Читать книгу Святло далёкай зоркі - Уладзімір Касько - Страница 9
Палескі дзівасіл
Оглавление«Сказки и рассказы белорусов-полешуков». Значнай з’явай у гісторыі беларускай фалькларыстыкі, этнаграфіі і мовазнаўства стаў выхад у свет у 1911 г. зборніка А. К. Сержпутоўскага «Сказки и рассказы белорусов-полешуков». Цікавая гісторыя гэтай кнігі. 16 студзеня 1910 г. Сержпутоўскі перадаў рукапіс у савет этнаграфічнага аддзела Рускага музея. Акадэмікі А. А. Шахматаў, Я. Ф. Карскі, В. М. Істрын, М. Я. Мар высока ацанілі працу, аднагалосна выказаліся за яе хутчэйшае выданне. Праўда, у аддзеле не было сродкаў для аплаты расходаў на выданне кнігі. Дзякуючы старанням В. М. Істрына ўдалося адшукаць 350 рублёў (друкарскія расходы склалі 319 рублёў). Пры гэтым кіраўніцтва музея пакінула за сабой права атрымаць 600 экзэмпляраў кнігі ў асабістае распараджэнне.
У пачатку 1911 г. кніга ўбачыла свет. Пра яе поспех сведчыць той факт, што тыраж разышоўся літаральна за некалькі дзён. Па просьбе шматлікіх навуковых цэнтраў Расіі Аляксандр Казіміравіч перадаў ім усе ўласныя аўтарскія экзэмпляры, а сам быў вымушаны карыстацца бібліятэчным.
Зборнік Сержпутоўскага, які ўключаў 80 казак, уступаў па аб’ёме зборнікам П. В. Шэйна, Е. Р. Раманава, М. Федароўскага, але ў той жа час меў шэраг пераваг перад імі. Першае і самае галоўнае, што адрознівала калекцыю казак Сержпутоўскага ад папярэдніх публікацый, – гэта новы падыход да збірання і вывучэння казачнай прозы беларусаў. Аляксандр Казіміравіч першым звярнуў увагу на новыя з’явы ў фальклоры, якія ўзніклі ў сувязі са зменамі ў жыцці беларускай вёскі канца XIX – пачатку XX ст. Аб гэтым сведчыць тое значнае месца, якое займаюць у зборніку вострыя па сваёй палітычнай і сатырычнай накіраванасці творы, што супярэчыла афіцыйнай думцы, якую падзяляла большасць тагачасных фалькларыстаў: чым больш старажытны тэкст, чым цясней звязаны ён з абрадамі, тым больш ён каштоўны.
Да таго ж аб’ектам даследавання А. Сержпутоўскага стаў на гэты раз зусім нявывучаны фалькларыстамі рэгіён, размешчаны ў глыбінцы Беларускага Палесся – паўднёвай частцы Слуцкага павета і паўночнай частцы Мазырскага павета Мінскай губерні. Немалаважным было і тое, што народныя творы вучоны запісваў у гады першай рускай рэвалюцыі, якая пакінула прыкметны след у памяці людзей і знайшла сваё адлюстраванне ў народнай творчасці.
Запісы і назіранні Сержпутоўскага раскрываюць шырокую карціну жыцця сялян Беларускага Палесся ў дарэвалюцыйныя часы, іх культуру, палітычныя і філасофскія погляды. Гэта адпавядала патрабаванням часу. Нагадаем, што М. А. Дабралюбаў заклікаў даследчыкаў народнай творчасці пры запісах казак, легенд, паданняў, песень, прыказак і прымавак перадаваць усю абстаноўку, у якой запісваліся гэтыя творы[59].
Такія думкі цалкам падзяляў А.К. Сержпутоўскі, які добра разумеў, што ў вусных апавяданнях і казках, прыказках і прымаўках увасоблены светапогляд, жыццёвая мудрасць і этычныя ўяўленні беларускага селяніна. Вось чаму так сур’ёзна падыходзіў ён да адбору і запісу казачных сюжэтаў, імкнуўся перадаць усе нюансы мовы і манеры апавядальніка.
Перш чым прыступіць да запісвання вуснапаэтычных твораў у пэўнай вёсцы, Сержпутоўскі знаёміўся з яе жыхарамі, іх бытам, умовамі жыцця, збіраў звесткі пра казачнікаў. Ён заўсёды клапаціўся аб стварэнні такой атмасферы, пры якой сяляне-апавядальнікі забываліся пра прысутнасць чужога чалавека, тым больш «пана» ў іх уяўленнях, адчувалі сябе свабодна, проста. Калі апавядальнік хваляваўся, блытаўся, Сержпутоўскі прасіў яго паўтарыць тэкст яшчэ раз. Шмат увагі ўдзяляў ён вывучэнню падобных варыянтаў твораў, уключаў у зборнікі самыя цікавыя, яркія, вобразныя, непаўторныя.
