Читать книгу Песні жальбы - Якуб Колас - Страница 3

I. Думкі

Оглавление

*** Ўюцца думкі, томяць грудзі…

Думкі ўюцца, томяць грудзі —

      Волі хочыцца і ім, —

Хочуць песьняй стаць лагоднай,

      Мілым дзіцяткам маім.


Цяжка зь імі жыць замкнута,

      У начной хаваць цішы,

Цесна думкам, цесна бедным,

      Хочуць выліцца з душы.


Ўюцца думкі смутным роем,

      Хочуць выбіцца на сьвет.

Дык ляціце, сэрца дзеці,

      На паперку кіньце сьлед!


Думкі

Ой вы, думкі, думкі,

Сэрца майго раны!

Ці вы мае дзеці,

Ці вы кім насланы?


Што ж вы завіліся

Віхрам нада мною

I няма ніколі

Мне ад вас спакою?


Рад бы я ня думаць

I ня знацца з вамі,

Ды без запытаньня

Плывяце вы самі.


Плача маё сэрца,

Хоць бязь сьлёз, ды горка,

Як пачнецца ваша

Смутная гаворка.


I на маю душу

Леглі вы туманам,

Мітусьлівым роем,

Смутным караванам.


Ой вы, мае думкі!

Ці вы кім зражоны,

Што так невясёлы,

Што так засмучоны?


Рад бы я ня думаць

I ня знацца з вамі,

Толькі ж проці волі

Плывяце вы самі.


*** Рана засмуцілісь…

Рана вам журыцца,

Думкі, сэрца дзеткі

Рана вы завялі,

Веснавыя кветкі!


Ці мароз зьнячэўку

Вас прыбіў вясною,

Як на сьцежку жыцьця

З простаю душою


Стаў я, поўны веры,

Радасьці і сілы?

Што ж на вас дыхнулі

Холадам магілы?


Што ж вы неспакойна

Кружыцесь, як пчолы?

Думкі, мае думкі!

Што вы невясёлы?


Ці краіны роднай

Балаты гнілыя

Смуткам вас акрылі,

Думкі маладыя?


Ці вас песьня-жальба,

Думкі, ўзгадавала?

Ці людское гора

Ў лесе вас спаткала?


Ці маё так жыцьце

Склалася няўдала?

Ці мая дарога

Ў туманы папала?


Рана спахмурнелі,

Думкі маладыя,

Рана вы завялі,

Кветкі веснавыя!


Весна

Йдзе вясна ўжо, дзякуй Богу!

Згінуў сьнег з сырой зямлі;

Папсавала гразь дарогу,

Перавалы загулі.


Сонца грэе, прыпякае;

Лёд на рэчцы затрашчаў.

Цёплы вецер павявае,

Хмар дажджлівых нам прыгнаў.


Вось і бусел паказаўся,

Гусі дзікія крычаць,

Шпак на дубе расьсьпяваўся,

Жураўлі ужо ляцяць.


I зіма, як дым, прапала!

Зелянее луг, ральля.

Як ад болю, ачуняла

Наша родная зямля.


Вясной

З лазурных чыстых небясоў

Прыветна сонейка глядзіць,

Ва ўсе канцы лье блеск лучоў,

Цяпло і сьвет зямлі дарыць.


I кліча к жыцьцю ўсё стварэньне

З сваёй крыштальнай вышыні,

I будзіць кліч той аддаленьне

Прызывам радасным вясны.


I перша жаваранка божа

Запела ціха аб вясьне,

Паліўся срэбрам сьпеў прыгожа

Ў далёкай сіняй вышыне…


Глядзіць прыветна зь неба сонца,

Як бы матулька на дзяцей,

I лёгка, лёгка так бясконца,

I б’ецца сэрца весялей.


На полі вясной

Люблю я прывольле

Шырокіх палёў,

Зялёнае мора

Ржаных каласоў


I вузкія стужкі

Сялянскіх палос —

Люблю цябе, поле,

Люблю я твой плёс!


Ігрушы старыя,

Што ў жыце шумяць,

Зялёныя межы,

Далёкую гладзь.


Люблю я дарогі,

Што леглі між гор,

Ўнізе пад гарою

Ручча разгавор.


Люблю я узгоркі,

I насып-курган,

I сіняй далечы

Празрысты туман…


Люблю пазіраць я

На поле вясной,

Як ветрык жартліва

Плыве збажыной.


Калышацца жыта,

Радамі бяжыць,

А хваля паветра

Дрыжыць і дрыжыць…


Люблю я прывольле

Шырокіх палёў,

Зялёнае мора

Буйных каласоў.


Усход сонца

На усходзе неба грае

Пераліўным блескам,

Сыпле золата над гаем

I над пералескам.


Чуць-чуць дрогне, праліецца

Чырвань на усходзе —

Гэта неба усьміхнецца

Людзям і прыродзе.


