Читать книгу Русалкі клічуць - Зараслава Камінская - Страница 4

Русалкі клічуць

Оглавление

Бульба ляжала ў кацялку з ранку: адмыслова дзеля таго, каб было чым павячэраць. Марыля жыла сама і таму магла абысціся бульбаю некалькі дзён – дазваляла сабе не гатаваць, бо вельмі стамлялася за дзень. Як жылі тыя, хто пасля працы павінныя былі яшчэ і гатаваць наўсюсям’ю, Марыля не ведала. Але, пэўна, яны не хадзілі плаваць па начах.

Толькі падняла накрыўку, як адчыніліся дзверы:

– Ты чула, што ў нас новы аграном? Прымаў ад мяне сёння справаздачу, дужа хваліў.

Апусціла накрыўку. Гэта Ядзя, а яе запрашаць да стала няма жадання.

– Не, не чула, увесь дзень была на далёкім полі.

Ядзя паглядзела на Марыліны брудныя пазногці:

– То ты прыбралася б, буду цябе знаёміць. І дзверы зачыніліся.

А Марылі нешта падказала, што пазнаёміцца з новым аграномам яна ўжо паспела.

* * *

Пасля вячэры святла за вокнамі засталося зусім крыху, на донцы, быццам і яго нехта з’еў ці дапіў.

Было ціха-ціха: хата невялікая, маўклівая. Каты ў ёй не прыжываліся – жанчыны шапталі, што гэта прыкмета ці то шкоды на самой хаце, ці таго, што Марыля сурочаная. А ёй здавалася, што ўсе чары тут павінны быць вынішчаныя: згарэлі ў вайну. Полымя ж чысціць. Ці наадварот, то было д’яблава полымя?

Схамянулася, штозгадала на ноч. Хаця і не верыла, а схамянулася. І да вайны, і пасля, тут чысціла не толькі полымя, але і людзі. Замянялі невядомае на вядомае, веру – на навуку, святыя кнігі – на падручнікі, малітвы – на цытаты са з’ездаў, што гучалі з радыёрэпрадуктара.

І вытаптанае яно, і соллю пасыпанае, але вось, прарастае. І да Альжбэты ходзяць. Носяць. Просяць.

Дома ціха-ціха. Гукнула:

– Га!

Ніхто не азваўся. Зусім адна.

Узяла апошнія бульбіны і пабегла ў суседнюю хату, каб зазірнуць у сваю будучыню: там жыла бабка Тоня, гадоў ці не на семдзесят старэйшая за Марылю. Таксама адна.

Тоня сядзела на лаве на дварэ і глядзела на неба. Марыля павіталася і села побач, паклала бульбіны ў яе цёплыя шурпатыя далоні, нібыта вярнула іх у зямлю.

– Марылечка мая прыйшла, дзетухна. Напрацавалася?

То адпачывай, маленькая. Што табе расказаць?

– Пра русалак.

– Іх да першай вайны многа ў нас было. Бо як русалкамі робяцца? Жыве дзяўчыначка, маецца, ніхто яе не шкадуе, ніхто пра яе не клапоціцца, адна, як поўня ў небе. Усе па хатах, а ў яе няма хаты, усе па сем’ях, а ёй і месца няма. І шчасцейка няма, адны слёзкі. І вось пачынае яна тады чуць, быццам яе нехта кліча.

– Як кліча? – гэтую гісторыю Марыля слухала які раз, але пыталася заўжды, адно і тое самае, бы дадавала свае словы да песні.

– А так: «Сястрычка, хадзі да нас, хадзі, міленькая». У іх жа там ні горачка няма, ні крыўды – якая крыўда сярод сваіх? Усё справядліва, і нічога не хочацца – спакойна табе і вольна. А тут і гвалт, і голад. І людзі злыя, а там – добрыя. Калі тут са свету зжываюць, то на той свет і трэба ісці.

Сярод русалак сястра мая. Маці казала, што гэта яны яе паклікалі. Я была яшчэ маленькая, а сястра – ужо вялікая, у дзеўках доўга сядзела. І вось, паклікалі. Маці распавядала: там, на дне возера, такая самая вёска, што пад зямлю даўно правалілася, вадою яе заліло, вось і возера сталася. І туды мая сястра пайшла. Там і царква ёсць: па восені, калі вельмі ціха навокал, чутно, як званы звіняць, – старыя пальцы павольна чысцілі бульбіну, адкідвалі лушпінне.

– А цябе клікалі?