У адрозненне ад Е. Раманава, У. Дабравольскага, А. Афанасьева, якія ў сваіх зборніках прама або ўскосна абгрунтоўвалі класіфікацыю казак, А. Сержпутоўскі не закранаў гэтага пытання ні ў кароткай прадмове «Ад збіральніка», ні ў іншых сваіх працах. Яго цікавілі галоўным чынам ідэйны змест казкі, манера апавядання і сама асоба казачніка.
Канкрэтны матэрыял зборніка Сержпутоўскага дазваляе выдзеліць чарадзейныя і сацыяльна-бытавыя казкі, вусныя апавяданні, небыліцы і легенды.
Чарадзейныя казкі займаюць у зборніку нязначнае месца, каля васьмі працэнтаў ад наяўных твораў. Тым не менш менавіта з чарадзейных казак лічым неабходным пачаць разгляд матэрыялаў, бо знаёмства з імі дае магчымасць лепш разабрацца ў вытоках творчасці беларускіх народных казачнікаў, у светапоглядзе народа, прасачыць трансфармацыю казачных сюжэтаў пад уплывам часу, даследаваць адносіны палескіх казак з рускімі, украінскімі.
Ведаючы прыроду дадзенага жанру, характэрныя яго рысы, варта прызнаць, што і па сённяшні дзень сусветная фалькларыстыка не выпрацавала дакладнай унутрыжанравай класіфікацыі чарадзейнай казкі, якая б дазволіла выдзеліць яе разнастайнасці. Прычыны гэтага вядомы беларускі фалькларыст К. П. Кабашнікаў бачыць у вялікіх унутраных зменах, што адбыліся ў кожным відзе казачнага эпасу на шляху развіцця, у пераасэнсаванні старога ў свеце новага мастацкага мыслення, наслаенні новых ідэй, вобразаў[60].
Некаторыя казачнікі прапаноўваюць свой уласны падыход да размяшчэння казак па блоках. Так, Ф. П. Гаспадароў усе чарадзейныя казкі падзяляў на казкі, «дзе ўсё робіцца чарадзействам», і легендарныя[61].
У аснове чарадзейнай казкі ляжыць элемент цудоўнага, незвычайнага. Як справядліва адзначала Э. В. Памяранцава, у адрозненне ад бытавой чарадзейная казка народжана іншай рэчаіснасцю, але ў пэўныя перыяды свайго гістарычнага шляху тая ці іншая аказаліся пад уплывам адных і тых жа сацыяльных і эканамічных фактараў і адлюстравалі па-свойму ў рознай ступені адны і тыя ж запаветныя ідэі народа. Гэтыя народныя мары выяўляюцца ў чарадзейнай казцы дзякуючы канфлікту[62]. У казках зборніка А. К. Сержпутоўскага, якія блізкія паміж сабой па сюжэтах і нагадваюць вядомыя казкі, аб’яднаныя агульнай канвой «тры царствы», станоўчым героям супрацьстаяць змрочныя магічныя сілы ў вобразах Змея Гарыныча, Бабы Ягі, Кашчэя Бессмяротнага і інш. Народ надзяліў сваіх герояў велізарнай сілай. Каваль-багатыр з аднайменнай казкі як «ухваціў сваю сакеру да як махнуў, дак адразу сатнуў сем дубоў і голаў змею». Лёгка ўпраўляецца з саракапудовай булавой Каваль з аднайменнага твора. Героі казкі ненавідзяць зло, несправядлівасць, аб’яўляюць вайну насіллю і, праходзячы праз усе выпрабаванні, выходзяць пераможцамі.
Гіпербалізуючы сваіх герояў, народ надзяляе фантастычнай сілай і ворагаў. Кашчэй Бессмяротны адным дыханнем можа ператварыць у камень дзясяткі людзей. Замест адсечаных галоў у Змея тут жа вырастаюць новыя. Ад станоўчага героя патрабуюцца вялікая сіла, вытрымка, спрыт, знаходлівасць, каб справіцца з такімі моцнымі і вераломнымі ворагамі.
У казках «Каваль-багатыр», «Каваль», «Бортнік» мы сустракаемся з міфічнымі вобразамі Змея, Кашчэя, Бабы Ягі, сочым за сталеннем станоўчых герояў. Многія з іх надзелены велізарнай сілай ужо пры нараджэнні. Так, Асілак нараджаецца з трыма «чортавымі рэбрамі». У свайго маленькага сына («Каваль») маці заўважае на лбе сонейка, а на патыліцы – месячык. Пакладзе ён руку на спіну каню – той падае на калені, павядзе плячом – перасоўваюцца з месца на месца горы. Незвычайныя і самі подзвігі герояў. Яны скіраваны на дапамогу людзям працы, абарону іх ад цёмных сіл, якія хацелі б пазбавіць народ волі, радзімы.
Як і ў многіх рускіх народных казках, у беларускай чарадзейнай казцы сустракаюцца эпізоды вызвалення царэўны, любімай дзяўчыны з палону Кашчэя. Але найбольш характэрна для беларускай чарадзейнай казкі тое, што яе галоўны герой выступае ў абарону народа. Так, Каваль-багатыр забівае Змея, бо ён «многа людзей паеў альбо загроб к сабе ў цёмны лес». Каваль уступае ў бой з царскімі слугамі, якія абараняюць інтарэсы душыцеляў народа.
