Читать книгу Мястэчка G… …і ваколіцы… (зборнік) - Віктар Шалкевіч - Страница 3
Калісьці…
Ліст да маскоўскага сябра пісьменніка Валерыя Казакова
ОглавлениеТы пытаеш мяне, дарагі Валерык, як сталася, што з нашага мястэчка адправіўся ў лепшы свет кароль польскі, вялікі князь літоўскі, не вельмі любімы пыхлівымі падданымі, зарослы барадой па самыя вочы Стэфан-Сцяпан-Іштван Баторый?
Каб табе на гэтае пытанне адказаць, я вымушаны буду, як прыгожа кажуць у нас, пачынаць ад Скідаля.
Дык вось, мястэчка нашае было хоць маленькае, беднае, але ганаровае – са старажытнаславянскага паселішча на ўзгорку даспела і паднялося да годнасці нефармальнай сталіцы Рэчы Паспалітай некалькіх народаў пры венгры румынскага паходжання Стэфане Баторыі, ці, як яго любяць называць сучасныя неафіцыйныя гісторыкі, Сцяпане Сцяпанавічы Батуры. І я, карыстаючыся ў тым ліку і іх досведам, паспрабую табе нешта распавесці пра ягонае жыццё, дзіўную смерць і ўва што гэта вылілася нашаму мястэчку.
Кароль ён быў не дынастычны, а выбарны, запрошаны, як бы зараз акрэслілі – кароль-менеджар. Далі яму панышляхта ў якасці бонуса жонку – Ганну Ягелонку – непрыгожую і нашмат старэйшую за яго. Кабецінай Ягелонка была рэлігійнаю, хадзіла да касцёла, гаварыла пацеры, часта і многа спавядалася, а гэтыя самыя рэчы, якімі любяць займацца наважонцы, яе, наколькі спраўджаныя крыніцы падаюць, не цікавілі ўвогуле, так што маладому мужу Сцяпану Сцяпанавічу нічога не заставалася рабіць, ажно толькі ваяваць з суседзямі, паляваць ды цішком цёгацца па чужых бабах. Да таго ж ён не гаварыў на «шипучем змеином языке», у сэнсе – не ведаў польскае мовы, затое, на зайздрасць некаторым біскупам, выдатна валіў лацінаю, якая ў шаснаццатым стагоддзі была нейкім аналагам сучаснай прымітыўнай ангельшчыны, так што падрыхтоўку меў салідную, не ў крыўду сённяшнім некаторым малаінтэлектуальным калгасным паганялам.
Прыехаўшы на сваё новае месца працы, Сцяпан Сцяпанавіч распісаўся ва ўсіх патрэбных паперах, склаў розныя прысягі, раздаў абяцанні і пачаў наводзіць свае парадкі. Фінансавыя справы былі заблытаныя, шляхта з панамі паводзіла сябе нахабна і пляла розныя складаныя інтрыгі, цягнучы дахаты ўсё, што далося ў рукі ўзяць, пры тым строіла з караля здзекі: «Бачыш ты, узяўся кіраваць, а мовы нашае дзяржаўнае не ведае, цыганіска праклятае!» З суседзямі – маскалямі, немцамі, шведамі і туркамі – Рэчы Паспалітай увогуле не пашчасціла, прыходзілася ўвесь час біцца за нейкія малаатракцыйныя гарады і правінцыйныя паселішчы кшталту Пскова ці Апочкі. Бываў я, дарагі Валерык, у тых краях, і дагэтуль не магу ўцяміць – на якую халеру нам былі патрэбныя гэтыя панурыя мясціны, парослыя хмызняком і асакою, з вечна п’яным і гультайскім народам?
