Читать книгу Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік) - Ян Баршчэўскі - Страница 2

Некалькі слоў ад аўтара

Оглавление

Сярод беларускага люду захоўваюцца яшчэ і цяпер асобныя паданні даўніх часоў, якія, пераходзячы ад чалавека да чалавека, зрабіліся такія ж цьмяныя, як і міфалогія старажытных народаў. Жыхары гэтага краю, а менавіта Полацкага, Невельскага і Себежскага паветаў, спрадвеку пакутуючы, зусім змяніліся характарам; на іх тварах заўсёды адбіты нейкі смутак і змрочная задумлівасць. У іх фантазіях увесь час блукаюць нядобрыя духі, якія, аднак, служаць злым панам, чараўнікам і ўсім непрыяцелям простага люду.

Я нарадзіўся там і вырас, іх скаргі і журботныя апавяданні, як гоман дзікіх лясоў, навявалі на мяне заўсёды змрочныя думкі і з дзяцінства былі маёй адзінаю марай.

Асобныя з гэтых родных успамінаў я прыгадаў у баладах;[1] гэта быў мой самотны напеў. Балады былі пачаткам таго, пра што я меў намер сказаць падрабязней. Гэта ў чалавечай натуры – ад песні пераходзім да апавядання пра тое, што нас найбольш займае. Павінны выйсці адзін за адным шэсць[2] томікаў гэтых аповесцяў, якія малююць пераважна мясціны паўночнае Беларусі, бо гэты куток зямлі заўсёды выклікае ў мяне наймілейшы ўспамін.

Я не пераймаю формаў, якія ўжывалі пісьменнікі англійскія, нямецкія або французскія; лічу, што чужаземнае не будзе пасаваць негаваркому жыхару Беларусі. Узяў я форму з самое прыроды. Сірата штодзённа наракае на сваю нядолю, апавядае пра розныя пакуты, якія ён мусіў трываць на гэтым свеце, і яго скаргі на працягу ўсяго жыцця зліваюцца ў адну аповесць, хоць ён і не думаў сёння пра тое, што будзе апавядаць заўтра.

Пецярбург,

1844, 8 верасня[3]

Ян Баршчэўскі

1

У пяці томіках альманаха «Niezabudka» Я. Баршчэўскі надрукаваў наступныя балады: «Фантазія», «Русалка-спакусніца», «Дзявочая крыніца», «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы», «Прысяга», «Партрэт», «Зарослае возера», «Рыбак», «Ніна».

2

Выйшлі чатыры томікі. Відаць, напачатку Я. Баршчэўскі меркаваў уключыць у «Шляхціца Завальню» іншую колькасць раздзелаў, але з-за нейкіх (магчыма, фінансавых) прычынаў пазней давялося скараціць аб’ём; альбо гэтую ж колькасць раздзелаў планавалася раздзяліць на шэсць томікаў. Аднак няма падстаў гаварыць пра незавершанасць кнігі.

3

Цікава, што гэтую ж дату Рамуальд Падбярэскі паставіў пад уступным артыкулам да кнігі Я. Баршчэўскага, а цэнзар Ігнат Іваноўскі 9 верасня 1844 г. падпісаў у друк першы томік «Шляхціца Завальні».

Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік)

Подняться наверх