Читать книгу Святло далёкай зоркі - Уладзімір Касько - Страница 7
Каўказскі дзённік
ОглавлениеЛетам 1910 г. А. К. Сержпутоўскі накіроўваецца ў камандзіроўку на Паўночны Каўказ. Нязведаны край, бездарожжа, невядомыя мовы і звычаі плямён і народнасцей не надавалі аптымізму. «Я еду ў такую цяжкую і небяспечную экспедыцыю, дзе кожную хвіліну можна чакаць ад горцаў кулю або кінжал. Але мяне не палохаюць ні цяжкасці, ні небяспека, толькі б дасягнуць пастаўленай мэты», – пісаў Аляксандр Казіміравіч у сваім рабочым дзённіку.
Па дарозе на Каўказ ён спыняецца ў розных гарадах Расіі, падрабязна апісвае славутасці Самары, Саратава, Ноўгарада, Царыцына, Юр’ева. Апошні, па словах Сержпутоўскага, вельмі нагадаў яму беларускі Мазыр. Але прыгожыя пейзажы цудоўнай рускай прыроды, магутнай, апетай у песнях Волгі не засланяюць ад пільнага позірку этнографа жыццё народа. На кожным кроку бачыць ён гора і нястачу, чуе скаргі, плач, праклёны ў адрас царскіх чыноўнікаў. Пасля наведвання Кастрамы даследчык зрабіў наступны запіс у дзённіку: «Тут адчуў я сэрца Расіі і тую коснасць некалі моцнага і магутнага народа, які… сёння пакутуе ад прыгонніцтва і голаду»[35]. Знаёмячыся з карціннай галерэяй горада, Сержпутоўскі заўважае, што этнаграфія там не прадстаўлена, у музеі пануе хаос.
Поўныя трывог, небяспекі і ўражанняў былі дні, праведзеныя Аляксандрам Казіміравічам на Каўказе. Ён быў вымушаны прабірацца па горных сцяжынках над безданню. На дарогах на праезджых часта нападалі бандыты. I ўсё ж этнограф наведаў самыя маладаступныя аулы, сабраў багатыя калекцыі прадметаў быту, прылад працы, зброі, зрабіў унікальныя запісы народных традыцый і абрадаў, фотаздымкі.
Шмат увагі ўдзяліў Сержпутоўскі апісанню жыцця дзідойцаў, якое мала чым адрознівалася ад жыцця іншых горскіх народаў. Галоўным іх заняткам была жывёлагадоўля. Сяляне разводзілі авечак, кароў, коней, аслоў. На невялічкіх кавалачках зямлі, адваяванай у гор, вырошчвалі азімую пшаніцу, авёс, жыта, кукурузу. Апрацоўвалі зямлю прымітыўным спосабам – матыкай, сахой, што не садзейнічала атрыманню высокіх ураджаяў. Агародніцтвам дзідойцы не займаліся наогул. Асноўная ежа – бараніна, сыр. Той-сёй перабіваўся бортніцтвам, нарыхтоўкай дроў.
Апісваючы жыццё, звычаі, культуру чаркесаў, гінухцаў, А. К. Сержпутоўскі падкрэсліваў, што жывуць яны паміж сабой дружна, заўсёды гатовы прыйсці адзін аднаму на дапамогу, падзяліцца апошнім кавалкам хлеба, жменькай тытуню. Такія ж цёплыя адносіны да сябе адчуваў з боку простых горцаў і наш зямляк.
Знаёмства з народнай творчасцю горцаў дазволіла даследчыку лепш пазнаць душу гэтых народаў, пераканацца ў іх аптымізме, свабодалюбстве, кемлівасці, знаходлівасці.
Галоўным персанажам многіх фальклорных твораў чаркесаў з’яўляецца бедны, востры на розум і язык селянін. У гэтым няцяжка пераканацца, пазнаёміўшыся з прытчай, запісанай Сержпутоўскім[36].
Будучы запрошаным у госці да султана, селянін заўважыў, што гаспадар паклаў у яго шклянку мала цукру. У гэты час слуга паведаміў, што прыехаў яшчэ адзін госць. «Вельмі добра, – ажывіўся селянін, – магчыма, гэты чалавек прывёз цукру, бо ў султана яго няма».
Не багацце, а смелы ўчынак, подзвіг цаніліся ў горцаў.
У другой прытчы, запісанай у бжэдухаў А. К. Сержпутоўскім[37], расказваецца пра наступнае.
Аднойчы натоўп горцаў стаяў на крутым беразе Кубані. Гледзячы на імклівае цячэнне ракі, нехта сказаў: «Шкада, што сярод нас няма бжэдуха. Ён бы не пабаяўся пераплыць раку».