Сьмех адказны, сьмех шчасьлівы

Ходзіць на пагорках.

Час сьвітаньня – час зычлівы…

Гаснуць, нікнуць зоркі.


Шырай, шырай зараніца

Разьнімае крыльле,

Нібы пожар б’е крыніцай

Там, на небасхіле.


Сноп праменьняў, пышна ўзьняты,

Сее бляск-чырвонцы —

Гэта неба сьцеле шаты

На дарогу сонцу.


Над палямі мрок прарваўся,

Па нізах расплыўся,

Лес туманам заснаваўся,

Луг расой абмыўся.


Агнявыя валаконцы

Ткуцца ў шоўк чырвоны —

Гэта хмаркі ладзяць сонцу

I дзяньку кароны.


Як прыемна пахне збожжа!

А вакол – спакойна!

Эх, як слаўна, як прыгожа,

Хораша, прыстойна!


I сабрала неба фарбы

Колераў дзівосных…

I дзе ёсьць такія скарбы

Гожства, сугалосься?!


Ноч

Між палёў шырокіх

Я адзін стаю,

Ахваціла ціша

Ўсю душу маю.


Ночанька мая ты,

Водблеск глыбіні!

Ты душу чаруеш

Сьпевам цішыні.


Многа ў гэтым сьпеве

Водгукаў жывых,

Іх ня зловіш вухам,

Чуеш сэрцам іх.


Ночанька мая ты,

Ціхі сон вясны!

Колькі зор на небе!

Як блішчаць яны!


Водблескам пажару

Неба край гарыць —

Там двурогі месяц

Выплыў з-за гары.


Ночанька мая ты,

Ціхая дума!

Не ахваціш вокам,

I тых слоў няма


Апісаць твой вобраз,

Хараство, спакой —

Толькі ў цябе ўнікнеш

Чуткаю душой.


Месяц

Ціха месяц адзінокі

Ходзіць ў небе над зямлёю.

Неразгаданы, далёкі,

Што ты бачыш пад сабою?


Бачыш сьлёзы ты людскія,

Як яны з расою льюцца,

А ў тумане думкі злыя

Горкім плачам аддаюцца;


Як бяз волі і бяз хлеба

Працавіты люд наш гнецца…

Кінь ты жальбу нашу ў неба —

Няхай неба ўскалыхнецца!


Хмары

Ціха калосься, схіліўшы галовы

      Шэўчуць у межах палёў;

Толькі ж ня слухае неба іх мовы —

      Жальбы ржаных калосоў.

Сіняе небо ўсё сонцэм заліто;

      Полудзень, вар, цішына.

Дожджыка просіць зялёнае жыто,

      Хочэ дажджу ярына.

Вот із-за леса далёка, далёка

      Хмарка на небо узыйшла;

Цёмная хмарка адна-адзінока

      Вышэй і вышэй паплыла.

Ніва заціхла, замерла; здаецца,

      Не скалыхнецца яна;

Змучэны колас ані пахінецца,

      Поўна надзей цішына.

Думае ніва: «Дожджык пакропіць,

      Смагу прагоніць палёў,

Цёмная хмарка краем хоць чэпіць

      Дзетак яе – каласоў».

Бедная ніва, знаць, Богам забыта —

      Дарма надзея была:

Спаленай нівы жаданьне нязбыто —

      Міма хмурынка прайшла.


Вецер

Ой ты, вецер неспакойны!

Дзьмеш ты безустанку,

Адну песьню нам сьпяваеш,

Адну баеш байку.


То заплачаш сіратою

Над убогай хатай;

То застогнеш, як над нівай

Селянін-араты;


То засьвішчаш за вугламі,

Жалем разальесься;

То сярдзіта ў дзьверы стукнеш,

Злосна засьмяесься…


Ой ты, вецер неспакойны,

Ты мой брат па долі!

Раскідаем сьмех і сьлёзы

Мы у чыстым полі.


Адлёт жураўлёў

Белыя валокны

Сьцелюцца над долам.

Не сьпяваюць птушкі,

Сьціхнуў лесу шолам.


Сьцелюцца валокны,

Тчэцца павуціна —

Блізка, блізка восень,

Смутная часіна!


Зажурыцца неба,

Схованае ў хмары,

I агорнуць сэрца

Нейкі жаль і мары.


Замірае лета,

Заціхаюць далі,

Сірацее рэчка,

Халадзеюць хвалі.


Стомленасьць, зьнямеласьць…

Тояць думку боры…

Шш! што то за гукі

Чуюцца ў прасторы?


Жаласна-прыгожа

Льюцца ў небе гукі,

Слухаюць лясы іх,

Луг, балота, лукі.


У бязьмежным небе

Роўненькім шнурочкам

Жураўлі на вырай

Мкнуцца над лясочкам.


