Читать книгу Завеі, снежань - Іван Мележ - Страница 4
Частка першая
Раздзел другі
1
ОглавлениеНаступным вечарам неспадзеўкі прынесла Дубадзела. Дужы, жылаваты, у шынялі і ў ваеннай шапцы, крывароты, адразу заўважыла Ганна, трымаўся неяк нязвыкла лісліва і разам афіцыйна, і гэта зацікавіла яе. Ён неахвотна прысеў на крэсла, калі Параска, таксама цікаўна зірнуўшы на яго, запрасіла сесці, мякка сказаў, што сядзець асабліва няма калі – справы. Пра гэта гаварыў, здавалася, не толькі ўвесь яго выгляд, але і палатняны партфель, які Дубадзел трымаў на каленях і па якім неспакойна бегалі яго пальцы.
– Ну, не ўвесь час справамі аднымі займацца? – хітравата зірнула Параска, падымаючы галаву ад сшыткаў, якія правярала.
– Увесь не ўвесь. А гуляць, можно сказаць, некалі…
– Вам жа не трэба сшыткаў правяраць! І непісьменных вы грамаце не вучыце! Часу ў вас павінна быць аж лішне!
– Дыхнуць некалі! Як у раён перайшоў!
Ён, пасля таго як не выбралі ў сельсавеце, уладзіўся раённым упаўнаважаным. Невялікае, але ўсё ж начальства, з партфелем ходзіць! І палёгку даць, і прыціснуць можа, што ні кажы – раённы прадстаўнік! Недарэмна частуюць ледзь не ўсюды! Ганна заўважыла неспакойны бляск у яго вачах, падумала: і цяпер от, не інакш, з пачастунку! Аж шрам каля рота пачырванеў!
Дубадзел перахапіў яе позірк, кіўнуў, каб выйшла на ганак. Яна павяла плячыма, нібы не зразумела. Ён падумаў, устаў, строга афіцыйным тонам вялеў:
– Ганна, прашу выйсці.
– Чаго ето?
– Дзело есць! Выясніць трэба…
– Дак выясняй тут.
Ён ніякава памаўчаў. Скоса, асцярожліва зірнуў на Параску. Перавёў позірк на Ганну, недавольна пакруціў галавою: нездагадлівая!
– Пры пастаронніх нельга…
Параска адразу адгукнулася:
– Дык я магу выйсці!
– Не, вы работайце! – Ён сказаў нецярпліва, патрабуючы: – Часу няма. Выйдзі!
Ну што ж. Ганна, не апранаючыся, выйшла ў калідор. Ён папрасіў выйсці на ганак. Паслухалася. На ганку стала.
– Ну, выясняй.
– Хадзем трохі шчэ, – лагодна ўзяў за руку.
– Не хочу.
– От скула ж ты! – засмяяўся, як бы хвалячы. – Усё па-свойму гнеш!
– Ну, што ты хацеў выясніць?
Ён выпусціў яе руку, важна прамовіў:
– Ты ето правільно зрабіла, што Глушака кінула.
– Дак ты для етаго і пазваў – штоб пахваліць?
– Ну язык! – Ён зноў засмяяўся, як бы хвалячы. Сказаў: – Правільно. Хваціць гнуць карак на іх!
Дубадзел узяў яе за руку. Ганна хацела зразу ж адабраць яе, але ён не аддаў. Пацягнуў Ганну да сябе. Аж заванітавала: дыхнуў гарэлкай.
– Т-ты што ето?! – здзівілася нібы.
– А нічого! – забулькаў брыдкі смех. – Паўхаджуваць от хочу за табою.
– Унё! Дак для етаго трэба было цягнуць сюды? На холад. – Холад такі браў яе. Асабліва мерзла спіна. – Паўхаджуваў бы там. Перад Параскаю.
– Наравішся ты мне! – як бы не заўважыў ён кпіны, усё цягнуў да сябе. Яна цвёрда ўперлася яму ў грудзі. – Ну, чаго ты? Н-не нараўлюся?
– Не наравішся.
Рукі яго трохі паслабелі. Але ён усё ж не выпусціў яе.
