Читать книгу Белорусский дневник – 2023 - Владимир Николаевич Кулик - Страница 5
Часть I.
Произведения авторов из Москвы, Минска
Каренда Иван
г. Минск
ОглавлениеМае беларускія сцежкі
Мае беларускія сцежкі —
дзе продкаў зямныя сляды,
дзе родная мова з усмешкай
вітае мяне ўсе гады.
Мае беларускія сцежкі —
дзе родная вёска мая,
дзе з лёсам трагічным, няўцешным
жыла-гаравала сям’я.
Мае беларускія сцежкі —
дзе майская квецень садоў,
дзе гульні, забавы, пацешкі
далёкіх дзіцячых гадоў.
Мае беларускія сцежкі —
дзе водар жытнёвых палёў,
дзе россып валошак на ўзмежках
прыцягвае позірк здалёк.
Мае беларускія сцежкі —
дзе пошум спрадвечных лясоў,
якія душу маю цешаць
грыбамі сярод верасоў.
Мае беларускія сцежкі —
дзе Нёман у дзіўнай красе
маўкліва, рупліва, няспешкі
да Балтыкі воды нясе.
Мае беларускія сцежкі —
дзе першых спатканняў цяпло
гадзінай растайнай паспешна
кудысьці нябачна сышло.
Мае беларускія сцежкі —
дзе доўга да шчасця ішоў
і, мабыць, найлепшую з лепшых
зусім неспадзеўкі знайшоў.
Мае беларускія сцежкі —
дзе чэрпаюць сілы свае,
гуляючы ў хованкі, снежкі,
вясёлыя ўнукі мае.
Мае беларускія сцежкі —
дзе ў парку сталічным штодня
рабіў ранкам з сябрам прабежкі,
самоту з душы праганяў.
Мае беларускія сцежкі —
дзе вольна і лёгка наўздзіў.
Удзячны я Богу, што пешкі
па іх не адзін год хадзіў.
Мае беларускія сцежкі —
Радзімы маёй берагі,
мае пуцяводныя вешкі —
няма больш за вас дарагіх!
«Калі чытаю весткі хронік…»
Калі чытаю весткі хронік
пра наш гарачы, тлумны час,
сціскае скруха болем скроні,
і з сумам думаю не раз:
хіба ж калісьці не з трывогай
і продкі нашыя жылі? —
яны не менш прасілі ў Бога
спакою, міру на зямлі.
Планету нашу д'яблы дзеляць —
так з году ў год, так з веку ў век.
Нясе крыж страху і надзеі
звычайны, просты чалавек.
Наш час не горшы і не лепшы,
як і раней, ён б'е пад дых,
ён забівае і калечыць
людзей нявінных і слабых.
І ўсё ж не гасне ў сэрцы вера,
што прыйдзе той жаданы час,
калі Гасподзь у тлуме шэрым
у рэшце рэшт пачуе нас.
«Ні Хатынь, ні Хірасіма…»
Ні Хатынь, ні Хірасіма
не навучылі мірна жыць:
як у слоту ліст асіны,
зямля ад выбухаў дрыжыць.
Не змяніла ні на йоту
шлях чалавецтва і Сангмі:
зноў паўсюль чуваць грымоты,
зноў войны-бойні між людзьмі.
Смерць палюе днём і ноччу
па планах псеўдазмагароў:
ім нажыва засціць вочы —
таму цячэ ракою кроў.
Бачым: гора болей стала,
і цяжка Бога зразумець:
як дазволіў цемрашалам
злачынны куш ад войнаў мець?
«Хопіць войнаў!» – просіць сэрца,
чую крык яго я штодня:
«Хопіць, злыдні, сеяць смерці!
Наш свет людзей – адна радня!»
Пантэон віны
У кожнай вайны – неабсяг віны:
На нашай планеце спрадвеку
Не зналі большай і лепшай цаны,
Чым мір і спакой чалавека.
