькі марыць. Як і пра помнік захавальніцы дынастыі Рагвалодавічаў на адной з вуліц яе роднага горада. Як і пра з’яўленне імя Рагнеды ў полацкай гарадской тапаніміцы.


Мы памятаем, што, сеўшы ў Кіеве, Уладзімір выбраў з мноства паганскіх багоў шэсць галоўных. Але вось стод Перуна, як звычайнае бервяно, паплыў да дняпроўскіх парогаў а раку Уладзімір Краснае Сонейка зрабіў велізарнаю купеллю. Сагнаным на бераг кіянам князь кінуў пагрозлівае: «Хто не са мною, той супраць мяне».

Баючыся суровай кары за непаслушэнства, паганцы заходзілі па шыю ў ваду і вярталіся ўжо хрысціянамі. Ноўгарадцаў як сведчаць летапісы, кіеўскія ваяводы Дабрыня і Пуцята хрысцілі «агнём і мячом». Прыход новае веры ў беларускі Тураў таксама стаўся падзеяю драматычнай: нездарма там дагэтуль жыве паданне пра каменныя крыжы, што прыплылі з Кіева і афарбавалі Прыпяць крывёю.

А як прыняла Хрыстовую веру Полацкая зямля? Афіцыйныя гісторыкі ніякага пэўнага адказу не давалі – маўляў гэта частка Кіеўскай Русі, таму ўсё было тут, як у сталіцы ці, у горшым разе, як у Ноўгарадзе. Аднак звестак пра тое, як хрысцілася наша княства, мы не знойдзем ні ў адным з вядомых сёння летапісаў Няхай Полацкі летапіс не захаваўся, але, калі б кіеўскія дружыннікі ўчынілі на берагах Дзвіны крывавы гвалт, гэта абавязкова адзначылі б іншыя летапісцы.

Ва Уладзіміра Святаславіча ўжо не было дастатковай сілы, каб хрысціць палачанаў прымусова. Княства няўхільна адраджала сваю самастойнасць. Яго валадары – нашчадкі Рагнеды не мелі патрэбы сцвярджаць сваю ўладу пераводам у хрысціянства адразу ўсіх жыхароў як зрабіў у Ноўгарадзе князь Уладзімір.

Язычніцкая вера несла ў сабе шмат светлага, такога, ад чаго чалавеку нялёгка адмовіцца. Полацкія князі, разумеючы гэта, тым не менш, не хацелі бачыць сваю зямлю паганскаю выспаю сярод хрысціянскай Еўропы. Яны цвяроза ацэньвалі перавагі, якія давала дзяржаве і яе народу новая вера. Таму Полацк прыняў яе і спрыяў мірнаму пашырэнню Хрыстовага вучэння на ўсім крывіцкім абшары.

Ужо ў 992 годзе была ўтвораная Полацкая епархія. Сёй-той з нашых продкаў мог надзець крыж яшчэ ў час паходаў на хрысціянскую Візантыю. Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што хрысціянінам быў князь Рагвалод.

Магчыма, у Полацку ўзнік і першы ва ўсходніх славянаў манастыр. Дапусціць гэта дазваляе скандынаўская «Сага пра хрышчэнне», дзе апавядаецца пра падзеі X стагоддзя. Герой сагі, прылічаны пасля смерці да святых Торвальд Вандроўнік, хрысціў Ісландыю, адкуль выправіўся ў Ерусалім. Заслужыўшы вялікую пашану ў канстанцінопальскага патрыярха, паломнік вяртаўся на радзіму праз усходнеславянскія землі. У «Русіі» ён сканаў і быў пахаваны «ў высокай гары каля царквы святога Іаана, непадалёку Полацка».

Еэтая сага – першая па часе крыніца, дзе згадваюцца хрысціяне на полацкіх землях.

Узнікненне полацкага манастыра Іаана-Хрысціцеля (Прадцечы) на Востраве, пра які ёсць шматлікія сведчанні, гісторыкі адносяць да XII стагоддзя. Але рэшткі самога манастыра дагэтуль не знойдзеныя, і казаць пра болып дакладны час яго заснавання можна будзе толькі пасля археалагічных даследаванняў Пакуль што яны вызначылі толькі месца пошукаў.