– Чаму ето?
– А не знаю. Просто – гадкі.
Чула: гэта яго нібы ўдарыла. Момант разгублена маўчаў. Потым сказаў злосна:
– Чаго дзярэш нос?
Яна спакойна загадала:
– Пусці!
Дубадзел пусціў.
– Няма чаго дзеўку строіць з сябе! Не знаю, думаеш, як ты з етым Дзятлікам на гумне?
– Знаеш?
– Знаю.
– Дак старайся не забыць!
Гэта здзеклівая парада раз'ятрыла яго.
– Чаго дзярэш нос, кулацкая падсцілка!
Яна стрывала, прамовіла з пагардай:
– Ето ўсё, для чаго ты пазваў мяне?
– Т-ты шчэ пашкадуеш аб етом! – выціснуў ён люта.
– Тады тое будзе!
Ганна спакойна зачыніла дзверы.
Калі ўвайшла, Параска зірнула ад сшыткаў гулліва, падсмейваючыся:
– Ну што, пагаварылі?
– Пагаварылі, – Ганна сказала такім тонам, што ўсмешка на Парасчыных губах замерла.
Параска ўгледзелася ўважліва і не стала распытваць. Нахілілася зноў над сшыткамі. На кухні, на адзіноце, Ганна дала волю гневу: «Ах ты, гад, гад, як абазваў, аж успомніць гадко!» Старалася суцешыць сябе: добра ўпякла яго – адскочыў адразу; але гнеў не сціхаў. «Думае, як я адна, дак і ўсё можно. Прыходзь дый бяры, рада будзе… Кінецца сама! Аге, толькі цябе мне і не хапало… Ждала, не магла даждацца!.. Грозіцца яшчэ: «Пашкадуеш!» Пашкадую, ды пра другое! Што не плюнула ў вочы!..»
Неўзабаве супакоіла сябе зусім: ёсць перажываць з-за каго!
Праз дзень прыйшоў яшчэ чалавек. Быў вечар, позні вечар, хутка павінны былі кончыцца вячэрнія заняткі – са старымі, калі Ганна пачула, што ў калідор нехта зайшоў. Пашаргаў у цемры лапцямі, стаў, мабыць, не ведаў, куды ісці.
Яна адчыніла дзверы ў калідор, глянула ў змрок.
– Хто тут?
Ён стаяў наводдаль, са святла ў змроку калідора ледзь відна была постаць. Яна не так пазнала, як здагадалася.
– Ты?..
Голас яе дрыжаў. Яна ўмомант захвалявалася. Узрадавалася: прыйшоў! Радасць нядаўніх сустрэч першая ажыла.
Ён паволі, таксама ўзрадаваны, падаўся насустрач.
– Заходзь!
Калі ён асцярожліва зайшоў, амаль заплюшчыўся ад святла, у яшчэ летняй шапцы, у расшпіленай свіце, яна ўзрадавана прыпала да яго позіркам, але амаль нічога добра не бачыла. На міг недарэчы заўважыла нейкі белы пыл на рукаве: снег, ці што? – і больш нічога, што б здзівіла неяк. Усё было такое знаёмае, роднае. Гледзячы на яго, яна не так бачыла, як адчувала, можна сказаць, толькі адчувала. Быццам стаялі, прытуліўшыся…
Ён, хмурачыся, няёмка, як бы недаверліва агледзеўся. Хмурыўся ён, можа, ад святла, але ёй падумалася, што яму не падабаецца тут. Яна схамянулася. Накінула на плечы хустку. Рашуча ступіла ў калідор.
– Хадзем!
Выйшлі на ганак – на цемру, на вецер. Момант здавалася, быццам нічога іншага не было, толькі спатканні. Усё было, як тады перад гумном, пад яблыняю. Як у гумне.
Ішлі хутка, нецярпліва. Нецярпліва стала. У баку ад дарогі, каб не зашкодзіў ніхто.
– Прыехаў! Не забуў! – Голас яе перарываўся.
– Не…
– Я думала, забуў!
– Скажаш!..
– Не прыязджаў доўго!
Ён памаўчаў.