На кожнай вайне – акіян крыві,
Як вынік сляпой варажнечы,
А мы сцвярджаем адно: се ля ві,
Нібы ратавацца больш нечым.
Ад кожнай вайны – толькі чорны след
І кляймо ў чалавечых душах.
Калі ж перастане цывільны свет
Маўчаць, быць да іх раўнадушным?
«Здавалася, жар-птушка – у руках…»
Здавалася, жар-птушка – у руках,
Прыручана і вечна будзе з намі,
Ды неўпрыкмет узнёсся ў неба птах,
Знік разам з летуценнямі і снамі.
Здавалася, навошта райскі сад? —
І на зямлі мы знойдзем сваё шчасце,
Ды зацягнулі хмары далягляд
І грымнуў гром над лёсам і над часам.
Мы верылі, сумневу не было:
Наш кожны крок наперад – пераможны,
Ды толькі нас жыццё ў тупік вяло,
Бо мы ішлі дарогаю бязбожнай.
Бог беражэ, штодня ратуе нас.
Ён бачыць: ходзім мы па полі мінным…
І нам дае на роздум пэўны час
Перад судом за ўсе грахі, правіны.
«На вачах свет мяняецца …»
На вачах свет мяняецца —
Не мяняемся мы.
Незалежна ад нацыі,
Ад вясны ці зімы.
Грымне гром – перахрысцімся.
Пакуль ціха – грашым.
І гадамі не чысцімся,
Носім бруд у душы.
Засвярбела – пачэшамся,
Хіба ж гэта бяда?
Над памылкамі цешымся —
Звянуць, як лебяда.
Чырванеем ад сораму? —
Не пра нас і наш век,
Скінуў лапці з аборамі
З ног даўно чалавек.
Значыць, шмат нам дазволена,
Як вясновай траве.
А душа не аголена —
Яна ў целе жыве.
Ёй, душы, абыякава
Да таго, як жывеш,
Дачынення ніякага —
Што ты сееш і жнеш.
І кідаемся фразамі:
«Як і ўсе, хлеб жуём.
Мы ж у Бога за пазухай
З нараджэння жывём…»
А душа не змянілася
Ні на йоту, ні-ні.
Цела, цешся і мілуйся —
Сыты шанц не міні.
І ўчынілі спаборніцтва:
Хто найбольш украдзе,
Ашукае, ці шкодніцтва
На каго навядзе.
Што ў душы такой вырасце?
Мы сябе, малайцоў,
Не лупцуем ні шчырасцю,
Ні вярбовым дубцом.
Не жыццём мы ўсе стомлены,
Не сяўбой, не жнівом —
Дух наш дзікасцю зломлены,
Так жылі і жывём.
Пэўна, так і звякуем мы
З поўным мехам правін.
Бачыць Бог, што бракуе ўсім
Спавядальных хвілін.
Апраўданне: «Мы вольныя…
Суд жа будзе пасля…»
Так істотай жывёльнаю
Можна стаць спакваля.
Вальналюбства аматары,
Падпявалы хлусні…
Адчуваю, што ў аўтара
Паляцяць камяні.
«О, колькі ў душах чалавечых плесні! …»
О, колькі ў душах чалавечых плесні! —
Нібыта на дрывотнях паміж дроў
Пасля зімы завейнай напрадвесні,
Як снег вадою талай збег з двароў.
О, колькі ў людзях нарасло каросты
Нахабства, хамства, зайздрасці, хлусні! —
Яе, на жаль, не менее з узростам,
А больш і больш у кожным новым дні.
О, колькі ў словах чалавечых дзёгця! —
Абмазаць, зганьбіць з галавы да пят
Хто пад руку трапляе, хоць кагосьці, —
Паўсюль палюе ўсемагутны мат.
О, колькі ўсюды варажнечы, злосці! —
Да бойкі, мардабою – толькі крок.
