Читать книгу Закон захавання кахання - Зінаіда Дудзюк - Страница 5

Закон захавання кахання
4

Оглавление

Увечары Ада прымасцілася ля акна, доўга пазірала на Астанкінскую вежу, якая высока ўздымалася над шчыльнаю забудоваю і свяцілася чырвонымі агнямі. Сачыла за чародкаю гарадскіх галубоў, што ў добра асветленым горадзе не спяшалі на спачын, а ўсё яшчэ прыляталі на дах пяціпавярховага дома насупраць, садзіліся, а потым зноў некуды ляцелі. Мусіць, яны прызвычаіліся жыць у вялікім горадзе і, пакуль хадзілі па вуліцах людзі, вышуквалі сабе нейкую спажыву.

Перад паездкаю ў Маскву Ада паабяцала сабе: не будзе ні шкадаваць аб мінулым, ні згадваць яго. Што было, тое мінула. Ды перажытае міжвольна вярталася, авалодвала настроем, перад вачамі ўсплывалі нейкія малюнкі, дыялогі, якія яна доўжыла і доўжыла, разважаючы з сабою ці з ім, Касьянам.

У іх сустрэчы было нешта містычнае. Яшчэ ў васямнаццаць гадоў прысніўся ёй неверагодна прыгожы хлопец з залацістымі валасамі і сінімі вачамі, быццам з тых міфічных Лятаўцаў, якія зоркамі спускаюцца на зямлю, ператвараюцца ў мужчын і жывуць між людзьмі, колькі здолеюць. У сне яна цалавалася з тым хлопцам пад зорным небам. Дзіўная рэч, ёй ніколі не сніліся эратычныя сны, а звычайна бачылася нешта звязанае з яе журналісцкай працай, усё яна некуды ехала ці ішла з мноствам незнаёмых людзей. Можа, таму гэты сон урэзаўся ў памяць. Ва ўсялякі момант магла заплюшчыць вочы і зноў убачыць таго Лятаўца, як жывога, быццам толькі што з ім развіталася.

Ада працавала, вучылася, прыглядалася да супрацоўнікаў і аднакурснікаў, але таго, якога прысніла, нідзе не сустракала. Бегала да нейкіх хлопцаў на спатканні, з некім сябравала, з некім ліставалася, але адчувала, што нікога не кахае так, каб раз – і назаўсёды. Мімаволі шукала прыснёнага, але нідзе яго не было. Таму і замуж згадзілася пайсці за Мечыслава пад націскам маці, што не бачыла вялікай розніцы паміж тымі хлопцамі, адзін з якіх патэнцыяльна мог стаць яе мужам. Прамінула шмат гадоў, перш чым лёс звёў яе нарэшце з Касьянам. Аднойчы летам яна ўбачыла афішу, на якой была выява барда з гітарай. Яна спынілася перад ёю, і сэрца закалацілася ад хвалявання. Гэта быў той самы хлопец, прыснёны ёю ў васямнаццаць гадоў. «Касьян Цымбалевіч. Аўтарскія і народныя песні, рамансы», – прачытала яна. Зірнула на дату. Канцэрт меўся адбыцца на наступны дзень у Палацы культуры шыннікаў, а таксама ў санаторыі, які знаходзіўся на Бярэзіне, побач з Бабруйскам.

Яна, супрацоўнік раённай газеты, мела магчымасць наведваць культурныя мерапрыемствы, якія адбываліся ў горадзе, без квітка. Сядзела ў шумлівай зале і з хваляваннем чакала барда. Людзі пачалі нецярпліва пляскаць у ладкі. Шырма рассунулася. На пустую сцэну з-за куліс выйшаў прыгожы малады мужчына з хвалістымі светлымі валасамі і сінімі вачамі, ён пакланіўся, пашчыпаў струны гітары і пачаў спяваць. Голас меў прыемны, мяккі, такім бы спяваць калыханкі. Здавалася, што ён рухаўся ў прасторы гукаў, чутных толькі яму. Ягоныя жэсты, поступ, позіркі падпарадкоўваліся дзіўнаму рытму. Ада не магла адарваць ад яго вачэй і яшчэ не розумам, а падсвядома разумела: менавіта гэтага чалавека яна кахала з той самай сустрэчы ў сне.