– Не так просто…
Яна зразумела недагаворанае: не так проста вырвацца. Маня, матка, суседзі. Усе сочаць. Абавязкі перад сваімі. У радасць яе ўліўся нядобры халадок. Не так проста. Не так проста!
– Ты прыйшоў? – спытала стрымана.
– Прыехаў…
– З дому?
– З Алешнікаў… – Ён дадаў: – Муку малоў…
Яна запытала, абы не маўчаць:
– А дзе – калёсы?
– На вуліцы.
Узялі дрыжыкі. Пачула, які халодны вецер. Трэба было хоць бы накінуць каптан. Выскачыла згарача!
– Як ты тут? – пачула.
Смутак, трывога, любоў былі ў голасе.
– А нічого. – Пастаралася схаваць гаркату. – Жыву… Добра жыву… А – ты?
– Ат…
Многа сказала ёй гэтае «ат»!
– Маня – як? – не стрымала раўнівае.
– Што ёй…
– А сын?
– Расце…
Нялёгка было гаварыць: за тым, што казалі, было багата іншага, пра што і казаць не хочацца, і забыць не забываецца. Таму ахвотна маўчалі.
Але і маўчанне было поўнае хвалявання.
– Землю адабралі! – нібы паскардзіўся ён. Яна пачула ў голасе адчай. – Усю, што каля цагельні.
– Мне казалі, – паспачувала яна.
– Пасеянае перааралі. Міканор усё…
Ён, здалося, чакаў, што яна паспачувае. Скажа нядобрае пра Міканора. Яна не сказала. Нашто вярэдзіць лішне боль яго.
– Не знаю, што будзе, – зноў пачула адчай.
– Будзе нешто. – Спакойна, супакойліва сказала: – Горай, як було, не будзе.
Ён падумаў над тым, што сказала.
– Можа і горай буць.
– Не будзе.
Яна была ўпэўнена ў гэтым. Зноў маўчалі. Гуляў вецер, халадзіў шыю, плечы. Бралі дрыжыкі.
– Ты не абіжаішся на мяне? – прамовіў ён ціха. Як бы нясмела і вінавата. Насцярожыўся, чакаючы, што яна адкажа.
– Не-а, – сказала яна спакойна. Нібы здзівілася: – Чаго абіжацца?
Ён узрадаваўся. Памкнуўся да яе, хацеў, здалося, абняць. Але стрымаўся. Не наважыўся. Усё ж нейкая вясёласць, зухаватасць была, калі гаварыў:
– Чорт яго знае, запуталася ўсё!..
– Запуталася…
– Што будзе, адзін Бог знае!..
Ён быццам апраўдваўся перад ёю. Вінаватым усё чуў сябе, хоць яна і знаку не падавала на гэта. Нашто ён пра гэта – вінаваты не вінаваты, што ад таго? Лягчэй хіба стане?
– Як ты будзеш далей? – пачула зноў вінаватую заклапочанасць.
– А так і буду.
– Ты не абіжайся, – зноў папрасіў. – Калі б можно було!..
Ну, нашто ён гэта! Як бы яна вінаваціць! Не вінаваціць яна нікога: кожны жыве як можа. Кожны сам за сваю долю вінаваты.
– Не абіжаюся я.
Ён усё ж наважыўся. Абняў на развітанне, нясмела, нязграбна. Быццам не абдымаў ніколі. Яна не развяла яго рукі, але і не прыгарнулася вельмі. Як бы не ўзрадавалася. Ён адразу чула заўважыў гэта, стрымаўся. Дужыя, нецярплівыя рукі яго аслабелі. Абняўшы, ён нібы не ведаў, што рабіць. Стаялі моўчкі, нерухома. Было непагана, але ўжо не было так, як раней. Чагосьці ўжо не хапала. Халаднаватасць была ўжо нейкая.
Ён пацалаваў. Яна адказала. Але таксама спакойна – нібы з успаміну пра тое, што было.
– Дак бувай…
– Бувай…
Пастаяла, паслухала, як стукаюць яго калёсы ўпоцемку. Па мёрзлай, скамянелай зямлі.