Читать книгу Мястэчка G… …і ваколіцы… (зборнік) - Віктар Шалкевіч - Страница 6
Гісторыя аднаго пахавання
ОглавлениеПамяці майго прыяцеля Віктара, які колісь скончыў школу ў мястэчку G.
Дзіўна: усе людзі, пакуль жывуць на свеце – то яны розныя: і высокія, і лысыя, і худыя, і гаркавыя, і брыдкія, і смешныя, мужчыны і жанчыны. Дык чаму ўсе пахаванні як дзве кроплі вады падобныя адно на адно?
Ну памёр чалавек, ведалі ўсе, што павінен памерці, таму што рак лёгкіх ці падстраўнікавая залоза – гэта вам не абышто, памёр, дзякаваць Богу, ва ўласным ложку, у прысутнасці жонкі, другой ужо па ліку, праўда, але законнай! Прыехала «хуткая дапамога», канстатавала скон, у морг не забіралі, таму што і так усё было ясна… І вось ляжыць нябожчык у навюськім касцюме ў труне пасярод уласнае, нядаўна адрамантаванае трохпакаёвае хрушчоўкі, у паветры пахне фармалінам і хвойкаю, патрэскваюць свечкі, і тут пачынаецца…
Спярша ў дзвярах з’яўляюцца дочкі, адна ці болей, якія пры бацькавым жыцці рэдка ставілі нагу на парог хаты, маючы прэтэнзіі да бацькі, чаму ён да канца тэрміну не дацягнуў з мамаю, а пайшоў да іншае кабеты. Адразу ля труны ўзнікаюць вялікія непрыгожыя вянкі са стандартнымі бяздушнымі надпісамі «Дорогому любимому папе от дочери Ани и её семьи», святочнага выгляду шасціканцовы крыж з залатымі палоскамі і таблічка з інфармацыяй, хто пад ім будзе ляжаць і абуджаць у нас вечную памяць. Дочкі будуць стабільна плакаць і мяняць кожныя некалькі гадзінаў MP3-фарматную плыту з хрысціянскімі песнапеннямі на такую ж, але іншую. Нікому там асабліва не ўваб’ецца ў вушы, што песнапенні не заўпакойныя, а велікодныя – у такіх дробязях зараз ніхто не сячэ, – ну спевы як спевы. Будзе паціху падцягацца народ, прыносіць хто што – хто вышэй згаданыя гадкія пластыкавыя вянкі рознага колеру, якасці і цаны, а ў каго лепей з густам – той акрэсленую колькасць хрызантэмаў ці белых гваздзікоў, перавязаных чорнаю стужкаю. Потым тут жа, пры труне, нехта пачне абавязковую размову пра тое, як добра сябе нябожчык пачуваў некалькі дзён таму, як выгульваў сабаку ці купляў яблыкі на базары, як на Новы год вазіў унука на санках… і тут раптам, на табе!
Усе згодзяцца, што выглядаў някепска і мог бы яшчэ пахадзіць па вуліцах, але, ну што зробіш, ад лёсу не схаваешся, і мы калісьці там будзем… І затым размова ізноў пераскоквае на нейкую іншую тэму, зусім далёкую ад сённяшняй, на палітыку, на цэны і надвор’е, як быццам не будзе іншае хвіліны, каб пра гэта пагаварыць. Народу пад вынас пачне значна прыбываць, у хаце зробіцца зусім душна, і ты пойдзеш на вуліцу глытнуць свежага паветра. Паміж першым і другім паверхам вы разміняцеся з бацюшкам у цывільным гарнітуры – бацюшка прыйшоў служыць паніхіду ў хату, хаця лепей і сапраўдней выглядала б гэта ў царкве. Па прыходзе бацюшкі ўсе тыя, каму трэба было сыходзіць, а не было як, вырвуцца ўслед за табою на маленькі надворачак перад пад’ездам і першаю справаю пачнуць моўчкі прагна курыць, потым паціху пазнікаюць, як бы іх і не было зусім.
Бацюшка перад пачаткам службы пажартуе з дачкой, па-добраму ўсміхнецца – ясна, што ён хоча неяк прыабадзёрыць сваякоў – толькі ля расчыненай труны гэта будзе выглядаць больш чым дзіўна. Потым пачне адпяванне і сам сабе будзе і за папа, і за дзячка, таму што людзі, якія спалохана рассунуліся па кутках у кватэры, могуць толькі хрысціцца, а абрадаў і ўсяго астатняга не ведаюць – тут родную мову мала хто ведае, а пра царкоўнаславянскую – не кажы не гавары!!!
Потым ужо, пасля сканчэння паніхіды, бацюшка пачне раздаваць загады, як і што выносіць з кватэры ў першую чаргу, куды крыж, куды вянкі, куды вечка. Цёткі і дзядзькі хуценька паразбіраюць і пазносяць гэтае дабро да машыны, і пачнецца складаны працэс вынасу труны з нябожчыкам. Калі гэта робяць хлопцы з пахавальнай канторы, то працэс доўга не трывае, горш, калі за справу хапаюцца дылетанты, тады некаму абавязкова прыціскаюць пальцы на руцэ, некаму парвуць і запэцкаюць куртку, але труна ўсё роўна прывандруе ўніз, да ўвахода, ці, правільней выказацца, выхаду з пад’езда…
…Бабуля старая, ну вельмі старая, сядзіць ля суседняга пад’езда і выграваецца на сонцы, дзеці ці ўнукі штодзень, калі надвор’е спрыяльнае, зводзяць яе пад рукі з чацвёртага паверха і зносяць ёй кіёчак і лёгкую табурэтачку, яна сядзіць, моўчкі назіраючы за нашымі дзеяннямі, за мітуслівым рассоўваннем вянкоў па машынах – вянкоў вельмі многа, аж занадта, і хіба ціха радуецца, што зносяць не яе, яна вельмі хоча яшчэ жыць, а мы ўсе не разумеем, чаму і нашто… Яна хоча жыць проста так, без высокіх словаў і тлумачэнняў, таму што сядзець на табурэтачцы з кіёчкам у сто разоў лепш, чым ляжаць у труне, нават у замежным дарагім гарнітуры і лакіраваных чаравіках.