Гэтыя словы пачуў пастух з племя бжэдухаў, які праходзіў міма. «Калі сваім учынкам, нават смерцю магу праславіць свой род, я пераплыву раку», – сказаў ён. Прамовіўшы так, пастух скінуў з сябе бурку, падбег да абрыву і кінуўся ўніз.
Сюжэтам для рамантычнай аповесці пра адраджэнне роду бжэдухаў магло б стаць паданне, запісанае Сержпутоўскім[38].
Супраць лютага князя бжэдухаў узняўся народ, забіў яго самога і ўсіх яго родзічаў. Жывой засталася толькі маладая жонка князя, якая чакала дзіця. Калі пачалося паўстанне, яна пабегла ў горы і знайшла прытулак у пастухоў. Хутка жанчына нарадзіла сына. Калі той крыху падрос, стаў дапамагаць дарослым даглядаць коней, кароў. Не было роўнага хлопцу ў спрыце, сіле, кемлівасці. Бжэдухі выбралі яго сваім атаманам. Малады князь аб’яднаў разрозненыя плямёны бжэдухаў, якіх вызначалі такія рысы, як стойкасць, храбрасць, захаванне звычаяў продкаў.
У час камандзіроўкі на Каўказ Сержпутоўскі набыў звыш 400 экспанатаў, зрабіў 140 фотаздымкаў асоб розных народнасцей, апісаў шмат бытавых сцэн з жыцця горцаў, выканаў дзясяткі малюнкаў і чарцяжоў дамоў, гаспадарчых пабудоў. Выказваючы падзяку прадстаўнікам афіцыйных улад, якія садзейнічалі поспеху работы экспедыцыі, ён інфармаваў кіраўніцтва савета этнаграфічнага аддзела Рускага музея, што пералічаныя ім асобы абяцалі сабраць сярод мясцовых жыхароў новыя калекцыі і даслаць іх у музей.
Па просьбе старшыні імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства С. Ф. Альдэнбурга А. К. Сержпутоўскі выступіў 10 снежня 1910 г. перад членамі РГТ з паведамленнем аб выніках гэтай экспедыцыі. Вялікую цікавасць у прысутных выклікалі прагляд дыяпазітываў, зробленых Сержпутоўскім, азнаямленне з калекцыямі этнаграфічных прадметаў, прывезеных ім з Каўказа[39].
Паспяховай з’явілася экспедыцыя А. К. Сержпутоўскага ў Дагестан у чэрвені 1911 г. Мэтай яе было вывучэнне жыцця, быту, матэрыяльнай і духоўнай культуры дзідойцаў, гінухцаў, капучынцаў.
Наведваючы населеныя пункты, даследчык адзначаў, што жыццё горцаў мала чым адрознівалася ад жыцця рускіх, беларускіх, украінскіх сялян. Галоўнымі заняткамі гэтых смелых, адкрытых, шчырых людзей, па словах вучонага, былі жывёлагадоўля, паляванне, земляробства, хоць зямель, прыгодных для вырошчвання збожжавых, агародніны, было вельмі мала. Невялікія ўчасткі – латкі, як правіла, размяшчаліся на схілах гор. Грунт быў вельмі цвёрды, цяжка паддаваўся не толькі матыцы, але і кірцы. Каб не зваліцца ў бездань, сяляне абвязвалі сябе вяроўкамі, адзін канец якіх мацаваўся на круках, убітых у скалу. Этнографу неаднаразова даводзілася бачыць за работай жанчын, якія апрацоўвалі такім чынам зямлю.
Сержпутоўскі звяртае ўвагу на існаванне ў дзідойцаў нецывілізаваных старажытных звычаяў, напрыклад звычаю выкупу нявесты. Калым часам даходзіў да 100 рублёў, што па тым часе з’яўлялася вельмі вялікай сумай. «I ўсё ж, нягледзячы на гэта, – заўважае вучоны, – большасць маладых людзей жаніліся і выходзілі замуж па каханні». У многіх сем’ях, якія ён наведаў, панавалі любоў і згода. У той жа час назіраліся ў горцаў выпадкі мнагажэнства, пераважна сярод багатых, а таксама кроўная помста.
З гэтай экспедыцыі Сержпутоўскі прывёз 837 экспанатаў – калекцый адзення, галаўных убораў, абутку, упрыгажэнняў, зброі, прадметаў дамашняга і гаспадарчага ўжытку, рэлігійных культаў. Акрамя таго, зрабіў каля 70 фотаздымкаў пабудоў, бытавых сцэн, абследаваў і апісаў шэраг аулаў і пасяленняў. Выступаючы са справаздачай на пасяджэнні аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства аб выніках паездкі ў Нагорны Дагестан, ён паведаміў цікавыя звесткі аб быце горцаў, падзяліўся каштоўнымі думкамі аб паляпшэнні іх становішча.