Дык вось, хаця Сцяпан Сцяпанавіч Батура з’яўляўся перш за ўсё кіраўніком не самай благой у Еўропе дзяржавы, ваяром і зацятым паляўнічым, але, як сапраўдны мужчына, і на прыгожых жанчынаў таксама знаходзіў і хвіліну і натхненне, і, дзякуючы гэтаму натхненню, распачалася праз некаторы час ва Усходняй Еўропе найвялікшая інтрыга – я маю на ўвазе справу Дзмітрыя Самазванца. Некаторыя сур’ёзныя еўрапейскія гісторыкі лічаць, што Сцяпан Сцяпанавіч быў Зміцеру родным бацькам, а мамаю яму была прыгожая дачка ляснічага з фальварка Кундзін з-пад Сакулкі, людзі так тутэйшыя казалі, а людзі з-пад Сакулкі ніколі не брэшуць… Сцяпан Сцяпанавіч усё жыццё праводзіў па-рыцарску – у сядле, лічыўся здаровым, моцным, вось толькі адна бяда штодзённа дапякала – чырак на назе, і такі вялікі – часам рабіўся з далонь, і ў бацькі ягонага, таксама Сцяпана, такая ж бяда была, і памёр бацька менавіта ад яе.
А другая бяда – працавалі ў караля Сцяпана ў штаце ажно два дактары, каторых ён мусіў слухацца, адзін – Бучэла, другі – Сімоніюш. Справядліва нехта з нашых дасціпных паэтаў заўважыў: «Вось такія дахтары вымуць душу без пары» – гэтыя два не толькі душу па кроплі вымалі, але бясконца лаялі адзін аднаго, узаемна абвінавачваліся, слінаапырскваліся, сапернічалі, інтрыгавалі, даносы пісалі ў гродскія суды, прапісвалі каралю дыяметральна супрацьлеглыя лекі і давялі гэтым беднага Баторыя да магілы. У тыя часы дастаткова было паслядоўна слухацца аднаго доктара, каб панурыцца ў дошкі, а тут жа ажно два былі, ды такія ганарлівыя і ўпартыя.
Паміраў кароль Сцяпан доўга і цяжка – яму то рабілася горш, то рабілася лепш, а калі лепш, то ён кідаў усё і ўцякаў у Гарадзенскую пушчу на паляванне, нібы прадчуваючы, што хутка ўжо будзе па ім, пэйгер яму будзе!!!
Так і сталася – дванаццатага снежня 1586 года каля сямнаццатай гадзіны ўвечары ў адным з пакояў Старога Замка з’явілася сумнавядомая цётка з касою і запрасіла слаўнага ваяра ў супольнае вечнае падарожжа, і ён ад нас пайшоў… назаўсёды.
Што пачалося пасля ягонае смерці!!! Не паверыш, дарагі Валерык!
Ён памёр вельмі нечакана для ўсёй Еўропы, у момант пачатку склёпвання вялікае антытурэцкае кааліцыі, таму што тыя туркі, у адрозненне ад цяперашніх, не гандлявалі кебабамі і таннымі скуранымі вырабамі на кожным кроку, тыя туркі вось-вось былі гатовыя без візаў і пашпартоў непрыемна здзівіць Еўропу сваёй колькаснаю прысутнасцю і прымусіць мірных бюргераў падзяліцца часткай свайго набытку – каму б гэта спадабалася? Таму ўсе больш-менш цвяроза рахуючыя еўраманархі на чале са Святым Айцом проста на каленях прасілі Баторыя: «Сцяпан Сцяпанавіч, мы табе і грошы дамо, і навабранцамі паможамо, і тэхнікай, ты толькі з гэтымі ерэтыкамі разбярыся, нешта пачні рабіць!», і бедны кароль Сцяпан пачаў, толькі запозна…
Ды яшчэ да таго старая Еўропа мела сваіх унутраных ворагаў хатняга гатунку – пратэстантаў, каторыя вельмі не любілі нашую святую маці – рыма-каталіцкую царкву – і яе вернікаў і шкодзілі каталікам па-чорнаму, калі ў тых нешта путнае атрымоўвалася, накшталт антытурэцкай кааліцыі. Пачалося гаварыцца ў голас, што ваяўнічага трансільванца атруцілі менавіта яны, лютара-кальвіны, таму што веліч аўтарытэту рыма-каталікоў ім заснуць не давала, і гэта сур’ёзныя людзі сцвярджалі, адукаваныя, не абы-што вам, прытым на еўрапейскіх дварах у кулуарах…
А што рабілася ў нашым мястэчку G. у пакоі замка, дзе перабывалі каралеўскія парэшткі? Тут пачаліся разборкі на мясцовым узроўні – Бучэла абвінавачваў Сімоніюша, а Сімоніюш Бучэлу ў некампетэнтнасці і зламысных дзеяннях у дачыненні да першай асобы ў дзяржаве. Яны лаяліся, аббрэхвалі адзін аднаго і ўжо гатовыя былі хапацца за калы ці рваць штыкеткі з плоту, каб учыніць хамскую бойку, калі раптам хлопчык гадоў трынаццаці па прозвішчы Сняжыцкі, сын селяніна з маёнтка Гарнастаевічы, вучань-выдатнік мясцовай лекарскай школы, мудра ўратаваў сітуацыю. Ён ім так сказаў: «Дзядзечкі, як не брыдка, тут яшчэ чалавек не астыў, ксяндзы з бацюшкамі модляцца, свечкі паляцца, а вы гаўкаецеся… нічога святога!!! Вазьміце лепш свае прымітыўныя хірургічныя інструменты і, пакуль нікога няма, парэжце Сцяпана Сцяпанавіча – там усё ў працэсе і высветліце!»