Калі прагучалі апошнія акорды, слухачы, зачараваныя спевамі, колькі хвілін маўчалі, не прымаючы расстання, а потым зала ўзарвалася магутнымі воплескамі. Нецярплівыя дзяўчаты пабеглі на сцэну з кветкамі. Спявак галантна цалаваў ім ручкі і дзякаваў. Ада тым часам накіравалася за кулісы. Яна сустрэла Касьяна, які нёс ахапак букетаў, ля грымёркі, сказала, што з’яўляецца аглядальнікам аддзела культуры мясцовай газеты, вельмі ўражаная яго выступленнем і хацела б узяць інтэрв’ю, каб шырэй расказаць пра яго чытачам.

– Аглядальнік? Хочаце мяне агледзець? – іранічна пасміхнуўся бард, Ада сумелася ад пачутага. – Праз гадзіну ў мяне яшчэ адна сустрэча ў клубе санаторыя. Можа, толькі пасля таго пагутарым.

– Добра, – згадзілася яна.

– А ведаеце што, пачакайце мяне хвілінку, я збяру свае рэчы, і на маёй машыне паедзем на новую сцэнічную пляцоўку. Што ж гэта я кветкі трымаю? Гэта вам…

Ада адхіснула ад гары букетаў, прамаўляючы:

– Не трэба! Гэта ж вашы!

– А куды я іх падзену? У гасцініцу павязу ці што? Бярыце, вам яны вельмі пасуюць.

Ада прыняла кветкі, паклала на абшарпаны стол, які стаяў за кулісамі, паскладвала іх, павыкідвала цэлафанавыя абгорткі, якія непрыемна шаргацелі. Калі Касьян выйшаў з грымёркі, яна ўжо стаяла з гожым акуратным букетам.

– Якое хараство! Давайце я вазьму вас на працу кветканосцам! – пажартаваў ён.

– Згодная, – адказала Ада, ледзьве хаваючы хваляванне.

Вельмі ж недасяжна прыгожы быў гэты чалавек. Ада мела, як яна лічыла, сціплую знешнасць, была сярэдняга росту, звычайны круглы твар, дробныя рысы, зялёныя вочы, каштанавыя валасы. Але на яе звярталі ўвагу хлопцы мо найперш таму, што было ў яе паставе, вачах, аблічы нешта ўзнёслае, рамантычнае, што прыходзіць з далучанасцю да паэзіі.

– Зараз паедзем у санаторый, будзеце яшчэ і маім навігатарам, бо я ў вашым горадзе ўпершыню, – прапанаваў Касьян.

– З задавальненнем. Паедзем туды, – Ада ўзмахнула рукою, паказваючы напрамак, і не ўтрымалася, каб не спытаць. – Ці даўно вы выступаеце?

– Не так даўно, гадоў пяць.

– Шкада, што раней да нас не прыязджалі. Гледачы атрымалі вялікае задавальненне. Я таксама…

– Дзякую, – адказаў Касьян, на секунду адрываючы позірк ад дарогі. – Калі адчуваеш, што твая праца прыносіць радасць людзям, што ты – не проста блазан на сцэне, які выйшаў павесяліць публіку, а крануў іхнюю душу, самыя патаемныя струны, дык жыццё набывае сэнс.

– Дзе ваша сталае месца працы?

– У Гародні, у філармоніі, а раней сам па сабе трэнькаў.

– Не кажыце так. Вы цудоўна спявалі і ігралі. У вас нават прозвішча музычнае.

– Усе мае дзяды і прадзеды займаліся тым, што рабілі цымбалы, гуслі, скрыпкі ды гралі на гэтых інструментах на вяселлях. Адсюль і прозвішча пайшло. А я выбраў гітару, як найбольш папулярны інструмент, але ёсць у мяне задума сабраць аўтэнтычны аркестр з традыцыйнаю дудою, барабанам з бразготкамі, скрыпкаю ды цымбаламі. Як грымнем разам, дык увесь свет заскача. Толькі вы пра маю мару не пішыце, бо не здзейсніцца.

– Як жа можна не сказаць пра мару?

– Можна напісаць, што я мару яшчэ раз наведаць ваш горад. А якія тут у вас славутыя мясціны?

– Найперш – крэпасць.

