Читать книгу Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя - Зміцер Дзядзенка - Страница 4

6 траўня 1926 года, чацвер, вечар

Оглавление

Невысокі будынак па адрасе вуліца Зялёная, 17 быў вядомы ўсяму гораду: тут размяшчаўся акруговы аддзел Аб'яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення – у скароце АДПУ, ці проста ДПУ.

Аператыўны ўпаўнаважаны Раман Васільчук сядзеў за масіўным дубовым сталом. Кароткімі пальцамі левай рукі ён задуменна чухаў адрослую за дзень шчаціну на шчацэ, пальцы ж правай тым часам ездзілі па радках данясення ад сакрэтнага супрацоўніка пад псещданимам «Бландзінка». Палец на радку дапамагаў сачыць за напісаным, бо грамата была не самым моцным бокам Васільчука. Затое пралетарская свядомасць і класавае чуццё ў таварыша ўпаўнаважанага былі самай высокай якасці – да ворага ён быў бязлітасны.

Агента «Бландзінку» Васільчук цаніў: гэта быў дыямент сярод яго агентаў. Ніякае заданне не было для «Бландзінкі» невыканальным.

У асяроддзі, якое можна ахарактарызаваць як нацыянал-камуністы, дагэтуль пануе эйфарыя з нагоды павелічэння БССР. Гучаць размовы пра тое, што неўзабаве ў Беларусь вернецца і Смаленск з Бранскам. Мяркую, што такія настроі перадаюцца з Менску. Пашыраць іх дапамагаюць сталічныя эмісары, якія ездзяць па Беларусі пад выглядам пралетарскіх пісьменнікаў. Не выключана, што падтрымліваюць іх нядаўнія эмігранты з белапанскай Польшчы ды іншых імперыялістычных дзяржаў, якім Савецкая ўлада даравала ранейшыя грахі «бээнэраўшчыны» і дазволіла вярнуцца на Радзіму.

У групе, блізкай да левай апазіцыі, узмацняюцца крытычныя настроі. НЭП у размовах яны расшыфроўваюць не як «новая эканамічная палітыка», а як «новая эксплуатацыя пралетарыяту». Найбольш крытычных водгукаў выклікае дзейнасць наркама земляробства БССР Змітра Прышчэпава, якога вінавацяць у патуранні кулацкім настроям на вёсцы. Гэтая з'ява атрымала характарыстыку «прышчэпаўшчына».

Разам з тым гэтая левая апазіцыя крытыкуе партыйныя вярхі за адсутнасць дыскусіі па гарачых пытаннях нават у межах партыі.

Са свайго боку, лічу неабходным узмацніць кантроль за гэтымі дзвюма групамі, якія з'яўляюцца найбольш небяспечнымі ў агляднай перспектыве.

Бландзінка.

З яўнай палёгкай Васільчук уздыхнуў, дачытаўшы паперу. Ай ды «Бландзінка»! Ай, малойца! У перспектыву глядзіць, у будучыню!

Ён дастаў з верхняй шуфляды стала драўляную каробку-пушачку з пячаткай «Строга сакрэтна», пяшчотна хукнуў на яе і прышлёпнуў надпіс у левым верхнім куце данясення. Потым звыклым рухам апусціў пячатку ў пушачку і вярнуў усё на ранейшае месца ў шуфляду. Само ж данясенне з павагай і любоўю, з якой калісьці, вельмі даўно нёс абраз на чале царкоўнай працэсіі, аднёс да сейфа ў куце кабінета. Данясенне далучылася да шэрагу іншых з падобным густа-сінім грыфам, якія збіраліся ў канцылярскай тэчцы, ствараючы разам такую эпапею жыцця, што і не снілася якому-небудзь там графу Талстому.

Дзеянні Васільчука не засталіся незаўважанымі. На сцяне ў яго за спінай віселі два партрэты, якія ні на хвіліну не заплюшчвалі вачэй, пільнуючы ўсё, што адбываецца ў кабінеце. Партрэт Дзяржынскага леваруч ад Васільчука паглядаў сувора, крыху скептычна і бескампрамісна, партрэт Леніна, што вісеў справа, – дапытліва і з нейкай затоенай насмешкай…

Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя

Подняться наверх