У вуснах выдатнага беларускага казачніка Рэдкага, ад якога запісваў А. К. Сержпутоўскі, чарадзейная казка набывае новую афарбоўку. Герой казкі «Каваль-багатыр» адчувае велізарную радасць ад раскатаў грому, ад навальніцы з маланкамі і перунамі. М. В. Новікаў чуе ў гэтай казцы водгалас падзей 1905 г.[63] На яго думку, герой казкі нечым нагадвае горкаўскага Буравесніка. Бунтаром малюецца і Каваль, які смела ўступае ў бой з царскім войскам і перамагае яго.
Вядома, наіўна было б чакаць, што чарадзейная казка стане рэалістычна адлюстроўваць рэвалюцыйныя настроі мас. Многія стагоддзі яе напаўнялі чарадзейныя персанажы, цудадзейная мастацкая аснова была і застаецца сёння галоўнай у сюжэце казкі. I ўсё ж новы час уплёў сваю нітку ў яе старажытную канву. Калі ў казцы «Бортнік» галоўны герой адгукаецца на просьбу цара вызваліць ад Змея царэўну і пазней становіцца царом, то Каваль выступае супраць царскага войска, а Асілак заклікае народ «не грызціся паміж сабою, да ад ворагаў бараніцца гурбою». Гэты сюжэт не мае сабе аналагаў ва ўсходнеславянскім фальклоры. Л. Бараг лічыць, што ў гэтай казцы адчуваецца ўплыў пракламацый і «гутарак», якія былі распаўсюджаны на Палессі ў гады першай рускай рэвалюцыі[64].
На першы погляд, казка «Іванка Прастачок» адносіцца да сюжэтаў аб змеяборстве. Аднак пры аналізе яе заўважаюцца новыя рысы сацыяльнага пераасэнсавання гэтага старажытнага вобраза, набліжэння яго да рэчаіснасці. Загніваючага Змея (цара) акружаюць паны і падпанкі, якія «нічога не робяць да толькі сала гадуюць. А людзі служаць дохламу Змею, служаць тым гнілым панам, аддаюць ім апошняе, а самі ходзяць галодныя, халодныя» (Сказки. С. 149). Іванка Прастачок, іграючы на чарадзейнай дудачцы, адкрыта заклікае народ да паўстання.
Прыкладам таго, як беларуская казка напаўняецца новым сацыяльным зместам і адыходзіць ад традыцыйных вобразаў чарадзейнай казкі, можа служыць твор «З чаго ліха на свеце». Ён вызначаецца вострай сацыяльнай накіраванасцю, філасофскім асэнсаваннем рэчаіснасці, закранае праблему, якая хвалявала сялянства царскай Расіі, – праблему свабоднага і забяспечанага жыцця. Казачнік умела перакідвае масток паміж рэчаіснасцю – змрочнай, галоднай, беспрасветнай, дзе жменька паноў і падпанкаў прыгнятае мільёны простага люду, паразітуе на іх працы, і мінулым, калі людзі быццам бы жылі заможна і шчасліва, бяды не ведаючы. Канец гэтай ідыліі настаў тады, гаворыцца ў казцы, калі людзі праігнаравалі наказ Бога жыць паміж сабой у міры і згодзе, «каб ніхто не меў улады адзін над другім».
Як толькі Бог пакінуў зямлю і падняўся на неба, вылез са свайго сховішча чорт і стаў падбухторваць дужэйшых і спрытнейшых браць уладу над слабейшымі. Такім чынам з’явіліся на зямлі паны, ад якіх «пайшло такое ліха, што і сказаць не можна». Паны захапілі зямлю, пачалі марыць людзей голадам, біць, забіваць іх, насылаць адзін на другога.
Удала выкарыстоўваючы старажытны матыў вайны чарцей з анёламі, казачнік М. Кравец указвае на сапраўдных носьбітаў зла – царскае самадзяржаўе, паноў. У творы яскрава прасочваюцца ўзаемаадносіны паміж класамі антаганістычнага грамадства. Прадстаўнікі пануючага класа паказаны ў выглядзе горкі камянёў, у якой «зверху цяжкае каменне дробных на пясок расцірае; зверху іх гнятуць другія, а на тых ляжаць і ціснуць долу яшчэ цяжэйшыя; зверху ж лёг адзін вялікі камень». Нялёгка дастаецца камяням, якія ляжаць унізе, але ў казцы выказана ўпэўненасць у немінучым краху самадзяржаўя: «Трашчыць куча, трэ каменне… Трашчыць і хутка асядае ніжэй… мабыць, скора затрашчаць падпоркі і рассыплецца ўся куча». Гаворачы аб лепшай долі, якая чакае народ у будучыні, казачнік падкрэслівае, што шчаслівае жыццё само па сабе не прыйдзе, за яго трэба змагацца.