– Ведаю, ужо ўчора паразглядваў бастыёны, пахадзіў па сутарэннях. Цікава, ці ёсць адметныя факты, якія датычацца гісторыі крэпасці?

– Ёсць звесткі пра так званы «Бабруйскі план», прыдуманы дзекабрыстамі Мураўёвым-Апосталам і Бястужавым-Руміным, якія ў той час камандавалі Палтаўскім і Чарнігаўскім палкамі ў крэпасці. Яны наважваліся ўзяць у закладнікі цара Аляксандра Паўлавіча, які павінен быў наведаць Бабруйск у 1823 годзе. Потым мелі намер рухацца на Пецярбург разам з высокапастаўленым палонным. Гэтую задуму аспрэчыў Песцель. І яна не здзейснілася. Цар без прыгод агледзеў Бабруйск, крэпасць і ад’ехаў. Потым, як вы ведаеце, дзекабрыстаў-зачыншчыкаў павесілі, вось такая гісторыя. Яшчэ кажуць, што ёсць пад крэпасцю шмат падземных хадоў, але я ніколі не адважвалася хадзіць па падзямеллях, і, думаю, цяпер яны ўсе заваленыя.

– Цікавая інфармацыя, – адзначыў Касьян.

– Вось мы і на месцы, – сказала Ада, калі пад’ехалі да транспартнай стаянкі.

Да будынка санаторыя, узведзенага ў стылі архітэктуры сталінскіх часоў, вяла алея абсаджаная дрэвамі, кустоўем і кветкамі. Касьян прыпаркаваў машыну. Ада паклала кветкі на сядзенне, выйшла з салона, і разам яны падаліся да адміністрацыйнага корпуса. Потым Касьян зноў спяваў. Ада не магла наслухацца і нагледзецца на яго. І ўсё думала, як жа яна цяпер будзе жыць без гэтага чалавека? І для чаго нейкія вышэйшыя сілы паказалі ёй яго, на пакуту ці на шчасце?

Пасля канцэрта галоўны ўрач санаторыя і яшчэ нейкія жанчыны павялі Касьяна і Аду ў асаблівы кабінет пры сталоўцы, каб пакарміць вячэраю. Было там і віно, ды Касьян спаслаўся на тое, што за рулём піць сабе не дазваляе, але ад пляшкі не адмовіцца і возьме з сабою. Усіх такое кампраміснае рашэнне задаволіла. Прысутныя выпілі за сустрэчу, пажадалі поспехаў спеваку, нагрузілі з сабою цэлафанавы пакунак з закускаю і цёпла развіталіся з гасцямі. Ада зноў несла кветкі, хоць было і не так шмат, як на папярэднім выступленні.

– Куды паедзем? – спытаў Касьян, заводзячы машыну.

– Не ведаю, – адказала яна. – Вам, мусіць, трэба было б адпачыць, а я навязалася са сваім інтэрв’ю.

– Адпачну, паспею. Можа, пасядзім дзе-небудзь на беразе ракі? Яшчэ віно пракісне.

– Дык вы ж за рулём…

– Ёсць такі нюанс. Добра, давайце пакінем машыну дзе‑небудзь, а самі пойдзем на рэчку. Люблю глядзець на ваду. Яна мяне супакойвае.

– Можна і так, – адказала Ада, адчуваючы, што не хоча разлучацца з Касьянам.

А потым яны сядзелі на беразе ракі. Хвалі лагодна наплывалі на пясок, звешаныя ўніз галіны вербалозу паласкаліся ў вадзе. На тым баку быў поплаў, застаўлены стажкамі сена, быццам волаты паскідалі свае шаломы і палеглі спаць. Ужо пачало змяркацца. Навокал панавала прыемная вечаровая ціша, калі ўсё жывое рыхтуецца да сну.

Ада з Касьянам арганічна ўліліся ў асяроддзе, седзячы на траве, пілі віно з пляшкі, над імі было зорнае жнівеньскае неба, з якога час ад часу падалі знічкі. Ада забылася пра ўсе свае абавязкі і турботы, час спыніўся, быццам яна трапіла ў месца з найвялікшай гравітацыяй, дзе законы дзейнічаюць не так, як звычайна на зямлі. Касьян, мабыць, адчуваў, што зачараваў дзяўчыну, ягонай душою таксама запанавала ўзнёсласць і натхненне, самы час пісаць вершы. Ён сказаў пра дзіўнае адчуванне, якое аднойчы перажыў:

– Не ведаю, сон ці ява, але мне здаецца, што я не нарадзіўся, а зляцеў аднойчы з неба, згарнуўся клубком – і падаў ўніз.