Што да «высокай гары», дык яна існуе на левым беразе Дзвіны, насупроць Сафійскага сабора, і сёння.

«Аповесць мінулых гадоў», кажучы пра падзеі ў Полацку, пад 1007 годам змяшчае запіс: «Перанесены святыя ў святую Багародзіцу».

Першыя кіеўскія (апотым агульнарускія) святыя Барыс і Глеб, кананізаваныя, як лічаць сучасныя вучоныя, пасля 1020 года, а перанесеныя ў царкву ў 1072 годзе, пра што ёсць запіс у «Аповесці мінулых гадоў».

Іншых святых ні ў Кіеве, ні ў Ноўгарадзе тады не было і не магло з’явіцца, бо царква Кіеўскай Русі знаходзілася ў поўнай залежнасці ад Канстанцінопаля, дзе зацвярджалі любую кананізацыю.

Беларускі гісторык Сяргей Тарасаў мяркуе, што гаворка ў летапісе ідзе пра першых полацкіх і беларускіх святых, якімі маглі быць манашка Рагнеда-Анастасія, пабожны князь Ізяслаў і княжыч Усяслаў Ізяславіч, які памёр у дзіцячыя гады. Магчыма, да іх быў далучаны і святы Торвальд. Канстанцінопальскі патрыярх мог дазволіць кананізацыю мясцовых святых праз сваю зацікаўленасць у хрысціянізацыі Полацкай зямлі паводле ўсходняга абраду. Княства ж, безумоўна, хацела мець сваіх святых дзеля ўмацавання незалежнасці.

Дарэчы, у Полацку ўжо напэўна існаваў і храм Багародзіцы, бо, як мы пазней даведаемся, у часы Еўфрасінні цэркваў у гонар Божай Маці было ў горадзе дзве – старая і новая.

Першы вядомы нам сёння полацкі епіскап Нікіфар быў грэкам. У 1092 годзе з дазволу канстанцінопальскага патрыярха ён стаў мітрапалітам кіеўскім. Значыцца, заняць епіскапскую катэдру ён мог толькі з багаславення таго самага царкоўнага іерарха. Іначай кажучы, Нікіфар прыехаў у Полацк проста з Візантыі.

Усё сказанае вышэй, як і трывалыя сувязі Полацкага княства з Канстанцінопалем, што выяўляліся і ў дынастычных шлюбах, і ў магутным уплыве візантыйскае культуры, пераконваюць: новая вера прыйшла сюды непасрэдна з Візантыі.

Нягледзячы на тое, што царква абвяшчала вялікім грэхам не толькі размову пра паганства, але і думкі пра яго, хрысціянства на нашай зямлі яшчэ вельмі доўга мірна суіснавала са старым светаўспрыманнем.

Паганцамі ў душы заставаліся і простыя людзі, і некаторыя з вялікіх полацкіх князёў.

Як сведчаць дакументы, у XV–XVI стагоддзях на абшары былой Полацкай дзяржавы ў сялянскім асяроддзі яшчэ нярэдка сустракаліся дахрысціянскія імёны: Жыла, Ждан, Некраш, Размыслаў, Хвалей, Зорна, Нядзелька, Дабрыяна, Міласлава…

Нават у XVII стагоддзі праваслаўныя багасловы з абурэннем пісалі: «Шануюць старых бажкоў Леля і Палеля і агідныя Богу іхнія імёны крычаць на ігрышчах. Славяць на вяселлях і матку іх Ладу, і гэтага хрысціянам сцерагчыся трэба, каб унікнуць кары Божай. I нячысціка Купалу славяць, асабліва перад нараджэннем Іаана Хрысціцеля. Хлопцы і дзяўчаты звіваюць сабе вянкі з некаторых траў і ўскладаюць іх на галовы і па вадзе пускаюць, забыўшыся пра імя Госпада нашага. I агонь раскладаюць на тым д’яблавым ігрышчы, і скачуць праз яго, і карагоды вакол яго водзяць, і шмат чаго іншага на тых ігрышчах учыняюць, пра што і пісаць непрыстойна. I на свята Нараджэння Хрыстовага славяць нячысціка Каляду, і ўсё гэта спакусы д’яблавы. Ёсць і такія, што твары свае і ўсю гожасць чалавечую, на падабенства Божае створаную, хаваюць пад маскамі, на д’яблаў узор зробленымі, і тым як быццам Бога нашага дакараюць, пагарджаючы стварэннем рук ягоных». Гэтыя словы маюць непасрэднае дачыненне да Полаччыны, дзе карані паганскае веры былі асабліва глыбокія.

