Читать книгу Завеі, снежань - Іван Мележ - Страница 13
Частка першая
Раздзел чацверты
4
ОглавлениеАпейку сустрэлі насцярожанай увагай. Ён жа падняўся ленавата, з нейкай нядбайнасцю хіліў галаву. Ва ўсёй постаці была дзіўная расслабленасць.
– Была ў нас калісьці гісторыя… – мірна, паблажліва загаварыў ён. Загаварыў так, быццам вагаўся: гаварыць ці не гаварыць. – Я быў тады смаркачом. Чужыя агароды правяраў… Пажаніліся ў нас хлопец з дзеўкай. Ён быў наш, праз дзве хаты жыў, Іван, канешне, зваўся. А дзеўка з-за ракі, з Барбарова. Алена… – Ён пальцам будзённа пачасаў макаўку. Успомнілася – от і гаворыць. Вочы глядзелі на яго збольшага спакайней. Дзе-нідзе – з цікаўнасцю. – Дзеўка – як дзеўка. І хлопец – як хлопец… Але от пабраліся, аддзялілі іх. Хатку сваяцтва скляпала. Сталі жыць сабе. Самі па сабе… Не ўломкі, старацельны хлопец ён. І яна – як тая мурашка. З рання да вечара – у полі, у хляве. Шчыруюць абое… Не ўломкі… А от што выйшла… Пасеялі. Нізінка ў іх была. Дак вясной усё вымакла. Сена накасілі. Дождж. Пагніло… Зімой у нас каля ракі – ночы вялікія. І лучыны мало. Дак – дзело маладое – летам яна ўжо раджаць гатова. А часу няма. Усё – на бягу. На бягу, у разоры, і радзіла!.. Мёртвае!.. Як наканаваў хто – то адно, то другое. Як напасць якая! Не там – дык тут!.. Праўда, калі разабрацца, дык і самі там-тут вінаватыя. Маладыя, нявопытныя… Яно, можа б, і нічога ўсё – мала ў каго не бывае! Толькі ж яны да ўсяго папаліся і гарачыя. Як от некаторыя ў нас, у Глінішчах! – падчапіў раптам Апейка. Барыс засмяяўся. Засмяялася яшчэ некалькі з тых, што глядзелі насустрач. – Яна – што не так – на яго, ён – на яе. Такая-сякая! А часам і з кулакамі!.. Яна вартая была яго. Ён ёй слова, яна – два! Век на іх двары гвалт! Як на юравіцкім базары ў нядзелю! – Зноў пайшоў смяшок. Апейка ж будзённа павёў далей: – Чубіліся, чубіліся. Не вытрывала яна. Уцякла! Чалавек яе спачатку: ну, няхай! Можа, і на лепшае! А потым – жаль узяў. Ды і гонар мужчынскі, мабыць, загаварыў!.. Адно – калі ты кідаеш, а калі цябе – ето саўсім другое!
– Аге! – чула адгукнулася некалькі галасоў. Найбольш – жанкі.
– Зашчымела ў Іванавым сэрцы! – паспачуваў Апейка. – А тут – матка і бацько з угаворамі. «Дзе ето відано такое! Пазаві!..» Угаварылі. Селі на паром – і цераз раку. Што там было – не чуў. Не скажу. А толькі – прывозяць яе… Ва-ажная прыехала!.. А ўсё-такі ўжэ не крычыць! А пра яго і казаць не трэба: цішэй вады. Абыходлівы – не пазнаць! Людзям ужэ нудна стало – спектакля няма!.. Зімой ён – на заработкі ў лес. Вясной добра ўгнаіў, пасеяў у пару. Лета ўдалае. Добра выспела ўсё. Да збожжа – сена добрае… Парадак стаў. Даўно ето было, – задумаўся, пастражэў голас Апейкі. – Як я яшчэ цялят не ганяў. Даўно ўжэ абое пастарэлі. А жывуць усё разам. Жывуць – не горай, як людзі… Усяляк, праўда, і цяпер часам бывае: загаворыць раптам гарачая кроў. А не чубяцца, як было. І не кідаюцца ў розныя бакі. Ведаюць: жыццё пражыць – усяго пабачыць. Не трэба адразу – у адчай!.. – Не разабраць было спачатку: ці то разважаў проста, ці раіў. – Усякая гаспадарка цяжка зладжваецца. Не адразу – бывае – усё складна выходзіць. Трэба часам прыцерціся, як кажуць. Ето – што да сям'і, да двух чалавек. А што казаць ужэ пра вялікую гаспадарку. Пра калектыў.