Аналізуючы гэты твор, I. Лушчыцкі пісаў, што ён сведчыць аб агульным уздыме ў развіцці беларускай грамадска-палітычнай думкі, што грамадска-палітычныя ідэалы перадавога сялянства, адлюстраваныя ў казцы, – гэта ідэалы ўтапічнага дробнабуржуазнага сацыялізму. У той жа час пры ўсёй утапічнасці такіх грамадска-палітычных поглядаў яны для свайго часу былі прагрэсіўнай з’явай, бо натхнялі і падымалі сотні людзей на барацьбу з самаўладствам і прыгонніцтвам[65].
Значнае месца ў чарадзейных казках зборніка займае тэма маралі, у аснове якой ляжыць стваральная праца, гуманныя адносіны людзей. Станоўчай рысай сваіх герояў казачнік лічыць уменне, працавітасць. Каваль-багатыр за кароткі час навучыўся кавальскай справе і навучыў людзей каваць жалеза і рабіць з яго нажы.
Працоўная дзейнасць чалавека раскрываецца ў казках «Стары бацька» Рэдкага і «Паляшук і чорт» Грыцкевіча. У апошняй размова ідзе пра асваенне чалавекам балот, выказваецца незадаволенасць сціплымі поспехамі ў пакарэнні прыроды. Гэтым казачнік выказаў настроі сялян-палешукоў, якія да прычын, што парадзілі гора і бядоты, адносілі таксама балоты з нязменным бездарожжам, адсутнасцю добрых паш і ворнай зямлі.
Казачнікі Беларускага Палесся з вялікай цеплынёй і павагай расказвалі пра працаўнікоў вёскі і, наадварот, бязлітасна высмейвалі гультаёў, несумленных людзей, якія былі не супраць завалодаць плёнам працы іншых. Паказальная ў гэтым плане казка «Мядзведзь». Злодзея і гультая, які паквапіўся на дабро суседа, спасцігае суровая расплата: ён ператвараецца ў мядзведзя.
Беларускую казку адрознівае нацыянальны каларыт, які праяўляецца ва ўказанні месца дзеяння, у абмалёўцы вобліку героя, раскрыцці сацыяльна-палітычных матываў, настрояў казачных персанажаў. У казцы «Паляшук і чорт» героя завуць Палешуком, тым самым падкрэсліваецца яго нацыянальная прыналежнасць, указваецца, што дзеянне адбываецца на Палессі.
У творах «Іванка Прастачок», «Мужык і пан» і іншых ярка адлюстраваны перыяд прыгоннага права, адчуваюцца антыпрыгонніцкія, бунтарскія настроі. У шэрагу больш позніх запісаў атрымалі развіццё ідэі сацыяльнай расплаты («Пану навука»), мары сялян аб роўнасці і шчасці («Асілак»).
Да нацыянальных асаблівасцей беларускіх казак варта аднесці антыпамешчыцкія і антыцарскія настроі. Для чарадзейных казак, запісаных А. К. Сержпутоўскім, характэрны глыбокі псіхалагізм і мяккі лірызм, якія дапамагаюць раскрыццю дынамікі чалавечых пачуццяў. Казкі ўводзяць слухачоў у чароўны свет музыкі, мастацтва. Яркім прыкладам можа служыць казка «Музыка і чэрці».
Чарадзейная казка ў своеасаблівай фантастычнай форме адлюстравала сапраўдныя ўзаемаадносіны класаў, паказала вострыя супярэчнасці паміж імі, больш таго – падказала шляхі іх пераадолення. Гэта ўрэшце прывяло да паступовага затухання чарадзейнай казкі. Яе рашуча выцесніла сацыяльна-бытавая казка, якая асабліва палюбілася народу.
Сутнасць сацыяльна-бытавой казкі раскрываецца ў самім тэрміне. Вядомы беларускі фалькларыст А. С. Фядосік вызначае сацыяльна-бытавую казку як жанр народнай казачнай прозы, у якой праўдзіва, часцей у крытычна завостранай форме адлюстроўваюцца грамадскія і сямейныя з’явы, быт і жыццё працоўных, высмейваюцца сацыяльныя тыпы і чалавечыя недахопы[66].
Сацыяльна-бытавая казка адрозніваецца ад чарадзейнай перш за ўсё спецыфікай фантастыкі. Барацьба ў сацыяльна-бытавой казцы вядзецца не паміж асілкамі і фантастычнымі пачварамі, а паміж прадстаўнікамі антаганістычных класаў грамадства. Героі казкі – звычайныя людзі. Яны перамагаюць сваіх ворагаў дзякуючы мудрасці, жыццёваму вопыту, знаходлівасці, спрыту. У аснове канфлікту паміж багатымі і беднымі ляжаць сацыяльныя супярэчнасці. Падчас у гэтых казках даюцца бытавыя замалёўкі. Ідэі, думкі, учынкі станоўчага героя блізкія простаму народу. Усё гэта надае асаблівую каштоўнасць сацыяльна-бытавым казкам, садзейнічае іх папулярнасці ў народзе. «Гэтыя казкі, – пісаў В. Р. Бялінскі, – у тысячу разоў важней за ўсе багатырскія казкі, таму што ў іх ярка адлюстроўваецца народны розум, народны погляд на рэчы і народны быт. У апошніх адносінах яны могуць лічыцца найкаштоўнейшымі гістарычнымі дакументамі»[67].