Сучасны даследчык беларускага паганства Уладзімір Лобач слушна параўноўвае працэс сцверджання новай веры на нашых землях з ірландскім варыянтам хрысціянізацыі, калі хрысціянскія святары, каб мець поспех, мусілі мірна кантактаваць з вешчунамі-друідамі, шмат чаго пераймаючы ад іх.

Негвалтоўны, паступовы прыход хрысціянства на старажытнабеларускія землі меў важныя наступствы. 3 часоў першай дзяржавы ў нас усталёўвалася паважнае стаўленне да іншадумцаў і іншаверцаў Мы не ведалі царкоўных расколаў як у Масковіі, і рэлігійных войнаў як на Захадзе. Язычніцкія традыцыі, звычаі, абрады былі прыстасаваныя да хрысціянства і сталіся неад’емнай часткаю беларускай культуры. Усё гэта таксама фармавала наш адметны нацыянальны характар.

Уладзімір Краснае Сонейка пасля хрышчэння пражыў яшчэ амаль трыццаць гадоў У запавеце ён павучаў дзяцей: «Не давайце моцным губіць чалавека. Ні правага, ні вінаватага не забівайце і не загадвайце забіць яго. Калі і будзе варты смерці, усё адно не губіце ніякай хрысціянскай душы». Ці ўспамінаў князь пры гэтым жаніцьбу з Рагнедаю? Як успомніў дык хочацца верыць, што шчыра раскаяўся. А што да настаўлення не ліць крыві – не той быў час, каб нашчадкі да яго прыслухоўваліся.

Ці не найлепшым выканаўцам Уладзіміравага запавету мог бы стаць – каб дажыў да яго – князь Ізяслаў. «Бысть же сий князь, – паведамляе пра яго Ніканаўскі летапіс, – тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело, и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, долготерпив». Ёсць у гэтым партрэце відавочная ідэалізацыя, але ёсць і звесткі, вартыя даверу.

Ізяслаў – першы з усходнеславянскіх князёў каго летапісы называюць кніжнікам. Менавіта ён увёў у Полацку пісьменства і навучанне грамаце. Пячатка з яго імем, якою змацоўваліся княжыя граматы, лічыцца адным з найдаўнейшых помнікаў беларускага пісьменства.

Рагнедзін сын застанецца ў гісторыі як першы беларускі асветнік і як князь, што аднавіў у старажытнай крывіцкай сталіцы полацкую дынастыю. Пачынаючы з яго, усе нашчадкі Рагвалода нязменна называлі сябе Рагвалодавічамі, а не Рурыкавічамі, як астатнія «рускія» князі.

Горад на той час ужо падняўся з папялішча. На высокім беразе Дзвіны, там, дзе яна прымае ў сябе Палату, стаяў рублены з бярвення новы дзядзінец, вакол якога рос пасад. Шырокую дзвінскую роўнядзь усё часцей упрыгожвалі ветразі купецкіх стругаў.

Князь Ізяслаў пакінуў Полацк і гэты свет неўзабаве па смерці маці. Цяжка сказаць, ці княжыў яго сканалы ў малалецтве старэйшы сын Усяслаў Даты ствараюць загадкавы ланцужок: 1000 год – памірае Рагнеда, 1001 – Ізяслаў, 1003 – Усяслаў Ізяславіч. Сын і ўнук развітваюцца з жыццём значна раней за бацьку і дзеда, што дажыве да 1015 года. Відаць, доўгія рукі меў Уладзімір Краснае Сонейка, вялікі быў яго страх перад адраджэннем Полацка.

