Читать книгу Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік) - Ян Баршчэўскі - Страница 10

Шляхціц Завальня
Полацак

Оглавление

Мінаю пушчы і вось на шырокай раўніне бачу горад Полацак. Вежы касцёла св. Стафана,[88] на замкавай гары – царква св. Сафіі,[89] якія, стоячы ў тумане, здаецца, імкнуцца да воблакаў; іх постаці-веліканы пануюць над горадам і над усёй ваколіцай. Гледзячы на ўсю гэтую мінуўшчыну, я ў думках стварыў яе вобраз; да сэрца падступіў смутак, і са слязьмі на вачах сустракаў я гэтыя высокія муры.

Акунуўшыся ў журботныя ўспаміны, падыходжу да горада; сады Спаса[90] нагадваюць мне травеньскія праходкі, тэатр сярод густых ліпаў на вольным паветры; там юначае ўяўленне пад клапатлівым вокам настаўнікаў найперш вучылася пазнаваць Творцу гэтага свету, Яго апеку над кожным стварэннем і захапляцца прыгажосцю неба і зямлі.

Недалёка ад Палаты стаіць мураваны касцёл св. Ксаверыя;[91] тут магілы, дзе спачывае прах цноталюбівых манахаў езуіцкага ордэна, свецкае моладзі і старых, з якімі я некалі быў знаёмы і сябраваў; невыказнае пачуццё навеяў на мяне гэты малюнак; душа пазірала на іх, як на анёлаў, што ляцяць на неба; старанна змовіў я малітвы і доўга стаяў задуменны, гледзячы на гэтае святое месца. Даўнейшыя часы, даўнейшае жыццё, даўнейшыя звычаі і набажэнства выразна маляваліся ў маіх успамінах. О, шчаслівыя! Яны бачылі лепшыя часы, спяць у роднай зямлі, а я да якіх прыплыву берагоў, дзе знайду спачын пасля гэтага бурлівага плавання? За Палатою, на шырокай раўніне, як люстэрка, адбівае сонечнае святло невялічкая плямка вады, якая завецца Валовае возерца. Кажуць, што калісьці яна была ў самім горадзе і да хрышчэння стаялі ля гэтае азярыны святыні[92] Перуна і Бабы Ягі,[93] але цяпер не засталося аніякіх слядоў ад тае старажытнасці.

У ваколіцах Полацка кожная мясціна ў апавяданнях тутэйшых жыхароў мае нейкую гістарычную памятку; на другім беразе Дзвіны за некалькі вёрст адсюль стаіць невялічкі касцёл св. Казіміра;[94] тут апавядаюць, з’явіўся Казімір перад войскам сваіх суайчыннікаў і перавёў іх праз імклівую рачную плынь; і сёння паказваюць у тым месцы пад Струнем пясчаны падводны вал, па якім пераходзіла войска; царква Барыса і Глеба,[95] нібыта пабудаваная цудоўным чынам самімі святымі; Экіманія – маёнтак паноў Беліковічаў[96] ля самае Дзвіны на стромым беразе ў прыгожай мясціне; увесь горад Полацак відаць адтуль як бы ў чароўнай панараме, а вясною, у паводку, ля падножжа гары чуваць музыка і песні са стругаў, што плывуць у Рыгу; шмат таксама старажытных паданняў захоўвае гэтая мясцовасць у народных апавяданнях.

Якія перамены сустрэў я ў горадзе пасля васемнаццацігадовай адсутнасці! Толькі старажытныя валы, як і раней, зелянеліся травою, і дзве ракі, якія тут зліваюцца, плылі ў тых самых берагах; сям-там на асобных вуліцах закураныя мураванкі і папялішчы нагадвалі пра пажары, што няраз спусташалі гэты горад. Аддаўшыся думкам, я хадзіў па вуліцах, нібыта нікому не знаёмы іншаземец; прабіў гадзіннік на вежы – колісь езуіцкага – касцёла,[97] і гэты голас, як прывітанне адданага сябра, крануў маю душу. Ён знаёмы мне з дзяцінства: калісьці адлічваў час вучобы і адпачынку, будзіў на світанні да новае працы, але цяпер, здаецца, паўтараў сваім гучаннем: fugіt іrreparabіle tempus[98]].

Голас касцельных званоў таксама крануў маю душу, узнавіў у памяці ўсё мінулае. Атоне, ты памятаеш той гучны званок, што збіраў нас калісьці на заняткі навукамі свецкімі ды рэлігійнымі і на штодзённую малітву ў святыні Божай; ён замоўк назаўсёды; адзываецца толькі ў сэрцы і ў памяці нашай.

Найпрыемнейшы ў жыцці чалавека час – вясна маладосці, калі, раскрываючы кветку свайго розуму, ён дае волю лятункам, песціць у сэрцы вялікія надзеі, не думаючы пра тое, што ёсць на свеце віхуры і страшныя буры, якія часта нішчаць усе чалавечыя намеры; гэтая шчасная пара мае дзіўную прывабнасць, дорыць чалавеку адчуванне нейкіх незвычайных райскіх уцех, і гэта бывае менавіта тады, калі вольныя ад працы юнакі вяртаюцца дамоў, разважаюць пра навукі, настаўнікаў і таварышаў.

