Читать книгу Васiлёк - Іван Ярашэвiч - Страница 3
Васiлёк
ОглавлениеМой сябра карыстаецца вялікай павагай у аднавяскоўцаў. Яшчэ з дзяцінства ўсе завуць яго ласкава – Васільком. Вочы – блакітныя, глыбокія, ясныя. Безадмоўны да просьбаў суседзяў. Заўжды дапаможа прайсці за плугам, акучнікам, унесці ў хлеў брыкет, адрамантаваць электраразеткі. Ведаюць – аплата яму не патрэбна. Не пераносіць і «вадкай валюты». Дастаткова ўдзячнасці.
Апошнія гады сур’ёзна хварэе. Цяжка дацягваў да пенсіі. Спачуваюць яму ўсе і называюць прычыну хвароб: наступствы вайны. Васілёк лічыць, што і так шмат пражыў і зрабіў. Нават унукаў дачакаўся. Дзякуе за гэта Богу і людзям.
Бацька яго пайшоў на фронт у першы ж дзень вайны. У маці засталося чацвёра дзяцей. Васільку толькі шэсць гадкоў споўнілася. Увесь час хацелася есці. Але накарміць іх было цяжка. Смілавіцкі тэхнікум паляводства ў вайну не працаваў. У яго будынках і парку змясціліся розныя нямецкія вайсковыя ўстановы і нават метэаралагічны пункт. Іх карміла палявая кухня. Для нарыхтоўкі дроў зганялі дарослых і дзяцей. Ад старэйшых хлопчыкаў Васілёк аднойчы даведаўся: там можна досыць наесціся. У наступны дзень ужо складваў дровы. Па загаду кухара-таўсцюна дужэйшыя хлопцы вынеслі бачкі з нейкім варывам. Ён жа выдаў металічныя лыжкі. Бачкі ўмомант апусцелі. Васільку вельмі спадабалася лёгкая і блішчастая прылада для ежы. Па-дзіцячы, не думаючы аб наступствах, хуценька паклаў яе за пазуху. Дома карысталіся толькі драўлянымі. Праца працягвалася. Раптам кухар пачаў крычаць як недарэзаны:
– Айн лёжка! Айн лёжка! З кухні выскачылі яшчэ тры немцы. Сагналі працуючых у кружок і пачалі абшукваць. Сцяміў аб бядзе позна – не паспеў выкінуць лыжку. Немец ужо нашчупаў яе і зароў:
– Гір! Гір! Гір!
Васілёк адчуў толькі першы ўдар кухара ў грудзі. Праваліўся ў забыццё. Раз’юшаны немец нагою біў і цягаў яго па зямлі. Трое мардатых фрыцаў дружна рагаталі. На плач дзяцей не звярталі ўвагі. Нарэшце загадаў забраць пабітае дзіця. Адзін з хлопцаў скінуў сваю сарочку, і на ёй акрываўленае цельца бегам занеслі дамоў.
Толькі на сёмы дзень ён ледзьве расплюшчыў заплыўшыя гноем вочы і папрасіў піць. Лячылі ўсёй вёскай – хто чым мог. Па-сапраўднаму стаў на ногі пасля вайны – дапамаглі ваенныя дактары.
Бацька з вайны не вярнуйся. Загінуў у Чэхаславакіі. Васільку ён яшчэ доўга сніўся: разам шукалі немца, каб адпомсціць.
Прайшлі дзесяцігоддзі, а вайна настойліва напамінае аб сабе нездароўем, не жадае знікаць з лёсу чалавека…