Пасля таямнічай бацькавай смерці полацкі пасад заняў Брачыслаў Ізяславіч, які канчаткова верне княству незалежнасць.

Ён застаўся сіратою ў раннія гады. Бацька паспеў пасадзіць хлопчыка на каня, даў патрымацца за меч, паслухаў, як, водзячы пальцам па пергамене, княжыч расчытвае кніжныя радкі. Далей яго выхаваннем займаўся нехта з полацкіх баяраў.

Брачыслаў застаўся апошнім жывым Рагвалодавічам. Палачане бераглі малалетняга князя, як вока, і глядзелі на яго з вялікімі спадзяваннямі.

У Кіеве яшчэ сядзеў ненавісны Уладзімір. Рагвалодаў забойца мусіў аднавіць Полацкае княства, але забраў у яго волакі на гандлёвых шляхах. Ключы ад іх – Віцебск і Усвят – перайшлі пад уладу Ноўгарада, куды плыло цяпер багатае мыта з праезджых купцоў Полацкія «мужы моцныя» марылі павярнуць гэты залаты ручай да сябе, аб’яднаць крыўскія землі і прырасціць да іх дрыгавіцкія.

Узмужнеўшы і ўвабраўшыся ў сілу, князь спраўдзіў надзеі землякоў Як тое адбывалася, апавядаюць летапісы і «Сага пра Эймунда».


Памёр Уладзімір Краснае Сонейка, успыхнулі крывавыя ўсобіцы. Пераможцам з іх выйшаў князь Яраслаў, празваны Мудрым.

Малады полацкі валадар у суседскія звады не ўвязваўся, рыхтаваўся да іншага. А тут як быццам само неба паспрыяла палачанам: у горад прыйшла з Кіева варажская дружына Эймунда. Яраслаў не заплаціў ёй за службу, і пакрыўджаныя варагі выбралі сабе новага гаспадара – Брачыслава, што было прызнаннем яго сілы.

Эймунд прывёз крывіцкаму князю важную навіну: яго кіеўскі дзядзька рыхтуецца да паходу ў Прыдзвінне. Полацк вырашыў не шкадаваць варагам грошай. Пагатоў Эймундава папярэджанне хутка пацвердзілася: Яраслаў прыслаў ганцоў вымагаючы памежныя з яго ўладаннямі полацкія гарады. Правадыр варагаў за бяседным сталом сказаў Брачыславу: «Падобна, уладар, што будзе бойка з хіжым ваўком. Саступім цяпер – захоча ўрваць яшчэ болей».

Параіўшыся з вечам, Брачыслаў Ізяславіч вырашыў не чакаць нападу, а самому ўдарыць на спадчыннае Яраславава ўладанне – Ноўгарад. У 1021 годзе палачане быццам з-пад зямлі выраслі перад магутнымі ноўгарадскімі сценамі і ўзялі горад прыступам. Сярэднявечны польскі гісторык Ян Длугаш піша, што ўслед за сталіцаю Брачыслаў завалодаў усім суседнім княствам. У захопленых гарадах ён паставіў намеснікаў і з багатым палонам вырушыў дадому. Часам даводзіцца чытаць, што такім чынам Полацк адпомсціў за Рагвалода і Рагнеду. Не трэба блытаць помсту з палітыкай. Палачане не помсцілі, а імкнуліся далучыць Ноўгарадскую зямлю, каб болып паспяхова змагацца з Кіевам.

На сёмы дзень вяртання з паходу крывіцкае войска ўбачыла перад сабою баявыя харугвы Яраслававай дружыны. Сеча адбылася на рацэ Судоме, і, калі верыць летапісам, разбіты Брачыслаў збег адтуль у родны горад. Аднак дзіўная гэта была перамога, бо кіеўскі князь не толькі не пайшоў ваяваць Полацкую зямлю, а яшчэ і аддаў Брачыславу Віцебск і Усвят – менавіта тыя гарады, якіх Полацку не хапала для моцных пазіцый на шляху «з варагаў у грэкі». Зноў мусім шкадаваць, што загінуў Полацкі летапіс: ён мог бы сказаць аб той бітве праўду.