Як слова праўды раптам скажа хтосьці —
Наводмаш б'юць і зблізку і здалёк.
Не веру я, што гэта – назаўсёды,
Што будзем гразь мясіць у брудзе луж,
Няздольныя знайсці шляхі да згоды,
Да ачышчэння нашых хворых душ.
Калі Бог даў нам званне чалавека,
Любоў пароўну падзяліў на ўсіх, —
Душа не мае права быць калекай
Нідзе, ніколі, нават ні на міг!
Чайкі
Пра што крычаць,
галосяць чайкі? —
іх вэрхал чую я здаля,
чаму іх крык,
такі адчайны,
не прыпыняе карабля?
Чым вабяць іх
усплёскі пены,
што шлейфам цягнуць караблі,
што прымушае
летуценна
кідацца ўдалеч ад зямлі?
Ці не таму
нястомны, смелы
палёт іх, плакальшчыц марскіх,
што кожны раз
за пенай белай
чакае родны бераг іх?
Музыка цішыні
О Исусе, в крестной муке
⠀Преклонивший лик!
Есть святые в сердце звуки, —
⠀Дай для них язык!
Іван Бунін
Нячутныя, дзіўныя, светлыя гукі…
А музыка льецца, і сэрца пяе,
Нібыта нябачны музЫка шматрукі
Канцэрт мне на тысячах скрыпак дае.
Канцэрт сярод лета, у сонечнай зале,
Дзе столлю – высокі, бязмежны блакіт,
Дзе травы і кветкі падлогаю сталі,
Дзе Нёман прыціх у абдымках ракіт.
Дзе гукам мелодыі – вольная воля:
Сягайце, ляціце ў бясконцы Сусвет,
Рабіце святлейшым усё наваколле,
Рабіце шчаслівым паўсюдна наш свет!
Дзе гэты музЫка, Маэстра пяшчоты,
Хто ноты такія прыдумаў яму?
Чаму так натхнёна, без ценю ляноты,
Хацелася шчасце даць сэрцу майму?
Чароўныя, тонкія, спеўныя ноты…
Адкуль узяліся, адкуль прыплылі?
Чаму іх музЫка агучвае ўпотай,
Іграе на небе, ці тут, на зямлі?..
Шчымлівыя гукі, прачулыя ноты…
Дагэтуль жывуць у абсягах душы,
Хоць сёння гучаць яны вельмі журботна
У белай, як свята, зімовай цішы.
«Маё каханне аблачынкай…»
Маё каханне аблачынкай
Плыве над горадам тваім,
Яго без стомы, безупынку
Вартуе пільна херувім
Маё каханне промнем сонца
Шукае твой далёкі след.
Шукаць гатова так бясконца,
Пакуль я бачу белы свет.
Маё каханне ручаінкай
З крыніцы даўніх дзён цячэ,
Каб напаткаць хоць на хвілінку,
Сустрэць пагляд тваіх вачэй.
Маё каханне звышспадзевам
Жыве няведама на што.
Яго цяпло з сузор'я Дзевы
Адчуць не зможа больш ніхто.
«Ты нават у сны не прыходзіш…»
Ты нават у сны не прыходзіш
З далёкай юнацкай пары —
Ці з ноччу гешэфты не водзіш?
Ці мы ўжо з табой не сябры?
Навошта так пэўна казала:
«Мы будзем з табой сябраваць,
Няўжо табе гэтага мала —
Сяброўствам душу саграваць?»
Я толькі паціснуў плячыма:
Спытаў: «Будзем іншых кахаць?»
А ты адказала: «Магчыма…
Ад іншых дзяцей калыхаць…»
Займаўся над вёскай світанак,
Працягвала бег свой жыццё,
З той майскай сустрэчай растайнай
Сышло і маё пачуццё.
Пазней стала яваю тайна —
Жыцця твайго сумны працяг,
Занадта самотны, адчайны: