Читать книгу Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя - Зміцер Дзядзенка - Страница 6
10 траўня 1926 года, панядзелак, раніца
ОглавлениеХлюдзінскі зранку ішоў у свой музей.
Свята-Пакроўская царква (якая ў часы ўніятаў-базыльянаў насіла імя Апекі Божай Маці) стаяла ў самым цэнтры горада: адкуль бы ні ішоў – здалёк бачыў яе стромы сілуэт, які цяпер чапляў рэдкія ранішнія ружаватыя аблокі сваімі званіцамі. Гэтыя строгія абрысы напаўнялі душу музейшчыка спакоем, абяцалі яму, што ўсё будзе добра, што праблемы і клопаты любога дня – гэта марнасць марнасцяў, пыл зямны ў параўнанні з мураваным харалам, узнесеным на беразе нешырокай Аршыцы.
Працавалася яму ў панядзелак добра, хоць Антон і не любіў справу, якой мусіў займацца з самай раніцы: напісаў планы, якія патрабавала начальства, распісаў графікі меркаваных паездак па наваколлі ў пошуку музейных экспанатаў.
Пісаніна нарэшце скончылася, Хлюдзінскі прамакнуў атрамант на апошнім запоўненым аркушы і з насалодай пацягнуўся, не падымаючыся з крэсла. Акуратна выцер пяро асадкі і адклаў яе ўбок.
Дзень стаяў сонечны, надвор'е проста вабіла, заклікала да сябе, і Антон няспешна выйшаў на ганак, каб крыху адпачыць ад надакучлівых паперак.
Выйшаў – і спыніўся: перад ганкам сабралася купка людзей. Няшмат – чалавек з дзесяць. Было заўважна, што, пабачыўшы Хлюдзінскага, яны на паўслове спынілі ўсе размовы, якія вялі да гэтага. У таўставатай жанчыны, якая стаяла пасярод грамады, дагэтуль быў прыадкрыты рот, быццам паўза нечаканым лязом перацяла яе фразу на сярэдзіне. Яе сусед, нестары яшчэ мужчына ў цёмнай камізэльцы, застыў з рукой, якая чухала галаву пад кепкай.
Усе глядзелі на Хлюдзінскага, быццам на другое прышэсце Ісуса – з надзеяй і недаверам адначасова.
Антон павітаўся, стараючыся схаваць няёмкасць і насцярожанасць. Нястройны галас пажадаў яму таксама добрага дня.
– Чаму сабраліся, грамадзяне? Музей яшчэ не працуе, мы толькі-толькі пачалі збіраць экспанаты, – паспрабаваў Хлюдзінскі зразумець, што ж тут такое адбываецца.
Незразумелае слова «экспанаты» нібыта зняло напружанне, якое апанавала натоўпам: раскрытыя раты пазакрываліся, узнятыя ўгору рукі апусціліся. Мажная жанчына, на якую Антон адразу звярнуў увагу, нясмела прагундосіла:
– Дык мы, гэта… Паглядзець прыйшлі.
– Няма чаго пакуль што глядзець, – цярпліва паўтарыў музейшчык. – Вось калі адчынімся, тады можна будзе ўсё паглядзець, толькі рукамі чапаць не можна будзе – гэтага правілы не дазваляюць.
Натоўп моўчкі выслухаў ягоныя словы. Некаторыя мужыкі згодна заматлялі галавой: вядома ж, рукамі чапаць не будзем.
– Чорта пакажы! – выдыхнула тая ж баба, нарэшце набраўшыся смеласці.
– Якога такога чорта? – сумеўся Хлюдзінскі.
У натоўпе загулі галасы:
– Таго, што ў цябе ў шафе схаваны!
– У бутэльцы.
– Таго, што баба ад камісара губернскага нарадзіла.
– А хвост у яго ёсць? А рогі?
Басісты мужчынскі голас перакрыў іншыя:
– Кажу вам, што не чорт там, а негра заморская! Бо чартоў бальшавікі адмянілі!
Баба павярнулася да ўладальніка баса, уперлася рукамі ў бакі і з выглядам трыўмфатаркі абвясціла:
– Яны і буржуёў адмянілі, а пасля ўсё адно вярнулі – сказалі: цяпер называецца – нэп! Можа, і чартоў паадмянялі, а потым назвалі неграй ды вярнулі.
Антон узняў руку, заклікаючы ўсіх да цішыні. Людзі імгненна змоўклі, і стала чуваць, як у навакольных дварах квохчуць куры, як недзе далёка зацягнуў нейкую нудную песню возчык, як на недалёкай Аршыцы смяюцца дзеці, якія пабеглі купацца…
– Хто вам пра таго чорта сказаў?
У натоўпе зашыкалі і выпхнулі наперад мужыка, які збянтэжана камечыў у руках шапку. Антон пазнаў у ім нядаўняга наведніка, які спрабаваў прадаць каровіны косткі.
Та-ак, сітуацыя станавілася весялейшай. Антон прыгадаў, як мужык падчас візіту пастаянна касавурыўся на шафу, у якой стаялі бутэлечкі.
– Я ўсё зразумеў, – заявіў музейшчык з абсалютна сур'ёзным выглядам, толькі вясёлыя яскаркі блішчэлі ў вачах. – Чакайце тут, зараз усё пабачыце.
Вярнуўшыся ў пакой, Хлюдзінскі адамкнуў шафу, выцягнуў з яе вялікую бутлю, у якой плавала ў вадкасці штосьці цёмнае, і паспяшаўся назад на ганак.
Выйшаўшы на сонечнае святло, Антон высока ўзняў бутлю, прытрымліваючы яе за дно правай рукой.
– Аё-ой! – толькі і здолеў вымавіць уладальнік баса.
– Вох! Чорт! – прасіпела мажная баба, у якой раптоўна знік голас.
– Божа-божа-божа! – пачаў жагнацца нядаўні музейны наведнік, які справакаваў увесь гэты гармідар.
Музейшчык пачаў тлумачыць, што грамадзяне бачаць перад сабой цуд прыроды, які абавязкова будуць вывучаць навукоўцы. Аднак грамадзяне назіраць цуд аніяк не хацелі: праз якія пару хвілінаў двор быў пусты.
Антон гмыкнуў і панёс назад бутлю, у якой плавала ў вадкасці шасцілапая рапуха – адзін з магчымых будучых экспанатаў. Хлюдзінскі марыў, што ў музеі абавязкова будзе нешта накшталт кунсткамеры, у якой будуць збірацца падобныя незвычайнасці і цікавосткі.
У сваіх марах ён быццам увачавідкі бачыў, як вядзе Валянціну па музейнай зале, дзе стаяць усе яго найбольш цікавыя здабыткі, і выхваляецца перад ёй. А каханая жанчына то здзіўлена войкае, то зачаравана маўчыць, углядаючыся ў музейныя экспанаты і ўслухоўваючыся ці то ў ягоныя словы, ці то проста ў сам голас…