– І мяне, дачушка, клікалі. Але я выдужала. Хоць і галодны быў год, а змагла адмовіцца. Ноччу галасы іх пачула:

«Хадзем да нас, да цябе па гэтай дарозе сёстры твае хадзілі і дзесяць гадоў таму, і сто гадоў». Да самага возера я дабегла і ўжо шлях пабачыла да той цэркаўкі, але спынілася. Стаю на беразе, Ліду сваю клічу, каб прыплыла, пашкадавала, але не азвалася яна. Бо русалкі толькі на голас сваіх адгукаюцца, а я не русалка, хоць і сястра яе.

Паплакала ды вярнулася. А пасля неяк тут выправілася – Грышу свайго сустрэла, дзеткі з’явіліся. Ды вось зноў адна, – Тоня адкусіла бульбіну.

– А зараз ёсць русалкі?

– Ёсць, канешне, па азёрах ды па рэках. У вайну іх поклічу не чутно было. Ды й смерць тых, хто да русалак ішоў, па дарозе перахоплівала. Не патрапіць было ніяк у свет спакою, не схавацца.

– А Альжбэта пра русалак ведае?

– Ведае. У нас усе ведаюць, толькі маўчаць. І ты пра гэта маўчы. Пра гэта казаць зараз забаронена, ды толькі яно ўсё роўна жыве.

Стала зусім ціха, як пад вадою, і цёмна. Час ісці дамоў, класціся спаць, бо заўтра на працу.

Для бабкі, пэўна, гэта была адзіная размова за дзень.

І для Марылі таксама.

Класціся спаць, але хутка падымацца і ісці на возера. Плаваць.

* * *

Насцін шлях на працу пачынаўся з люстэрка ў ванным пакоі: шкло зацягнута парай, ды праз яе ўсё роўна відаць каштанавыя валасы і цёмныя вочы. Пасля – пераходзіла да люстэрка ў калідоры: тут бачныя і маленькія зморшчынкі каля вачэй. Губы крыху падфарбаваць.

Пасля – вітрына крамы, якую мінала штораніцы: там Наста адбівалася быццам у бруднай, глыбокай вадзе – шэрая постаць, рысы не разабраць.

Пасля – адбітак у дзвярах аўтобуса: круглы твар, толькі на секунду, бо дзверы расчыняліся – адлюстраванне знікала.

Пасля аўтобуса – шкло на прахадной: на ўвесь рост – красоўкі, джынсы, куртка. Пасля – дзверы ў будынак: прыгледзелася – валасы растрапаліся, паправіла.

Наста сачыла за сабой, нібы шукала пацверджанне, што яна існуе: так яна выглядае зараз, вось гэта – яна. Апошняе адлюстраванне – у старым камп’ютары, чорна-белае: тут яна бачыла сябе ўжо тры гады.

Наста: Я ўжо тры гады тут

Ліза: Віншую. Сёння святкуем?

Штораніцы Наста правальвалася ў працу, яку калодзеж, і там, у калодзежнай цемры, гублялася – пісала і рэдагавала, забыўшыся пра сябе, пра ежу і спатканні. І ніколі не адмаўлялася ад заданняў, прымала іх як выклік: сядзела вечарамі і на выходных, толькі каб справіцца на выдатна. Так, звычка засталася з універсітэта. Тады Юра жаліўся, што ўвесь яе час забірае вучоба і дзеля яго нічога не застаецца, а зараз ён жаліўся на Насціну газету.

Ліза казала ёй, што гэтага ніхто не адзначыць – нікому тут не патрэбныя добры стыль, прыгожая мова. Але як жа інакш? Калі ёй даручылі, значыць, працу неабходна выканаць, і выканаць так, каб не свярбела сумленне.

– Па тэлевізары гаварылі, тыя, хто робіць сэлфі, насамрэч хворыя, – гэта павіталася Марыя Сяргееўна, яе адзіная калега. Апроч іх у заводскай газеце была толькі галоўная рэдактарка, якая выдумляла тэмы ці не для кожнага артыкула.

Наста ўсміхнулася ў адказ, нібы зразумела жарт.

Наста: Я яе калі-небудзь заб’ю

Ліза: Забі

Дык што?

Наста: Сёння ж панядзелак Ліза: Ну, як пішацца?

Нядаўна Ліза яе напалохала – прапанавала: «А ты знайдзі тэму сама і напішы, што хочаш». Ужо некалькі дзён Наста нічога не магла прыдумаць.