Старажытнаісландская «Сага пра Эймунда» падае іншую версію падзей на Судоме. Сечы нібыта наогул не было. Кіяне з палачанамі стаялі насупроць адзін аднаго сем дзён, і Яраслаў чакаў пакуль ваяўнічы палачанін прышле паслоў з паклонам. Брачыслаў ірваўся ў бой, ды хітрамудры Эймунд прапанаваў яму таксама вырашыць спрэчку без крыві: выкрасці Яраслававу жонку, каб міру папрасілі самі кіяне.

Варагава задума прыйшлася Брачыславу даспадобы. Эймунд зрабіў у лесе за баявым кіеўскім станам засаду і ўрэшце захапіў княгіню ў палон, што і дапамагло атрымаць Віцебск і Усвят.

Як бы ні разгортваліся падзеі, Яраслаў Мудры прызнаў незалежнасць Полацка і з Рагвалодавічамі болей не ваяваў.

Пасля сустрэчы на Судоме полацкі і кіеўскі князі дамовіліся быць «братанічамі». Абодва мелі на кіеўскую зямлю роўныя правы, і таму адзін сядзеў у Полацку, другі – у Ноўгарадзе, а Кіевам кіравалі праз намеснікаў Летапісы кажуць пра існаванне там «Ярославля» і «Брячиславля» двароў «Будзь са мною заадно («за един»), – было сказана ў дамове пасля Судомы, – і ваявалі Брачыслаў з Яраславам разам усе дні жыцця свайго».

Як яны ваявалі разам, нічога невядома. Пасля 1021 года Брачыславава дружына найчасцей выпраўлялася ў той бок, куды сядае сонца. Пра паспяховасць тых паходаў гавораць сёння ўтвораныя ад імя полацкага князя геаграфічныя назвы.

На возеры Дрывяты стаіць горад Браслаў, што ў летапісах зваўся па імені заснавальніка – Брачыслаўль. За пару дзесяткаў кіламетраў ад Краславы, на беларуска-латышскім памежжы, ёсць на возеры Сівер вёска Браслаў са старажытным гарадзішчам. Паселішча з такой назваю існуе і трохі на поўнач ад Оршы, якая разам з Копысем і часткаю Прыдняпроўя трапіла пад уладу Полацка зноў-такі за часам Брачыслава Ізяславіча.

Супастаўленне летапісных сведчанняў з «Эймундавай сагай» і археалагічнымі матэрыяламі даюць падставы казаць, што ў 1024 годзе паміж Брачыславам і Яраславам была заключаная новая дамова, паводле якой да Полацкага княства адышла Менская воласць.

У часы Брачыслава Полацкая дзяржава не зведала варожых нашэсцяў Гэта быў рэдкі ў нашай гісторыі перыяд міру і спакою.

Пра тое, што сучаснікі разглядалі Полацкую зямлю як незалежную дзяржаву, красамоўна кажа і наступны прыклад. Калі ў 1015 годзе, пасля смерці вялікага князя кіеўскага Упадзіміра Святаславіча, паміж яго сынамі разгарнулася жорсткае змаганне за вярхоўную ўладу (сямёра з дзесяці жывых на той час Уладзіміравых сыноў у гэтых усобіцах загінулі разам з нашчадкамі), ніхто з іх не выявіў варожасці да Брачыслава Ізяславіча, ніхто не паквапіўся на яго ўладанні. Ужо тады кіеўскі княжацкі дом не лічыў Полацкую зямлю часткаю Кіеўскай Русі.

Калі б я быў мастаком, дык намаляваў бы два партрэты князёў якіх нашыя жывапісцы пакуль што не надта песцяць увагаю. Асветнік Ізяслаў схіляўся б над кнігаю, расчытваючы выведзеныя на пергамене пісьмёны, а Брачыслаў гуляў бы з Эймундам у шахматы, абдумваючы паход на ноўгарадцаў

Таямніцы полацкай гісторыі

Подняться наверх