І што ты думаеш, дарагі Валерык, дзякуючы радзе разумнага падлетка гэтыя два ветэрынары зрабілі першае патолагаанатамічнае ўскрыццё ва Усходняй Еўропе і засталіся прыкладам для патомных і аздобаю нашае медычнае навукі.
Паўстала потым актуальнае пытанне – дзе ж будзе пахаванае цела караля і вялікага князя?
Сам нябожчык вельмі шанаваў нашае мястэчка і хацеў ляжаць у скляпеннях езуіцкага касцёла, які толькі пачалі будаваць на Высокім рынку. І ўсе былі не супраць – і месцічы, і падданыя, і местачковыя ўлады, не супраць выказваліся і самыя езуіты – дальнабачныя былі людзі, пралічвалі на некалькі соцень гадоў наперад, ведалі, што такое мартыралагічная турыстыка, але ў справу ўлезла кракаўская мафія на чале са старою непрыгожаю жонкаю Ганнаю: «Якое мястэчка G., які езуіцкі касцёл, што за хамства, што за правінцыйнасць, што за прымітывізм, мы такую пахавальню на Вавелі збудавалі, столькі грошай укінулі, аддавайце цела, бо будзе горш, да Гаагі дойдзем, калі што!» Так яны палохалі нашых мясцовых з год, і хабары з Кракава вазілі, і дзевак прыгожых падкладалі, і дарагім алкаголем апойвалі, і пасады цікавыя і грашовыя абяцалі, і нашыя лохі нарэшце паддаліся і аднойчы, пасля жалобнай імшы, урачыста адправілі на перакладных парэзанае цела Сцяпана Сцяпанавіча на Вавель…
Не, Валерык, з аднаго боку, я разумею, што парадак ёсць парадак, і калі ўсё высокае начальства ляжыць у горбе ў адным месцы, то зручней усялякія цырымоніі адпраўляць над ім, крапідлапакрапленні, імшы жалобныя і гадавіны, толькі ж у Кракаве столькі іх панапіхвалі пад катэдру, што ў вачах ад нябожчыкаў цёмна, і нецікава робіцца! Дый увогуле, нашых там замнога: на Рынку – стаіць Адам Міцкевіч з Наваградка, на надворку Вавельскага замка – Тадэвуш Касцюшка з-пад Косава на кані сядзіць. Сваіх герояў не было, то бачыш ты іх, хітрыя мазуры, у ліцвіноў пазабіралі…
Хай бы ляжаў Сцяпан Сцяпанавіч у нашым мястэчку, эх, я баюся нават уяўляць, як бы ён тут ляжаў і што б было!!! А то прыедзеш у Кракаў, прыйдзеш да ягонае магілы, а на ёй ані свечкі, ані кветкі, адно малыя венгерскія сцяжкі. Дый туркаў зараз столькі ў Еўропу панапрыпіралася, што так і хочацца крыкнуць галосна: «Дык за што ж нашыя продкі кроў лілі?» Не, не падумай нічога дрэннага пра мяне, Валерык, я там нікога ганяць за Басфор не збіраюся, дый часы не тыя, толькі калі на мяжы Чарнагорыі і Сербіі, у мястэчку Белае Поле, муэдзін нешта незразумелае крычыць з мінарэта, то сумнавата зусім мне робіцца, Валерык…