Набліжаецца Вялікдзень; з якім пачуццём, з якой вераю выконваюць усе рэлігійныя абавязкі! Рэкалекцыі,[99] падрыхтоўка да споведзі на Вялікдзень – якую асалоду і спакой прыносяць яны душы! У Чысты Чацвер кожны клас са сваім настаўнікам наведвае астрогі, шпіталі, раздаючы ўсюды, па магчымасці, грошы і міласціну ўбогім. Каменны той чалавек, якога гэты прыклад не навучыць любові да бліжняга!

У езуіцкіх школах вакацыі звычайна пачыналіся з першага жніўня; вучняў пасля экзаменаў пераводзілі ў вышэйшыя класы; імёны выдатнікаў друкавалі ў кніжачках дзеля заахвочвання да далейшых поспехаў у вучобе.

У той дзень горад Полацак мог быць сталіцаю ўсёй Белай Русі; шум і грукат вазоў адзываўся па ўсім горадзе; з’язджаліся абывацелі; адны – на ўрачыстасці ў дзень св. Ігнацыя Лаёлы;[100] другія – каб падзякаваць за клопаты тым, хто вучыў і выхоўваў іхніх дзяцей; іншыя – каб пабыць у тэатры, бо вучні Полацкае акадэміі звычайна да гэтых дзён рыхтавалі пастаноўку; з’язджаліся гандляры з усіх бакоў і найвыгадней збывалі свае тавары.

Перад Калядамі таксама былі экзамены і спаборніцтвы між вучнямі пачатковых класаў, калі яны на вачах бацькоў, апекуноў і настаўнікаў задавалі адзін аднаму пытанні па граматыцы лацінскае мовы, перад імі на стале былі раскладзены ўзнагароды для пераможцаў, і гэтае іх саперніцтва заўсёды пачыналася такімі памятнымі словамі:

– Domіnі emule a quo іncіpіemus?

– A sіgno Sanctі Crucіs?

– Quіd est sіgnum Sanctі Crucіs?

– Est munіmentum corporіs et anіmae.

– Facіamus sіgnum Sanctі Crucіs:

– Facіamus.[101]

Тут усе кленчаць, а пасля малітвы пачынаюцца дыспуты і дэманстрацыя ведаў.[102]

Атоне! Успомні тыя шчаслівыя часы, успомні сяброў свае маладосці, таварышаў, настаўнікаў, якія столькі гаварылі нам пра веру, пра Бога, пра абавязкі хрысціяніна і пра навуку; свет у той час здаваўся нам раем, бо ў людзях, што былі побач, мы бачылі толькі зычлівых, шчырых і адданых сяброў. Цяпер мы прачыталі кнігу пра вандраванне па даліне няшчасцяў; прыйшла восень, і паспеў плод горычы!.. Часта паўтараю сам сабе гэты верш:

Я прыгадваю: спевам кляшторны званочак

Сябрукоў маладых заклікаў у грамады.

Калі сэрца не чула ні мораку ночы,

Ні святла, ані лёсу завілага здрады.


Ды, на жаль, час усё ў жыцці перайначыць.

Знікла шчырая радасць, як сон мой шчаслівы,

І кляшторны званочак аціхнуў, а значыць,

Толькі ў згадках чутно, як гучыць ён тужліва.


Я ж па моры нясталага гэтага свету

Не па скарбы паплыў, што ў нязнаных прасторах,

Не па славу, каб вечна быць ёю сагрэтым,

А таму, што ўсе плысці мусяць тым морам.[103]


«Калі я выпраўляў карэктуру гэтага аркуша, міжволі апанавалі мяне пачуцці. Думкі мае, акрыленыя ўспамінамі, імчаць да празрыстых вод Палаты. Памятаю цудоўныя вежы горада, які магу назваць родным; сціплую дахоўку святога для мяне будынка, яго доўгія калідоры і прыцемак свечак у вялікім касцёле, і хваласпевы пад яго стракатым скляпеннем, і працяжны гук арганаў, што ўлівае пабожнасць у сэрца. Памятаю пляц, запоўнены людам у час чуллівае працэсіі з абразом Святога Немаўляці, і знаёмае гучанне прыемнае музыкі трубаў з касцельнага ганка; памятаю нашых добрых настаўнікаў і адданых сяброў, высокі вал і мост над ціхаплыннаю рэчкаю, і ля самотнага слупа сярод залатога калосся роўны пясчаны гасцінец да Спаса, і нявінныя гульні на зялёным выгане, і спякоту прамяністага сонца, і халадок густога бору, і блакітнае неба, і чысціню душы, нявопытнай, бясхмарнай, – шчаслівай! Там, там калыска мае маладосці!»[104]

88

Калiсьцi езуiцкiя.