У лінгвістычнай частцы сваёй справаздачы вучоны выказаў шмат крытычных заўваг па «Краткому дидойско-русскому словарю», выдадзенаму пад рэдакцыяй акадэміка М. Я. Мара. «Для збірання матэрыялаў на месцах гэты слоўнік можа аказаць паслугу, – падкрэсліў ён, – а карыстацца ім у тэарэтычных даследаваннях аб гаворках індадзідойскай групы нельга»[40].
Вывучаючы быт і культуру розных народаў або этнічных груп, А. К. Сержпутоўскі імкнуўся прасачыць, які ўплыў яны аказвалі адно на аднаго. У час экспедыцыі 1912 г., абследаваўшы так званую Холмскую Русь, ён адзначыў, што ўкраінскае насельніцтва гэтага краю, захоўваючы свае бытавыя рысы, часткова падверглася ўплыву палякаў і беларусаў. Уплыў палякаў, на думку даследчыка, бачыцца ў адзенні, а беларусаў – у размяшчэнні пабудоў правільнымі радамі ўздоўж вуліц, а таксама ў тыпе пабудоў.
Адзначыў Сержпутоўскі ў сваёй справаздачы і працэс рассялення па хутарах, які пачаўся ў Холмскай Русі. Сяляне разбуралі свае старажытныя пабудовы і ўзводзілі на хутарах новыя. Вучонаму тым не менш удалося зрабіць планы, чарцяжы і малюнкі старажытных пабудоў, сфатаграфаваць іх.
У пісьме сакратару савета этнаграфічнага аддзела Рускага музея ад 9 чэрвеня 1913 г. Сержпутоўскі ўказвае на імклівую змену моды, што прывяло да знікнення ў вёсцы адзення старажытных узораў. «Пабываў я ў трох паветах – Дзмітраўскім, Бронніцкім і Каломенскім, – пісаў ён, – і амаль усюды адно і тое ж: былога адзення няма, у хатнім ужытку ўсе прадметы гарадскога паходжання. Пакуль удалося сабраць каля 200 прадметаў, у тым ліку адзін мужчынскі касцюм з набіўнога льну і тры жаночыя. Паспрабую паспытаць шчасця ў старавераў, хаця кажуць, што яны могуць не пусціць у сваю вёску»[41].
Цяжка сказаць, чым закончылася паездка Сержпутоўскага да старавераў (пра гэта ў справаздачы не гаворыцца), але калі ацэньваць у цэлым яго экспедыцыі ў Маскоўскую і Пермскую губерні, то можна назваць іх вельмі ўдалымі. Этнограф прывёз адтуль 437 прадметаў хатняга ўжытку, 125 фотаздымкаў, на якіх засведчаны краявіды горада Дзмітрава і Дзмітраўскага павета, у тым ліку Благавешчанскі сабор, вуліцы, дамы, прылады працы.
Рэзультатыўнай была паездка Сержпутоўскага ў Віленскую і Віцебскую губерні. Калекцыя музея папоўнілася ўзорамі сялянскай вопраткі, самаробных тканін, шыцця, вязання, рэчамі гаспадарчага ўжытку. Набыў ён тут 115 назваў керамікі – міскі, гаршкі, сподкі і г. д.
I ўсё ж думка пра тое, што з сялянскага побыту пад уплывам горада знікаюць старажытныя вясковыя прадметы, не давала вучонаму спакою. У ліпені 1915 г., адмовіўшыся ад адпачынку, ён накіроўваецца ў Варонежскую, Разанскую, Белгародскую і Курскую губерні. Нягледзячы на халеру, якая забірала штодзень шмат чалавечых жыццяў, Сержпутоўскі працягваў сваю работу. У пасылках, якія ён рэгулярна пасылаў у адрас Рускага музея, былі такія каштоўныя экспанаты, як адзенне, абутак, рушнікі, хусткі, грабяні, нажы, прадметы рэлігійнага культу.
Як і раней, многія экспанаты этнограф купляў за ўласныя грошы і дарыў іх музею. 7 мая 1916 г. ён падарыў калекцыю старажытнага шклянога посуду, набытую ў вёсцы Асінаўка Аханскага павета Пермскай губерні, а таксама высокай мастацкай вартасці карзіну, сплеценую з лазы, саламяную хлебніцу, гліняныя кубкі, за што атрымаў пісьмовую падзяку ад кіраўніцтва музея.
35
Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 576, с. 18.
36
Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 576, с. 11.
37
Там жа.
38
Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 576, с. 18.
39
Живая старина. 1910. Вып. 4. С. 357.
40
Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 580, с. 7.
41
Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 578, с. 66.