Сапраўды, цяжка знайсці іншы жанр вуснай народнапаэтычнай творчасці, у якім матывы класавай барацьбы займалі б такое значнае месца, як у сацыяльна-бытавой казцы. У казцы «З чаго ліха на свеце» народ спрабуе разабрацца ў сутнасці класавага грамадства, у прычынах існавання няроўнасці і несправядлівасці. Народ верыць, што гэтае зло не будзе жыць вечна. Быў жа час, пераконвае нас казачнік, калі «не было ні паноў, ні мужыкоў, а так сабе людзі жылі-пажывалі, ані аб чым не клапаціліся». Гэта ішло ў разрэз з запэўніваннямі ідэолагаў пануючых класаў, царкоўнікаў аб тым, што няроўнасць існуе вечна, што яна ўстаноўлена самім Богам.
У такіх творах праявілася стыхійна-матэрыялістычнае мысленне стваральнікаў казак. Шляхі да вызвалення ад прыгнёту і насілля яны бачаць у аб’яднанні і барацьбе за праўду. Гэтая праўда ў казцы «Іванка Прастачок» выступае ў ролі рэха-пошчаку ад дудкі-весялушкі.
Сваю лепшую будучыню народ звязваў са з’яўленнем чалавека, які павёў бы яго да светлай мэты. Такім чалавекам выступае герой казкі «Асілак». Ён смелы, дужы, непадкупны. Мара Асілка – «аслабаніць свет ад паноў, зрабіць усіх людзей роўнымі, шчаслівымі» – была блізкай і зразумелай працоўнаму люду. Ён верыць, што наступіць час, калі кожны сам сабе панам будзе: «Усе людзі будуць роўно гараваць, будуць роўно панаваць».
Аднак якімі сродкамі будзе дасягнута шчаслівае жыццё, ні казачнік, ні яго героі адказаць дакладна не маглі, што сведчыла пра слабыя бакі самасвядомасці сялянства.
Сацыяльна-бытавыя казкі ўзніклі ў класавым грамадстве, калі прадукцыйныя сілы дасягнулі значнага ўзроўню развіцця. Пад уплывам гэтага развівалася і самасвядомасць працоўнага люду. Яна ўсё больш і больш пазбаўлялася фантастычных поглядаў на стварэнне свету. Крытычна асмысліваліся палітычныя падзеі, якія адбываліся ў краіне, расла класавая свядомасць народа. Вызваляючыся ад веры ў «добрага цара», чаму ў значнай ступені садзейнічалі падзеі 1905–1907 гг., сялянства выступала супраць існуючага ладу. Асноўныя супярэчнасці феадальнай эпохі – супярэчнасці паміж мужыком і панам – яскрава бачны ў многіх казках зборніка А. К. Сержпутоўскага «Сказки и рассказы белорусов-полешуков». Гэта тлумачыцца тым, што ў памяці народа захаваліся ўспаміны пра бяспраўнае, паднявольнае жыццё пры прыгонным праве. Да таго ж і пасля 1861 г. жыццё працоўных Беларусі ўсё яшчэ заставалася цяжкім, яны па-ранейшаму залежалі ад сваіх прыгнятальнікаў. Вось чаму так шырока бытавалі ў гэты час казкі, накіраваныя супраць памешчыкаў, падпанкаў, аканомаў, якія дапамагалі царызму няшчадна эксплуатаваць працоўны люд. У іх народ ганьбіць паноў, паказвае іх у смешным выглядзе, малюе сцэнкі сацыяльнай помсты за жорсткасць, бессардэчнасць.
Характэрная ў гэтым сэнсе казка «Пану навука», запісаная А. К. Сержпутоўскім у вёсцы Чудзін Слуцкага павета Мінскай губерні ад казачніка А. Дудара. Сюжэт пра тое, як пакрыўджаны памешчыкам селянін распраўляецца з жорсткім панам, шырока вядомы ў Еўропе, Амерыцы. Ва ўказальніку Аарне-Томпсана адзначана 19 фінскіх, 15 літоўскіх, 14 французскіх варыянтаў гэтага твора. Аналагічны сюжэт выкарыстаны ў аповесці З. Бядулі «Салавей», сустракаецца ён таксама і ў фальклорных зборніках У. М. Дабравольскага, П. П. Чубінскага, М. Гірака[68]. Варыянт Дудара вызначаецца большай сацыяльнай вастрынёй, антыпанскай накіраванасцю. Памешчык, пра якога ідзе размова, быў вельмі жорсткім, злым. Не аднаго мужыка забіў ён да смерці. Людзей жа лічыў за сабак. Ён гвалціў жанчын, забіраў у сялян жывёлу ды яшчэ загадваў усыпаць ім бізуноў. Нарэшце прыйшоў канец цярпенню сялян. Знайшоўся чалавек, які вырашыў правучыць пана. Заступнікам пакрыўджаных выступае Рымша. Чатыры разы ён лупцуе пана, забірае ў яго грошы, нагадвае кожны раз аб яго зверствах у адносінах да сялян.
Пратэст бунтара-адзіночкі, які аб’явіў вайну ненавісным панам, адпавядаў настроям сялян таго часу. Многія з іх наіўна думалі, што калі часцей палохаць памешчыкаў, а яшчэ лепш лупцаваць іх, як рабіў Рымша, то яны перастануць здзекавацца з людзей. Па гэтай прычыне ў народзе такімі жывучымі былі казкі і паданні аб смелых разбойніках. Каб надаць ім большую верагоднасць, казачнік часта спасылаўся на месца дзеяння. Па словах Дудара, Рымша жыў непадалёку ад вёскі Заполле Мазырскага павета.
Змрочная прыгонніцкая рэчаіснасць, бяспраўнае жыццё народных мас, невыносныя бытавыя ўмовы адлюстраваны ў казцы «Жаласлівая пані». Як і іншыя антыпрыгонніцкія казкі зборніка Сержпутоўскага, гэты твор пачынаецца з апісання бесчалавечнасці паноў, няшчаднай эксплуатацыі імі сялян, да якіх багацеі адносіліся горш, чым да жывёлы. «I чаго толькі паны не вычваралі, як ены не мучылі людзей, як не здзекуваліса над імі!» – расказвае казачнік. Па віне пані «мужыкі абеднелі, пухнуць ад голаду, бо некалі хлеба зрабіць: пані зганяе па штодзень у двор». Усю сваю «жаласць» гэтая бесчалавечная памешчыца скіравала на катоў і сабак, якіх сабрала цэлы двор і загадала жанкам песціць і дагаджаць ім. Яна гатова была шкуру здзіраць з «маладзіц да дзевак, калі яны не добра даглядалі тую жывёлу».
На фоне жахлівага сялянскага жыцця, дзе людзі пухлі ад голаду, паміралі як мухі, учынкі памешчыкаў, якія бавілі час у распусце і гулянках, адчынялі пансіянаты для сваіх кошак і сабак, здаюцца асабліва агіднымі і абуральнымі. «Жаласлівую пані» не хвалюе, што яе сяляне паміраюць ад голаду, затое «як здохне кот, сабака або здыхліна каняка, то пані плача, бы па родным бацьку, вяліць плакаць і другім, а потым робіць труну, хавае, бы людзей, і над магілаю кладзе прыклад. Уся дворня ды і ўсё сяло толькі і рабілі на гэтую пошкудзь».
Як гэтая пані, паводзілі сябе і многія іншыя памешчыкі. Стары пан «шкадаваў» сваіх людзей, як сваё гаўяда, бо, вядома, лічыў іх сваім дабром. Малады пан адносіўся да людзей яшчэ горш. Ён збіраў у маёнтку сялянскіх дзяўчат і бегаў за імі з бізуном у руках. Як сам вычвараў, што хацеў, так і другія паны жаласці не мелі.
Асаблівай вастрыні дасягае сатыра пры апісанні імянін пані ў казцы «Жаласлівая пані», калі ўсе паны і паненкі бегалі голымі па сядзібе. Гэтая памешчыца і яе акружэнне – прыклад роўнай дэградацыі, маральнага разлажэння класа памешчыкаў. Сам сабой напрошваўся вывад – неабходна змагацца з прыгнятальнікамі.
Вострай сацыяльнай скіраванасцю, тонкім гумарам, трапнымі характарыстыкамі, сакавітай народнай мовай вызначаецца казка «Мужык і пан». Пабудаваная на дыялогу паміж памешчыкам-самадурам і селянінам Стопакам, казка ўяўляе сабой бязлітасную сатыру на прыгнятальнікаў. Селянін не баіцца злога памешчыка-прыгонніка, які мяняў людзей на сабак, забіваў іх да смерці. Больш за тое, Стопак здзекуецца з яго, помсцячы за гора, знявагу сваіх аднавяскоўцаў, якіх люты пан і за людзей не лічыў ніколі. Мужыцкая «дыпламатыя» Стопака раскрывае дасціпнасць і мудрасць селяніна, паказвае свету мярзотнае аблічча ганарлівага і дурнога пана.
Народ выказваў свае адмоўныя адносіны не толькі да царскай улады і памешчыкаў, але і да іх паслугачоў – лакеяў, пісараў, аканомаў, якія са скуры лезлі, каб дагадзіць сваім гаспадарам і па іх загадзе чынілі суд і расправу над людзьмі.
У казцы «Дваранін» вастрыё сатыры накіравана супраць ганарлівага шляхціца, які «сам не меў ні двара, ні падданых, а так сабе валачыўся ад аднаго пана да другога». Нягледзячы на сваю беднасць, шляхціц ненавідзіць просты народ, успрымае людзей як жывёлу. Народная сатыра бязлітасна высмейвае яго. Шляхціца ў казцы параўноўваюць з сабакам, які брэша на людзей і пры гэтым лічыць, што сцеражэ дабро. Нікчэмным і смешным выглядае падпанак у сцэне, калі на каленях выпрошвае ў Бога «300 рублёў і ніводным рублём менш». Калі ж ксёндз вырашыў пераканацца, наколькі моцнае слова ў польскага двараніна, і апусціў на нітцы 299 рублёў, шляхціц імгненна схапіў грошы і схаваў іх у кішэні.
Асабліва камічна праявіўся шляхецкі гонар у канцы казкі. Ксёндз, якому стала шкада грошай, абазваў шляхціца кепам, дурнем. Падумаўшы, што словы гэтыя належаць Богу, шляхціц са злосцю напамінае пану Езусу, што ён «з ласкі боскай… пан Пятроўскі, радавіты шляхціц да патопу да прытым і двожанін герольдэм утвердзоны», і ў сваю чаргу ганьбіць Бога.
Падобныя сюжэты сустракаюцца ў запісах іншых беларускіх фалькларыстаў, а таксама ў зборніках казак іншых народаў. Аднак у зборніку А. К. Сержпутоўскага сатыра на шляхціца асабліва вострая і бязлітасная.
Ілгуном, несумленным чалавекам малюецца пісар у аднайменнай казцы. За напісанне прашэння ён патрабуе ад сялян гарэлку, ежу, грошы, а атрымаўшы ўсё гэта, падманвае беднякоў. Сяляне са здзіўленнем даведваюцца, што ў іх петыцыі змяшчаецца не просьба да пана аблегчыць іх жыццё, а, наадварот, абяцанне даць яму «з дому па валу, па капе лёну і па капе аўса». Калі людзі слухалі такія казкі, яны яшчэ раз пераконваліся ў тым, чые інтарэсы абараняюць панскія лакеі, пісары, аканомы.
Казкі і апавяданні зборніка А. К. Сержпутоўскага сведчаць аб росце самасвядомасці беларуса-палешука, з’яўленні крытычнага падыходу ў ацэнцы грамадскіх з’яў, рэлігіі. Асабліва вылучаюцца тут творы, якія адлюстроўваюць працэс класавага расслаення ў беларускай дарэвалюцыйнай вёсцы, асуджаюць уладу грошай, несправядлівасць, вераломства. У казцы «Багатыр» размова ідзе пра багача і бедняка. У багача ўсяго ўдосталь, але яму хочацца мець яшчэ больш багацця. Ад гэтага ён сохне, не спіць, не есць. Бядняк, наадварот, не мае за душой ні капейкі, але вясёлы і шчаслівы. Задавальненне ў жыцці даюць яму праца, надзея на лепшыя часы. У гэтым пераконвае ён свайго заможнага суседа. У час хвіліннага прасвятлення той вырашае аддаць частку сваіх грошай бедняку. Аднак скупасць бярэ сваё. Кароткая палёгка змянілася ў багача новым прыступам адчаю. Цяпер ён наогул перастаў піць і есці, не спіць доўгімі начамі. Так схуднеў, што ледзь ногі перастаўляе.
Па-майстэрску паказаны ў казцы псіхалагічны стан персанажаў: багачу шкада кожнай патрачанай капейкі, бедняку ж грошы прыносяць адны непрыемнасці. Ён вырашае вярнуць суседу яго грошы. Аднак апошні, усвядоміўшы, хоць і з вялікім спазненнем, што яго багацце нажыта на поце і крыві людзей, уцякае з вёскі і памірае.
Сэнс казкі – багацце, нажытае на падмане і эксплуатацыі іншых, не прыносіць шчасця. У творы выказана даўняя мара народа аб перамозе людзей працы над сваімі прыгнятальнікамі.
Антыгуманная мараль грамадства, у якім пануюць несправядлівасць, недавер, улада над слабым, адлюстравана ў казцы «За добрае злым заплата». Мужык, пашкадаваўшы ваўка, які трапіў у пастку, вызваляе яго. Няўдзячны звер хоча з’есці свайго збавіцеля. На дапамогу чалавеку прыходзіць ліс. Хітрасцю ён заманьвае шэрага разбойніка ў пастку. Мужык забівае ваўка, а разам з ім і ліса. Аўтар казкі асуджае ўчынак мужыка, воўчыя законы, дзе няма месца пачуццям дружбы, удзячнасці.
Казка цікавая і незвычайнасцю сюжэтных ліній. Сюжэты: ліс дапамагае чалавеку; чалавек забівае свайго выратавальніка – не адзначаны ні ў адной казцы іншых народаў.
Значнае месца ў творах зборніка займае тэма працы. Сімпатыі народа заўсёды на баку працалюбівых, сумленных майстроў сваёй справы. Аб гэтай рысе характару простага чалавека М. А. Дабралюбаў пісаў: «Яму звычайна нават і ў галаву не прыходзіць, каб можна было жыць на свеце, нічога не робячы: так ён далёка ад гэтага на практыцы»[69].