Меншыцца шнурочак,

У паднеб’і тае,

Вось ледзь-ледзь чарнее,

Міг – і прападае.


I стаіш ты, смутны,

Доўга пазіраеш,

Як бы нешта страціў,

А што – сам ня знаеш.


Так у час расстаньня

З тым, хто сэрцу любы,

Адчуваеш смутак

Цяжкай страты-згубы


I глядзіш маўкліва

На дарожку тую,

Што нясе ўдалечу

Душу дарагую.


Восенны дождж

Сыплюцца кроплі часта і дробна,

Ціха па стрэсе бубняць.

Смутак наводзіць шум іх жалобны,

Смутку таго не суняць.


Хліпаньне, плюскат… Ночка глухая

Цягнецца доўга, як год.

Вецер заложны шуміць, не сьціхае,

Жаласна сьвішча праз плот.


Кружацца думкі, сон разганяюць,

Мары наводзяць і сны,

Волю далёкую мне ўспамінаюць,

Дні маладыя вясны…


Сыплюцца кроплі часта і дробна

Ў сьцены, у вокны бубняць.

Смутна іх песьня, плачу падобна,

Смутку ж ніяк не суняць.


*** Скора ў полі забушуе…

Скора ў полі забушуе,

Песьню сівер запяе,

Ўсе дарожкі зараўнуе,

Гурбы сьнегу нанясе.


Ўсё зьмяшаецца ў тумане,

Ў белым попеле сьнягоў.

Сумна вецер плакаць стане

Над будынкам мужыкоў.


Я ж люблю той сьвіст у полі,

Як вакол усё дрыжыць —

На спатканьне песьням волі

Дух мой рвецца і ляціць.


Восень

Пуста ў лузе. Толькі стогі

Парыжэўшыя стаяць

Ды шпакі каля дарогі

Цэлы дзень адно крычаць.


Грэчка зжата. Гола ў полі.

Жыта зьвезена даўно.

Толькі плаваюць на волі

Кучы хмар, як валакно.


Дожджык сее беспрастанку;

Вецер сьвішча так, як зьвер…

Колькі лужын каля ганку!

А гразі, гразі цяпер!..


Ссохлі травы, ўсё павяла.

Слоць, плюхота, холад, цьма.

Эх, скарэй бы закрывала

Зямлю чорную зіма!


Зіма

Белым сьнегам замятае

Вецер чорныя палі,

Нібы вопратку ўзьдзявае

Шыр прасторная зямлі.


Мяккі сьнег лятае пухам,

I канца яму няма,

I нясе сярдзітым духам,

Дзікім сіверам зіма.


Зачыняйце шчыльна хату,

Каб ня дзьмулі халады,

На вакно пляціце мату,

Каб ня клаў мароз сьляды.


Даставайце з вышак сані —

Гайда сьцежкі праціраць

I па белым акіяне

Ўдоўж і ўпоперак гуляць!


Ды кладзіце рукавіцы —

Дзе з марозам жартаваць!

Рады белай мы зіміцы,

Рады зь ёю ваяваць.


Гэй вы, коні, гэй, малыя!

Што заснулі? Весялей!

Гэй, у скочку, залатыя!

Варушыцеся жывей!


*** Пташкі ў лесе шчэбеталі…

Пташкі ў лесе шчабяталі,

Стукаў дзяцел і жаўна,

I пра шчасьце нам казалі,

I ў душы была вясна…


А ў вясёлы вечар мая

Салавей ў гаі сьвістаў…

Ой, пара ты залатая!

Хто цябе не ўспамінаў?


А у небе, сінім полі,

Безь сьляда, за край зямлі,

Як бы думкі сьветлай долі,

Хмаркі белыя плылі.


Нам пра шчасьце ўсё казала

На зары юначых дзён.

Дзе ты, шчасьце, дзе прапала?

Дзе твой радасны палон?


Весна

Вясна, вясна

Жаданая!

Ты прыйдзеш зноў,

Ты вернешся!


Вясёлы сьпеў,

Прыветлівы

Вады ў руччах

Пачуецца.


Ачнецца гай

I зь песьнямі

Ў зялёны ліст

Адзенецца.


Напоўніць лес

Птушыны сьвіст,

Травою луг

Акрыецца.


А з полудня

З маланкаю

Хмурыначка

Націсьнецца,


I першы гром,

Як музыка,

Таемна так

Пракоціцца.


Зямелька ўся

Ўскалышацца,

Дажджом яна

Абмыецца.


Ў прыродзе ўсё

Народзіцца,

I маладосьць

Ёй вернецца.


Ды толькі мне

Ня вернешся,

Ня вернешся

Ты, моладасьць,


Вясна, вясна

Жаданая!

Ты вернешся,

Ты вернешся!


Песні жальбы

Подняться наверх