Ён памаўчаў. Як бы даваў падумаць пра тое, што сказаў, ці збіраўся з думкамі.
– От тут я і хацеў бы сказаць, што думаю пра ваш калгас… – Ён гаварыў па-ранейшаму будзённа, але ўжо вельмі сур'ёзна, значна. – Вы можаце сказаць, што – позна. Аднак, я думаю, агледзецца з толкам не позна ніколі. Трэба разабрацца, высветліць усё. Трэба выясніць: што ж такое здарылася? У чым прычына, што так здарылася?.. Я згодзен з тым, што сказаў таварыш Гайліс пра ўраджай і пра дысцыпліну. Я лічу, што таварыш Гайліс асабліва правільна сказаў: вялікая віна ва ўсім кіраўніцтва. У тым ліку і наша віна – што не паправілі ў час, не папярэдзілі… Мы з гэтай няўдачы зробім вывады. Мы паправім памылкі. – Ён павёў вачыма па ўсіх, хто быў у прэзідыуме, як бы паказваючы: тое, пра што ён гаворыць, усе гатовы ўзяць на сябе. Чарнаштан глядзеў спадылба на стол, выгляд быў такі, як бы яго гняла гэта віна найбольш. Як на судзе падсудны. Гайліс таксама, здавалася, гатоў быў узяць сваю частку віны. Башлыкоў, падобна, віны за сабой не бачыў. Апейка нібы не заўважыў гэтага, кіўнуў у залу: от прызнаём сваю віну. – Але і вы павінны прызнаць свае! – Ён, аднак, не стаў ушчуваць надта: нашто перабіраць тое, што было, яно і так добра вядома. Вінаваты ўсе. Лепш падумаць разам, як зрабіць, каб не было такога. – От я і хацеў бы даць парады на будучае… Што трэба ўлічыць вам на будучае?.. Першае, – раіў ён па-сяброўску, – не карміць болей гультаёў і трутняў! Карміць толькі тых, хто дае карысць. Па долі той карысці, якую кожны дае. Хто больш – таму больш, хто менш – таму менш. А таму, хто бокі абіваў, – дулю!.. – Неспакойны гул ухваліў яго. – Трэба паставіць добры ўлік. Усё лічыць: працу, прыбытак, палучку. Кожную капейку, кожны грам – на ўлік. Усім, у каго рукі лішне доўгія, – па руках… Адным словам – кантроль ва ўсім. Строгі кантроль. Калі не ўстановіце кантроль – усё прападзе. Ніякага дабра не хопіць!..
«От хітры, – падумала Ганна. – Гаворыць так, нібы яны яшчэ ў калгасе! Па-калгаснаму настрайвае!..» Заўважыла: прамова Апейкі растрывожыла людзей, ішоў гоман, чуліся воклічы, але воклічы былі нейкія дзелавітыя: папракалі – кармілі трутняў, разбазарвалі дабро!..
– Хто рабіў, хто не рабіў – усё адно! Кожнаму палачка!
– Хто ўрваў, той і спажыў!..
– Якая тут ахвота – старацца! Карак гнуць!..
– Усё ветрам пайшло!..
Калі Барыс устаў, гоман, воклічы пачалі хутка спадаць. Ён дачакаўся поўнай цішыні, важна, як асаблівую падзею, аб'явіў:
– А зараз выступіць сакратар райкома таварыш Башлыкоў!