Мясцовыя новыя могілкі больш падобныя не на могілкі, а на пакой адпачынку на чыгуначным вакзале, дзе на некалькіх квадратных метрах нерухома ляжаць дванаццаць ці пятнаццаць асобаў. Помнікі на магілах пераўзыходзяць адзін другога памерамі, формамі, надпісамі і колькасцю ўкладзеных грошай, здаецца, жывыя хацелі кампенсаваць нябожчыкам усё тое, што калісьці маглі, а так і не далі. Ад месца вечнага супакою нават і не пахне вечным супакоем, мітусня і нервовасць штодзённага жыцця дабраліся сюды і, як шашаль паліцу, патачылі і пагрызлі веліч і сум гэтага невясёлага кавалка поля… Побач рухлівая галосная шаша, а за шашою ўвесь час сыкаюць, пішчаць і ляскаюцца манеўровыя паравозы…
На могілках раптам адчайна зазіхаціць сонца і разам паляцяць у паветры малыя павучкі на павуцінні, чапляючыся за галовы і насы прысутных, за вянкі, нядбайна зваленыя ля адкрытай магілы, за крыжы і крыжыкі – а на двары канец кастрычніка, і ўсе прысутныя яшчэ раз упэўняцца ў тым, якое прыгожае гэтае жыццё, і зразумеюць, чаму старая бабуля на двары перад суседнім пад’ездам так не хоча паміраць… Пачынаецца канчатковы этап развітання з нябожчыкам. Нехта з пахавальнай каманды, хто больш-менш валодае словам, стае каля труны і з паперкі агалошвае біяграфію нябожчыка: дзе, калі і што. Потым слова бярэ калега з апошняга месца працы, гаворыць вельмі ціха, запалохана і каротка, відаць, што такія рэчы ён робіць ну вельмі рэдка… Потым запаноўвае маўчанне. Удава незразумела каму, нібы сама з сабою размаўляючы, выціскае з сябе: «Можа, яшчэ хто хоча што сказаць?..» Але ніхто нічога не хоча, усё і так ужо ясна, толькі зіхаціць нязвыкла сонца і апантана нясуцца ў апошняе ў гэтым годзе падарожжа «кудысьці» маленькія адважныя павучкі.
Бацюшка, той самы, што быў на кватэры, падыходзіць да труны, кажуць, ён малайчына і вялікі разумнік, кандыдат філасофіі, выкладае ў новапаўсталым тутэйшым універсітэце, толькі калісьці рассварыўся са сваім праваслаўным начальствам у Жыровіцах і перайшоў да ўніятаў. Бацюшка прапануе сваякам развітацца з нябожчыкам, апырсквае яму і труну святою вадою і пачынае «Вечную памяць». Хлопцы-пахавальшчыкі зашрубоўваюць труну і ўсталёўваюць яе на нейкім прыгожым чатырохвугольным прыстасаванні з нержавейкі, пастаўленым над магільнаю ямаю, адзін з іх націскае на прыстасаванні адмысловы прыціск – і труна сама, вельмі, ну вельмі паволі, апускаецца, з’язджае ў магілу. Усе прысутныя проста слупянеюць ад уражання, а магільшчыкі задаволена разбіраюць прыстасаванне і хапаюцца за рыдлёўкі. Тры жменькі зямлі ўласнаю рукою трэба яшчэ кінуць у яму на вечка і адысці, каб даць магчымасць зрабіць гэта іншым. Хлопцы з рыдлёўкамі тым часам борздзенька закідваюць твайго сябру рыжаю зямлёю і фармуюць прыгожы бугорчык з крыжам, які потым прафесійна абстаўляюць вянкамі і букетамі кветак: ад сям’і і дачок – у галаву, усе астатнія – у ногі… Удава запальвае свечку і ўсталёўвае яе на магілу…
Доўга, вельмі доўга збіраюцца людзі на памінкі, кагосьці трэба па сто разоў угаворваць, хтосьці не можа, бо з працы адпрасіўся толькі на пару гадзінаў, а гэты тое, а гэты гэтае. Урэшце прыходзяць усе, нават тыя, каторыя бажыліся і кляліся, што не змогуць, і ў зале маленькай кавярні палаца культуры будаўнікоў раптам не стае месца. Афіцыянты пачынаюць даносіць крэслы і дастаўляць талеркі з нажамі і відэльцамі. Нарэшце апошні прыйшоўшы ўціскваецца паміж бабулькамі, і можна пачынаць хаўтуры. Першая чарка, нейкія словы, другая чарка, ізноў нейкія словы, на гэты раз ты гаворыш, і разумееш, што не так, крыху не тое трэба было казаць… гарачае, трэцяя чарка, і ўсё гэта неяк па-язычніцку, хутка, мітусліва, непатрэбна, як быццам нябожчык быў нічога не вартым нулём, а не дырэктарам неблагога малога прадпрыемства. Высвятляецца паміж чаркамі, што ёсць у машыне да мястэчка G. месца і праз пятнаццаць хвілін трэба ехаць.