Касцёл св. Стафана пабудаваны напачатку XVII;ст. У 1738–1748;гг. на месцы драўлянага пастаўлены мураваны касцёл (паводле асобных крыніц яго называлі касцёлам Звеставання Прачыстае Дзевы Марыі). Перад касцёлам – галоўная плошча горада – Парадная. У 1830 г. перададзены праваслаўным, перабудаваны і перайменаваны ў Мікалаеўскі сабор. У 1964 г. разбураны, на яго месцы ўзведзены жылы дом.

89

Калiсьцi базыльянская, што была фундавана старажытным родам Грабнiцкiх, герба Астоя.

Полацкі Сафійскі сабор пабудаваны ў сярэдзіне ХІ;ст. пры князі Усяславе. Быў кафедральным саборам Полацкае праваслаўнае епархіі. З XVI;ст. – кафедральны сабор Полацкай уніяцкай архіепархіі. Базыльянскі ордэн (брацтва св. Васіля Вялікага) быў уніяцкім. Пасля скасавання царскімі ўладамі Уніі на тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага (1839) ордэн быў распушчаны, а Сафійскі сабор перадалі Рускай праваслаўнай царкве. Гаворка пра апошнюю адбудову (1738–1750) Сафійскага сабора пасля яго разбурэння ў час Паўночнай вайны (1710) расійскім войскам. Сродкі ахвяраваў Фларыян Грабніцкі (1664(?)–1762), полацкі уніяцкі архіепіскап.

90

Гаворка пра Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр (Спаскі манастыр), помнік ХІІ;ст. Заснаваны Ефрасінняй Полацкай як паўночны абарончы фарпост Полацка на правым беразе Палаты. З часоў Стафана Баторыя – рэзідэнцыя езуітаў. У 1832 г. перададзены ўладамі праваслаўным. У ансамбль манастыра ў першай палове ХІХ;ст. уваходзілі: Спаса-Праабражэнская царква (касцёл), пабудаваная ў 1152–1161;гг. дойлідам Іаанам па замове Ефрасінні Полацкай; жылы корпус, пабудаваны напачатку XVIII;ст., пазней – рэзідэнцыя генерала езуіцкага ордэна; уязная брама, сад.

91

Не збярогся. Знаходзіўся на Ксавер’еўскіх могілках.

92

Гаворка пра капішча Пяруна ля Валовага возера (сёння ў межах Полацка).

93

У народзе дасюль яшчэ паўтараецца страфа пра тую Бабу Ягу:

Баба Яга,

Косьцяная нага,

На ступе едзець,

Тоўкачом поганяець,

Мятлой ьсляды замятаець.


94

Не захаваўся.

95

Пабудаваная ў сярэдзіне ХІІ;ст. у Бельчыцах, рэзідэнцыі полацкіх князёў. Не захавалася.

96

Людвік Беліковіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці краю ў 30–40-я;гг. ХІХ;ст. Я. Баршчэўскі няраз наведваў яго ў Экіманіі.

97

Касцёл св. Стафана.

98

Час незваротны (лац.).

99

Пост, гавенне.

100

Лаёла Ігнацы (1491–1556), дробны іспанскі шляхціц, заснаваў у 1534 г. для барацьбы з Рэфармацыяй ордэн езуітаў. У 1541 г. быў выбраны пажыццёва генералам ордэна.

101

– Божа, з чаго ж мы пачнём?

– Са знаку святога крыжа.

– Што ёсць знак святога крыжа?

– Ёсць абарона цела і душы.

– Дык зробім знак святога крыжа!

– Дык зробім! (лац.)

102

У гэты самы час у канвікце выхаванцы таксама ставiлi камедыi па-французску, а сяды-тады i на лацiне – з твораў ксяндза Порэ. (Заўвага выдаўца).

Канвікт – пансіён пры Полацкай езуіцкай акадэміі, дзе выхоўваліся дзеці заможных бацькоў. Плата складала 600 рублёў срэбрам у год. Высокі ўзровень адукацыі, якую давалі езуіты, заахвоціў і расійскіх саноўнікаў аддаваць сваіх дзяцей у гэты канвікт.

Выдаўцом першых трох томікаў «Шляхціца Завальні» быў Ян (Іван Фёдаравіч) Эйнерлінг – літаратар, педагог, выдавец. Вучыўся ў Полацкай езуіцкай акадэміі ў канвікце. У 30-я;гг. ХІХ;ст. напісаў і выдаў шэраг падручнікаў па францускай мове і геаграфіі. У 1842–1843;гг. «по высочайшему повелению» выдаў у трох кнігах дванаццацітомную «Историю государства Российского» М. М. Карамзіна, ахвяруючы свой уласны капітал (больш за 100; тыс. руб.). Пэўна, за свой кошт выдаваў і «Шляхціца Завальню».

103

Строфы з верша Я. Баршчэўскага «Да Юлі», цалкам змешчанага ў альманаху «Niezabudka» на 1840 г.

104

Заўвага выдаўца.

Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік)

Подняться наверх