– Вы – Лятавец, самы сапраўдны Лятавец. Я гэта зразумела адразу, калі ўбачыла вас на афішы.

– Лятавец? Гэта хто такі?

– Лятавіцы – персанажы славянскай міфалогіі. Яны ў выглядзе зорак злятаюць на зямлю, ператвараюцца ў людзей і жывуць, колькі здолеюць. У іх залацістыя валасы, сінія вочы, яны вельмі прыгожыя.

– Не, мяне нарадзіла звычайная зямная жанчына, хіба мо ў цела немаўляці ўсялілася душа Лятаўца, – разважліва сказаў Касьян.

– Адкуль бярэцца ваша музыка? Вы яе ствараеце, ці яна ўладарыць вамі?

– Безумоўна, гук першасны! Ён існаваў да мяне. Але я, калі дакранаюся да гітары, хачу адчуць яе настрой, каб напоўніць свет гукамі. Нашы душы тады гучаць суладна. Можа, зусім не так заспявае яна, як мне чакалася, але я ведаю, што струна нарадзіла гук, якому патрэбна было нарадзіцца. А за ім выбудоўваецца музычная прастора з мноства новых гукаў, дзеля якой і выходзіць гітарыст на сцэну, а зала напаўняецца слухачамі. І тады час цячэ інакш, чым звычайна. Прынамсі, мне здаецца, што дзве гадзіны канцэрта пралятаюць, як дваццаць хвілін.

– Ці можна спасцігнуць загадку музыкі?

– Мабыць, гэтая задача не мае рашэння. Тайна музыкі – не пошук універсальнага адказу, гэта шлях да мэты, якая ляжыць за межамі чалавечага жыцця і разумення. Яе нельга дасягнуць, можна толькі наблізіцца, што і складае сэнс нашага існавання.

– Як вам бачыцца ўласнае далейшае жыццё?

– Хачу быць патрэбным, выконваць сваё прызначэнне. Дакладна ведаю, што не дарэмна прыйшоў на Зямлю. Ува мне з маленства жыве тонкае адчуванне гуку і слова, што я і спалучаю ў сваіх песнях.

– Вам прыносіць радасць ваша творчасць?

– Так, радасць адчуваю, але занадта часта сутыкаюся з цяжкасцямі, выпрабаваннямі, неразуменнем. Тады супакойваю сябе, што гэта часовая з’ява, і рухаюся далей. Для мяне шмат значыць не столькі прызнанне, колькі быць пачутым і зразуметым, бо гэта патрэбна не толькі мне, а ўсім людзям.

– Вы незвычайны і вельмі прыгожы. Вам з вашым хараством, мабыць, дзяўчаты не даюць праходу, – захоплена прамовіла Ада, ёй так хацелася пераказаць яму свой колішні сон, але сумнявалася, ці паверыць, яшчэ падумае, што журналістка выдумляе абы-што.

– Ведаеце, мая жонка вельмі раўнівая і нястрыманая, калі што заўважыць, дык будзе на баранкі мне і прыхільніцы.

– У вас і дзеці ёсць?

– Дачка.

– А я так і не адважылася завесці дзіця, хоць даўнавата замужам, нешта стрымлівае мяне ад гэтага кроку, хоць і хочацца…

– Адклад не йдзе на лад…

Яго словы пра сям’ю вярнулі Аду да ўспрымання рэчаіснасці. Яна разулася, увайшла ў ваду, усклала кветкі на рачную хвалю, якая паціху панесла іх плынню.

– Гэта ахвяра Бярэзіне, каб помніла нас, – сказала яна, вяртаючыся на бераг.

– Я зразумеў.

– А цяпер мне пара. Вельмі прыемна было з вамі пазнаёміцца. Я напішу тэкст і магу прачытаць яго па тэлефоне ці, калі вы не супраць, сустрэнемся яшчэ раз у зручны для вас час.