– Калі шмат пісаць у смартфоне, пачынаюцца праблемы з вялікім пальцам. Гэта будзе адна з галоўных праблем вашага пакалення. Калі ты здасі артыкул пра зборы?

– Пачынаю.

– Ну то выпі спачатку са мной гарбаты, – Марыя Сяргееўна кінула ў кубак пакецік і паклала побач дзве цукеркі. – На выходных зноў Лёша тэлефанаваў. Гэтым разам едзе ў камандзіроўку ў Самару.

Лёша, сын Марыі Сяргееўны, правацаў у рэспубліканскай газеце і быў не тое, што Ліза з Настай.

Наста: Яна зноў пра яго пачала

Ліза: Трывай

– Так шмат працуе, вядома, там не тое, што ў нас.

Столькі падзей, такі тэмп.

– А да вас калі заедзе, усё па камандзіроўках ды па камандзіроўках? – Наста не стрымалася.

Марыя Сяргееўна знерухомела. Толькі рука з металічным гарбатнікам тарганулася, каб захінуць сэрца. На метале Наста ўбачыла свой скажоны адбітак.

– Але малайчына, што тэлефануе, бо й на гэта час патрэбны. І ў мяне часу не стае, а ў яго, відаць, зусім няма.

Рука ажыла і наліла кіпень:

– А як там Ліза? Яшчэ не выйшла замуж?

Здавалася б, Марыя Сяргееўна сама яшчэ не выйшла замуж гадоў як трыццаць, але пра сябе яна не думала. У яе быў сын.

– Так і не разумею, чаму яна пайшла з працы. Я тут дваццаць пяць гадоў і нічога благога сказаць не магу. Канешне, наша рэдактарка, – гэта шэптам, – мае няпросты характар, але ж можна перацярпець. Няўжо лепей пазногці чужым людзям клеіць?

– Марыя Сяргееўна, я фотаздымкі дадам да артыкула, як лічыце?

– Дык я ж забыла! Сёння да нас зойдзе пляменнік сябра майго аднакурсніка, пазычыць энцыклапедыю. Вось бы з ім Лізку пазнаёміць! Толькі ён тут на вакацыях, а пасля ў Менск вяртаецца, дык гэта нічога. Заві яе, толькі не кажы, навошта, бо не пойдзе каза гэтая. Пішы давай, – Марыя Сяргееўна паспрабавала зазірнуць у экран айфона.

– У мяне вялікі палец адваліцца, – але пачала друкаваць.

Наста: Ліз, сустрэнеш мяне сёння з працы?

Ліза: Штосьці здарылася?

Наста: Не, усё добра, пасля раскажу, там паднесці

У 18:00

Ліза: Ок

* * *

А васямнаццатай Ліза стаяла каля ўвахода. Яе перасмыкнула, калі ўявіла, што давядзецца вярнуцца сюды, але хто ведае – гэта маленькі горад, у якім не так і шмат працы, каб перабіраць.

З дзвярэй, уся чырвоная, выскачыла Наста і сунула ёй кнігу:

– Гэта кніга, трымай. Зараз прыйдзе хлопец, ён ведае, што гэта ты. Мы цябе яму апісалі. Аддасі кнігу, ну і там калі захочаш, паводзіш яго тут, ён не мясцовы, пакажаш, дзе Скарына.

– Наста, ты лепей бяжы, бо… Наста хутка праслізнула за дзверы і зачыніла іх за сабою.

Ліза тузанула ручку – не зрушыліся. Тузанула мацней – на дапамогу Насці падбегла Марыя Сяргееўна. Ліза паспрабавала яшчэ і яшчэ – але дваіх ёй не перамагчы.

«І чаго я тузаю? Пакладу кнігу на лаву, няхай самі аддаюць».

– Вы Ліза?

Адпусціла ручку. І з таго боку адразу адпусцілі, адскочылі.

– Вам дапамагчы?

Там прыселі, схаваліся. Ліза павярнулася:

– Не, дзякуй, мне больш туды не трэба. Гэта вам япавінна перадаць кнігу?

– Так, гэта мне.

Ліза аддала тоўстую энцыклапедыю і развіталася. За шклом незадаволена цокнулі.

– Вы зараз да прыпынка? То я з вамі вярнуся ў горад. Ліза кіўнула. За шклом таксама кіўнулі і разышліся.

Яна хацела патлумачыць, чаму тузала ручку. Але нічога не прыдумала, і яны пайшлі моўчкі.

Русалкі клічуць

Подняться наверх