У той жа час у многіх казках высмейваюцца гультаі, дрэнныя гаспадары, зайздросныя і скупыя людзі. Герой казкі «Няхай» Алёкса не толькі не дбае аб уласнай гаспадарцы, але нават не задумваецца і аб уласным лёсе. У яго хаце цячэ страха, праз паламаны плот у агарод лазяць чужыя свінні. Суседзі гавораць яму пра гэта, але Алёкса толькі пасмейваецца ў вусы: «Страха цячэ? Ну і няхай цячэ. Свінні лазяць? Няхай сабе лазяць». Такая абыякавасць прывяла Алёксу да бяды. Стражнік злавіў Алёксу ў панскім лесе, калі той драў лыка на лапці. Замест таго каб пакаяцца і папрасіць прабачэння, Алёкса пачаў рознымі словамі лаяць стражніка. Узлаваўшыся, той адлупцаваў мужыка, прывязаў яго да дрэва і параіў гаварыць усім, каго ўбачыць, што яго прывязаў Няхай.
Лянота розуму і тут не дазволіла Алёксу крытычна паглядзець на свой лёс, задумацца, чаму суседзі і стражнік называюць яго пагардлівай мянушкай, а не імем, не прозвішчам. На крык Алёксы прыбеглі мужыкі, пытаюць, хто прывязаў яго да дрэва, а той у адказ гаворыць: «Няхай прывязаў». Падумалі дзецюкі, што Алёкса жартуе, і пайшлі сабе далей. А той да самага вечара крыкам зыходзіўся, пакуль не натрапілі на яго пастухі і не вызвалілі з бяды.
Не карысталіся сімпатыяй беларусаў і людзі, якія не мелі сваёй уласнай думкі, лёгка мянялі свае перакананні. Смяецца казачнік з мужыка, героя казкі «Не вер ачом», бо жартаўнікі пераканалі яго ў тым, што ён прадае не пеўня, а зайца. Адштурхнуўшыся ад прыватнага выпадку – апавядання пра шалапутнага чалавека, якога можна лёгка ашукаць, з якога можна ўдосталь пасмяяцца, казка робіць шырокае абагульненне, звяртаючыся да праверанага сродку – увядзення ў тэкст прыказкі: «Людзей слухай, а свой розум май». У гэтым заключаецца адна з асаблівасцей беларускай сатырычнай казкі.
У зборніку крытыкуюцца і іншыя людскія недахопы: непавага да бацькоў, старэйшых, а таксама высмейваюцца гультаяватыя жанчыны, якія замест таго, каб увіхацца па гаспадарцы, наглядаць за дзецьмі, днямі лузгаюць семкі на прызбах і абгаворваюць суседак, сварацца з імі.
Хто з нас не чуў прыказку «На свеце ўсяго нажывеш і Кузьму бацькам назавеш»? Але мала хто ведае, што набыла яна крылы з лёгкай рукі А.К. Сержпутоўскага, які запісаў казку «Кузьма» ад вядомага беларускага казачніка Івана Азёмшы. Нялёгкі лёс выпаў на долю селяніна Кузьмы. Спачатку жонка зневажала, як магла, а калі падрос сын, мужыку наогул жыцця не стала. Маці з дзяцінства прывучала малога пагардліва ставіцца да бацькі, называць яго Кузьмой. Суседзі смяяліся з мужыка, раілі ўзяць папругу і заняцца выхаваннем жонкі і сына. Урэшце лопнула цярпенне ў Кузьмы. Везлі неяк бацька з сынам зімой з балота сена. Воз, на якім ехаў сын, перакуліўся і падмяў пад сябе хлопца.
59
Добролюбов Н. А. Собр. соч. М.; Л., 1962. Т. 3. С. 237.
60
Чарадзейныя казкі / склад. К. П. Кабашнікаў, Г. А. Барташэвіч. Мінск, 1973. С. 5.
61
Новиков Н. В. Сказки Ф. П. Господарева. Петрозаводск, 1941. С. 46.
62
Померанцева Э. В. Судьба русской сказки. М., 1961. С. 10.
63
Новиков Н. В. О специфике образа в восточнославянской сказке // Русский фольклор. М.; Л., 1966. Т. 10. С. 176.
64
Бараг Л. Р. Беларуская казка: пытанні вывучэння яе нацыянальнай самабытнасці параўнальна з іншымі ўсходнеславянскімі казкамі. Мінск, 1969. С. 27.
65
Лушчыцкі І. М. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі Беларусі ў другой палавіне XIX веку. Мінск, 1958. С. 50.
66
Фядосік А. С. Праблемы беларускай народнай сатыры. Мінск, 1978. С. 144.
67
Белинский В. Г. Полн. собр. соч. М., 1954. Т. 5. С. 671.
68
Добровольский В. Н. Смоленский этнографический сборник. СПб., 1891. Ч. 1. С. 704–707; Чубинский П. П. Труды этнографическо-статистической экспедиции в Западно-Русский край // Материалы и исследования. СПб., 1878. Т. 2. С. 643–644; ГірякМ. Украінські народні казкі Східноі Словачини / упорядкування, післямова та коментаріі М. Гіряка. Пряшев, 1966. Т. 3. С. 159–163.
69
Добролюбов Н. А. Собр. соч. М.; Л., 1963. Т. 6. С. 245.