– У мяне заўтра яшчэ выезд у буйны калгас, запрашаю паехаць са мной. Яны прышлюць машыну, так што я буду вольны казак.

Ада ўзрадавалася і не прымусіла сябе ўпрошваць. Безумоўна, яна паедзе, каб яшчэ хоць адзін дзень пабыць разам з Касьянам.

У калгасе іх добра сустрэлі, наладзілі вячэру. Старшыня, яшчэ не стары чалавек, адразу пачаў заляцацца да Ады, што выклікала рэўнасць Касьяна. Аду смяшыла такая праява пачуццяў з боку барда. Кахання няма, а рэўнасць ёсць. Гэтак, мусіць, певень ахоўвае свой курыны гарэм. Старшыня, хоць і быў на падпітку, але ўзяўся завезці іх у Бабруйск. Ён гнаў машыну на страшэннай хуткасці, а Касьян абдымаў Аду за плечы, усім сваім выглядам паказваючы, што гэта ягоная жанчына. Адзе было прыемна адчуваць ягоную прыхільнасць, яна нават не думала, што з імі можа здарыцца нешта благое. Нічога не магло здарыцца, бо яна нарэшце сустрэла таго чалавека, які ёй быў наканаваны лёсам для шчасця. Сапраўды, яны даехалі да гасцініцы без прыгод. Старшыня галантна і не без шкадавання развітаўся з імі, мусіць, адчуў нейкім чынам і сваю далучанасць да мастацтва.

Пакуль ехалі, душэўны саўгасны пачастунак добра разабраў Касьяна, ён ішоў няўпэўненаю хадою, перамяшчаўся хутка, як птушаня, якое вучыцца лётаць. Ада ўзялася правесці яго ў нумар, тым больш што Касьян патрабаваў, каб яна неадкладна прачытала тэкст інтэрв’ю.

Яны селі ў крэслы адно насупраць аднаго. Ада пачала чытаць. Касьян уважліва слухаў, згодна ківаў галавою. Пасма залацістых валасоў упала яму на лоб. Журналістка адарвалася ад чытва, зірнула на слухача, прыгладзіла яго валасы. Ён перахапіў яе руку, пацалаваў пальцы і сказаў:

– Дзякую, гэтак хораша пра мяне ніхто не пісаў.

– Калі тэкст задавальняе, дык буду аддаваць у друк. Пакіньце мне адрас, я вышлю вам газету.

Ён прадыктаваў адрас, Ада запісала, але ёй хацелася, каб і ў яго ўсё ж засталіся нейкія звесткі пра яе, таму прапанавала:

– Запішыце мой тэлефон.

Касьян дастаў нататнік, разгарнуў. Ада ўбачыла, што на старонцы запісана дзясяткі два тэлефонных нумароў без імёнаў і прозвішчаў. Яна зразумела: столькі нумароў нельга было трымаць у галаве, ён запісвае іх, таму што не можа адмовіць, але нікому і ніколі не тэлефануе! Яна для яго толькі адна з мноства іншых жанчын, якія мільгаюць перад вачамі шэрай масай. Мо ў кожным гарадку знаходзіцца не адна такая Ада, якая набліжаецца да яго і знікае назаўсёды. Яна прыхавала крыўду, абуджаную здагадкай, пачала развітвацца.

– Пабудзьце са мной. Нешта мне стала самотна…

Ада засталася, сядзела і гутарыла з ім. А як сцямнела, усё ж пайшла дамоў. Касьян падаўся праводзіць. І тады здзейсніўся сон. Яны на развітанне пацалаваліся пад зорным жнівеньскім месяцам. З неба шчодра падалі знічкі на вялікае шчасце, толькі яны нічога не заўважалі…

Ада спыніла свае ўспаміны, зразумела, што калі пусціцца ў плаванне па часе, дык не засне да ранку, а заўтра трэба быць бадзёрай, каб не кляваць носам на занятках. Ёй удалося хутка заснуць, а сярод ночы раптам нехта моцна пастукаў у дзверы, яна падхапілася, сэрца хутка-хутка калацілася з перапуду, але не паднялася, голасу не падала, за дзвярамі таксама маўчалі. Падумала, нехта заблудзіўся, пераблытаў пакоі, легла зручней і сцішылася.

Закон захавання кахання

Подняться наверх